Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
92
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Запісана ў в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на

ад Белкавец Анастасіі Максімаўны, 1919 г.н.,

студэнткай Шынкарэнка А. (2005 г.)

Балотнік жыве ў балоці. У ево вялікія вочы, сам тоўсты, паходзіць на мужчыну.

Запісана ў в. Дземяхі Рэчыцкага р-на

ад Пашкуновай Марыі Максімаўны, 1927 г.н.,

студэнткай Грыб М. (2006 г.)

Балотнік хужа вадзяніка. Гэта такое чудзішча з барадою, агіднымі валасамі, тоў­с­ты­мі рукамі і нагамі. Весь як барадаўка, толькі з гразі. Падобны на чалавека-таў­с­ця­ка, сам бальшых размераў. Жыве ён у балоце і не выходзіць з яго, бо ленівы, рас­таў­с­цеў, што не двігаецца. Ён плахі. Заманьвае людзей у сваё балота: ахотнікаў, ры­ба­ло­ваў і такіх людзей, якія міма праязджаюць, то ціўкае, як птушка, то гагоча, як качка, то мычыць, як карова. А як заманіць, то зацягне ў сваё балота, як бы чалавек ні пра­сіў­ся – не адпусціць, засасе, паглытне. Хто пападзе к балотніку – смерць страшная.

Запісана ў в. Перасвятое Рэчыцкага р-на

ад Грабок Анастасіі Паўлаўны, 1936 г.н.,

студэнткай Сакалюк А. (2006 г.)

Калісь гаварылі, што ў балоце жыве якісь дух. Сядзіць ён у балоце на купіне і людзей пужае. Сільна страшны ён. Еслі хто яго ўбачыць, дак уцякае хутчэй. Але я ні­каг­да не бачыў.

Запісана ў в. Вышамір Рэчыцкага р-на

ад Склімянок Таццяны Аляксееўны, 1933 г.н.,

Склімянка Івана Ісакавіча, 1929 г.н.,

студэнткай Строкінай А. (2004 г.)

Знаю, што балотнік жыве ў балоце. Ён заўсёды быў гразны, вачэй у яго не было. Ба­лот­ні­кі маленькія, з гнілымі зубамі. Калі пойдзеш куды ў лес, дык цябе пачынае цяг­нуць ў балота нейкая сіла. Але трэба ўдзяржацца неяк і не ісці туды, каб не ўта­піц­ца.

Запісана ў в. Залессе Чачэрскага р-на

ад Бабкуновай Еўдакіі Ягораўны, 1940 г.н.,

студэнткай Кебікавай Т. (2006 г.)

Балотнік – гэта рэхо. Вон зове, зове і зацягвае ў свое болото, можэ і чоловека за­цяг­нуць, можэ і корову, і коня, і топіць. То еслі болотнік зацягне на дно, то ніколі ні­ко­го не знаходзілі. Болотнік похожы на корча.

Запісана ў в. Вулька-2 Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.

ад Якубовіч Аляксандры Іванаўны, 1936 г.н.,

студэнткай Верас Н. (2006 г.)

Вадзянік

Вадзянік з’яўляецца адным з важнейшых прадстаўнікоў славянскай дэманалогіі. Гэта “мужчынскі міфалагічны персанаж, злосны дух, які знаходзіцца ў вадзе, гаспадар і апякун воднай прасторы” [1, с. 396]. Прыведзеная дэфініцыя міфалагічнага персанажа “вадзяны” знаходзіць выразнае пацвярджэнне ў мясцовых запісах звестак на Гомельшчыне . Напрыклад, як сведчаць інфарматары, гэта “злы дух, які жыве ў вадзе” (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на), гэта “хазяін вадаёма” (в. Хутар Светлагорскага р-на), “вадзянікі – гэта мужчыны, якія ўтапіліся, або іх утапілі сілком” (в. Перавалока Рэчыцкага р-на).

Найбольш шырока бытуюць павер’і пра вадзяніка на тэрыторыі Беларусі і ў паўночна-заходніх раёнах Расіі. А. Леўкіеўская сцвярджае, што павер’і, звязаныя з вадзяніком, народжаны “старажытнымі язычніцкімі ўяўленнямі пра тапельнікаў, якія працягваюць дажываць у вадзе свой век. Падобныя вераванні да гэтай пары сустракаюцца ў некаторых месцах Палесся” [2, с. 340].

