Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
курсач.docx
Скачиваний:
146
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
65.13 Кб
Скачать

1.2 Актуальныя экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры

У 1970-80-х гг. аўтары звяртаюцца менавіта да экалагічнай праблематыкі. Пісьменнікі, апярэдзіўшы навукоўцаў, пачалі казаць пра спецыфічна беларускія праблемы, звязаныя з умяшальніцтвам чалавека ў працэсы прыроды: асушэнне Палесся (меліярацыя балот), забруджванне наваколля хімічнымі рэчывамі і радыяцыяй [12] (публіцыстыка А. Адамовіча, В. Казько “Цвіце на Палессі груша” (1978), “Неруш” (1981), “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1991), Б. Сачанка “Родны кут” (1987)). Потым адбываецца тэхнагенная чарнобыльская катастрофа, і экалагічная тэма ў вясковай прозе выходзіць на новы віток.

Вечная ў мастацкай творчасці тэма прыроды, адносін чалавека да яе набыла асаблівую актуальнасць у век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, калі супярэчнасці паміж грамадствам і навакольным асяроддзем надзвычай абвастрыліся. У апошні час праблемы экалогіі набываюць глабальны характар. Сённяшні стан прыроды выклікае вялікую трывогу ва ўсім свеце. Захаванне прыроднага асяроддзя найвастрэйшае сацыяльнае пытанне, вырашэнне якога патрабуе агульных намаганняў усяго чалавецтва.

Застаючыся цэнтральнай у літаратуры, праблема ўзаемаадносін чалавека і прыроды ўзбагацілася ў апошні час новымі аспектамі, звязанымі з неабходнасцю мастацкага даследавання сацыяльна-маральных асноў сучаснага жыцця працоўных мас і чалавечай асобы. Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры нашых дзён загучала па-грамадзянску абвострана, з драматычнай напружанасцю або рамантычнай прыўзнятасцю, раскрываецца яна ў перапляценні з найважнейшымі сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі эпохі.

Узаемаадносіны сучаснага чалавека з прыродай ускладніліся, ускладніўся і сам духоўны свет чалавека нашага грамадства. Узброены найноўшымі навуковымі дадзенымі пра заканамернасці многіх прыродных з’яў, ён адчувае больш глыбокую, чым проста утылітарную, сувязь з прыродай. Раскрыць сутнасць гэтых но­вых узаемаадносін чалавека і прыроды ва ўсёй іх паўнаце, адлюстраваць самыя тонкія рухі душы і сэрца сучаснага героя, асэнсаваць свет яго думак і імкненняў ­­– няпростая задача нашай літаратуры.

Сучасная літаратура ў прозе, як і ў паэзіі, мае прыкметныя набыткі ў паказе і асэнсаванні трагедыі Чарнобыля, пра што сведчаць пісьменніцкая публіцыстыка А. Адамовіча, якая склала кнігу “Апакаліпсіс па графіку”, дакументальныя аповесці В. Гігевіча і А. Чарнова “Сталі воды горкія”, А. Крыгі “Выбух над Прыпяццю”, а таксама такія творы, як раманы “Злая зорка” І. Шамякіна і “Бежанцы” В. Карамазава, аповесці “Родны кут” і “‘Еўка”‘ Б. Сачанкі, “Пярэварацень” В. Гігевіча, ‘”Краем Белага шляху” В. Карамазава, “Імем Айца і Сына” Т. Бондар, “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” В. Казько, “Гасцініца над Прыпяццю” І. Навуменкі і інш.

Для беларускай літаратуры апошніх гадоў тэма Чарнобыля стала адной з самых значных. Многія праблемы, і найперш такія, як праблема бежанства, выгнання з роднай зямлі пасля чарнобыльскай аварыі, знайшлі адлюстраванне не толькі ў паэзіі, але і ў празаічных творах (аповесці “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” В. Казько, “Родны кут” Б. Сачанкі, “Краем Белага шляху” В. Карамазава, раман “Злая зорка” І. Шамякіна, апавяданні “Львы” І. Пташнікава, “Бля­ха” А. Федарэнкі і інш.). Кожны з гэтых твораў робіць свой унёсак у асэнсаванне складанай прабле­мы Чарнобыльскай трагедыі. Галоўная ідэя, якая аб’ядноўвае ўсе творы беларускіх пісьменнікаў пра Чарнобыль, – “зямля – галоўная крыніца жыцця”.

