Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 20.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
497.66 Кб
Скачать

Дзейнасць вядучых дзяржаўных выдавецтваў

Выдавецтва “Народная асвета” [Табл. 2, 3], якое займае вядучыя пазіцыі вось ужо апошнія 25 год, за гады сваёй дзейнасці выпусціла больш за 10,5 тыс. назваў кніг, агульным тыражом звыш 450 млн. экз. Пачынаючы з 2004 г. “Народнай асвеце” ўдаецца штогод выпускаць у сярэднім больш за 200 назваў падручнікаў, дапаможнікаў, рабочых сшыткаў, хрэстаматый, дыдактычных і метадычных матэрыялаў, слоўнікаў, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры на 6 мовах. Кніжнае выдавецтва спецыялізуецца на выпуску вучэбных і літаратурна-мастацкіх выданняў. На паліграфічнай базе фабрыкі “Красная звезда”, дзе створаны спецыялізаваны участак, выдае вучэбную і мастацкую літаратуру рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля для дзяцей інвалідаў па зроку; працягвае таксама самую вядомую сваю серыю “Школьная бібліятэка”, выданні якіх з’яўляюцца сацыяльна значымымі і поўнасцю фінансуюцца дзяржавай. Асноўнымі заказчыкам і фінансістам выдавецтва выступае Міністэрства адукацыі, для якога “Народная асвета” выпускае падручнікі для агульнаадукацыйных і спецыяльных школ – 120–150 найменняў штогод [37].

У 1991 – 1994 гг. у выдавецтве былі ажыццёўлены праекты па факсімільным выданні шэрагу твораў з наўмысна “забытай” культурнай спадчыны Беларусі. Так, серыю “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць” адкрыла “Беларуская граматыка” Б. Тарашкевіча [7]. Наступнымі сталі зборнікі “Жывая спадчына” (1992) і “Слова беларускае” (1994) пад рэдакцыяй прафесара А. Міхневіча; у 1993 г. выйшаў “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча (узноўленае выданне 1925 г.); якія вярталі чытачу незаслужана забытыя імёны, што знаходзіліся ў спецсховах.

Акрамя выдавецтва “Народная асвета” адносна высокую планку тыражу сваіх выданняў утрымлівалі выдавецтвы “Вышэйшая школа” і “Юнацтва”. Створанае ў маі 1961 г. на аснове выдавецтва і рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Беларускага дзяржаўнага універсітэта, “Вышэйшая школа” атрымала сваю назву ў верасні 1963 г. Вызначаным кірунакам у выдавецкай дзейнасці стаў выпуск падручнікаў, вучэбна-метадычных і практычных дапаможнікаў па розных галінах; а таксама навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай літаратуры для студэнтаў, выкладчыкаў ВНУ, навучэнцаў сярэдне спецыяльных устаноў; мастацкай літаратуры. У 1991–1996 гг. “Вышэйшая школа” выдала 530 назваў кніг, тыраж якіх склаў 13 млн. 226 тыс. экз. [12]. Найбольш значнымі выданнямі з’явіліся выданні “Франциск Скорина – белорусский гуманист, просветитель, первопечатник” (1989), “Откуда есть и пошел букварь” М. Батвінніка (1983), “История архитектуры” В.Чантурыя і А.Воінава і іншыя. Кнігі выдавецтва перавыдаваліся ў Балгарыі, Венгрыі, Галандыі, ЗША, Іране, Італіі, Польшчы, Фінляндыі, Японіі, экспартаваліся больш чым у 100 краін свету.

