Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

Узнікненне і станаўленне паняцця «археалогія». Дэфініцыя гэтага паняцця сёння.

Само слова «археалогія» ўпершыню было ўжыта ў 380 г. да н.э. Платонам1 у яго трактаце «Гіпій Старшы». Гэты трактат Платона, як і значная большасць яго твораў, пабудаваны ў выглядзе дыялога, які вядзецца паміж Сакратам2 і Гіпіем3. Апошні неаднойчы бываў у Спарце і Сакрат распытвае яго пра гэтую дзяржаву і яе жыхарах. У прыватнасці, Сакрат пытаецца ў Гіпія, якія публічныя выступленні найбольш спадабаліся спартанцам? І той яму адказвае: «Пра радавод герояў і людзей, пра засяленне калоній, пра тое, як у даўнія часы засноўвалі гарады, адным словам», – працягвае Гіпій, – «яны з асаблівым задавальненнем слухаюць апавяданні пра далёкае мінулае, пра археалогію». З гэтага вынікае, што пад словам «археалогія» грэкі разумелі як «апавяданне пра старажытнасць» або як «аповесць пра мінулыя часы»4. Пішацца гэты тэрмін так «Archailogia». Ён складаецца з двух слоў, дзе першая частка archaios перакладаецца як старажытны, а другая частка – logos перакладаецца як слова, апавяданне, аповесць, навука. Апошняе ўласна дало падставы некаторым даследчыкам тлумачыць паняцце «археалогія» як «навука пра старажытнасць», што далёка не раскрывае сутнасці гэтага паняцця. Менавіта ў такім разуменні ўжывалі гэтае слова ў сваіх творах Дыянісій Галікарнаскі5, Іосіф Флавій6.

У Старажытным Рыме, у перыяд сярэднявечча і ў эпоху Адраджэння тэрмін «археалогія» не ўжываўся. Замест яго атрымаў распаўсюджванне тэрмін antiquitates – «старажытнасці».

Адраджэнне тэрміна «археалогія» адбылося ў 1767 г., калі нямецкі філосаў Хрыстафор Гейне пачаў чытаць у Гётынгенскім універсітэце курс лекцый пад назваю «Археалогія мастацтва старажытнасці, пераважна грэкаў і рымлян». Пасля гэтага тэрмін увайшоў у міжнародны ўжытак. Але спачатку ён распаўсюджваўся на гісторыю антычнага мастацтва і толькі затым на навуку, якая вывучала найдаўнейшыя пласты гісторыі шляхам даследавання помнікаў матэрыяльнай культуры. Апошняе разуменне гэтага тэрміна замацавалася ў навуковым свеце Заходняй Еўропы ў канцы XIX – пачатку XX ст.

На пачатку XIX ст. тэрмін «археалогія» быў знаёмы некаторым прадстаўнікам навуковага кола і Расійскай імперыі, куды на той час уваходзіла і Беларусь, па перакладных выданнях, у якіх гэты тэрмін сустракаўся, у прыватнасці ў кнізе І. Эшэнбурга «Ручная книга древней классической словесности, содержащая археологию…» і інш. А часопіс «Северный вестник», які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1804–1805 гг., меў нават спецыяльную рубрыку «Археология». У 1805 годзе ў Пецярбургу выходзіць «Атлас археологический Российской империи», выдадзены першым польскім археолагам, гісторыкам і пісьменнікам Янам Патоцкім.

У 1809-1810 гг. курс «археологии и истории изящных искусств» пачаў выкладацца ў Маскоўскім універсітэце. У 20-я гады XIX ст. тэрмінам «археалогія» карыстаўся даследчык беларускіх старадрукаў Канстанцін Калайдовіч, вядомы на той час гісторык і археограф, член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук. Цікава, што тэрмін «археалогія» раз-пораз сустракаўся і на старонках «Полярной звезды», якую выдавалі дзекабрысты. Да сярэдзіны XIX ст. слова «археалогія» становіцца добра знаёмым і ў літаратурных колах Расіі. Прыкладам таму хаця б нарыс М.Ю. Лермантава «Кавказец», напісаны ім у 1841 г., дзе мы сустракаем гэты тэрмін.

А ў сярэдзіне XIX ст. тэрмін «археалогія» быў вядомы ўжо і ў навуковых колах Беларусі. Сведкаю таму – дзейнасць у 1855-1865 гг. Віленскай археалагічнай камісіі, якую ўзначальваў Яўстафій Тышкевіч якая фіксавала і даследавала помнікі старажытнасці на тэрыторыі Беларусі і Літвы, выпускала навуковыя працы – «Записки Виленской археологической комиссии».

Праўда, выключна да канца XIX ст. не было выразнага ўяўлення, чым павінна была займацца археалогія, што, уласна кажучы, складала аб’ект яе ўвагі. Пад увагу тагачасных археолагаў траплялі і пісьмовыя крыніцы: летапісы, старадрукі, помнікі эпіграфікі. Дыскусія наконт таго, чым усё ж такі павінна займацца археалогія, вялася на трох археалагічных з’ездах Расіі, пачынаючы з 1869г. Нарэшце, на III археалагічным з’ездзе, які адбыўся ў 1874г. у Кіеве, была выказана думка, што аб’ектам даследавання археалогіі павінны быць рэчавыя помнікі, інакш гаворачы – помнікі матэрыяльнай культуры. Але пераадолець гэтыя хібы ўдалося не адразу, а паступова, бо нават і на IX археалагічным з’ездзе, які праходзіў у Вільні ў 1893г., у парадку дня работы з’езда значыліся пытанні не толькі археалагічныя, але і па гісторыі, геральдыцы, генеалогіі, мастацтву, гісторыі архітэктуры і інш.

