Формы бел.мовы
.docФормы беларускай нацыянальнай мовы
Беларуская мова існуе ў дзвюх формах: літаратурнай і дыялектнай. Літаратурная мова – унармаваная, агульнапрынятая і абавязковая для ўсіх членаў грамадства. ЛМ выкарыстоўваецца для зносін усіх людзей нацыі. Яна мае вусную і пісьмовую формы, а сферы і функцыі яе выкарыстання значна шырэйшыя, чым дыялектаў. ЛМ выступае як форма нацыянальнай культуры. Гэта – мова мастацкай літаратуры і навукі. Яна абслугоўвае ўсе сферы вытворчасці і грамадскага жыцця. ЛМ падпарадкоўваецца строгім нормам, якія распрацоўваюцца і абгрунтоўваюцца вучонымі-лінгвістамі.
Прыметы беларускай літаратурнай мовы: наддыялектнасць, унармаванасць, поліфункцыянальнасць, стылявая разгалінаванасць, вусная і пісьмовая формы ўжывання, жанравая разнастайнасць, сістэмная ўстойлівасць і маўленчая зменлівасць.
Норма – найбольш пашыранае і агульнапрынятае выкарыстанне моўных сродкаў, якое стала ўзорным і таму заканадаўча замацаваным у выглядзе правіл і рэгламентацый. Сістэму нормаў ЛМ складаюць:
-
арфаэпічныя нормы – правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў;
-
акцэнталагічныя – правільная пастаноўка націску;
-
арфаграфічныя – перадача вуснай мовы на пісьме (выбар літары; асобна, разам, праз злучок);
-
пунктуацыйныя – правільная пастаноўка знакаў прыпынку;
-
лексічныя – ужыванне слоў ва ўласцівых ім значэннях і правільнае спалучэнне слоў па сэнсе;
-
словаўтваральныя – правільнае ўтварэнне слоў (выбар утваральнай асновы і сродка ўтварэння);
-
граматычныя: а) марфалагічныя – правільнае ўжыванне формаў слоў; б) сінтаксічныя – правільная пабудова словазлучэнняў і сказаў;
-
стылістычныя – выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасці з абраным стылем.
Дыялектная мова – гэта сукупнасць мясцовых гаворак, што бытуюць (у вуснай форме) на Беларусі. На сучасным этапе дыялекты не развіваюцца, а паступова разбураюцца. Дыялекты распаўсюджаны на абмежаванай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца галоўным чынам для зносін людзей у бытавой сферы. Асноўныя дыялекты: 1) паўночна-ўсходні; 2) паўднёва-заходні. Гэтыя дыялекты раздзяляюцца паласой пераходных, або сярэдне-беларускіх гаворак, што знаходзяцца абапал лініі Ашмяны – Мінск – Бабруйск – Гомель. Асобна вылучаецца палеская група гаворак, якія сваімі фанетычнымі і граматычнымі рысамі набліжаюцца да паўночных гаворак украінскай мовы.
Паўднёвая мяжа паўночна-ўсходняга дыялекта праходзіць прыкладна па лініі Свір – Бягомль – Магілёў – Сураж Бранскай вобласці. У склад гэтага дыялекта ўваходзяць: а) полацкая; б) віцебска-магілёўская групы гаворак.
Паўночная мяжа паўднёва-заходняга дыялекта праходзіць ніжэй ад лініі Ліда – Мінск – Бабруйск – Рэчыца – Лоеў. Тут вылучаюцца: а) гродзенска-баранавіцкая; б) слуцка-бабруйска-мазырская групы гаворак.
Гл. дадаткова: Сямешка, Шкраба, Бадзевіч. Курс беларускай мовы, с. 17-18.