Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Лекцыя 4

.doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
131.07 Кб
Скачать

Лекцыя № 4

Тэма: Пачатак новага часу.

Палітычнае і эканамічнае становішча

Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай

(канец XYIXYIII стст.)

Пытанні:

  1. Пачатак Новага часу. Галоўныя рысы палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага развіцця заходнееўрапейскіх краін.

  2. Утварэнне Рэчы Паспалітай. Люблінская вунія і яе вынікі.

  3. Эканамічнае развіццё і сацыяльныя супярэчнасці ў Беларусі ў XYI – XYIII стст.

  4. Рэлігійнае становішча ў Беларусі. Брэсцкая царкоўная вунія.

  5. Рэч Паспалітая ў ваенных канфліктах сярэдзіны XYII – XYIII стст.

  6. Крызіс і падзелы Рэчы Паспалітай.

Літаратура да лекцыі № 4:

  1. Іванова Я. Гісторыя рэлігіі. Рэфармацыйны рух на Беларусі (2-я пал. XVI – 1-я пал. XVIII стст.) // Беларускі гістарычны часопіс. – 1997. - № 2. – С. 54.

  2. Орлов. В.А. Тайны полоцкой истории. – Мн.: Беларусь, 1995.

  3. Сасим. А.М. Всемирная история: Новое и Новейшее время: Справочное пособие / А.М. Сасим. – Мн.: «Экоперспектива», 2001.

  4. Святагор В. Праваслаўная царква на Беларусі // Спадчына. – 1997. - № 2. – С. 119.

  5. Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А.У. Александровіч і інш. – 2-е выд., дап. – Мн.: Полымя, 1993.

  6. Уния в документах / Сост. Теплова В., - Мн., 1997.

  7. Філатава А. Рэч Паспалітая абодвух народаў // Беларуская думка. – 1992. - № 11, 12.

  8. Царанкоў Л. Уніяцтва на Беларусі // Звязда. – 1990. – 26 верасня.

  9. Чаропка В. Імя ў летапісе. – Мн., 1994.

№ 1. У XYIXYIII стст. на змену феадальнаму ладу прыйшлі капіталістычныя, буржуазна-ліберальныя парадкі Новага часу. Гэты перыяд суправаджаўся глыбокімі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі супярэчнасцямі і вострай ідэалагічнай барацьбой. Канфліктны характар эпохі праявіўся ў буржуазных рэвалюцыях у Нідэрландах, Англіі, Францыі, Паўночнай Амерыцы. Рэлігія, разуменне прыроды, грамадства, дзяржаўны лад – усё трапіла пад жорсткую крытыку і моцны ўплыў розуму.

Вялікія геаграфічныя адкрыцці, рэлігійныя войны, прамысловыя і сацыяльныя рэвалюцыі непазнавальна змянілі аблічча Еўропы. Адбывалася збліжэнне краін і народаў, якое, аднак, не было добраахвотным. Пачынаючы з XY ст. Еўропа ажыццявіла грандыёзную экспансію і ўстанавіла сваё панаванне над светам. У выніку гісторыя сапраўды стала сусветнай.

Паняцце “Новы час” узнікла ў эпоху Адраджэння (XIY – першая палова XY стст.). Росквіт навукі і мастацтва таго перыяду гуманісты назвалі “новай эпохай”, бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гуманісты звязвалі з ёй вялікія надзеі і нават падзялілі гісторыю чалавецтва на старажытную, сярэднюю і новую.

Гісторыя Новага часу ахоплівае некалькі стагоддзяў. Яна пачынаецца ў XYI ст. і заканчваецца пачаткам XX ст. За гэты час чалавецтва прайшло шлях ад безагаворачнай веры ў ідэю прагрэса і светлага будучага да знішчальнай Першай сусветнай вайны (1914 – 1918 гг.). Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вялікія перыяды. За пункт другога звычайна бяруць Французскую буржуазную рэвалюцыю канца XYIII ст., якая завяршыла папярэдні этап развіцця і адкрыла новы, што закончыўся Першай сусветнай вайной і Кастрычніцкай рэвалюцыяй.

