Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

РУЖАНЫ

.docx
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
333.5 Кб
Скачать

Найбольш значным і вядомым помнікам архітэктуры не толькі на Пружаншчыне, але і ў Беларусі з’яўляецца Ружанскі палацава-паркавы комплекс.

Герб роду Сапегаў

Род Сапегаў займаў асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. Іх дзейнсць была вельмі пладавітай у галіне палітыкі, дыпламатыі, культуры, навукі. Па свайму паходжанню яны мелі сувязі з вялікакняжацкай дынастыяй Гедымінавічаў.

Леў Сапега (1557 – 1633) быў найбольш яркай асобай гэтага роду. Сваю палітычную кар’еру ён пачаў у 1581 г. з пасады пісара. Потым ён меў дзяржаўныя пасады падканцлера літоўскга, канцлера ВКЛ, ваяводы віленскага, гетмана, старосты слонімскага, берасцейскага і магілёўскага, маршалка ВКЛ. Ён быў адным са складальнікаў тэксту Галоўнага Літоўскага Трыбунала (1581) – галоўнай судовай інстанцыі ВКЛ і ІІІ Статута ВКЛ (1588). Усё жыццё Леў Сапега быў гарачым патрыётам сваёй дзяржавы і змагаўся за захаванне яе незалежнасці. Называў сябе “ліцвінам”.

Л.І.Сапега. Партрэт 17 ст.

Л. Сапега быў жанаты два разы. Першы раз з Даротай, якая памерла ў 1591 г., аставіўшы 2-гадовага сына Яна. У 1599 г. канцлер уступіў у шлюб другі раз з 16-гадовай Гальшкай (Лізаветай) Радзівіл. Яна стала маці Ганны (1603 – 1627), Крыштофа Мікалая (1607 – 1631) Казіміра Леана (1609 – 1656) і Мікалая, які памёр маленькім.

Аб часе будаўніцтва палаца пры Льве Сапегу сведчаць толькі ўскосныя дадзеныя, імя архітэктара невядома. Хутчэй за ўсё палац узводзілі на мецы старога замка Тышкевічаў, які існаваў тут раней. Самыя першыя з ружанскіх запісаў адносяць да 1602 г. У іх адзначаліся будаўнічыя работы без указання канкрэтнага месца. Магчыма, у той час вяліся земляныя работы па ўтварэнні штучнага возера, каналаў, сада і парку. З запісаў 1605 г. прыблізна можна ўявіць структуру маёнтка Сапегаў. На двары ўладальнікаў дзесьці ў гэты час узвялі тры будынкі – дамы Вялікі, Сярэдні і Малы, дом Гасцінны, кухню і шэраг гаспадарчых пабудоў. Напэўна, будынкі ўзводзіліся з цэглы, так як ёсць звесткі аб рамонце дзвюх цагельняў. У расходных кнігах 1611 г. упамінаюцца таксама “каналы в саду”.

Цэнтральны корпус палаца

Ружаны пры Л. Сапегу сталі своеасаблівым цэнтрам палітычнага жыцця ВКЛ. Менавіта тут вырашаліся многія дзяржаўныя справы, якія датычыліся не толькі ВКЛ, але і іншых краін. У замку рыхтаваўся польска-ліцвінскі паход на Маскву у 1603 – 1604 г. і будучы расійскі самазванец Ілжэдзмітрый І (збеглы манах Рыгор Атрэп’еў).

Факт існавання палаца ў гэты час пацвяржае знаходжанне ў Ружанах караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587 – 1632) ў 1609 г., які разам з Сапегам і іншымі магнатамі накіроўваўся ў Маскву дзеля захопу трону. Сам Леў Сапега пад час паходу ўзначаліў полк, які выставіў за свой кошт. Гэтыя ж дадзеныя таксама пацвяржае 2-дзённае гасцяванне і пышны прыём каралевіча Уладзіслава ў Ружанах у 1617 г., які ішоў на Маскву. Л. Сапега ізноў далучыўся са сваім войскам да каралеўскага, аднак, на гэты раз заваяваць рускі трон яны не змаглі.

Запіс па Ружанскай эканоміі за 1611 г. ускосна сведчыць аб завяршэнні работ па будаўніцтве палаца.

