Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Лекцыя № 6

.doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
130.56 Кб
Скачать

12

Лекцыя № 6.

Беларусь у перыяд станаўлення буржуазнага грамадства.

Барацьба за дэмакратыю і нацыянальнае ўзнаўленне.

Пытанні:

  1. Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае развіццё еўрапейскіх дзяржаў у другой палове XIX ст.

  2. Аграрная рэформа 1861 г. і яе вынікі ў Беларусі. Паўстанне 1863 г.

  3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XIX ст. Буржуазныя рэформы 60-х – 70-х гг. XIX ст.

  4. Грамадска-палітычны рух у другой палове XIX в.

  5. Беларусь у рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Сталыпінскія рэформы.

Літаратура да лекцыі № 6:

  1. Апостал свабоды і незалежнасці: Кастусь Каліноўскі // Беларуская мінуўшчына. – 1993. - № 1. – С. 30.

  2. Бейлькін Х. “Аграрная рэформа 1861 г. у Беларусі і яе асаблівасці” // Беларускі гістарычны часопіс. – 2001. - № 1. – С. 82 – 88.

  3. Бич М.О. Рабочее движение в Беларуси в 1861 гг. – Мн., 1983.

  4. Біч М. “...І думаў аб самастойнасці Літвы (К Каліноўскі)” // Беларуская мінуўшчына. – 1997. - № 5. – С. 37.

  5. Брыгадзін П. Аляксандр II: “Тэрмінова прыступіць да паляпшэння грамадскага кіравання” (рост гарадоў у 19 ст.) // Беларуская мінуўшчына. – 1996. - № 2. – С. 13.

  6. Лосинский Н.Б. Революционно-демократическое движение в Белоруссии (1870-е – 90-е гг.). – М., 1983.

  7. Савіч В. Паміж “чырвонымі” і “белымі” // Беларуская мінуўшчына. – 1997. - № 6. – С. 42.

  8. Сташкевіч М. Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец 19 – люты 1917 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. – 1999. - № 3. - С. 18.

  9. Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А.У. Александровіч і інш. – 2-е выд., дап. – Мн.: Полымя, 1993.

  10. Чаропка В. Імя ў летапісе. – Мн., 1994.

№ 1. Самастойная работа.

№ 2. Прычыны адмены прыгоннага права заключаліся ў тым, што існаванне феадальна-прыгонніцкіх адносін абумовіла сацыяльна-эканамічную і ваенна-тэхнічную адсталасць краіны. Гэта праявілася ў росце выступленняў сялян, якія былі не зацікаўлены ў выніках сваёй працы, а таксама ў паражэнні Расіі ў Крымскай вайне (1853 - 1856). Феадальна-прыгонніцкія перажыткі (адсутнасць уласнасці сялян як непасрэдных вытворцаў на зямлю і ўвогуле адсутнасць іх асабістай вольнасці) былі пераадолены ў выніку рэформаў графа П. Кісялёва ў першай палове XIX ст. Паступова ў расійскага імператара Аляксандра II і сярод членаў урада выспявала думка правесці рэфрму сельскай гаспадаркі «зверху», не чакаючы, пакуль “знізу” гэта пытанне будзе вырашана ў выніку сялянскага бунту. Пры гэтым прадугледжвалася захаваць права ўласнасці дваран-памешчыкаў на зямлю, а сялянам даць асабістую вольнасць, але без надзялення іх зямлёй.

Адмена прыгоннага права ў Расіі стала сведчаннем працэсу мадэрнізацыі, звязанага з пераходам ад феадальных да буржуазных адносін. Прыкметай мадэрнізацыі з'яўляюцца урбанізацыя (рост гарадоў і гарадскога насельніцтва), індустрыялізацыя (развіццё прамысловасці і пераход ад ручной да машыннай працы), дэмакратызацыя (удзел у кіраванні краінай усіх пластоў насельніцтва, роўнасць перад законам), рост ведаў і развіццё адукацыі і навукі.

Аграрная рэформа Аляксандра II садзейнічала пераходу ад феадальнага да капіталістычнага ўкладу. Падрыхтоўка сялянскай рэформы пачалася з заходніх губерняў. На думку царскага ўрада, менавіта тут, у параўнанні з іншымі раёнамі Расіі, памешчыкі былі лепш падрыхтаваны да скасавання прыгону. Яны былі ўжо ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны, адчулі нявыгаднасць паднявольнай працы прыгонных сялян.