Асноўны змест новага часу – хуткі рост і ўмацаванне Заходняй цывілізацыі. На захадзе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства – капіталізм. Яго з’яўленне часта характарызуецца як “еўрапейскі цуд”. Менавіта пры капіталізме еўрапейцы стварылі індустрыяльную сістэму прадукцыйных сіл, якая проціпаставіла іх усяму дакапіталістычнаму свету. Дзякуючы ваеннай і тэхнічнай перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў XYI – XYIII стст. народы Азіі, Афрыкі, Амерыкі. Еўрапейцы прыйшлі на іншыя кантыненты не толькі са зброяй. Разам з імі пранікалі навуковыя і тэхнічныя веды, чыгункі і паравозы, газеты і парламент і інш. Не без цяжкасцей і паступова краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі засвойваюць многія еўрапейскія адкрыцці і дасягненні, што маюць агульначалавечае значэнне. У ходзе гэтага складанага і супярчлівага працэсу Японія, напрыклад, нават абганяе ў наш час сваіх еўрапейскіх настаўнікаў, як некалі еўрапейцы абганялі Азію.

З XYI ст. у Заходняй Еўропе сталі вельмі хутка развівацца таварна-грашовыя адносіны, павялічылася колькасць мануфактур, ствараліся новыя банкі і біржы, гандлёвыя і фінансавыя кампаніі. З’явіўся чалавек новага сацыяльнага тыпа – прадпрымальнік, гандляр, фермер, арганізатар якой-небудзь гаспадарчай дзейнасці.

У XYII ст. адбылася сапраўдная навуковая рэвалюцыя ў грамадазнаўстве, былі закладзены асновы сучаснай навукі, якія абапіраліся на матэматычныя метады даследавання, назірання і эксперымента. Былі вынайдзены тэлескоп, мікраскоп, больш сучасны гадзінік з гірамі і маятнікам. Кеплер адкрыў законы руху планет, якімі да сёняшняга часу карыстаюцца астраномы. Галілей з дапамогай асабіста зробленага тэлескопа адкрыў мноства нябачных зорак, горы на Луне, спутнікі Юпіцера, плямы на Сонцы. Адкрыцці Кеплера і Галілея пацвердзілі высновы польскага вучонага Мікалая Каперніка, што Зямля рухаецца вакол Сонца, а не наадварот.

Нягледзячы на войны і рэвалюцыі, асобае месца займае XIX ст. У Еўропе ўзнікла індустрыяльная цывілізацыя. Трагічную рысу пад гэтымі спадзяваннямі падвяла Першая сусветная вайна, якая бязлітасна высвяціла адмоўныя бакі індустрыяльнай цывілізацыі і падарвала непахісную веру людзей у неабмежаваныя магчымасці навукова-тэхнічнага прагрэсу.

№ 2. Новая дзяржава з назвай Рэч Паспалітая, што ў перакладзе з польскай мовы азначае рэспубліка (res – “справа”, publika – “агульнанародная” з лацінскай мовы) утварылася ў 1569 г. Гэта дзяржава ўяўляла сабой саюз ВКЛ і Польскага каралеўства. Папярэдняй спробай падобнага саюза гісторыкамі лічыцца пагадненне 1385 г.

Прычыны, якія прывялі да заключэння дзяржаўнай вуніі ВКЛ з Польшчай, заключаліся ў наступным:

  • Цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ у сувязі з Лівонскай вайной;

  • Імкненне пануючага саслоўя – шляхты ВКЛ да набыцця шляхецкіх вольнасцей, якімі валодала шляхецкае саслоўе ў Польшчы;

  • Жадане шматлікай (прыкладна ў 2 разы па колькасці большай, чым у ВКЛ) польскай шляхты падпарадкаваць ВКЛ у якасці багатага прыдатка да Польшчы і атрымаць для сябе новыя землі і пасады (была нават прапанова замяніць назву “Літва” на назву “Новая Польшча”);

  • Роля кіраўніцтва каталіцкай царквы, якое разлічвала праз саюз Польшчы – краіны, дзе пануючае становішча займала каталіцкая рэлігія, з ВКЛ пашырыць уплыў каталіцызму на ўсход – на беларускія, украінскія, рускія землі.

