Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
17.11.2019
Размер:
585.45 Кб
Скачать

Наступленне каталіцтва ў Рэчы Паспалітай увасобілася таксама і ў заключэнні Берасцейсай царкоўнай уніі 1596 г.

Спробы аб’яднання праваслаўнай і каталіцкай цэркваў адбываліся адразу пасля царкоўнага расколу 1054 г. Папа рымскі неаднойчы прапаноўваў канстанцінопальскаму патрыярху ўмовы аб’яднання пад сваім верхавенствам (асабліва ў крытычныя для імперыі часы!), аднак той адмаўляўся. Пасля крушэння Візантыйскай імперыі (1453 г.) аўтакефальныя (самастойныя) праваслаўныя цэрквы (Маскоўская і Кіеўская мітраполіі) таксама адмаўляліся ад такога саюзу (уніі).

У ВКЛ ідэя уніі ўзнікла ў канцы XIV ст., калі Княства пачало збліжэнне з каталіцкай Польшчай. Так, першай спроба была зроблена Ягайлам і мітрапалітам Кіпрыянам, якія ў 1396 г. прапанавалі склікаць уніяцкі сабор у “рускіх” землях ВКЛ. У 1418 г. на Канстанцкім Усяленскім Саборы ад імя Вітаўта мітрапаліт Рыгор Цамблак вёў перагаворы аб уніі. У 1439 г. адбыўся Фларэнтыйскі сабор, дзе унія была абвешчана, аднак падтрымкі з боку праваслаўнага насельніцтва ВКЛ яна не атрымала. У канцы XV – пачатку XVІ ст. спрабавалі абвясціць унію Аляксандр разам з мітрапалітам Іосіфам Булгарыновічам, аднак гэта толькі абвострыла рэлігійнае становішча на Беларусі.

Новы этап ў развіцці уніяцкай ідэі адносіцца да 80 – 90-х гг. XVІ ст., калі ўжо была ўтворана Рэч Паспалітая і актывізавалася дзейнасць каталіцкай царквы. У гэты час ідэолагі каталіцызму прыйшлі да высновы, што прымусам насадзіць каталіцкую рэлігію ў ВКЛ немагчыма, што трэба мяняць тактыку, улічваць рэальныя абставіны. Ватыкан стаў разглядаць уніяцтва як пераходны “мосцік” у каталіцызм. Каталіцкія іерархі праз унію хацелі падпарадкаваць сабе праваслаўных вернікаў, канчаткова дамагчыся перамогі над праваслаўем.

Да уніі схіляліся і кіруючыя колы ВКЛ, частка магнатаў і шляхты. Яны лічылі, што аб’яднанне цэркваў будзе садзейнічаць спыненню рэлігійных спрэчак, умацаванню дзяржаўна-палітычных асноў Княства.

Змянілася ў гэты перыяд у адносінах да царкоўнай уніі і пазіцыя праваслаўных іерархаў, у тым ліку і мітрапаліта. Яны не маглі не ўлічваць тое цяжкае становішча, у якім апынулася праваслаўная царква ВКЛ. Апошнім штуршком да рэалізацыі ідэі царкоўнай уніі стала ўтварэнне ў 1589 г. маскоўскай патрыярхіі Цяпер праваслаўная арганізацыя ВКЛ павінна была падпарадкоўвацца не аслабленаму Канстанцінопалю, а моцнай Маскве. А гэтага кіеўскі мітрапаліт не хацеў, таму і пайшоў у падпарадкаванне папе рымскаму, які абяцаў шэраг ільгот. Такім чынам, праваслаўныя дзеячы праз унію хацелі дабіцца ўзвышэння праваслаўнай царквы, вяртання ёй былой моцы і ўплывовасці.

У рэшце рэшт пасля доўгай падрыхтоўкі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза звярнуўся да папы рымскага з праектам уніі і той у 1595 г. гэты праект зацвердзіў. Засталося толькі правесці царкоўны сабор у самой Рэчы Паспалітай. Гэта адбылося 5 кастрычніка 1596 г. на Берасцейскім царкоўным саборы. Міхаіл Рагоза, Іпаці Пацей, Кірыла Цярлецкі і яшчэ 5 епіскапаў падтрымалі унію, а Гедэон Балабан і Міхаіл Капысценскі выступілі супраць яе. У выніку ў Рэчы Паспалітай замест праваслаўнай царквы ўтварылася новая грэка-каталіцкая (грэка-рымская ці уніяцкая) царква.

Умовы Берасцейскай уніі былі выкладзены яшчэ ў кнізе П.Скаргі “Аб адзінстве царквы Божай” (1577 г.). Кіеўскі мітрапаліт цяпер атрымліваў блаславенне не ад канстанцінопальскага патрыярха, а ад папы рымскага, праваслаўныя вернікі прызнавалі вяршэнства Рыма, але пры гэтым захоўвалі праваслаўныя абрады. Мова богаслужэнняў па-ранейшаму была царкоўнаславянскай.

У той час, калі вышэйшыя праваслаўныя іерархі пайшлі на падпісанне уніі, то праваслаўныя брацтвы, а таксама святары сваёй фанатычнай дзейнасцю настройвалі паству супраць уніі. Па Беларусі пракацілася хваля антыуніяцкіх выступленняў. Так, у 1623 г. у Віцебску быў забіты уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч. У выніку замест міру ў дзяржаве, на які разлічвалі вярхоўныя колы грамадства, пачалася рэзкая канфрантацыя на рэлігійнай глебе.

Пасля гэтых падзей у 1620-1630-я гады кіруючыя колы і уніяцкія іерархі спынілі жорсткі ўціск супраць праваслаўя. Урад Рэчы Паспалітай быў вымушаны прызнаць дзейнасць праваслаўнай царквы. Гэтаму спрыялі так званыя артыкулы прымірэння, зацверджаныя Варшаўскім соймам 1633 г. Разам з тым рабілася ўсё, каб падтрымаць уніяцкую царкву. Пачаліся рэформы, якія праводзілі мітрапаліты Р.Корсак, І.Руцкі, А.Сялява. Рэформа ўключала наступныя напрамкі: падрыхтоўка вопытных уніяцкіх святароў, стварэнне сістэмы школьнай адукацыі, выкарыстанне беларускай мовы на службе. У пачатку XVII ст. быў створаны уніяцкі манаскі ордэн базыліян. Хуткае распаўсюджанне уніяцкай царквы было выклікана і тым, што захоўвалася праваслаўная абраднасць. Толькі Замойскі сабор 1720 г. крыху наблізіў уніяцкую абраднасць да каталіцкай. Як бачна, адбываўся паступовы рост уплыву уніяцкага духавенства ў шырокіх народных масах. У выніку уніятамі да канца XVІІІ сталі 80 % (3/4) хрысціянскага насельніцтва. На Беларусі было заснавана больш за 1000 прыходаў. Разам з тым уніяцкая царква не стала пануючай у Рэчы Паспалітай. Уніяты не былі прадстаўлены ў Сенаце, а дзяржава хоць і падтрымлівала уніяцкую царкву, але лічыла яе другараднай.

4. Беларуская культура ў другой палове ХІІІ – XV ст. мела сярэдневяковы характар, развівалася пад вялікім уплывам з боку царквы. Праваслаўная царква была носьбітам старажытнарускіх традыцый, а каталіцтва ўносіла элементы еўрапейскай культуры. Пісьменнасць была распаўсюджана ў асноўным толькі сярод класа феадалаў, школы існавалі пераважна пры кляштарах і цэрквах і былі мала даступныя народу.

У ХІІІ – XV стст. на Беларусі па-ранейшаму распаўсюджвалася царкоўна-рэлігійная літаратура з яе асноўнымі жанрамі. Гэта – кнігі Бібліі, жыціі святых, апокрыфы. Творы былі перакладныя ці арыгінальныя. Урачыстае красамоўства развівалася слаба. У гэтым плане варта адзначыць толькі асобу Рыгора Цамблака, які стварыў шматлікія пропаведзі, пахвальныя “словы” і жыціі. З арыгінальных твораў неабходна адзначыць “Хаджэнне ў Царград і Іерусалім” Ігната Смаляніна. Яго апісанне падарожжаў мела пазнавальны характар. Сярод свецкіх літаратурных твораў асаблівай папулярнасцю карысталіся такія перакладныя творы, як “Александрыя”, “Троя”, “Трыстан і Ізольда”.

З усіх жанраў найбольш дынамічна развіваліся беларуска-літоўскія летапісы. Сярод іх можна назваць: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

Выдатнымі ўзорамі кніжнай справы з’яўляюцца рукапісныя Лаўрышаўскае і Друцкае евангеллі XIV ст., Жыровіцкае евангелле XV ст., якія змяшчаюць мініяцюры. Вокладкі рукапісных кніг рабіліся з дошак, абцягваліся скурамі і ўпрыгожваліся выявамі, металічнымі пласцінкамі, каштоўнымі камянямі.

У замкавым будаўніцтве XIV-XV стст. пераважаў раманскі стыль. Збудаванні мелі масіўны і суровы выгляд. Падобныя замкі маюць назву кастэлі. У раманскім стылі пабудаваны замкі ў Крэве, Лідзе, Віцебску. У царкоўным будаўніцтве на змену раманскаму стылю прыходзіць готыка. Для гэтага стылю характэрны вастраканечныя вежы, вузкія вокны, стральчатыя аркі. Яркім прыкладам з’яўляецца Троіцкі касцёл XV ст. у вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага раёна. Гэты касцёл уяўляе сабой абарончы храм. У канцы XV ст. быў перабудаваны ў храм-крэпасць Сафійскі сабор у Полацку. Падобная царква-крэпасць была ўзведзена ў 1407 г. у в. Сынковічы (Зэльвенскі раён).

Прыкладам жывапісу XIV-XV стст. з’яўляюцца фрэскі і абразы. У фрэсках капліцы святой Тройцы ў Люблінскім замку, што захаваліся да нашага часу, адлюстравана выява Ягайлы – адна з першых партрэтных выяў у беларускім мастацтве. З помнікаў партрэтнага мастацтва таксама трэба назваць партрэт Ульяны і Альгерда на сцяне царквы ў Віцебску (Верхні замак). Найбольш славутым творам жывапісу гэтага часу з’яўляецца ікона “Маці Божая Замілаванне” з Маларыты. У XIV-XV стст. у касцёлах з’яўляюцца драўляныя скульптуры. Найбольш ранні помнік – “Распяцце” XIV ст. з в. Галубічы (Віцебская вобласць). Пачынаючы з XІV ст. шырокае распаўсюджанне атрымоўвае кафля – керамічныя пліткі. Ёю абкладвалі сцены печаў, выкарыстоўвалі для абліцоўкі сцен будынкаў.

Беларускую культуру не абмінула і такая агульнаеўрапейская з’ява як Адраджэнне або Рэнесанс. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін Еўропы: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфчныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай пераважна свецкай культуры. Філасофска-светапогляднай пазіцыяй Адраджэння з’яўляўся гуманізм – ідэалогія, якая абвяшчае высокую годнасць чалавека, прызнае яго правы на свабоднае равіццё здольнасцей. Адраджэнне – умоўная назва, звязаная з памкненнем адрадзіць антычную спадчыну. Але гэта было не простай рэстаўрацыяй, а спосабам фарміравання новай культуры, буржуазнай па сваёй сутнасці.

У канцы XV – пачатку XV стст. склаліся перадумовы для Рэнесансу на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці, пашырнне міжнародных кантактаў. З’яўляючыся часткай еўрапейскага Рэнесансу, Адраджэнне на Беларусі мела свае асаблівасці. Па-першае, агульнае эканамічнае адставанне ад перадавых краін Еўропы і панаванне феадалізму стрымлівалі ўсебаковае развіццё свецкай культуры. З гэтай прычыны развіццё рэнесансавай культуры засталося незавершаным. Па-другое, для Рэнесансу ў ВКЛ характэрна большая залежнасць ад рэлігійных традыцый, пэўная сувязь з Рэфармацыяй. Па-трэцяе, дзеячы эпохі Адраджэння на Беларусі абапіраліся на старажытнарускую культуру (“Біблія Руска” Ф.Скарыны). У гэтым плане беларуская культура некалькі аддалялася ад еўрапейскай.

Для першага этапа Адраджэння ў ВКЛ (канец XV – першая палова XVI ст.) характэрна: узнікненне кнігадрукавання, станаўленне агульнадзяржаўнага заканадаўства (Статут ВКЛ), зараджэнне новалацінскай паэзіі, пранікненне рэнесансавых матываў у палацава-замкавае будаўніцтва і мастацтва. Другі этап эпохі Адраджэння (другая палова XVI ст. – пачатак XVII ст.) характарызуецца узнікненнем новага творчага асяроддзя (навукоўцы і пісьменнікі), паскарэннем духоўнай эмансіпацыі (культурнага развіцця) шляхты і часткі мяшчан, агульным пашырэннем свецкай культуры, пранікненнем рэнесансавай педагогікі ў школьную справу, пашырэннем культурных сувязей ВКЛ з замежжам.

Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 - каля 1551). Ён нарадзіўся ў купецкай сям’і ў Полацку. Мяркуюць, што там, а таксама ў Вільні Ф.Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю. У 1504 г. ён паступіў у Кракаўскі універсітэт, дзе праз два гады атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1512 г. у італьянскім горадзе Падуя, універсітэт якога славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам, Ф.Скарына вытрымаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук. Біяграфічныя звесткі аб жыцці першадрукара не вельмі багатыя, але можна меркаваць, што пасля атрымання вучонай ступені, яго зацікавілі грамадскія праблемы і гуманітарныя навукі, зарадзілася думка выдаць кнігі Бібліі на роднай мове, зрабіць іх даступнымі для сваіх землякоў. Апынуўшыся ў Празе, Ф.Скарына пры дапамозе заможных віленекіх і полацкіх мяшчан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка, магчыма і брата Івана Скарыны заснаваў друкарню. За няпоўныя тры гады ён пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку 23 кнігі Бібліі. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая кніга – “Псалтыр” . Ф.Скарына меў намер выдаць усю Біблію, аб чым сведчаць агульны тытульны ліст, прадмовы да ўсяго выдання. Аднак гэта задумка засталася незавершанай. Першадрукар выдаў пераважную частку Старога Запавету, прычым выбраў з Бібліі найболыш важныя кнігі. У 1520 г. Ф.Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню, дзе адкрыў першую на сваёй радзіме друкарню. У 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Кніга прызначалася людзям, якія па характару сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць і ў дарозе атрымліваць канфесійную і астранамічную інфармацыю. Як і апошняе выданне Ф.Скарыны “Апостал” (1525 г.), “Малая падарожная кніжка” была невялікім зручным выданнем, надрукаваным на таннай паперы. Гэтыя якасці рабілі кнігі першадрукара больш даступнымі для шырокіх колаў насельніцтва. Ф.Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў, дзе адлюстроўваліся яго грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя, мовазнаўчыя і педагагічныя погляды. Коратка і лаканічна пераказваючы змест твораў, прадмовы Ф.Скарыны сталі класічнымі ўзорамі ў гэтым жанры беларускай літаратуры, паслужылі прыкладам для беларускіх пісьменнікаў XVI - XVII стст.

Дзеячам эпохі Адраджэння, заснавальнікам новалацінскай паэзіі з’яўляецца М.Гусоўскі. Нарадзіўся будучы паэт у сям’і велікакняжацкага лоўчага, таму меў магчымасць пайсці па шляху свайго бацькі. Разам з тым М.Гусоўскі аддаў перавагу набыццю ведаў і атрымаў адукацыю ў Вільні, Польшчы і Італіі. У 1518 г. М.Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі, якую ўзначаліў Вітэлій – полацкі біскуп. Па заказе папы рымскага Льва Х у 1522 г. М.Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра зубра”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі аповедам пра паляванне на зубра, яна аказалася творам, дзе адлюстраваны жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Адну з галоўных прычын няшчасцяў і пакут радзімы М.Гусоўскі бачыў у войнах. Паэт-гуманіст заклікаў пакончыць з міжусобіцамі, прапаноўваў ідэю яднання еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсцяў.

Вельмі блізкай да творчасці М.Гусоўскага літаратурная дзейнасць другога буйнога паэта-лацініста Яна Вісліцкага. Ён з’яўляецца аўтарам паэмы “Пруская вайна”, якая прысвечана Грунвальдскай бітве.

Паслядоўнікамі асветніцкіх спраў Ф.Скарыны з’яўляліся С.Будны і В.Цяпінскі. Сымон Будны у 1562 г. выдаў у Нясвіжскай друкарні “Катэхізіс” на старабеларускай мове. Катэхізіс – рэлігійная кніга, якая утрымлівае кроткі выклад асноў хрысціянскага веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Найбольш значным творам С.Буднага з’яўляецца “Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры” (Лоск, 1576 г.). У гэтым творы С.Будны адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць незямнога свету і замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. С.Будны лічыў, што маральнай дасканаласці чалавек можа дасягнуць і без дапамогі царквы.

У маёнтку Цяпіна, што на Полаччыне, здзяйсняў сваю выдавецкую дзейнасць Васіль Цяпінскі. У прадмове да “Евангелля”, якое ён выдаў каля 1570 г. на беларускай мове, была крытыка палітыкі акаталічвання беларускага народа. Аўтар выступаў за развіццё беларускай мовы, перабудову асветы і набліжэнне яе да працоўных мас. Дзейнасць В.Цяпінскага садзейнічала зараджэнню і кансалідацыі нацыянальна-культурнага і патрыятычнага руху на Беларусі.

Яшчэ больш паэтычная творчасць на Беларусі атрымала ў канцы XVI ст. У асноўным гэта былі творы героіка-эпічнага характару, аўтарамі якіх з’яўляюцца А.Рымша (“Дэкатэрас”), Я. Радван (“Радзівіліяда”), Г.Пельгрымоўскі (“Пасольства да вялікага князя Маскоўскага”). У сваіх творах аўтары апісвалі рэальныя гістарычныя падзеі, усхвалялі ваенныя справы князеў, простых вайскоўцаў.

Шырокае распаўсюджанне ў XVI-XVIІ стст. набылі вершаваныя эпіграмы, прысвечаныя дзяржаўным дзеячам – Радзівілам, Сапегам, Валовічам. Усе эпіграмы мелі панегерычны, хвалебны характар. Узорам грамадзянскай, патрыятычнай паэзіі можна разглядаць верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітнет лаціною, Літва квітнет русчызною”. У гэтым творы падкрэсліваецца важная роля беларускай мовы ў жыцці дзяржавы.

Адметнай рысай культурнага развіцця з’яўлялася публіцыстычная – грамадска-палітычная літаратура, у якой выказваліся думкі яе аўтараў наконт Рэфармацыі, уніяцтва і іншых падзей грамадскага жыцця. Да такой літаратуры адносяцца творы мемуарнай літаратуры (дыярыушы ці запіскі Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, А.Філіповіча), а таксама палемічная літаратура. У абарону праваслаўнай царквы ў сваіх творах выступалі браты Зізаніі, М.Сматрыцкі (“Трэнас”), Л.Карповіч. Пісьменнікі выступалі супраць гвалтоўнага навязвання уніяцтва. З боку каталіцкай і уніяцкай цэркваў выступалі П.Скарга, І.Пацей, Л.Крэўза, Я.Намыслоўскі.

