УА “Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў
медыцынскі ўніверсітэт”
Кафедра рускай і беларускай моў ФПДП
Абмеркавана на пасяджэнні кафедры
рускай і беларускай моў ФПДП
Пратакол №1 ад 2.09.2011г.
МетадычнаЯ распрацоўка для студэнтаў №7
для правядзення заняткаў
на I курсе стаматалагічнага, фармацэўтычнага, лячэбнага факультэтаў
па дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”
Функцыянаванне сучаснай беларускай літаратурнай мовы ва ўмовах білінгвізму
75 хвілін
ПЫТАННІ ДЛЯ АЎДЫТОРНАГА КАНТРОЛЮ ВЕДАЎ:
лексічная інтэрферэнцыя.
асаблівасці беларуска-рускай лексічнай інтэрферэнцыі.
словаўтваральная інтэрферэнцыя.
асаблівасці беларуска-рускай словаўтваральнай інтэрферэнцыі.
марфалагічная інтэрферэнцыя.
асаблівасці беларуска-рускай марфалагічнай інтэрферэнцыі.
сінтаксічная інтэрферэнцыя.
Асаблівасці руска-беларускай сінтаксічнай інтэрферэнцыі.
ІІ. Тэарэтычны матэрыял
1. Лексічная інтэрферэнцыя
Лексічная інтэрферэнцыя выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў. Напрыклад, ужыванне білінгвам у беларускай мове выразу гуляць ролю замест адыгрываць ролю абумоўлена неаднолькавым аб'ёмам значэнняў і асаблівасцямі ўжывання ў рускай і беларускай мовах слоў іграць (играть) і гуляць (гулять). Напрыклад, недарэчным трэба лічыць спалучэнне хатнія жывёлы і выкарыстоўваць замест яго натуральнае свойскія жывёлы, замест пашыранага ў мове сметанковае масла і расліннае масла трэба ўжываць адпаведна масла і алей. Не трэба выкарыстоўваць у беларускай мове назоўнік напітак, які нічым не матывуецца. Нарматыўнае слова – напой. Гэта слова фіксуецца яшчэ у слоўніку ў 1872 года. У беларускай мове ёсць іншыя словы, ўтвораныя паводле гэтай мадэлі: настой, вадапой, надой і інш. Трэба лічыць неадпаведным літаратурнай мове прыметнік знешні, які з’яўляецца своеасаблівай кантаментацыяй двух слоў: беларускага з і рускага нешні. Але ў рускай мове існуе слова вне. Формы зне ў беларускай мове няма. Таму замест згаданага слова варта было б ужыць уласнабеларускую форму вонкавы. Такім чынам знешні выгляд лепей гучала б як вонкавы выгляд. Пашыраныя спалучэнні разбіць сад, разбіць палатку адпаведна пасадзіць сад і паставіць палатку. Ненарматыўным з’яўляецца ўжыванне пароніма старшы, малодшы замест старэйшы, маладзейшы (старшы клас, малодшы лейтэнант – старэйшы брат, маладзейшы вучань). Няправільным лічыцца ўжыванне слова які, калі маецца на ўвазе парадак лічэння (парадкавы нумар): каторая зараз гадзіна, а не які час; каторы нумар дома вам патрэбен, а не які нумар дома вам патрэбен.
2. Словаўтваральная інтэрферэнцыя.
Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з'яўляецца несупадзенне словаўтваральных фармантаў (часцей за ўсё суфіксаў) аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў: рус. читательница – бел. чытачка, рус. детский – бел. дзіцячы, рус. шептаться – бел. шаптацца, рус. беспринципный – бел. беспрынцыповы, рус. вблизи – бел. паблізу.
Для таго, каб пазбегнуць словаўтваральнай інтэрферэнцыі, патрэбна памятаць некаторыя правілы беларускага словаўтварэння:
Ужыванне суфіксаў дзеясловаў і ўтвораных ад іх назоўнікаў:
Каб пазбягаць словаўтваральных памылак у беларускім пісьмовым і вусным маўленні, патрэбна памятаць, што рускамоўныя дзеясловы з суфіксамі –ірава- (-ырава-), як правіла, адпавядаюць у беларускай мове дзеясловам з суфіксамі –ава- (-ява-): рус. конденсировать – бел. кандэнсаваць, рус. балансировать – бел. балансаваць, рус. тестировать – бел. тэставаць. Адпаведна назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў з суфіксамі –ава- (-ява), будуць мець у сваім складзе, акрамя названых дзеяслоўных суфіксаў, суфікс –нн-: кандэнс-ава-ць – кандэнс-ава-нн-е, баланс-ава-ць – баланс-ава-нн-е, тэст-ава-ць – тэст-ава-нн-е.
Ужыванне суфіксаў дзеепрыметнікаў:
У беларускай літаратурнай мове найбольш ужывальныя дзеепрыметнікі з суфіксамі –н-, ан-, ен, -т-, -л-. Дзеепрыметнікі з суфіксамі -ш- і -ўш- ужываюцца калі іх нельга замяніць дзеепрыметнікамі з суфіксамі –л- (спалавеўшае поле – спалавелае поле, расцвіўшая кветка). Дзеепрыметнікі цяперашняга часу з суфіксамі –уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ом-, -ем-, -ым-, -ім-, атаксама з суфіксамі –ўш-, -ш- у форме адзіночнага ліку мужчынскага роду (заснуўшы хлопчык) нехарактэрныя для беларускай літаратурнай мовы. Найбольш пашыраныя наступныя спосабы іх замены:
Даданым сказам: принадлежащий ему – які належыць яму;
Дзеепрыслоўем ці дзеясловам: Человек, купивший газету, отошёл от киоска. - Купіўшы газету, чалавек адышоў ад кіёска. Чалавек купіў газету і адышоў ад кіёска.
Прыметнікамі і іх спалучэннямі з назоўнікамі: определяющие фактары - вызначальныя фактары, обслуживающий персонал - абслуговы персанал.
Адпаведнымі назоўнікамі: расказывающий - апавядальнік, пашущий крестьянин – араты.
Азначэнні-прыдаткі: вещества, стимулирующие рост – рэчывы-стымулятары.
Калі дзеепрыметнікі не нясуць неабходнай сэнсавай нагрузкі, яны пры перакладзе могуць апускацца: Собравшиеся люди обсуждали план работы. – Людзі абмяркоўвалі план работы.