Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ostalnye.docx
Скачиваний:
16
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
139.41 Кб
Скачать
  1. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў савецкай Беларусі.Асаблівасці ажыццяўлення нэПа ў бсср.

Першая сусветная і савецка-польская войны, змена акупацыйных рэжымаў, а таксама палітыка «ваеннага камунізму» прывялі да глыбокага эканамічнага крызісу ў Беларусі. Асабліва цяжкім было становішча ў сельскай гаспадарцы, дзе ў выніку рэквізіцыі коней, свіней, збожжа ўсімі арміямі і правядзення бальшавікамі харчразвёрсткі вясной 1921 г. фактычна не было чым сеяць. Гэта прывяло да сялянскіх хваляванняў і нават узброеных выступленняў.

Падобная сітуацыя склалася і ў расійскай вёсцы. Да таго ж, надзеі на хуткую сусветную рэвалюцыю не спраўдзіліся, і далейшы працяг палітыкі «ваеннага камунізму» з яго сістэмай надзвычайных мер ствараў пагрозу ўладзе бальшавікоў і прымусіў іх пераглядзець свой эканамічны курс. У сакавіку 1921 г. на X з’ездзе РКП(б) была прынята «новая эканамiчная палiтыка» (НЭП), якая павiнна была забяспечыць хуткi гаспадарчы ўздым, павышэнне матэрыяльнага i культурнага ўзроўню насельнiцтва i ў канчатковым вынiку − пабудову сацыялiзму.

Сутнасць НЭПа. Новая эканамічная палітыка ўяўляла сабой комплекс мерапрыемстваў Савецкай дзяржавы ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гандлю.

У прамысловасці, якая ў першыя гады савецкай улады была поўнасцю нацыяналізавана, неабходным крокам стала яе дэцэнтралізацыя. Дзяржава не мела сродкаў для аднаўлення эканомікі, і на аснове існуючых метадаў гаспадарання дзяржаўная прамысловасць не магла забяспечыць дастатковага таварнага росту, таму пачалі ўводзіцца розныя формы кіравання прамысловасцю. Буйныя і стратэгічна важныя прадпрыемствы аб’ядноўваліся ў трэсты і заставаліся ва ўласнасці дзяржавы, астатнія падлягалі кансервацыі або здаваліся ў арэнду прыватным асобам, а нерэнтабельныя дробныя прадпрыемствы закрываліся. Дапускаліся розныя формы ўласнасці – дзяржаўная, прыватная, кааператыўная. Некаторыя прадпрыемствы пераводзіліся на гаспадарчы разлік (у рамках дзяржбюджэту і фіксаваных цэн) і камерцыйны разлік (атрыманне прыбытку за кошт дагаворна-рыначных цэн) і атрымлівалі шырокую гаспадарчую аўтаномію.

Адмянялася абавязковая працоўная павіннасць, і фарміраваўся рынак свабоднай рабочай сілы. У аплаце працы рабочых ліквідавалася ўраўнілаўка, улічвалася прадукцыйнасць працы і кваліфікацыя. За гады «ваеннага камунізму» бальшавікі пераканаліся, што для кіраўніцтва прадпрыемствамі неабходны спецыяльныя веды. Таму ў перыяд НЭПа да супрацоўніцтва прыцягваліся спецыялісты (эканамісты, бухгалтары, інжынеры і інш.), якія павінны былі перадаць свой вопыт і веды выхадцам з рабочых і сялян.

У канцы 1920 г. быў распрацаваны план дзяржаўнай электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО), у адпаведнасці з якім на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны 20-х г. было пабудавана звыш 20 электрастанцый, першай з якіх стала Аршанская БелДРЭС.

У сельскай гаспадарцы харчразвёрстка была заменена натуральным харчпадаткам, памер якога да сялян даводзілi яшчэ да сева. Харчпадатак перыядычна памяншаўся ― спачатку ён складаў 20 % ад ураджаю, потым ― 10 % і 5 %. Лішкі прадукцыі сяляне свабодна маглі прадаць на рынку, што, несумненна, стымулявала працу вяскоўцаў. Для сялян, якія распрацоўвалі пусткі і зараснікі, праводзілі меліярацыю зямель, памер падатку быў яшчэ меншы.

На вёсцы былі дазволены арэнда зямлі і выкарыстанне наёмнай працы, пры ўмове, што сам гаспадар таксама будзе працаваць на палетках. Развівалася і сялянская кааперацыя.

Аднак заставалася праблема сялянскага малазямелля, для вырашэння якой улада заахвочвала сялян да перасялення на хутары. У БССР гэтаму працэсу актыўна садзейнічаў народны камісар земляробства БССР Д.Ф. Прышчэпаў, які быў знаёмы з арганізацыяй фермерскай гаспадаркі ў Даніі і Германіі. Па яго ініцыятыве ў 1925−1928 г. у рэспубліцы праводзілася камасацыя сельскагаспадарчых грунтаў, якая ліквідавала цераспалоснасць сельскіх гаспадарак шляхам стварэння хутароў. Такая аграрная палітыка стымулявала развіццё прыватнай гаспадарчай ініцыятывы і садзейнічала стварэнню заможных сялянскіх гаспадарак. Пазней, падчас правядзення калектывізацыі, Д.Ф. Прышчэпаў быў абвінавачаны ў стварэнні кулацкіх гаспадарак, да яго палітыкі быў прычэплены ярлык «прышчэпаўшчына», а сам наркам рэпрэсіраваны.

