Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

кр1 вар4

.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
85.5 Кб
Скачать

БЕЛОРУССКИЙ ГОСУДАРСТВЕННЫЙ УНИВЕРСИТЕТ

ИНФОРМАТИКИ И РАДИОЭЛЕКТРОНИКИ

Кафедра программного обеспечения информационных технологий

Факультет ФНиДО

Специальность ПОИТ

Контрольная работа № 1

по дисциплине «История Беларуси»

Вариант № 4

Выполнил студент:

группа

Зачетная книжка

Минск 2011

Раннефеадальныя княствы на тэрыторыі Беларусі, іх палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё.

З’яўленне першых дзяржаўных утварэнняў ва ўсходніх славян у перыяд ранняга феадалізму цалкам адпавядала аналагічным працэсам у Заходняй Еўропе. Першыя дзяржавы фактычна з’яўляліся племяннымі княжаннямі. Летапісы паведамляюць, што ў другой палове ІХ ст. славянскія плямёны палян, драўлян, славенаў, крывічоў і дрыгавічоў мелі свае племянныя княжанні.

Полацкае княства з цэнтрам у горадзе Полацку было першай дзяржавай, якая ўзнікла на беларускіх землях. Полацк займаў вельмі выгаднае геастратэгічнае становішча. Заходняя Дзвіна ў той час з’яўлялася часткай шляху, па якім ішоў міжнародны гандаль Візантыі і Арабскага халіфата з усходнеславянскімі княствамі і скандынаўскімі краінамі. Ён праходзіў праз Няву, Волхаў, Ловаць, Заходнюю Дзвіну да Дняпра і меў назву шляха «з варагаў у грэкі». Займаючы на гэтай важнай воднай магістралі фактычна цэнтральнае месца, Полацк з умацаванага паселішча хутка ператварыўся ў моцны транзітны і гандлёвы цэнтр.

Акрамя таго, Полацкае княства знаходзілася паміж двума іншымі дзяржаўнымі ўтварэннямі ўсходніх славян — Кіеўскім і Наўгародскім княствамі. Кожнае з гэтых княстваў імкнулася заключыць саюз з Полацкам, каб разам мець эканамічную і ваенную перавагу ў рэгіёне. Вядома, што ў 907 г. Полацк быў саюзнікам Кіева, а полацкая дружына прымала ўдзел у паходзе кiеўскага князя Алега на сталіцу Візантыі — Канстанцінопаль (Царград). Паход скончыўся перамогай Кіева, а Канстанцiнопаль вымушаны быў плаціць даніну і Полацку.

У другой палове Х ст. летапісы згадваюць першага вядомага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў «з-за мора», княжыў у Полацкай зямлі і валадарыў ёю. У гэты ж час Полацк становіцца ахвярай барацьбы за вярхоўную ўладу паміж наўгародскім князем Уладзімірам і яго братам, кіеўскім князем Яраполкам. Саюз з Полацкам мог стаць вырашальным у гэтай барацьбе, таму ў перыяд паміж 975 і 978 г. Уладзімір і Яраполк адначасова звярнуліся да полацкага князя з падобнай прапановай. Летапісы гэтую дыпламатычную акцыю спрошчана падаюць як сватанне вышэйзгаданых князёў да дачкі Рагвалода Рагнеды. Згодна з летапісам, Рагнеда выбрала Яраполка, дадаўшы пры гэтым, што яна не хоча выходзіць за Уладзіміра ― «сына рабыні» (Уладзімір быў пазашлюбным сынам кіеўскага князя). Але хутчэй за ўсё, выбар Рагнеды быў абумоўлены тым, што полацкі князь хацеў бачыць сваім палітычным саюзнікам больш уплывовага і моцнага кіеўскага князя.

Далей для Полацка падзеі разгортваліся вельмі трагічна. Уладзімір з войскам нечакана напаў на горад, знішчыў полацкую княжацкую сям’ю, а Рагнеду прымусова зрабіў сваёй жонкай. Пазней ён забіў Яраполка, заняў кіеўскі трон і на некаторы перыяд (каля 20 гадоў) аб’яднаў пад сваёй уладай Наўгародскае, Полацкае і Кіеўскае княствы. Утвораная Уладзімірам дзяржава атрымала ў гістарыяграфіі назву «Кіеўская Русь».