План палаца ў Ружанах падобны да плана палаца ў Ксёнджы Вялікім (Польшча). Палац у Ксёнджы быў узведзены ў 1585 – 1595 г.г. майстрам з Фларэнцыі Санці Гуччы (1538 – 1600 г.) Верагодна, што аўтарам першага ружанскага палаца быў альбо сам Гуччы, альбо яго вучань. Палац быў пабудаваны ў стылі італьянскага барока. Пра ўплыў менавіта гэтага стылю сведчыць роспіс “зграфіта”, які збярогся на сценах (гэтую тэхніку распрацавалі фларэнтыйскія майстры). Ружанскі замак размяшчаўся на насыпным узвышэнні і быў абкружаны валам. Замак быў двухпавярховы з 3 мураванымі вежамі, у плане меў крыж. У цэнтральнай частцы замка знаходзіліся зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках – жылыя пакоі, кабінеты, бібліятэка. Усе пакоі былі ўпрыгожаны ляпнінай, каштоўнымі карцінамі і скульптурай. Пад будынкам у вялізарных склепах захоўваўся баявы арсенал, харчаванне, архіў з дзяржаўнымі дакументамі, дзяржаўны скарб ВКЛ. Пры замку меліся лінейныя насаджэнні дрэў.

Павел Ян Сапега. Гравюра П. Ландры. 1663.

Пасля смерці Л. Сапегі ў 1633 г. (пахаваны ў фамільным склепе ў Вільні) палац перайшоў да яго старэйшага сына Яна Станіслава (1589 – 1635), які займаў пасады старосты слонімскага, маршалка дворнага і маршалка вялікага. Але праз два гады ён памёр.

Наступным ўладальнікам стаў Казімір Леан (1609 – 1656) – трэці сын Л. Сапегі. Ён атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю, вучыўся ў Вільні, а потым Інгальштадтскім, Нідэрландскім, Балонскім і Падуанскім універсітэтах, валодаў 8 мовамі. Казімір Леан Сапега вызначыўся як ваенначальнік у час казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 г.г. і руска-польскай вайны 1654 – 1667 г.г. У розны час ён займаў пасады маршалка і падканцлера літоўскага, быў сакратаром і вялікім пісарам ВКЛ, адміністратарам Брэсцкай эканоміі, старостай рагачоўскім. Ён вядомы як заснавальнік манастыра картэзіянцаў у Бярозе і кафедры права ў Віленскім універсітэце, на утрыманне прафесараў якой выдзеліў 37 тыс. залатых. Не забываўся Казімір Леан і пра свае ружанскія ўладанні. З 10 па 19 студзеня 1644 г. па запрашэнні магната ў палацы гасцяваў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV (1632 – 1648) з жонкай Цэцыліяй-Рэнатай Аўстрыйскай. Сучаснік тых падзей Альбрэхт Станіслаў Радзівіл пісаў: ”…Король с королевою и двором … из Жировиц прибыли в Рожану, где в продолжении 9 дней … были угощаемы”. Легенда гаворыць, што каралеўскай асобе быў паднесены цудоўны крыштальны кубак “Іван” (аб’ём 3,280 л), які з’яўляўся адной з найбольш каштоўных рэчаў у палацы. Пасля таго, як Уладзіслаў IV адведаў з кубка, ён выдаў загад, каб з таго часу захоўвалі кубак ў спецыяльнай шафе і выносілі толькі ў суправаджэнні прыдворных у пардным адзенні пры гуках музыкі і 100 стрэлах з гармат. Лёс гэтага твора невядомы. Сучаснікаў вельмі ўразіла гасцяванне ў Ружанах. Уладальнік палаца не толькі прадэманстраваў сваё багацце, ён зрабіў усім гасцям вельмі каштоўныя падарункі: каралю – залатую талерку (кошт 2 тыс. залатых) і дарагія галандскія шпалеры, каралеве – пярсцёнак (коштам 16 тыс. залатых дукатаў) і сабалінае футра з Масковіі, канцлеру – сярэбраны кубак, камянецкаму епіскапу – “два сорока соболей”, усім фрэйлінам – пярсцёнкі з рубінамі, падкорімію – шабля з залатой аправай, ксяндзам – па 100 венгерскіх залатых. Каштоўны прэзент атрымаў папскі пасланнік, езуіцкі візітатар з Рыма Фабрыцый Рамфус, які таксама знаходзіўся у гэты час у Ружанах. У гонар гасцявання караля ў цэнтральный зале палаца была усталявана чорная мармуровая пліта з надпісам аб гэтай падзеі.