Падмуркам рэнесансавай культуры на Беларусі з’яўлялася адукацыя. На Беларусі існавала цэлая сетка навучальных устаноў, стваральнікамі якіх былі праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, а потым і уніяцкія царкоўныя арганізацыі. Праваслаўныя школы з’явіліся на Беларусі яшчэ з пачаткам распаўсюджвання хрысціянства, а ў XVI ст. узніклі брацкія школы. Першая брацкая школа пачала працаваць у Вільні з 1564 г. Таксама школы былі арганізаваны ў Брэсце, Пінску, Слуцку, Магілёве. У брацкіх школах вучылі трывіум – граматыка, рыторыка, дыялектыка, а таксама “квадрыум” – арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. У цэлым брацкія школы былі бессаслоўнымі ўстановамі. Некаторыя з праваслаўных школ па ўзроўню падрыхтоўкі вучняў набліжаліся да вышэйшых навучальных устаноў (грэка-лаціна-руская школа пры Свята-Троіцкім манастыры ў Вільні, Кіева-Магілянскі калегіум).

Асабліва моцны адбітак на адукацыю ВКЛ аказалі езуіты. Першы езуіцкі калегіум пачаў працаваць у Вільні ў 1570 г., а ўжо ў 1579 г. ён быў пераўтвораны ў акадэмію – вышэйшую навучальную ўстанову. Дарэчы, Віленская езуіцкая акадэмія – гэта першая ВНУ на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Акадэмія мела некалькі факультэтаў: тэалагічны, філасофскі, прававы, медыцынскі. Сярод выкладчыкаў вызначыліся М.Сміглецкі (“Логіка”), О.Крыгер (першым пазнаёміў студэнтаў з геліяцэнтрычнай сістэмай Каперніка). Таленавітыя педагогі працавалі і ў іншых езуіцкіх калегіумах. У Полацку Мацей Казімір Сарбеўскі выкладаў паэтыку і рыторыку, а ў Гродна працавала сем педагогаў са званнем прафесара. Безумоўна, каталіцкая царква пры арганізацыі навучальных устаноў ставіла перш за ўсё місіянерскія мэты. І тым не менш гэтыя ўстановы давалі вучням добрую падрыхтоўку.

Свае школы арганізоўвалі і пратэстанцкія абшчыны. Арыянскія школы працавалі ў Іўе, Наваградку, Нясвіжы, Клецку, Лоску. Рэктарам арыянскай школы ў Іўі быў Я.Намыслоўскі, аўтар шэрагу падручнікаў. З 1617 па 1918 гг. у Слуцку працавала кальвінісцкая гімназія (“Слуцкія Афіны”).

Значны ўплыў на жыццё грамадства адыгрывала кнігавыдавецкая дзейнасць. Першая на Беларусі друкарня працавала ў Берасці ў 1550-1570-я гг. пад апекай М.Радзівіла Чорнага. Яна выпусціла 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах. Тут выйшаў поўны варыянт “Бібліі” на польскай мове. Першай друкарняй на Беларусі, якая стала выдаваць кнігі на кірыліцы была Нясвіжская. Тут, акрамя “Катэхізіса” С.Будны выдаў кнігу “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам”. Разам з Будным кнігі выдавалі Мацей Кавячынскі і Лаўрэнцій Крышкоўскі. Таксама друкарні існавалі ў Лоску, Цяпіне, Любчы, Куцейне, Бялынічах, Ашмянах. Некалькі друкарняў існавала ў Вільні: Васіля Гарабурды, П. Мсціслаўца і братоў Мамонічаў. У 1588 г. на сродкі братоў Мамонічаў быў выдадзены Статут ВКЛ на старабеларускай мове. Друкарню пры Віленскай езуіцкай Акадэміі заснаваў Мікалай Радзівіл Сіротка. У Заблудаве (каля Беластока) ў 1569 г. Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі “Евангелле вучыцельнае”.

Для школ пастаянна выдавалася вучэбная літаратура. Л.Зізаній выдаў “Азбуку” і “Граматыку славенскую”. У 1619 г. у Еўі была выдадзена “Граматыка”, якую склаў М.Сматрыцкі. На працягу двух стагоддзяў яна служыла асноўным падручнікам па царкоўнаславянскай мове. У 30-я гг. XVII ст. з’явіўся яшчэ адзін дапаможнік – “Буквар”, выдадзены магілёўскім асветнікам С.Собалем.

На развіццё гістарычных ведаў, акрамя агульнадзяржаўных летапісаў, вялікі ўплыў аказвалі творы, аўтарамі якіх былі замежныя вучоныя. Так, першым гісторыкам ВКЛ можна лічыць М.Стрыйкоўскага (“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі”). Вядомай была ў XVI ст. і “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” А.Гваньіні.

Вялікую ролю ў захаванні і распаўсюджанні кніг адыгрывалі бібліятэкі. Найбольш старажытнай была бібліятэка Полацкага Сафійскага Сабора, якая дзейнічала з ХІ ст. па 1579 г., калі падчас Лівонскай вайны была разрабавана. Вельмі багатай была бібліятэка Супрасльскага Благавешчанскага манастыра. Тут было шмат выданняў Ф.Скарыны, унікальны экземпляр “Евангелля” В.Цяпінскага, выданні І.Фёдарава і П.Мсціслаўца. У ВКЛ існавала шмат прыватных бібліятэк, найбольш буйнымі з якіх былі бібліятэкі Радзівілаў у Нясвіжы, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў.

У XVI – першай палове XVIІ ст. адбываецца будаўніцтва палацава-замкавых комплексаў у стылі рэнесанс (Мір, Нясвіж, Геранёны, Смаляны). У гэты час у гарадах з Магдэбургскім правам узводзяцца ратушы. Адной з самых старажытных на Беларусі была Нясвіжская ратуша, пабудаваная ў канцы XVI ст. Яскравымі прыкладамі культавага дойлідства былі Нясвіжскі фарны касцёл (першы помнік, які пабудаваны ў стылі барока па праекце італьянскага архітэктара Д.Бернардоні), Троіцкі касцёл у в. Чарнаўчыцы, Успенская царква і Петрапаўлаўскі касцёл у в. Новы Свержань, фарны касцёл у Гродна, кальвінскія зборы ў Смаргоні, Асташына, Кухцічах. Праваслаўныя храмы афармляліся на аснове старажытнарускіх традыцый з захаваннем візантыйскіх архітэктурных формаў, а каталіцкія – ў заходнееўрапейскім гатычным стылі.

З пачатку XVI ст. пад уплывам рэнесансавых павеваў у іканапісных і фрэскавых творах сталі паяўляцца рысы псіхалагізму, твары святых надзяляліся індывідуальнымі рысамі. У гэты ж перыяд з’яўляецца свецкі жывапіс – партрэт (партрэтныя галерэі Радзівілаў, Тышкевічаў, Сапегаў). У першай палове XVIІ ст. характэрным становіцца так званы сармацкі (рыцарскі) партрэт. Да ліку такіх партрэтаў належыць партрэт Ю.Радзівіла, якога празвалі “літоўскім Геркулесам” за вялікі рост і фізічную сілу. Цікавым з’яўляецца мемарыяльны партрэт жонак магната Януша Радзівіла – Катажыны і Марыі, намаляваны ў 1646 г. віленскім мастаком І.Шрэтэрам. У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб кафлі.

Найбольш яскравым прыкладам развіцця тэатра на Беларусі стала распаўсюджанне лялечнага тэатра – батлейка. Батлейка ўяўляла сабой скрыню з дошак у выглядзе хаткі ці царквы, усярэдзіне якой паказваліся лялькі-персанажы. Пры езуіцкіх калегіумах узніклі школьныя тэатры.

Помнікам музычнай культуры з’яўляецца “Полацкі сшытак”, складзены ў канцы XVI – сярэдзіне XVIІ стст. з песень і танцаў.

Такім чынам, XVI – XVIІ стст. увайшлі ў гісторыю культуры як час яе найвялікшага ўздыму, калі створаныя нашымі землякамі шэдэўрамі папаўнялі залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры.

Гістарычныя ўмовы развіцця культуры Беларусі былі ўскладнены ў сярэдзіне XVIІ-XVIІІ стст. шматлікімі войнамі. У выніку у другой палове XVIІ ст. беларускае насельніцтва, галоўным чынам майстры-рамеснікі, прымусова перасялялася ў Расійскую дзяржаву. Вялікая колькасць беларусаў апунулася ў Маскве, дзе пасялілася ў Мяшчанскай слабадзе. Майстры з Беларусі на чале са шклоўскім разьбяром Клімам Міхайлавым стварылі сапраўдны шэдэўр XVIІ ст. – пяціярусны, разьбяны, пазалочаны іканастас у Смаленскім саборы маскоўскага Новадзявочага манастыра. Беларускія майстры таксама ўпрыгожвалі аб’ёмнай пазалочанай разьбой палац цара Аляксея Мітхайлавіча ў сяле Каломенскім пад Масквой.

У другой палове XVIІІ ст. на тэрыторыю Беларусі з Заходняй Еўропы пачынаюць пранікаць ідэі Асветніцтва, якія абвяшчалі прыярытэт асветы, навукі, розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Грамадскім ідэалам становіцца адукаваны чалавек. Асветніцтва павінна было ліквідаваць застарэлы феадальны лад і адкрыць шлях да ўтварэння новага – буржуазнага ладу. Асаблівасцю Асветніцтва ў ВКЛ было тое, што праваднікамі ідэй была не буржуазія, а шляхта.

Школьная справа ў XVIІ – пачатку XVIІІ стст. усё яшчэ заставалася ў руках каталіцкай і уніяцкай царквы. Школьная адукацыя была двступна пераважна шляхецкім дзецям. Выкладанне вялося на лацінскай і польскай мовах. Прадметам навучання былі “сем вольных мастацтваў” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Цэнтрам адукацыі і навукі па-ранейшаму заставалася Віленская Акадэмія, якая мела статус універсітэта. З 1781 г. Акадэмія называлася Галоўнай школай ВКЛ. Высокі ўзровень адукацыі забяспечвалі езуіцкія калегіумы.

З сярэдзіны XVIІІ ст. пачаліся змены ў сістэме школьнай адукацыі. У 1773 г. была створана Адукацыйная камісія (установа накшталт Міністэрства адукацыі). Цяпер школа стала больш даступнай для ўсіх саслоўяў, характар адукацыі стаў свецкім. Увага надавалася не завучванню на памяць, а развіццю разумовых здольнасцей. Выкладанне вялося на польскай мове замест латыні. Школы падзяляліся на ўзроўні: парафіяльныя (ніжэйшая), падакруговыя і акруговыя (няпоўная сярэдняя і сярэдняя). Напрыканцы XVIІІ ст. дзейнічала 200 пачатковых і 20 школ сярэдняй ступені. Таксама ў ВКЛ адбывалася станаўленне прафесійнай адукацыі. У Гродна працавала медыцынская школа, заснаваная французскім вучоным Ж.Жыліберам. Пры ёй былі створаны анатамічны кабінет, аптэка, батанічны сад. Ж.Жылібер, знаходзячыся на Беларусі выдаў працу “Літоўская флора”. Таксама ў Гродна і Паставах па ініцыятыве А.Тызенгаўза былі арганізаваны медыцынская, акушэрская, фінансавая, чарцёжная і рысавальная школы. У 30-я гг. XVIII ст. на Беларусі з’явіліся піярскія школы. Гэта рэлігійныя ўстановы, аднак яны былі даволі прагрэсіўнымі для свайго часу: тут вывучаліся матэматыка, прыродазнаўства і гуманітарныя навукі.

Славутыя традыцыі кнігадрукавання працягваліся ў XVIII ст., на працягу якога колькасць друкарняў павялічылася да 11. У 1776 г. выйшла ў свет першая газета на тэрыторыі Беларусі – “Газета Гродзенска” (на польскай мове). Кнігавыдавецтвам у Амстэрдаме заняўся І.Капіевіч. Па даручэнні Пятра І ён выдаў першы дапаможнік па матэматыцы на рускай мове “Краткое и полезное руковедение во арифметику”.

Сярод вядомых вучоных другой паловы XVII – XVIII стст. трэба назваць К.Семяновіча – аўтара кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” (выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме). Ён адным з першых стварыў праект шматступенчатай ракеты і лічыцца папярэднікам К.Цыялкоўскага. Важны ўклад у развіццё беларускай навукі ўнёс М.Пачобут-Адляніцкі – рэктар Галоўнай школы ВКЛ, вучоны-прыродазнавец, які вывучаў планету Меркурый, адкрыў невядомае сузор’е, вызначыў каардынаты шматлікіх населеных пунктаў на Беларусі. Значныя дасягненні зроблены ў галіне навукова-прававой думкі ВКЛ. Свае творы выдаваў прафесар Віленскага універсітэта А.Алізароўскі: “Аб палітычнай супольнасці людзей”, “Палітычныя пытанні”. Цікавым быў крытычны трактат С.Шчукі “Зацьменне Польшчы”, дзе ён прапаноўваў правесці рэформу палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай. Першым беларускім філосафам-атэістам назваюць К.Лышчынскага. Яго за трактат “Аб неіснаванні бога” (1687 г.) спалілі на кастры. А.Дубовіч выдаў “Каляндар праўдзівай царквы”. Гэта цікавы агляд па гісторыі сусветнай астраноміі і каляндарных сістэм. Славутага картографам XVII ст. быў Т.Макоўскі. Ён падрыхтаваў лепшую карту ВКЛ, якая выдавалася ў Амстэрдаме ў 1603 і 1613 гг. Ю.Наронскі выдаў кнігу “Геаметрыя, або трактаванне і майстэрства ўсялякага вымярэння”. Ураджэнец Піншчыны А.Нарушэвіч стварыў “Гісторыю польскага народа”. На Беларусі працавалі філосафы-фізіякраты – М.Карповіч, І.Страйноўскі, І.Храптовіч. Фізіякраты – французскія буржуазныя эканамісты, якія прызнавалі зямлю і земляробства адзінай крыніцай багацця, а сельскагаспадарчую працу – адзінай вытворчай працай.

У літаратуры і мастацтве асноўным з XVII ст. становіцца стыль барока. У гэтым стылі напісаны творы настаўніка Полацкага калегіўма М.Сарбеўскага, паэта-панегірыста Д.Набароўскага, асветніцкая паэма Ф.Іяўлевіча “Лабірынт, або заблытаныя шляхі Мудрасці”, творы С.Полацкага. Мысліцель і асветнік Сімяон Полацкі (сапраўднае прозвішча – Пятроўскі-Сітняновіч) вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, працаваў настаўнікам у брацкай школе. З’яўляўся настаўнікам Пятра І, для якога надрукваў “Буквар языка славенска”. Аўтар выдаў зборнікі вершаў “Псалтыр рыфмаваная”, “Вертоград многоцветный”. Па яго ініцыятыве была створана першая ў Маскве вышэйшая адукацыйная ўстанова – Славяна-грэка-лацінская акадэмія.

Цэнтрамі развіцця мастацтва ў XVII-XVIIІ стст. становяцца магнацкія рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, Сапегаў – у Ружанах, Агінскіх – у Слоніме, Тызенгаўзаў – у Гродна. Пераважная большасць замкаў гэтага часу будуецца ў стылі барока па праектах Глаўбіца, Сака, Спампані. На змену барока ў канцы XVIII ст. прыйшоў класіцызм. У гэтым стылі будаваліся і перабудоўваліся палацава-паркавыя ансамблі ў Гомелі, Валожыне, Ружанах, Слоніме, Дзярэчыне. У гэты час пашыраецца палацава-паркавая архітэктура, звязаная з будаўніцтвам у магнацкіх рэзідэнцыях паркаў са шматлікімі вадаёмамі, каналамі, каменнымі гротамі. Своеасаблівым натуральным будаўнічым матэрыялам сталі дрэвы і расліны. Уніяцкія храмы ў XVIIІ ст. будаваліся ў стылі віленскага барока. Так, у гэтым стылі паводле праекта Я.Глаўбіца перабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, а таксама пабудаваны цэрквы ў Быцені, Жыровічах, Оршы. Касцёлы будаваліся ў стылі барока, а праваслаўныя храмы захоўвалі рысы візантыйскага дойлідства.

Самай яркай з’явай беларускай культуры другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Найбольшую вядомасць набылі тэатры Радзівілаў у Нясвіжы (пры ім дзейнічалі балетная, музычная і тэатральная школы) і Слуцку, Гродзенскі Тызенгаўзаў, Ружанскі Сапегаў, Тышкевічаў у Свіслачы, Слонімскі тэатр Міхаіла Казіміра Агінскага (тэатр набыў еўрапейскую славу, яго называлі “Сядзіба Музаў”). Для Нясвіжскага прыгоннага тэатра п’есы пісала Францішка Уршуля Радзівіл. Многія выхаванцы прыгонных тэатраў праслаўлялі сцэны Варшавы і Пецярбурга.

У XVIIІ ст. музыка выйшла на першы план сярод мастацтваў. Сярод беларускіх кампазітараў трэба назваць Міхала Клеафаса Агінскі (напісаў паланез “Развітанне з Радзімай”), Яна Давыда Голанда, Мацея Радзівіла. Найбольш папулярным музычным жанрам была опера з камічным сюжэтам. Так, ініцыятарам стварэння оперы “Агатка” быў віленскі ваявода Кароль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, бо менавіта з гэтымі словамі ён звяртаўся да суразмоўцаў.

У жывапісе ў XVIII ст. папулярным заставаўся партрэтны жанр. Пры двары каралей Рэчы Паспалітай працавалі прафесійныя еўрапейскія майстры. Да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва належаць вырабы мануфактур – Урэцкай шкляной, Слуцкай шаўковых паясоў, Карэліцкай стакацкай.

5. У XVI ст. завяршаецца перыяд фарміравання беларускай народнасці. Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. На фарміраванне беларускай народнасці ўплываў шэраг фактараў.

1) Адзіная этнічная тэрыторыя (землі, якія заселены і абжыты пэўным народам). Паміж Літвой і Беларуссю мяжа прайшла па лініі Мерач-Трабы-возера Свір. Паўночная мяжа праходзіла на поўнач ад Браслава, Езярышча, Нешчарды – па граніцы ВКЛ з Лівонскім Ордэнам, Псковам і Ноўгарадам. Мяжа з Польшчай праходзіла па Заходняму Падляшшу, а з Украінай – па Палессю. Самымі рухомымі былі ўсходнія межы. У перыяд максімальнага пашырэння ВКЛ у працэс фарміравання беларускай народнасці былі ўцягнуты землі Браншчыны і Смаленшчыны.

2) Грамадска-палітычныя ўмовы. Землі Беларусі знаходзіліся ў складзе цэнтралізаванага ВКЛ. Гэтая магутнейшая еўрапейская дзяржава магла забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця беларусаў. Да таго ж удзел беларусаў у абароне Айчыны кансалідаваў народ.

3) Сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Прагрэс у сельскай гаспадарцы і рамястве прывёў да паглыблення грамадскага падзелу працы паміж горадам і вёскай, наладжвання цесных сувязей паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі, разбурэння натуральнага характару гаспадаркі, уцягвання беларускіх зямель у таварна-грашовыя адносіны. Такім чынам, у межах ВКЛ фарміраваўся агульны рынак, складваліся агульныя рысы гаспадарчай дзейнасці беларускага насельніцтва. Разам з гэтым адбылося складванне структуры беларускага грамадства праз юрыдычнае афармленне ўсіх станаў-саслоўяў.