Залежнасць Полацк ад Кіева працягвалася нядоўга. Пасля 988 г. Рагнеда, якая так і не даравала Уладзіміру забойства сваіх сваякоў, зрабіла няўдалы замах на яго жыццё. Уладзімір параіўся з баярамі і замест пакарання Рагнеды адправіў яе разам з іх сынам Ізяславам назад, у Полаччыну, у спецыяльна пабудаваны горад Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе Мінскай вобласці). Такім чынам, была адноўлена вотчына Рагнеды, а пасля запрашэння палачанамі Ізяслава на княжанне ў Полацк аднавілася ў Полацкай зямлі і дынастыя Рагвалодавічаў — унукаў Рагвалода. З таго часу полацкiя князi вялi барацьбу за аднаўленне і ўмацаванне незалежнасцi Полацка.

Размешчанае на двух важных гандлёвых шляхах — па Дняпру ў Чорнае мора і па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае — Полацкае княства вымушана было ўступіць у барацьбу з двума другімі цэнтрамі ўлады на ўсходнеславянскіх землях — з Кіевам і Ноўгарадам. Тры цэнтры былі вельмі падобныя па свайму палітычнаму і эканамічнаму паходжанню, а з часоў Уладзіміра іх аб’ядноўвалі і дынастычныя сувязі. Агульнымі для гэтых княстваў былі царкоўнаславянская мова і агульнахрысціянскія каштоўнасці, якія пачалі распаўсюджвацца сярод кіруючай эліты.

Значных поспехаў у барацьбе за незалежнасць Полацка дасягнуў сын Ізяслава, князь Брачыслаў (1003 – 1044). Ён паспяхова змагаўся з Ноўгарадам за волакі — сухапутныя шляхі паміж рэкамі, валоданне якімі прыносіла значныя прыбыткі ў скарб. У 1021 г. Брачыслаў здзейсніў паход на Ноўгарад і захапіў горад, але на зваротным шляху ў Полацк быў разбіты кіеўскім князем Яраславам Мудрым (сынам Рагнеды і Уладзіміра). У выніку Брачыслаў і Яраслаў Мудры заключылі саюз, па якому да Полацкага княства далучаліся важныя гарады Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула пры Усяславе Брачыславічы, ці, як называлі яго летапісы, Усяславе Чарадзеі (1044 – 1101). Пры ім канчаткова было зацверджана, што ўладанні Рагвалодавічаў утвараюць асобную, незалежную зямлю, вылучаную з астатняй Русі, і ў другой палове ХІ ст. Полацк зрабiўся асноўным сапернiкам Кiева. Каб паказаць сваю роўнасць з вялікімі князямі Яраславічамі (сынамі Яраслава Мудрага) і падкрэсліць незалежнасць Полацкага княства, па загаду Усяслава ў Полацку быў пабудаваны сабор Святой Сафіі, які стаў уровень з кіеўскім і наўгародскім Сафійскімі саборамі.

У 1065 – 1078 гг. паміж войскамі Усяслава Чарадзея і Яраславічаў адбыўся шэраг бітваў, найбольш жорсткай з якіх была бiтва на Нямiзе ў 1067 г. У сувязі з гэтай падзеяй упершыню ў летапісах згадваецца г. Менск. Бітва на Нямізе была прайграна Усяславам Чарадзеем, а насельнiцтва Менска знішчана. Апісваючы гэтую падзею, летапiсец адзначаў: «На Нямізе снапы сцелюць з галоваў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жываты кладуць, веюць душу ад цела...».

З рэшткамі сваёй дружыны Усяслаў адышоў да Дняпра, але падманам быў захоплены Яраславічамі ў палон. Больш за год прасядзеў полацкі князь у порубе (турме) у Кіеве, пакуль не быў вызвалены паўстаўшымі жыхарамі горада. Усяслаў Чарадзей на некаторы час стаў кіеўскім князем, але потым вярнуўся ў Полацк.

