Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Контрольная работа №1 вариант31

.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
68.61 Кб
Скачать

Тэма 31. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР у 20-30-я гады ХХ ст.

План

1.Абгрунтуйте неабходнасть і пакажыце працэс радыкальнага пераўладкавання сельскай гаспадаркі.

2. Якія падыходы партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва выкарыстоўвала для ажыццяўлення массавай калектывізацыі на Беларусі?Памылкі ,пралікі ўгэтым працэсе.

1 вопрос

Велізарнае значэнне ў жыцці нашага грамадства, 4/5 насельніцтва якога ў 20–30-я гады складала сялянства, мела радыкальнае пераўтварэнне сельскай гаспадаркі. Цяжкія ўмовы працы і быту сялян, раздробленасць зямельных участкаў, прымітыўныя прылады працы і, як вынік, нізкая эфектыўнасць вытворчасці харчовых прадуктаў, што стрымлівала агульнае эканамічнае развіццё краіны, – усё гэта пераканаўча сведчыла аб існаванні аб’ектыўнай неабходнасці карэннага пераўладкавання сельскай гаспадаркі, уздыму агульнай культуры вёскі.

Дадзеная гістарычная неабходнасць пачала рэалізоўвацца ў 20-я гады шляхам развіцця розных форм кааперацыі, паступовага пераходу дробных сялянскіх гаспадарак да калектыўнай апрацоўкі зямлі ва ўмовах нэпа. Асаблівасцю Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супадала з перадачай зямлі сялянам. Прыняты ІІ з’ездам Саветаў Дэкрэт аб зямлі, паводле якога ўся зямля перадавалася бязвыплатна сялянам у карыстанне, тут быў здзейснены толькі ў 1921 г. У выніку сялянства ўсходніх абласцей Беларусі павялічыла аб’ём землекарыстання да 5,4 млн дзесяцін. Але забеспячэнне сялян зямлёй тут было амаль напалову (на 41 %) менш, чым у сярэднім па краіне.

Перанаселенасць беларускай вёскі і хранічнае малазямелле сялян патрабавалі пошукаў больш інтэнсіўнага выкарыстання зямельных угоддзяў. Беларускі ўрад ставіў задачу пашырэння апрацоўваемай зямельнай плошчы шляхам ліквідацыі няўдобіц, меліярацыі, пераразмеркавання ўчасткаў. Аднак важна адзначыць, што тэмпы развіцця сельскай гаспадаркі ўсё больш замаруджваліся, а агульная таварнасць яе была нізкая. Дробная гаспадарка мела тэндэнцыю да падзення таварнасці.

У пачатку нэпа савецкая ўлада падтрымлівала гаспадарчыя памкненні сялян, заахвочвала пошук форм калектыўнага гаспадарання на зямлі, прадастаўляла права на зямлю як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам. Абвешчаная ў Зямельным кодэксе БССР свабода выбару форм землекарыстання захоўвалася ў Беларусі аж да 1927 г. І трэба адзначыць, што да таго часу ў Беларусі свабодна развіваліся гаспадаркі як калектыўнага землекарыстання (у формах вытворчай кааперацыі –камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі; у разнастайных прасцейшых формах кааперацыі – крэдытных, забеспячэнскіх, збытавых; у спецыялізаваных відах кааператыўных аб’яднанняў – машынных і конна-машынных, масларобных і сыраварных, жывёлагадоўчых і насенняводчых і г.д.), так і аднаасобнага землекарыстання (двары, хутары і адрубы).

Народным камісарыятам земляробства, які ўзначальваў з 1921 г. да 1929 г. Дз. Ф. Прышчэпаў, быў складзены “Пяцігадовы перспектыўны план развіцця лясной і сельскай гаспадарак БССР на 1925–1929 гады”. План прадугледжваў стварэнне хутароў і дробных пасёлкаў тыпу адрубоў. У адпаведнасці з гэтым планам было пераселена на хутары і ў дробныя пасёлкі 130 тыс. сялянскіх гаспадарак. У выніку да канца 20-х гадоў хутарская сістэма на Беларусі складала больш за 25 % сялянскага землекарыстання.