Умовы вызвалення памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці былі вызначаны ў падпісаным Аляксандрам II 19 лютага 1861 г. Маніфесце, агульным і мясцовым «Палажэннях» і дадатковых «Правілах». Сяляне атрымалі асабістую вольнасць і пэўныя грамадзянскія правы, якія карэнным чынам змянілі іх становішча. Сярод гэтых правоў былі наступныя: самастойна распараджацца сабой і сваёй маёмасцю, засноўваць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, непасрэдна звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы і суд, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову, запісвацца ў саслоў’і мяшчан ці купцоў. Памешчыкі страцілі паліцэйскую і судовую ўладу над сялянамі і, разам з тым, вызваляліся ад усякай адказнасці за выплату сялянамі падаткаў і выкананне павіннасцей на карысць дзяржавы. За гэта адказвалі самі сяляне на аснове кругавой парукі (калектыўнай адказнасці).

Атрымаўшы асабістую вольнасць, былыя памешчыцкія сяляне не атрымалі зямлі. Зямля, якая спрадвеку карміла селяніна, прызнавалася ўласнасцю памешчыкаў. Сяляне павінны былі выкупляць зямлю па ўстаноўленай урадам значна завышанай цане. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе было шырока распаўсюджана абшчыннае землекарыстанне, прадугледжваліся вышэйшыя (ад 4 да 5,5 дзесяцін) і ніжэйшыя (ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу) нормы сялянскіх зямельных надзелаў.

У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і частцы Віцебскай губерняў, дзе існавала падворнае землекарыстанне, за сялянамі захоўваўся зямельны надзел, які яны мелі да рэформы. У тых выпадках, калі ў памешчыка пасля надзялення сялян зямлёй заставалася менш за 1/3 ад яго ранейшых зямельных уладанняў, ад сялянскіх надзелаў рабіліся адрэзкі на карысць памешчыкаў.

Пры раздзеле зямлі памешчыкі пакінулі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да цераспалосіцы, калі памешчыцкія і сялянскія надзелы (палоскі) зямлі чаргаваліся паміж сабой у залежнасці ад месца знаходжання ўрадлівай глебы. Парадак размеркавання зямлі замацоўваўся ў спецыяльных дакументах - устаўных граматах.

Свае надзелы сяляне павінны былі выкупіць ва ўласнасць. Але грошай для гэтага ў іх не было. Тым больш, што і цана зямлі была значна завышана. Адмовіцца ад зямельнага надзела селянін не мог і абавязаны быў на працягу першых 9 гадоў пасля 1861 г. трымаць яго ў сваім карыстанні, а таксама выплачваць за яго грошы. Прадугледжвалася таксама, што сялянская абшчына на ўмовах кругавой парукі можа выкупаць зямлю і сама размяркоўваць яе паміж сялянамі.

Правілы выкупной аперацыі (выплаты сялянамі грошай за зямельныя надзелы) былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Сума платы за зямлю вызначалася такім чынам, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк пад 6% гадавых, мог атрымаць штогод суму, роўную гадавому чыншу, які ён атрымліваў да рэформы. 20 % неабходнай сумы сяляне плаціліі непасрэдна памешчыку, а астатнія 80 % памешчыкам давала дзяржава. Сяляне былі абавязаны на працягу 49 гадоў (да 1910 г.) выплаціць дзяржаве гэтую суму, а таксама працэнты за яе пазыку. На самой справе выкупныя плацяжы спаганяліся да 1907 г., калі ўрад ва ўмовах рэвалюцыі вымушаны быў датэрмінова адмяніць іх. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы. Большасць з іх не мела магчымасці стаць нават і ў далёкай будучыні ўласнікамі выкупленых зямельных надзелаў, таму што агульная сума, якую сяляне вымушаны былі заплаціць за зямлю, у 3 разы перавышала яе рыначны кошт. Атрымлівалася, што сяляне выкупалі не толькі зямлю, але і кампенсавалі памешчыку страту ўласнасці над сваёй асобай.