Аркада палаца

У той час палац ужо адрозніваўся ад папярэдняга. Перабудова была праведзена італьянцам Джавані Батыстам Джыслені (1600 – 1672). Палац стаў прадстаўляць сабой даволі рэпрэзентатыўны будынак з рысамі стылю барока. Ён меў два павярхі і быў крыжападобны ў плане. Палац упрыгожвалі 3 вежы. Дзве з іх былі квадратныя ў плане: пры ўваходзе з боку паўднёвага галоўнага фасада і на тарцы заходняга крыла. На паўднёва-усходнім вуглу будынка размяшчалася пяцігранная вежа. У цэнтральнай частцы палаца, якая выступала на падоўжаных фасадах глыбокімі рызалітамі, знаходзіліся парадныя залы і вестыбюль з лесвіцай. У бакавой частцы рызмяшчаліся жылыя пакоі, кабінеты, архіў і бібліятэка. Унутраная планіроўка была анфіладнай. Палацавыя пакоі былі ўпрыгожаны мармурам, стукавай ляпнінай (штучны мармур з гіпсавай і мармуровай крошкі, змешаны з клеем) і роспісамі. Памяшканні на першым паверсе мелі скляпенні, а на другім – балечныя перакрыцці. Пад будынкам знаходзіліся двухпавярховыя скляпеністыя падвалы. У іх змяшчаўся арсенал, архіў, склад правіянту.

План Ружан. 1. Палац 2. Петрапаўлаўская царква 3. Троіцкі касцёл

Палац саслужыў добрую службу ў сярэдзіне XVII ст. Пад час руска-польскай вайны ў 1655 г., калі войска расійскага цара Аляксея Міхайлавіча наблізілася да Вільні, у Ружаны былі перавезены на захаванне мошчы Святога Казіміра і знаходзіліся там да канца вайны. У гонар гэтай выдатнай падзеі ў палацы ўсталявалі мармуровую пліту з надпісам на лацінскай мове: ”Divo Casimiro sacrum”.

У час вайны ў 1656 г. Казімір Леан памёр. Ён быў пахаваны ў сцяне кляштара картэзіянцаў ў Бярозе (радавы склеп чарэйска-ружанскай лініі Сапег). Сыноў К. Л. Сапега і яго жонка Тэадора Тарноўская (1625 – 1652) не мелі. Па іх жаданні Ружанскі палац пераходзіў да далёкага родзіча і хрэсніка Паўла Яна Сапегі (1610 – 1665) – ваяводы віцебскага і гетмана літоўскага, а частка бібліятэкі перадавалася Віленскаму універсітэту. Павел Ян вызначыўся ў многіх войнах і канфліктах з каралём. Асабістымі ворагамі ён лічыў Радзівілаў і рабіў усё, каб пазбавіць іх уплыву ў ВКЛ. Пад час вайны з Масквой (1654 – 1667) і Швецыяй (1656 – 1658), ён сабраў на Ружаншчыне вялікія сілы, наняў на ўласныя грошы жаўнераў, і пачаў рабаваць радзівілаўскія ўладанні. На заклікі ж караля Яна Казіміра адказваў маўчаннем і не падначальваўся яго загадам. Маёнткі Сапегі акзаліся занятыя рускімі ў 1655 г. Каб адваяваць іх назад і аднавіць самастойнасць ВКЛ, Павел Ян звярнуўся да шведскага караля Карла Х Густава і перайшоў на яго бок. Ян ІІ Казімір вырашыў ўлагодзіць магната-свавольніка і вярнуць яго падтрымку. У 1656 г. ён надаў Сапегу пасаду вялікага гетмана і ваяводы віленскага. Але гэты крок караля не спыніў феадальных войнаў і не садзейнічаў перамозе ў вайне з Маскоўскай дзяржавай. Толькі калі стала бесперспектыўна падтрымліваць шведаў, Павел Ян вярнуўся да караля Рэчы Паспалітай. Яго мара на заняце прастолу ВКЛ не спраўдзілася. У канцы жыцця Сапега адыйшоў ад палітыкі і большую частку часу праводзіў у Ружанах, дзе і памёр. Па яго распараджэнні пасля смерці былі аддадзены ў пераплаўку бронзавыя гарматы з ружанскага замка для званоў касцёла Святога Казіміра ў Вільні.

