Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Краеведение Лекцыя 7-3.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
180.22 Кб
Скачать

Лекцыя 7. КРАЯЗНАЎЧЫ ДАВЕДАЧНА-БІБЛІЯГРАФІЧНЫ АПАРАТ (КДБА) БІБЛІЯТЭКІ

Пытанні:

1.Азначэнне КБДА, яго функцыі, уласцівасці і крытэрыі.

2.Структура КДБА.

3.Краязнаўчыя каталогі: агульныя пытанні

    1. Карткавы краязнаўчы каталог.

    2. Электронны краязнаўчы каталог.

    3. Зводны краязнаўчы каталог.

  1. Краязнаўчыя картатэкі і базы даных.

  2. Краязнаўчы даведачна-бібліяграфічны фонд (КДБФ) бібліятэкі.

  3. Краязнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы на сайтах бібліятэк.

Мэта: атрымаць уяўленні аб прызначэнні, асаблівасцях і структуры краязнаўчага даведачна-бібліяграфічнага апарату бібліятэкі, тэндэнцыях яго развіцця.

Пытанне 1. Азначэнне КБДА, яго функцыі, уласцівасці і крытэрыі.

Краязнаўчы даведачна-бібліяграфічны апарат (КДБА) бібліятэкі – гэта ІПС у дакументнай ці/і электроннай формах, мэта якой аптымізаваць пошук краязнаўчай бібліяграфічнай і фактаграфічнай інфармацыі, арыентацыю ў краязнаўчых інфармацыйных рэсурсах. (У падручніку “Краеведческая библиография” (1989) азначэнне паняцця КДБА не дадзена).

Функцыі КДБА. Функцыянальнае прызначэнне КДБА заключаецца ў тым, каб аператыўна і якасна забяспечыць доступ карыстальнікаў да бібліятэчнай, бібліяграфічнай і фактаграфічнай інфармацыі, прысвечанай рэгіёну ці населенаму пункту. Краязнаўчая бібліяграфічная інфармацыя з'яўляецца галоўным элементам КДБА. З яе дапамогай забяспечваецца доступ карыстальнікаў да першасных краязнаўчых дакументаў, якія маюцца ў фондзе бібліятэкі і існуюць у знешнім асяроддзі. Фактаграфічная інфармацыя ў ДБА дазваляе аператыўна забяспечваць паток разнастайных запытаў аб фактах і падзеях мясцовага жыцця.

ДБА уласцівы пошукавая, камунікатыўная і ацэначная функцыі.

Уласцівасці КДБА. Сістэмнасць КДБА абазначае наяўнасць цесных сувязяў паміж асобнымі яго элементамі і элементаў КДБА з ДБА бібліятэкі ў цэлым. Дасягаецца з дапамогай агульнага АПУ і ссылак. У электронных краязнаўчых бібліяграфічных рэсурсах сувязі забяспечваюцца гіперссылкамі і сінтэзаваннем інфармацыі розных відаў. Гэта ўласцівасць праяўляецца таксама ў вядзенні слоўніка рэгіянальных дэскрыптараў. (Абласныя бібліятэкі і ЦБС ствараюць запісы на наступныя энтытэты: назвы мясцовых калектываў, імёны асоб, род імя, гандлёвая марка, тэма, прадмет, формы і жанры, геаграфічныя назвы, месца выдання як пункт доступу, імя загалоўка). Такія слоўнікі з'яўляюцца часткай нацыянальных БД аўтарытэтных файлаў.

Пластычнасць КДБА абазначае здольнасць яго элементаў адлюстроўваць змяненні інфармацыйных патрэбнасцей спажыўцоў, змяненні аб’ектаў камплектавання і бібліяграфавання.

Надзейнасць КДБА заключаецца ў магчымасці якасна задавальняць разнастайныя запыты спажыўцоў.

Даступнасць КДБА абазначае зручнасць асобных элементаў КДБА для карыстальнікаў з розным узроўнем інфармацыйнай культуры. КДБА у згорнутым выглядзе прадастаўляе звесткі аб краязнаўчых дакументах і паказвае шляхі доступу да іх.

Эканамічнасць КДБА – гэта яго кампактнасць і мінімізацыя затрат на тэхналагічныя працэсы арганізацыі і вядзення КДБА.