Да зацвярджэння ўрадам выкупной здзелкі паміж селянінам і памешчыкам (г. зн., да поўнага выкупу зямлі селя-ніна) сяляне лічыліся часоваабавязанымі і павінны былі за карыстанне надзелам зямлі, як і раней, адпрацоўваць паншчыну або плаціць памешчыку чынш (грашовы аброк).

Сялянства Беларусі ў большасці сваёй не згадзілася з прапанаванымі яму ўмовамі надзялення зямлёй пры скасаванні прыгоннага права і адмовілася падпісваць устаўныі граматы. 3 мэтай прадухіліць удзел нездаволеных сялян у паўстанні 1863 г. царскі ўрад вызваліў сялянства на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы з «часоваабавязанага становішча». Акрамя таго, на 20 % зніжаліся выкупныя плацяжы. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны феадальныя адносіны.

У выніку аграрнай рэформы 1861 г. памешчыкі на тэрыторыі Беларусі трымалі ў сваёй уласнасці больш за палову ўсіх зямель (прыкладна ў 2 разы больш, чым у іншых губернях еўрапейскай часткі Расіі). Сялянскія надзелы ў Беларусі складалі толькі 1/3 усёй зямлі. Гаспадарка большасці сялян — беднякоў і сераднякоў (тых, што мелі каня, буйную рагатую жывёлу) — мела нізкую ўраджайнасць, вялася на аснове трохполля (1/3 поля засявалася азімымі, 1/3 — яравымі, 1/3 — адпачывала, знаходзілася пад парам). Зямля апрацоўвалася дзедаўскімі прыладамі працы — сахой і бараной. Захоўвалася адпрацовачная форма гаспадаркі, характэрная для феадальнага ладу.

Разам з тым рэформа садзейнічала развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Сяляне, якія атрымлівалі асабістую вольнасць, станавіліся вольнанаёмнай рабочай сілай. Многія гаспадаркі, якія выкарыстоўвалі наёмную працу, набывалі прадпрымальніцкі характар. Тут уводзіліся шматпольныя севазвароты, палепшаныя прылады працы, напрыклад, жалезныя плугі і сельскагаспадарчыя машыны, ажыццяўлялася спецыялізацыя па вытворчасці збожжа, малочнай жывёлагадоўлі, вінакурэнні, авечкагадоўлі, свінагадоўлі.

Вынікам аграрнай рэформы 1861 г. стала развіццё краіны па шляху мадэрнізацыі, звязанай з паступовым пераходам ад феадальнага да буржуазнага грамадства. Разам з тым шлях развіцця капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы быў дастаткова марудным і супярэчлівым з прычыны захавання феадальных перажыткаў і, у першую чаргу, памешчыцкай уласнасці на зямлю. Не быў выкарыстаны альтэрнатыўны (іншы магчымы) шлях развіцця, звязаны з увядзеннем уласнасці на зямлю тых, хто яе непасрэдна апрацоўваў, г. сялян. Сяляне, атрымаўшы асабістую вольнасць, не атрымалі зямлі, што пазбавіла іх матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. Прыкладам эфектыўнага развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы стала ў той час фермерская гаспадарка ў ЗША, дзе фермер, які з'яўляўся ўласнікам зямельнага надзелу, сам распараджаўся вынікамі сваёй працы і быў зацікаўлены ў іх паляпшэнні. Трэба ўлічваць, што ЗША у сваім развіцці мінулі феадальны этап і ім не прыходзілася пераадольваць феадальныя перажыткі.

Выспяванне паўстання было звязана з сацыяльна-эканамічнымі і грамадска-палітычнымі абставінамі развіцця Беларусі ў другой палове XIX ст. Сялянства Беларусі ў сваёй большасці было незадаволена ўмовамі адмены прыгоннага права. 3 мэтай прадухілення іх удзелу ў паўстанні супраць самадзяржаўя, што пачалося ў 1863 г. у Польшчы, царскі ўрад змяніў некаторыя палажэнні рэформы 1861 г. і скасаваў часоваабавязанае становішча сялян. Былі паменшаны на 20 % выкупныя плацяжы. Гэта паўплывала на ўдзел сялянства ў паўстанні (сярод паўстанцаў налічвалася толькі 18 % сялян).

