Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
910 вариант.rtf
Скачиваний:
9
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
489.71 Кб
Скачать

Асноўныя пытанні

  1. Чаму кіраўніцтва ВКЛ згадзілася на страту суверэнітэту сваёй дзяржавы, пераўтварэнне яе ў польскую правінцыю? Перадумовы уніі

  2. Чые інтарэсы абараняў акт Люблінскай уніі? Растлумачце сваю пазіцыю

План

Уводзіны

1. Перадумовы Люблінскай уніі

2.Федэратыўная дзяржава "абодвух народаў"

3. Гістарычнае значэнне Люблінскай уніі

4. Разважанні на тэму

Заключэнне

Спіс літаратуры

Уводзіны

Гiсторыя зблiжэння Вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам бярэ свой пачатак з Крэўскай уніі 1385 г., калi дзве дзяржавы ўпершыню аб'ядналiся на аснове дынастычна-персанальнай унii пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палiтыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне унiй (у 1401, 1413, 1446, 1501 гг.) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыццi абедзвюх дзяржаў такiх фактараў, якiя падштурхоўвалi iх да зблiжэння.

1 ліпеня 1569 года на сойме ў Любліне была заключана ўнія, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае аб'ядналася з Каронай Польскай у адну дзяржаву. Больш двухсот гадоў нашы продкі жылі ў складзе гэтага шматэтнічнага аб'яднання. 1569 год стаў адной з самых значных дат у гісторыі Беларусі. Навукоўцы звычайна адлічваюць ад яго новы этап у гістарычных лёсах беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Унія паміж суседнімі краінамі аказала значны ўплыў на стан спраў ва ўсёй Еўропе. На мапе з'явілася новая дзяржава - Рэч Паспалітая, адна з самых вялікіх і магутных.

1. Перадумовы Люблінскай уніі

З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць вынікі перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558 – 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ.

Ужо ў 1562 – 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку. Тым не менш, 10 студзеня 1569 г. у Любліне пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль быў вымушаны асобнымі актамі далучыць да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Гэта вайна, як адзначалі пазней польскія палітыкі, прыгнала ВКЛ да ўніі з Каронай, зрабіла беларуска-літоўскую шляхту больш падатлівай у пытанні аб новым дзяржаўным саюзе.

Адна з важных прычын паўстання ўніі 1569 года - супярэчнасці ў пануючым саслоўі ВКЛ: паміж магнатэрыяй (багатай шляхтай) і шляхтай сярэдняй ды дробнай. Элітарнае магнацтва мела амаль неабмежаваную ўладу і адціскала шляхту на другі план. У Кароне на той час шляхта ўжо мела "залатыя вольнасці", доступ да ўлады, рашуча ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Літоўская, беларуская і ўкраінская шляхта жадалі зраўняцца з ёй у правах і прывілеях, атрымаць верх над магнатэрыяй, заняць вядучую ролю ў сваёй дзяржаве. Дасягненне гэтых мэтаў яна звязвала з заключэннем уніі з Каронай. Супрацьстаянне магнацтва і шляхты ў 60-я гады стала адкрытым. Удзельнікі сойму, што адбыўся пад Віцебскам у 1562 годзе, звярнуліся да Вялікага князя і караля Польскага Жыгімонта ІІ з прашэннем "учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіралі, мелі агульную абарону, супольна саймікавалі і права аднолькавае ўжывалі". Каб неяк кансалідаваць грамадства, збіць прапольскія настроі шляхты, урад ВКЛ пайшоў на значную мадэрнізацыю ўнутранай палітыкі. Пастановай 1563 года былі ўраўнены ў правах праваслаўная і каталіцкая шляхты. Паводле судовай рэформы 1564 г. уводзіліся мясцовыя суды, у якіх галоўную ролю адыгрывала шляхта. Гэтыя захады магчыма мелі б поспех, калі б не драматычнае знешнепалітычнае становішча краіны, моц якой была паслаблена вайной.

Польшча сама дамагалася ўніі з княствам, у якой ёй бачыўся багаты тэрытарыяльны прыдатак. Ідэі паглынання княства атрымалі распаўсюджанне сярод пэўных колаў польскай шляхты напярэдадні заключэння дамовы. Далучэнне новых зямель прываблівала магчымасцю атрымання новых багаццяў, пасад, узнагарод. Перадлюблінскі час вызначаецца разгулам шавіністычных настрояў у Польшчы, узмоцненай каталіцкай прапагандай на заходніх землях Беларусі і Украіны, прыгранічнымі непаразуменнямі .

Польскім каралем і Вялікім князем літоўскім у гэты трывожны час быў Жыгімонт ІІ Аўгуст. Ён не меў патомства і не мог ужо на яго спадзявацца. На ім магла перарвацца дынастыя Ягелонаў, якая злучала сабой гэтыя дзве дзяржавы. Польскія палітыкі баяліся, што пасля яго смерці княства абярэ для сябе асобнага гаспадара. Трэба было своечасова зрабіць больш адпаведную часу сувязь паміж дзяржавамі. Жыгімонт згадзіўся з гэтым і пачаліся перамовы аб новым саюзе.

