Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ТАЦЯНА СЬЛІНКА пра Абдзираловича.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
25.11.2019
Размер:
153.09 Кб
Скачать

3. Жанр і структура тэксту

Тэкст Ігната Абдзіраловіча "Адвечным шляхам" ёсць мастацкім па сваёй форме (метафарычнасць, значная колькасць эмацыйна-афарбаванай лексікі, апавядальная інтанацыя) і філасафічным па змесце, што дазваляе вызначыць яго, з прыналежнасці да жанру, як філасафічнае эсэ.

Але, нязважна на мастацкасць і вобразнасць, тэкст мае досыць выразную структуру і складаецца з назвы і падзагалоўка, эпіграфу, прысвячэння, сціслага ўступу, а таксама чатырох частак, на пачатку кожнай з якіх змешчаны асноўныя тэзісы.

Ужо ў назве тэксту — "Адвечным шляхам" — у спалучэнні з падназовам "Дасьледіны беларускага сьветагляду” адразу зададзены кантэкст беларускай ідэнтычнасці. Прычым, "шлях" можа разглядацца як адзін з архетыпаў, што злучае мінуласць і будучыню, мае позірк, звернуты наперад, да праменных ідэалаў. Менавіта шлях, а не ідэя, бо ідэя, здзяйсняючыся, увасабляецца ў застылыя формы, мярцьвее і заканчвае існаванне; шлях жа сягае ў бясконцасць. "Адвечны" азначае тут нешта такое, што паходзіць з сівой даўніны, але існуе і цяпер — г.зн. нешта нязменнае, заўсёднае. Такім чынам, ужо ў назве тэксту паведамляецца пра нейкі заўсёды існы беларускі шлях, ад якога немагчыма ўхіліцца і які мусіць спраўдзіцца.

У якасці эпіграфу аўтар скарыстоўвае цытату з верша М.Багдановіча:

Час, калі трэба журыцца

Душою па сьвежых магілах

Пуста-пранёсшыхся днёў.

Тым самым ён адразу пазначае метафізічны падыход да разгляду сфармуляванага пытання.

Ува ўступе, як і ў эпіграфе , акрэсліваецца час узнікнення тэксту і ягоны кантэкст, а менавіта час пераацэнкі каштоўнасцяў, калі "адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьветлым і жаданым". Такім чынам, мы маем справу з пераацэнкай ідэалаў (што цалкам супадае з "пераацэнкай каштоўнасцяў" у тэрміналогіі Ф.Ніцшэ). І адбываецца гэта пераацэнка ў кантэксце праблемы беларускай ідэнтычнасці з гледзішча "адзінокай чалавечай душы" (што адразу ж адсылае нас да Платона і іншых містыкаў, разгляд і аналіз рэальнасці якія чынілі менавіта ад гэтай кропкі адліку).

Першы раздзел працы прысвечаны беларускай ідэнтычнасці ў сістэме Захад — Усход. Прычым, Беларусь падаецца як "граніца паміж Усходам і Захадам". Аўтар разглядае "гісторыю ваганьняў беларусаў паміж Усходам і Захадам" і дае выразныя характарыстыкі абодвух. Мэтай раздзелу было акрэсліць тагачасную беларускую сітуацыю і сфармуляваць прычыны размытасці беларускай ідэнтычнасці.

Другі раздзел прысвечаны аналізу формы, якая выступае як сродак падпарадкавання беларускай культуры. Гісторыя Еўропы таксама бачна Абдзіраловічу як гісторыя усталявання тых ці іншых форм жыцця і іх заняпаду. Ён разважае над прычынамі трываласці "мёртвых", неадпаведных жыццёвым патрэбам, форм і прапануе сваю ідэю "ліючайся" формы.

У трэцім раздзеле аўтар назірае творчасць — як касмічную сілу і як жыццёвую падставу, а таксама акрэслівае патрэбу сацыяльнай творчасці. Абдзіраловіч аналізуе сучасныя яму палітычныя рухі ў кантэксце прынцыпу сацыяльнай творчасці і робіць выснову пра неадпаведнасць іх гэтаму прынцыпу.