Як лічыць А. Жардзецкая, “у раскрыцці сучаснымі беларускімі пісьменнікамі праблемы ўзаемаадносінаў чалавека і прыроды ёсць шмат агульнага. Аднак кожны творца па-свойму падыходзіць да раскрыцця гэтай праблемы” [9, с. 28].

Па словах паэта С. Законнікава, “адлік пачынаўся нязнанае эры” [12, с. 170]. А. Адамовіч адзін з першых зразумеў, што здары­лася на самай справе, таму з трывогай гаварыў аб “самай вялікай трагедыі Чарнобыля – трагедыі Беларусі” [1, с. 4]. “Радыяцыя – нябачны акупант" [1, с. 60], – ёміста, трапна сказаў А. Грачанікаў пра злавесную бяду, якая абрынулася на яго роднае Палессе.

Для Беларусі і ўсяго чалавецтва пачалося жыццё пасля Чарнобыля. А. Адамовіч, выступаючы ў Японіі ў красавіку 1990 г., сказаў пра трагічны разлом часу: “Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля – гэта рознае светаадчуван­не, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чала­вецтва ў будучыню” [1, с. 8]. Toe самае гаворыць і С. Алексіевіч: “Пасля Чарнобыля жы­вём у іншым свеце, ранейшага свету няма”; “...Чарнобылъ перамясціў нас з аднаго часу ў другі. Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх...” [2, с. 104]. Чарнобыльская трагедыя стала знакавай падзеяй ΧΧ стагоддзя, яе паставілі ў адзін шэраг з такімі трагедыямі, як Хатынь, Асвенцім, Хірасіма і Нагасакі.

С. Алексіевіч лічыць: “Мне здаецца, што Чарнобылъ у пэўным сэнсе слова з’яўляецца вяршыняй філасофіі абсурду, прычым для ўсяго чалавецтва” – і згадвае заснавальніка абсурдысцкай філасофіі пісьменніка Альбера Камю, які, пачуўшы пра атамны выбух у Хірасіме, сказаў: “Гэта немагчыма. Тое, што там адбылося, пераўзыходзіць сілу нашага ўяўлення” [3, с. 108]. С. Законнікаў, аўтар “Чорнай былі” (1989), прызнаўся: “Пабачыў і перажыў многае, а вось пісаць адразу не змог. Настолькі ўсё гэта было жахлівае, недарэчнае, за межамі чалавечага ўяўлення пра бяду. З тым і жыў. А потым душа не вытрывала, выбухнула” [12, с. 18]. Чар­нобыльская катастрофа спарадзіла разбурэнне традыцыйнага укладу жыцця, хаос, абсурд, яна перасягнула межы чалавечай свядомасці, разумовага і ўнутранага досведу. І як рэакцыя – зварот пісьменнікаў да ўмоўна-мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці, прыёмаў містыфікацыі, фантасмагорыі, абсурду, гратэску. Ва ўсёй трагедыйнай сімвалічнасці паказана сцэна сяўбы ў Чарнобыльскай зоне ў аповесці В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1993). На сяўбе шчыруюць нябожчыкі. Гэтая сцэна – пік вар’яцтва, абсурду, сімвал катастрафічнасці народнага быцця.

Паводле падлікаў, на чарнобыльскую тэму з’явілася больш за 500 вершаў, каля двух дзесяткаў паэм (а сярод іх такія значныя творы, як “Зона” У. Някляева, “Чорная быль” і “Зязюля” С. Законнікава, “Одзіум” Я. Сіпакова), больш за паўсотню твораў эпічнай прозы і драматургіі: раман “Злая зорка” і аповесць “Зона павышанай радыяцыі” І. Шамякіна, раман “Палыновы вецер” Л. Левановіча, аповесці “Родны кут” і “Еўка” Б. Сачанкі, “Краем Белага шляху” В. Карамазава, “Ваўчыная яма” В. Быкава, апавяданні “Львы” І. Пташнікава, “Гасцініца над Прыпяццю” І. Навуменкі, п’есы “Бездань” М. Матукоўскага, “Хто вінаваты”, “Толькі мёртвыя не вяртаюцца” І. Чыгрынава, “Адцуранне” А. Дударава і інш. Кнігі “Палескі смутак” (1991), “Бабчын” (1996), “Хойніцкі сшытак” (1999) і “Замкнёны дом” (2005) М. Мятліцкага цалкам прысвечаны Чарнобылю. Вершы і паэмы больш як 60 паэтаў уключаны ў зборнік “Зорка Палын” (1993). Творы, якія з’явіліся пасля наведвання пісьменнікамі чарнобыльскіх мясцін, склалі кнігу “Прайсці праз зону” (1996). Чарнобыльская трагедыя адлюстраваная ў публіцыстычных і дакументальна-мастацкіх творах, сведчаннем гэтаму – “Запіскі аб радыяцыі” Б. Сачанкі, артыкулы А. Адамовіча з яго зборніка “Апакаліпсіс па графіку”, аповесці “Сталі воды горкія” В. Гігевіча і А. Чарнова, “Выбух над Прыпяц­цю” А. Крыгі і інш.