У 1569 г. адбыўся Люблінскі сейм, які працягваўся 6 месяцаў. Яго падзеі адлюстраваны на карціне польскага мастака Яна Матэйкі “Люблінская вунія”, створанай ў XIX ст. На сойме польскай шляхце ўдалося дабіцца ад Жыгімонта Аўгуста – караля Польшчы і вялікага князя літоўскага – значных тэрытарыяльных саступак. Шэраг найбагацейшых зямель ВКЛ (Кіеўшчына, Падолле, Валынь) быў уключаны ў склад Польшчы, у выніку чаго тэрыторыя ВКЛ значна звузілася.

Нельга не зазначыць, што з пункту гледжання заканадаўства Вялікага княства Літоўскага дзеянні Жыгімонта II Аўгуста былі не толькі гвалтоўныя (бо прысяга адбывалася пад страхам пазбаўлення маёнткаў, пасад, высылкі з краю), але і незаконныя. Згодна з законамі ВКЛ, гаспадар не меў права змяншаць тэрыторыю дзяржавы і выдаваць якія-небудзь заканадаўчыя акты без згоды рады і сейма. Больш таго, вялікі князь, уступаючы на трон, даваў прысягу і абяцаў дейнічаць толькі згодна з дзяржаўнымі законамі. Таму дзеянні Жыгімонта II Аўгуста па далучэнні часткі ВКЛ да Полшчы трэба разглядаць як здраду вялікага князя літоўскага сваёй Айчыне і свайму народу.

У складзе ВКЛ засталіся Літва і Беларусь. Пад страхам далучэння іх да Польшчы ў Люблін вярнуліся паслы ад гэтай групоўкі княства. Спачатку яны імкнуліся даказаць незаконнасць аннексіі часткі ВКЛ. Але, згубіўшчы надзею на яе зварот, паслы прыкладвалі намаганні захаваць хоць якія-небудзь атрыбуты дзяржаўнасці.

Пачаліся цяжкія перамовы. Урэшце сенатары 28 чэрвеня 1569 г., у дзень падпісання вуніі, выступіў Хадкевіч, стараста жмудскі. Ён прасіў караля зберагчы прывілеі ВКЛ не рабіць яму крыўды. “Прыносім Вам найніжайшую просьбу: так правесці да канца гэту справу, каб яна не цягнула за сабою рабавання і ганьбу нам і нашчадкам нашым, - казаў Хадкевіч. – Мы зараз даведзены да таго, што павіннны з пакорнаю просьбай упасці да ног вашай светласці...”. Пры гэтых словах усе літоўска-беларускія паслы і сенатары ад Літвы сталі на калені. Кароль у адках запэўніў, што вунія паслужыць на карысць ВКЛ, а ў далейшым яе можна будзе падправіць.

ВКЛ вымушана была прыняць многія з польскіх умоў аб’яднання дзвюх дзяржаў, якое адбылося 1 ліпеня 1569 г. Агульным вышэйшым органам улады станавіўся сойм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Польшчы (асобных соймаў як для Польшчы, так і для ВКЛ не прадугледжвалася).

Кіраўнік саюза дзяржаў, якога маглі выбіраць феадалы Польшчы і ВКЛ, таксама быў агульным. Напрыклад, кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый (1576 – 1586 гг.) быў прызнаны шляхтай ВКЛ таксама і вялікім князем. У час Лівонскай вайны пад яго кіраўніцтвам быў адваяваны Полацк. Рэзідэнцыяй Баторыя стаў горад Гародня, дзе для яго патрэб быў перабудаваны замак, а сам кароль бавіў час за сваім любімым заняткам – на паляванні.

Асобнымі ў ВКЛ і Польшчы захоўваліся:

  • Адміністрацыйны аппарат (дзяржаўныя пасады);

  • Заканадаўства (у ВКЛ яно было прадстаўлена Статутам 1588 г.);

  • Судовая арганізацыя (вышэйшым судовым органам у ВКЛ з’яўляўся з 1581 г. Галоўны трыбунал);

  • Войска (яго асновай у XYI ст. у ВКЛ з’яўлялася паспалітае рушэнне – усеагульнае апалчэнне, што складалася са шляхты і жаўнераў – ваеннаабавязаных мужчын, якіх выстаўляў са сваіх зямельных уладанняў кожны шляхціц);

  • Тытул (захоўаліся афіцыйныя назвы дзяржаў пры існаванні агульнай назвы Рэч Паспалітая);

  • Пячатка з сімвалам дзяржавы (у ВКЛ – выявы “Пагоні”, у Польшчы – выявы “Арла”);

  • Мова афіцыйнага справаводства (старабеларуская – у ВКЛ, польская і лацінская – у Польшчы).