Руіны палаца

Наступным спадчынным уладальнікам быў малодшы сын Паўла Яна Леан Базыль (1660 – 1686). Так як у 1665 г. Леану Базылю было ўсяго пяць год, то апекуном усёй маёмасці стала яго маці, а потым старэйшы брат Казімір Павел Ян (1637 – 1720), якому і перайшлі Ружаны ў 1686 г. К.П. Сапега быў адным з найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Гэтаму спрыялі таксама яго выгадныя шлюбы з Крысцінай Барбарай Глябовіч, а потым Тэрэзай Гасеўскай і Антанінай Гельгід. Казімір Павел Ян у 80-я г.г. XVII ст. займаў пасады віленскага ваяводы і найвышэйшага гетмана літоўскага (да гэтага быў чашнікам ВКЛ, падстоліям, падскарбіям дворным, ваяводам полацкім, гетманам польным). Гэты чалавек вызначыўся ў войнах з туркамі. На яго ўласным ўтрыманні знаходзілася 30-тысячнае войска літоўскае. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага (1669 – 1673), быў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-я гады Пацаў. Фактычна пры ім была ўсталявана ўлада клана Сапегаў у княстве. У 80-я гады XVII ст. амаль усе вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ займалі прадстаўнікі роду Сапегаў. У апошняе дзесяцігоддзе XVII ст. (пасля смерці караля Яна ІІІ Сабескага) Казімір Павел Ян знаходзіўся ў апазіцыі дзяржаўнай уладзе і ўзначальваў шляхецкі рух за аднаўленне самастойнасці ВКЛ. На прастоле Сапега жадаў бачыць свайго стаўленіка французскага прынца Л. Канці. Аднак потым Казімір Павел Ян сам вырашыў заняць вялікакняжацкі трон. Сапегам супрацьстаяла групоўка Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, якія таксама прэтэндавалі на ўладу і падтрымлівалі саксаонскага курфюрста Аўгуста Моцнага. Антысапяжанская канфедэрацыя аб’явіла вайну апазіцыі і рабавала яе ўладанні на працягу 1696 – 1699 г.г. Ружанскі палац быў спустошаны. У 1700 г. войскі Сапегаў былі канчаткова разбіты ў бітве пад Алькенікамі. У гэтай бітве загінуў сын уладальніка Ружан Міхал. Канфедэраты пазбавілі Сапегаў усіх дзяржаўных пасад. Тады Казімір Павел Ян са сваім войскам падаўся ў саюзнікі да шведаў, разлічваючы, такім чынам, знайсці падтрымку ў працы па аднаўленні ВКЛ (на чале з родам Сапегаў). Кароль Швецыі Карл ХІІ скарыстаўся дапамогай Сапегаў у час Паўночнай вайны (1700 – 1721), але на самой справе не збіраўся аднаўляць беларуска-літоўскую дзяржаву. Ёсць звесткі, што Карл ХІІ спыняўся ў Ружанах у час паходу на Валынь. У час аднаўлення на прастоле Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага Саксонскага (1697 – 1733) і паражэнняў Карла ХІІ у 1709 г. Сапегі перайшлі на бок сваіх суайчыннікаў, аднак страцілі сваю магутнасць і ўплыў.