У чэрвені 2000 г. дзяржаўнае кніжнае выдавецтва “Вышэйшая школа” набыло статус Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства, а ў 2002 г. у яго склад увайшло выдавецтва “Універсітэцкае” [Табл. 2, 3]. Усяго за перыяд сваёй дзейнасці “Вышэйшая школа” выпусціла звыш 6 тыс. назваў кніг агульным тыражом больш за 96 млн. экз. Спецыялізацыю выдавецтва вызначаюць вучэбныя і даведачныя выданні для ўстаноў вышэйшай, сярэдне спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дашкольных устаноў. Сярод вучэбных, навуковых, навукова-папулярных і даведачных выданняў кнігі па фізіцы, матэматыцы, радыёэлектроніцы, вылічальнай тэхніцы, машынабудаванню, будаўніцтву, архітэктуры, эканоміцы, фінансах, біялогіі, медыцыне, сацыялогіі, гісторыі, мастацтву, літаратуразнаўству, мовазнаўству. У выдавецтве выходзяць вучэбныя і даведачныя выданні на англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах.

Выдавецтва “Юнацтва”, заснаванае ў Мінску ў студзені 1981 г. на базе рэдакцый выдавецтваў “Мастацкая літаратура” і “Народная асвета”, займалася выданнем літаратурна-мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры для дзяцей і юнацтва на 16 мовах для чытачоў 110 краін. З выдавецтвам актыўна супрацоўнічалі беларускія дзіцячыя пісьменнікі, з якімі “Юнацтва” наведвала сустрэчы з чытачамі, літаратурныя канферэнцыі. Толькі за 1996 г. выдавецтва ўдзельнічала ў 20 кніжных выставах, сярод якіх чатыры – міжнародныя (Маскоўская, Мінская, Варшаўская, у Франкфурце-на-Майне). Акрамя “Школьнай бібліятэкі” выдавецтва было вядома такімі серыямі, як “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР” (1983–1994), “Бібліятэка беларускай дзіцячай літаратуры” (з 1991 г., у 10 тамах), “Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры” (з 1992 г., у 30 тамах). Папулярнасцю ў чытачоў карысталіся кнігі выдавецтва, выпушчаныя ў серыях “Казка за казкай”, “Бібліятэка прыгод і фантастыкі”, “Мая першая кніжка”, “Зрабі сам”, “Знайка”, “Эўрыка”, “Бібліятэка дзіцячага сада”, “Бібліятэка навукова-пазнавальнай літаратуры”, “Залаты ключык”, “Бацькаўшчына” [13]. У 1991–1996 г. у параўнанні з іншымі дзяржаўнымі выдавецтвамі “Юнацтва” мела адзін з вышэйшых паказчыкаў па тыражу (21 млн. 220 тыс. экз.) [14], які, праўда, трымаўся за кошт вынікаў кнігавыдання 1991–1994 гг. Колькасць выпушчаных кніг за адпаведны перыяд склала 419 назваў. Да 90% найменняў выдавецтва з’яўляўся дзяржзаказам, затрымка фінансавання якога ў 1995–1996 гг. прынесла “Юнацтву” значныя страты. У 1997–2001 гг. назіраўся далейшы спад у дзейнасці “Юнацтва” – гэта ўжо 274 назвы тыражом 1 млн. 905 тыс. экз. [15]. Свядома рызыкуючы выдавецтва падтрымлівала нацыянальную культуру, выдаючы каля 80% кніг на беларускай мове. У 2002 г. выйшлі апошнія 13 назваў кніг выдавецтва тыражом 41 тыс. экз. [16].

Што тычыцца выдання беларускамоўнай мастацкай літаратуры, то і “Мастацкая літаратура”, і “Юнацтва”, якія яшчэ ў 1989 г. выпускалі 40% усіх дзяржаўных тыражоў і 21% найменняў, пачынаючы з 1995–1996 гг. значна скарацілі выданне кніг на беларускай мове. У 1994 г. было надрукавана 215 назваў мастацкай літаратуры (у тым ліку і для дзяцей) тыражом 2 млн. 021 тыс. экз., а ў 1995 г. – гэта 162 назвы тыражом 1 млн. 339 тыс. экз., у 1996 г. – адпаведна 157 назваў тыражом 1 млн. 137 тыс. экз. Цалкам за 1995 г. дзяржаўныя выдавецтвы скарацілі выпуск беларускамоўнай мастацкай літаратуры на 22% па назвах і на 37% па тыражу. У наступны год адбылося чарговае памяншэнне на 30% па назвах і на 60% па іх тыражу.

