Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэма 1 Методыка выкл. бел. літ..doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
93.7 Кб
Скачать
  1. Шляхі развіцця методыкі беларускай літаратуры

Метадычная тэорыя нашых дзён з’яўляецца, з аднаго боку, вынікам абагульнення вопыту выкладання літаратуры ў сучаснай школе, з другога – прагрэсіўнага вопыту мінулага. Методыка літаратуры як навука існуе больш за 200 гадоў. У пошуках аптымальнай у сучасных умовах сістэмы адукацыі неабходна ведаць набыткі і пралікі папярэднікаў, бо многія “навацыі” сённяшняй школы з’яўляюцца “добра забытымі” метадамі, якія ў той ці іншай мадыфікацыі ўжо ўжываліся ў беларускіх школах.

У ХІХ ст.на Беларусі выкарыстоўвалася сістэма выкладання літаратуры, прынятая ў Расійскай імперыі. Панаваў метад “завучвання падручніка”, чытання твораў не патрабавалася, яны выкарыстоўваліся як ілюстрацыі тэарэтычных палажэнняў. Самастойная творчасць заключалася ў стварэнні перакладаў і стылізацый-перайманняў узорных аўтараў. Прагрэсіўнымі рускімі вучонымі-метадыстамі таго часу можна назваць Ф.Буслаева, У.Стаюніна, В.Астрагорскага і інш. Так, Ф.Буслаеў выпрацаваў новую тэорыю чытання, згодна з якой замест дагматычнага метаду ўводзіўся эўрыстычны (“О преподавании отечественного языка”, 1884). У.Стаюнін адстойваў неабходнасць зместава-фармальнага аналізу твора, самым эфектыўным метадам лічыў аналітычную гутарку, якая дазволіць выпрацаваць у вучняў свой погляд на твор, а не засвойваць гатовыя схемы (“О преподавании русской литературы”, 1864). В.Астрагорскі асаблівую ўвагу надаваў выразнаму чытанню і завучванню на памяць, распрацоўцы тэорыі і практыкі пазакласнай працы (“Беседы о преподавании словесности”, 1884).

Методыка беларускай літаратуры пачала фарміравацца ў пачатку ХХ ст. у сувязі з увядзеннем у школьную адукацыю адпаведнага прадмета. Першыя беларускія школы з выкладаннем беларускай літаратуры як асобнай дысцыпліны школьнай адукацыі пачалі працаваць у часе першай сусветнай вайны на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Натуральна, што з’яўленне новага прадмета патрабавала тэарэтычнага і практычнага забеспячэння яго выкладання. Вытокі метадычнай навукі звязваюцца з выданнем першых падручнікаў-хрэстаматый К.Каганцом (“Лемантар”, 1906), Цёткай (“Першае чытанне для дзетак беларусаў”, 1906), Я.Коласам (“Другое чытанне для дзетак беларусаў”, 1909).

У 20-я гг. нацыянальна-патрыятычны ўздым у краіне, палітыка беларусізацыі плённа ўздзейнічаюць і на развіццё метадычнай навукі. У 1924 г. выходзяць першыя праграмы па беларускай мове і літаратуры. Каштоўным з’яўляецца ўжо сам факт з’яўлення праграмы, хаця яна ўтрымлівае шэраг істотных недахопаў: неакрэсленасць выхаваўчай ролі чытання, перавага фармальнага аналізу над змястоўным, няпэўнасць у падборы матэрыялу. Так, настаўніку на выбар давалася 4 прыкладныя спісы літаратурных твораў, а тым, каго не задавальняў гэты пералік, прапанавалася скласці свой, пяты.

Адным з першых айчынных метадыстаў можна лічыць Я.Коласа (“Методыка роднае мовы”, 1926), які сцвярджаў пазнавальна-адукацыйную і выхаваўчую ролю літаратуры. Я.Колас выпрацаваў наступныя прыёмы вывучэння тэксту: першае чытанне твора настаўнікам і паўторнае вучнямі; тлумачэнне незразумелых слоў; складанне плана, пераказ; аналіз твора ў выглядзе гутаркі; выразнае чытанне; завучванне на памяць. Многія метадычныя думкі Я.Коласа актуальныя і сёння. Да прыкладу, разглядаючы творчыя формы работы, ён прызнае іх каштоўнасць, але папярэджвае ад празмернага захаплення інсцэніроўкамі, якія могуць выліцца “ў формы бутафорыі”, і ад залішняга малявання і лепкі, каб не ператварыць урокі літаратуры ва ўрокі малявання. Я.Колас настойваў, што трэба як мага болей даваць вучням чытаць самім, што ў сённяшняй культурнай сітуацыі актуалізуецца з новай сілай. Нарэшце, ён пісаў: “Нішто так не дапамагае ўзбагачэнню мовы дзяцей новым запасам слоў і выразаў, як вывучванне на памяць. Тое, што вывучана на памяць, складае самы сталы здабытак вучня”.