4) Фарміраванне этнічнай самасвядомасці (усведамлення сваёй адметнасці ад іншых народаў). Працэс фарміравання самасвядомасці быў больш доўгім па часе, чым складванне агульных тэрытарыяльных, эканамічных, сацыяльных рыс. Да таго ж асаблівасцю фарміравання самасвядомасці беларусаў было тое, што сялянства, мяшчанства, дробная шляхта і чорнае духавенства трымалася сваіх каранёў, а феадальная знаць іх губляла. Асноўным эндаэтнонімам (саманазвай) насельніцтва Беларусі ў ХІІІ-XVIII стст. з’яўляўся “рускі люд” (“русіны”). Да таго ж для насельніцтва Беларусі была характэрна “зямляцкая” самасвядомасць: палачанін, віцяблянін, магілёвец, паляшук. Частка насельніцтва Беларусі называла сябе “ліцвінамі” (жыхары Віленскага і Трокскага ваяводстваў, жыхары Беларусі, што па розных прычынах знаходзіліся за мяжой, а таксама шляхцічы). Этнонім “беларусцы” сустракаецца ў пісьмовых крыніцах з канца XVI ст. Так дзякі маскоўскага пасольскага прыказа называлі палонных ці збеглых жыхароў усходніх рэгіёнаў Беларусі. Радзей у крыніцах сустакаецца назва “ліцвіны-беларусцы”.

5) Ментальнасць і асаблівасці псіхічнага складу. Ментальнасць – характэрныя асаблівасці светаўспрымання і светаразумення, якія фарміруюцца гістарычна і залежаць ад складу розуму і спосабу мыслення. Беларусам заўсёды было характэрна: працавітасць, міралюбівасць, гасціннасць, талерантнасць.

6) Народная культура і мова. Традыцыйная культура беларусаў была непаўторнай. У першую чаргу спецыфіка праяўлялася ў тыпах сялянскай сядзібы. Да сярэдзіны XVІ ст. пераважала замкнутая (вяночная) і рассеяная (з адасобленымі пабудовамі) планіроўка. А з сярэдзіны XVІ ст. на захадзе Беларусі (пад уплывам “валочнай памеры”) – пагонная. Цяпер памешчыкі перабудоўвалі вёску пад вулічную планіроўку. Сядзіба будавалася па стандартнаму плану: жылы дом размяшчаўся ў адзін або два рады насупраць адмераных валок зямлі.

Сяляне жылі ў драўляных хатах на тры пакоі: хата-святліца + сенцы + клець. На поўначы Беларусі хаты ставілі на падруб (фундамент), а на поўдні зруб ставілі на зямлю ці драўляныя плахі. Страха накрывалася саломай або дранкай, вокны закрываліся засаўкай ці бычым пузыром.

Традыцыйнымі заняткамі беларусаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Адбываўся пераход ад двухпольнага земляробства да трохпольнага (азімыя, яравыя, папар). Цяглавай сілай на поўдні быў вол, на поўначы – конь. Прыладамі працы былі: саха, матыка, серп, барана, цэп (для абмалоту збожжа). Асноўнай сельскагаспадарчай культурай было жыта, дадатковымі – авёс, пшаніца, проса, каноплі, хмель, лён.

Своеасаблівым быў тып сялянскай сям’і. Бедныя сяляне жылі ў вялікіх сем’ях. Сюды ўключалася некалькі кроўна-сваяцкіх пар: бацькі, жанатыя сыны са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Такая сям’я аблягчала вядзенне гаспадаркі.

У сялянскім асяроддзі пераважала ежа з расліннай асновай: хлеб, кашы, а таксама “прываркі” (стравы, што ўжываліся з хлебам: боршч, капуста, крупеня, кулеш) і малочныя стравы. Значнае месца на стале займала гародніна (у XVІІІ ст. з’явілася бульба). Мяса выкарыстоўвалі рэдка – (мачанка – з мясных кавалкаў), халадзец. З напіткаў ужывалі хлебны квас, бярозавы і кляновы сокі, кісель, медавуха, піва. Гарэлка да XVІІ ст. ужывалася рэдка, толькі як лекавы сродак.

Народны касцюм беларусаў меў шэраг непаўторных рыс. Сяляне насілі кашулі (сарочкі), нагавіцы (штаны, порты), зімой – суконныя світы, аўчынныя кажухі, валеныя шапкі-магеркі. Абутак – лапці, радзей – боты. Жанчыны насілі кашулі, андаракі (спадніцы з паласатай ці клетчатай тканіны), безрукаўкі (гарсеты). Галаву пакрывалі наміткамі, каптурамі (чапцамі), хусткамі. Верхняе адзенне і абутак быў тым жа, што і ў мужчын, толькі замест ботаў у святочныя дні жанчыны маглі насіць чаравікі.

У светапоглядзе беларусаў пераклікаліся язычніцкія і хрысціянскія ўяўленні. Язычніцкія па свайму паходжанню каляндарна-абрадавыя песні (зімнія – калядныя, вясеннія – валачобныя і г.д.) цяпер прымяркоўваліся да царкоўных свят (да прыкладу, валачобныя спявалі на Пасху). Найбольш пашыранымі фальклорнымі жанрамі ў беларусаў былі лірычныя балады, чарадзейныя казкі, ліра-эпічныя песні аб каханні і валачобныя песні. З ХVІІ ст. паступова распаўсюджваюцца сацыяльна-бытавыя і гістарычныя песні, а таксама сацыяльна-бытавыя казкі і легенды.

Свае асаблівасці набыла і беларуская мова. Ужо ў помніках пісьменнасці XIV-XV стст. захаваліся прыкметы старабеларускай мовы: дзеканне, цеканне, аканне, зацвярдзелыя зычныя р, ч, ш. Станаўленню беларускай мовы садзейнічала замацаванне яе ў якасці афіцыйнай мовы дзяржаўных дакументаў.

Вельмі важнай праблемай для сучасных даследчыкаў з’яўляецца вызначэнне паходжання назвы “Белая Русь”. Ёсць шмат поглядаў наконт паходжання назвы “Белая Русь”. Але і зараз гэта застаецца загадкай. Можна прывесці некалькі прыкладаў, як розныя даследчыкі тлумачылі сэнс назвы нашай краіны.

Шэраг аўтараў (А. Кiркор, Я. Карскi) лічылі, што ў аснове назвы – белы колер адзення – ад світак і кажухоў да нагавіц і шапак-магерак, а таксама светла-русыя валасы і блакітныя вочы нашых продкаў. Назва “Белая Русь” звязвалася з прыгажосцю зямлі, чысцінёй рэк і блакітам азёр (Макарый), вялікай колькасцю снега (С.Герберштэйн).

Частка даследчыкаў “белай”, г.зн. вольнай Руссю называлi землi ўсходняй Беларусi, якія не залежалі ў XIII ст. ад мангола-татараў (М. Любаўскi, М. Доўнаp-Запольскi). Некаторыя аўтары тлумачылі назву нашага края праз цюркскі эпітэт “белы”, які ў спалучэннi “белы цар”, азначаў “вялiкi, магутны”. Даследчык В. Астроўскi звязваў паходжанне назвы “Белая Русь” з плямёнамі аланаў, што жылі да прыходу славян у Падняпроўі, быццам бы “белых” – у сэнсе “вольных, незалежных”.

Даволі пераканаўчым з’яўляецца меркаванне, што ўсходняя частка нашай краіны была названа Белай Руссю (значыць праваслаўнай!) у процiвагу заходняй Чорнай, – доўгі час нехрышчонай (Я. Юхо, К. Тарасаў). Наадварот, язычніцкім бачыцца паходжанне назвы В.Ластоўскаму, які выводзiць Белую Русь ад міфічнага Белабога, якому нiбыта пакланялiся нашы продкі ў старажытнасці.

Італьянец А.Гваньіні ў сваёй кнізе “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” пісаў: “А ёсць Русь траякая: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая – каля Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска… Чорная ў Маскоўскай зямлі, а Чырвоная – дзе паветы Галіцкі, Перамышльскі і горад Львоў”. Такое геаграфічнае становішча асобных частак Русі адпавядае еўрапейскай традыцыі, калі зямля, што размешчана на захадзе, называецца “Белай”, на поўначы – “Чорнай”, а на поўдні – “Чырвонай”.

А. Рогалеў адзначыў, быццам назву Белая Русь даў Полацкаму княству яго заснавальнiк Рагвалод у канцы X ст., маючы на ўвазе “Русь магутную i вялiкую, Русь мiрную, чыстую i праведную”. П. Крапiвiну назва “Белая Русь” уяўляецца паўперакладам на славянскую мову якойсьцi вельмi старажытнай назвы, якая азначае “белая вада”.

Дадзены пералiк варыянтаў паходжання назвы “Белая Русь” наўрад цi можна лiчыць вычарпальным. Версii паходжання назвы працягваюць множыцца. Але апроч таго, што няма згоды наконт паходжання, дакладна не вызначаныя i межы тэрыторый, да якіх яна ў розныя гістарычныя эпохi дастасоўвалася.

Упершыню назва “Белая Русь” была зафіксавана ў лацінскай форме Alba Rusсia каля 1255 – 1260 гг. у геаграфічным трактаце “Пачатак апісання земляў” (верагодна, у дачыненні да Наўгародскай рэспублікі).

У канцы XIV ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белай Русі, аднак да канца XVI ст. за землямі нашай краіны этнонім “Белая Русь” не ўжываўся больш ні ў аднаго аўтара. Прыкладна ў той жа час аўстрыйскі паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь разам з Ізборскам на Пскоўшчыне як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 г. магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У другой палове XV ст. М.Кузанскі на геаграфічнай карце зрабіў надпіс “Белая Русь або Масковія”.

Самы даўнi помнiк усходнеславянскага паходжання, якi згадвае Белую Русь, – “Слово избpанное от святых писаний еже на латыню”, створанае, Пахомiем Лагафетам у Ноўгарадзе каля 1461 г.

У ВКЛ тэрмін Белая Русь вядомы з канца XV ст. і ў большасці выпадкаў прымяняўся адносна Маскоўскай дзяржавы, радзей – Ноўгарада.

Да часткi тэрыторыi сучаснай Беларусi, перш за ўсё да Полаччыны, назву Белая Русь пачалі трывала прымяняць у сярэдзіне XVI ст. (“Гісторыя…” Марціна Кромера, 1555 г.).

У значэннi “Русь Лiтоўская” тэрмiн Белая Русь спачатку ўжывалi або iншаземцы (М.Кромер, А.Гваньiнi) або ўраджэнцы ВКЛ – прадстаўнiкi адукаваных пластоў грамадства – у тым ліку С. Рысiнскi, які ўпершыню ўжыў тэрмін “leucorussus” (па-грэчаску “беларус”) як этнічную саманазву.

У канцы XVI – на пачатку XVII ст. назва Белая Русь трапіла з твораў польскiх гiсторыкаў i публiцыстаў у хронiкi ВКЛ: «Хpонiку..» М.Стрыйкоўскага, «Хpонiку Лiтоўскую i Жамойцкую».

3 пачатку XVII ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней у ВКЛ называліся Руссю. Гэтая традыцыя ў XVIII ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята расійскім урадам, які лічыў “беларускімі” Магілёўскую і Віцебскую губерні. На працягу ХІХ ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэрыторыю нашай краіны і дала пачатак сучаснай назве Беларусь.

Акрамя беларусаў на тэрыторыі нашай зямлі пражывалі літоўцы, рускія, татары, яўрэі, палякі і іншыя этнічныя супольнасці. Літоўцы разам з беларусамі з’яўляліся тытульным насельніцтвам ВКЛ. Даволі значная група перасяленцаў з Масквы з’явілася ў ВКЛ у XVІ-XVІІ стст. Гэта пераважна прадстаўнікі рэлігійнай (несцяжацелі) і палітычнай апазіцыі – князь А.Курбскі, ерэтыкі Феадосій Касы, старац Арцёмій, а таксама асветнікі і кнігадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец. З сярэдзіны XVІІ ст. на поўначы Беларусі стала жыць вялікая група старавераў. Росту польскага насельніцтва ў Беларусі садзейнічалі дзяржаўныя уніі ВКЛ з Польшчай. У выніку палякі масава перасяляліся пераважна на захад Беларусі.

Татары пачалі сяліцца на Беларусі ў першай палове XІV ст., калі Гедымін наёмнае татарскае войска выкарыстоўваў у барацьбе з крыжакамі. Шырокае рассяленне татар пачалося ў канцы XІV – першай трэці XV ст. Ваенна-адміністрацыйная арганізацыя татар складалася з 6 знатных княжацкіх родаў (улусаў ці харустваў). У ваенным плане татары падзяляліся на сцягі (атрады). Такое дзяленне супадала з назвамі цюрка-мангольскіх родаў. Сярод татар вылучаліся прывілеяваныя і непрывілеяваныя групы. Да першай групы адносіліся князі – прамыя нашчадкі залатаардынмскіх ханаў (іх вярхоўная ўлада выкарыстоўвала ў дыпламатычных адносінах з Крымскім ханствам і Турцыяй), а таксама нашчадкі простых воінаў. Яны мелі меншыя зямельныя ўладанні, неслі ваенную службу, а таксама выконвалі на карысць князя каравульную, кур’ерскую, падводную павіннасці. “Простыя людзі” – гэта самая шматлікая група татар. Іх сялілі ў гарадах і мястэчках, дзе тыя займаліся агародніцтвам, гарбарствам, возніцтвам. Даволі вялікія пасяленні татар былі на захадзе Беларусі: у Гародні, Берасці, Лідзе, Наваградку, Менску. Прыхільнае стаўленне да татарскага насельніцтва з боку вярхоўнай улады было абумоўлена: ваеннымі інтарэсамі, рэлігійнай талерантнасцю, дыпламатычнымі інтарэсамі. Разам з існавалі абмежаванні ў палітычнай сферы, якія накладаліся на татар. Так, татары не маглі выбірацца ў прадстаўнічыя органы ўлады – сойм і соймікі. Таму татары змаглі вызначыцца толькі на такіх дзяржаўных пасадах як пісар у канцылярыі ВКЛ або дыпламат. Пасля Люблінскай уніі становішча татар пагоршылася. Ва ўмовах наступлення Контррэфармацыі татарам забаранялася будаваць мячэці, татарскай знаці забаранялася мець прыгонных-хрысціян, набываць шляхецкія ўладанні, займаць афіцэрскія пасады ў войску. У выніку многія татары з’ехалі ў Крым і Турцыю. Татары спавядалі іслам, іх свяшчэннымі кнігамі былі Аль Кітабы. Большасць татар у паўсядзённым жыцці карысталася польскай і беларускай мовамі. Нават Аль Кітабы былі напісаны па-беларуску.

Яўрэі пачалі сяліцца на Беларусі яшчэ ў VІІІ ст. Масава засяляць Беларусь яўрэі сталі ў XІV-XV стст. Іх праследвалі у Заходняй Еўропе, а ў ВКЛ прытрымліваліся палітыкі талерантнасці. Ужо ў часы Вітаўта існавалі 5 яўрэйскіх абшчын, у тым ліку ў Гродна і Берасці. У XVІ ст. – 20 тысяч яўрэяў, у XVІІ ст. – 40 тысяч. У цэнтральных і ўсходніх землях Беларусі яўрэі з’явіліся ў XVІ ст. На яўрэяў накладаліся абмежаванні. Яны не маглі набываць зямельную ўласнасць, служыць у войску, хаця ў некаторых прыватных гарадах яўрэі маглі мець свае палкі і ўдзельнічаць у абароне населенага пункта. Каб пазбегнуць абмежаванняў трэба было прыняць хрысціянства. Такім чынам, прававое становішча яўрэяў вызначаў рэлігійны фактар. Яўрэі заўсёды жылі ізалявана – асобнымі кварталамі і абшчынамі – кагаламі. Іх цэнтральны орган самакіравання называўся Ваад. Ён вырашаў спрэчныя рэлігійныя, судовыя і адміністрацыйныя справы яўрэйскага насельніцтва. Яўрэі спавядалі іўдаізм, маліліся богу Яхве, іх храмы – сінагогі, сяшчэнныя кнігі – Талмуд і Стары Запавет Бібліі. Яўрэйскае насельніцтва жыло пераважна ў гарадах. Гэта тлумачылася эканамічнымі прычынамі. Яны былі добрымі прадпрымальнікамі і плацілі добрыя падаткі. Да таго ж яны лепш усяго арганізоўвалі функцыянаванне такіх важных галін, як збор падаткаў, гандлёвых пошлін (мытная справа), крэдытарскую дзейнасць. Яўрэі былі таксама добрымі рамеснікамі (праўда, у гарадскія цэхі яны не ўваходзілі, а стваралі свае “брацтвы”). Вялікім аўтарытэтам карысталіся яўрэйскія медыкі і прадстаўнікі “вольных навук”. Дзяржаве было лёгка збіраць падаткі з яўрэяў, таму што існавала кагальная сістэма – яўрэі былі звязаны кругавой парукай.

ІНДУСТРЫЯЛЬНАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ (КАНЕЦ XVIII – ПАЧАТАК XX ст.) І БЕЛАРУСЬ

НАРАДЖЭННЕ ІНДУСТРЫЯЛЬНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І ЯЕ ЎПЛЫЎ

  1. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХІХ ст.

  2. Вайна 1812 г. на тэрыторыі Беларусі

  3. Грамадска-палітычны рух на Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Паўстанне 1830–1831 гг.

  4. Змена палітыкі самадзяржаўя ў Беларусі пасля паўстання 1830–1831 гг.

  5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.

  6. Асвета і культура Беларусі

ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.

1.У пачатку ХІХ ст. тэрыторыя Расійскай імперыі, у склад якой былі ўключаны беларускія землі, складала 16 млн. кв. км., дзе жыло каля 40 млн. чалавек. Расія была феадальнай аграрнай дзяржавай. Больш за 95% насельніцтва жыло ў вёсцы і толькі 4% – у гарадах. Дваране-памешчыкі, якія складалі каля 1% насельніцтва, валодалі зямлёй і 55% сялян. 45% сялян лічыліся ўласнасцю дзяржавы – дзяржаўнымі. У Расійскай імперыі было 634 гарады, з якіх толькі Пецярбург і Масква мелі больш чым па 200 тысяч жыхароў.

На далучаных беларускіх землях праводзілася палітыка, якая зыходзіла з таго, што гэтыя землі з іх насельніцтвам з’яўляюцца спрадвечна рускай уласнасцю і вяртаюцца ў выніку падзелаў у склад Расіі. На далучаных тэрыторыях уводзілася новае адміністрацыйнае дзяленне: замест ваяводстваў утвараліся губерніі. У 1796–1801 гг. уся тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад трох губерняў – Беларускай, Мінскай і Літоўскай з насельніцтвам амаль 4 млн. чалавек. У верасні 1801 г. Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская і Магілёўская губерні).

Усё насельніцтва, за выключэннем сялянства, прыводзілася да прысягі. Тыя, хто не жадаў прысягаць, павінны былі ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу. Большасць шляхты і магнатаў Беларусі далі прысягу на вернасць расійскай імператрыцы, захавалі свае маёнткі і атрымалі ўсе саслоўныя правы і прывілеі, якімі карысталася расійскае дваранства.

На беларускія губерні распаўсюджвалася “Грамата на правы і выгады гарадам Расійскай імперыі” ад 21 красавіка 1785 г. Законам прадугледжвалася стварэнне выбарных органаў кіравання ў гарадах: распарадчага – гарадской думы і выканаўчага – шасцігласнай думы. Скасоўвалася магдэбургскае права.

У сістэме судовых органаў па расійскаму ўзору былі ўтвораны палаты грамадзянскага і крымінальнага судоў, земскія суды. Да паўстання 1830–1831 гг. ІІІ Статут ВКЛ захоўваўся ў якасці асноўнага кодэкса законаў на далучаных землях Беларусі.