Асноўным дзяржаўным выдаўцом беларускай мастацкай літаратуры і літаратуры для дзяцей і юнацтва застаецца выдавецкае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Мастацкая літаратура” [8] Большасць выданняў мастацкай літаратуры выходзіла на беларускай мове ў такіх серыях, як “Бібліятэка беларускай паэзіі” і “Бібліятэка беларускай прозы” (1968–1993), “Першая кніга паэта” (1968–1997), “Першая кніга празаіка” (1971–1997), “Кніга перакладчыка” (1986–1995), “Бібліятэка замежнай прозы” (з 1983 г.), “Спадчына” (з 1989 г.), “Скарбы сусветнай літаратуры” (з 1989 г.), “Бібліятэка беларускай класікі” (з 1990 г.), “Літаратурныя помнікі Беларусі” (з 1991 г.), “Галасы беларускага замежжа” (з 1994 г.). У пачатку 1990-х гадоў выдавецтва актыўна займалася выпускам кніг літаратурна-гістарычнага і гісторыка-публіцыстычнага зместу. У 1993 г. “Мастацкая літаратура” ажыццявіла першае асобнае выданне даследавання рукапісных кніг Беларусі Х – XVIII стст. М. Нікалаева “Палата кнігапісная”. Надзённым пытанням гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры, духоўнага развіцця беларускага народа былі прысвечаны зборнікі “Шляхам гадоў” (вып.1–4, 1990–1994 гг.), “Скарыніч” (вып.1–3, 1991–1997 гг.), пытанням гісторыі – зборнік «З гісторыяй на “Вы”» (вып.1–3, 1991–1994). У 1994 г. упершыню на беларускай мове былі надрукаваны помнікі старажытнабеларускай літаратуры, якія належалі да жанраў жыцій і хаджэнняў – гэта “Кніга жыцій і хаджэнняў” у серыі “Літаратурныя помнікі Беларусі”. Сярод найбольш значных выданняў – 15-томная “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР” (1981–1994, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1996 г.), факсімільныя выданні М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Н. Арсенневай і інш. [9].

Нягледзячы на вызначаную спецыялізацыю па выпуску твораў мастацкай літаратуры на беларускай, рускай, англійскай і іншых мовах, выдавецтва займаецца выданнем навуковай, навукова-папулярнай, вытворча-практычнай, вучэбнай, масава-палітычнай і даведачнай літаратуры. У 2002 г. да “Мастацкай літаратуры” было далучана выдавецтва “Юнацтва” [Табл. 2, 3]. Усяго за час дзейнасці “Мастацкай літаратуры” выйшла каля 5 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом каля 200 млн. экз. Асаблівы гонар выдавецтва – зборы твораў Я. Купалы, К. Крапівы, М. Танка, В. Быкава, І. Шамякіна. Значнае месца займае і выданне вучэбнай літаратуры гуманітарнага кірунку, серыі “Школьная бібліятэка”. Дзяржаўнай Прэміяй Рэспублікі Беларусь адзначаны кнігі У. Някляева “Прошча” (1996), пераклад У. Скарынкіна “Боскай камедыі” Дантэ (1997, Нацыянальная прэмія Італіі 1998 г.; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000 г.), “Бабчын” М. Мятліцкага (1996), “Явар з калінаю” (1994) і “Арляк і зязюля” (1998) М. Кусянкова. З выдавецтвам супрацоўнічаюць лепшыя мастакі-графікі Беларусі А. Цароў, М. Казлоў, В. Латышаў, М. Купава, П. Драчоў, С. Чарановіч, В. Масцераў, А. Бетанава, П. Калінін, В. Буцько, В. Губараў, І. Бокій і іншыя.