Звернемся да характарыстыкі знешняга выгляду вадзяніка. Паводле апісання М. Нікіфароўскага, гэта “глыбокі стары сярэдняга росту, з доўгай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна, з гладкай бліскучай скурай, расплывістым тварам, азызлым пузам і непрапарцыянальна доўгімі нагамі, на якіх між пальцаў перапонкі. Акрамя таго, і ўсё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія, пры бліжэйшым разглядзе, аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры” [3, с. 57].

У сучасных лакальных міфалагічных традыцыях Гомельшчыны знешні выгляд вадзяніка мае антрапаморфны выгляд, звязаны з тапельцамі-мужчынамі (в. Перавалока Рэчыцкага р-на), у іншых павер’ях – “гэта проста мужык, пакрыты зялёнай цінай, няўклюжы” (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на), “дзед маленькага роста з сінімі ці зялёнымі валасамі і абязацельна з дліннюшчай барадой” (в. Чарацянка Гомельскага р-на), “зялёны дзед, увесь у ціне і водараслях” (в. Салтанова Рэчыцкага р-на), “вон мае выгляд дзеда з бородой зялёнай і сам вон покрыты жабрушніком” (в. Вулька-2 Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.), Вадзяны выглядае як стары дзед, увесь зялёны, у ціне, а замест нагцей і пальцаў кляш­ні, як у рака (в. Чамярня Веткаўскага р-на), “гэта стары з зялёнымі валасамі і ба­ра­дой з водараслей” (г. Гомель), “кажуць, што ён ста­ры дзед, які пакрыты балотнай цінаю” (г. Гомель), “час­цей за ўсё гэта мужчыны з доўгімі зялёнымі валасамі і доўгімі кіпцюрамі” (г.п. Новае Жыццё Гомельскага р-на), “водяной – это старичок, тело которого пок­ры­то грязью и тиной полностью” (г. Добруш); “выглядае, як чалавек, як у вачках, волас длінны, ён дужа чысценькі, бо знаходзіцца ў вадзе. Ён без ціны і ўсякай гразі” (в. Вылева Добрушскага р-на); “вадзянік – гэта дзядок, які пакрыты водараслямі” (в. Карма Добрушскага р-на), “вадзянік – гэта такі мужчына, які ўвесь зялёны, з галавы да ног. У яго доўгая ба­ра­да з ціны, на галаве ў яго трава балотная, а цела яго ўсё пакрыта чашуёй” (г. Бялынічы Магілёўскай вобл.) і інш.