Урад ВКЛ і кіруючыя колы Кароны прапаноўвалі розныя умовы злучэння дзяржаў. Літоўска-беларускія феадалы хацелі абмежавацца ваенна-палітычным саюзам, які б захаваў незалежнасць і самастойнасць княства. Прадстаўнікі Польшчы стаялі за першынство іх краіны і скасаванне незалежнасці княства.

На працягу 1564-1568 г.г. справа ўніі абмяркоўвалася на чатырох соймах. Кожны бок цвёрда стаяў на сваім. Для канчатковага вырашэння пытання быў назначаны з'езд у Любліне на 23 снежня 1568 года. Паслы ВКЛ, сярод якіх было шмат магнатаў - праціўнікаў уніі, адчуваючы, што абставіны складваюцца не на іх карысць, збіраліся памалу, нехаця, іншыя і зусім не прыехалі, жадаючы ўхіліцца ад удзелу ў ракавой справе. 10 студзеня 1569 г., праз два тыдні пасля прызначанага тэрміну, сойм быў адкрыты. На яго прыбылі Жыгімонт ІІ і каля 160 паслоў і сенатараў Кароны і ВКЛ, якія на працягу шасці драматычных месяцаў абмяркоўвалі самую важную дзяржаўную справу.

Бурныя дэбаты працягваліся ўжо каля двух месяцаў. Найбольш актыўна супрацьдзейнічалі падпісанню ўніі дэлегаты княства - канцлер і Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, падканцлер Астафій Валовіч, жамойцкі стараста Ян Хадкевіч. Калі яны бачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння ўніі на непрымальных для сваёй дзяржавы ўмовах, то ў знак пратэсту ў ноч на 1 сакавіка пакінулі Люблін, жадаючы сарваць перамовы. Перад ад'ездам яны падалі каралю свае ўмовы уніі.

Аднак ад'езд дэлегатаў княства аказаўся іх палітычнай памылкай. Гэта выклікала моцнае абурэнне польскага боку. Паслы працягнулі абмеркаванне справы і склалі пункты інкарпарацыі княства. Пры падтрымцы польскіх паслоў Жыгімонт ІІ, скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча краіны, фактычна здзейсніў акт дзяржаўнай здрады - незаконна, насуперак сваім абяцанням і прысягам аб захаванні цэласнасці тэрыторыі ВКЛ, 5 сакавіка ён выдаў універсал аб далучэнні да Польшчы Падляшша з гарадамі Беласток, Бельск, Драгічын на Бузе, Мельнік. Такімі ж незаконнымі актамі, без згоды сойма, былі адарваны ад княства і далучаны да Польшчы Валынь, Падолле, Кіеўшчына.

Пад пагрозай страты пасад і прывілеяў, канфіскацыі маёмасці ўкраінскіх паслоў прымусілі пагадзіцца на анэксію іх радзімы і прысягнуць на вернасць польскаму каралю. ВКЛ панесла цяжкія тэрытарыяльныя страты. Гэта быў моцны ўдар па магутнасці дзяржавы, якая і без таго была падарвана стратай часткі беларускіх зямель у Лівонскай вайне. Ісці на ваенны канфлікт з Польшчай у тых умовах яна не магла.

Супрацьпраўныя акты Жыгімонта, разбурэнне адзінага фронта барацьбы за незалежнасць княства з-за пазіцыі ўкраінскіх паслоў зламала супраціўленне беларуска-літоўскіх магнатаў. У чэрвені на пагрозлівы выклік ад караля паслы вярнуліся ў Люблін, дзе пратэставалі супраць далучэння спрадвечных зямель княства да Польшчы, патрабавалі адмяніць указы 5 сакавіка - 5 чэрвеня, прапаноўвалі адкласці абмеркаванне справы да наступнага сойму. Невядомы аўтар "Дзённіка Люблінскага сойму" апавядае, што 28 чэрвеня Хадкевіч, Радзівіл і іншыя беларуска-літоўскія паслы з плачам кінуліся на калені перад Жыгімонтам, просячы яго не губіць княства і не аддаваць яго ў "лясную няволю", а "давесці да канца справу так, каб яна не цягнула за сабой заняволення і ганьбы нам і нашым нашчадкам" [8, с.65]. Але кароль загадаў ім без лішніх размоў і прамоў прыняць унію. Зразумеўшы безысходнасць становішча, яны пайшлі на згоду.

1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт уніі. Сутнасць заключанага саюза была, ці дакладней, павінна была быць у тым, што "каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ўяўляюць сабой ужо адно нераздзельнае і недзялімае цела, а таксама не асобную, але агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвух дзяржаў і народаў" [9, с.33].

Новаўтвораная дзяржава атрымала назву Рэч Паспалітая.