У 1998 г. выдавецтвам заснаваны такія папулярныя серыі, як “Беларуская проза ХХ стагоддзя” і “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” (а цяпер ужо і ХХІ стагоддзя), “Дэбют”; у 2003 г. – “Беларусь літаратурная”; у 2004 г. – “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Беларусь літаратурная”, “Беларускі народны калянлар”, “Зямля мая”, “Казка за казкай”; у 2005 г. – “Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх”, “Мастакі Беларусі”, “Твае гарады, Беларусь”, “Бытавыя народныя казкі”; у 2006 г. – “Беларусь мастацкая” і інш. Вышэйшай ўзнагародай конкурсу “Мастацтва кнігі” – Дыпломам імя Францыска Скарыны – адзначана выданне ў 2-х кнігах “Память со слезами на глазах: песни о Великой Отечественной войне” і “1418 дней Великой Отечественной войны: хронология событий”, аб’яднаных футулярам пад назвай “Победа” (мастакі – А.Б. Пятроў і У.А. Рагалевіч, 2005).

У 2006 г. выдавецтвамі “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета” і Мінскай фабрыкай каляровага друку ажыццёўлены выпуск электронных выданняў – творы Я. Коласа “На росстанях. Новая зямля” (на двух кампакт-дысках у серыі “Бібліятэка школьніка”); электронная версія падручніка “Геаграфія” і мультымедыйны дадатак да альбома выяўленчага мастацтва “Андрей Смоляк”.

Навука і тэхніка” – выдавецтва, якое пачынала сваю дзейнасць як рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Інбелкульта, а пасля, з 1932 г. – “Выдавецтва АН БССР” і, нарэшце, з 1963 г. – самастойнае дзяржаўнае прадпрыемства “Навука і тэхніка”, у 1991–1996 гг. выпусціла 596 назваў кніг тыражом 2 млн. 677 тыс. экз. [10]. Гэта была навуковая і навукова-папулярная літаратура па філасофіі, гісторыі, эканоміцы, гісторыі дзяржавы і права, мастацтвазнаўстве, этнаграфіі і фальклору, філалогіі, тэхніцы; мастацкая літаратура. Вядучымі серыямі выдавецтва з’яўляліся “Беларуская народная творчасць”, “Нашы славутыя землякі”, “Чалавек і асяроддзе”, “Навука – вытворчасці” і іншыя [11]. Найбольш значныя выданні выдавецтва – гэта энцыклапедыя “Францыск Скарына і яго час” (1988); “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (14 выпускаў, 1982–1996); “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” (8 тамоў, 1978–1993); “Гісторыя беларускага мастацтва” (6 тамоў, 1987–1994), “Наша Ніва. 1906–1908” (Вып.1, факсімільнае выданне 1992 г.), “Музычны тэатр Беларусі” (4 тамы, 1990–1997, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998 г.), поўныя зборы твораў М. Багдановіча і М. Лынькова і іншыя. Усяго за перыяд дзейнасці “Навукі і тэхнікі” выйшла амаль 6 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом каля 25 млн. экз. Праўда, у 1996 г. выдавецтва спыніла сваю дзейнасць і на яго базе было створана новае выдавецтва “Беларуская навука”.

Выдавецкі Дом “Беларуская навука”, які, як адзначана, быў створаны ў 1996 г. на базе выдавецтва “Навука і тэхніка”, у кастрычніку 2000 г. таксама набыў статус Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства. З красавіка 2005 г. у назву былі ўнесены змены і замест выдавецтва “Беларуская навука” з’явіўся «Издательский Дом “Белорусская наука”» [Табл. 2, 3]. Усяго ж на ліку выдавецтва 614 назваў кніг тыражом 1 млн. 203 тыс. экз. У асноўным гэта навуковыя, навукова-папулярныя, вучэбныя, даведачныя, масава-палітычныя, літаратурна-мастацкія і выданні для вольнага часу. Выдаецца таксама літаратура на еўрапейскіх мовах. Выдавецтва працягвае такія шматтомныя серыі навуковых выданняў “Навукі і тэхнікі”, як “Беларуская народная творчасць” (выдаецца з 1970 г.), “Беларусы” (з 1995 г.). Сярод выйшаўшых кніг фундаментальныя працы па гісторыі беларускага мастацтва, тэатра, кіно, літаратуры, дзяржавы і права Беларусі, археалогіі, этнаграфіі і фальклору, граматыцы беларускай мовы; слоўнікі і манаграфіі пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, якія адлюстроўваюць дзейнасць вучоных інстытутаў НАН Беларусі, навукова-даследчых устаноў неакадэмічнага профілю, шэрагу вучэбных устаноў. Дзякуючы ўдзелу кніг выдавецтва на Маскоўскім, Варшаўскім, Іерусалімскім, Франкфуртскім міжнародных кірмашах, геаграфія іх распаўсюджання пашыраецца: Канада, ЗША, Польшча, Францыя, Германія, Кітай і інш. “Беларускай навукай” працягваецца выданне таксама часопісаў “Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (з 1940 г., у 7 серыях), “Доклады Национальной академии наук Беларуси” (з 1957 г.), газеты “Веды” (з 1979 г.). З 2003 г. у выдавецтве пачаў выходзіць навуковы часопіс “Наука и инновации”, а з 2006 г. – “Аграрная экономика”. Выдавецтва валодае ўласным ўчасткам аператыўнай паліграфіі.