Крытэрыі КДБА. КДБА павінен адпавядаць шэрагу аб’ектыўных крытэрыяў, паводле якіх магчыма здзейсніць яго ацэнку. Гэта наступныя крытэрыі: паўната КДБА. Сукупнае напаўненне структурных элементаў КДБА павінна забяспечыць поўнае адлюстраванне дакументна-фіксаваных краязнаўчых ведаў у адпаведнасці з поўнай структурай інфармацыйных краязнаўчых патрэбнасцей карыстальнікаў. Мадэль аптымальнага стану паўнаты КДБА можа вызначацца бібліёграфамі. Напрыклад, на пэўным этапе стварэння КДБА гэта можна быць адлюстраванне краязнаўчага дакументага патоку/масіву, паступіўшага ў бібліятэку. Больш высокая ступень паўнаты можа забяспечвацца адлюстраваннем краязнаўчых дакументаў, якія па пэўных прычынах адсутнічаюць у данай бібліятэцы. Немагчыма вызначаць КДБА бібліятэкі як поўны, калі з яго дапамогай нельга задаволіць усе запыты карыстальнікаў, за выключэннем унікальных.

Унікальнасць КДБА праяўляецца ва ўнікальнасці яго зместу і формы. КДБА характарызуецца унікальнасцю зместу з пункту гледжання адлюстравання універсума дакументна-фіксаваных ведаў пра рэгіён. Структура гэтых ведаў на бібліяграфічным узроўні ствараецца толькі ў канкрэтнай рэгіянальнай бібліятэцы і нават прыблізна не дубліруецца ў іншых бібліятэках. Унікальным КДБА з'яўляецца і па такіх прыметах, як аўтарскі корпус і ў немалой ступені рэгіянальна абмежаванае месца стварэння дакументаў.

Даступнасць КДБА ацэньваецца па аб’ектыўных крытэрыях тэрытарыяльнай блізасці – удаленасці, эканамічных абмежаванняў з-за высокага кошту. Суб’ектыўнымі крытэрыямі даступнасці з'яўляюцца галоўным чынам наяўнасць ці адсутнасць нацыянальна-моўных і кагнітыўных бар’ераў для выкарыстання КБІ, рэлевантнасць зместа рэсурса інфармацыйнай патрэбнасці карыстальніка. Менавіта КДБА у згорнутым выглядзе прадастаўляе звесткі аб краязнаўчых дакументах і паказвае шляхі доступа да іх.

Пытанне 2. Структура кдба.

КДБА ўяўляе сабой арганізаваную сукупнасць, складаецца з некалькіх асноўных устойлівых частак. Гэта: 1) Краязнаўчыя каталогі (КК) на любых носьбітах, картатэкі і БД. Зараз ствараюцца і выкарыстоўваюцца карткавыя і электронныя КК і БД розных відаў.

2) Фонд даведачных і бібліяграфічных краязнаўчых выданняў і іх электронныя версіі ці арыгінальныя электронныя дапаможнікі, фактаграфічныя БД, бібліяграфічныя БД.

3) Фонд неапублікаваных краязнаўчых дакументаў.

Структура КДБА залежыць аб тыпа бібліятэкі. Найбольш складаны КДБА вядуць АБ і ЦБС, асобныя яго элементы прысутнічаюць у спецыяльных бібліятэках.

У АБ вядуцца карткавы зводны краязнаўчы каталог, электронны краязнаўчы каталог, БД. Усе гэтыя кампаненты з найбольшай паўнатой адлюстроўваюць дакументаваныя веды аб вобласці. ДБФ уключае даведачныя і бібліяграфічныя дапаможнікі, афіцыйныя дакументы аб вобласці, асобных яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных аб’ектах і населеных пунктах, аб насельніцтве. У фондах неапублікаваных дакументаў захоўваюцца складаныя тэматычныя даведкі, рукапісныя бібліяграфічныя працы.

КДБА ЦБС структурна падобны на КДБА абласных бібліятэк. На сучасным этапе ён прадстаўлены карткавымі краязнаўчымі картатэкамі, але бесперапынна павялічваецца кольскасць бібліятэк, якія вядуць электронны КК і БД. Дапаможнікі з фонду ДБФ уключаюць выданні, прысвечаныя раёну ці гораду, а таксама вобласці, на тэрыторыі, якой яны размешчаны.

КДБА размяшчаецца ў краязнаўчых аддзелах/сектарах абласных бібліятэк і ў краязнаўчых сектарах у некаторых ЦБС. У ЦБС, якія не маюць спецыялізаваных краязнаўчых падраздзяленняў, краязнаўчыя картатэкі, як правіла, знаходзяцца ў чытальных залах.

Для забеспячэння ўніфікаванай методыкі вядзення КК, у т.л. пераемнасці пры далучэнні новых работнікаў, неабходна наступная нарматыўна-метадычная дакументацыя: схема каталога (рабочая), пашпарт, тэхналагічныя інструкцыі па выкананні асобных працэсаў, картатэка прагледжаных крыніц, якая дазваляе здзейсніць кантроль за адлюстраваным патокам дакументаў, пазбягаць дубліравання, выбіраць чарговыя крыніцы для выяўлення краязнаўчага матэрыялу.