Масавы ўдзел у паўстанні ўзяла шляхта, якая дамагалася аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Найбольш радыкальная (рашуча настроеная) частка шляхты ажыццяўленне сваіх мэтаў звязвала з падрыхтоўкай і правядзеннем узброенага паўстання супраць царскіх улад пры падтрымцы сялян. Прыхільнікаў такой тактыкі дзеянняў называлі «чырвонымі». Частка буйных памешчыкаў спадзявалася дасягнуць названай мэты мірным шляхам (калектыўнымі заявамі на імя цара, мірнымі шэсцямі) без удзелу сялянства. Прыхільнікаў такой тактыкі дзеянняў адносяць да кансерватыўнай часткі шляхты і называюць «белымі».

Кіраўніком «чырвонай» плыні шляхецкіх рэвалюцыянераў у Беларусі стаў Вікенцій Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838 - 1864). Ён нарадзіўся ў Гродзенскім павеце ў сям’і беззямельнага шляхціца. Закончыў Свіслацкую прагімназію. Да рэвалюцыйнай дзейнасці далучыўся ў час вучобы На юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Тут ён пазнаёміўся з творамі рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў А. Герцэна, М. Чарнышэўскага, М. Бакуніна, якія былі прыхільнікамі ўсталявання ўлады народа шляхам сялянскай рэвалюцыі, перадачы ўсёй зямлі сялянам, надання прыгнечаным народам права на самавызначэнне свайго лёсу. Вярнуўшыся ў 1861 г. пасля вучобы на радзіму, ён стварыў на Гродзеншчыне рэвалюцыйную арганізацыю і стаў восенню 1862 г. старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) у Вільні— цэнтра «чырвоных» у Літве і Беларусі, які ўзначаліў падрыхтоўку ўзброенага паўстання супраць царскіх улад.

Вялікую ролю ў арганізацыі паўстання адыграла выданне з лета 1862 г. К. Каліноўскім разам са сваімі паплечнікамі В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім першай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты на Беларусі «Мужыцкая праўда». Яна друкавалася на беларускай мове лацінскім шрыфтам. Справа ў тым, што ў другой палове XIX ст. беларускім сялянам, для якіх і друкавалася газета, быў зразумелы лацінскі шрыфт, што выкарыстоўваўся ў польскай мове. Яна з канца XVII ст. была дзяржаўнай у Рэчы Паспалітай, і да яе прызвычаілася сялянства, якое ў жыцці карысталася шматдыялектнай беларускай мовай. Літаратурная беларуская мова ў гэты перыяд яшчэ толькі стваралася. Выйшла 7 нумароў газеты, кожны з якіх пачынаўся зваротам «Дзецюкі!», адрасаваным тым беларускім сялянам-юнакам, якім па ўзросце трэба было ісці выконваць воінскі абавязак у расійскую армію: «Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам!.. Мужык пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць сваё... ні ў кога ласкі прасіць не будзе». К. Каліноўскі прапагандаваў ідэю народнай, сялянскай рэвалюцыі і сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы: «... не народ зроблены для ўрада, а ўрад для народа». Нумары газеты ён падпісваў псеўданімам «Яська, гаспадар з-пад Вільні».

Разыходжанні ўдзельнікаў паўстання ў поглядах адбіліся на ходзе і выніках паўстання. Паўстанне ў Польшчы пачалося ў студзені 1863 г. без узгаднення з ЛПК у Вільні.

Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве (у далейшым стаў Польскім нацыянальным урадам, дзе пераважалі «белыя») не ўлічваў патрабаванняў рэвалюцыйных дэмакратаў на чале з К. Каліноўскім. Фактычнае ігнараванне «белымі» ЛПК паставіла яго перад выбарам: далучыцца да польскага паўстання, якое ўжо пачалося і, такім чынам, падпарадкавацца Варшаве, ці дзейнічаць самастойна.

К. Каліноўскі апынуўся ў дастаткова трагічным становішчы. Ён вымушаны быў з прычыны слабасці рэвалюцыйна-дэмакратычных сіл у Беларусі супрацоўнічаць з польскімі шляхецкімі рэвалюцыянерамі.