У 1097 г. у Любечы адбыўся з’езд князёў Рурыкавічаў, на якім адбылася спроба ўпарадкавання адносін паміж нашчадкамі Яраслава Мудрага. Яго вотчына раздзялілася на ўдзелы трох ліній – Ізяславічаў, Святаславічаў і Усеваладавічаў. Гэтая дамова не тычылася Полацкай зямлі, і таму Усяслаў Чарадзей не быў запрошаны на гэты з’езд. Такім чынам, нашчадкі Яраслава Мудрага прызналі незалежнасць Полацкага княства. Да канца ХІ ст. вотчына Усяслава не ведала спусташэнняў, і гэта быў перыяд, калі Полацкае княства дасягнула найбольшай сваёй магутнасці.

Вышэйпералічанае дазваляе сцвярджаць, што Полацкае княства было першай дзяржавай на беларускiх землях, паколькi Полацкая зямля мела ўсе неабходныя атрыбуты дзяржаўнасці.

1. Тэрыторыю — узнiкшы як горад на беразе Дзвiны i Палаты, Полацк здолеў аб’яднаць паўночна-ўсходнюю i цэнтральную часткi беларускiх зямель. У другой палове ХІ ст., у перыяд найбольшай магутнасці Полацкага княства, яно межавала з Наўгародскай зямлёй на поўначы, са Смаленскай — на ўсходзе, з Тураўскай — на поўдні, з балцкімі народамі — на захадзе.

2. Насельніцтва, якое ўсведамляла сябе жыхарамі менавіта гэтай дзяржавы і адрознівала сябе ад тых, хто жыў за межамі іх княства. Жыхары Полацкага княства называлі сябе крывічы-палачане.

3. Органы кіравання, якія ў Полацкім княстве можна вызначыць як княжацка-вечавы лад. Веча — агульны сход грамадзян, які збіраўся ў Полацку. Веча валодала вялікімі паўнамоцтвамі: запрашала князя, а таксама магло прагнаць яго («указаць яму шлях»), абвяшчала вайну і заключала мір, прызначала падаткі. Практычна ўсе найважнейшыя справы дзяржаўнай палітыкі ажыццяўляліся толькі са згоды большасці паўнапраўных грамадзян. Веча кантралявала дзейнасць князя і здзяйсняла вышэйшы суд.

Паўнамоцтвы князя распаўсюджваліся ў асноўным у сферы выканаўча-распараджальнай дзейнасці. Ён абавязаны быў клапаціцца пра абарону краіны, кіраваць войскам і збіраць падаткі. Полацкае княства мела сваю ўласную дынастыю Рагвалодавічаў — «Рагвалодавых унукаў».

Епіскап у Полацку займаў вельмі высокае грамадскае палажэнне. У перыяд раздробленасці ён быў адзіным старэйшым прадстаўніком усёй Полацкай зямлі, бо князёў было шмат па розных полацкіх удзелах. Да яго імя пісаліся дагаворы, якія заключаліся полацкім вечам, да іх прымацоўвалася яго пячатка. Прыкладам можа служыць грамата полацкага біскупа Якава ў Рыгу (каля 1300 г.). Словы гэтага дакумента "своими детми исправу дамь" пацвярджаюць важную ролю біскупа ў судзе. Полацкія біскупы адносіліся разам з князямі да вузкага кола асоб, нгго мелі віслыя пячаткі, якія прымацоўваліся да дакументаў.

4. Войска. Галоўнай ваеннай сілай з’яўлялася княжацкая дружына. Полацкая дружына ўжо ў 907 г. прымала ўдзел у паходзе кіеўскага князя Алега на Царград.

5. Законы. Пануючым было так званае «звычаёвае права» — сістэма няпісаных прававых норм, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін і абапіраліся на агульнапрынятасць і даўнасць ужывання і прызнаваліся дзяржавай.

6. Падатковая сістэма. Падаткі з насельніцтва збiраліся князем разам з дружынай у выглядзе данiны натуральнымі прадуктамі: зернем, мёдам, футрам i г.д. Збор данiны ва ўсходніх славян называўся «палюддзе».

Такiм чынам, Полацкае княства стала першай дзяржавай на беларускіх землях, якая па ўзроўню развiцця не саступала iншым моцным княствам таго часу – Кiеўскаму i Наўгародскаму.

