Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
92
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Літаратура:

1. Шамякіна, Т.І. “Міфалогія Беларусі (нарысы)” / Т.І. Шамякіна. – Мінск. Мастацкая літаратура, 2000.

2. Сержпутоўскі, А. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А. Сержпутоўскі. – Менск: Друкарня Бел. Акад. Навук, Галоўлітбел, 1930. – 281 с.

3 Криничная, Н.А. Русская народная мифологическая проза: Истоки и пол­и­се­мантизм образов / Н.А. Криничная – Петрозаводск : Карельский научный центр РАН, 2000. – Т. 2. Былички, бывальщины, легенды, поверья о людях, обладающих магическими спо­соб­нос­тями.

4 Грэймас, А.Ю. “Пра багоў і людзей. У пошуках этнічнай памяці” / А.Ю. Грэймас – Мн. : Эн­цык­ла­пе­дыя, 2003. – 404 с.

5. Гавораць чарнобальцы. Мінск: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, 1994. – 221 с.

6 Виноградова, Л.Н. Народная демонология и мифо-ритуальная традиция сла­вян / Л.Н. Виноградова – М. : Индрик, 2000. – 432 с.

7. Шамякіна, Т.І. “Славянская міфалогія: курс лекцый для студэнтаў-філолагаў” / Т.І. Шамякіна. – Мн. : РІВШ, 2005. – 156 с.

8. Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / І. Клімковіч. В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. – Мн.: Беларусь, 2011. – 607 с.

9. Швед, І.А. Дэндралагічны код беларускага традыцыйнага фальклору / І.А. Швед. – Брэст: УА “БрДУ імя А.С. Пушкіна”, 2004. – 301 с.

10. Криничная, Н.А. Русская мифология: Мир образов фольклора / Н.А. Криничная. – М.: Академический проект; Гаудеамус, 2004. – 1008 с.

Персанажы ніжэйшай міфалогіі

Балотнік

Звернемся да характарыстыкі міфалагічнага персанажа – балотніка, пра якога ў беларускай міфалагічнай навуцы вядомы вельмі сціплыя звесткі, што прадстаўлены ў працы М. Нікіфароўскага [Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. – Вильно, 1907. – С. 80-82]. “У той жа Віцебскай зоне бытавала ўяўленне аб рангавых суадносінах нячысцікаў (чарцей) у залежнасці ад глыбіні іх знаходжання, пры гэтым гняздоўе галоўнага д’ябла (аржавенніка) з’яўляецца “оржавиня” (“балота з элементамі жалезнай руды”). Вышэй жыве віроўнік (пар. Вір “глыбокае месца ў балоце, рацэ) і яшчэ вышэй – балотнік” [1 c. 228]. Што датычыць сучасных запісаў, то яны нешматлікія: зроблены ў в. Гаць Акцябрскага р-на, в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на, в. Залессе Чачэрскага р-на, вв. Дземяхі, Перасвятае, Вышамір Рэчыцкага р-на, вв. Неглюбка, Куты, Старое сяло, Чамярня Веткаўскага р-на, в. Скепня Жлобінскага р-на, в. Лучын Рагачоўскага р-на і інш. Амаль усе інфарматары пацвердзілі, што балота – месца знаходжання гэтага нячысціка. Беларусы вылучалі некалькі відаў балотнікаў: “Панурыя, няўклюдныя, нерухомыя, яны жывуць поруч са сваімі братамі Багнікам і Аржавеннікам, а таксама Лознікам (Лазавіком), дапамагаюць адзін аднаму праследаваць ахвяру – чалавека ці свойскую жывёлу” [2, с. 42]. Паводле народных ўяўленняў, балотнік з’яўляецца самым страшным і злосным духам: “Балотнікі – самыя злыя пачвары” (в. Чамярня Веткаўскага р-на), “Балотнік – ета такі страшны дух, які жыве на дне балота” (в. Шэйка Веткаўскага р-на).

Апісанне знешняга выгляду балотніка ў сучасных аповедах інфарматараў мала чым адрозніваецца ад характарыстыкі, дадзенай гэтаму персанажу М. Нікіфароўскім. Паводле апісанняў апошняга, гэты нячысцік “зусім без вачэй, увесь у тоўстым пласце гразі, да якой прыліплі ў беспарадку багавінне, мохавыя валокны, смаўжы, мухі і іншая вадзяная жамяра” [3, с. 62].

Калі параўнаць сучасныя новыя мясцовыя запісы звестак пра балотніка на Гомельшчыне, то можна пераканацца ў супярэчлівасці міфалагічных уяўленняў беларусаў, паводле якіх балотнік мог мець аморфны, антрапаморфны, зааморфны выгляд, суадносіцца з іншымі прадстаўнікамі нячыстай сілы (чортам, вадзяніком). Напрыклад, зыходзячы з некаторых сведчанняў, балотнік “заўсёды быў гразны, вачэй у яго не было. Балотнікі маленькія, з гнілымі зубамі” (в. Залессе Чачэрскага р-на), а інфарматары з в. Дземяхі Рэчыцкага р-на ўяўляюць балотніка з “вялікімі вачамі, сам тоўсты, паходзіць на мужчыну (запісана ад Пашкуновай Марыі Максімаўны, 1927 г.н.), падобны на “чалавека-таўсцяка”, бальшых размераў” (в. Перасвятое Рэчыцкага р-на), “ён страшны, зялёны, склізкі” (в. Салтанаўка Жлобінскага р-на).