З першых гадоў савецкай улады ствараліся і вытворчыя кааператывы, калектыўныя гаспадаркі. Да пачатку 1927 г. у Беларусі налічвалася каля 400 сельскагаспадарчых арцелей, камун і таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, а таксама 213 саўгасаў. Аднак ва ўмовах Беларусі, пры адсутнасці вялікіх масіваў ворнай зямлі, прыдатнай да апрацоўкі складанай тэхнікай, нізкім узроўні механізацыі, недахопе агранамічных кадраў, стварэнне буйных калгасаў было нерэнтабельным і нязначным.

Калгасы разглядаліся ў асноўным як форма арганізацыі бяднейшых пластоў насельніцтва. Ствараліся яны, як правіла, на землях дзяржаўнага фонду. Да кастрычніка 1928 г. у БССР было арганізавана 994 калгасы, у тым ліку 243 нацыянальныя.

Нягледзячы на актыўную падтрымку дзяржавай калгаснай формы гаспадарання (вызваленне ад арэнднай платы за зямельныя ўгоддзі, прадастаўленне розных падатковых ільгот, забеспячэнне інвентаром, рабочай і прадукцыйнай жывёлай), асноўная маса сялянства – сераднякі – аддавалі перавагу прасцейшым формам кааперацыі, а не калгасам.

Развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі ішло галоўным чынам у дзвюх формах: крэдытнай і забеспячэнска-збытавой. Разнастайнымі формамі сельскагаспадарчай кааперацыі ў Беларусі ўжо да пачатку 1926 г. было аб’яднана 20,9 % сялянскіх гаспадарак. Дзякуючы кааперацыі валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі Беларусі да пачатку 1927 г. перавысіла даваенны ўзровень больш чым на 12 %.

У 20-я гады быў сапраўды значны ўздым сялянскай гаспадаркі, які сведчыць аб дабратворных выніках нэпа, эфектыўнасці развіцця розных форм кааперацыі. Менавіта кааператыўны рух дапамог пераадолець голад і разбурэнне пасля грамадзянскай вайны, садзейнічаў аздараўленню фінансавай і эканамічнай сістэмы.

Абапіраючыся на калектывісцкую традыцыю ўсходнеславянскай вёскі (сельская абшчына, талака і г.д.), зыходзячы з навуковых абгрунтаванняў небаходнасці кааперавання сельскагаспадарчай вытворчасці і практычнага вопыту першых гадоў калектыўнага гаспадарання, Камуністычная партыя і Савецкая дзяржава распрацавалі палітыку калектывізацыі сельскай гаспадаркі. XV з’езд ВКП(б) у снежні 1927 г. прыняў курс на правядзенне ў жыццё гэтай палітыкі.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі – палітыка Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, якая была накіравана на аб’яднанне дробных сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прыдпрыемствы, выкарыстанне на вёсцы дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэнне прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці аграрнага сектара эканомікі, забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сельскагаспадарчай сыравінай.

Першым пяцігадовым планам развіцця народнай гаспадаркі СССР прадугледжвалася да 1933 г. ахапіць усімі формамі кааперацыі каля 85 % сялянскіх гаспадарак, і толькі 18–20 % з іх меркавалася арганізаваць у калгасы. Гэта быў напружаны, але разам з тым рэальны, збалансаваны план.

Аднак да таго часу пачаў фарміравацца, а затым атрымаў імклівае развіццё другі варыянт стратэгіі сацыялістычнага будаўніцтва. І. Сталін і яго акружэнне ленінскі прынцып гарманічнага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі замянілі патрабаваннем хуткіх тэмпаў індустрыялізацыі на аснове перакачкі сродкаў для яе развіцця з сельскай гаспадаркі. Быў узяты курс на паскораную калектывізацыю ў яе вышэйшых формах. Гэтым імкнуліся вырашыць адразу дзве задачы: у кароткія тэрміны правесці калектывізацыю вёскі і ўзяць у яе сродкі для патрэб індустрыялізацыі і абароны краіны.