Сустракаюцца і сведчанні інфарматараў, паводле якіх знешні воблік вадзяніка адлюстроўвае як антрапаморфныя, так і зааморфныя рысы. Факт з’яднанасці розных рысаў у апісанні гэтага міфалагічнага персанажа пацвярджае супярэчлівасць народных уяўленняў. Напрыклад, ва ўспрыманні жыхароў в. Міхалькі Гомельскага р-на, вадзянік падобны не толькі на чалавека з доўгай барадой і доўгімі валасамі, але і на рыбу (“...вместа ног у яго хвост, як у рыбіны”). З падобнымі павер’ямі давялося сустрэцца на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага р-на: “Цела ў яго (вадзяніка – В.Н.) усё склізкае, усё ў слізі. Хвост ён імее, як у рыбы, і чышуёй пакрыты. А рукі, як у гуся лапы, штоб лучшэй плаваць” (в. Шырокае), Светлагорскага р-на: “... гэта паўрыба-паўчалавек, у яго ёсць барада, як трава ці ціна” (г.п. Парычы), Жлобінскага р-на: “Сам ён такі тоўсты, валасы доўгія такія, зялёныя, з травой. А барада, дык яшчэ даўжэй. На руках – бальшыя когці і не ногі ў яго, а хвост, як у рыб” (в. Чырвоны Бераг), Акцябрскага р-на: “Вадзянікі маленькія, як пачці ўсе нячысцікі. Яны з доўгай барадой, з доўгімі валасамі вельмі і всегда ў ціне. У іх ёсць рыбіны хвост” (г.п. Акцябрскі), Брагінскага р-на: “Выступае ў вобразе муж­чы­ны з рысамі жывёлы. Замест рук у яго лапы, сам ён з вялікай барадой зялёнага ко­ле­ру і доўгімі вусамі. Росту ён невысокага, тоўсценькі, пакрыты цінай. Галоўны яго за­ня­так – тапіць людзей” (г.п. Брагін), Веткаўскага р-на: “Вадзяны выглядае як стары дзед, увесь зялёны, у ціне, а замест нагцей і пальцаў кляш­ні, як у рака” (в. Чамярня), Гомельскага р-на: “Час­цей за ўсё гэта мужчыны з доўгімі зялёнымі валасамі і доўгімі кіпцюрамі”(г.п. Новае Жыццё), Добрушскага р-на: “Вадзяны – эта жыве ў вадзе такі дзед, ён увесь у водараслях, у яго рыбій хвост” (в. Насовічы), Лельчыцкага р-на: “Он весь такой страшный, лохматый. У нево длин­ные волосы и вместо ног рыбий хвост” (г.п. Лельчыцы), Шклоўскага р-на Магілёўскай вобласці: “У няго, вадзяніка, барада з ціны зробленая, валасы зялёныя і сам ён зялёный. Ва­ла­сы ў него запутаные і водараслі в ніх. На руках і нагах у него перапонкі. У гусака та­кія. Длінныя ногці на пальцах” (в. Гавяды), Рэчыцкага р-на: “Нечым ён падобны на чалавека з доўгаю барадою і доў­гі­мі валасамі, адзеты ва ўсё зялёнае, толькі замест ног у яго хвост, як у рыбіны” (в. Першамайск), Жлобінскага р-на: “Вадзянік – эта стары чалавечак з дліннай-дліннай барадой, якім-та клінам, ва­ла­са­мі на галаве. Усё яго цела, гаварылі, пакрыта не то валоссем, не то травой вадзяной, а между пальцамі на руках і нагах – перапонкі, точна як у жабы. Рукі такія доўгія, чуць не да полу” (в. Кірава), Жлобінскага р-на: “Ён стары і мае перапонкі между пальцамі на нагах, як у вуткі” (в. Пірэвічы), “Вадзянік – гэта поўчалавека, поўрыбы. Ён можа ператварацца ў любую рыбіну” (г. Бабруйск Магілёўскай вобласці) і інш.

Месца знаходжання вадзяніка – “глыбокія месцы вадаёмаў (слав.) пад крутымі берагамі, віры рэк (рус., бел., карпац.), глыбокія лясныя азёры (рус.), месцы, якія зімой не замярзаюць (бел.), месцы зліццяў і паваротаў рэк (пол.), калодзежы і крыніцы (у.-,з.-слав.), лужы (луж.). Вадзянік жыве пад шлюзамі (бел.), каля запруд для лоўлі рыбы (пол.), побач з мельніцамі, якія дзейнічаюць (рус., бел., карпац., луж., у.-серб.), або ў старых закінутых мельніцах (рус.). Вадзянік пад вадой жыве ў багатым шкляным або крышталёвым палацы (у.-слав., пол., луж., у.-серб) [1, с. 398]. Звернемся да тэкстаў міфалагічных аповедаў, згодна з якімі месцамі знаходжання вадзяніка з’яўляюцца: вір (“Вадзянік жыве ў вірах” – в. Лахва Лунінецкага р-на), глыбокія месцы рэчак і азёраў (“Вадзянік знаходзіцца ў самых глыбокіх месцах рэчак і азёраў” – в. Дзяражычы Лоеўскага р-на), пруд (“Я веру, што ў пруду ёсць вадзянікі” – в. Хамічкі Мазырскага р-на), вадаём (“Вадзянікі жывуць у вадаёмах” – г.п. Карма Кармянскага р-на), балота (“Ён жыве ў вадзе на балоце” – г. Гомель). У пераважнай большасці міфалагічных аповедаў вадзянік паўстае як антрапаморфная істота: “гэта стары чалавек з зялёнымі валасамі, а барада ў яго з травы, ціны” (в. Дзяражычы Лоеўскага р-на), “вадзянікі ўвасабляюцца ў чалавека” (г.п. Карма Кармянскага р-на), “гэта стары з зялёнымі валасамі, з барадою з водараслей” (г. Гомель), “вадзянік увэсь покрыты волосамы, тоўсты, з доўгімы вусамы, волосамы на голові. Гэто стары маленькі дэдок” (в. Багданаўка Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.), “эта стары чалавечак з дліннай-дліннай барадой, якім-та клінам, валасамі на галаве” (в. Кірава Жлобінскага р-на) і інш.