Чацвёрты раздзел паўстае як абагульненне, у якім аўтар сцвярджае неадменнасць пошуку непрымусовых форм жыцця дзеля здзяйснення ідэалу сацыяльнай творчасці і вырашэння праблемы беларускай ідэнтычнасці.

4. Беларусь як мяжа паміж Захадам і Ўсходам

Як ужо было адзначана, тэкст быў напісаны ў 1921 годзе — у час Адраджэння (ці фармавання) новай беларускай культуры. І пытанне ідэнтычнасці, пошуку (вяртання) свайго шляху, натуральна, было надзвычай актуальным. Да гэтага пытання звярталіся ў той час многія аўтары (В.Ластоўскі, Дрыгвіч, Янка Купала, Тадэвуш Урублеўскі, Альбін Стаповіч, Усевалад Ігнатоўскі ды інш.), аднак толькі Абдзіраловіч надаў яму метафізічнае вымярэнне. Толькі ў Абдзіраловіча онталягічны статус Беларусі супадае са статусам мяжы паміж Захадам і Ўсходам, якая адначасна іх падзяляе і аб'ядноўвае, аднак, пры гэтым, не з'яўляецца ні тым, ні іншым. Мяжа, якая зазвычай акрэсьлівае, фармуе нацыю, у дадзеным выпадку стаецца ейнай сутнаснай адзнакай, ейнай ідэнтычнасцю.

Для пазнейшых даследчыкаў (да прыкладу, для Ігара Бабкова) падзеленасць Беларусі паміж Усходам і Захадам ёсць падставай разглядаць Беларусь як "памежжа": "памежжа — гэта прастора, прылеглая да мяжы, злучаная і зьнітаваная мяжой, прастора, для якой менавіта мяжа ёсць арганізуючым прынцыпам, сутнасьцю і цэнтрам прыцягненьня. Памежжа разьлягаецца паабапал мяжы, і ягоны тапалягічны статус парадаксальны: памежжа набывае пэўную цэльнасць праз факт уласнай падзеленасьці, г.зн. праз дынамічную падзею размежавання, сустрэчы і пераходу Свайго і Чужога, альбо Аднаго і Іншага. Менавіта гэтая дынамічная падзея адпавядае таму, што ў эўрапейскім мысленні завецца сутнасцю, цэнтрам, прынцыпам, першапрычынай, Богам.

Калі нацыя асацыюецца з мяжой, то паўстае сумнеў у ейнай наяўнасці. Іншымі словамі, калі ёсць Захад і Ўсход са сваімі выразна акрэсленымі ідэнтычнасцямі, то ці існуюць тады свая адметнасць і свой шлях? Аднак варта азначыць: падобнае пытанне аўтарам нават не ставіцца, у яго няма сумневаў ані ў магчымасці знайсці "свае формы", ані ў існаванні беларускай ідэнтычнасці. Зрэшты, "адвечны шлях" нельга стварыць — на яго можна толькі вярнуцца. Доказам таму шматвекавая гісторыя, цягам якое, паводле Абдзіраловіча, толькі тыя творчыя асобы, што не аддавалі пераваг ніводнаму з бакоў, рабіліся нацыянальнымі героямі ці геніямі — Скарына, Усяслаў Чарадзей. Міцкевіч, які "заблукаў на чужыне" (у значэнні — страціў сваю ідэнтычнасць), быў няшчасны і амаль нічога не пісаў напрыканцы жыцця: "Не знайшоў сваёй праўды вялікі Адам і загінуў на чужыне з болем у сэрцы. Можна спрачацца пра пераканаўчасць аргументаў, аднак сама назва тэксту "Адвечным шляхам" адсылае да ідэі пра вяртанне да страчанага, але існага шляху, і такім чынам аўтар пакідае па-за тэкстам пытанне пра наяўнасць беларускай ідэнтычнасці і скіроўвае сваю ўвагу на вызначэнне і аналіз існай сітуацыі і пошук шляхоў да пераадолення яе. Ці, кажучы ў катэгорыях аўтара, яго цікавіць не абгрунтаванне існавання беларускага шляху, а здзяйсненне яго.