Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў БЯЗЗЛУЧНІКАВЫХ СКЛАДАНЫХ СКАЗА...docx
Скачиваний:
38
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
28.03 Кб
Скачать

Д) Бяззлучнікавыя сказы з акалічнаснымі часткамі

  1. Акалічнасная частка, у якой выкладзена прычына або вынік таго, аб чым паведамляецца ў папярэдняй (асноўнай) частцы бяззлучнікавага сказа, звычайна ад­дзяляецца коскай: Ноччу над лётным полем стаяла цішыня, тут была дзённая авіяцыя (Лыньк.). Аксіння шла павольна, спяшацца не было куды (Кул.). Была страшэнная завіруха, дарогі замяло (Лыньк.). Праедзь альбо прайдзі ад Кушкі да Ямала, геаграфічных дзіў убачыш ты нямала (Панч.). Засмяецца вясенняе сонца, выходзь ад разу ў поле (Кул.).

  2. Калі прычына, указаная ў акалічнаснай частцы, падкрэслена з асаблівай сілай, то тэта частка аддзяля­ецца ад папярэдняй часткі двукроп'ем: Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому: кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому (К-с). Луг заліўся галасамі: да яго ва ўсе канцы выйшлі стройнымі радамі загарэлыя касцы (К-с). Дзень сягоння ў хаце шчаслівы: дарагія прыехалі госці (К. Б.). Горда стаялі плячыстыя гумны: усё лета забралі яны (Бр.). Заўсёды ў лесе добра мне: у ім так ціха, урачыста (К-с).

  3. Калі ў акалічнаснай частцы раскрываецца харак­тар або спосаб існавання таго, аб чым гаворыцца ў па­пярэдняй частцы, то паміж такімі часткамі ставіцца двукроп'е: Строй таполяў разложных выглядаў так панадна: кожны лісцік на кожнай быў апісан дакладна (М. Л.). Выйшла так: з царом і царскія законы скінуліся (Гал.). У народзе гавораць так: лянок не любіць лянот (У. Кр.).

4. Калі вынік, аб якім гаворыцца ў акалічнаснай частцы, падкрэслен з асаблівай сілай, то гэта частка ад­дзяляецца ад папярэдняй часткі працяжнікам: Ветрык крануў верхавінне дрэў — шустры шэлест паплыў па ле­се (Хадк.). Бліснула маланка — стала відна як удзень (Гр.). Даставайце з вышак сані — гайда сцежкі праціраць (К-с). Зацвіце вясною сад — паглядзець было лю­ба (Кул.).

Пры больш працяглай паўзе (асабліва калі вынік мае заключальны характар) замест працяжніка ставіцца кос­ка і працяжнік: Дагарэлі дровы,— полудзень гатовы (К-с). Белавежа, ты век не састарышся,— надышлі маладыя дні (Панч.). Цеплынёй вясна дыхнула,— засінелі кветкі (Бяд.). Параўн.: Вецер пракоціцца, будзячы нівы,— нівы калоссем шумяць (К-с).

Заўвага. Працяжнік ставіцца перад акалічнаснай часткай, калі яна набывае заключальнае значэнне ў адносінах да папярэдніх частак: Хутка на стол з'явіўся самавар, зашыпела на трыножцы скаварада — частавалі нечаканага госця (Лыньк.). Звоняць пілы, гудуць тапарышчы, стогне дрэва — будуецца дом (Гл.).

5. Калі ў акалічнаснай частцы ўказваецца мэта або прызначэнне таго, аб чым паведамляецца ў папярэдняй частцы, то гэтыя часткі аддзяляюцца працяжнікам: Разгарнуць хачу я крылле — я ў сеет вольны палячу (К-с). Ён зайшоў у хлеў з вязкай канюшыны — трэба было накарміць коней перад дарогай (Чарн.). Дзяўчына накіравалася ў поле — хацелася паглядзець на маладыя ўсходы (Пасл.).

Пры больш працяглай паўзе і аслабленай сувязі (асабліва калі лагічна адцяняецца мэта або прызначэн­не) такія часткі бяззлучнікавага сказа аддзяляюцца кос­кай і працяжнікам: Халімон прыжмурыў вочы,— хацела­ся адразу і адным поглядам абняць цэлую валоку (Гал.). Адусюль паналяцелі на здабычу груганы,— вольнай волі захацелі вочы выклеваць яны (Кр.).

  1. Калі акалічнасная частка з агульным значэннем часу нечакана або раптоўна перарывае тое, аб чым гаворыцца ў папярэдняй частцы, то паміж гэтымі часткамі ставіцца працяжнік: Не прайшло і хвіліны — абдымалі суседзі паланянку-дзяўчыну (Бр.). Не паспеў стары выбрацца з снегу — ранішнюю сціхоту прарваў стрэл (Мік.). Жонка толькі паспела ахнуць — Максім перавярнуў кошык у верх дном (П.). Не прайшлі мы і сотню метраў — ззаду пачуліся раскацістыя выбухі (Гал.).