У беларускіх губернях уводзілася расійская падатковая сістэма. Для сялян падымны падатак быў заменены больш цяжкім падушным. Грашовая рэнта і дзяржаўныя падаткі збіраліся на Беларусі да 1811 г. не асігнацыямі, як гэта было ў рускіх губернях, а залатой і срэбнай манетамі, рэальны курс якой быў шмат вышэйшы. Уводзілася невядомая раней беларускаму насельніцтву рэкруцкая павіннасць.

23 чэрвеня 1794 г. была ўстаноўлена “мяжа яўрэйскай аселасці”, куды ўваходзілі беларускія землі. Указ пазбаўляў яўрэяў права на пастаяннае пражыванне за мяжой аселасці, г.зн. у расійскіх губернях і гарадах. Ім забаранялася жыць за межамі гарадоў і мястэчак. З яўрэйскіх мяшчан, рамеснікаў і купцоў спаганяліся ў два разы большыя дзяржаўныя падаткі, чым з хрысціянскіх. Праваслаўная царква на беларускіх землях заняла пануючае становішча і карысталася дзяржаўнай падтрымкай.

Памяркоўная палітыка праводзілася расійскімі ўладамі ў адносінах да каталіцкага касцёла. У лютым 1774 г. была ўтворана Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве.

22 красавіка 1794 г. выдадзены ўказ, паводле якога гвалтам пераведзены ў праваслаўе каля паўтара мільёна уніятаў.

Такім чынам, далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі канчаткова спыняла тут традыцыі ўласнай дзяржаўнасці, пашырала і ўмацоўвала прыгонніцтва, паклала пачатак пераарыентацыі эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця Беларусі на ўсход, на Расію.

Асноўныя тэрміны і паняцці

“Разбор шляхты” – выключэнне з дваранскага саслоўя пры непрадстаўленні дакументаў на дваранскае званне.

Губерня – з 1703 г. асноўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расіі. Падзялялася на паветы.

Мяжа аселасці – мяжа тэрыторыі, у якую былі ўключаны беларускія, украінскія і прыбалтыйскія губерні, на якой дазвалялася пастаяннае пражыванне яўрэям.

Храналогія падзей

22 красавіка 1794 г. – указ Кацярыны ІІ пра перавод уніятаў у праваслаўе.

23 чэрвеня 1794 г. – увядзенне “мяжы яўрэйскай аселасці”.

Верасень 1801 г. – адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі на 5 губерняў, што ўваходзілі ў склад 2 генералгубернатарстваў.

Пытанні для самаправеркі

  1. Якая канфесійная палітыка праводзілася на далучаных беларускіх землях расійскім урадам у канцы XVIII – пачатку ХІХ ст.?

  2. Як змянілася становішча сялян Беларусі у канцы XVIII – пачатку ХІХ ст.?

  3. Чаму праводзілася палітыка насаджэння на Беларусі землеўладання расійскіх памешчыкаў?

  4. З якою мэтаю праводзілася “мяжа яўрэйскай аселасці”?

2. 12 чэрвеня 1812 г. 450-тысячная армія французскага імператара Напалеона Банапарта ўступіла ў межы Расійскай імперыі, распачаўшы баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. Вайна была выклікана сур’ёзнымі супярэчнасцямі паміж Францыяй і Расіяй. Яшчэ напярэдадні вайны расійска-французскія адносіны выклікалі абвастрэнне палітычнай сітуацыі на беларускіх землях. Пасля таго, як у лістападзе 1806 г. французскія войскі занялі частку Польшчы, захопленую ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Прусіяй, было створана княства Варшаўскае. Значная Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Аляксандр І, расійскі імператар, заявіў аб сваім жаданні аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае Княства Літоўскае. Па даручэнню імператара ў 1811 г. князі М. К. Агінскі, К. Любецкі і граф Л. Плятэр склалі праект “Палажэння аб праўленні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім”. У процівагу канстытуцыі Варшаўскага княства таксама прапаноўвалася паступовае, на працягу 10 гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Але праект не быў прыняты, і прыхільнікі ідэі аднаўлення ВКЛ ва ўмовах вайны падтрымалі Напалеона. Князь Д. Радзівіл за свой кошт стварыў полк уланаў колькасцю 3 тыс. чалавек, які першым 16 чэрвеня ўрачыста ўступіў у Вільню.

1-я армія Барклая дэ-Толі і 2-я армія П. Баграціёна, размешчаныя каля Вільні і Ваўкавыска, адступалі. У чэрвені – ліпені 1812 г. адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Астроўна, Полацкам. Расійскія арміі змаглі аб’яднацца толькі пад Смаленскам, адкуль пасля бітвы 4–5 жніўня працягвалі адступаць.

Амаль уся тэрыторыя Беларусі, акрамя паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. 1 ліпеня 1812 г. у Вільні была створана Часовая камісія урада ВКЛ на чале з памешчыкам С. Солтанам, дзейнасць якой пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае французкае праўленне. Часовы ўрад ВКЛ займаўся перш за ўсё забеспячэннем французскай арміі прадуктамі і кормам для жывёлы.

Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Спачатку сяляне Беларусі звязвалі з прыходам Напалеона надзею на вызваленне з-пад прыгону, але Напалеон не зрабіў гэтага. Бясконцыя рэквізіцыі і рабаўніцтва выклікалі масавае супраціўленне сялянства. Узніклі партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы Барысаўскага, Жарцы Полацкага паветаў. 22 чалавекі з атрада в. Жарцы атрымалі ад царскага ўрада за мужнасць крыжы на шапкі. Даволі часта сяляне выходзілі з падпарадкавання памешчыкаў незалежна ад зоны кантролю: французскага або расійскага. Асабліва вострыя былі выступленні сялян 4-х паветаў на паўночным усходзе Віцебскай губерні. Для навя-дзення парадку ваенны міністр направіў туды спецыяльную каманду.

У кастрычніку 1812 г. расійская армія прымусіла Напалеона пакінуць Маскву. Баявыя дзеянні зноў пракаціліся па беларускай зямлі. Рашаючая бітва адбылася пад Барысавам 14–16 лістапада 1812 г. каля в. Студзёнка на р. Бярэзіна. Далейшае адступленне французскай арміі ператварылася ў бязладныя ўцёкі.

Вайна прынесла вялікія спусташэнні Беларусі: загінула каля 1 мільёна чалавек, якія аказваліся па абодва бакі змагання; некалькі дзесяткаў тысяч было рэкрутавана з беларускіх губерняў у расійскае войска. Частка жыхароў заходніх губерняў удзельнічала ў вайне на баку Напалеона. Менавіта па гэтай прычыне вайна 1812 г. набыла на Беларусі характар грамадзянскай. Вайсковыя дарогі былі ўсеяны трупамі, што выклікала эпідэміі.

Маніфестам 12 снежня 1812 г. Аляксандр І абвясціў амністыю тым шляхцічам, якія ваявалі на баку Напалеона і вярнуліся з-за мяжы ў двухмесячны тэрмін. 30 жніўня 1814 г. быў выдадзены маніфест аб вяртанні магнатам і частка беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне Напалеонам Рэчы шляхце, якія прысягнулі на вернасць расійскаму імператару, канфіскаваных раней зямель. Для сялян не было зроблена нічога.

Такім чынам, французска-руская вайна 1812 г. не мае падстаў лічыцца на Беларусі айчыннай.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Рэквізіцыя – прымусовае адабранне маёмасці і жывёлы на карысць арміі.

Канфіскацыя – прымусовае адабранне маёмасці на карысць дзяржавы.

Храналогія падзей

1811 г. – складзены “праект М.А. Агінскага”.

12 чэрвеня 1812 г. – уварванне арміі Напалеона ў межы Расій-скай імперыі.

1 ліпеня 1812 г. – створана Часовая камісія ўрада ВКЛ.

14–16 лістапада 1812 г. – бітва расійскіх войскаў з французамі каля в. Студзёнка.

Пытанні для самаправеркі

1. Які характар мела вайна 1812 г. для Беларусі?

2. Якія вынікі прынесла вайна 1812 г. жыхарам Беларусі?

3. Як разгортваліся ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў час вайны 1812 г.?

3.Пад уплывам дэмакратычных ідэй “свабоды”, “роўнасці” і “братэрства” разгортваўся вызваленчы рух на Беларусі. Ён быў прадстаўлены тайнымі таварыствамі і гурткамі, што дзейнічалі ў Віленскім універсітэце і іншых навучальных установах, а таксама ў войску. У склад таварыстваў уваходзілі прадстаўнікі мясцовай беларускай шляхты, прыхільнікі ідэі аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай, студэнты і навучэнцы.

У 1817 г. па ініцыятыве студэнтаў Віленскага універсітэта Т. Зана, А. Міцкевіча, Я. Чачота ўтварылася “Таварыства філаматаў”. З дзейнасцю таварыства звязаны пачатак навуковага даследвання мовы, гісторыі і культуры роднага краю. Таварыства ставіла напачатку культурна-асветніцкія мэты.

У асяроддзі філаматаў у 1820 г. пад кіраўніцтвам Т. Зана ўтварылася больш радыкальнае “Таварыства філарэтаў”. У яго дзейнасці пераважалі палітычныя, нацыянальна-вызваленчыя матывы.

У той жа час на Беларусі і ў Літве ўзніклі гурткі тайнага польскага “Патрыятычнага таварыства”. Літоўскі савет гэтага таварыства ўзначальвалі памешчыкі М. Ромер, К. Радзівіл, якія мелі на мэце аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

На Беларусі жылі і дзейнічалі ў складзе расійскіх расквартараваных войскаў дзекабрысты. Так, у Мінску ў 1822 г. служыў М. Мураўёў – кіраўнік “Паўночнага таварыства”, які склаў першы варыянт праекта канстытуцыі. Сябры “Паўднёвага таварыства” дзекабрыстаў наладзілі сувязі з польскім “Патрыя-тычным таварыствам”. Летам 1823 г. М. Бястужаў вёў перамовы з К. Радзівілам. Кіраўнік “Паўднёвага таварыства” П. Пестэль згадзіўся на прызнанне незалежнасці Польшчы з уключэннем у яе склад беларускіх, літоўскіх і часткі ўкраінскіх зямель. У 1823 г. быў распрацаваны бабруйскі план паўстання: арышт цара ў час агляду войскаў у Бабруйскай крэпасці, але ён не быў рэалізаваны.

У 1825 г. пры ўдзеле былых філаматаў М. Рукевіча і З. Навіцкага ў Асобным літоўскім корпусе было створана “Таварыства ваенных сяброў”. Мэта – “усеагульнае дабро” – прадугледжвала знішчэнне самадзяржаўя і ліквідацыю феадальна-прыгонніцкага ладу. 24 снежня 1825 г. таварыства “Ваенныя сябры” сарвала цырымонію прысягі на вернасць Мікалаю І у Асобным літоўскім корпусе на Беласточчыне.

Першыя рэвалюцыянеры хоць і спачувалі сялянам, выступалі ў шэрагу выпадкаў за адмену прыгоннага права, але не лічылі сялян рэальнай сілай і не абапіраліся на іх у сваёй дзейнасці. У сярэдзіне 20-х гг. тайныя таварыствы на Беларусі былі разгромлены. У 1823 г. Аляксандр І выдаў указ пра забарону на навучанне жыхароў Літвы і Беларусі ў замежных універсітэтах і ў Польшчы.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося шляхецкае паўстанне, кіраўнікі якога ставілі галоўнай мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Польскіх магнатаў і шляхту не задавальняла дзяржаўная аўтаномія Каралеўства Польскага, створанага паводле рашэння Венскага кангрэса 1815 г.

Штуршком да пачатку паўстання з’явілася вестка пра намер паслаць польскае войска на падаўленне бельгійскай рэвалюцыі. Вясной 1831 г. паўстанне ахапіла Літву і шэраг паветаў Заходняй Беларусі. Паўстанне развівалася ў многім стыхійна, хоць і існаваў Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Сяляне і мяшчане мабілізаваліся ў атрады пераважна пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. Кульмінацыяй падзей стала бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г., у якой аб’яднаныя сілы мясцовых паўстанцкіх атрадаў былі разбіты расійскім войскам. Летам 1831 г. асобныя выступленні адбываліся ў паўднёвых паветах Беларусі, але ў цэлым паўстанне пайшло на спад і ў жніўні было задушана.

Аднак шляхецкая паўстанцкая эміграцыя, якая ішла пераважна з Францыі, засылала на Беларусь сваіх эмісараў. Уражэнец Слонім-шчыны Міхал Валовіч (1806–1833 гг.) у сакавіку 1833 г. тайна вярнуўся на радзіму, арганізаваў з сялян уласнай вёскі невялікі атрад і ажыццяўляў партызанскія дзеянні ў сваёй акрузе, але ў маі 1833 г. “экспедыцыя Валовіча” была ліквідавана ўладамі. Студэнт медыка-хірургічнай акадэміі Франц Савіч (1815–1845 гг.) заснаваў у 1836 г. у Вільні “Дэмакратычнае таварыства”, якое прапагандавала ідэі дружбы народаў у барацьбе супраць царызму. У 1839 г. удзельнікі гэтага таварыства былі арыштаваны. У 1846–1849 гг. у Вільні, Мінску, Гродне, Лідзе і іншых гарадах існавала тайная арганізацыя “Саюз свабодных братоў”, якая налічвала каля 200 членаў і знаходзілася пад уплывам рэвалюцыі 1848–1849 гг. у Заходняй Еўропе.

Такім чынам, беларуская нацыянальная дзяржаўная ідэя ў грамадскім руху ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. яшчэ не аформілася, але ствараліся неабходныя перадумовы для фарміравання такой ідэі і выдзялення яе як самастойнай у недалёкай будучыні.

Асноўныя тэрміны і паняцці

“Таварыства філаматаў” – ад грэчаскага слова “філамат” – той, хто імкнецца да ведаў, тайная арганізацыя студэнтаў і навучэнцаў, якая ставіла перад сабой культурна-асветніцкія мэты.

“Таварыства філарэтаў” – ад грэчаскага слова “філарэт” – той, хто любіць дабрачыннасць, вучнёўска-студэнцкая тайная арганізацыя, якая ставіла перад сабою пераважна палітычныя, нацыянальна-вызваленчыя мэты.

Дзекабрысты – рускія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ўзнялі паўстанне ў снежні 1825 г. супраць самадзяржаўя і прыгоннага права, першае ўзброенае выступленне рэвалюцыянераў у Расіі.

Храналогія падзей

1817 г. – стварэнне “Таварыства філаматаў”.

1820 г. – стварэнне “Таварыства філарэтаў”.

14 снежня 1825 г. – паўстанне дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу.

1830–1831 гг. – шляхецкае паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі.

1836 г. – заснаванне “Дэмакратычнага таварыства” Ф. Савічам.

Пытанні для самаправеркі

1. Хто такія філаматы і філарэты?

2. Якімі былі асаблівасці грамадска-палітычнага руху на Беларусі ў канцы XVIII – першай трэці ХІХ ст.?

4.Пасля падаўлення паўстання 1830–1831 гг. царскім урадам ажыццяўляўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб не дапусціць новых антырасійскіх выступленняў.

Была адменена аўтаномія Польшчы і Канстытуцыя 1815 г. Указам ад 1 студзеня 1831 г. спынялася дзеянне Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай, а ўказам ад 25 чэрвеня 1840 г. – у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях і ўводзілася расійскае заканадаўства. З 1840 г. у афіцыйных паперах больш не ўжываўся тэрмін “Беларусь”, а справаводства ажыццяўлялася толькі на рускай мове. У 1831–1848 гг. у якасці дарадчага органа пры цары функцыяніраваў асобы Камітэт па справах заходніх губерняў на чале са старшынёй Камітэта міністраў В.П. Качубеем.

У дачыненні да удзельнікаў паўстання праводзіліся рэпрэсіі. Сотні з іх былі высланы, або аддадзены пад суд, у шляхціцаў канфіскоўваліся маёнткі. Былі канфіскаваны маёнткі магнатаў Агінскіх, Плятэраў, Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх. На тэрыторыі Беларусі толькі ў 1837 г. было канфіскавана 115 маёнткаў з 38 544 рэвізскімі душамі.

Сярод мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне магчымых шляхецкіх выступленняў, галоўнае месца займаў разбор шляхты. Так, у выніку “разбора шляхты”, у пачатку 40-х гг. у лік аднадворцаў пераведзены больш за 20 тыс. мужчынскіх душ – былых шляхціцаў. Праводзіўся “разбор шляхты” у адпаведнасці з указам ад 19 кастрычніка 1831 г., паводле якога шляхта, што не магла дакументальна пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне, падзялялася на сельскіх аднадворцаў і гарадскіх грамадзян. Гэтыя групы станавіліся асобным падат-кавым саслоўем: плацілі падымны збор, выконвалі 15-гадовую рэкруцкую павіннасць.

Прымаліся рашучыя захады па русіфікацыі мясцовага чыноўніцтва. Мясцовыя чыноўнікі давалі падпіску пра сваю палітычную добранадзейнасць наступнага зместу: “Я… ні да якой-небудзь масонскай ложы, ні да якога-небудзь тайнага таварыства ні ў самой імперыі, ні па-за яе межамі не належу і абавязваюся і надалей да такіх арганізацый не належаць і ніякіх адносінаў да іх не мець”.

У 1832–1841 гг. царскім урадам праводзіцца секулярызацыя нерухомасці (зямельных уладанняў) каталіцкай і уніяцкай царквы. Усяго ў казну было канфіскавана ўласнасць 230 цэркваў з амаль 50 тысячамі асоб мужчынскага полу. 12 лютага 1839 г. на саборы ў Полацку было прынята рашэнне пра далучэнне уніяцкай царквы да расійскай праваслаўнай. 12 лютага 1855 г. Мікалай І даручыў генерал-губернатарам заходніх губерняў усе пасады земскай, гарадской і дзяржаўнай паліцыі заняць рускімі чыноўнікамі праваслаўнага веравызнання шляхам іх пераводу з унутраных губерняў імперыі.

Праводзілася таксама насаджэнне ваенных пасяленняў. Так, у 1837 г. у Беларусі было 2 акругі такіх пасяленняў, дзе жыло каля 23 тыс. салдат, якія знаходзіліся на харчовым самазабеспячэнні.

Такім чынам, пасля паўстання 1830–1831 гг. у палітыцы царскага ўрада адбыліся істотныя змены, накіраваныя на павялічэнне расійскага ўплыву на Беларусі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Разбор шляхты – татальная праверка дакументаў, што пацвярджалі дваранскае паходжанне і перавод пры іх адсутнасці часткі шляхты ў падаткавае саслоўе сялян-аднадворцаў або грамадзян – у гарадах.

Храналогія падзей

1 студзеня 1831 г. – спыненне дзеяння ІІІ Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях.

12 лютага 1839 г. – далучэнне уніяцкай царквы да рускай пра-васлаўнай.

25 чэрвеня 1840 г. – спыненне дзеяння Статута ВКЛ 1588 г. у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях.

1831–1848 гг. – дзейнасць Камітэта па справах заходніх губерняў.

Пытанні для самаправеркі

1. Для чаго быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў?

2. Ці дасягнула дзейнасць Камітэта па справах заходніх губерняў пастаўленых мэт?

3. Што такое “разбор шляхты”?