Пачатак рэалізацыі такога курсу паклаў хлебанарыхтоўчы крызіс, які ўзнік у краіне зімой 1927–1928 гг. У сувязі з недаборам збожжавых, скарачэннем дзяржаўных нарыхтовак хлеба стварылася пагроза невыканання планаў індустрыяльнага будаўніцтва, бо пастаўкі прамысловага абсталявання ў краіну залежалі ад экспарту хлеба. Акрамя таго, у гарадах пачаліся перабоі ў забеспячэнні прадуктамі, давялося ўвесці картачную сістэму.

Закрываліся рынкі, уводзілася абкладанне сялянскіх гаспадарак дадатковымі падаткамі, скарачалася крэдытаванне і забеспячэнне заможных гаспадарак, праводзіліся арышты ў адміністрацыйным парадку і прыцягненне да суда за захаванне лішкаў збожжа. У выніку ў краіне пачалося скарачэнне пасяўных плошчаў, памяншэнне памераў гаспадарак.

Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва краіны мела разыходжанні ў пытаннях выхаду з крызісу і перспектыву сацыялістычнага будаўніцтва. І. Сталін разлічваў на злом супраціўлення сялянства шляхам самага бязлітаснага знішчэння яго заможнай часткі – кулацтва. М. Бухарын, А. Рыкаў, М. Томскі бачылі выхад з крызісу ў адмове ад надзвычайных мер, павышэнні закупачных цэн на хлеб, развіцці гандлёва-крэдытных форм кааперацыі. Бухарынская альтэрнатыва была накіравана на захаванне і ўдасканаленне эканамічнага механізма, які склаўся ў гады нэпа.

Перамагла палітычная лінія на суцэльную калектывізацыю.

2 вопрос

У канцы 20 – пачатку 30-х гадоў перабудова вёскі згубіла сувязь з паступовым каапераваннем на аснове добраахвотнага аб’яднання гаспадарак і ператварылася ў прымусовую калектывізацыю. Масавая калектывізацыя выклікала супраціўленне кулацтва. У гэтых умовах партыя перайшла ад палітыкі абмежавання і выцяснення кулацтва да палітыкі ліквідацыі кулацтва як класа на аснове суцэльнай калектывізацыі.

5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову “Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”, у якой тэрміны завяршэння калектывізацыі былі рэзка скарочаны, умацавана новая палітыка ў адносінах да кулака. На Беларусі меркавалася завяршыць калектывізацыю да 1933 г. Аднак першы сакратар ЦК КП(б)Б К. Гей патрабаваў завяршыць суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі рэспублікі да 1931 г.

Разгарнулася кампанія па суцэльнай калектывізацыі і ліквідацыі кулацтва як класа, якая праходзіла ў абставінах нястрымнага фарсіравання тэмпаў і грубага адміністрацыйнага націску, адшукання і выкрыцця “ворагаў”, прымусу і раскулачвання серадняка, закрыцця цэркваў, рынкаў. Для паскарэння тэмпаў арганізацыі калгасаў у вёску былі накіраваны ўпаўнаважаныя камуністы і рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі, у тым ліку прысланыя з прамысловых цэнтраў РСФСР.

Растлумачальная і арганізацыйная работа ў масах падмянялася націскам, пагрозамі, дэмагагічнымі абяцанняміНярэдка сялян прымусова запісвалі ў калгасы.

Раскулачваць пачалі не толькі кулакоў, але і сераднякоў, якія не хацелі ўступаць у калгасы. Усё нажытае селянінам, уключаючы жыллёвыя пабудовы, пры раскулачванні пераходзіла ва ўласнасць калгасаў.

Прымусовыя меры давалі свае вынікі. Калі ў студзені 1930 г. у калгасы ўступіла 20,9 % сялянскіх двароў, то да сакавіка таго ж года – 58 %. Галоўным вынікам насілля пры стварэнні калгасаў стала масавая незадаволенасць палітыкай партыі, адкрыты пратэст сялян, аж да ўзброеных выступленняў. У краіне склалася надзвычай вострая палітычная сітуацыя.