Выдавецтва “Полымя” адным з першых звярнула ўвагу на выданне кніг па гісторыі таго ці іншага рэгіёна Беларусі. Пэўнай з’явай сталі працы З.В. Шыбекі і С.Ф. Шыбека “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (1994), М.Я. Нікіфароўскага “Старонкі з нядаўняй мінуўшчыны горада Віцебска” (1995). У выдавецтве былі заснаваны такія серыі, як “Гарады Беларусі”, “Горад і наваколле”, “Горад-пабрацім”, “Нашы славутыя землякі”, “Помнікі беларускага дойлідства” [17]. У выдавецтве перавыдаваліся і творы беларускіх краязнаўцаў – кніга М. Федароўскага “Люд беларускі” (1991 г.), П.М. Шпілеўскага “Падарожжа па Палессі і беларускім краі” (1992 г.). Асноўную частку рэпертуару выдавецтва складалі навукова-папулярныя, даведачныя, інфармацыйна-рэкламныя, выданні для вольнага часу краязнаўчай, спартыўнай тэматыкі, літаратура па ахове здароўя, а таксама календары; падручнікі і кнігі серыі “Школьная бібліятэка”. Карысталася папулярнасцю серыя кніг “Полымя” “В помощь абитуриенту”. Выходзіла ў выдавецтве і літаратура для інвалідаў па зроку. Кнігі вызначаліся сваім мастацка-паліграфічным афармленнем. У 1991–1996 гг. у выдавецтве выйшла 485 назваў кніг і брашур тыражом 13 млн. 040 тыс. экз.; у 1997–2001 гг. адпаведна – 484 назвы і 1 млн. 412 тыс. экз. У 2002 г. былі выпушчаны апошнія 48 назваў кніг тыражом 84 тыс. экз. [18].

Да перавыдання унікальных кніг па гісторыі звярнуліся і ў самым маладым дзяржаўным кніжным выдавецтве Мінска – “Універсітэцкае” – гэта ў 1992 г. “Кароткая гісторыя Беларусі” В. Ластоўскага (узноўленае выданне 1910 г.); “История России в портретах по столетиям” (1903 г.); “Бояре Романовы и воцарение Михаила Фёдоровича” П.Г. Васенкі (1913 г.) [19]. Хаця асноўным кірункам у дзейнасці выдавецтва быў усё ж выпуск вучэбнай, вучэбна-метадычнай, навуковай, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры для ВНУ. Выдавала “Універсітэцкае” таксама міжведамасныя рэспубліканскія зборнікі навуковых прац, разнастайныя тэматычныя зборнікі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі. У выдавецтве была ажыццёўлена публікацыя цікавых прац па філасофіі, юрыспрудэнцыі, медыцыне, псіхалогіі, літаратуразнаўству і мовазнаўству. Адны з вядомейшых выданняў выдавецтва – “Заходняя Русь, ІХ–ХІІІ стст.” Э.М. Загарульскага (1998), “Міфы старажытнасці” Г.В. Штоля (1999), “Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію” М.І. Крукоўскага (2000). Асноўнымі серыямі “Універсітэцкага” былі “Пад знакам вечнасці”, “Повязь вякоў”, “Экалогія душы”, “Універсітэт – школе”, “Са скарбніц беларускай культуры”, “Сучасная беларуская мова”, “Беларускі фальклор у сучасных запісах”, “Славянскія мовы”, “Студэнцкая бібліятэка”, “Гісторыя зарубежнай літаратуры”, “Незвычайнае ў звычайным” [20]. Выдавецтва мела і серыі па выданню мастацкай літаратуры: “Галактика” – серыя навуковай фантастыкі; “Забытые приключения” – серыя прыгодніцкай літаратуры. У 1991–1996 гг. выпусціла 293 назвы кніг і брашур тыражом 5 млн. 431 тыс. экз., а ў 1997–2001 гг. – 225 назваў тыражом 2 млн. 535 тыс. экз. 2002 год стаў апошнім у дзейнасці выдавецтва: выпушчана 20 назваў кніг тыражом 123 тыс. экз. [21].