5.У першай палове ХІХ ст. на Беларусі адбываліся агульныя для Расійскай імперыі працэсы, якія вялі да распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Узнікалі адносіны новага, капіталістычнага тыпу. Пра гэта сведчылі поспехі прамысловасці: павялічылася колькасць мануфактур, на многіх з іх пачала выкарыстоўвацца вольнанаёмная праца. Першыя фабрыкі былі пабудаваны ў 20-я гг. ХІХ ст. у мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай губерні. Яны займаліся вырабам сукна. Найбольш распаўсюджанымі былі прад-прыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя. У сярэдзіне ХІХ ст. на шэрагу фабрык пачалі ўжывацца паравыя рухавікі. У канцы 50-х гг. на Беларусі налічвалася 549 значных вотчынных і капіталістычных прадпрыемстваў з 6,5 тыс. рабочых, вольнанаёмныя сярод якіх складалі 43%.

Праводзіліся работы па паляпшэнні шляхоў зносін, што садзейнічала ўключэнню гаспадаркі Беларусі ў агульнарасійскі рынак. Вялікае эканамічнае значэнне мелі каналы, якія злучылі рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскі, Бярэзінскі, Дняпроўска-Бугскі. За перыяд з 1825 па 1861 гг. насельніцтва 42 гарадоў Беларусі павялічылася са 151 тыс. да 320 тыс. чалавек.

Гарадская прамысловасць на Беларусі ў першай палове ХІХ ст. знаходзілася фактычна на стадыі дробнатаварнай рамеснай вытворчасці. Крыніцай асноўнай масы таварнай прадукцыі з’яўлялася памешчыцкая гаспадарка, якая арыентавалася на вывазны гандаль, бо ўнутраны быў абмежаваны.

З Беларусі ў расійскія цэнтры, на Украіну, у Польшчу, Прыбалтыку і краіны Заходняй Еўропы вывозіліся гарэлка і спірт, хлеб, лён, пянька, ільняное семя, алей, сала, лес і лесаматэрыялы, смала, дзёгаць, сукно, парусіна, канаты і інш. Увозілася соль, металы, цукар, тканіна, фарфоравы і фаянсавы посуд, тытунь, рыба, чай, кава, сельскагаспадарчая і прамысловая тэхніка, абсталяванне.

Ва ўнутраным гандлі важную ролю адыгрывалі кірмашы. У канцы 50-х гг. у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях дзейнічала каля 270 кірмашоў. Паступова эпізадычны кірмашовы гандаль пачаў выцясняцца пастаянным, лавачна-магазінным. З 1825 па 1860 гг. колькасць лавак у гарадах Беларусі павялічылася з 1,3 тыс. да 4,7 тыс. У Мінску гадавы абарот лавачнага гандлю ў 1800–1858 гг. вырас больш чым у 8 разоў.

Новыя з’явы ў эканоміцы, выкліканыя фарміраваннем капіталістычных адносін, адзначаліся і ў беларускай вёсцы. Сельская гаспадарка ўсё больш звязвалася з рынкам, павялічвалася плошча ворыўных зямель, пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канапель), значна ўзрасла ўдзельная вага бульбы і цукровых буракоў, узнікла тонкарунная авечкагадоўля. У шэрагу памешчыцкіх гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны.

Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 гг. у Віцебску. Акрамя сельскагаспадарчай працы сяляне ўсё больш займаліся адыходнымі промысламі, наймаліся на розныя работы. Асноўную масу сялян пераводзілі з чыншу на паншчыну. У выніку да пачатку 60-х гг. амаль усе памешчыцкія сяляне Беларусі (97%) знаходзіліся на паншчыне, норма якой у шэрагу маёнткаў павялічылася ў 2 разы.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі панавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. 3,6% буйных памешчыкаў, якія мелі больш за 500 душ прыгонных, валодалі амаль паловай сялян. Самыя вялікія гаспадаркі былі: маёнтак Румянцава (60 тыс. дзесяцін ворнай зямлі і 28 тыс. прыгонных), маёнтак Дуброўна князя Любамірскага (Аршанскі павет) – (22 тыс. дзесяцін ворнай зямлі, 11 тыс. прыгонных). Буйныя гаспадаркі мелі пэўныя эканамічныя перавагі перад сярэднімі і дробнымі. У іх існавалі лепшыя магчымасці для стварэння шматгаліннай вытворчасці і павышэння таварнасці, арганізацыі прамысловай апрацоўкі прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, больш рацыянальнага выкарыстання рабочай сілы ў міжсезонны перыяд і г.д. Але магнаты адносна рэдка выкарыстоўвалі гэтыя эканамічныя перавагі і раздраблялі свае ўладанні на маёнткі з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чалавек. Так, на 500 тыс. дзесяцін князя Вітгенштэйна было больш 100 маёнткаў.

Асновай гаспадаркі селяніна з’яўляўся зямельны надзел, які ён атрымліваў ад землеўладальніка-памешчыка або дзяржавы. Сяляне дзяліліся на 2 асноўныя катэгорыі – памешчыцкіх і дзяржаўных (казённых). На працягу першай паловы ХІХ ст. пераважная большасць сялян належала памешчыкам: у 1845 г. 64,4% сялян ад агульнай колькасці жыхароў былі памешчыцкімі, 19,1% – казённымі.

З паглыбленнем крызісу прыгоннай гаспадаркі хутка расла запазычанасць памешчыцкіх маёнткаў прыватным асобам і казне. Да 1859 г. у 5 беларускіх губернях каля 60% прыгонных сялян былі закладзены іх уладальнікамі. Сведчаннем нарастаючага крызісу прыгонніцкай сістэмы быў сялянскі рух. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 даволі значных сялянскіх выступленняў, то ў другой трэці – больш за 90. Сялянскія выступленні вымусілі царызм праводзіць на Беларусі больш жорсткую сацыяльна-эканамічную палітыку і рабіць захады па вырашэнні аграрнага пытання.

У 1840–1857 гг. праводзілася рэформа сярод дзяржаўных сялян. Мэта – зняць сацыяльную напружанасць у дзяржаўнай вёсцы, павысіць даходнасць і заваяваць сімпатыі сялянства. 28 снежня 1839 г. былі падпісаны законы аб новай сістэме кіравання і люстрацый дзяржаўных маёнткаў у заходніх губернях. У ходзе люстрацый змяншаліся павін-насці сялян і павялічваліся іх зямельныя надзелы. На аснове ўказаў 1844 і 1845 гг. казённыя сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк і было забаронена здаваць іх у арэнду. Прызнавалася “грамадзянская свабода” дзяржаўных сялян. Рэформа П.Д. Кісялёва выклікала супраціўленне памешчыкаў.

З мэтаю аслаблення напружанасці ў памешчыцкай вёсцы ўрад пайшоў на правядзенне інвентарнай рэформы на падставе закона ад 15 красавіка 1844 г. Сутнасць яе зводзілася да рэгулявання памераў надзелаў і павіннасцяў памешчыцкіх сялян і замацавання іх гранічных узроўняў у абавязковых не толькі для сялян, але і для памешчыкаў інвентарах. Рэформа выклікала супраціўленне памешчыкаў і незадава-льненне сялян у тым, дзе павіннасці былі завышаныя.

Такім чынам, у пачатку ХІХ ст. на Беларусі адбываецца зараджэнне капіталістычных адносін, станаўленне якіх стрымлівалі феадальна-прыгонніцкія парадкі. Аграрныя рэформы 40-х – першай паловы 50-х гг. хаця і стваралі лепшыя ўмовы для развіцця таварна-грашовых адносін і разгортвання гаспадарчай ініцыятывы сялянства (казённыя, перш за ўсё), але не закраналі асновы феадальна-прыгонніцкай сістэмы, ліквідацыя якой была жыццёва неабходнай у той час.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Інвентары – вопісы ўладанняў феадалаў.

Люстрацыя – перыядычнае апісанне дзяржаўнай маёмасці.

Кірмаш – перыядычны торг, які наладжваўся ў пэўным месцы і ў пэўны час.

Храналогія падзей

1824–1839 гг. – будаўніцтва Аўгустоўскага канала.

1825–1827 гг. – пачатак фабрычнай вытворчасці на Беларусі.

1839 г. – Палажэнне аб люстрацыі дзяржаўнай маёмасці заход-ніх губерняў і Беластоцкай воласці.

1844 г. – стварэнне губернскіх інвентарных камітэтаў.

1844–1857 гг. – перавод казённых сялян на аброчную сістэму.

1847 г. – масавыя антыпрыгонніцкія выступленні сялян Віцеб-скай губерні.

Пытанні для самаправеркі

1. Якія праявы крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы можна назваць?

2. Што паклала пачатак фабрычнай вытворчасці на Беларусі?

3. Якія працэсы назіраліся ва ўнутраным гандлі ў першай палове ХІХ ст.?

4. Ці выкарыстоўвалася наёмная праца ў прамысловасці і сель-скай гаспадарцы?

6.Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі куль-тура Беларусі развівалася ў новых гістарычных умовах. У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. у ёй адбыліся сур’ёзныя якасныя змены, звязаныя з неабходнасцю пераарыентацыі ў сувязі з зараджэннем буржуазных адносін, складваннем умоў для станаўлення беларускай нацыі.

Найбольш характэрнай рысай новага этапу ў развіцці культуры Беларусі была яе дэмакратызацыя. Яна праявілася ва ўзнікненні новых формаў арганізацыі культурнага жыцця, якія рабілі культурныя каштоўнасці больш даступнымі (перыядычны друк, камерцыйны тэатр, мастацкія выстаўкі, ланкастарскія школы), а таксама ў змене ідэйнага зместу культуры, развіцці рэалізму ў літаратуры і мастацтве, зварот да традыцыйнай культуры. Ідэйны змест культуры істотна ўзбагачаецца і ўскладняецца, што праявілася ў хуткай змене ідэйна-стылявых кірункаў: класіцызма, сентыменталізма, рамантызма, рэалізма. Больш значнай становіцца роля культуры ў жыцці асобнага чала-века, узмацняецца яе ўплыў на развіццё грамадства.

Вызначальнай з’явай гісторыка-культурнага працэсу на Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. стала паступовае фарміраванне сучаснай беларускай нацыянальнай культуры. Насуперак памкненням улады затрымаць беларускую культуру на ўзроўні фальклору, уздымаецца новая хваля беларускага нацыянальнага адраджэння. Свайго найвышэйшага ўзроўню яна дасягнула ў 40–50-я гады. У гэты час закладваюцца тыпалагічныя, характэрныя рысы культуры бела-русаў, пачынаецца яе прафесіяналізацыя, ствараюцца нацыянальны тэатр, літаратура, іншыя галіны культуры.

Адной з найбольш важных галін духоўнага жыцця ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. была асвета. У 1802 г. пачалася школьная рэформа. Згодна з ёй утваралася некалькі тыпаў навучальных устаноў. Асвета таго часу падпарадкоўвалася саслоўнаму прынцыпу: вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы прызначаліся для дзяцей шляхты і чыноўнікаў. У 1803 г. Галоўная літоўская школа была перай-менавана ў Віленскі універсітэт. Універсітэт меў сваю бібліятэку, батанічны сад, анатамічны музей, лабараторыі. Сярэднюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы і гімназіі. Сетка вучылішчаў існавала пры каталіцкіх і базыльянскіх манастырах, якія давалі сярэднюю адукацыю. Сярод іх вылучалася Полацкая езуіцкая акадэмія, якая па ўзроўні адукацыі набліжалася да вышэйшай навучальнай установы. У 1832 г. навучальныя ўстановы пры каталіцкіх кляштарах і манастырах былі пераўтвораны ў свецкія.

У 1821 г. на тэрыторыі Беларусі пачалося распаўсюджванне ланкас-тарскіх школ. Першай школай такога тыпу была школа для сялян, адкрытая І. Храптовічам у Шчорсах. У канцы 1830-х гг. у краі дзейнічалі 13 школ агульнага навучання. У 1840-я гг. пачалі адкрывацца для дзяржаўных сялян.

Асобныя навучальныя ўстановы рэлігійнага характару існавалі для яўрэяў: талмуд-торы, хадарымы. Дзеці ў гэтых школах займаліся вывучэннем свяшчэнных кніг іудаізму пад кіраўніцтвам равінаў і меламедаў. Жанчыны атрымоўвалі адукацыю ў прыватных вучылішчах і пансіянатах, а таксама праз хатніх настаўнікаў.

У першай чвэрці ХІХ ст. сістэма асветы на Беларусі была значна спаланізавана. Польская мова з’яўлялася асноўнай мовай выкладання. Дзеці вывучалі польскую гісторыю і літаратуру.

Пасля паўстання 1830–1831 гг. царскі ўрад рэарганізаваў сістэму адукацыі. 1 мая 1832 г. Мікалай І падпісаў указ пра закрыццё Віленскага універсітэта. Выкладанне ва ўсіх тыпах навучальных устаноў пераводзілася на рускую мову. На ўсходзе Беларусі польская мова выключалася з праграмы выкладання.

Навуковае жыццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было звязана з дзейнасцю выкладчыкаў Віленскага універсітэта, Горы-Горацкага земляробчага інстытута, створанага ў 1848 г. на базе земляробчай школы, а таксама з даследаваннямі энтузіястаў-аматараў.

Першая палова ХІХ ст. – час зараджэння навуковага беларусазнаўства. Першымі загаварылі пра самабытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе вывучэння польскі вучоны-лінгвіст С. Ліндэ і гісторык Т. Чацкі. Першая спроба навуковага даследавання мовы беларусаў – праца рускага вучонага К.Ф. Калайдовіча “Пра беларускую гаворку” (1822 г.).

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі ўраджэнцы Беларусі: І. Грыгаровіч – аўтар археаграфічнага выдання “Беларускі архіў” (1824 г.), І. Даніловіч – аўтар дзевяцітомнай “Гісторыі літоў-скага народа” (1836–1841 гг.), Т. Нарбут – аўтар “Помнікаў гісторыі Літвы” (1846 г.), М. Без-Карніловіч, які ў 1855 г. выдаў “Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах Беларусі”, лінгвісты І. Насовіч і С. Мікуцкі. У сярэдзіне ХІХ ст. на старонках расійскага перыядычнага друку папулярызацыяй навуковых ведаў пра Беларусь займаўся пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі – аўтар твораў "Падарожжа па Палессі і беларускаму краю“ (1853–1855 гг.) і “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. Значную ролю ў развіцці гістарычнай навукі, краязнаўства і этнаграфіі адыгралі браты Я. і К. Тышкевічы, А. Кіркор, Р. Падбярэзскі. У працах пачынальнікаў беларусазнаўства, у публікацыях беларускіх фалькларыстаў, этнографаў выявілася абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і пачынаўся працэс складвання беларускай нацыі.

Адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было станаўленне новай беларускай літаратуры, якая фарміравалася, абапіраючыся на народную творчасць і жывую народную мову. У ёй адлюстравалася духоўнае жыццё народа. Ананімныя вершаваныя гутаркі “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Сход”, вершы П. Багрыма, Ф. Савіча, У. Сыракомлі, В. Каратынскага выявілі апазіцыйныя і антыпрыгонніцкія настроі, любоў да радзімы.

Ян Чачот у 1837–1846 гг. выдаў 6 фальклорных зборнікаў “Вясковыя песні”, у якіх побач з народнымі песнямі ён змясціў і свае – на польскай і беларускай мовах. А. Рыпінскі быў аўтарам фалькларыс-тычнага даследавання “Беларусь” (Парыж, 1840 г.) і беларускіх вершаў. Я. Баршчэўскі пісаў беларускія вершы і на падставе народных легенд стварыў чатырохтомны польскамоўны зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. У вырашэнне праблемы нацыянальнай самабытнасці значны ўклад унеслі паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”.

У 40-я гады да беларускага прыгожага пісьменства звяртаецца выдатны пісьменнік і драматург В. Дунін-Марцінкевіч. Першымі вядо-мымі нам творамі пісьменніка сталі п’есы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, “Спаборніцтва музыкантаў”, “Чарадзейная вада”. У 1846 г. убачыла свет выдатная музычная п’еса пісьменніка “Сялянка” (“Ідылія”), дзе ўпершыню загучала жывая беларуская гаворка.

У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. на якасна новую прыс-тупку ўзняліся тэатр і музыка. Сталыя тэатральныя калектывы дзейні-чалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродне (трупа С. Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). Тэатральнае мастацтва таго часу звязана з імёнамі акцёраў К. Скібінскага, С. Дзешнера, З. Анчыца. Рэпертуар тэатральных калектываў быў даволі шырокім: творы Шэкспіра, Шылера, Мальера, Багуслаўскага, Гогаля, Пушкіна, Астроўскага. Апрача прафесійнага і аматарскага тэатраў існаваў народны тэатр – батлейка. Музыка была адной з найважнейшых галін мастацтва. Яна гучала ў салонах мясцовай шляхты, выкладалася ў навучальных установах; часта адбываліся сольныя канцэрты прафесійных музыкантаў.

У маёнтках буйных магнатаў існавалі прыгонныя аркестры і капэлы. Сусветную славу маюць творы М.К. Агінскага. Ураджэнец Мінска С. Манюшка стварыў выдатныя оперы на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча.

Дасягненні ў выяўленчым мастацтве звязаны з Віленскай школай жывапісу. Першым прафесарам жывапісу Беларусі і Літвы быў Ф. Смуглевіч. Выхаванцамі гэтай школы былі партрэтыст і майстар гістарычных кампазіцый Я. Дамель, мастак-партрэтыст В. Ваньковіч, графік і мастак В. Дмахоўскі, выдатныя мастакі М. Кулеша і Н. Орда. Пачынальнікам мастацтва нацюрморта на Беларусі быў І. Хруцкі.

Такім чынам, культура Беларусі першай паловы ХІХ ст. з’яўлялася важнай часткай гістарычнага працэсу. Яна была цесна звязана з культурамі суседніх народаў. Але працэс развіцця культуры Беларусі скажаўся і стрымліваўся палітыкай царскіх улад. Працэс развіцця культуры на беларускіх землях сведчыў аб пачатку працэсу нацыянальнага адраджэння.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Рамантызм – ідэйна-мастацкі накірунак у духоўным жыцці, літаратуры і мастацтве Еўропы і Амерыкі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ стст. На Беларусі ідэі рамантызму з’явіліся ў першай палове ХІХ ст. Для рамантызму ўласціва арыентацыя на голас пачуццяў. Рамантызм праявіўся ў творах А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага.

Сентыменталізм – плынь у літаратуры і мастацтве XVIII – пачатку ХІХ ст. у Заходняй Еўропе і Расіі, якому ўласцівы культ пачуцця, увядзенне лепшых маральных і духоўных каштоўнасцей у ранг жыццёвага правіла. Элементы сентыменталізму ўпершыню выявіліся ў вершах Я. Чачота.

Храналогія падзей

1803 г. – стварэнне Віленскай навучальнай акругі.

1832 г. – закрыццё Віленскага універсітэта.

1836 г. – Указ аб увядзенні выкладання на рускай мове ва ўсіх навучальных установах Беларусі.

1840 г. – адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы.

1848 г. – пераўтварэнне Горы-Горацкай земляробчай школы ў інстытут.

Пытанні для самаправеркі

1. На якой мове вялося выкладанне ў навучальных установах на Беларусі ў першай палове ХІХ ст.?

2. Што такое беларусазнаўства і з чым было звязана яго ўзнік-ненне?

3. Які характар мела адукацыя ў першай палове ХІХ ст.?

4. Як развіваліся тэатральнае мастацтва і музыка?

