Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Запр_Нар.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
12.09.2019
Размер:
741.89 Кб
Скачать

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ

Кафедра гісторыі беларускай літаратуры

Ігар Запрудскі

НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

Мінск

2003

УДК 883.2(09)“18”(07)

ББК 83.3(Беи)я7

Кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта

Рэцэнзенты:

Г.В. Кісялёў, доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік

Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі

Я.Я. Янушкевіч, кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела археаграфіі Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы

Рэкамендавана Навукова-метадычным саветам філалагічнага факультэта ў якасці дапаможніка для студэнтаў 25 сакавіка 2003 г., пратакол № 7.

Зацверджана Вучоным саветвм філалагічнага факультэта 18 красавіка 2003 г., пратакол № 4.

Запрудскі І.М.

Нарысы гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. – Мн., 2003. – 138 с.

ISBN 985-6684-36-6

У кнізе характарызуюцца асаблівасці літаратурнага працэсу ў Беларусі ў сярэдзіне і другой палове ХІХ ст. Асвятляюцца праблемныя аспекты жыцця і творчасці беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры, аналізуюцца прадугледжаныя праграмай для ВНУ пытанні фарміравання нацыянальнай свядомасці, друку, паэтыкі, эстэтычнай прыроды і псіхалогіі творчасці тагачасных літаратараў.

Разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей універсітэтаў.

УДК 883.2(09)“18”(07)

ББК 83.3(4Беи)я7

© Запрудскі І. М., 2003

ISBN 985-6684-36-6 © БДУ, 2003

Прадмова

У трэцяе тысячагоддзе беларускае літаратуразнаўства ўвайшло з клопатам пра выпрацоўку цэласнай канцэпцыі гісторыі нацыянальнай літаратуры. Але ў розныя эпохі літаратурнае развіццё мае выразныя асаблівасці, якія нельга не ўлічваць. Яны вымагаюць адметных метадаў і ракурсаў даследавання канкрэтных мастацкіх з'яў адпаведных перыядаў. І беларуская літаратура ХІХ ст. не выключэнне. Яна арганічнае звяно літаратурнага працэсу, але адначасна яна мае свае іманентныя характарыстыкі, звязаныя далёка не толькі з феноменам шматмоўнасці тагачаснага пісьменства, масавай ананімнасцю, спецыфікай жанравай эвалюцыі або ўплывам эстэтыкі “не шанаваных” раней кірункаў і метадаў (сентыменталізм, натуралізм). Яна мае і пэўныя выдаткі ў гісторыі свайго вывучэння і асэнсавання.

Сапраўдныя мастацкія шэдэўры, якія маглі б задавальняць густы і сённяшніх чытачоў, у ХІХ ст. па зразумелых прычынах не былі створаны. Корпус беларускамоўных тэкстаў – гэта розныя па “гладкасці” пісання, але пераважна прымітыўныя або ”спрошчаныя” творы для сялянства і пра сялян. У эпічным моры сустракаюцца надзвычай рэдкія астравы лірычнага самавыражэння. Катастрафічна мала вядома і пра саміх тагачасных творцаў, біяграфіі буйнейшых з якіх акрэслены толькі ў вельмі агульных рысах. З жыццяпісу многіх літаратараў так званага “другога эшалона” вядомы толькі эпізадычныя факты, а, здараецца, што і зусім нічога (акрамя прозвішча ці псеўданіма). Пры такім стане рэчаў неверагодна складана “індывідуалізаваць” пісьменнікаў паводле творчых здабыткаў, а ў падручніках, у якіх заўсёды цэніцца больш інфарматыўнасць, за “голым” пералікам фактаў, на жаль, амаль не акцэнтуецца ўвага на іх асобаснай непаўторнасці. У выніку, тагачасныя літаратары ва ўяўленні абсалютнай большасці людзей – гэта нешта віртуальнае, амаль нерэальнае.

Ва ўмовах, калі ў многім няма падстаў гаварыць пра акрэсленыя творчыя індывідуальнасці беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст., наша літаратуразнаўчая навука, а разам з ёю і школа даўно трапілі ў парадаксальную сітуацыю. Працяглы па часе перадкласічны перыяд роднай літаратуры ў масавай свядомасці нашых суайчыннікаў гранічна “звузіўся”, дастасаваўся да засваення стэрэатыпнай схемы-вобраза ўсіх пачынальнікаў прыгожага пісьменства: усе яны дзеці незаможнай шляхты, усе аднолькава любяць беларускі фальклор, усе спачуваюць селяніну і бяруць удзел у вызваленчым руху, усе яны з-за неспрыяльных умоў не могуць надрукаваць свае творы, якія незваротна гінуць у рукапісах. Вось такая рэальная практыка своеасаблівай “адзінай плыні”. Зрэшты, для яе існавання ёсць важкія прычыны, у чым пераконвае цікавы артыкул Г. Кісялёва “Беларускі пісьменнік ХІХ стагоддзя: калектыўны партрэт на фоне эпохі”, у якім вырашаецца наступная задача – “намаляваць нейкі зборны вобраз-партрэт нашага беларускага літаратара часоў Чачота – Дуніна-Марцінкевіча – Лучыны – Багушэвіча, даць спробу своеасаблівай калектыўнай біяграфіі”1.

Няма падстаў спадзявацца, што названая праблема, вастрыня якой найбольш адчуваецца пры выкладанні роднай літаратуры, можа хутка вырашыцца шляхам кардынальнага пашырэння фактычнага матэрыялу, звязанага з жыццём і творчасцю пачынальнікаў. Таму ў метадычным плане ад стараннай фіксацыі фактаў трэба пераходзіць да канцэптуальнага асэнсавання ці нават пераасэнсавання сукупнасці ўжо вядомых фактаў. Магчыма, для кожнага пісьменніка ХІХ ст. варта знайсці нейкі адметны момант ці аспект, стрыжнявы і цікавы, які б вылучаў асобу творцы з шэрай, безаблічнай, стэрэатыпнай “адзінай плыні”. Асабліва ў адносінах да пачынальнікаў, і перадусім сёння, нельга надалей пазбягаць заглыблення ў псіхалогію іх творчасці. Толькі сацыяльная матывацыя іх творчай актыўнасці ўжо не задавальняе нікога без выключэння, бо не сакрэт, што нават творы В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча чытаюць і будуць чытаць пераважна па абавязку, як ні прыкра гэта прызнаваць. Сапраўды ёсць вострая патрэба звярнуць увагу на неардынарнасць піянераў беларускага мастацкага слова, паказаць іх асобасныя якасці.

Пашырана меркаванне, што літаратура ў наш час не проста не запатрабавана, а задушана масавай культурай, разлічанай на чытачоў з неразвітым густам, але моцнай эмацыянальнай рэакцыяй, заснаванай на палярных суб’ектыўных асацыяцыях. Але так было заўсёды. Тым не менш мы жывём у культурнай прасторы постмадэрнізму, які паўсюль не ўяўляецца без пашаны і нават культу традыцый. Таму задача гэтай кнігі заключаецца не толькі ў экзегезе, але і ў выхаванні павагі да пачынальнікаў роднай літаратуры.