На пачатку XX ст. тэрмін «археалогія» становіцца вядомым больш шырокай аудыторыі студэнтаў, дзякуючы таму, што ў некаторых губернскіх гарадах былі адчынены адзяленні Маскоўскага археалагічнага Істытута. Такія аддзяленні былі адчынены, напрыклад, у Смаленску і ў Віцебску ў 1911 годзе. Праўда, пры стварэнні археалагічных інстытутаў і іх адзяленняў зноў такі не абышлося без недарэчнасцяў, бо мэтаю гэтых інстытутаў з’яўлялася падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў архівах…

У першыя гады савецкай улады тэрмін «археалогія» ўжываўся рэдка. Прадстаўнікам новай улады ён падаваўся занадта старазапаветным. У перыяд кардынальнага абнаўлення свету займацца нейкай там архаікай лічылася па меншай меры дзівацтвам. Вывучаць жа матэрыяльную культуру – лічылася дапушчальным. А на Усерасійскай археолага-этнаграфічнай нарадзе 1932г. раздаваліся нават заклікі «разрушить археологию так, чтобы от неё не осталось камня на камне». Да гэтага часу ўжо былі зачынены археалагічныя інстытуты ў Маскве і Петраградзе, а таксама іх філіялы ў Смаленску і Віцебску. А галоўная археалагічная ўстанова набыла назву «Академия истории материальной культуры».

Тэрмін «археалогія» ўдалося рэанімаваць у савецкай навуцы з сярэдзіны 30-х гадоў XX ст. Паспрыялі гэтаму поспехі ў археалогіі, зробленыя навукоўцамі на тэрыторыі Сярэдняй Азіі, на Каўказе і ў Крыме, Ноўгарадзе. У 1936г. выйшаў першы том навуковага зборніка «Советской археологии». З 1957г. гэта назва перайшла да перыядычнага навуковага выдання. У 1938г. Інстытут гісторыі матэрыяльнай культуры АН Украіны быў пераназваны як Інстытут археалогіі. У Маскве гэта адбылося толькі ў 1959г. У тагачасных падручніках па археалогіі, складзеных А.У. Арцыхоўскім, археалогія вызначаецца як «гісторыя, узброеная рыдлёўкай». Эмацыянальнае, вобразнае па форме, але навуковае па зместу, гэтае вызначэнне не страціла свайго значэння і сёння. У тыя ж часы у Вялікай Савецкай Энцыклапедыі той жа навуковец дае і акадэмічную фармулёўку гэтай дысцыпліне «Археалогія – гэта навука, якая вывучае па рэчавых крыніцах гістарычнае мінулае чалавецтва шляхам раскопак». Магчыма, гэта фармулёўка не раскрывае ўсяго зместу паняцця «археалогія». Але бясспрэчна, што гэта самае лаканічнае па форме навуковае вызначэнне.

У 70-80-е гады мінулага стагоддзя французскі даследчык Жан-Клод Гардэн прапанаваў сваю фармулёўку паняцця «археалогія». Па яго словах, «археалогія – гэта сукупнасць даследаванняў, якія адносяцца да матэрыяльных аб’ектаў і якія разам з іншымі дадзенымі могуць асвятліць гісторыю і лад жыцця людзей мінулага (асобныя падзеі, штодзённы побыт, інстытуты, веравызнанні і г. д.)»

У падручніку па археалогіі, што выдаў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт пад рэдакцыяй акадэміка В.Л. Яніна ў 2006г., археалогія трактуеца як «галіна гістарычнай навукі, якая вывучае мінулае чалавецтва пераважна на падставе рэчавых гістарычных крыніц, альбо археалагічных помнікаў у шырокім сэнсе гэтага слова».

Даволі цікавае і своеасаблівае вызначэнне паняцця «археалогія» прыводзіць Брытанская Энцыклапедыя. Паводле яе «археалогія – гэта навука, або мастацтва; яна, у роўнай ступені як тое, так і другое, таму што абедзве яны дакранаюцца да матэрыяльных рэшткаў мінулага чалавецтва». Гэтае вызначэнне, як ніякае іншае, падводзіць нас да пытання, чаму аб’ектам увагі археалогіі з’яўляецца менавіта матэрыяльныя рэшткі мінулага, якое мы разгледзім у наступным раздзеле.

Літаратура

  1. Арциховский А.В. Введение в археологию. М.,1947.

  2. Арциховский А.В. Основы археологии. М.,1954.

  3. Формозов А.А. История термина «Археология» // Вопросы истории. 1975. №8. С.214-218.

  4. Моисеев А.В. Содержание понятия «Археология» // В сб.: История отечественной археологии: дореволюционное время. Материалы IV чтений по историографии археологии Евразии. Воронеж, 2004. С.16-24.

  5. Археология. Под ред. академика В.Л. Янина. М.: изд-во Московского университета, 2006.

  6. Петров Н.И. Археология. Спб.,2008.

  7. Крывальцэвіч М.М. Археалогія // Археалогія. Энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 2009.

Пытанні да самакантролю:

  1. Хто і калі ўпершыню ўжыў слова «археалогія»?

  2. Якое паняцце ўкладывалася ў сэнс гэтага тэрміна ў антычную пару і перыяд новага часу?

  3. Якое паняцце ўкладвалася ў змест тэрміна «археалогія» ў другой палове XX ст. і ўкладваецца сёння?