Вынікі Люблінскай вуніі заключаліся ў тым, што ВКЛ разам з Польшчай утварылі Рэч Паспалітую. Такое аб’яднанне дзвюх дзяржаў называецца федэрацыяй – дзяржавай, што складаецца з самастойных дзяржаўных утварэнняў, аб’яднаных на пэўных умовах у адзіную краіну.

Вынікамі Люблінскай вуніі засталася незадаволена большая частка магнатаў ВКЛ, якой трэба было дзяліць палітычную уладу з польскімі магнатамі. Да таго ж, згодна вуніі польская шляхта мела права атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах ВКЛ, а шляхта ВКЛ практычна згубіла такое права ў тых раёнах, якія былі далучаны да Польскага каралеўства.

Вынікі Люблінскай вуніі выявіліся ў так званай паланізацыі – апалячванні беларуска-літоўскай шляхты праз далучэнне яе да польскіх шляхецкіх вольнасцей. У 1696 г.шляхце ВКЛ, як і польскай шляхце, было нададзена права поўнага кантролю за дзейнасцю караля, што значна абмяжоўвала яго ўладу і давала шляхце магчымасць не падпаадкоўвацца каралю, калі той адмовіцца ад выканання шляхецкіх прывілеяў. У шматнацыянальным ВКЛ з цягам часу фарміруецца новая супольнасць (аб’яднанне людзей) – народ шляхецкі, які складаўся ў большасці сваёй з шляхты, аб’яднанай адзінымі правамі і прывілеямі, у значнай ступені адзінай рэлігіяй (каталіцтвам), а таксама польскай мовай. У 1696 г. усё афіцыйнае справаводства ў Рэчы Паспалітай было пераведзена на польскую мову, якая набыла статус дзяржаўнай.

Такім чынам, Люблінская вунія – гэта вынік шматгадовай барацьбы Польскага Каралеўства з Вялікім княствам літоўскім (з 1385 г.) за інкарпарацыю апошняга ў Польскую Карону. Вялікую ролю ў гэтай справе адыграла стратэгія і тактыка Ватыкана, накіраваная на прасоўванне каталіцызму на Русь. Для Беларусі – гэта пагроза поўнага акаталічвання і паланізацыі краю.

Антыпольскія настроі ўвасобіліся ў барацьбе за захаванне самастойнасці ВКЛ. Стабілізацыя знешняй сітуацыі і палітычна-эканамічнае ўмацаванне ВКЛ дазвалялі ў шэрагу выпадкаў не лічыцца з асобнымі палажэнямі акта Люблінскай вуніі. У прыватнасці, на працягу 70-80-х гг. у ВКЛ рэгулярназбіраліся агульнадзяржаўныя сеймы. У 1582 г. быў створаны Галоўны трыбунал – вышэйшы судовы орган для ВКЛ. У 1588 г. з удзелам канцлера ВКЛ Льва Сапегі быў падрыхтаваны і выданы Статут ВКЛ. У ім было сказана, што займаць дзяржаўныя пасады і атрымліваць землі ў Вялікім княстве маглі толькі грамадзяне ВКЛ. Таксама барацьбой за захаванне беларускай мовы можна лічыць ідэі Васіля Цяпінскага. Напрыклад, ў пралоге да “Евангелля” 1580 г. ён прызываў народ да развіцця нацыянальнай культуры, адукацыі на роднай мове. Такім чынам, нельга гаварыць пра тое, што Карона Польская поўнасцю паглынула Вялікае княства Літоўскае.

№ 3. У XYI ст. побач з феадальнай гаспадаркай, якая мела натуральны характар (у такой гаспадарцы ўжывалася ўсё, што выраблялася, прадукцыя не прызначалася для гандлю), усталёўваецца фальваркавая гаспадарка, прадукцыя якой прызначалася на продаж. Пераход да фальваркавай гаспадаркі быў звязаны з развіццём гандлю збожжам, які даваў феадалам усё большы прыбытак.

