Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Крыніцы гісторыі Беларусі (дапаможнік) Ходзіна.doc
Скачиваний:
29
Добавлен:
11.11.2018
Размер:
1.04 Mб
Скачать

Прадмет крыніцазнаўства. Тэарэтычнае і прыкладное крыніцазнаўства

Навуковыя дысцыпліны могуць мець адзін і той жа аб’ект, але розныя прадметы вывучэння1. І гістарычная навука ў цэлым, і гістарычнае крыніцазнаўства маюць аб’ектам вывучэння гістарычныя крыніцы. Аднак, крыніцазнаўства вывучае не толькі інфармацыю, заключаную ў гістарычнай крыніцы, але і даследуе апошнюю як гістарычны факт (час, умовы яе ўзнікнення, стваральнікі і г.д.). Прадметам вывучэння гістарычнага крыніцазнаўства з’яўляюцца ўсе гістарычныя крыніцы ва ўсёй сукупнасці заключанай у іх інфармацыі. Гэтым крыніцазнаўства адрозніваецца ад іншых спецыяльных гістарычных дысцыплін, якія вывучаюць асобныя рысы гістарычнай крыніцы (напрыклад, палеаграфія), альбо асобныя віды гістарычных крыніц (напрыклад, геральдыка альбо нумізматыка). Крыніцазнаўства – гэта не сума спецыяльных гістарычных дысцыплін, а іх пэўная сістэма.

Крыніцазнаўства мае тэарэтычны і эмпірычны (прыкладны) ўзроўні, сваю методыку і метадалогію. Методыка -- гэта сукупнасць пэўных прыёмаў, метадаў і правіл іх выкарыстання ў працы крыніцазнаўцы. Метадалогія – вучэнне аб гэтых метадах, аб асноўных прынцыпах крыніцазнаўчага даследавання.

Тэарэтычнае крыніцазнаўства распрацоўвае агульныя метады вывучэння і даследавання гістарычных крыніц. Гэтыя метады адаптуюцца і канкрэтызуюцца ў дачыненні да вывучэння асобных груп крыніц, альбо пэўных іх характарыстык. Калі для тэарэтычнага крыніцазнаўства метад – гэта і прадмет даследавання, то для прыкладнога – гэта пэўны інструмент вывучэння.

Акрамя тэарэтычнага крыніцазнаўства існуе крыніцазнаўства пэўных галін ведаў (лінгвістычнае, археалагічнае), а таксама крыніцазнаўства пэўных тыпаў і відаў крыніц (летапісаў, актаў, пячатак, грашовых знакаў і г.д.). У залежнасці ад віду сістэматызацыі мы можам вывучаць таксама крыніцы альбо па гісторыі Усходняй Еўропы XIV-XVIII ст. і г.д., альбо крыніцы па гісторыі Беларусі.З такім падыходам звязана разуменне крыніцазнаўства ў шырокім і вузкім сэнсе слова: 1) як метадалогія аналіза гістарычнай крыніцы, 2) як навуковая дысцыпліна, што вывучае пісьмовыя крыніцы..

Гістарычная крыніца і гістарычны дапаможнік. Крыніцазнаўства і гістарыяграфія

Гісторык можа вывучаць мінулае толькі на аснове гістарычных крыніц ва ўсёй іх разнастайнасці. Ён мае справу не з гістарычнымі фактамі, а з іх адлюстраваннем у свядомасці людзей пэўнага часу, не з фактамі ў пэўным аб’еме, а з іх рэшткамі. Гэты працэс можна перадаць праз наступную схема:

факт-падзея

гістарычная крыніца

=>

=>

факт-веды

Такім чынам, гістарычная крыніца – гэта непасрэднае адлюстраванне рэчаіснасці. Калі мы вывучаем асобны від пісьмовых помнікаў – гістарычныя творы, то ў гэтым выпадку ўзнікае праблема адрознення гістарычных крыніц і гістарычных дапаможнікаў, паколькі ўжо летапісец паўстае перад намі як першы гісторык. Разам з тым, мэта летапісца – апісанне сучасных яму падзей, ен выступае як сведка. Апісанне мінулага – толькі аснова для яго працы.

Мэтай жа гістарычнага дапаможніка (возьмем для прыкладу твор Мацея Стрыйкоўскага) з’яўляецца абагульненне напрацаванага летапісцамі матэрыялу, параўнанне і ўдакладненне пэўных фактаў рэчаіснасці. Апісанне сучаснасці ў гэтых гістарычных працах падаецца альбо вельмі сцісла, альбо ўвогуле адсутнічае. Безумоўна азначаныя абагульняючыя творы напісаны больш сучаснай мовай, больш даступныя і зразумелыя для сучаснага даследчыка. Але ў такім выпадку гісторык вымушаны давяраць свайму папярэдніку (часам без пэўнай падставы) і карыстацца яшчэ ў большай ступені скажонай інфармацыяй.

Разам з тым, паміж гістарычнай крыніцай і дапаможнікам няма непераходнай мяжы. Часам крыніцы дайшлі да нас толькі дзякуючы гістарычным дапаможнікам праз пэўны пераказ, цытаванне і г.д. Таму пасля адпаведнага ўдакладнення гісторыкі выкарыстоўваюць частку гістарычнага дапаможніка ў якасці гістарычнай крыніцы (можна прывесці ў якасці прыкладу "Гісторыю" М.Тацішчава, працу М. Стрыйкоўскага і г.д.).

На пэўным этапе развіцця гістарычнай навукі, выпрацоўкі метадаў гістарычнай крытыкі (для канкрэтных рэгіёнаў гэта розныя храналагічныя перыяды) вызначаецца новы этап – з'яўленне гістарычных даследаванняў. Разам з тым і гістарычныя даследаванні, як і іншыя навуковыя працы, могуць быць аб'ектам вывучэння. У такім выпадку можна казаць аб пэўнай галіне гістарычных ведаў -- гісторыі гістарычнай навукі -- гістарыяграфіі. Апошняя аднак вельмі цесна звязана з крыніцазнаўствам, паколькі вывучае хоць і спецыфічныя, але ўсе ж крыніцы (гістарыяграфічныя крыніцы).