Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Праграма Бел мова новая.doc
Скачиваний:
27
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
220.67 Кб
Скачать

УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Першы прарэктар УА “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры

і мастацтваў”

__________________ Ю.П.Бондар

“____” _________________ 2014 г.

Рэгiстрацыйны № ВД-_____ / баз.

Беларуская мова (прафесійная лексіка)

Вучэбная праграма для спецыяльнасцяў універсітэта

Мінск 2014

Складальнiкі:

В.А.Гуліцкая, прафесар кафедры беларускай філалогіі і сус­ветнай літаратуры ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

А.А.Жэлуновіч, загадчык кафедры рускай мовы як замежнай установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўнівер­сітэт культуры і мастацтваў”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

А.М.Пісарэнка, прафесар кафедры беларускай філалогіі і сусвет­най літаратуры ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўнівер­сітэт культуры і мастацтваў”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

В.В.Шунейка, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі і сусвет­най літаратуры ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўнівер­сітэт культуры і мастацтваў”

Рэцэнзенты:

А.С.Васілеўская, дацэнт кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педага­гічны універсітэт імя М.Танка”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

С.А.Паўлава, дацэнт кафедры менеджменту інфармацыйна-дакументнай сферы ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Рэкамендавана да зацвярджэння:

кафедрай беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры ўстано­вы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мас­тацтваў” (пратакол № 3 ад 04.11.2008 г.);

прэзідыумам навукова-метадычнага савета ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” (пра­такол № 5 ад 10.03.2009 г.)

Тлумачальная запіска

Курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” чытаецца на ўсіх факультэтах БДУ культуры і мастацтваў у адпаведнасці з прынцыпамі сацыяльна-гуманітарнай падрыхтоўкі студэнтаў у вышэйшай навучальнай установе, прызнаннем у сучасным грамадстве беларускай мовы найгалоўнейшым інструментам інфармацыйнага ўздзеяння, а таксама адной з састаўных частак беларускай нацыянальнай культуры.

Мэта курса: падрыхтаваць у галіне прафесійна арыентаванага навучання не проста граматнага спецыяліста, а інтэлігента як камунікатыўна развітую асобу, якая магла б на дастаткова высокім узроўні развіваць сацыяльна-асобасную кампетэнцыю: наладжваць зносіны на роднай мове ў сацыякультурнай прасто­ры; захоўваць нацыянальную спадчыну; праяўляць грамадзян­скасць і патрыятызм; з’яўляцца актыўным носьбітам культурных здабыткаў, які здольны спрыяць павышэнню грамадскага прэс­тыжу беларускай літаратурнай мовы як мовы тытульнай нацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” павінен сістэматызаваць і паглыбляць веды студэнтаў у галіне фанетыкі і арфаэпіі, марфалогіі і правапісу, лексікалогіі і лексікаграфіі, функцыянальнай стылістыкі і культуры маўлення; сфарміраваць навыкі і ўменні ў розных відах маўленчай дзей­насці, навучыць прыёмам самастойнай работы з моўным і маўленчым матэрыялам у паўсядзённай, вучэбна-навуковай і будучай прафесійнай дзейнасці.

Асноўныя задачы курса:

– паглыбляць і замацоўваць тэарэтычныя веды па ўсіх раздзелах мовазнаўства;

– дыферэнцыравана ўводзіць у моўную практыку спецыяльныя лексемы і фраземы тэрміналагічнага характару;

– развіваць моўна-эстэтычны густ студэнтаў;

– выпрацоўваць у студэнтаў патрабавальнасць да чысціні і правільнасці маўлення ў сацыякультурнай і вучэбна-навуковай сферах дзейнасці;

– узбагачаць прафесійны слоўнікавы запас будучых спе­цыялістаў;

– навучыць карыстацца рознымі лексікаграфічнымі даведнікамі, у прыватнасці, галіновымі тэрміналагічнымі слоўнікамі;

– развіваць моўную (вусную і пісьмовую) кампетэнцыю студэнтаў у вучэбна-прафесійнай, вучэбна-навуковай і сацыя­культурнай сферах дзейнасці;

– навучыць кваліфікавана карыстацца сродкамі афіцыйна-справавога і навуковага стылю;

– выхоўваць інтарэс і павагу да мастацкага слова як часткі духоўнай культуры беларускага народа, інтэлектуальнай спад­чыны, развіваць пачуццё нацыянальнага ўсведамлення.

Курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” – гэта ў аснове сваёй практычны курс, некаторыя раздзелы якога ўтрымліваюць веды экстралінгвістычнага характару і дапамагаюць паказаць багацце беларускай мовы, складаны шлях і этапы яе развіцця, сучасны стан і гісторыю складання беларускай навуковай тэр­міналогіі, усвядоміць месца сучаснай беларускай мовы сярод іншых моў свету, а таксама ролю роднай мовы ў станаўленні асобы і фарміраванні яе творчага патэнцыялу.

Выпрацоўка ўменняў і навыкаў практычнага валодання бела­рускай мовай і спецыяльнай тэрміналогіяй патрабуе прадуманай сістэмы навучальных і кантрольных практыкаванняў. У сувязі з гэтым праграма ўтрымлівае дадаткі, у якія ўваходзяць асноўныя паняцці і тэрміны, пытанні для самакантролю.

Састаўным элементам прафесійна арыентаванага навучання з’яўляецца самастойная праца, якая ўключае разнастайныя віды пазааўдыторнай работы студэнта (практыкаванні лексіка-грама­тычнага і семантыка-стылістычнага характару, вусныя і пісь­мовыя жанрава-стылістычныя заданні, пераклады тэкстаў па спецыяльнасці з рускай мовы на беларускую, маналагічныя тэматычна абумоўленыя выступленні, дыялогі-дыскусіі на выз­начаную групай тэму і інш.). Для ацэнкі самастойнай працы праводзіцца аўдыторны і індывідуальны кантроль з боку выкладчыка.

У выніку засваення дадзенага курса студэнты павінны ведаць:

– паходжанне і ўмовы гістарычнага развіцця беларускай літаратурнай мовы;

– асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы, сістэму галосных і зычных гукаў;

– асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення галосных, асобных зычных, спалучэння галосных і зычных у тэрміналагічнай лексіцы іншамоўнага паходжання;

– сучасныя нормы беларускага правапісу;

– спецыфіку лексічнага складу беларускай мовы, яго харак­тарыстыку паводле сфер выкарыстання, крыніц папаўнення;

– сутнасць паняццяў “спецыяльная лексіка”, “тэрмін”, “тэрмі­налогія”, “прафесійная лексіка”, “наменклатурныя назвы”;

– асаблівасці і заканамернасці ўтварэння тэрміналагічных слоў;

– марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму;

– моўныя асаблівасці стыляў;

– тыпы слоўнікаў беларускай мовы;

– асновы маўленчага этыкету.

Студэнты павінны ўмець:

– перакладаць, анатаваць і рэферыраваць прафесійна арыентаваныя тэксты;

– граматна выконваць практычныя заданні па беларускай арфаэпіі, арфаграфіі, граматыцы, стылістыцы;

– знаходзіць і выпраўляць недахопы і памылкі ў перакладзе тэкстаў па спецыяльнасці;

– карыстацца слоўнікамі рознага тыпу;

– самастойна ствараць розныя віды тэкстаў навуковага і вузкаспецыяльнага зместу;

– афармляць справавую дакументацыю на беларускай мове;

– правільна ўжываць формы маўленчага этыкету ў сацыя­культурнай і вучэбна-навуковай сферах.

Праграма прапануе значны аб’ём літаратуры, якая падзяляецца на асноўную і дадатковую, падаецца спіс энцыклапедычных і лінгвістычных слоўнікаў.

Курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” выкладаецца на працягу аднаго семестра. Для дыягностыкі кампетэнцыі, выяў­лення ўзроўню ведаў студэнтаў на прамежкавым і выні­ковым этапах выкарыстоўваюцца тэсты, рознаўзроўневыя пісьмо­выя заданні (у тым ліку дзве кантрольныя работы). Форма кантролю – залік.