Бакавая ўязная брама

Пасля спусташэння канфедэратамі, рускімі і шведскімі войскамі Ружаны прыйшлі ў занапад. Сапегі мала ўвагі ўдзялялі сваім ружанскім уладанням. У 1700 г. яны былі закладзены і перайшлі да Самуэля Гарбачэўскага. Толькі ў 1714 г. іх здолеў выкупіць Ежы Станіслаў Сапега (1667 – 1732), сын Казіміра Паўла Яна. Пры ім уладанні Сапегаў пашырыліся. Уступіўшы ў шлюб з Ізабэлай Геленай Палубінскай, ён набыў Дзярэчын і Зэльву. Разам з бацькам ён ваяваў супраць туркаў, у Паўночнай вайне (1700 – 1721) выступаў на баку шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, ад якога атрымаў пасаду ваяводы трокскага. Пасля перайшоў на бок Аўгуста ІІ Моцнага. Пры Ежы Станіславе быў складзены вопіс палаца і мястэчка ў 1728 г. Палац знаходзіўся ў запусценні, але не быў разбураны. У 1728 г. гэтыя ўладанні зноў былі закладзены. Праз шлюбы сваіх дзяцей Сапега быў параднёны з выдатнымі сем’ямі Рэчы Паспалітай. Дачка Тэрэза Красціна была замужам за Краштафам Пацам, Бенядзікта – Ежы Тышкевічам, Саламея Ганна – Антоніям Шчукай, Леанам Навасельскім, Ежы Радзівілам. Пасля смерці Ежы Станіслава распараджацца яго спадчынай стала другая жонка Тэадора Перасвіт-Солтан (? – 1774). У 1746 г. яна аддала замуж сваю адзіную дачку Крысціну Розу (? – 1772) за князя Казіміра Масальскага (? – 1777), старасту валкавыскага. У пасаг Крысціне былі аддадзены Ружаны. Маладыя ўзяліся за аднаўленне палаца, якое было завершана ў 50-я гады XVIII ст., хаця больш часу жылі ў Ляхавічах. Будаўніцтва вялося па праекце каралеўскага архітэктара Яна Жыгімонта Дэйбля. Пры Масальскіх Ружаны сталі адным з цэнтраў музычнага мастацтва на Беларусі. Разам з Казімірам Масальскім ў Ружанах аказаўся і яго брат Ігнацы, які атрымаў тут прыход у 1754 г. Ігнацы быў адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу – меў званні доктара філасофіі і тэалогіі. Лёс быў неспрыяльны для новых ружанскіх уладальнікаў. У 1756 г. з К. Масальскім здарылася няшчасце – ён страціў розум. Яго жонка скончыла жыццё ў Віленскім кляштары кларысак. Крысціна і Казімір не мелі дзяцей. Маці Крысціны Тэадора, якая перажыла дачку на 2 гады, адпісала Ружаны свайму родзічу Станіславу Солтану. Аднак ужо ў 1774 г. Сапегі вярнулі сабе Ружаны. У спадчыну ўступіў пляменнік Крысціны Розы – гетман польны Аляксандр Міхал Сапега (сын генерала літоўскай артылерыі Казіміра Караля Леана Сапегі і Караліны Радзівіл).

Аляксандр Міхал Сапега (1730 – 1793) ў дзіцячыя і юнацкія гады меў рэзідэнцыяй Высокае.Так як бацькі яго памерлі рана, яго выхоўваў дзядзька Юзаф Сапега – віленскі біскуп. Менавіта ён прывіў Аляксандру любоў да кнігі, мастацтва, музыкі. Асоба Аляксандра Сапегі ацэньваецца неадназначна. Адныя даследчыкі сцвяржаюць, што А. Сапега не вызначаўся высокай мараллю, ганьбіў маладых дзяўчат і меў пазашлюбных дзяцей, вельмі жорста ставіўся да сваіх сялян і падаўляў іх бунты. Існуе легенда аб яго незаконнанароджаным сялянскім сыне Ніле, які падняў сялян на змаганне за лепшае жыццё і быў за гэта разам са сваімі прыхільнікамі пакараны смерцю. Астатняя частка сялян-бунтаўшчыкоў была выселена ў асобнае паселішча, якое сталі называць Варанілавічы – месца, дзе жывуць “вары-нілаўцы” (сяляне, што падтрымлівалі бунтаўшчыка-“вора” Ніла). Другія сцвяржаюць, што Аляксандр быў асобай неардынарнай, адукаванай і высокамаральнай. У доказ гэтага прыводзяць факты з яго цікавай біяграфіі. Сапега захапляўся дакладнымі навукамі, асабліва хіміяй. Ён нават спускаўся ў ртутныя шахты Славеніі і браў з рызыкай для жыцця пробы ртуці для правядзення хімічных вопытаў. Ён рыхтаваў да выдання падручнікі па хіміі і мінералогіі. Заможны магнат займаўся альпінізмам, падымаўся на вяршыні Альпаў. Разам з Антоніям Тызенгаўзам, ініцыятарам шэрагу эканамічных рэформаў Рэчы Паспалітай, якія павінны былі садзейнічаць яе адраджэнню, распрацоўваў стандарты адзінак меры і вагі. Аляксандр Сапега з’яўляўся членам Варшаўскага таварыства сяброў навук, аказваў яму вясомую матэрыяльную дапамогу. Быў таленавітым літаратарам. Уражанні аб сваіх падарожжах па Грэцыі, Аўстрыі і Турцыі выдаў асобнай кнігай на французскай мове. Аляксандр і яго жонка Магдалена Агнэжка-Любамірская (1739 – 1780) былі прыхільнікамі мастацтва і вызначыліся сваімі мецэнацкімі справамі. Гаварылі, што Магдалена была фаварыткай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 – 1795). Яна ўдзельнічала ў прыдворных спектаклях пад імем Магдалена Сапежына. Ружанскія уладальнікі мелі 5 дзяцей: дочак – Ганну Тэафілію (была замужам за Г. Сангушкам і С. Патоцкім), Караліну (мела шлюбы з Т. Патоцкім і С. Солтыкам), Марыю Катажыну (за Я. Салагубам, І. Пузынам), Эмілію (за Ф. Ельскім), і сына Францішка.