У 1990 г. выйшаў зборнік “Зона бяды” (укладальніца Т. Чабан), які мае падзагаловак “Пісьменнікі, вучоныя, публіцысты пра экалогію”. “...Калі б мы зразумелі Чарнобылъ, то пра яго было б напісана непараўнальна больш. Веданне нашага няведання паралізуе нас...” [2, с. 106] – лічыць С. Алексіевіч. У “Чарнобыльскім сшытку” Ніна Р. піша: "Прайшло нямала часу, пра Чарнобыль сталі паціху забывацъ пад нашэсцем многіх іншых трагедый і катастроф” [12, с. 222].

Як адзначаў І. Мележ, “навукова-тэхнічны прагрэс паставіў перад пісьменнікамі новыя, больш складаныя праблемы. Адна справа апаэтызаваць працу чалавека з касой ці плугам, і зусім іншае адлюстраваць пачуцці, эмоцыі ча­лавека, што стаіць каля пульта сучаснай электронна-вылічальнай машыны, якая кіруе тэхналагічным працэсам буйнога прадпрыемства” [16, с. 214].

Такім чынам,тэма “чалавек і прырода” шырока прадстаўлена ў сучаснай беларускай літаратуры ва ўсіх яе жанрах. Да яе ўсё больш звяртаюцца публіцысты, літаратурныя крытыкі, тэарэтыкі і гісторыкі літаратуры, якія, абагульняючы мастацкі вопыт класічнай сусветнай літаратуры, раскрываюць вялікую сацыяльна-філасофскую каштоўнасць гэтага вопыту для асэнсавання праблем экалогіі ў жыцці сённяшняга чалавека.

У мастацкай літаратуры вылучылася так званая літаратурная экалагічная плынь, у цэнтры яе творы I. Пташнікава, В. Карамазава, В. Казько, А. Жука, М. Стральцова, А. Кудраўца і інш. Навакольная прырода дапамагае літаратарам больш выразна і дакладна паказаць унутраны свет герояў, раскрыць іх светаадчуванне, імкненні. А таксама праз стаўленне чала­века да прыроды раскрываюцца адносіны паміж людзьмі. Усе творы I. Пташнікава, В. Карамазава, В. Казько, А. Жука, М. Стральцова прасякнуты думкай, што духоўная цэласнасць сучаснага чалавека немагчымая без той рэальнасці, з якой звязана яго жыццё. У сілу сваёй спецыфікі над­звычай багатая на экалагічныя матывы “вясковая” проза. Ды і ў кожным прыкметным творы апошніх гадоў незалежна ад яго праблематыкі з той ці іншай сілай гучыць заклапочанасць ста­нам навакольнага асяроддзя і выяўляецца клопат пра будучыя пакаленні.

Навукова-тэхнічную рэвалюцыю беларускія празаікі паказваюць як выключна складаную з’яву. Безумоўна, у творах сучаснай літаратуры яна выступае як адзін з магутных фактараў чалавечага прагрэсу. Пры гэтым для пісьменнікаў “найважней не імкненне непасрэдна адлюстраваць працэсы жыцця, а імкненне паказаць гэту рэвалюцыю ў суаднесенасці з сацыяльным прагрэсам, паказаць яе як гістарычную з’яву нашага часу, якая вельмі актыўна, пастаянна, супярэчліва ўздзейнічае на грамадскую і індывідуальную свядомасць нашага сучасніка, а разам з гэтым на свядомасць пісьменніка, герояў яго твораў, саміх чытачоў” [3, с. 52].

Такім чынам, у класічным беларускім мастацтве афармляецца ідэал чалавека як сапраўднага “цара” прыроды: з аднаго боку – яе пераўтваральніка і наладжвальніка, а з другога – захавальніка яе, “цара”, які не толькі і нават не столькі уладарыць над прыродай, колькі падпарадкоўваецца поклічу пачатковага абавязку: садзейнічаць сваёй працай раскрыццю ўнутраных сіл прыроды, росквіту яе схаваных магчымасцей.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]