Рэзкае абвастрэнне барацьбы ў вёсцы прымусіла кіраўніцтва краіны і рэспублікі прыняць меры па выпраўленні становішча, адступіць ад грубых метадаў абагулення сялянскіх гаспадарак. У сакавіку 1930 г. ЦК ВКП(б) прыняў спецыяльную пастанову “Аб барацьбе са скрыўленнямі партыйнай лініі ў калгасным руху”. Перагібы і скажэнні былі асуджаны.

Адступленне ў сакавіку 1930 г. было выммушаным ходам, які аслабіў напружанасць у вёсцы і даў магчымасць весці калгаснае будаўніцтва толькі на добраахвотнай аснове, засяродзіць увагу на арганізацыйна-гаспадарчым умацаванні калгасаў. Аднак увосень пачалася новая хваля калектывізацыі.

Нягледзячы на відавочнасць дапушчаных пралікаў і памылак, ХІІІ з’езд Кампартыі Беларусі (30 мая – 12 чэрвеня 1930 г.) прызнаў палітычную і арганізацыйна-практычную работу ЦК КП(б)Б правільнай і даў устаноўку на аднаўленне і фарсіраванае развіццё калгасаў. У верасні 1931 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне аб завяршэнні да вясны 1932 г. суцэльнай калектывізацыі ў рэспубліцы.

Метады, якімі ажыццяўлялася калектывізацыя вёскі, абагуленне сялянскіх гаспадарак, прывялі да таго, што вясной 1932 г. замест суцэльнай калектывізацыі адбыўся чарговы масавы выхад сялян з калгасаў.

Фарсіраваная, прымусовая калектывізацыя, раскулачванне часткі сялянства адмоўна адбіліся на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У краіне рэзка ўзраслі дзяржаўныя нарыхтоўкі прадукцыі.

У выніку дапушчаных памылак у эканамічнай палітыцы ў 1932–1933 гг. краіну ахапіў масавы голад, які забраў жыцці многіх людзей.

Знаходзячыся ў безвыходным становішчы, людзі, асабліва жанчыны, спрабавалі зразаць на калгасных палетках каласкі, вынесці зерне ў кішэнях, за пазухай. 7 жніўня 1932 г. быў выдадзены Закон аб ахове сацыялістычнай уласнасці, паводле якога за такія крадзяжы ўводзілася вышэйшая мера пакарання – расстрэл. Пры змякчаючых абставінах ён замяняўся пазбаўленнем волі на тэрмін не ніжэй за дзесяць гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Да канца 30-х гадоў калектывізацыя ў Беларусі была звершана, кулацтва як клас ліквідавана. Пасля завяршэння калектывізацыі і прыняцця Канстытуцыі СССР 1936 г. былым кулакам ствараліся магчымасці стаць раўнапраўнымі працаўнікамі грамадства, давалася права ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці краіны.

У другой палове 30-х гадоў кіраўніцтва краіны прымала захады лдя ўмацавання калгасаў у арганізацыйна-гаспадарчых адносінах.

Наладжвалася кіраванне калгасна-саўгаснай вытворчасцю, умацоўвалася дысцыпліна працы, фарміраваліся брыгады і звенні. Амаль у кожным калгасе былі створаны жывёлагадоўчыя фермы.

Буйная калгасна-саўгасная вытворчасць давала магчымасці выкарыстання трактароў, камбайнаў, іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Аднак далейшае ўмацаванне калгасаў суправаджалася адступленнямі ад законнасці, парушэннямі калгаснай дэмакратыі. У жніўні – верасні 1934 г. пачалося наступленне на аднаасобнікаў. Для іх у параўнанні з калгасамі былі значна павялічаны нормы абавязковых паставак прадукцыі і ўведзены аднаразовы падатак. У 1938–1939 гг. праведзена ліквідацыя хутароў. Ліквідацыя хутароў працягвалася і пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У ходзе суцэльнай калектывізацыі былі распушчаны зямельныя таварыствы, сялянскія кааператыўныя аб’яднанні.

Складвалася сістэма дырэктыўнага планавання і адміністрацыйна-бюракратычнага кіравання калгасамі з боку партыйна-дзяржаўнага апарату. Нормай стала частая змена кіраўнікоў гаспадарак.