Вялікі ўнёсак у развіццё беларускай метадычнай навукі зрабілі І.Замоцін, І.Самковіч і І.Пратасевіч. Першай навуковай працай па методыцы беларускай літаратуры з’яўляецца “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” І.Замоціна. Яго прынята лічыць “бацькам” беларускай метадычнай навукі. І.Замоцін быў адным з першых прафесароў, якія распрацоўвалі курс методыкі выкладання беларускай літаратуры ў ВНУ. Сярод яго прагрэсіўных прапаноў – патрэба вывучаць літаратуру па храналагічным прынцыпе, выкарыстоўваць чатырохэтапную структуру вывучэння твора, развіваць літаратурную мову школьнікаў, абапірацца пры аналізе на прынцыпы “навуказдольнасці” і “педагагічнасці”, выкарыстоўваць ТСН і інш. Цікавыя думкі І.Замоціна адносна папулярнай у 20-я гг. і вернутай у 90-я гг. формы літаратурнах судоў. Вучоны крытыкаваў гэтую форму арганізацыі ўрока, у працэсе якой абмеркаванне ператваралася ў маралізатарства, а “падсудны” герой успрымаўся як рэальны чалавек (без уліку мастацкага вымыслу і светапогляду аўтара), да таго ж сучаснік (ігнараванне канкрэтных гістарычных умоў). Сапраўды, працы І.Замоціна – гэта значны крок наперад у развіцці метадычнай навукі, многія палажэнні іх гучаць актуальна і сёння. Але ў 1838 г. ён быў рэпрэсіраваны і высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы ў 1842 г., а яго працы падпалі пад забарону і доўгі час былі невядомымі шырокай грамадскасці.

У 20-я гг. інтэнсіўна развіваецца і педагагічны друк: часопісы “Школа і культура Савецкай Беларусі”, “Асвета”, “Камуністычнае выхаванне” (сёння – “Народная асвета”) і інш. Ніводны з іх, безумоўна, не з’яўляўся прыватнаметадычным выданнем. І хоць асноўная колькасць публікацый была прысвечана ідэалагічнаму выхаванню, час ад часу на старонках гэтых выданняў публікаваліся матэрыялы па нацыянальнай гісторыі, культуры, літаратуры, асветы і педагагічнай думкі, методыцы выкладання беларускай літаратуры (матэрыялы, прысвечаныя педагогам мінулага, рэцэнзіі на метадычныя працы і інш.).

Найбольш пашыраным метадам навучання ў 20-я гг. быў брыгадна-лабараторны, ці Дальтон-план, у якім цэнтральнае месца адводзілася самастойнай рабоце, а вучань успрымаўся як суб’ект навучальнага працэсу.

Асноўную працу па прапанаваных заданнях вучань вёў у лабараторыі, дзе была патрэбная для яе выканання літаратура, дзе ён мог атрымаць неабходную кансультацыю настаўніка. Справаздача прадстаўлялася ў пісьмовай форме (даклад, рэферат). Настаўнік аналізаваў справаздачы, вызначаў недахопы, якія пасля абмяркоўваліся на выніковай канферэнцыі. Лабараторны метад, вернуты ў мадыфікаваным выглядзе ў практыку сённяшняй школы, безумоўна, выхоўваў самадысцыпліну і прывіваў культуру самастойнай працы, але абсалютна выключаў жывое слова вучня, што надавала навучанню аднабаковасць (ўвогуле недапушчальную пры выкладанні літаратуры).

У 30-я гг. масавыя рэпрэсіі і курс на русіфікацыю надоўга перапынілі развіццё методыкі выкладання літаратуры як навукі. Як вядома, рэпрэсіі ў нашай рэспубліцы былі скіраваны найперш супраць нацдэмаўшчыны, а фактычна – супраць найбольш нацыянальна свядомай часткі грамадства – інтэлігенцыі. Яны закранулі ў першую чаргу тых, хто закладваў асновы нацыянальнай школы, – І.Замоціна, І.Самковіча, М.Каспяровіча і інш. Яны абвінавачаны ў тым, што ўключалі ў падручнікі творы пісьменнікаў – выразнікаў, па словах Л.Бэндэ, ідэй эксплуататарскіх класаў (Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, А.Рыпінскі), прапагандыстаў нацдэмаўшчыны (Ядвігіна Ш., А.Гаруна, К.Каганца, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.), песняроў буржуазіі (Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча і інш.), апалагетаў кулацтва (М.Зарэцкага, М.Лужаніна, Я.Пушчы і інш.). У 1929 – 1930 гг. са школ былі забраны практычна ўсе падручнікі, распрацаваныя ў папярэднія гады. З праграмы выключана ўся літаратура ХІХ стагоддзя, а таксама такія нашы класікі, як М.Багдановіч, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш. і інш. Сярод твораў Я.Купалы, З.Бядулі, Я.Коласа, М.Лынькова засталіся тыя творы, якія пісаліся “на заказ”, пад пагрозай быць арыштаванымі і расстралянымі. Так, скажам, творчасць Я.Купалы вызначалі наступныя творы: “Табе, правадыр”, “Беларусі ардэнаноснай”, “Нашай Канстытуцыі”, “З’езду Саветаў”, “На смерць таварыша Кірава” і інш.