Адсутнасць адзінага плана баявых дзеянняў, недахоп сіл і зброі, малая падтрымка, а часта і выступленні супраць шляхты з боку сялянства, аб’яўленне беларуска-літоўскіх губерняў на ваенным становішчы і правядзенне карнай аперацыі супраць паўстанцаў пад кіраўніцтвам віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, рознагалоссі паміж удзельнікамі паўстання паўплывалі на яго вынік. Ужо ў маі 1863 г. паўстанне было падаўлена ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях. Прадчуваючы паражэнне, «белыя» пачалі пакідаць свае пасады ў кіраўніцтве, і ў чэрвені 1863 г. яно перайшло да «чырвоных». Аднак дабіцца пералому ў ходзе паўстання прыхільнікам К. Каліноўскага не ўдалося. Восенню 1863 г. узброеная барацьба ў Беларусі была практычна падаўлена. У Польшчы яна працягвалася яшчэ да восені 1864 г.

У канцы студзеня 1864 г. быў арыштаваны К. Каліноўскі. Знаходзячыся ў турме, ён напісаў і перадаў на волю тры пісьма свайму народу, вядомыя пад назвай «Лісты з-пад шыбеніцы». 3 іх вынікала, што К. Каліноўскі не прызнаваў маскоўскі або польскі ўрады сваімі для беларусаў. Ён заклікаў беларускі народ ісці ваяваць «за свайго Бога, за сваё права,... за сваю Бацькаўшчыну». У свою апошнюю хвіліну, стоячы пад шыбеніцай, К. Каліноўскі пры абвяшчэнні судовага прыгавору, у якім яго назвалі дваранінам, заявіў: «У нас няма дваран — усе роўныя!».

У 1995 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацвердзіу палажэнне аб ордэне К. Каліноўскага. Новая дзяржаўная ўзнагарода нашай краіны — знак прызнання значнасці асобы К. Каліноўскага ў айчыннай гісторыі. Сучасныя даследчыкі сцвярджаюць, што думкі К. Каліноўскага аб неабходнасці змагання за сваю Бацькаўшчыну, выказаныя ім у «Лістах з-пад шыбеніцы», можна лічыць пачатковым афармленнем беларускай нацыянальнай ідэі.

Нацыянальныя ідэі пачалі афармляцца яшчэ ў XVIII ст. Так, у «Дэкларацыі незалежнасці ЗША» 1776 г. было абвешчана аб стварэнні новай дзяржавы на аснове адзінай і надзвычай справядлівай ідэі: «Мы лічым відавочным, што ўсе людзі нараджаюцца роўнымі і надзяляюцца Богам шэрагам неад’емных правоў, у тым ліку правам на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця». У час пашырэння ідэй Асветніцтва напярэдадні Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыі нарадзілася нацыянальная ідэя французаў: «Свабода. Роўнасць. Братэрства». Яна стала вызначальнай не толькі для французаў, але і для многіх еўрапейскіх народаў.

Пакаленне беларускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў 1860-х гг. на чале з К. Каліноўскім сфарміравалася пад уп-лывам лозунга «За нашу і вашу свабоду!», які азначаў сумесную барацьбу беларускага і польскага народаў за сваё нацыянальнае вызваленне. Аўтарам гэтага лозунга лічыцца Іаахім Лелявель — польскі гісторык і грамадскі дзеяч, ідэйны натхняльнік членаў таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце, удзельнік шляхецкага паўстання 1830 - 1831 гг. Ідэя К. Каліноўскага поўнасцю яшчэ не была сфармулявана і не аддзялілася цалкам ад польскай.