ТЭМА. БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД СТАНАЎЛЕННЯ БУРЖУАЗНАГА ГРАМАДСТВА (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIX ст. – ЛЮТЫ 1917 г.). БАРАЦЬБА ЗА ДЭМАКРАТЫЮ І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДРАДЖЭННЕ

  1. Станаўленне буржуазнага грамадства ў Беларусі. Маніфест і “Палажэнні” 19 лютага 1861 г. Асаблівасці зямельнай рэформы ў Беларусі

2. Буржуазныя рэформы 60-80-х гадоў XIX ст. і асаблівасці іх правядзення на Беларусі

3. Развіццё капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

4. Паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі. К. Каліноўскі – кіраўнік рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні

5. Сялянскі і рабочы рух Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Народніцкія гурткі. Пачатак прапаганды марксізму

6. Фарміраванне беларускай нацыі

7. Культура Беларусі ў 60–90 гг. ХІХ ст.

8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа

9. Рэвалюцыя 1905–1907 гг. у Беларусі

10. Першая сусветная вайна (1914–1918 гг.). Падзеі ў Беларусі падчас вайны 1914 – да лютага 1917 гг.

11. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1917 г. Беларусь пасля падзення самадзяржаўя (сакавік – кастрычнік 1917 г.)

12. Беларускі нацыянальны рух пасля падзення самаўладдзя

13. Культура Беларусі ў пачатку ХХ ст.

1.У пачатку другой паловы XIX ст. Расійская імперыя, у складзе якой знаходзілася і Беларусь, была амаль адзінай дзяржавай, дзе панавала феадальная гаспадарка. Гэта абумовіла яе адсталасць у параўнанні з краінамі Захаду. Аб чым яскрава сведчыла Крымская вайна (1853–1856 гг.), у якой Расія не змагла супрацьстаяць высокаразвітым капіталістычным краінам – Англіі і Францыі і іх саюзнікам.

Відавочнасць неэфектыўнасці прыгонніцкай сістэмы гаспадарання ў параўнанні з рыначнай, капіталістычнай, хвалявала ўрадавыя колы Расіі на працягу ўсёй першай паловы XIX ст. У канцы 50-х гадоў пад уздзеяннем феадальнага руху, яны зразумелі, што лепш адмяніць прыгоннае права “зверху”, чым яно будзе адменена “знізу”.

Імператар Аляксандр II (1818–1881 гг.) забяспечыў эвалюцыйны пераход да капіталістычнай гаспадаркі, стаўшы вялікім рэфарматарам Расіі. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт “для абмеркавання мер па ўладкаванні быту памешчыцкіх сялян”. Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў. Значную ролю ў яе правядзенні адыграў генерел-губернатар Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў У.І. Назімаў.

19 лютага 1861 г. Аляксандр II зацвердзіў 17 заканадаўчых актаў, што тычыліся адмены прыгоннага права, і звярнуўся да народа з Маніфестам. На Беларусі рэформа праводзілася на падставе “Агульнага палажэння” і двух “мясцовых палажэнняў”. На Магілёўскую і восем паветаў Віцебскай губерні, дзе панавала абшчыннае землекарыстанне, пашыралася “Мясцовае палажэнне для вялікарускіх, наварасійскіх і беларускіх губерняў”. У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губернях і чатырох паветах Віцебскай губерні, дзе існавала падворнае землекарыстанне, землеўпарадкаванне сялян праводзілася па асобым “Мясцовым палажэнні”.

Для непасрэднага правядзення рэформы на месцах ствараліся спецыяльныя павятовыя міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы. Сяляне выбіралі старастаў, валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю, якія адыгрывалі ролю мясцовага самакіравання на аснове кругавой парукі.

У адпаведнасці з маніфестам сяляне адразу атрымлівалі асабістую свабоду і шэраг грамадзянскіх правоў – заключаць грамадзянскія і маёмасныя пагадненні, адкрываць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, пераходзіць у іншыя саслоўі і др.

Сяляне, якія на момант рэформы апрацоўвалі памешчыцкую зямлю, надзяляліся ёю. У Магілёўскай і Віцебскай губернях устанаўліваліся вышэйшыя (ад 4 да 5,5 дзесяцін) і ніжэйшыя (ад 1 да 2 дзесяцін) нормы падзельнай зямлі на адну рэвізскую (мужчынскую) душу. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях сялянам даваўся ў якасці надзельнай зямлі іх дарэформены надзел. Пры гэтым прадугледжваліся адрэзкі зямлі на карысць памешчыка.

Свой надзел зямлі сяляне павінны былі выкупіць ва ўласнасць. Выкупная сума вызначалася праз шасціпрацэнтную капіталізацыю гадавога аброку. 20–25% гэтай сумы сяляне павінны былі заплаціць непасрэдна памешчыку. Астатнюю частку (80–75%) памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Сяляне ж на працягу 49 гадоў разлічваліся з дзяржавай за 80–75% кошту надзельнай зямлі ў выглядзе выкупных плацяжоў, у якія ўключаліся яшчэ 6% гадавых за крэдыт.

Рэформа была разлічана на тры перыяды:

першы (2 гады) – складанне і падпісанне ўстаўных грамат, у якіх пералічваліся ўсе сялянскія надзельныя землі і іх кошт;

другі (9 гадоў) – выплата памешчыкам 20–25% кошту надзельнай зямлі. У гэты перыяд сяляне лічыліся часова абавязанымі і за карыстанне зямлёй павінны былі выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў;

трэці (49 гадоў) – разлік з дзяржавай за 80–75% кошту надзельнай зямлі.

Паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі, адным з кіраўніком якога быў К. Каліноўскі, прымусіла царскі ўрад унесці істотныя змены ў правядзенне рэформы на Беларусі. Каб сялян прывабіць на бок урада, тут быў скасаваны часоваабавязаны перыяд, і ўказам ад 1 сакавіка 1863 г. уводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў і сяляне станавіліся ўласнікамі зямлі. Выкупныя плацяжы спачатку зніжаліся на 20%, а пасля яшчэ на 64–75%, у Магілёўскай губерні – на 23,8%. На Беларусі надзяляліся зямлёю і сяляне, абеззямеленыя ў перыяд з 1846 г. да пачатку рэформы. Дзяржаўныя сяляне з 1867 г. пераводзіліся з аброку на выкуп і станавіліся ўласнікамі сваіх надзелаў.

Такім чынам, рэформа 1861 г. дала сялянам асабістую свабоду, надзяліла іх зямлёю за выкуп, стварыла ўмовы для выплаты кошту за зямлю. Зробленыя ўрадам уступкі палепшылі ўмовы жыцця сялян Беларусі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Увогуле, рэформа забяспечыла пераход Расіі ад феадальнай да рынкавай, капіталістычнай гаспадаркі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Устаўныя граматы – дзяржаўныя акты, якія вызначалі адносіны часоваабавязаных сялян з памешчыкамі пасля сялянскай рэформы 1861 г.

Часоваабавязаныя сяляне – былыя памешчыцкія сяляне, якія паводле рэформы 1861 г. вызвалены ад прыгону, але засталіся абавязанымі ў адносінах да памешчыкаў, пакуль не заплацяць 20–25% кошту надельнай зямлі.

Выкуп – крэдытная аперацыя царскага ўрада, паводле якой сяляне павінны былі вярнуць пазыку дзяржаве ў памеры 75–80% кошту надзельнай зямлі на працягу 49 гадоў. Спагнанне выкупных плацяжоў спынена 1 студзеня 1907 г.

Адрэзкі – землі, адрэзаныя памешчыкамі ад сялянскіх надзелаў у час рэформы 1861г.

Абшчына з кругавой парукай – адна з форм сельскага гаспадарання ў Расіі, якая выкарыстоўвалася для ўзмацнення прыгону і збору падаткаў, калі ўсе абшчыннікі разлічваліся за бедных і нямоглых.

Адработкі – кабальная форма найму сялян да памешчыка. Аплата працы пры адработках значна ніжэйшая, чым пры вольным найму. Практыкавалася пасля рэформы 1861 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях.

Храналогія падзей

1855–1881 г.г. – гады праўлення Аляксандра II.

1853–1856 гг. – Крымская вайна – вайна Расіі з кааліцыяй Вялікабрытаніі, Францыі, Сардзініі і Асманскай імперыі.

1857 г. – Сакрэтны камітэт для падрыхтоўкі адмены прыгоннага ладу.

1858 г. – Сакрэтны камітэт ператвораны ў Галоўны камітэт па сялянскай справе.

1857 г. – рэскрыпт Аляксандра II генерал-губернатару У.І. На-зімаву аб заснаванні камісіі ў Вільні для падрыхтоўкі мясцовых праектаў паляпшэння быту памешчыцкіх сялян.

19 лютага 1861 г. – Аляксандр II зацвердзіў 17 заканадаўчых актаў аб адмене прыгоннага права і звярнуўся да народа з маніфестам.

1863 г. – указы аб абавязковым выкупе сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, зніжэнне выкупных плацяжоў на 20%, далейшае зніжэнне плацяжоў на 64–75,4%.

1867 г. – закон аб пераводзе з аброка на выкуп дзяржаўных сялян, якія станавіліся ўласнікамі сваіх надзелаў.

Пытанні для самаправеркі

1. На падставе якіх дакументаў праводзілася рэформа 1861 г. у беларускіх губернях і ў чым асаблівасці яе здзяйснення?

2. Якую ролю адыграла дзяржава ў правядзенні рэформы 1861 г.?

3. Як змянілася становішча памешчыкаў і сялян у выніку рэформы 1861 г.?

4. Вызначце значэнне аграрнай рэформы 1861 г. у гісторыі Беларусі.

2.Аграрная рэформа 1861 г., зліквідаваўшы прыгоннае права, адкрыла шлях для развіцця капіталізму ў Расійскай імперыі. Разам з тым, каб рухацца наперад да буржуазнага грамадства патрэбны былі іншыя рэформы дзяржаўна-палітычнага ладу. Імператар Аляксандр II у 60–70-я гады XIX ст. прыняў шэраг заканадаўчых актаў аб правядзенні такіх рэформ, як земская, судовая, гарадская, ваенная, у галіне народнай адукацыі і друку.

Земствы – органы мясцовага самакіравання. Яны былі створаны ў Расійскай імперыі паводле земскай рэформы 1864 г. У губернях і паветах ствараліся земскія сходы і земскія ўправы. У аснову выбарчай сістэмы пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы. Выбарчая палітыка забяспечвала перавагу ў земствах памешчыкам і чыноўнікам. Земствы займаліся толькі мясцовымі гаспадарчымі справамі. Іх дзейнасць кантралявалася губернатарамі. Рэформа не пашыралася на Беларусь, бо царскі ўрад баяўся, што мясцовае самакіраванне трапіць у рукі польскіх памешчыкаў, якія лічыліся нядобранадзейнымі. На Беларусі земствы ўводзіліся толькі ў 1911 г. Яны садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры, адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, займаліся статыстыкай і інш.

Судовая рэформа 1864 г. праводзілася з мэтай пераўтварэння феадальна-саслоўнай судовай сістэмы ў больш прагрэсіўную, адпаведную ўмовам развіцця капіталістычнага грамадства. Рэформаю прадугледжвалася аддзяленне суда ад адміністрацыі, роўнасць усіх перад законам, публічнасць і спаборнасць судовага працэсу, нязменнасць суддзяў і следчых, увядзенне суда прысяжных павераных (адвакатаў). Уводзіліся мясцовыя і агульныя суды. Сістэма мясцовых судоў складалася з міравых судоў і павятовых з’ездаў міравых суддзяў, агульных з акруговых судоў (пераважна адзін на губерню) і Сената. Мясцовыя суды разглядалі дробныя злачынствы і мелі спрошчанае справаводства. Суды былі бессаслоўнымі. Справы аб цяжкіх злачынствах разглядалі акруговыя суды з удзелам прысяжных засядацеляў.

На Беларусі ў сувязі з палітычнай рэпрэсіяй пасля паўстання 1863–1864 гг. міравыя суды ўведзены толькі ў 1872 г.

Рэформа гарадскога кіравання ў Расійскай імперыі ажыццяўлялася паводле Гарадскога палажэння ад 16 чэрвеня 1870 г. На Беларусі яна пачала дзейнічаць у 1875 г. Рэформай уводзіўся новы бессаслоўны орган гарадскога самакіравання – гарадская дума. Пры выбарах членаў (галосных) думы, права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту, якія валодалі пэўным маёмасным цэнзам і не мелі запазычанасці па гарадскіх зборах. Выканаўчым органам гарадской думы была гарадская ўправа (2–3 чалавекі). Узначальваў управу гарадскі галава. Гарадскія ўправы займаліся пытаннямі гападаркі і добраўпарадкаваннем гарадоў, мясцовага гандлю, прамысловасці, кіравалі гарадской медыцынай і народнай адукацыяй.

Ваенная рэформа 60–70-х гадоў XIX ст. была выклікана неабходнасцю рэарганізацыі ваеннай справы ў Расіі, недахопы якой выявіліся ў Крымскай вайне 1853–1856 гг. Адпаведна рэформе было створана 15 ваенных акруг, у тым ліку Віленская, у якую ўвайшлі беларускія губерні. Адкрыты новыя ваенныя навучальныя ўстановы. У 1874 г. замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць для мужчынскага насельніцтва 21-гадовага ўзросту. Тэрмін абавязковай вайсковай службы скарачаўся з 20–25 гадоў да 6 у сухапутных войсках і да 7 на флоце. Пачалося пераўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. Уведзены новыя вайсковыя статуты.

Школьная рэформа праводзілася паводле “Палажэння аб пачатковых вучылішчах” і “Статута гімназій і прагімназій” 1864 г., якія зыходзілі з прынцыпу ўсесаслоўнай адукацыі. Кантынгент навучэнцаў у сярэдняй і вышэйшай школе рэгуляваўся высокай платай за навучанне. Пашыралася сетка пачатковых школ. Сярэднюю адукацыю давалі класічныя і рэальныя гімназіі (пазней рэальныя вучылішчы). У класічных гімназіях вывучалі замежныя мовы і дысцыпліны гуманітарнага профілю, у рэальных – прадметы прыродазнаўчага цык-лу. Выпускнікам класічных гімназій давалася права паступлення без уступных экзаменаў ва універсітэты, а рэальных гімназій – у тэхнічныя інстытуты. У пачатку 70-х гадоў былі прыняты меры з мэтай абмежавання доступа да вышэйшай адукацыі асобам недваранскага паходжання. Аднак у цэлым школьная рэформа садзейнічала развіццю народнай адукацыі і культуры.

У выніку цэнзурнай рэформы 1865 г. была адменена папярэдняя цэнзура для арыгінальных твораў памерам не менш, як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20 друкаваных аркушаў. Выданні меншых памераў, органы перыядычнага друку ў правінцыі, у тым ліку на Беларусі, павінны былі праходзіць праз папярэднюю цэнзуру. Сталічныя газеты і часопісы пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў вызваляліся ад папярэдняй цэнзуры. У выніку рэформы некалькі пашырыліся магчамасці друку.

Такім чынам, рэформы земская, гарадская, судовая, ваенная, у галіне народнай адукацыі і друку садзейнічалі ўкараненню і развіццю новых, буржуазных парадкаў у Расійскай імперыі, у тым ліку і на Беларусі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Земствы – органы мясцовага самакіравання ў Расійскай імперыі, створаныя паводле Земскай рэформы 1864 г.

Рэкруцкая павіннасць – сістэма камплектавання рускай рэгулярнай арміі ў XVIII-XIX ст. З 1705 г. рэкрутаў выстаўляла абшчына на пажыццёвы тэрмін, з 1793 г. – на 25 гадоў, з 1834 г. – на 20 гадоў.

Храналогія буржуазных рэформ у Расійскай імперыі і на тэрыторыі Беларусі

№п/п

Буржуазныя рэформыў Расійскай імперыі

Час прыняццяў Расіі

Час прыняццяў Беларусі

1.

Земская рэформа

1 студзеня 1864 г.

1911 г.

2.

Судовая рэформа

20 лістапада 1864 г.

1872, 1882 гг.

3.

Гарадская рэформа

1870 г.

1875 г.

4.

Рэфармаванне армііў Расіі

1862–1867;1874 гг.

5.

Школьная рэформа

1864 г.

1864 г.

6.

Цэнзурная рэформа

1865 г.

1865 г.

7.

Палажэнне аб царкоўна-прыходскіх школах, універсітэцкі статут

1884 г.

1884 г.

8.

Цыркуляр “аб кухарчы-ных дзецях”

1887 г.

1887 г.

9.

Новае гарадское палажэнне, якое павышала маёмасны цэнз

1892 г.

1892 г.

10.

Забарона набываць маён-ткі палякам інакш як па спадчыне

1865 г.

1865 г.

11.

Адкрыццё Сялянскага па-зямельнага банка

1882 г.

1882 г.

Пытанні для самаправеркі

1. У чым сутнасць і навізна рэформаў – земскай, гарадской, су-довай, ваеннай, у галіне народнай адукацыі і друку?

2. Растлумачце, чаму вышэйпералічаныя рэформы праводзіліся на Беларусі значна пазней, чым у цэлым у Расійскай імперыі.

3. Як указаныя рэформы садзейнічалі фарміраванню буржуаз-нага грамадства на Беларусі?

3.Аграрная рэформа 1861 г. з’явілася сур’ёзным падмуркам для развіцця прамысловасці Беларусі. Яе характэрнымі рысамі былі хуткі рост фабрычнай індустрыі, пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярная), гліны (ганчарная), скуры (кушнерска-шавецкая), шэрсці і льну (ткацкая). Ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. У канцы ХІХ ст. фабрычна-завадская прамысловасць (1137 прадпрыемстваў) давала 46,8% валавога прадукту. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 разы меншы, чым увогуле па Расіі.

Галоўнымі галінамі прамысловасці Беларусі былі вінакурэнне (23,5% усёй прамысловай прадукцыі ў 1900 г.), лесапільная, запалкавая, папярова-картонная, мукамольная-крупяная і інш.

У 80–90-я гады ХІХ ст. на Беларусі ўведзена ў дзеянне фабрычна-завадскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія 20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 раза). Гэтаму спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог у 1,8 раза больш, чым у еўрапейскай частцы Расійскай імперыі. Значную ролю адыгрываў рачны транспарт. Працягваўся рост гарадоў. Пашыраўся ўнутраны і знешні гандаль.

Рэформа 1861 г. абумовіла “прускі шлях” развіцця аграрнага капіталізму ў Расійскай імперыі ў цэлым і на Беларусі ў прыватнасці. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. У 1877 г. памешчыкам належыла 50,3% зямлі, сялянам – 33,4%, казне, царкве, розным установам – 11,2%. Так, князь Вітгенштэйн меў амаль 1 млн. дзесяцін, князь Радзівіл – 15 тыс. дзесяцін.

Пераход да капіталістычнага гаспадарання на Беларусі адбываўся паступова. Аднак па ўзроўню развіцця аграрнага капіталізму яна ішла наперадзе многіх рэгіёнаў Расіі, асабліва Віленская, Гродзенская і Мінская губерні. Аб гэтым яскрава сведчыць пераход пад уздзеяннем сусветнага аграрнага крызісу спецыялізацыі беларускай сельскай гаспадаркі ў 80–90-я гг. ХІХ ст. ад вырошчвання збожжа да мяса-малочнай жывелагадоўлі.

Сувязь з рынкам спрыяла пашырэнню вытворчасці тэхнічных культур, асабліва бульбы, льну, прамысловага садоўніцтва і агародніцтва. Капіталізацыя памешчыцкай гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць выкарыстання машын. У сярэдзіне 90-х гг. па распаўсюджванні розных сельскагаспадарчых прылад Беларусь знаходзілася на другім месцы ў Расійскай імперыі пасля Наварасійскага раёна. Сялянскія гаспадаркі таксама пераходзілі на капіталістычныя метады гаспадарання.

