Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
92
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Запісана ў в. Сямігосцічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.

ад Бруцкай Марыі Мікалаеўны, 1932 г.н.,

студэнткай Тарасевіч М. (2003 г.)

Лазавік

Лазавік – то дух такі, што ў лазе жыве. У яго там і хата знаходзіцца. А сам ён та­го ж цвету, што і лаза. Многія гаварылі, што ён на дзеда пахож малога, карлік пачці. І хоць ён некрасівы, але ж сам добры. Лазавік можа людзей спасаць ад вадзянікоў і ба­лот­ні­каў. Дзядзька расказваў, што адзін раз пайшоў з жонкай ягады збіраць. І тут заў­ва­жыў уперадзе паляну, на якой было многа ягад. Ён пайшоў туды і трапіў у балота, па­чаў жонку зваць. А тая, мабыць, не пачула. Дзядзька ўжо рашыў тады, што жывым яму не быць. Але потым убачыў лазовы куст і схапіўся за яго. Жонка яго тады аг­ледзі­ла, што мужыка няма, пачала шукаць і наткнулася на яго. Дзядзька спасся, але га­ва­рыў, што яму дапамог лазавік.

Запісана ў г. Ветка

ад Кузьменка Людмілы Аляксееўны, 1926 г.н.,

студэнткай Шаўко І. (2006 г.)

Лазавік жыве ля рэк, азёр, а можа і каля лесу пасяліцца. Галоўнае для яго, каб бы­ла лаза. Многія гавораць, што бачылі яго. І мне раз так павязло. Ішла калісь летам праз раку, рашыла адпачыць ля лазы. Аж бачу, што там дзед нейкі сядзіць. Ды сам смеш­ны такі, маленькі і нейкі жоўты. Убачыў мяне і адразу знік. Яго ніхто не баіцца, бо ён зла вялікага не дзелае. От шчэ скажу, што лазавік, калі дождж ідзе, можа ча­ла­ве­ка схаваць. Я раз у навальніцу ад хаты далёка была, дык схавалася пад лазу. Пе­ра­седзі­ла там, а потым сухенькая дамоў пабегла.

Запісана ў в. Куты Веткаўскага р-на

ад Талкачовай Антаніны Мікалаеўны, 1942 г.н.,

студэнткай Шаўко І. (2006 г.)

Летам раз заблудзіў я, хадзіў доўга, думаў, што ўжо не выберуся. Толькі пры­сеў, адразу ж пачуў смех нейкі. Я ўскочыў і пачаў маліцца. І што вы думаеце, знайшоў да­ро­гу дамоў. Я потым доўга думаў, хто ж тады мяне напугаў. Ды ўспомніў, што якраз ля лазы быў. Мабыць, то лазавік з мяне пасмяяўся. За жарты на яго не злую, бо ён мне ў рабоце памагаў. Я не раз лазу на карзіны набіраў. А карзіны выйшлі добрыя, шчэ ба­ба мая імі і зараз пользуецца.

Запісана ў в. Шэйка Веткаўскага р-на

ад Рослікава Івана Дзмітрыевіча, 1930 г.н.,

студэнткай Шаўко І. (2006 г.)

Лазнік (баннік)

Лазнік (“баннік”) – гэта гаспадар лазні, міфалагічны персанаж, які адносіцца да асаблівай пароды дамашніх духаў. Павер’і, звязаныя з лазнікам, адлюстроўваюць уяўленні, якія адносяцца найперш да такога сакральнага месца, як лазня, і звязаны з яе ўшанаваннем. “Жыве ў лазні, звычайна нябачны, іншы раз прымае выгляд голага старога чалавека, пакрытага граззю і лісцем ад веніка, або чалавека з доўгімі валасамі...” [1, с. 137-138].