Рост попыту на збожжа выклікаў пашырэнне плошчы пасяўных зямель. Таму вытворчасць у фальварковай гаспадарцы была заснавана на выкананні работ па апрацоўцы зямлі і зборы ўраджаю сялянамі. Аднак, зямля не належала тым, хто яе апрацоўваў. Магнаты і шляхта заканадаўча аформілі сваё права на валоданне зямлёй. Сяляне вымушаны былі звяртацца да шляхціца, каб той выдзеліў ім зямельны надзел. За карыстанне надзелам селянін выконваў пэўныя павіннасці. Галоўнымі з іх, як і раней, заставаліся паншчына – адпрацоўка пэўнай колькасці дзён на тыдзень на зямлі феадала (у XYI ст. яна павялічылася з 1 да 2, а ў XYII ст. складала ўжо 3-4 дні на тыдзень) і чынш – грашовы падатак (у тых месцах, дзе апрацоўка панскай зямлі была немэтазгоднай). У сувязі з пашырэннем таварна-гаршовых адносін значнае месца пачалі займаць грашовыя падаткі (чынш), якія складалі дастаткова значную для сялян суму. Усяго існавала каля 120 – 140 сялянскіх павіннасцей.

Каб упарадкаваць сялянскае землекарыстанне і павіннасці сялян, была ўведзена адзіная стандартная мера зямельнай плошчы – валока, роўная 21,36 га, з якой ад сялян патрабаваліся аднолькавыя падаткі і павіннасці. У 1557 г. вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам II Аўгустам быў падпісаны дакумент пад назвай “Устава на валокі”, які прадугледжваў правядзенне аграрнай рэформы – шэрагу мерапрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі. Сялянскія гаспадаркі атрымалі ў сярэднім адну валоку на дзве сям’і, і сярэдні сялянскі надзел складаў прыблізна 10,6 га – паўвалокі. Лепшыя землі адышлі пад панскія фальваркі – двор і гаспадарку землеўласніка. Увядзенне валокі азначала далейшае запрыгоньванне сялян.

Шмат зямельных уладанняў дзяржавы, царквы, магнатаў здаваліся ў арэнду (выкарыстанне за пэўную плату на пэўны тэрмін) арандатарам – часовым гаспадарам, якія імкнуліся “выбіць” як мага больш грошай з падуладных сялян. Адсюль – барацьба супраць арандатараў, прыкладам якой стала Крычаўскае паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы ў 1740 – 1744 гг. Цікава, што паўстанцы выступілі не супраць уладальніка гэтых зямель Радзівіла, які выглядаў у вачах сялян нейкім панам-дабрадзеем, які сам непасрэдна не прыгнятаў сялян, а супраць арандатара. Паўстанне было падаўлена.

У выніку рэформы адбыліся змены ў прававым становішчы сялян. Пасля рэформы з часам знікае чэлядзь нявольная, якая зліваецца з прыгонным сялянствам. Пакрыху змяншаецца колькасць “пахожых” людзей, а з канца XYI – першай паловы XYII стст. “пахожыя” і “непахожыя” зліваюцца ў адну групу прыгоннага сялянства.

З другой паловы XYII ст. пачынаецца эканамічны заняпад Беларусі, які быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, разбурэннем гаспадаркі як у выніку антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбы, так і знешніх войнаў (польска-руская, польска-шведская, Паўночная). Цэлыя паветы былі ўшчэнт разбураны, спалены, зруйнаваны (Гродзенскі, Браслаўскі, Ваўкавыскі, Аршанскі, Брэсцкі і інш.). Разруху суправаджалі голад і эпідэмі тыфу (1653, 1658, 1664). Аднаўленне гаспадаркі было спынена распачатай Паўночнай вайной (1700 – 1721 гг.). Войны, засухі, эпідэміі амаль удвая скарацілі колькасць насельніцтва Беларусі.

Да 60-х гг. XYIII ст. стараннай працай сялян сельская гаспадарка была адноўлена: значна павялічылася плошча ворных зямель, з’явілася тэндэнцыя да параённай спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Рост таварнасці сельскай гаспадаркі садзейнічаў паглыбленню дыферэнцыяцыі вёскі насуперак усім захадам феадалаў. Павялічваецца колькасць, з аднаго боку, заможных слян, з другога, - пазбаўленых сродкаў вытворчасці каморнікаў, кутнікаў, бабылёў. Маёмасная дыферэнцыяцыя вёскі стварала рынак працоўных рук. Наёмныя рабочыя атрымлівалі грашовую плату і плату натурай. З другой паловы XYIII ст. назіраецца перадача маёнткаў у залог, якія з цгам часу пераходзілі ва ўласнасць залогатрымальнікаў. Гэта быў першы эканамічны парастак капіталізму ў нетрах феадалізму.

