Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

Спецыяльныя словы

Да с п е ц ы я л ь н а й лексікі адносяцца тэрміны і прафесійная словы.

Т э р м і н ы – гэта назвы спецыяльных паняццяў навукі, тэхнікі і мастацтва. Сярод іх вылучаюцца тэрміны вузкаспецыяльныя (катыёны, рэзекцыя, дыхатамія) і агульнаўжывальныя (навакаін, кандэнсатар, імпульс). Вузкаспецыяльныя тэрміны ўжываюцца пераважна ў навуковай і навучальнай літаратуры, агульнаўжывальныя – ва ўсіх стылях мовы.

Да п р а ф е с і й н а й л е к с і к і, або прафесіяналізмаў, адносяцца словы і выразы, якія выкарыстоўваюцца ў розных сферах чалавечай дзейнасці і не сталі агульнаўжывальнымі. Прафесіяналізмы абазначаюць разнастайныя вытворчыя працэсы, прылады працы, вырабы і г. д. У адрозненне ад тэрмінаў, прафесіяналізмы ўспрымаюцца як “паўафіцыйныя” словы, што не маюць строга навуковага характару. Напрыклад, у вусным маўленні бытуюць наступныя прафесіяналізмы: дворнік (шклоачышчальнік), халасцяк (парожні рэйс) – у мове шафёраў; камбуз (кухня на судне), кок (повар), задраіць (шчыльна закрыць) – у мове матросаў; паласа (набраная або надрукаваная старонка тэксту), падвал (ніжняя частка газетнага ліста, а таксама артыкул, змешчаны ў гэтым месцы), шапка (агульны загаловак для некалькіх газетных заметак) – у мове друкароў, газетчыкаў.

Асобна вылучаюцца прафесійна-жаргонныя словы, якія маюць зніжаную экспрэсіўную афарбоўку. Напрыклад, маракі ўжываюць слова сабака ў значэнні “начная вахта”, газетчыкі – ляп “памылка”, закурсівіць “выдзеліць курсівам”, інжынеры – ябеднік “самазапісваючы прыбор”.

Дзякуючы сваёй эмацыянальнай выразнасці прафесіяналізмы праз гутарковую мову пранікаюць у літаратурны ўжытак, дзе выступаюць звычайна як размоўныя, экспрэсіўныя эквіваленты тэрмінаў.

Спецыяльная лексіка шырока выкарыстоўваецца пісьменнікамі. У мове мастацкіх і публіцыстычных твораў тэрміны і прафесіяналізмы выконваюць пэўныя стылістычныя функцыі: яны могуць ужывацца з мэтай стварэння спецыфічнага вытворчага каларыту, а таксама індывідуалізацыі мовы асоб, звязаных з пэўнай сферай дзейнасці.

Прастамоўныя словы і жарганізмы

П р а с т а м о ў н ы я словы – гэта стылістычна зніжаныя моўныя адзінкі, якія з’яўляюцца найбольш экспрэсіўнай разнавіднасцю размоўнай лексікі. Прастамоўныя словы часцей маюць адмоўнае значэнне, таму яны ў асноўным характэрны для гутарковага і мастацкага стыляў. У творах мастацкай літаратуры прастамоўная лексіка ўжываецца як сродак моўнай характарыстыкі герояў: – Але што ета сябра твой? – раптам быццам успомніў Сілка Хрупчык. – Мы во плявузгаем абы-што, а ён ці то языка не мае, ці на вус матае? (І. Чыгрынаў) – Ды толькі трасцу вы яго без здрады зловіце…(У. Караткевіч) Часта пры дапамозе прастамоўных слоў аўтары выяўляюць зняважлівыя адносіны паміж персанажамі:– Чаго кешкаецеся, мямлі?! Ану за цапы, патаўпешкі! (У. Караткевіч)

У склад размоўнай лексікі ўваходзяць таксама ж а р г о н н ы я словы (франц. jargon), або ж а р г а н і з м ы – сацыяльная разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча. Жаргонная лексіка адрозніваецца ад літаратурнай мовы спецыфічнымі словамі, створаных шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі, фанетычнага скажэння: тачка – аўтамашына, кучкавацца – збірацца, блат – карыслівае знаёмства, англічанка – настаўніца англійскай мовы. Існуе жаргон гандляроў, аўтамабілістаў, спартсменаў, студэнтаў, рабочай і школьнай моладзі і г. д. Жаргон з’яўляецца як бы дыялектам пэўнай узроставай групы людзей або “прафесійнай” карпарацыі. Таму жаргоны часта называюць сацыяльнымі дыялектамі (трэба мець на ўвазе, што ў адрозненне ад тэрытарыяльных дыялектаў жаргон не мае сваёй фанетычнай і граматычнай сістэмы).

Своеасаблівым жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў негатыўнага характару: халтура (нядобрасумленна выкананая работа), налізацца (напіцца), свіснуць, пазычыць (украсці), шырмач (кішэнны злодзей), дзірка (турма), вывеска (твар), раскалоцца (прызнацца), уліпнуць (трапіць у непрыемнае становішча, папасціся), завязаць (перастаць піць, курыць і пад.). З лексікону карцёжнікаў прыйшлі жарганізмы пас, пасаваць, з лексікі курыльшчыкаў – бычок (недакурак, акурак), сорак (просьба даць акурак) [26, с. 405].

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца а р г о (франц. argot ‘замкнуты, нядзейны’). Арго – гэта мова нізоў грамадства, дэкласаваных груп і крымінальнага асяроддзя: жабракоў, зладзеяў, карцёжных шулераў і г. д. [47, с. 23-24].

Асноўная функцыя арго – адасобіць, аддзяліць яго носьбітаў ад людзей іншых сфер дзейнасці. Калі жаргон уяўляе сабой грамадскую забаву, моўную гульню, то “арго, якім карыстаюцца жабракі, зладзеі, вандроўныя гандляры і рамеснікі, служыць сродкам іх прафесійнай дзейнасці, самаабароны і барацьбы супраць астатняй часткі грамадства” [14, с. 119]. Каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацоўвалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Дасягалася гэта мэта шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў (вышка – вышэйшая мера пакарання, стукач – даносчык, сціркі – ігральныя карты, маліна – прытон, пяро -- нож), выкарыстання вузкадыялектных слоў (шмон – вобыск, баланда -- пахлёбка), а таксама шляхам перастаноўкі складоў у словах або дабаўлення да слоў новых элементаў (чуха – хачу, шувакс – вакса, шывар – тавар і інш.).

Узнікненне і распаўсюджанне ў маўленні жарганізмаў – адмоўная з’ява ў жыцці грамадства і развіцці нацыянальнай мовы. Але ў выключных выпадках ужыванне жарганізмаў у літаратурнай мове апраўданае. Жаргонныя і аргатычныя словы заўсёды экспрэсіўныя, маюць адценне грубасці, таму яны выкарыстоўваюцца ў літаратурна-мастацкіх і публіцыстычных творах для рэалістычнай характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя і пад. Але тым не менш неабходна адмяжоўваць літаратурную мову ад уплыву жарганізмаў, увогуле недапушчальна, каб жаргонная лексіка папулярызавалася праз мастацкія ці публіцыстычныя творы.