Тураўскае княства. Але Полацкае княства не было адзінай дзяржавай на землях Старажытнай Беларусі. У басейне ракі Прыпяць у Х ст. на аснове племяннога саюза дрыгавічоў утварылася Тураўскае княства. Пра раннюю гісторыю Тураўскага княства звестак няма. Упершыню цэнтр княства г. Тураў згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 980 г. Першым летапісна вядомым князем гэтай дзяржавы быў Тур, ад яго імя, згодна летапісу, насельніцтва празвалася тураўцамі.

Тураўскае княства таксама мела выгаднае геаграфічнае становішча, паколькі праз яго тэрыторыю праходзілі міжнародныя гандлёвыя магістралі. Першая па Прыпяці і Дняпру вяла ў Чорнае мора; другая мела напрамак на Польшчу і праходзіла па рэках Прыпяць – Піна – Мухавец – Буг; трэцяя праз сістэму рэк Прыпяць – Ясельда – Рось – Нёман вяла ў Балтыку.

Тураўскае княства, якое межавала з больш моцнай Кіеўскай дзяржавай, да 80-х гадоў Х ст., хутчэй за ўсё, заставалася самастойным, а ў 980-я гады трапіла ў залежнасць ад Кіева. Вядома, напрыклад, што кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч пакінуў кіраваць у Тураве свайго сына-намесніка Святаполка.

Грамадска-палітычны лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў з кіеўскімі мелі права займаць кіеўскі трон. У такім выпадку ў Тураў прызначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. Горадам і воласцю кіравала веча; ёсць звесткі, што веча нават выбірала епіскапа. Гэта было незвычайнай з’явай, паколькі епіскапаў па царкоўных законах павінен быў прызначаць мітрапаліт.

Аднак на развіццё Тураўскага княства вельмі адмоўна ўплывала адсутнасць сваёй правячай дынастыі. Прадстаўнікі розных княжацкіх родаў, якія займалі тураўскі прастол, не дбалі пра мясцовыя інтарэсы. У выніку такой палітыкі Тураўшчына нават губляла землі. Так, у 1142 г. Тураўскае княства страціла гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў, а ў 1155 г. — Мазыр.

Берасцейская зямля. Важным цэнтрам Сярэдняга Пабужжа з’яўляўся горад Берасце. Разам з гарадамі Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік тэрыторыя Берасцейскай зямлі ўяўляла сабой практычна адзіную ў сацыяльна-палітычных адносінах вобласць, нягледзячы на тое, што этнічны склад насельніцтва тут быў вельмі разнастайны.

Берасце адыгрывала ролю заходняга фарпоста на землях усходніх славян, і да сярэдзіны ХІІ ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Тураўскага княства. За магчымасць мець уплыў на гэтую тэрыторыю ў другой палове ХІІ ст. змагаліся кіеўскія і галіцка-валынскія князі і нават польскія каралі. У выніку, як і Тураўскае княства, Берасцейская зямля ў другой палове ХІІ ст. трапіла ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Верхняе Панямонне з’яўлялася тэрыторыяй, на якой ад старажытнасці жылі балцкія плямёны яцвягаў, літвы і дайновы. Каланізацыя гэтых зямель славянамі ажыццяўлялася пазней за іншыя тэрыторыі. Верхняе Панямонне ўключала гарады Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Слонім і інш.

Як сведчаць летапісы, з канца Х ст. тэрыторыя Гарадзеншчыны трапіла ў сферу палітычных інтарэсаў кіеўскіх князёў: «на яцвягаў» хадзілі Уладзімір Святаслававіч і Яраслаў Мудры. Апошні ў 1044 г. заснаваў Наваградак.

Некаторы час Верхняе Панямонне знаходзілася ў палітычным падпарадкаванні Галіцка-Валынскага княства. Аднак у першай трэці ХІІ ст. у летапісах паведамляецца аб самастойным гарадзенскім князі Усеваладку (1116–1141), які ў 1127 г. прымаў удзел у паходзе на Полацк. Гэты факт сведчыў пра тое, што Гародня ўжо была цэнтрам удзельнага княства. Дынастычныя шлюбы звязвалі гарадзенскіх князёў з кіеўскімі, і яны перыядычна арганізоўвалі сумесныя ваенныя паходы.