Пытанне 3. Краязнаўчыя каталогі: агульныя пытанні

Каталогі і картатэкі краязнаўчых дакументаў прызначаны для магчыма поўнага адлюстравання дакументаў аб вобласці, раёне, горадзе (мікрараёне), вёсцы. У КДБА бібліятэк каталогі краязнаўчых дакументаў займаюць важнейшае месца. Яны з'яўляюцца буйнейшым бібліяграфічным рэсурсам па краязнаўстве ў рэгіёнах.

Краязнаўчыя каталогі належаць да рэальных каталогаў бібліятэкі, але валодаюць таксама характарыстыкамі картатэк і бібліяграфічных дапаможнікаў. Таму спецыялісты, напрыклад, І.І.Міхліна прапануюць захаваць традыцыйны тэрмін “краязнаўчы каталог” і лібералізаваць патрабаванні да яго ў ДАСЦе. Паводле традыцыі краязнаўчыя каталогі ў ЦБС называюцца краязнаўчымі картатэкамі. Краязнаўчыя каталогі выконваюць функцыі: пошукавую, камунікатыўную, мадэлюючую, падагульняючую і мемарыяльную.

Краязнаўчы каталог ў параўнанні з іншымі мае пэўныя функцыянальныя і метадычныя асаблівасці. Гэта:

1) Толькі краязнаўчы каталог раскрывае змест дакументаў у тэрытарыяльным аспекце.

2) Краязнаўчы каталог павінен поўна адлюстроўваць як фонды краязнаўчых дакументаў бібліятэкі, так і дакументы, прысвечаныя рэгіёну, незалежна ад іх мовы, часу стварэння і месца захоўвання.

3) Аб’ектам адлюстравання ў краязнаўчым каталозе з'яўляюцца розныя віды дакументаў: самастойныя выданні, артыкулы са зборнікаў, часопісаў і газет, рэцэнзіі, друкаваныя творы выяўленчага мастацтва, картаграфічныя матэрыялы, ноты, апісанні частак выданняў – асобных глаў, раздзелаў, старонак, якія змяшчаюць матэрыял аб тэрыторыі, рукапісныя матэрыялы, АВ-матэрыялы, СД-РОМ, указваюць электронныя адрасы ў інтэрнет.

Асноўны крытэрый для ўключэння звестак аб дакуменце ў краязнаўчы каталог – гэта яго якасць – наяўнасць важных звестак, фактаў, навуковых высноў, мастацкае ўвасабленне мясцовай рэчаіснасці. Малазначныя матэрыялы не ўключаюцца.

Па форме носьбітаў атрымалі распаўсюджанне карткавыя і электронныя краязнаўчыя каталогі. У ЦБС пераважаюць сістэматычныя краязнаўчыя картатэкі (адпаведныя сістэматычнай частцы краязнаўчых каталогаў абласных бібліятэк).

    1. Карткавы краязнаўчы каталог.

Карткавыя краязнаўчыя каталогі абласных бібліятэк, як правіла складаюцца з трох частак: сістэматычнай, тапаграфічнай і біябібліяграфічнай (персаналій). У некаторых бібліятэках вядуцца алфавітныя каталогі краязнаўчых кніг.

Сістэматычныя часткі карткавых краязнаўчых каталогаў (картатэк) вядуцца па “Тыпавой схеме класіфікацыі дакументаў для краязнаўчых каталогаў (картатэк) бібліятэк Рэспублікі Беларусь”, якая дапрацоўваецца і бесперапынна дапрацоўваецца ў бібліятэках як рабочая класіфікацыйная схема. Матэрыял унутры рубрык падзяляецца на: 1) кнігі і іншыя асобныя выданні і 2) артыкулы з перыядычнага друку. Унутры гэтых груп рэкамендуецца адваротна-храналагічная групоўка картачак. Апісанні аднаго года ставяцца ў алфавітным парадку.

Тапаграфічныя часткі карткавых краязнаўчых каталогаў прызначаны для больш дакладнага раскрыцця зместу дакументаў у тэрытарыяльным апекце. Таму яны арганізуюцца на аснове адміністрацыйна-тэрытарыльнага падзелу вобласці. Напрыклад, абласны цэнтр, вобласць, раёны, сельскія саветы ў алфавітным парадку. Унутры матэрыял размяшчаецца па тэматычнаму прынцыпу. Напрыклад, у каталозе Магілёўскай АУНБ пасля раздзелаў аб вобласці і горадзе Магілёве, размешчаны раздзяляльнікі на 21 раён і горад абласнога падчынення Бабруйск.