Жыхары в. Куты Веткаўскага р-на былі перакананы, што балотнік уяўляў сабой “корч”: “І на етым балоце мы ўбачылі балотніка. Сначала яны і не думалі, што корч пасярод балота быў балотнікам. Аднак той пачаў варушыцца, а потым у багну пайшоў” (запісана ад Азарушкінай Аляксандры Анатольеўны, 1934 г.н.). Аналагічныя звесткі пра знешні выгляд балотніка занатаваны ў в. Вулька-2 Лунінецкага р-на Брэсцкай вобласці: “Балотнік пахожы на корча” (запісана ад Якубовіч Аляксандры Іванаўны, 1936 г.н.). Паводле ж успамінаў Валянціны Іванаўны Кавалёвай, 1946 г.н., з в. Старое Сяло Веткаўскага р-на, балотнік мог набываць фантастычны воблік: “…гэта такі цвёрды студзень з чырвонымі вачыма. Дзядзька расказваў, што аднойчы ля балота ірваў сабе нейкія травы і пачуў нейкія незразумелыя звукі. Глянуў на балота, аж адтуль вылазіць еты студзень. Дзядзька перапужаўся, бо вочы свяціліся вялікай злосцю”. Бытуе меркаванне, што балотнік як істота не мае выразных абрысаў, гэта “тая гразь, екая ў балоці” (в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на). Як бачым, паралельна з уяўленнямі пра балотніка як пра пэўны прадмет (корч), гразь, студзень, зафіксаваны звесткі пра антрапаморфны выгляд балотніка. Ёсць адзінкавыя прыклады, паводле якіх балотніка ўяўлялі чортам: “Колісь мой брат пойшоў з соседом у болоцістое месца ля вёскі рыбу ловіць, просёк полонку, наклоніўса к водзе, а ў водзе ему отрозілосо: глядзяць на его і говораць: “Цібе ўжэ ждуць”. А самі ў чорном з бліскучымі гузікамі. Брат спужаўса і ўцёк” (в. Малешаў Жыткавіцкага р-на). Рэдкімі з'яўляюцца і сведчанні інфарматараў адносна зааморфнага выгляду балотніка: “Балотнікі – на балоці, гэта цігры, худобіна такая плахая” (в. Лучын Рагачоўскага р-на).

Якімі б рознымі ні былі мясцовыя варыянты аповедаў пра балотніка, дзесьці можна пагадзіцца з высновай даследчыцы А.Я. Леўкіеўскай: “У адрозненне ад іншых прадстаўнікоў нячыстай сілы, балотнік не ўмее мяняць свой воблік” [4, с. 350].

Што датычыць функцыянальнасці гэтага нячысціка, то, як сцвярджаюць інфарматары, балотнік – гэта “нечысць, якая зацягвае людзей у балота” (в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на); “калі пойдзеш куды ў лес, дык цябе пачынае цягнуць у балота нейкая сіла” (в. Залессе Чачэрскага р-на); балотнік “мог зацянуць чалавека ў балота” (в. Гаць Акцябрскага р-на); “можа п’янага чалавека завесці ў балота… Балотнік робя на балоці ўсякія чудзеса…” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на).

У найбольшай ступені балотнік можа нашкодзіць п’янаму чалавеку: “Ён можа п’янага чалавека завесці ў балота. Што заставе, то і будзе дзелаць чалавек. Аднаго п’янага чалавека завёў у балота і заставіў яго іграць, а сам танцаваў пад яго музыку. Калі чалавек ачнуўся ўтрам, то аказаўся на пні і кругом яго ляжалі адні чарапкі, а не дзеньгі” (запісана ў в. Неглюбка Веткаўскага р-на ад Герасіменка Ганны Іванаўны, 1934 г.н.).

Балотнік заманьвае чалавека або якімі-небудзь гукамі (“можа падробліваць розныя-розныя звукі, галасы” – запісана ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-на ад Калядзенка Сафіі Васільеўны, 1935 г.н.), або пахам кветак, якія “вырошчвае ў сваіх уладаннях” (запісана ў в. Чамярня Веткаўскага р-на ад Грамыка Марыі Піліпаўны, 1933 г.н.). Паводле сведчанняў Анастасіі Паўлаўны Грабок, 1936 г.н., з в. Перасвятое Рэчыцкага р-на, ахвярамі балотніка становяцца людзі, якія адрэагавалі на пэўныя гукі, падробленыя балотнікам, калі ён “ціўкае, як птушка, то гагоча, як качка, то мычыць, як карова”. “Каб не трапіць да балотніка, знаходзячыся ў лесе ці на балоце, не варта адказваць на незнаёмыя галасы. Як і ў выпадках з іншымі прадстаўнікамі нячыстай сілы, засцерагальным сродкам ад балотніка ў народзе лічылі “крестное знамение”, а таксама прыгадванне імя Бога” [5, c. 336-337].