Праект тэатра. Від на сцэну. Архітэктар Я.С. Бекер. Каля 1788 г.

Адна з найбольш характэрных прыкметаў эпохі XVIII ст. – масавае ўзнікненне прыватных аркестраў і капэлаў, якія часцей за ўсё былі звязаны з палацавымі прыгоннымі тэатрамі. Музычны тэатр ВКЛ стаў актыўным правадніком ідэй Асветніцтва. У другой палове XVIII ст. ён стаў дамінуючым сярод усіх відаў мастацтва. Рэпертуар быў полілінгвістычны. Творы выконваліся на польскай, італьянскай. французскай. нямецкай і рускай мовах. Прыдворны тэатр фарміраваўся з некалькіх труп -опернай. балетнай. драматычнай і капэлы. куды запрашалі вядомых музыкантаў з Італіі. Францыі. Чэхіі. Аўстрыі і Германіі. але паступова іх замянілі мясцовыя таленавітыя сяляне. якія вучыліся ў мясцовых прыватных тэатральных школах.

Аб пышнасці тэатра ў Ружанах сведчаць нават руіны, якія зберагліся да нашых дзён. У архітэктуры ружанскага тэатра перапляліся рысы італьянскай традыцыі і новыя веянні французскай архітэктуры XVIII ст. А.Н. Кулагін лічыць, што тэатр у Ружанах пачаў будавацца ў 1784 г. і быў закончаны ў 1788 г. Але ёсць сведчанні, што будаўніцтва было закончана раней (дата невядома). Праект тэатра склаў Я.С. Бекер. Будынак дзяліўся на дзве самастойныя часткі, якія злучаліся параднай лесвіцай. Мяркуючы па праектах і чарцяжах, ружанскі тэатр быў даволі ўтульны. Сцэна была прыстасавана да вялікіх балетных паказаў і оперных спектакляў. Тэатр меў глыбокую сцэну, дзе было сем планаў куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектаклю. З дзвюх яе бакоў месціліся гардэробныя. Зала ружанскага тэатра, якая па форме нагадвала падкову, з дзвюма ярусамі ўтульных ложаў паўтарала канфігурацыю вядомай залы тэатра Фарнезе ў Парме (Італія), пабудаванага архітэктарам Дж.Б. Алеоцці ў 1606 г. Але вырашэнне ложаў (14 на першым ярусе і 15 на другім з царскай ложай у цэнтры) адчула ўплыў французскай школы XVIII ст.: ложы выступалі ўперад і злёгку навісалі над залай. Ложы былі прасторныя, мелі ажурныя балюстрады і падзяляліся карынфскімі калонамі. Адну трэць прасторнага партэра займала лесвіца і месца для аркестра, якое было акрэслена бар’ерамі, што выходзілі ў залу дзвюма паўкружжамі. Сцены ўпрыгожвалі разьба і жывапіс.

Ружаны. Праект парку Сапегаў. Архітэктар Я.С.Бекер. Каля 1788 г.