Паслядоўнікамі К. Каліноўскага сталі студэнты-беларусы, што вучыліся ў Пецярбургу. Яны належалі да руху народнікаў — прыхільнікаў народнай (сялянскай) рэвалюцыі, з дапамогай якой яны разлічвалі перайсці да пабудовы новага сацыялістычнага (справядлівага ў адносінах да ўсіх людзей у грамадстве) ладу. Арганізаваўшы выданне часопіса «Гоман» (у 1884 г. выйшлі два яго нумары), яны ў артыкулах, змешчаных тут, тэарэтычна абгрунтавалі беларускую нацы-янальную ідэю. Гоманаўцы даказвалі існаванне самастойнага беларускага этнасу: «3 усіх народнасцей, што ўваходзяць у склад сучаснай Расіі, лёс беларусаў, як вядома, прыкметны тым, што на іх ужо з даўніх часоў прывыклі глядзець як на нейкі матэрыял для ўсемагчымых эксперыментаў, а не як на жывую народнасць, здольную самастойна распараджацца сабою. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, бліжэйшыя суседзі беларусаў, карыстаючыся правам моцнага, рабілі над ім свае вопыты і бесцырымонна накладалі жорсткія рукі на жывы арганізм беларускай народнасці, прадвырашыўшы, што яна павінна пакорліва падпарадкоўвацца мацнейшым..., растварыўшыся ў велікарускім і польскім моры...”. Гоманаўцы выказалі думку дзяржаўнага ўладкавання Беларусі ў сям’і іншых народнасцей Расіі.

№ 3. Лагічным працягам адмены прыгоннага права стала правядзенне ўрадам Аляксандра II буржуазных рэформаў у 60 - 70-я гт. Так, напрыклад, вайсковая рэформа ўводзіла замест рэкруцкай сістэмы камплектавання арміі ўсеагульную воінскую павіннасць. Земская рэформа прадугледжвала стварэнне земстваў — выбарных органаў для кіравання ў губернях і паветах мясцовай гаспадаркай, адукацыяй, аховай здароўя. На тэрыторыю Беларусі закон аб земствах не распаўсюджваўся ў сувязі з тым, што царскі ўрад пасля паўстання 1863 - 1864 гг. не давяраў мясцовым памешчыкам, якія маглі ў большасці сваёй трапіць у земствы, калі б яны былі створаны.

У выніку судовай рэформы суды сталі ўсесаслоўнымі (у адной судовай установе разглядаліся справы прадстаўнікоў усіх саслоўяў), адкрытымі (судовыя пасяджэнні праходзілі публічна) і незалежнымі ад урада. Пры разглядзе крымінальных спраў уводзіліся прысяжныя засядацелі, якія, не з'яўляючыся прафесійнымі юрыстамі, прымалі рашэнні згодна з дадзенай прысягай сумленна і былі незалежныя ад прафесійных юрыстаў — суддзяў. У дапамогу падсудным уводзілася пасада адваката — абаронцы іх інтарэсаў, які ажыццяўляў свае функцыі, як правіла, за пэўную плату. У Беларусі судовая рэформа пачалася пазней, чым у Расіі, з увядзення ў паветах міравых суддзяў, якія не выбіраліся ў сувязі з адсутнасцю земстваў, а назначаліся міністрам юстыцыі.

Пазней, чым у Расіі, пачалася ў Беларусі гарадская рэформа. Згодна з ёй у гарадах ствараліся выбарныя органы гарадскога самакіравання на аснове маёмаснага цэнзу. Гэта значыць, у выбарах прымалі ўдзел толькі плацельшчыкі гарадскіх падаткаў, якія валодалі маёмасцю (зямля, дамы, прадпрыемствы) на пэўную суму грошай. Рабочыя і рамеснікі, дробныя служачыя, інтэлігенцыя адхіляліся ад удзелу ў выбарах, таму што не плацілі гарадскіх падаткаў. Акрамя таго ў гарадскіх думах абмяжоўвалася прадстаўніцтва яўрэйскага насельніцтва, якое складала большасць гарадскіх жыхароў. У Беларусі правядзенне рэформаў мела свае асаблівасці. Земская рэформа была праведзена толькі ў пачатку XX ст. Мясцовае дваранства з-за значнай перавагі ў ім палякаў, якім царскі ўрад не давяраў пасля паўстання 1863 - 1864 гг., было пазбаўлена права на выбарнае самакіраванне. Міравыя суддзі Беларусі не выбіраліся, а прызначаліся. Буржуазныя рэформы 60 - 70-х гт. XIX ст. мелі вельмі непаслядоўны і супярэчлівы характар. Адкрываючы шлях для развіцця капіталізму і станаўлення буржуазнага грамадства, яны не закранулі асноў самадзяржаўнай улады, не ліквідавалі саслоўнае і нацыянальнае нераўнапраўе насельніцтва. Працэс мадэрнізацыі быў замаруджаны ў выніку ваеннага становішча, уведзенага ў пачатку 60-х гг. у сувязі з паўстаннем 1863 г. і адмененага толькі ў 1870 г.