Адзначым, што ў беларускай міфалагічнай традыцыі “баннік” сустракаецца рэдка ў мясцовых сведчаннях, у параўнанні з рускімі крыніцамі. Напрыклад, у “Беларускім зборніку” (вып. 8) Е. Раманава змешчаныя пра “банніка” звесткі даносяць да нас больш даўнія ўяўленні пра гэту міфалагічную істоту, якую інфарматары адносілі да ліку “злых духаў”: “Лазеннік жыве ў лазні пад палком... Гэта злы дух, які выглядам нагадвае Вадзяніка” [2, с. 44]. Паводле сучасных запісаў, гэта “стары голы дзед з зялёнай барадой” (в. Печышчы Светлагорскага р-на), “ніхто ні відзеў яго, толька рукі, кагда гадалі, махнатые, кашлатые сваі даваў нам мацаць. Страшны такі. Хто кажа – баба, хто – дзед” (в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на), “маленькі дзядок з дліннай барадой” (в. Мормаль Жлобінскага р-на), “сустракалі людзі банніка ў выглядзе маленькага дзядка з вялікай барадою. Сам жа баннік зялёнага цвету, бо людзі кажуць, ад венікавага лісця” (в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на), “Лазнік – малюпасенькі, але сільны дзед, сам ён голы ўвесь, а барада ў яго і косы быц­цам бы зеленаватыя” (в. Куты Веткаўскага р-на); “Лазнік – ета такі невысокі дзядок, скура ў яго чырванаватая, мабыць, таму, што ён любіць парыцца” (в. Чамярня Веткаўскага р-на); “Банник – старый, беззубый, кошлатый дед” (г. Гомель).

Канкрэтнымі месцамі знаходжання лазніка з’яўляліся печ-каменка або палок. Функцыянальнасць лазніка ў асноўным не вызначаецца выразнай амбівалентнасцю: ва ўсходнеславянскіх павер’ях гэтая істота пераважна адрозніваецца ад іншых міфалагічных персанажаў тым, што з’яўляецца па сваёй генетычнай прыродзе злосным духам, не робіць людзям нічога добрага. Праўда, у некаторых лакальных міфалагічных аповедах усё ж гаворыцца аб тым, што “баннік бывае добрым і злым” (в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на), што ён сочыць за парадкам у лазні (в. Печышчы Светлагорскага р-на).

Шкаданоснасць лазніка выяўляецца асабліва тады, калі маюць месца парушэнні пэўных бытавых і маральна-этычных норм паводзін людзей: “Баннік” не любіць, калі “людзі позна мыюцца, бо яны мяшаюць яму адпачываць, а яшчэ не любіць п’яных” (в. Забалатнікі Клецкага р-на Мінскай вобл.; в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на), “не любіць пьяных і матамі ругаючыхся, можэт задавіць” (г. Гомель), “не любіць, калі ў бані спяваюць і громка гавораць” (в. Целяшы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Лазнік можа “пужаць людзей, грукаць, стукаць” (в. Печышчы Светлагорскага р-на), калі хто мыецца ў лазні “после поўначы, то баннік кідае ў яго мусар ілі камні” (в. Бывалькі Лоеўскага р-на), “строіць козні: то ўдарыць венікам, то вельмі многа пару нагоніць, то зробіць так, каб яны пакаўзнуліся” (в. Забалатнікі Клецкага р-на Мінскай вобл.), можа “ўтапіць у бані, і вокам не клыпнеш” (в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на), “можа “раззлавацца і задушыць” (в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на), можа зрабіць так, калі “неўзлюбіць чалавека, дык можа зра­біць, каб той задыхнуўся ад пару” (г.п. Акцябрскі).

Зыходзячы з народных уяўленняў, “банніца” (жонка “банніка”) “магла падмяніць дзіця” (в. Мормаль Жлобінскага р-на).

Асноўныя спосабы засцярогі ад шкоднага ўздзеяння лазніка – не парушаць замацаваных традыцыяй уяўленняў наконт часу знаходжання і пэўных дзён наведвання лазні (можна мыцца да 12 гадзін, у святочныя дні нельга хадзіць у лазню), колькасці чалавек (аднаму знаходзіцца там непажадана). Жыхары в. Мормаль Жлобінскага р-на выказалі меркаванне, што “ад банніка і яго жонкі” ратаваліся толькі крастом”. Верылі ў магічную сілу крыжа і жыхары Рэчыцкага Палесся: “Еслі чалавек пойдзе ў баню без краста, то баннік задавіць ці задушыць чалавека” (г. Васілевічы Рэчыцкага р-на).