Рост абмену прадуктамі паміж горадам і вёскай, пашырэнне таварна-грашовых адносін прывялі ў XYI ст. да колькаснага росту гарадоў і гарадскога насельніцтва ВКЛ. Практычна ўсе гарады ў гэты перыяд атрымалі магдэбургскае права. Адасобленыя часткі горада, якія знаходзіліся пад уладай магната, называліся юрыдыкамі. На іх не распаўсюджвалася ўлада органа гарадскога самкіравання – магістрата.

Войны другой паловы XYII – XYIII стст. прывялі беларускія гарады да страшэннага разбурэння. Значна скарацілася іх насельніцтва. Не паспявалі падняцца з руін гарады, як зноў пачыналася чарговая вайна. У XYI ст. у беларускіх гарадах, дзе ад 25 да 50 % насельніцтва займалася рамяством, узніклі цэхі – арганізацыі майстроў па разнастайных спецыяльнасцях. Рамеснік, які не ўваходзіў у такую арганізацыю, не мог прадаваць сваю прадукцыю на рынку. Каб дасягнуць высокага звання майстра, трэба было спачатку стаць яго вучнем, а потым падмайстрам, здаць экзамен на зване майстра – вырабіць шэдэўр (арыгінальную рэч, якую называлі “штукай”).

У XYIII ст. цэхавая арганізацыя вытворчасці пачынае саступаць месца мануфатурнай вытворчасці. Мануфактурамі (ад лацінаскага manus – рука, faktura - выраб) называлі прадпрыемствы, заснаваныя на ручной працы і шырокім яе падзеле. Мануфактура з’яўлялася пераходнай формай вытворчасці ад рамяства да фабрыкі. На мануфактурах выкарыстоўвалася наёмная праца і існаваў яе падзел. Мануфактуры ўзнікалі перш за ўсё, у малых гарадах і мястэчках, таму што ў гарадах ім значную канкурэнцыю складалі цэхі. Першыя мануфактуры з’явіліся ў 10-30-х гг. XYIII ст. - Гэта Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры (на тэрыторыі Мінскай вобласці). Урэцкая мануфактура стала першым прадпрыемствам па вырабу люстэрак ва ўсёй Рэчы паспалітай. Ва Урэччы і Налібоках таксама выраблялі аконнае шкло, разнастайны шкляны посуд, які аздаблялі гравіроўкай, граненем І размалёўвалі золатам, срэбрам. Шырокую вядомасць набылі Слуцкая і Нясвіжская мануфактуры шаўковых паясоў (персіярні), якія належалі Радзівілам. Ткацкая мануфактура ў Карэлічах (Гродзенская вобласць) славілася сваімі вырабамі – шпалерамі (бязворсавымі дыванамі) з адлюстраваннем на іх гістарычных падзей, абрусамі, палатном для абіўкі сцен.

Такім чынам, сельская і гарадская гаспадарка Беларусі ў выніку нястомнай працы народа да сярэдзіны XYIII ст. была ў асноўным адноўлена, але гэта не стала асновай трывалага эканамічнага росквіту. Палітычны крызіс, якім даўно ўжо хварэла Рэч Паспалітая, перарастае ў агонію і вядзе дзяржаву да канчатковай згубы.

№ 4. Месца царквы ў ВКЛ доўгі час вызначалася існаваннем дзвюх канфесій (веравызнанняў) хрысціянства. Праваслаўнай веры прытрымлівалася ў XYI ст. большасць усходнеславянскага насельніцтва (беларусы, украінцы). Каталіцкая вера пашыралася і паступова замацоўвала свае пазіцыі на беларускіх землях, дзякуючы палітыцы вялікіх князёў літоўскіх, якія апекаваліся (падтрымлівалі) каталіцтвам.

У 20 – 30-я гг. XYI ст. у ВКЛ усталявалася рэлігійная талерантнасць – верацярпімасць. Пасля заканчэння Люблінскай вуніі 1569 г. праваслаўная царква пачала страчваць вядучае становішча на Беларусі. Яна ў той час вельмі павольна ўспрымала перамены, якія адбываліся ў свеце. Так, напрыклад, мовай пропаведзяў заставалася незразумелая для большасці вернікаў царкоўнаславянская.