У фінансавай сферы важным крокам стала правядзенне ў 1922−1924 г. грашовай рэформы. Яе неабходнасць тлумачылася, з аднаго боку, гіперінфляцыяй, абясцэньваннем савецкіх папяровых грошай, з другога ― патрэбай рынку ў новай устойлівай валюце і стварэнні адзінай грашовай сістэмы. Ініцыятарам рэформы стаў наркам фінансаў Г.Я. Сакольнікаў. У выніку была створана двухузроўневая грашовая сістэма:

  • дзяржаўныя казначэйскія білеты вартасцю 1, 3, 5 руб., а таксама манеты: сярэбраныя (10, 15, 20, 50 кап.) і медныя (1, 2, 3, 5 кап.), якія выкарыстоўваліся для разлікаў унутры краіны;

  • банкаўскія білеты, якія атрымалі назву «чырвонец» і былі падмацаваны золатам. Залатое ўтрыманне чырвонца было роўным 7,7 г чыстага золата. З 1923 г. чырвонец стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам у СССР. З грашовага абарачэння чырвонец афіцыйна быў зняты ў 1947 г., але рэальна ― яшчэ з пачатку 1930-х г., падчас правядзення палітыкі індустрыялізацыі.

У гады НЭПа адбывалася станаўленне савецкай банкаўска-крэдытнай сістэмы. З 1921 г. у Мінску пачала сваю работу Усебеларуская кантора дзяржаўнага банка, а праз пяць гадоў яна ўжо мела дзевяць філіялаў. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту, ашчадныя касы.

Вынiкi НЭПа. Адносная эканамічная лібералізацыя ў гады НЭПа стварала спрыяльныя ўмовы для адбудовы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Да 1927 г. у асноўным была адноўлена сельская гаспадарка Беларусі. Разгарнулiся работы па асушэнню балот, павялiчвалася колькасць хутарскiх гаспадарак (у асобных раёнах да 70 − 80 %). Аднак усё гэта дасягалася працай сялян, якiя добраахвотна змяншалi асабiстае спажыванне. Нягледзячы на першыя поспехi, эканамічнае становiшча заставалася цяжкiм. У Беларусi па-ранейшаму пераважала дробная i саматужная прамысловасць.

У другой палове 20-х г. эканамiчная сiстэма НЭПа працавала з большым напружаннем. Развязаўшы сiлы рынку, НЭП стымуляваў расслаенне грамадства. Разам з тым прыватная ўласнасць і іншыя капіталістычныя формы гаспадарання (арэнда, наёмная праца, свабодны рынак) не адпавядалі ўяўленням бальшавiкоў аб сацыялiзме. Да таго ж, НЭПу былі ўласцівы эканамічныя крызісы.

Першы крызiс збыту ў прамысловасці ўзнік у 1923 г. Ён быў выкліканы тым, што прадпрыемствы ў iмкненні атрымаць вялiкiя прыбыткi штучна завышалi цэны на сваю прадукцыю, у вынiку склалiся так званыя «нажнiцы цэн» ― высокiя цэны на прамысловыя тавары i нiзкiя на сельскагаспадарчыя. Гэта прывяло да таго, што сяляне пасля продажу на рынку лішкаў сваёй прадукцыі не маглі дазволіць сабе купіць дарагія прамысловыя тавары. Для таго, каб задаволіць свае патрэбы ў прамысловай прадукцыі, у наступныя гады сяляне, здаўшы дзяржаве фіксаваны харчпадатак, паступова пераходзілі да натуралізацыі сваёй гаспадаркі. У выніку ў 1925−1927 г. быў сарваны план дзяржаўных нарыхтовак збожжа і ў краіне ўзнік збожжавы крызіс. Улада вымушана была купляць збожжа за мяжой.

З 1927 г. НЭП пачаў згортвацца хуткімі тэмпамі, і на змену яму прыйшлі індустрыялізацыя прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі.

Беларусізацыя. З лета 1922 г. пачаўся пошук магчымых форм аб’яднання савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. Сталін выступіў з ідэяй «аўтанамізацыі», згодна з якой усе рэспублікі павінны былі ўвайсці ў склад РСФСР як яе складаныя часткі. Аднак супраць гэтага выступілі кіраўнікі кампартый рэспублік, у тым ліку і БССР. Яны падтрымалі план Леніна аб стварэнні федэрацыі, пры якой усе савецкія рэспублікі аб’ядноўваліся на раўнапраўнай аснове.