Паводле мясцовых павер’яў, вадзянік “любіць жыць ля млыноў, пад шлюзамі” (в. Перавалока Рэчыцкага р-на; в. Хутар Светлагорскага р-на), “вадзянікі могуць жыць у калодзежах” (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на), “у крыніцах бяздонных, у глыбіні рэк і азёр, у такіх месцах, якія зімою не замярзаюць, бо лёд тае ад дыхання вадзяніка” (г. Добруш), “вадзяныя жывуць у азёрах і глыбокіх балотах” (в. Чарацянка Гомельскага р-на), “вадзяны жыве ў балоце” (в. Міхалькі Гомельскага р-на), “яго любімым месцам з’яўляюцца рачныя омуты бліз вадзяных мельніц” (р.п. Бальшавік Гомельскага р-на), “у прудах, азёрах, рэках жывуць вадзянікі” (г. Гомель).

Сучасныя запісы міфалагічных звестак дазваляюць зрабіць вывад, што інфарматары праводзілі выразную мяжу паміж добрымі і злымі вадзянікамі: “Добрага звалі ціхоня, і жыў ён у чыстай вадзе, а злога звалі ці баламут, ці вірун (я ўжо точна не помню), і жыў ён у гразнай вадзе. Ціхоня людзям не дзелаў зла, на то ён і ціхоня. А вірун не любіў людзей, ён так і глядзеў, каб каго-небудзь утапіць ды забраць к сабе” (в. Міхалькі Гомельскага р-на).

Аналагічныя ўяўленні пра вадзяніка пацвярджаюць запісы, зробленыя ў в. Заселле Рэчыцкага р-на (“Вадзянік жыве ў вадзе, а асобенна ў кручах. І калі чалавек купаецца ў етым месці, вадзянік яго абізацельна зацягне к сабе. І чалавек топіцца. Ета злы вадзянік. Гавораць, што е і добрыя вадзянікі. Яны падганяюць рыбакам рыбу ў сеткі ці на вудачкі”), в. Рудня Марымонава Гомельскага р-на (“Вадзянік бывае і злы, і добры. Ён харашо сябе вядзець, то і рыбкі паймаеш і пакажа, дзе растуць вадзяныя арэхі”). Згодна з павер’ямі беларусаў, вадзянік шкодзіў асабліва тым людзям, якія купаліся “пасля такога свята, як Ілля, бо ў гэты час ён ідзе адпачываць. А той чалавек, які ідзе купацца, мяшае адпачынку вадзянога. Тады той пачынае сільна зліцца і забірае таго чалавека да сябе” (в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на), якія, выпіўшы гарэлкі, ішлі купацца (“Не любіў ён (вадзянік – В.Н.) і п’яных людзей. Калі п’яны залезеш у ваду, ён цябе ніколі не прапусціць, тожа ўтопіць” (в. Міхалькі Гомельскага р-на; в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на), “Не любіў ён і п’яных людзей. Калі п’яны залезеш у ваду, ён цябе ніколі не вы­пус­це з вады, тожа абязацельна захоча ўтапіць. А калі ўжэ выберашся, то шчаслівы ча­ла­век” (в. Першамайск Рэчыцкага р-на).