У канцы XYI – пачатку XYII стст. у ВКЛ у адказ на прапольска-каталіцкую палітыку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай узніклі брацтвы – нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага, пераважна мяшчанскага, насельніцтва. Яны адыгрывалі вялікую ролю ў пашырэнні асветы, адкрыцці друкарань і кнігадрукаванні.

З другой паловы XYI ст. найбольшую актыўнасць у асветніцкай дзейнасці ў ВКЛ сталі выяўляць езуіты – члены таварыства Ісуса Хрыста, якія праз пашырэнне асветы імкнуліся замацаваць пазіцыі каталіцкай царквы. Заснаваныя імі школы, якія ператварыліся ў калегіумы ў такіх гарадах, як Полацк, Гародня, Менск, давалі высокі ўзровень адукацыі ў параўнанні з пачатковымі школамі пры праваслаўных брацтвах.

Шляхта імкнулася да атрымання вышэйшай адукацыі ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, адкуль пачалі пранікаць на беларускія землі ў сярэдзіне XYI ст. ідэі Рэфармацыі.

Рэфармацыя – шырокі грамадска-палітычны рух, накіраваны супраць усеўладдзя каталіцкай царквы. Прыхільнікі Рэфармацыі выступалі за рэфармаванне каталіцкай царквы, каб яна стала таннай для вернікаў, за богаслужэнне на роднай мове, выказвалі пратэст супраць царквы як буйнога землеўласніка і пышных каталіцкіх набажэнстваў.

У адрозненне ад Заходняй Еўропы рэфармацыйны рух не стаў у ВКЛ народным, а ахапіў толькі вышэйшыя колы грамадства – у першую чаргу магнатаў. Такія магнацкія сямействы, як Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы і іншыя, далучыліся да Рэфармацыі з палітычным разлікам. У перыяд да заключэння Люблінскай вуніі яны жадалі адасобіцца ад каталіцкай Польшчы і замацаваць сваю самастойнасць у кіраванні ВКЛ. Шляхта і гараджане, якія падтрымалі Рэфармацыю, выступалі з патрабаваннем памяншэння платы за правядзенне царкоўных абрадаў і г.д.

Найбольш адметным прадстаўніком рэфармацыйнага руху Беларусі, якога вобразна называюць “бацькам Рэфармацыі” ў ВКЛ, стаў адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў магнацкага роду Мікалай Радзівіл Чорны (1515 – 1565 гг.; яго мянушка “Чорны” азначала колер валасоў).

У ВКЛ з XYI ст. з усіх пратэстанцкіх плыняў найбольшае распаўсюджанне атрымаў кальвінізм. Яго прыхільнікі ўзялі за аснову ідэю пачынальніка Рэфармацыі ў заходняй Еўропе Марціна Лютэра аб тым, што чалавека нельга прымусіць верыць у што-небудзь, што кожны валодае правам на свабоду сумлення (свабоду веры). Кальвіністы лічылі, што ва ўзаемаадносінах паміж Богам і чалавекам апошні выратуе сябе ад пекла толькі праз веру, а не праз царкву. Упершыню за ўвесь час існавання хрысціянства кальвіністы разглядалі працу як доўг чалавека перад Богам і падтрымлівалі прынцып “Хто не працуе, тот не есць”.

Мікалай Радзівіл Чорны садзейнічаў заснаванню друкарні ў Нясвіжы. Тут царкоўны дзеяч катэхізіст (пратэстанцкі настаўнік) і вучоны асветнік Сымон Будны (каля 1530 – 1593 гг.) выдаў у 1562 г. хрысціянскую кнігу ў форме пытанняў і адказаў “Катэхізіс” (сімвал веры). Сымон Будны лічыў, што ў адносінах паміж вернікам і Богам не павінна стаяць царква, галоўным для вернікаў з’яўляецца вера, а не пакланенне яму ў касцёле. Ён адмаўляў агульнапрынятае ў тыя часы ўяўленне людзей аб жыцці душы пасля смерці, не прызнаваў бязгрэшнага зачацця Дзевы Марыі, ад якога нарадзіўся Сын Божы – Ісус Хрыстос.