№ 5. Шляхі дзяржаўнага ўладкавання Расіі, вырашэння аграрнага і нацыянальнага пытанняў былі вызначаны рознымі палітычнымі сіламі, аб'яднанымі ў тры палітычныя лагеры.

Урадавы лагер імкнуўся любымі сродкамі захаваць у краіне самадзяржаўе, саслоўныя прывілеі дваранства, памешчыцкае землеўладанне і іншыя феадальна-прыгонніцкія перажыткі. Яго важнейшай апорай з'яўляліся армія і паліцыя.

Буржуазна-ліберальны лагер быў прадстаўлены рознымі палітычнымі партыямі і арганізацыямі. Так, напрыклад, кадэты імкнуліся да ўвядзення ў Расіі канстытуцыйнай манархіі з парламентам. Іх дзейнасць шырокай падтрымкі ў Беларусі не атрымала. Акцябрысты падтрымалі царскі Маніфест 17 кастрычніка 1905 г., які даў магчымасць прадстаўнікам буржуазіі ўдзельнічаць у дзейнасці Дзяржаўнай думы.

Вядучай сілай рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера з'яўляўся пралетарыят, які перайшоў да адкрытай палітычнай барацьбы з самадзяржаўем. Унутры лагера не існавала ідэйна-палітычнага адзінства. Бальшавікі падзялялі марксісцкую ўстаноўку на ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту шляхам сацыялістычнай рэвалюцыі. Цалкам самастойную палітыку праводзіў Бунд, які абвясціў сябе нацыянальнай арганізацыяй яўрэйскіх рабочых у Расіі. ПСР і БСГ імкнуліся абаперціся ў сваёй дзейнасці ў аднолькавай ступені яж на рабочых і сялян, так і на інтэлігенцыю. Нягледзячы на розныя погляды па пытанні аб шляхах пабудовы сацыялістычнага грамадства, названыя партыі і арганізацыі выкарыстоўвалі ў барацьбе з самадзяржаўем тактыку «левага блока», якая заключалася ў лозунгу «ісці розна — біць разам». У рэвалюцыйна-дэмакратычны лагер уваходзілі таксама Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ) і Польская сацыялістычная партыя ў Літве (ППС на Літве).

3. Прычынамі першай расійскай рэвалюцыі з’яўляліся:

  • нявырашанасць аграрнага пытання,

  • існаванне царскага самадзяржаўя,

  • нявырашанасць нацыянальнага пытання,

  • наступствы руска-японскай і 1-й сусветнай войнаў.

Асноўныя падзеі першай расійскай рэвалюцыі 1905— 1907 гг. у Беларусі былі, перш за ўсё, адзначаны выступленнямі салідарнасці ў сувязі з падзеямі «Крывавай нядзелі» 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу, калі царскімі войскамі было расстраляна мірнае шэсце рабочых да Зімовага палаца — рэзідэнцыі цара Мікалая II. Такім чынам, была расстраляна вера рабочых «у добрага цара». Вясной - летам 1905 г. назіраўся ўздым эканамічных і палітычных забастовак у сувязі са святкаваннем дня салідарнасці працоўных — 1 Мая. Летам пад уплывам рабочага руху ўзмацнілася барацьба сялян з памешчыкамі. На вёсцы пашыралася новая форма барацьбы — агульныя забастоўкі сялян. Адбыліся таксама салдацкія хваляванні ў Мінску і Віцебску.

У кастрычніку 1905 г. працоўныя Беларусі прынялі актыўны ўдзел ва Усерасійскай палітычнай стачцы. Гэтымі выступленнямі ў Беларусі кіравалі кааліцыйныя саветы, а у буйных цэнтрах рэвалюцыйнага руху ў Расіі — Саветы рабочых дэпутатаў. У кааліцыйныя саветы, як правіла, уваходзілі прадстаўнікі РСДРП і Бунда.