Наведванне лазні ў святочны дзень без выканання малітоўных рытуалаў, а таксама ў адзіночку – галоўныя прычыны калецтваў ці смерці людзей. У вышэйпрыведзеных выпадках лазнік “можа запарыць да смерці” (в. Мормаль Жлобінскага р-на). У сувязі з гэтым невыпадковай была і традыцыя прасіць дазволу наведаць лазню (в. Мормаль Жлобінскага р-на). Што ж датычыць ахвярапрынашэння, то ў якасці яго атрыбутаў звычайна вяскоўцы называлі “гарачую і халодную ваду, а яшчэ кусок мыла, каб ён (лазнік) мог памыцца” (в. Мормаль Жлобінскага р-на), “яму астаўлялі ў бані венік і воду” (в. Бывалькі Лоеўскага р-на), “каб баннік нічога не рабіў дрэннага людзям, то людзі павінны ўгадзіць банніку. Паентаму людзі астаўляюць яму мыла, ваду і венік” (в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на). “Каб залагодзіць лазніка, у новую лазню прыносілі ахвяру – хлеб ды соль – ці закопвалі пад ганкам чорную курыцу, а таксама пакідалі яму ваду і венік, каб лазнік змог памыцца” [3, с. 277]. “Этыкет паводзін чалпвека ў лазні не толькі выключае якое б ні было парушэнне забарон, але і патрабуе аказання яе “гаспадару” усялякай пачцівасці, пакорлівасці, павагі, увагі да яго патрэб і запатрабаванняў.

Такія нормы паводзін селяніна ў пэўнай меры тлумачыцца тымі абставінамі, што лазнік, акрамя ўсяго іншага, асэнсоўванцца, як старэйшы ва ўмоўнай сямейна-родавай абшчыне, якая складаецца з многіх пакаленняў і на яго з пэўнымі карэктывамі праецыруюцца нормы ўзаемаадносін членаў вялікай патрыярхальнай сям’і са сваім старэйшынам” [4, с. 87]. “Каб задобрыць лазніка, яму прыносілі ў якасці падарунка кавалак жытняга хлеба, пасыпанага соллю, або чорную курыцу. А калі будавалі новую лазню, трэба было прынесці ахвяру: задушыць (а не зарэзаць) чорную курыцу і, не аскубваючы, закапаць пад парогам лазні. Закапаўшы курыцу адыходзілі назад, кланяючыся лазніку” [5, с. 311].

Калі сям’я мяняла месца жыхарства, то лазніка, у адрозненне ад дамавіка, хатніка, не запрашалі ў новую сялібу: “калі дамавіка і хлеўніка прыглашае хазяін, то баннік селіцца сам” (в. Бывалькі Лоеўскага р-на).

Як устойлівым з’яўляецца вераванне аб тым, што калі лазніку “надаядала жыць у бані, то ён кідае яе” (в. Бывалькі Лоеўскага р-на), то такім жа традыцыйным было і ўяўленне аб выніках знікнення “банніка” (после етого баня ці згарыць, ці разбурыцца” (в. Бывалькі Лоеўскага р-на). Лазнік меў непасрэднае дачыненне да ажыццяўлення рытуалаў, звязаных з варажбой, бо лазня – гэта звычайнае для іх месца, якое асэнсоўваецца як аб’ект, што знаходзіцца “на мяжы свету Культуры (прасторы, засвоенай чалавекам) і Прыроды” [3, с. 277]. “Іншы раз у лазні пакідалі на ноч грэбень і прасілі: “Суженый-ряженый, скажи мне сущую правду, какие волосы у моего жениха”. Калі назаўтра на грэбні аказваліся мяккія русыя валасы, то лічылі, што і жаніх будзе русы, з добрым характарам. Некаторыя смелыя дзяўчаты ставілі ў лазні люстэрка і настойліва прасілі: “Суженый-ряженый, приходи, приходи, в зеркало погляди”. Калі з’явілася чыё-небудзь адлюстраванне, не аглядвайся, а то задушыць” [6, с. 34].

Паводле беларускіх матэрыялаў, “незамужнія дзяўчаты падыходзілі да вусця печы-каменкі, задраўшы спадніцы, або засоўвалі руку ў дымнік: калі лазнік дакранецца калматай рукой – будзе багаты жаніх, калі голай – бедны” [3, с. 277]. “паколькі лазнік (поруч з дамавіком) асэнсоўваецца ў якасці вяршыцеля жыццёвага цыклу і чалавечага лёсу, не здзіўляе, што ён паўстае ў ролі прадказальніка будучага, наследуючы гэту функцыю ад бостваў лёсу” [4, с. 84].