Аднак да пачатку ХХ ст. гаспадарка Беларусі ўсё яшчэ заставалася напалову феадальнай – напалову капіталістычнай.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Фабрычна-завадская прамысловасць – прамысловасць, заснаваная забеспячэнні вытворчасці тавараў машыннай тэхнікай фабрык і заводаў.

Храналогія падзей

1862 г. – пабудавана Пецярбургска-Варшаўская чыгунка, якая ўпершыню была пракладзена па тэрыторыі Беларусі, прайшла праз Гродна.

1861 г. – указ “Аб часовых мерах для найму сельскіх рабочых і служачых”.

1880–1890 гг. – сусветны аграрны крызіс – зніжэнне цэн на збожжа больш чым у 2 разы.

1886 г. – “Палажэнне аб найме на сельскія работы”.

1871 г. – пачала дзейнічаць Маскоўска-Брэсцкая магістраль.

1882 г. – створаны Сялянскі пазямельны банк, закон “Аб малалетніх працоўных на заводах, фабрыках і мануфактурах”.

1897 г. – закон “Аб працягласці і размеркаванні рабочага часу ва ўстановах фабрычна-завадской прамысловасці”.

Пытанні для самаправеркі

1. Якія характэрныя асаблівасці беларускай прамысловасці парэ-форменнага перыяду?

2.Што стрымлівала развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы?

4.Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) з’явіліся перша-прычынай уздыму нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі ў XIX ст., у цэнтры якога было польскае пытанне – адзіная незалежная Польшча ў межах 1772 г. Расійскі імператар – рэфарматар Аляксандр II зрабіў некаторыя ўступкі палякам. Было адменена ваеннае становішча, частка сасланых паўстанцаў (1830–1831 гг.) вернута з Сібіры, у Варшаве заснавана земляробчае таварыства для вывучэння сялянскага пытання.

Аднак гэтыя меры нават узмацнілі антырускія настроі сярод польскага грамадства ў канцы 50-х гадоў XIX ст. Узрастанне нацыянальных настрояў спалучалася з вырашэннем аграрнага пытання на карысць сялян. Пры гэтым патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне (“чырвоныя”), і лібералаў – прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы (“белыя”). Прычым “чырвоныя” у сваю чаргу падзяляліся на правых – памяркоўных, і левых – прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Правыя рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але адзіную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалі надзяленне сялян зямлёй пры абавязковай грашовай кампенсацыі. Левыя выступалі за сялянскую рэвалюцыю, поспех якой яны бачылі ў саюзе і адзінстве з рускімі рэвалюцыянерамі, за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання. Яны прызнавалі права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, украінцаў і літоўцаў. Такія палітычныя плыні існавалі як у Польшчы, так і на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

Штуршком для падрыхтоўкі паўстання стаў расстрэл патрыятычнай дэманстрацыі ў Варшаве 8 кастрычніка 1861 г. Увосень 1861 г. у Варшаве быў арганізаваны паўстанцкі Гарадскі камітэт, перайменаваны ў 1862 г. у Цэнтральны Нацыянальны камітэт (ЦНК). Рэвалюцыйныя сілы сталіцы ўзначаліў прадстаўнік “чырвоных” Я. Дамброўскі. На Беларусі і ў Літве ўлетку 1862 г. у Вільні створаны Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які падначальваўся ЦНК. У яго склад увайшлі як “чырвоныя”, так і “белыя”.

“Левых” на Беларусі ўзначальваў К. Каліноўскі (1838–1864). Ён паходзіў з сям’і збяднелага шляхціца Гродзенскай губерні, скончыў Пецярбургскі універсітэт. Вярнуўшыся на радзіму, К. Каліноўскі разам з В. Урублеўскім стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю. У 1862–1863 гг. ён разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаў падпольную газету “Мужыцкая праўда” (7 нумароў), якая друкавалася лацінкай на беларускай мове і была разлічана на беларускае насельніцтва.

У адказ на намер расійскага ўрада правесці масавы рэкруцкі набор 22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам (ЧНУ) і заклікаў паўстанцкія атрады да нападу на рускія войскі. ЛПК не быў папярэджаны аб пачатку паўстання, але вырашыў падтрымаць польскіх патрыётаў. Перайменаваны ў Галоўны ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім, ён 1 лютага 1863 г. звярнуўся з маніфестам у падтрымку паўстання ў Польшчы.

Адзінага плана баявых дзеянняў у паўстанцаў не было. Ім не ўдалося авалодаць якімі-небудзь значнымі стратэгічнымі пунктамі. Толькі ў красавіку 1863 г. на кароткі тэрмін быў захоплены павятовы горад Горкі (Магілёўская губ.). Найбольш актыўна паўстанцы дзейнічалі ў Гродзенскай губерні, дзе ваяводскім камісарам быў К. Каліноўскі. Сярод паўстанцаў было няшмат сялян. У Гродзенскай губерні яны складалі 33%, у Віленскай – 27%, Мінскай – 20%, Магілёўскай – 13%, Віцебскай – 7%. На сялян значны ўплыў аказала паслабленне для беларускіх губерняў умоў рэформы 1861 г.

Перашкодай пашырэння паўстання з’явілася далучэнне да паўстанцаў “белых”. Больш таго, яны ўзялі кіраўніцтва паўстання ў свае рукі. У сакавіку 1863 г. па загаду ГНУ ў Варшаве Віленскі часовы ўрад Літвы і Беларусі быў распушчаны і створаны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у які ўвайшлі “белыя” на чале з памешчыкам Я. Гейштарам. К. Каліноўскі заняў пасаду ваяводскага камісара на Гродзеншчыне. Спадзяванне “белых” на падтрымку Англіі і Францыі не спраўдзілася. Ужо ў маі 1863 г. паўстанне ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях было задушана. Прадчуваючы хуткае паражэнне паўстання, “белыя” пачалі пакідаць свае пасты ў кіраўніцтве. Да ўлады зноў прыйшлі “чырвоныя”. У ліпені 1863 г. К. Каліноўскі стаў стар-шынёй Віленскага аддзела. Аднак выратаваць паўстанне бало ўжо немагчыма.

28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеная барацьба ў заходніх губернях Беларусі і ў Літве была падаўлена, а летам 1864 г. ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У студзені 1864 г. К. Каліноўскі па даносу здрадніка арыштаваны. Знаходзячыся ў турме, мужны рэвалюцыянер звярнуўся да народа з “Пісьмамі з-пад шыбеніцы”, у якіх заклікаў працягваць барацьбу.

Галоўную ролю ў падаўленні паўстання разам з рускімі войскамі адыграў віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў. Ваенна-палявы суд прыгаварыў К. Каліноўскага да расстрэлу. Аднак Мураўёў замяніў расстрэл павешаннем. 22 сакавіка 1864 г. К. Каліноўскі быў павешаны ў Вільні за ўдзел у паўстанні. 128 чалавек пакараны смерцю, 853 сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. выселены, у тым ліку 504 – у Сібір.

Такім чынам, паўстанне 1863–1864 гг. пацярпела паражэнне, але яно прымусіла царскі ўрад прыняць цэлы шэраг змяненняў, якія значна палепшылі ўмовы правядзення аграрнай рэформы для сялян Беларусі. К. Каліноўскі стаў адным з самых вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Паўстанне – масавае ўзброенае выступленне супраць пануючага ўрада ў абарону класавых або нацыянальных інтарэсаў.

Рэвалюцыя – карэнны пераварот у жыцці грамадства, які заключаецца ў гвалтоўным звяржэнні старога грамадскага ладу і ўсталяванні новага, прагрэсіўнага грамадскага ладу.

Храналогія падзей

2 лютага 1838 – 22 сакавіка 1864 гг. – Каліноўскі Кастусь (Канстанцін Вікенцій Сяменавіч) – рэвалюцыянер – дэмакрат.

1861 г. – арганізаваны ў Варшаве гарадскі паўстанцкі камітэт руху.

1862 г. – Гарадскі камітэт перайменаваны ў Цэнтральны нацыя-нальны камітэт (ЦНК); створаны ў Вільні Літоўскі правінцыяльны Камітэт (ЛПК).

1862–1863 гг. – “Мужыцкая праўда”.

22 студзеня 1863 г. – ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і заклікаў паўстанцкія атрады да нападзення на рускія войскі.

Студзень – люты 1863 г. – з’яўленне на Беларусі паўстанцкіх атрадаў з Польшчы.

Май 1863 г. – паўстанне задушана ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях; назначэнне М. Мураўёва віленскім генерал-губернатарам.

Ліпень 1863 г. – К. Каліноўскі стаў старшынёй Віленскага аддзела.

28 жніўня 1863 г. – Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні.

Лета 1864 г. – ліквідавана апошняя рэвлюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце.

Студзень 1864 г. – арыштаваны К. Каліноўскі. “Пісьмы з-пад шыбеніцы”.

22 сакавіка 1864 г. – павешанне К. Каліноўскага ў Вільні.

Пытанні для самаправеркі

1. Пералічыце асноўныя прычыны і дзеячыя асобы паўстання 1863–1864 гг.

2. Якія вынікі паўстання 1863–1864 гг. для Беларусі?

3 Вызначце ролю і месца К. Каліноўскага ў паўстанні 1863–1864 гг. і ў гісторыі Беларусі.

5.Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі адбыўся рэзкі спад сялянскіх выступленняў. У 1864–1880 гг. у сярэднім было зафіксавана 8–10 хваляванняў штогод. Яны ў асноўным былі звязаны з пазямельнымі адносінамі паміж памешчыкамі і сялянамі. Сялянскі рух меў стыхійны характар.

Пасля рэформы 1861 г. на Беларусі рэзка паскорыўся працэс фарміравання рабочага класа. Заработная плата рабочых Беларусі была амаль на 1/3 ніжэй у параўнанні з агульнарасійскім паказчыкам. У гарадах было вялікае беспрацоўе. У гэтыя гады асноўнай формай пратэсту рабочых стала эканамічная стачка за паляпшэнне ўмоў жыцця і працы.

Арганізаваны рэвалюцыйны рух на Беларусі пачаў адраджацца ў сярэдзіне 70-х гадоў пад уплывам народніцтва, якое грунтавалася на тэорыі сялянскага сацыялізму. Заснавальнікамі яго былі А. Герцэн і М. Чарнышэўскі. Народнікі выступалі супраць капіталізму і верылі ў тое, што Расія мае магчымасць перайсці адразу да сацыялізму, абапіраючыся на сялянскую абшчыну з кругавой парукай. У народніцтве існавалі дзве плыні: рэвалюцыйная і рэфарматарская. У 70-я – пачатку 80-х гадоў найбольш папулярным было рэвалюцыйнае народніцтва, якое выпрацавала тры праграмы дзеянняў: прапагандысцкую (П. Лаўроў), бунтарскую (М. Бакунін) і змоўніцкую (П. Ткачоў). Сярод вядомых расійскіх народнікаў былі ўраджэнцы Беларусі: М. Судзілоўскі, І. Грынявіцкі (забойца імператара Аляксандра ІІ), К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. У Мінску, Магілёве, Гродне, другіх беларускіх гарадах дзейнічалі народніцкія гурткі. У 1882 г. народнікі Беларусі спрабавалі аб’яднацца ў адзіную арганізацыю “Народнай волі”, якая праіснавала нядоўга.

У першай палове 80-х гадоў у Пецярбургу існавалі гурткі студэнтаў – выхадцаў з Беларусі народавольніцкага і ліберальна-асветніцкага напрамкаў. У 1884 г. члены групы “Гоман” (А. Марчанка, Х. Ратнер і інш.) выступалі з ініцыятывай аб’яднання ўсіх гурткоў Беларусі. Імі было выдадзена 2 нумары часопіса “Гоман”. Ідэалам “гоманцаў” была вольная ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расія, пабудаваная на аснове федэрацыі самастойных абласцей.

У рэвалюцыйным руху Расіі ідэалогія народніцтва паступова саступіла месца марксізму. У другой палове 80-х – пачатку 90-х гадоў у Мінску, Гомелі і другіх гарадах Беларусі былі арганізаваны гурткі, у якіх вывучалі працы К. Маркса і Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў, вялі эканамічную і палітычную агітацыю, распаўсюджвалі рэвалюцыйную літаратуру і інш.

Канец ХІХ – пачатак ХХ ст. – час стварэння і станаўлення палітычных партый. Пры гэтым патрэбна ўлічваць наступныя асаблівасці:

– у Расійскай імперыі, у тым ліку і на Беларусі, палітычныя партыі ўзніклі раней, чым прафсаюзныя арганізацыі;

– працэс класавай дыферэнцыяцыі і фарміравання нацыянальнай свядомасці на Беларусі не скончыўся, што паўплывала на разнастайнасць палітычных партый і рухаў (агульнарасійскіх і нацыянальных), тэрмін іх фарміравання і асаблівасці дзейнасці.

У 80-я гады ХІХ ст. у Расійскай імперыі з’явіліся першыя рэвалюцыйныя арганізацыі, якія дзейнічалі і на тэрыторыі Беларусі. Так, у 1893 г. утварылася сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 г. – сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). З 1897 г. пачаў дзейнічаць Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд).

У 1898 г. у Мінску адбыўся І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). На другім з’езде РСДРП (1903 г.) вызначыліся дзве фракцыі – бальшавікоў, якія выступалі за жорсткую партыйную дысцыпліну і рашучую класавую барацьбу (лідэрам гэтай фракцыі стаў У.І. Ульянаў (Ленін) (1870–1924), і меншавікоў, якія прызнавалі магчымасць супрацоўнічаць з лібераламі і выступалі за структуру партыйных арганізацый без цвёрдых межаў дысцыпіны і адказнасці членаў партыі за свае рэвалюцыйныя дзеянні (лідэрам гэтай фракцыі стаў Ю. Мартаў). Канчатковы раскол у РСДРП адбыўся ў 1912 г.

У 1900–1902 гг. найбольш радыкальныя сацыялісты-рэвалюцыянеры аб’ядналіся ў Партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), лідэрам якой з’яўляўся В. Чарноў. Эсэры выкарыстоўвалі тэрор як асноўны сродак барацьбы. Усе гэтыя агульнарасійскія партыі дзейнічалі ў большасці беларускіх гарадоў і мястэчак.

На мяжы ХІХ–ХХ ст. пачаўся новы перыяд беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, што было звязана з фарміраваннем беларускай навукі, развіццём беларускай літаратуры, ростам нацыя-нальнай самасвядомасці, з’яўленнем новага пакалення беларускай інтэлігенцыі. На аснове нацыянальна-культурных гурткоў беларускай моладзі Мінска, Вільні і Пецярбурга зімой 1902–1903 гг. была ўтворана Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ), якая пазней атрымала назву Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе стварылі Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), К. Кастравіцкі, А. Бурбіс, В. Іваноўскі, Ф. Умястоўскі і інш.

У 1903 г. на І з’ездзе БСГ прыняла праграму. Асноўныя пункты праграмы: знішчэнне капіталістычнага ладу, пераход зямлі і сродкаў вытворчасці ў грамадскую ўласнасць, свабода для ўсіх народаў, незалежная дэмакратычная рэспубліка, дэмакратычныя свабоды для грамадзян, пераход да сацыялістычнай гаспадаркі шляхам кааперацыі, ідэя сацыялізацыі зямлі з ураўняльным землекарыстаннем. Сацыяльнай базай партыі з’яўляліся інтэлігенцыя, беззямельная і малазямельная шляхта, сялянства. БСГ мела цесныя сувязі з Польскай сацыялістычнай партыяй, Сацыялістычнай партыяй Белай Русі (мала звестак), партыяй эсэраў, літоўскай і латышскай сацыял-дэмакратыяй.

Стварэнне ў 1903 г. самастойных сацыял-дэмакратычных арганізацый на Беларусі, узмацненне іх палітычнай агітацыі, садзейнічалі пераходу ад эканамічных да палітычных форм барацьбы. Да пачатку першай расійскай рэвалюцыі 1905–1907 гг. сфарміраваліся тры палітычныя лагеры:

а) кансерватыўны, урадавы – царскі двор, вышэйшая знаць, вышэйшыя слаі чыноўніцтва і армія, дваранства, манархічная буржуазія – усе, хто імкнуліся захаваць самадзяржаўе ў Расіі;

б) ліберальна-буржуазны – асноўная частка буржуазіі, буржуаз-ная інтэлігенцыя, прагрэсіўныя памешчыкі, якія імкнуліся да канстытуцыйнай манархіі, палітычных і эканамічных рэформ мірным шляхам; в) рэвалюцыйна-дэмакратычны – пралетарыят, сялянства, дэма-кратычная інтэлігенцыя, шырокія непралетарскія дэмакратычныя класы горада і вёскі, якія змагаліся за дэмакратычныя пераўтварэнні, за дэмакратычную рэспубліку.

Да рэвалюцыі ні кансерватыўны, ні ліберальны лагер не стварылі сваіх палітычных партый. З сярэдзіны 1905 г. пачалі афармляцца партыі кансерватыўнага, манархічнага накірунку: “Саюз рускага народа”, “Партыя рускага сходу”, “Партыя народнага цэнтра”. Іх праграмы будаваліся на трыядзе афіцыйнай ідэалогіі: самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць. Тактыка спалучала агітацыйна-прапагандысцкую работу з барацьбой з лібераламі і асабліва з рэвалюцыйным рухам, у тым ліку і з дапамогай “Чорнай сотні” (арганізацыя пагромаў і забойстваў). На Беларусі існавалі аддзяленні агульнарасійскіх манархічных партый.

У другой палове 1905 г. пачалі афармляцца партыі ліберальна-буржуазнага напрамку – “Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя” (кадэты); “Саюз 17 кастрычніка” (акцябрысты). Кадэты выступалі за канстытуцыйную манархію, адмену ўсіх саслоўных прывілеяў, увядзенне поўнага раўнапраўя, палітычных свабод, за свабоду веравызнання, права нацый на культурнае самавызначэнне, ліквідацыю паўпрыгонніцкай эксплуатацыі ў сельскай гаспадарцы, за надзяленне сялян зямлёй па так званай спажывецкай норме. Кадэты абяцалі свабоду саюзаў, сходаў, права на стачкі, увядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня. Партыя вяла значную агітацыйна-прапагандысцкую работу па прыцягненні шырокіх мас насельніцтва на свой бок. Акцябрысты па сваёй палітычнай пазіцыі займалі прамежкавае месца паміж кансерватыўным і леберальным лагерамі да лютага 1917 г. На Беларусі дзейнічалі арганізацыі агульнарасійскіх партый ліберальна-буржуазнага накірунку.

Рэвалюцыйна-дэмакратычны лагер прадстаўлялі ўзнікшыя яшчэ да рэвалюцыі 1905–1907 гг. партыі сацыялістычнай арыентацыі: дзве плыні (бальшавікоў і меншавікоў) РСДРП, Бунд, партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэры), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, Польская сацыялістычная партыя. Да гэтага напрамку можна аднесці і Беларускую сацыялістычную грамаду. Партыі дэмакратычнага лагеру імкнуліся да ўстанаўлення дэмакратычнай рэспублікі ў Расіі, вырашэння аграрнага пытання шляхам знішчэння памешчыцкага землеўладання. Адзначым, што рэвалюцыю, яе характар, рухаючыя сілы і перспектывы развіцця краіны названыя партыі ацэньвалі па-рознаму. Не было адзінства ў лагеры левых сіл і па пытаннях тактыкі.