Ва ўсіх краінах, дзе пратэстанты мелі ўплыў, у другой палове XYI ст. разгарнуўся рэлігійна-палітычны рух супраць Рэфармацыі – контррэфармацыя (слова “контр” азначае супраць). Яго галоўнымі ўдзельнікамі сталі езуіты. Пры гаспадаранні Жыгімонта II Аўгуста іх дзейнасць была нязначнай і набыла моц пры наступных кіраўніках Рэчы Паспалітай, асабліва ў час праўлення Жыгімонта III Вазы (1587 – 1632 гг.). Пачалі зачыняцца пратэстанцкія друкарні і пачатковыя школы, што існавалі пры зборах – пратэстанцкіх абшчынах, а пратэстантаў рознымі шляхамі пераводзілі ў каталіцтва. Аднак контррэфармацыя адбывалася ў ВКЛ не такімі жорсткімі метадамі, як ў іншых краінах (Варфаламееўская ноч з 23 на 24 жніўня 1582 г. у Францыі, калі было выразана каля 20 тыс. пратэстантаў, або спаленне ерэтыкаў – няверных на вогнішчах святой інквізіцыі – суда каталіцкай царквы).

Першапачатковую ўвагу езуіты звярнулі на асобу караля. Давер Жыгімонта II Аўгуста езуіты заваявалі праз пасрэднініцтва яго сястры Ганны. А прыхільнасць Стэфана Баторыя была здабыта дзякуючы Лівонскай вайне. Калі ў 1579 г. Стэфан Баторый быў вымушаны распачаць дзеянні, езуіты прынялі ўдзел у паходзе. Яны мужна пераносілі цяжар паходу, клапатліва даглядалі параненых, гаілі раны і душы скалечаных, выконвалі рэлігійныя абрады. Адданая служба на карысць каталіцызму, дзяржаве і Кароне зрабіла Баторыя шчырым прыхільнікам езуітаў “Калі б я не быў каралём, - любіў ён паўтараць, - быў бы езуітам”. У час асады Полацка С. Баторый паабяцаў пасля перамогі адчыніць у горадзе езуіцкі калегіум. Езуітам перадалі 8 цэркваў і 7 манастыроў разам з маёнткамі. Праваслаўным быў пакінуты адзін кафедральны сабор. На працягу існавання Рэчы Паспалітай каралеўская асоба заўжды была ў цэнтры ўвагі езуітаў.

Важным напрамкам у рабоце езуітаў было ўздзеянне на народныя масы. Тыя, каго прымусілі стаць пратэстантамі, з радасцю вярталіся ў касцёл. Аднак меліся свядомыя антытрынітарыі і кальвіністы. Сярод апошніх езуіты разгарнулі працу на глебе рэлігійнага культу і дабрачыннасці. Побач з калегіумамі езуіты адкрывалі аптэкі, шпіталі, прытулкі для бяздомных, дапамагалі ў часы народных бедстваў.

Сярэдневяковы жыхар не ўяўляў сабе жыцця без рэлігійнага культу: з Богам нараджаўся ды Богу душу аддаваў. Езуітам увайсці ў давер да працоўнага чалавека паспрыяла маравая язва ў Вільні ў 1573 г. Езуіты дапамагалі чым маглі: хлебам і соллю, даглядалі хворых, прымалі споведзь, хавалі нябожчыкаў. Людзі пацягнуліся ў езуіцкі касцёл Святога Яна.

Асаблівую ўвагу яны надавалі моладзі. Прапаганда сярод яе звычайна праводзілася праз навучальныя ўстановы. Побач з Полацкім калегіумам (1580 г.) езуіцкія калегіумы адкрываліся ў Нясвіжы, Оршы, Брэсце, Пінску, Гродне, Віцебску, Навагрудку, Мінску, Слуцку, Жодзішках. Менавіта высокакваліфікаваная адукацыйна-выхаваўчая праца была палітыкай, звернутай у будучыню. Хутка выхаванцы езуітаў пачалі запаўняць адміністрацыйны аппарат ВКЛ, аказваць свой уплыў на вырашэнне ўсіх дзяржаўных і грамадскіх спраў. Аднак, нягледзячы на такую разнабаковую працу, трэба зазначыць: езуіты не здолелі цалкам перамагчы пратэстантызм.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]