У пераважнай большасці вадзянік тапіў тых, хто “абазліў воднае нутро” (г. Добруш), “вадзяны, калі яго раззлуеш, ламае мельніцы, праганяе ўсю рыбу, а калі сільна раз­злу­ец­ца, тады можа на чалавечае жыццё пасягнуць” (г. Гомель), хто “ўвайшоў у ваду без крыжа” (г. Гомель; в. Бялёў Жыткавіцкага р-на). Вадзянік топіць людзей, якія “яму нравяцца. Еслі эта хлопец, то будзе вадзянікам, а еслі дзеўка – русалкаю” (в. Хутар Светлагорскага р-на), топіць “маладых дзевак, асобенна красівых. Яны перарабляюцца ў русальніц, памагаюць яму губіць людзей” (в. Чарацянка Добрушскага р-на), “Ён злы і топіць людзей, асобенна красівых, а із дзе­вак робіць русалак, а яны яму служаць” (г. Гомель), “Ноччу ён вылазіць са дна, і калі нехта купаецца, ён можа яго схваціць і ўтапіць” (в. Насовічы Добрушскага р-на), “Ён здзек­ва­ец­ца над людзьмі, топіць іх” (г. Бабруйск Магілёўскай вобласці).

Паводле павер’яў жыхароў в. Гарадзец Рагачоўскага р-на, вадзянік “зацягвае тых, якія яму не спадабаліся, а каторыя спадабаліся, ён іх ні чапае. У в. Бубнаўка Акцябрскага р-на “вадзяны дзед мог зацягнуць чалавека на дно” [4, с. 173]. “Каб улагодзіць Вадзяніка, яму рабілі прынашэнні, якія маглі прымяркоўвацца да пэўных дзён: Іванава дня, “Сочельнику”, дзён памінання тапельнікаў” [1, с. 398]. Каб задобрыць вадзяніка, прыносілі “на рэкі і азёра яду, дамашнія калбасы, яйкі, малако” (в. Чарацянка Добрушскага р-на). Рыбакі імкнуліся таксама яго ўлагодзіць: “лілі ў ваду масла, кідалі туды гусей (гусі – любімыя птушкі вадзянога)” (г.п. Парычы Светлагорскага р-на).

М. Нікіфароўскі, характарызуючы нячысцікаў, адзначыў наступныя шкаданосныя функцыі вадзяніка: “Вадзянік можа і жартам, і па злосці пу­жаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз’язджаючы на сваім любімым кані (соме), рве і выварочвае сеткі і іншыя прылады, раскрывае плаціны на млы­нах, псуе і зрывае млыны, уважліва пільнуе тых, хто купаецца, пад­хоп­лі­ва­ючы ахвяры між іх, рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці, прычым не робіць літасці і скаціне: сеўшы на жывёлу, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе” [3, с. 58]. “Асноўная шкаданосная функцыя вадзяніка – заманьваць людзей (іншы раз жывёл) у ваду і тапіць іх (а.-слав.)” [1, с. 398].

Як сведчаць інфарматары, “каб не злая воля вадзянога, то б не было ўтопленікаў ваабшчэ. Утопленікаў ён сільна давіць і ціскае, паэтаму-та яны такія раздутыя і сінія” (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на). Паводле некаторых мясцовых павер’яў, вадзянік мог выконваць і станоўчую функцыю, у прыватнасці, аказваў дапамогу рыбакам (“заганяе рыбу ў сеці” – в. Бялёў Жыткавіцкага р-на; “мог дапамагаць рыбакам. Калі чалавек лавіў шмат рыбы, то казалі, што яму вадзянік памагае” – г. Гомель).

Заўважым, што М. Нікіфароўскі, класіфікуючы вадзянікоў на вірнікаў і ціхонь, не адзначае розніцы ў іх функцыянальнасці: “Сярод іх (вадзянікоў –В.Н.) бываюць вірнікі і ціхоні, першыя жывуць у рухомай вадзе, а другія – у стаячых водах (азёрах і ставах (прудах)). Але гэта розніца вельмі нязначная, што дазваляе гаварыць пра ўсіх вадзянікоў увогуле, да таго ж адзін і той жа вадзянік здольны займаць і бягучыя, і стаячыя вадаёмы, абы толькі яны злучаліся адзін з адным” [3, с. 57]. Сучасныя ж запісы дазваляюць зрабіць вывад, што інфарматары праводзілі выразную мяжу паміж добрымі і злымі вадзянікамі: “Добрага звалі ціхоня, і жыў ён у чыстай вадзе, а злога звалі ці баламут, ці вірун (я ўжо точна не помню), і жыў ён у гразнай вадзе. Ціхоня людзям не дзелаў зла, на то ён і ціхоня. А вірун не любіў людзей, ён так і глядзеў, каб каго-небудзь утапіць ды забраць к сабе” (в. Міхалькі Гомельскага р-на).