Захапленне музыкай у Ружанах мела даўнія традыцыі. Казімір Леан Сапега (1609 - 1656) лічыцца пачынальнікам ружанскай капэлы. Вядома, што ў сярэдзіне XVI ст. у ружанскі тэатр запрашалі цыганаў-цымбалістаў. У 1752 г. у замку ў “канцэртнай зале” (“музычная зала”, “опергауз”) выступала капэла і аркестр, якія належалі К. Масальскаму. Да 1763 г. адносяцца звесткі аб капэле і першых спектаклях у Ружанах. У 1763 г. капэла выступала на іменінах свайго ўладальніка. У 1765 г. капэла А. Сапегі налічвала 40 музыкантаў “пры бубнах і трубах”. У ружанскай капэле працавалі музыканты з Італіі і Польшчы, а таксама мясцовыя прыгонныя сяляне. Таленавітых прыгонных сялян А. Сапега адпраўляў вучыцца ў Італію. Пасля смерці А. Сапегі па яго загаду ўсе прыгонныя артысты ружанскага тэатра, балета, аркестра атрымалі свабоду. Доўгі час у Ружанах працаваў італьянскі кампазітар і выдатны віяланчэліст Кам’е (Кромер) Чыпрыяні (Кіпрыяні). Ён не толькі быў капельмайстрам і прыдворным кампазітарам, але і навучаў ігры на віяланчэлі сялянскіх музыкантаў і самога гаспадара палаца. Зразумела, што такія паслугі вельмі добра аплачваліся. Пасля Ружан кампазітара запрасілі да Агінскіх у Слонім.

Вядома, што ў Ружанах існавала музычна-оперная школа і тэатр, які налічваў 60 артыстаў і танцоўшчыкаў. У 1780 – 1785 г.г. танцоўшчыкам і балетмайстрам быў Мацей Пранчынскі.

12 жніўня 1784 г. у ружанскім тэатры адбылася прэм’ера балета “Літасцівасць Ціта” (балетмайстар М. Пранчынскі) з нагоды гасцявання ў палацы караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У гэты ж дзень была прадстаўлена камедыя Малінэ “Чароўнае дрэва”. У рэпертуары тэатра былі таксама аднаактавая опера Жан Жака Русо “Вясковы чараўнік”, балет “Арыянка”. Магчыма, у ружанскім тэатры ставіліся творы і іншых аўтараў, якія вядомы па каталогу бібліятэкі Сапегаў. У бібліятэцы былі творы Ф. Багамольца і Ф.У. Радзівіл. У мясцовым тэатры працаваў мастак-дэкаратар К. Атасельскі.

У канцы XVIII ст. тэатральнае жыццё ў Ружанах затухла. З 1786 г. па 1791 г. пастаноўкі ружанскай трупы ажыццяўляліся ў Дзярэчыне. Капэла дзейнічала да 1820 г. Многія ружанскія артысты потым апынуліся ў тэатрах Пецярбурга і Варшавы.

Аляксандр і Магдалена Сапегі мелі велізарныя прыбыткі з маёнткаў, якія атрымалі ад бяздзетных родзічаў. Менавіта пры іх уладаранні (з 1773 г.) пачынаецца адраджэнне ружанскага палаца і Ружан, якія перабудоўваюцца. Чарцяжы перабудовы (1788 г.) і самі працы выконваліся пад кіраўніцтвам прыдворнага архітэктара Сапегаў саксонца Яна Самуэля Бекера, які за сваю працу атрымаў пажыццёвы пансіён у памеры 2160 злотых (потым 2520). Гэтыя чарцяжы сталі вядомы навукоўцам у пачатку ХХ ст. Іх знайшлі ў кабінеце гравюр універсітэцкай бібліятэкі ў Варшаве.

Быў выкананы велізарны аб’ём работ, якія па маштабах пераўзыходзілі ўсе папярэднія па перабудове мястэчка і палаца. Згодна з “Кнігай прыходу і расходу маёнтка Ружаны” рамонт і перабудова ансамбля вялася ў 1775 – 1777 г.г. З левага боку ад палаца быў пабудаваны тэатральна-манежны корпус. Левую частку корпуса заняла манежная зала з галерэяй для гледачоў. Правую частку гэтага незвычайнага збудавання заняў тэатр. Былі закладзены падмуркі карціннай галерэі. Усе пабудовы вырашаліся ў стылі ранняга класіцызму.

Францішак Сапега. Партрэт XIX ст.