У сярэдзіне ХІІІ ст. Верхняе Панямонне адыграла знакавую ролю ў гісторыі Беларусі, паколькі менавіта гэтыя землі сталі тэрытарыяльным ядром новай дзяржавы, вакол якой перад пагрозай знешніх ворагаў пачалі аб’ядноўвацца аслабленыя ўдзельныя ўсходнеславянскія княствы.

У гэты перыяд пачалі складвацца асноўныя формы феадальнага землеўладання – вотчынная і памесная. Валоданне зямлёй на правах вотчыны давала права ўладальніку прадаваць, дзяліць, падараваць, перадаваць па спадчыне зямлю разам з сялянамі, што жывуць на ёй. Памесная форма землеўладання прадугледжвала толькі права карыстання маёнткам за службу князю. Продаж, падзел, перадача па спадчыне не дазваляліся. Адначасова развіваліся пераходныя формы землеўладання. Найбольш буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі ў той час быў князь, яго дружыннікі – феадалы-баяры і хрысціянская царква (з канца X ст.).

Значныя ўдасканаленні на той час адбыліся ў галіне хатніх промыслаў. Удасканальваецца домніца і сырадутны метад атрымання жалеза, на Беларусі з’яўляецца ганчарнае кола і будуюцца спецыяльныя печы па абпальванню керамікі. Гэта ўсё садзейнічала таму, што чалавек павінен быў больш часу выдзяляць менавіта рамесніцкім заняткам, а ўдасканаліўшы сваю тэхніку, перайсці выключна на вытворчасць рамесніцкай прадукцыі для продажу ці абмену. Першыя рамесніцкія спецыяльнасці, што аддзяліліся ад земляробства (другі вялікі падзел працы пасля аддзялення ад земляробства жывёлагадоўлі), былі кавальская справа, ганчарства, апрацоўка скур і некаторыя іншыя. Наогул, на гэты час іх налічваецца каля 40. Але рамеснікі яшчэ больш прадукцыі выконвалі на заказ, таму што ўнутраны рынак быў вельмі неразвіты, няшмат было пакупнікоў іх прадукцыі.

Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу вызвала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы, дзе вёўся гандаль – рынкі, таргі. Развіццё гандлёвых адносін з іншымі тэрыторыямі прывяло да з’яўлення на нашай тэрыторыі вялікай колькасці манет.  Праз беларускія землі праходзіў “шлях з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам. 

Менавіта на працягу X – XIII стст. на Беларусі ўтварылася асноўная колькасць нашых старажытнейшых гарадоў. Горад выконваў функцыі: адміністратыўную (ён быў цэнтрам княства ці воласці, там месцілася адміністрацыя); рамесную (у горадзе канцэнтраваліся вытворцы, больш таго, з’явіліся першыя аб’яднанні рамеснікаў – брацтвы); гандлёвую (менавіта ў гарадах знаходзіліся гандлёвыя рынкі – таргі); рэлігійна-культурную (саборы і цэрквы будаваліся ў гарадах, тут засноўвалі манастыры, а пры іх – скрыпторыі па перапісцы кніг і школы); абарончую (дзякуючы моцным абарончым збудаванням, у гарадах хавалася насельніцтва навакольных сёл у час небяспекі).

Такім чынам, у перыяд ІХ – ХІ ст. развіццё беларускіх зямель характарызавалася ўзнікненнем на іх тэрыторыі раннефеадальных княстваў-дзяржаў, для якіх быў уласцівы прынцып арганізацыі насельніцтва не на падставе кроўных сувязяў, а па тэрытарыяльнай прыкмеце. Пазней працэс утварэння і развіцця дзяржаў-княстваў змяніўся феадальнай раздробленасцю (1101 – сярэдзіна ХІІІ ст.) — з'явай, якая была характэрнай для ўсіх краін, якія развіваліся па шляху феадалізму.

ЛІТАРАТУРА:

  1. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. / пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. - Мінск, 2007

  2. Касцюк М.П., Ісаенка У.Ф., Штыхаў Г.В. і інш. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. – Мн.: 1994-1995.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6-ці т. Т.1-6. – Мн.: БелЭН 1993-2001.