Моцнай была ў людзей вера ў тое, што толькі дзякуючы ахвярапрынашэнням, можна пазбегнуць злых і помслівых дзеянняў вадзяніка: “Каб вадзянік не зацягваў людзей, нада да яго паддабравацца, кідаць яму розную ежу ці дабро” (в. Антонаўка Добрушскага р-на), “Раней рыбакі перад тым, як сеткі брасаць, вадзянога кармілі, каб ён сеткі не чапаў” (в. Савічы Калінкавіцкага р-на). А.М. Ненадавец, абагульніўшы фактычныя і тэарэтычныя матэрыялы, узятыя з розных крыніц, засяроджвае ўвагу на некаторых відах ахвяраванняў, адрасаваных вадзяніку: “У першыя замаразкі млынары ахвяроўвалі яму мяса, а ў некаторых месцах рыбакі звярталіся да яго з просьбаю паспрыяць лоўлі. У А. Афанасьева зафіксавана: “У Архангельскай губерні пра прыбываючую ваду гавораць, што яна прыбывае і зажывае. У гэты ж час гняўлівага вадзяніка міласцівяць ахвярамі. Сяляне, сабраўшыся, купляюць кабылу, не вагаючыся ў кошце; тры дні адкармліваюць яе хлебам і адыходамі канаплянага масла; потым спутваюць ёй ногі вяроўкай, на шыю прывязваюць два жарнавы, галаву абмазваюць мёдам, у грыву ўплятаюць чырвоныя каснікі і апоўначы апускаюць у апалонку (калі яшчэ стаіць лёд) ці топяць пасярод ракі (калі лёд сышоў). Тры дні чакае вадзянік гэтага гасцінца, час ад часу паказваючы сваё незадавальненне калыханнем вады і глухім стогнам. Задобраны паднашэннем, ён супакойваецца” [5, c. 238].

Даследчык В. Казначэеў звяртае ўвагу на факт распаўсюджанасці на Гомельшчыне наймення “вадзяны дзед”, якое з’яўлялася сродкам запалохвання дзяцей, каб пазбегнуць іх прагулак да вады: каб “дзеці не хадзілі да калодзежа, іх пужалі дзедам” (в. Галоўкі Рэчыцкага р-на), дзедам з барадой (в. Дабрынь Ельскага р-на), “не глядзі в колодзец, в колодцы – дзед з бородой” (в. Махнавічы Мазырскага р-на), вадзяным дзедам (в. Бубнаўка Акцябрскага р-на) [4, с. 173].

У многіх беларускіх запісах сучасных міфалагічных звестак матыў ператварэння вадзяніка інтэрпрэтуецца аднастайна. Напрыклад, як сцвярджаюць інфарматары, у пераважнай большасці вадзянікі “ўвасабляюцца ў чалавека” (в. Хамічкі Мазырскага р-на). У. Дабравольскі падае звесткі наконт таго, што вадзянік мог “ператварыцца хоць у якую рыбіну” [6, с. 72]. Паводле нешматлікіх пра вадзяніка міфалагічных звестак, прадстаўленых у працах М.Я. Нікіфароўскага, У.М. Дабравольскага, Я.А. Ляцкага, Е.Р. Раманава, А.Я. Багдановіча, М. Шаховіча, Кібарта, вадзянік мог набываць і выгляд чорнага сабакі (“у вадзе сядзіць чорт у выглядзе чорнага сабакі, які заваблівае да сябе людзей” [6, с. 76] і “шэрай пачвары на карачках” [6, с. 73]. Зыходзячы са сведчання Соф’і Мікалаеўны Русаковай, 1923 г.н., з в. Лясец Калінкавіцкага р-на, вадзянік “мог ператварыцца ці ў жывёліну якую, ці ў расліну”, а таксама мог “пераўтварацца ў любую рыбіну” (в. Пабядзіцель Лоеўскага р-на).