Біябібліяграфічныя часткі карткавых краязнаўчых каталогаў (ці персаналій) прызначаны для найбольш поўнага адлюстравання імён асоб, жыццё і дзейнасць якіх звязана з пэўным краем. Уключаюцца даныя аб мясцовых дзеячах, вядомасць якіх абмяжоўваецца краем і выдатных дзеячах, часова ці пастаянна звязаных з краем. Матэрыял аб славутых асобах, вядомых у краіне і свеце, павінен адлюстроўвацца толькі ў аспекце сувязі “асоба – край”. Аб знакамітых ураджэнцах, дзейнасць якіх працякала за межамі края, уключаюць матэрыялы, прысвечаныя іх паходжанню і пачатковаму перыяду жыцця. Матэрыялы аб знаходжанні ў краі вядомых грамадска-палітычных дзеячоў, вучоных, дзеячоў мастацтва і іншых знакамітасцей адлюстроўваюцца ў адпаведных раздзелах сістэматычнага КК, напрыклад, “Літаратурнае жыццё” і інш. Ствараць персаналіі на такіх асоб не мэтазгодна.

Групоўка персанальных рубрык можа быць у алфавіце прозвішчаў або па родах дзейнасці асоб. Рэкамендуецца першы спосаб. Пры другім рассейваецца інфармацыя аб асобах, дзейнасць якіх ахоплівае некалькі галін. Акрамя таго карыстальнікі ў пачатку інфармацыйна-спажывецкай дзейнасці не заўсёды дакладна ведаюць профіль дзейнасці адшукваемых асоб.

Папаўненне краязнаўчых каталогаў вядзецца па шырокаму колу крыніц. Новыя дакументы выяўляюцца шляхам прагляду новых паступленняў у бібліятэку, з дапамогай матэрыялаў выдавецка-кнігагандлёвай бібліяграфіі, пошуках на сайтах выдавецтваў і інш. Выяўленне дакументаў мінулых гадоў – з дапамогай пошукаў у фондах буйных кнігасховішчаў, па рэтраспектыўных бібліяграфічных паказальніках і БД.

Краязнаўчыя каталогі павінны арганічна ўваходзіць у агульны ДБА бібліятэкі Таму яны ўзаемнымі спасылкамі звязваюцца з сістэматычнымі каталогамі, сістэматычнымі картатэкамі артыкулаў бібліятэкі.

    1. Электронны краязнаўчы каталог

Да ліку універсальных краязнаўчых бібліяграфічных БД належаць электронны краязнаўчы каталог (ЭКК). Паводле праграмнага забеспячэння АЛІС пры апрацоўцы паступаючых дакументаў супрацоўнікі аддзелаў камплектавання і апрацоўкі лічбай 5 пазначаюць новыя краязнаўчыя выданні. Гэта лічба ўносіцца ў спецыяльнае поле “Прымета тэматычнай базы”. Дзякуючы данаму маркеру краязнаўчыя выданні аб’ядноўваюцца ў спецыфічны краязнаўчы масіў дакументаў.

Сёння АБ ставяць пытанне перад фірмай ІНЕАК аб неабходнасці асобных праграм для краязнаўчых каталогаў. Найперш такая праграма неабходна для ўдасканалення індэксавання дакументаў, што непасрэдна звязана з доступам карыстальнікаў да краязнаўчых рэсурсаў і важна ў карпаратыўнай дзейнасці. Спецыяльная праграма дазволіла б значна глыбей адлюстраваць краязнаўчыя выданні, напрыклад, калі на не краязнаўчую кнігу пішуць прыкладна 5 ключавых слоў (гэта адзначаюць расійскія спецыялісты), то ў аддзеле краязнаўства іх колькасць павялічваецца да 60. Такое праграмнае забеспячэнне дазваляе вырашаць і наступныя важныя бібліяграфічныя задачы: выкарыстанне уніфікаваных даведнікаў, доступу да масіваў асобных краязнаўчых выданняў і аналітычных матэрыялаў і спалучэння іх у пастаўленых мэтах, напрыклад, для выпуску бягучых паказальнікаў новай краязнаўчай літаратуры. Але, на наш погляд, лепш выкарыстоўваць агульныя больш дасканалыя фарматы каталагізацыі (БелМАРК), таму што аптымізуюцца ўмовы выкарыстання, абмену данымі. Падрабязнасць індэксавання ключавымі словамі не вырашыць праблемы бібліяграфічнага пошуку, так як павялічваецца залежнасць яго вынікаў ад ведання дэталяў. Павялічваюцца і працазатраты на вядзенне апарату слоўнікавага кантролю (тэзаўрусаў, спісаў ключавых слоў).

Папаўненне ЭКК звесткамі аб рэтраспектыўных дакументах вядзецца шляхам рэтраканверсіі карткавых краязнаўчых каталогаў.