У вучні бачыцца аб’ект навучання, адной з задач адукацыі становіцца “узмацненне свядомай дысцыпліны”. Асноўны метад навучання – метад праектаў, праз які меркавалася дасягнуць адзінства тэорыі і практыкі. Згодна з гэтым, таксама вернутым у сённяшнюю школьную практыку ў значна відазмененым выглядзе, метадам, у аснову вывучэння ўсіх дысцыплін, у тым ліку і літаратуры, быў пакладзены прынцып актыўнага ўдзелу вучняў у ажыццяўленні практычных задач сацыялістычнага будаўніцтва. Вучні павінны былі “праектаваць”, як яны могуць дапамагчы дарослым у выкананні плана пяцігодкі. Затым са сваімі прапановамі школьнікі ішлі на прадпрыемствы і агітавалі рабочых сродкамі літаратуры: пісалі лозунгі, чыталі вершы, ладзілі спектаклі, малявалі плакаты, якія заклікалі працаваць лепш і ў тэрмін выконваць план.

Перыяд хрушчоўскай “адлігі” таксама не быў надта спрыяльным для канцэптуальнага развіцця нацыянальнай методыкі, бо пачаўся новы наступ на беларускую культуру. Нейкі час у школах рэспублікі родная мова як школьны прадмет адсутнічала ўвогуле. Пазней ад яе вызвалялі, калі знаходзілася хоць якая-небудзь – значная ці не – прычына. Беларуская метадычная навука страціла сваю самастойнасць і цалкам, па словах В.Ляшук, “ішла ў фарватары рускай методыкі выкладання мастацкага слова ў школе, паўтараючы не лепшае ў ёй”. Канцэптуальныя падыходы да зместу і структуры літаратурнай адукацыі распрацоўваліся ў Маскве і аўтаматычна пераносіліся на Беларусь.

Але з к. 50 – 60 –х гг. да 80-х гг. актыўна пачынаюць распрацоўвацца прыватныя пытанні методыкі: вывучэнне тэорыі (М.Лазарук, А.Ленсу), выкладанне літаратуры ў пэўным класе (В.Барысенка, В.Івашын, Р.Шкраба, В.Смыкоўская, А.Рагуля, П.Лявонава), вывучэнне творчасці пісьменніка (серыя “Пісьменнік у школе”: М.Барсток, У.Міцкевіч, В.Ляшук і інш.). Апошнія змяшчаюць распрацоўкі ўрокаў па творчасці таго ці іншага пісьменніка. Да прыкладу, У.Міцкевіч “Аркадзь Куляшоў у школе”, “Максім Танк у школе”, “Пятрусь Броўка ў школе”. На сённяшні дзень падобныя выданні прысвечаны практычна ўсім беларускім класікам.

Першым падручнікам па методыцы выкладання беларускай літаратуры можна лічыць “Методыку літаратурнага чытання” І.Счаснага (1956). У ёй раскрываліся асноўныя пытанні методыкі выкладання беларускай літаратуры ў 5 – 7 класах. Структурна гэта праца дублявала кнігу вядомага рускага метадыста В.Галубкова, але ілюстравала тэарэтычныя палажэнні беларускім матэрыялам.

Плённае развіццё методыкі выкладання беларускай літаратуры пачалося толькі з 80-х гг., калі з’яўляюцца першыя канцэптуальныя працы: сучасныя па свайму зместу падручнікі “Вывучэнне літаратуры: пытанні методыкі” пад рэдакцыяй В.Івашына (1980), “Методыка выкладання беларускай літаратуры” пад рэдакцыяй В.Ляшук і А.Рагулі (1986, 2002). Упершыню з’яўляецца і педагагічна-метадычны друк: часопісы “Роднае слова” (з 1988 па 1991 меў назву “Беларуская мова і літаратура ў школе”), “Беларуская мова і літаратура” (з 1995 года).

На сённяшні дзень рэфармаванне школы запатрабавала пашырэння ўвагі да метадычнага пошуку. Жакам Дэлорам у дакладзе Старшыні Міжнароднай камісіі па адукацыі для ХХІ ст. было названа чатыры складнікі сучаснай адукацыі: навучыцца пазнаваць, навучыцца рабіць, навучыцца жыць і навучыцца жыць разам. У сувязі з гэтым бліжэйшыя перспектывы развіцця методыкі навучання літаратуры звязваюцца з гуманізацыяй вучэбна-выхаваўчага працэсу, культуралагічным і асобасна арыентаваным падыходамі да яе выкладання, стварэннем новых і выкарыстаннем прагрэсіўных адукацыйных тэхналогій.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]