Жыхары в. Астрожанка Лельчыцкага р-на перакананы ў тым, што “пры сустрэчы з вадзяніком, русалкамі трэба перакрысціцца, прачытаць малітву “Отчэ наш”, обезацельно трэба, штоб було ў руках якее-небудзь жалеза” (запісана ад Заяц Любові Васільеўны, 1926 г.н.). “Рыбаловы, па звестках Е. Раманава, маліліся “цару вадзяному”. Каб заручыцца яго падтрымкай ў рыбацкай справе, трэба было заключыць з ім хаўрус: кінуць нацельны крыжык у ваду і вырачыся радні, платай вадзяніку служыла душа. Асабліва паслугамі вадзяніка карысталіся млынары, якія ў якасці ахвяры кідалі ў плаціну млына жывую курыцу, або закідвалі пад першы лёд сала ці сцягно свінні. Па звестках Е. Раманава, у Гарадзенскай губерні ў даўніну маглі прыносіць у ахвяру нават жывых дзяцей-сірот. Гэтаксама маглі заключаць хаўрус з вадзяніком і пчаляры” [7, с. 64]. Засцерагацца можна было ад вадзяніка і пры дапамозе крыжыка: “але вадзянік баіцца тых, у каго на шыі хрэшчык” (в. Баршчоўка Добрушскага р-на), “Каб у жывых астацца, нада ўсігда з сабой крэсцік насіць. Толькі ён змо­жа спасці чалавека” (в. Чамярня Веткаўскага р-на), “Ён можа ўтапіць чалавека, які купаецца без крыжа, тады спасаць ча­ла­ве­ка нельга, бо вадзянік і цябе ўтопіць” (г. Гомель).

Паводле матэрыялаў, прааналізаваных даследчыцай Н.А. Крынічнай, вадзяніка імкнуцца выгнаць рознымі спосабамі: “кідаюць у ваду жалеза, “зерсливый камень”, льюць смалу і дзёгаць, калдуны абыходзяць возера з заклінаннямі. Але самым дзейсным сродкам аказваецца такі атрыбут хрысціянства, як крыж…” [8, с. 366] Забаранялася пляваць у ваду і сварыцца, бо верылі, што “вадзянік мог адпомсціць і забраць да сябе” (в. Халоднікі Калінкавіцкага р-на). Марыя Сямёнаўна Лук’янава, 1923 г.н., з г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. прыгадала, што вадзянікі таксама баяліся свісту: “Хлопцы нашы свісцелі тутака. Гаварылі, што ён (вадзянік) баіцца свісту”. “Абярэгам ад вадзяніка лічыліся попел, свіст, а таксама хлеб з мукі, змолатай на Купалле: з’еўшы яго, чалавек не мог патануць” [9, с. 59]. Як адзначае А. Леўкіеўская, “каб засцерагчыся ад вадзяніка, неабходна захоўваць правілы паводзін на вадзе: не купацца ў недазволены час, не заходзіць у ваду з крыжам і малітвай, прасіць у вадзяніка дазволу пакупацца і набраць вады” [2, с. 349]. Не дазвалялася пляваць у ваду: “Калі чалавек плюне ў тое месца, дзе жыве вадзяны, то гэ­ты чалавек памрэ ад засухі, будзе вельмі хацець піць, но не зможа добра напіцца. Так­са­ма карай вадзянога з'яўляецца тое, што ён не дае вырасціць добры ўражай. Он как бы выпівае ўсю ваду з палей, і ўсё сохне” (в. Клімаўка Гомельскага р-на). Паводле ўспамінаў інфарматараў, у якасці надзейных спосабаў засцярогі ад вадзяніка з’яўляліся звароты з просьбай аб дапамозе да іншых духаў жыллёвай прасторы (дамавіка або лазніка): “А яшчэ мне матка распавядала, што ад вадзянога мог выратаваць ці дамовік, ці бан­нік, калі яго аб гэтым папрасіць” (г. Пінск Брэсцкай вобласці).