18 кастрычніка ў гарадах Беларусі быў абвешчаны Маніфест цара Мікалая II ад 17 кастрычніка 1905 г. Паводле яго створаная ў жніўні 1905 г. як дарадчы орган пры цары Дзяржаўная дума — правобраз парламента Расіі — надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі. Упершыню ў гісторыі Расіі абвяшчаліся свабоды слова, друку, сходаў, веравызнаня, недатыкальнасць асобы. Дарэчы, у сувязі з падпісаннем маніфеста ў Расіі быў створаны “Саюз 17 кастрычніка”. Яго прадстаўнікі («акцябрысты») — асноўная частка буржуазіі — былі задаволены магчымасцю правесці сваіх дэпутатаў у Дзяржаўную думу.

У Мінску пры патуранні мясцовай улады 18 кастрычніка 1905 г. быў расстраляны шматлюдны народны мітынг, на якім абмяркоўваўся Маніфест. Гэта падзея атрымала ў гісторыі назву «Курлоўскі расстрэл» у сувязі з тым, што тагачасным губернатарам Мінска быў П. Курлоў. Мітынг быў расстраляны таксама і ў Віцебску. У адказ на «Курлоўскі расстрэл» частка членаў партыі эсэраў, якая прытрымлівалася тактыкі індывідуальнага тэрору, вырашыла адпомсціць губернатару. Выканаўцамі замаху сталі І. Пу-ліхаў (у мінулым студэнт Пецярбургскага універсітэта) і Аляксандра Ізмайловіч. Непасрэдны ўдзел у арганізацыі замаху прыняла і БСГ, якая ў той час падзяляла погляды народнікаў (хаджэнне ў народ дзеля агітацыі на карысць сацыялістычнай ідэі і правядзенне тэрору як сродку самаабароны). Аднак бомба, кінутая I. Пуліхавым у Курлова, трапіўшы ў яго галаву, не ўзарвалася. Яе механізм яшчэ напярэдадні быў абясшкоджаны супрацоўнікамі тайнай паліцыі. I. Пуліхаў быў павешаны на браме Мінскай турмы (будынак былога Пішчалаўскага замка на сучаснай вул. Валадарскага ў Мінску).

Кастрычніцкая палітычная стачка ў гарадах паўплывалі на рост колькасці сялянскіх выступленняў. У снежні 1905 выступленнем сялян у в. Пінкавічы Пінскага павета кіраваў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), які ў той час працаваў школьным настаўнікам.

У снежні 1905 г. па напале барацьбы становішча ў шэрагу беларускіх гарадоў было вельмі блізкім да ўзброенага паўстання, але яно, у адрозненне ад Масквы, не адбылося. Мясцовыя камітэты чакалі зыходу барацьбы ў сталіцах, а дачакаліся прыбыцця карных атрадаў, супрацьстаяць якім яны не маглі. Многія снежаньскія выступленні рабочых і сялян Беларусі былі падаўлены з дапамогай узброенай сілы.

У 1906 г. назіраўся спад рабочага і сялянскага руху. У снежні 1905 г. цар аб'явіў аб правядзенні выбараў у I Дзяржаўную думу. Большасць у I Думе заваявалі кадэты. Яны прапанавалі стварыць дзяржаўны зямельны фонд з казённых, манастырскіх, часткі памешчыцкіх зямель для надзялення ёю сялян. Большасць сялянскіх дэпутатаў з пяці заходніх губерняў такія меры лічылі недастатковымі, таму што імкнуліся да замацавання зямлі ў асабістую ўласнасць. У адрозненне ад прадстаўнікоў расійскага сялянства, яны не падтрымалі таксама і праграмнае патрабаванне фракцыі (гр-пы) трудавікоў нацыяналізацыі зямлі. Пры нацыяналізацыі зямлі прапаноўвалася захаваць дзяржаўную ўласнасць на зямлю з ліквідацыяй памешчыцкага землеўладання. Зямля перадавалася ў распараджэнне выбраным сялянамі мясцовым зямельным камітэтам, якія павінны былі, у сваю чаргу, падзяліць зямлю згодна з прынцыпам ураўняльнага землекарыстання, г. зн. паводле працоўнай нормы сярод сялян.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]