Палац стаў выглядаць па-іншаму. Вежы на галоўным фасадзе і вуглавыя былі разбураны, а тарцовая замуравана. У выніку палац стаў сіметрычны ў плане. Да галоўнага фасада быў прыбудаваны накладны порцік з падвоенымі калонамі і пілястрамі, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. На паркавым фасадзе з’явіліся новыя дэталі: манаграма ўладальнікаў з літарамі “АS”, ляпная аздоба ў выглядзе выгнутага картуша з букетам кветак і грабелькамі – тыпова пастаральны матыў у стылі ракако (характэрны для першай паловы XVIII ст.). Гэты фасад быў вызначаны тэрасай. Менавіта адсюль адкрываўся від на велічны парк, які асабліва эфектна ўспрымаўся з вышыні. Ёсць меркаванні, што аўтарам афармлення фасадаў быў каралеўскі архітэктар Я.Ж. Дэйбель, які ў 1733 г. узводзіў палац Сапегаў у Варшаве. Пабудаваныя сіметрычна цэнтральнаму корпусу заходні і ўсходні карпусы былі злучаны з цэнтральным паўцыркульнымі ў плане аркадамі. У замкнутай прасторы двара плошчай 1,5 га цэнтральнае месца займаў галоўны корпус. Ён уяўляў сабой спалучэнне дзвюх аб’ёмаў рознай велічыні, у большым з якіх знаходзіліся бальная зала, вестыбюль і парадная двухбаковая лесвіца, якая асвятлялася двумя ярусамі вокнаў, археалагічны кабінет-музей і вялізарная бібліятэка з экслібрысам мастака Францішка Бальцэвіча. У палацы меліся багата аздобленыя каштоўнымі тканінамі і пазалотай памяшканні: вялікая зала, “зялёная” зала, бібліятэка, скарбец за жалезнымі дзвярыма, арсенал з зарэшачонымі вокнамі, капліца з алтаром, шматлікія гардэробныя і памяшканні для лакеяў інш. У пакоях меліся скульптуры, карціны, каміны, белыя печы, упрыгожаныя ляпнінай. Ляпніна таксама ўпрыгожвала дзверы. На дзверцы адной з палацавых ніш быў надпіс залатымі літарамі “Иван Иванов”. Падлогі былі паркетнымі. Унутранае начынне пакояў вылучалася сваёй раскошай. Тут мелася разнастайная мэбля, жырандолі, люстэркі рознай велічыні, бронзавыя падсвечнікі, гадзіннікі (з фігурамі ільвоў, арлоў, на кітайскіх лакіраваных століках, вялікія насценныя), скульптуры з мармуру, гіпсу, косці, каменю, алебастру, фарфору, бронзы.

Пелагея Сапега. Партрэт XIX ст.

Паралельна палацу па восі сіметрыі была размешчана ўязная брама, якая злучала два двухпавярховыя жылыя флігелі для кардэгардыі (аховы) і канцылярыі. Брама мела выгляд трыумфальнай аркі, дзе меліся цэнтральны праезд і два бакавыя. Ніжняя яе частка была руставана, а верхняя ўпрыгожана картушамі і гірляндамі, выразанымі з моранага дубу. Перад брамай на пастаменце стаяла скульптура жанчыны, рука якой паказвала ў бок Бярозы Картузскай, дзе былі пахаваны Сапегі.

На тэрыторыі замкавага ансамбля “стоял дом фабрики суконной”, працавала палатняная фабрыка, якая выпускала сурвэткі, абрусы, палатно.

Славіўся палац у Ружанах сваім паркам, які змяшчаўся на поўнач ад палаца. Прасторавая кампазіцыя парка была заснавана на тыповай планіроўцы пры магнацкіх рэзідэнцыях Рэчы Паспалітай XVIII ст. (у французкай манеры пад “дзікую” прыроду). Парк меў радыяльна-кальцавую планіроўку алей, якія бралі пачатак каля палаца. Кожная з алей (“дзікіх праменад”), што пачыналася ад круглага газона, завяршалася павільёнам квадратнай, круглай ці шматграннай формы, магчыма, “кітайскага” ці “турэцкага” тыпу. У парку былі купальня, грот, хата садоўніка, “двор Венеры”, летні тэатр. Важным элементам парка былі вадаёмы (штучна быў вырашаны рукаў р. Зальвянка). На беразе канала стаяла хата Я.С. Бекера. На старадаўніх земляных валах былі ўзведзены каскадныя лесвічныя схілы. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіву. Для жывёлы прызначаліся спецыяльныя памяшканні – птушнік, хлеўчык для авечак і коз, ферма.