На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў у Маскве 30 снежня 1922 г. дэлегацыя БССР на чале з А.Чарвяковым падпісала Дэкларацыю аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). У 1924 і 1926 г. двойчы адбыліся ўзбуйненні БССР, у выніку якіх Беларусі былі вернуты землі (акрамя Смаленшчыны), якія былі ўключаны ў склад Расіі ў 1919 г. Тэрыторыя Беларусі павялічылася ў 2 разы, а колькасць насельніцтва ― амаль у 3 і дасягнула 4,9 млн. чалавек.

Увядзенне пэўнай эканамічнай свабоды ў часы НЭПа патрабавала лібералізацыі і грамадска-палітычнага жыцця, а таксама вырашэння нацыянальнага пытання. У 1920-я г. у БССР праводзілася палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, якая атрымала назву «беларусізацыя». Яна прадугледжвала правядзенне наступных мерапрыемстваў:

  • развіццё беларускай культуры і нацыянальнай адукацыі: стварэнне навучальных установаў з беларускай мовай навучання, выданне на беларускай мове кніг, газет і часопісаў, развіццё беларускай літаратуры, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці па ўсебаковаму вывучэнню гісторыі Беларусі;

  • перавод на беларускую мову дзяржаўнага апарату, партыйных органаў і Чырвонай Арміі;

  • вылучэнне на дзяржаўную, партыйную і грамадскую работу карэннага беларускага насельніцтва, што атрымала назву «карэнізацыі».

Як дзяржаўная палiтыка беларусiзацыя ажыццяўлялася ў 3 этапы:

1) 1921 1924 г. − падрыхтоўка фундаменту для нацыянальнага адраджэння. У кастрычніку-лістападзе 1921 г. ЦК КП(б) Беларусі апублікаваў тэзісы «Беларускае нацыянальнае пытанне і камуністычная партыя», у якіх ставілася задача неабмежаванага ўжывання беларускай мовы і развіцця беларускай нацыянальнай культуры. У 1921 г. быў адкрыты Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт; у 1922 г. ― Інбелкульт (Iнстытут беларускай культуры). Згуртаванню творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліпені 1923 г. амністыя ўсім удзельнікам антысавецкіх нацыянальных фарміраванняў і арганізацый 1918 − 1920 г.;

2) 1924 − 1928 г. − рэальнае ажыццяўленне беларусiзацыi як афiцыйнай палiтыкi. Рашэннем ліпеньскага 1924 г. пленума ЦК КП(б) Беларусі была абвешчана шырокая праграма нацыянальна-культурнага адраджэння і правядзення ў рэспубліцы «нацыянальнай палітыкі» − беларусізацыі. Сярод найбольш важных яе дасягненняў можна вылучыць наступныя:

  • да 1928 года прыкладна 80 % агульнаадукацыйных школ былi пераведзены на беларускую мову; беларуская мова была ўведзена ў дзяржаўных установах i вайсковых адзiнках БССР. Асаблівасцю беларусізацыі было тое, што дзяржаўнымі мовамі адначасова былі абвешчаны беларуская, руская, яўрэйская і польская;

  • каля 48 % раённых кiруючых пасад да 1927 г. займалі беларусы;

  • развiваліся беларуская лiтаратура, тэатр, утварылася выдавецтва «Cавецкая Беларусь», у 1928 г. быў створаны першы беларускі фільм «Лясная быль»;

  • гісторыкамі У. Ігнатоўскім, В. Ластоўскім, У. Пічэтай былi зроблены першыя спробы стварыць нацыянальную канцэпцыю беларускай гiсторыi;

  • дзякуючы палiтыцы беларусiзацыi ў БССР паспяхова вырашылiся пытаннi, звязаныя з лiквiдацыяй непiсьменнасцi сярод дарослага насельнiцтва, былi створаны рабочыя факультэты (рабфакi) для падрыхтоўкi рабоча-сялянскай моладзi да паступлення ў ВНУ.

Праўда, ажыццяўленне беларусізацыі адбывалася фарсіраванымі тэмпамі з выкарыстаннем адміністрацыйных метадаў;

3) з 1929 г. − згортванне беларусiзацыi. Палітыка беларусізацыі праіснавала нядоўга і была спынена разам з адмовай ад НЭПа і зменай палітычнага курса партыі. Праз палiтыку беларусiзацыi аднаўлялася iдэя беларускага адраджэння, але яна не адпавядала ідэі бальшавікоў аб хуткай сусветнай рэвалюцыi, пры якой нацыi не павінны мець істотнага значэння. У канцы 1920-х г. у БССР пачалася кампанія па выкрыцці так званага нацыянал-дэмакратызму, пад якім разумелі варожую ідэалогію, накіраваную на рэстаўрацыю капіталізму ў БССР.

Нягледзячы на хуткае згортванне, беларусiзацыя заклала трывалыя асновы развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы, абудзіла да свядомага нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва, садзейнічала развіццю беларускай культуры, стварэнню першай нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]