Выдавецтва “Ураджай” з сярэдзіны 1990-х гадоў далучылася да дзяржаўнага праекта выдання гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”. А з 1998 г. у выдавецтве наладзілі нават выпуск кніг па гісторыі культуры, мастацтве і архітэктуры, літаратуры, усеагульнай гісторыі. Зразумела, што асноўнай спецыялізацыяй выдавецтва заставаўся выпуск літаратуры для патрэб сельскай гаспадаркі вучэбнага, вучэбна-метадычнага, навуковага, навукова-папулярнага і даведачнага характару. Тым не менш, у гэты перыяд у выдавецтве была звернута большая ўвага на беларусазнаўчую тэматыку, гісторыю развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі, сельскагаспадарчай навукі, адукацыі, на змены ў аграрнай палітыцы, на развіццё розных сістэм прыродакарыстання, на гісторыю вёскі і сялянскага побыту, народныя традыцыі, духоўную спадчыну і ролю выдатных асоб у гістарычных працэсах краіны. Так, аднымі з апошніх і унікальных выдавецкіх праектаў сталі “Беларусь у малюнках Напалеона Орды” (2001) і “Мінск незнаёмы. 1920–1940” І. Куркова (2002). У 1991–1996 гг. “Ураджай” выдаў 350 назваў кніг і брашур тыражом 8 млн. 581 тыс. экз.; у 1997–2001 гг. – 332 назвы тыражом 2 млн. 540 тыс. экз.; у 2002 – 36 назваў тыражом 240 тыс. экз. [22].

Старэйшае з дзяржаўных выдавецтваў “Беларусь”, атрымаўшае такую назву ў 1963 г., з чэрвеня 2000 г. з’яўляецца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам, спецыялізуецца на выпуску масава-палітычнай, навукова-папулярнай, літаратурна-мастацкай, даведачнай, вытворча-практычнай, вучэбнай літаратуры. Адзін з прыярытэтных кірункаў – выданне кніг і альбомаў па выяўленчым мастацтве, фотаальбомаў, паштовак, плакатаў, календароў. Тэматыка выданняў ахоплівае сацыягуманітарную і прававую сферы, тэхніку, медыцыну, музыку, гісторыю і культуру Беларусі, замежных краін. У свой час на базе выдавецтва былі створаны некалькі выдавецтваў: у 1951 г. – “Народная асвета”, у 1961 г. – “Ураджай”, у 1972 г. – “Мастацкая літаратура”. А вось у 2002 г. “Беларусь” аб’яднала пад сваёй выдавецкай маркай “Полымя” і “Ураджай” [Табл. 2, 3]. Усяго за час дзейнасці ў “Беларусі” было выдадзена каля 23 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом каля 400 млн. экз. Канцэптуальна новай падачай матэрыялу і сучасным мастацка-графічным афармленнем вызначаецца новая серыя навукова-папулярных выданняў “Беларусі” “Мастацкія скарбы Беларусі”, у рамках якой толькі ў 2005 г. выйшла 4 кнігі. Для жыхароў нашай рэспублікі і замежных гасцей у выдавецтве выпускаюцца ў свет прадстаўнічыя фотаальбомы, кшталту “Мінск” (2003, 2005, 2006), “Пад небам Беларусі” А. Кляшчука (2003, 2005), “Паазер’е – краіна жыцця” (2005), “Скарбы прыроды Беларусі” (2003, 2005), у якіх асноўнае месца займаюць фотаздымкі.

Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, дзяржаўныя выдавецтвы менавіта ў 1991–1996 гг. распачалі шэраг цікавых выдавецкіх праектаў, якія вызначаліся сваёй грунтоўнасцю і актуальнасцю. Да прыкладу, сярод іх выпуск такіх энцыклапедычных выданняў, як “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (з 1993 г., у 6 тамах), “Беларуская мова” (1994), “Беларуская энцыклапедыя” (з 1996 г., у 18 тамах), выдаўцом якіх выступіла “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Прадаўжаўся ў гэты час і выпуск, распачатага ў 1985 г. названым выдавецтвам шматтомнага серыйнага выдання энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі “Памяць”. Да 1998 г. выйшла больш за 20 кніг. Масавымі тыражамі выйшлі зборы і асобныя выданні твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага, П. Броўкі, П. Глебкі, К. Крапівы, М. Лынькова, А. Куляшова, П. Панчанкі, В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна і іншых.

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” вызначае высокі ўзровень падрыхтоўкі галіновых і універсальных энцыклапедый, слоўнікаў. Акрамя таго рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства (з верасня 2000 г.) выконвае не толькі функцыі выдавецкай арганізацыі, але і навукова-даследчага інстытута шырокага інфармацыйнага профілю. Выпускае таксама афіцыйную, навукова-папулярную, вучэбную і мастацкую літаратуру, выданні для вольнага часу [Табл. 2, 3]. Усяго за час сваёй выдавецкай дзейнасці выдала звыш 600 назваў агульным тыражом каля 20 млн. экз.

Найбольш маштабнымі праектамі “Беларускай энцыклапедыі” сталі выданне ў 1996–2004 гг. 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”; у 1993–2003 гг. – 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”; у 2002–2003 гг. – 2-томнай “Тэатральнай энцыклапедыі”; у 2005–2006 гг. – 2-томных энцыклапедый “Вялікае княства Літоўскае” і “Беларускі фальклор”; у 2005 г. – “Спортивной энциклопедии Беларуси”, энцыклапедычных даведнікаў па абласцях і раёнах Беларусі, гісторыі, сусветнай культуры, рэлігіі, геаграфіі, жывёльнаму свету, ваеннай справе і інш. У 2005 г. выдавецтва выпусціла заключны том серыі гісторыка-дакументальных хронік “Памяць” – “Памяць Беларусі”, а ўсяго ў выдавецтве іх было падрыхтавана 42 кнігі. Выдадзены таксама пяты том кнігі “Памяць. Мінск(2007). На пачатку новага тысячагоддзя “Беларуская Энцыклапедыя” заснавала некалькі новых серый – гэта “Гарады і вёскі Беларусі” (з 2004 г.); “Гісторыя Беларусі ў дакументах, манаграфіях, літаратурных помніках” (з 2005 г.); “Помнікі гістарычнай думкі Беларусі” (з 2006 г.). У 2005 г. пачалася рэалізацыя чарговага маштабнага праекта, які павінен стаць своеасаблівым “пашпартам” нашай краіны, – гэта 6-томная энцыклапедыя “Республика Беларусь” на рускай мове (у 2005–2007 гг. выйшлі т.1–5), якая ўжо стала пераможцам ІІІ міжнароднага конкурсу “Искусство книги” дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у жніўні 2006 г., атрымаўшы дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Садружнасць”. Яшчэ адно выданне выдавецтва было адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Мои университеты” – гэта 2-томнік “Беларускі фальклор” [38]. Да 40-годдзя з часу заснавання БелЭн выдавецтвам падрыхтавана кніга “Імя Пятруся Броўкі Беларуская Энцыклапедыя” (2005).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]