Такой была расстаноўка палітычных сіл напярэдадні і ў час першай расійскай рэвалюцыі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Палітычная партыя – дабраахвотнае аб'яднанне найбольш актыўнай і арганізаванай часткі грамадзян на агульных ідэалагічных прынцыпах. Заваяванне і ўтрыманне ўлады – галоўная мэта кожнай палітычнай партыі.

Прафсаюз – масавая арганізацыя рабочых і служачых, мэта якой – абарона інтарэсаў працоўных.

“Паліцэйскі сацыялізм” – стварэнне царскім урадам фальшывых рабочых арганізацый пад апекай жандараў і паліцыі з мэтай пераканаць рабочых у тым, што ўрад згодзен задаволіць іх эканамічныя патрабаванні.

Народніцтва – спецыфічная фаза гісторыі сацыяльна-рэвалюцыйнага руху паміж “хаджэннем у народ 1872–1874” і тэрарызмам 1878–1881 гг. Сацыяльная дактрына другой паловы ХІХ ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталізм і праз абшчыну адразу перайсці да сацыялізму.

Чарнасоценцы – удзельнікі “Чорных соцен” – рэакцыйна-ма-нархічных пагромных банд, узнікшых у перыяд першай рэвалюцыі 1905–1907 гг.

Забастоўка – арганізаванае спыненне работы на фабрыцы, заводзе з мэтай прымусіць наймальніка задаволіць патрабаванні рабочых ці служачых.

Пралетарыят – клас наёмных рабочых, не маючых сродкаў вытворчасці.

Храналогія падзей

1 сакавіка 1881 г. – забойства імператара Аляксандра ІІ народнікам-беларусам І. Грынявіцкім.

1884 г. – стварэнне Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групы “Гоман” у Пецярбургу.

1893 г. – утварэнне сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага, з 1900 г. – сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).

1897 г. – утварэнне Усеагульнага Яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі (Бунд).

1898 г. – І-ы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) у Мінску.

1902 г. – узнікненне Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), кіраўнік – В. Чарноў.

1902–1903 гг. – утворана Беларуская рэвалюцыйная грамада, пазней Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ) – Іван і Антон Луцкевічы, Э. Пашкевіч (Цётка) і інш.

1903 г. – ІІ-і з’езд РСДРП і ўтварэнне ў партыі двух фракцый – бальшавішавікоў на чале з У. Леніным і меншавікоў – Ю. Мартавым.

1905 г. – утварэнне “Саюза рускага народа”, “Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі” (кадэты) і “Саюза 17 кастрычніка” (акцябрысты).

Пытанні для самаправеркі

1. У чым праяўляліся характэрныя асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі (другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст.)?

2. Якія палітычныя партыі і рухі дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст.? Ахарактэрызуйце іх праграмныя ўстаноўкі.

3. Як праходзіў працэс арганізацыйнага афармлення беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху?

6.Нацыя – (ад лац. natio – племя, народ) – устойлівая этнаса-цыяльная супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі, звязаны агульным эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У гістарычным развіцці нацыя прыходзіць на змену феадальнай народнасці і з’яўляецца больш высокай ступенню самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу.

Існуюць розныя падыходы да вызначэння нацыі. Прадстаўнікі псіхалагічнай тэорыі разглядаюць нацыю як суб’ектыўнае пачуццё і волю аднолькавай групы людзей, галоўнымі прыкметамі якой з’яўляюцца валоданне агульнай гістарычнай памяццю і імкненне жыць разам (Г. Кон, К. Іглтан, Э. Рэнар). Паводле М. Вебера і П.А. Сарокіна, нацыя ўяўляе сабой супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў, займае агульную тэрыторыю і імкнецца да стварэння ўласнай дзяржавы. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што нацыю ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этнічнага паходжання, але яны адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваей радзімы.

Марксізм-ленінізм працэс утварэння і развіцця нацыі і нацыянальных дзяржаў звязвае з характэрнымі для новага часу палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі фактарамі (прамысловы пераварот, гаспадарчая інтэграцыя, паглыбленне эканамічных і культурных сувязей, стварэнне матэрыяльных, палітычных, сацыяльна-культурных умоў для збліжэння і канчатковага зліцця нацый пасля перамогі камунізму ў сусветным масштабе).

Сучасныя нацыі фарміраваліся разам з развіццём капіталістычных адносін. У выніку развіцця таварнай вытворчасці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанацыянальных рынкаў пераадольвалася сярэдневечная адасобленасць насельніцтва. Гэта прыводзіла да эканамічнай і палітычнай кансалідацыі народнасцей у нацыю, да стварэння цэнтралізаваных дзяржаў, якія ў сваю чаргу паскаралі кансалідацыю нацыі. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічалі складанню агульнанацыянальнай культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці.

У гісторыі фарміравання беларускай нацыі можна выдзяліць два перыяды. Першы ахоплівае канец XVIII – першую палову ХІХ ст. і з’яўляецца асаблівым пераходам ад феадальнай народнасці да пачатку станаўлення буржуазнай нацыі. Другі пачынаецца з другой паловы ХІХ ст. і характарызуецца як час станаўлення і развіцця беларускай нацыі ў эпоху капіталізму.

Уцягванне гаспадаркі Беларусі ў рыначныя сувязі спрыяла кансалідацыі беларускай нацыі і фарміраванню асноўных пластоў буржуазнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі. Прамысловыя рабочыя Беларусі характэрызаваліся сваёй шматнацыянальнасцю і невысокай канцэнтрыцыяй. Гэта таксама тычылася і гандлёва-прамысловай буржуазіі. Беларуская нацыянальная буржуазія амаль цалкам складалася з заможных сялян – выхадцаў з дробнай буржуазіі. Слабасць нацыянальнай буржуазіі замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі.

У канцы ХІХ ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Яна ўваходзіла ў межы пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі – Віленскую, Віцебскую, Гродзенскую, Магілёўскую і Мінскую. Гэтыя межы ў асноўным адпавядаюць сучасным межам Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1897 г., на гэтай тэрыторыі пражывала 5,408 млн. беларусаў, 3,1 млн. рускіх, яўрэяў, палякаў, украінцам, літоўцаў, латышоў. Абсалютная большасць беларусаў (больш за 90%) жыла ў сельскай мясцовасці. Доля беларусаў-гараджан, якія гаварылі на роднай мове, складала толькі 14,5%. Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле канфесійнай прыналежнасці праваслаўных і католікаў. Міграцыйныя працэсы на рубяжы ХІХ і ХХ стст. пачалі працэс фарміравання беларускай дыяспары за межамі сваёй радзімы.

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. Яе фарміраванне адбывалася павольна з-за цяжкасці ў друкаванні і распаўсюджванні беларускіх твораў. Адмет-насць беларускага этнасу адлюстоўвалася ў своеасаблівым народным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. З другой паловы ХІХ ст. усё больш актыўна ўжываецца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Па перапісу 1897 г., беларускую мову лічылі роднай 74% насельніцтв Беларусі. Этнонім “беларусы” паступова выцясняў лакальныя тэрміны тыпу “літвіны”, “чарнарусы”. Аднак працягвалі існаваць лакальныя назвы (палешукі), канфесіянізмы (рускія і палякі), жыхары некаторых частак Беларусі называлі сябе тутэйшымі. Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. актывізаваўся працэс нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. У 1918 г. абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 г. створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У 1922 г. БССР увайшла ў склад СССР. У 1939 г. уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР была завершана тэрытарыяльная кансалідацыя беларускай нацыі. У 1991 г. створана сувярэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі беларускай нацыі адбываецца на аснове выкарыстання гістарычна-культурнай спадчыны і нацыянальных каштоўнасцей, забеспячэння свабоднага развіцця беларускай дзяржавы як роўнапраўнага члена еўрапейскай і агульначалавечай супольнасці.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Нацыя – (ад лац. natio – племя, народ) – устойлівая этнаса-цыяльная супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі, звязаны агульным эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць.

Нацыяналізм – ідэі і палітыка, якія вызначаюць нацыю вышэй-шай каштоўнасцю і лепшай формай агульнасці людзей. З’яўляецца магутнай сілай, што згуртоўвае ў барацьбе за вызваленне нацый і аб’яднанне ў адзіную дзяржаву.

Шавінізм – крайні нацыяналізм, які прапаведуе нацыянальную выключнасць той ці іншай нацыі.

Самасвядомасць – яснае разуменне сваёй сутнасці, сваіх адметных уласцівасцей, сваёй ролі ў жыцці, у грамадстве.

Пытанні для самаправеркі

1. Якімі адметнымі рысамі характарызуецца нацыя?

2. Вызначце характэрныя асаблівасці ў фарміраванні беларускай нацыі.

7.Патрэбы капіталістычнага развіцця, узмацненне грамадска-палітычнага руху прымусілі царызм правесці школьную рэформу 1864 г., якая садзейнічала пашырэнню сеткі пачатковых школ і адмяняла саслоўныя абмежаванні для паступаючых у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Дазвалялася грамадскім і прыватным асобам адкрываць пачатковыя школы, дзе дзяцей вучылі пісьму, чатыром дзеянням арыфметыкі, закону божаму і царкоўным спевам.

У 1871 г. зацверджаны новы статут гімназій, які прадугледжваў развіццё толькі класічных гімназій. Тэрмін навучання ў іх павялічваўся з 7 да 8 гадоў. Рэальныя гімназіі былі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы.

Адна школа прыходзілася на 8–10 вёсак, большая частка школ размяшчалася ў сялянскіх хатах, не хапала партаў, вучэбных дапаможнікаў, сшыткаў і г.д. Цяга беларускага насельніцтва да навучання дзяцей у школе была велізарная. Існавалі сярэднія навучальныя ўстановы царкоўнага ведамства – духоўныя семінарыі. Па палажэнні 1872 г. ствараліся гарадскія вучылішчы, выпускнікі якіх не маглі паступаць у сярэднія навучальныя ўстановы. Пачатковымі школамі ў вёсцы сталі народныя вучылішчы. Пры царкоўных прыходах існавалі пачатковыя прыходскія школы.

Разам з тым, ажыццяўленне школьнай рэформы на Беларусі супала з правядзеннем жорсткага курсу ў палітыцы царызму пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. Ліквідаваны польскія школы, у школах забаранялася выкладанне польскай мовы.

З 1881 г., пасля забойства Аляксандра ІІ, наступіў перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі і ў сістэме адукацыі. Цыркуляр 1887 г. абмяжоўваў паступленне “кухарчыных дзяцей у гімназіі і прагімназіі”. Паводле перапісу 1897 г., агульны лік пісьменных у Беларусі складаў 25,7%.

Капіталістычная гаспадарка патрабавала кваліфікаванай рабочай сілы. На тэрыторыі Беларусі існавалі разнастайныя тыпы прафесійных школ. Характэрнай рысай адукацыі на Беларусі з’яўлялася высокая ўдзельная вага яўрэйскіх устаноў.

У другой палове ХІХ ст. на Беларусі былі закладзены асновы педагагічнай адукацыі. У 1864 г. пачала дзейнічаць першая ў Расійскай імперыі Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. На пачатку ХХ ст. працавалі Полацкая, Нясвіжская, Свіслацкая, Барысаўская, Бабруйская, Гомельская, Аршанская, Рагачоўская, Барунская, Мсціслаўская і Гарадоцкая настаўніцкія семінарыі.

Пасля паўстання 1863–1864 гг. узрасла цікавасць прагрэсіўнай рускай інтэлігенцыі да гісторыі, побыту і культуры насельніцтва Беларусі. Вядомымі знаўцамі краю былі А.А. Шахматаў, А.І. Сабалеўскі, М.А. Янчук. Яны працавалі ў Акадэміі навук, Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах. Галоўным цэнтрам вывучэння беларускіх губерняў стаў Паўночна-заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (г. Вільня, 1867–1915), які замяніў Віленскую археалагічную Камісію (1855–1865 гг.). У складзе аддзела налічвалася больш за 300 членаў, у тым ліку 187 настаўнікаў.

Адным з першых буйных даследчыкаў Беларусі быў настаўнік І.І. Насовіч, які ў 1870 г. у Санкт-Пецярбургу выдаў “Словарь белорусского наречия”. Выдатнымі даследчыкамі Беларусі былі М.Я. Нікіфароўскі, Е.Р. Раманаў, М.А. Дзмітрыеў, Ю.Ф. Крачкоўскі, М.В. Доўнар-Запольскі і інш.

У 60–80-я гг. ХІХ ст. перыядычны друк Беларусі прадстаўлялі афіцыйныя выданні: “Губернские ведомости”, “Епархиальные ведомости”, “Виленский вестник”, “Вестник Западной России”. У 1886 г. пачалося выданне адзінай легальнай, незалежнай газеты “Минский листок”.

У 1863–1864 гг. К. Каліноўскі выдаў “Мужыцкую праўду”, “Пісьмы з-пад шыбеніцы”. Традыцыі пачатку 60-х гадоў прадоўжылі Ф. Багушэвіч, А. Гурэвіч, Я. Лучына, Цётка (Э. Пашкевіч) і інш. Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Ф. Багушэвіча. Ён першы з беларускіх пісьменнікаў прызнаў самастойным беларускі этнас і беларускую мову. У 1891 г. выдаў зборнік “Дудка беларуская”, у 1896 г. – “Смык беларускі”. Ф.Багушэвіч – пачынальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.

У парэформенны перыяд у беларускіх гарадах і мястэчках ствараліся аматарскія тэатральныя калектывы. У 1890 г. у Мінску быў адкрыты пастаянны тэатр, створана Таварыства аматараў мастацтваў.

У 90-я гады ХІХ ст. былі адчынены мастацкія школы В. Мааса ў Мінску і Ю. Пэна ў Віцебску. Значнымі постацямі ў беларускім жывапісу з’яўляюцца А. Гараўскі, Н. Сілівановіч і інш. Пачалася творчая дзейнасць В. Бялыніцкага-Бірулі.

Станоўчыя зрухі ў эканоміцы садзейнічалі хуткаму росту гарадоў Беларусі. Адбываліся пэўныя змены ў іх планіроўцы і добраўпарадкаванні. Назіраўся росквіт неагатычнага і псеўдарускага стыляў у культавым будаўніцтве, а таксама стылю мадэрн.

Такія асноўныя накірункі беларускай культуры другой паловы ХІХ ст.

Храналогія падзей

1864 г. – закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. Адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Пытанні для самаправеркі

1. Назавіце асноўныя дасягненні ў развіцці розных галін бела-рускай культуры таго часу.

8.У пачатку ХХ ст. узмацніўся працэс канцэнтрацыі прамысло-васці і капіталу, што прывяло да стварэння ў Беларусі манапалістыч-ных аб’яднанняў. Так, у Мінску дзейнічалі акцыянерныя таварыствы запалкавай фабрыкі “Маланка” і крухмала-патачнага завода “Сокал”, у Гродне – акцыянернае таварыства тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага.

Вядучую ролю ў эканоміцы пачалі адыгрываць банкі. Тут меліся крэдытныя ўстановы ад самых прымітыўных – сялянскіх саслоўных кас – да філіялаў значных камерцыйных (Руска-Азіяцкага, Азоўскага, Руска-Французскага і інш.) і Дзяржаўнага банка Расіі. Да 1913 г. на Беларусі налічвалася 18 банкаў. У пачатку ХХ ст. прыкметную ролю на Беларусі адыгрываў нямецкі капітал, але ў асноўным капітал быў мясцовым, пераважна яўрэйскім.

Пасля грашовай рэформы 1895–1897 гг. фінансава-крэдытная сістэма Расійскай імперыі стабілізавалася. Характэрнай рысай дзяржбюджэту беларускіх губерняў было перавышэнне яе даходнай часткі над расходнай. З 1900 па 1913 гг. нацыянальны даход Беларусі вырас удвая і падняўся з 536 млн. да 1 млрд. руб.

Працягвалася інтэнсіўнае будаўніцтва чыгуначных дарог. Да канца 1913 г. агульная працягласць чыгуначных пуцей на Беларусі складала 3,9 тыс. км.

Аднак удасканаленні формаў гаспадарання на стадыі манапалістычнага капіталізму ў прамысловасці на тэрыторыі Беларусі не змаглі набыць класічныя ўзоры і формы з-за недастатковага ў цэлым развіцця капіталізму, асабліва ў сельскай гаспадарцы.

У ходзе першай расійскай рэвалюцыі 1905–1907 гг. царскі ўрад пачаў імпульсіўна шукаць выйсце з гэтай складанай сытуацыі. 3 лістапада 1905 г. цар выдаў маніфест аб адмене выкупных платяжоў з сялян з 1 студзеня 1906 г. – на палову, а з 1 студзеня 1907 г. – поўнас-цю. З гэтага часу надзельная зямля пры падворным землеўладанні перадавалася ва ўласнасць домагаспадару. Пры абшчынным землеўладанні ўласнікам зямлі юрыдычна станавілася абшчына.

Рашаючую ролю ў паскарэнні развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы адыграла сталыпінская рэформа. Яна пачалася паводле распрацаванага старшынёй Савета міністраў і міністрам ўнутраных спраў Расійскай імперыі П.А. Сталыпіным указу “Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага закона, які тычыцца сялянскага землеўладання і землекарыстання”. Гэты акт ад 9 лістапада 1906 г. пасля зацверджання Дзяржаўнай думай і Дзяржаўным саветам і падпісання царом стаў законам толькі 14 чэрвеня 1910 г. Мэта ўрада, як сцвяр-джаў Сталыпін, “бачыць селяніна багатым”. Сутнасцю сталыпінскай аграрнай рэформы было ўкараненне прыватнай зямельнай уласнасці, што было абумоўлена неабходнасцю паскарэння развіцця капіталізму на вёсцы і канчатковай ліквідацыі рэшткаў прыгонніцтва ў аграрнай сферы. У Сталыпінскай праграме капіталізацыі аграрнага сектара вызначаюць асноўныя напрамкі:

– разбурэнне сельскай абшчыны;

– насаджэнне хутарскіх ці адрубных сельскіх гаспадарак;

– правядзення комплекса агратэхналагічных мерапрыемстваў;

– дабравольнае перасяленне сялян на свабодныя землі Сібіры, Паўночнага Каўказа, Сярэдняй Азіі і Далёкага Усходу.

Правядзенне рэформы было даручана “Асобаму Камітэту па землеўпарадкавальных справах”, у падначаленні якога былі губернскія і павятовыя землеўпарадкавальныя камісіі. Усе фінансавыя аперацыі па куплі і продажу зямлі праводзіў Сялянскі пазямельны банк (1882 г.). Створаныя ў сакавіку 1911 г. у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях земствы таксама былі прыцягнуты да правядзення рэформы.

Па ўсіх напрамках аграрнай рэформы ў Беларусі былі дасягнуты значныя вынікі. Так, да 1915 г. у Магілёўскай губерніі з абшчыны выйшла 56,8% усіх абшчыннікаў, у Віцебскай – 28,9%. Гэта адны з самых высокіх паказчыкаў па Расіі. Нагадаем, што у Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губернях абшчыны амаль не было. На працягу 1907–1916 гг. у беларускіх губернях ўзнікла больш за 128 тыс. хутароў і адрубоў, што скаладала 12% ад агульнай колькасці сялянскіх двароў (па Расіі ў цэлым 10%).

Трэці напрамак сталыпінскай рэформы звязаны з цэлым комплексам мерапрыемстваў па перабудове ўсяго сельскагаспадарчага жыцця краіны: наладжванне сельскагаспадарчых складоў, пракатных зерна-ачышчальных і ветэрынарных пунктаў, племянных рассаднікаў жывёлы, кааператыўных таварыстваў, паказальных садоў, бортнікаў, укараненне вогнеўстойлівага будаўніцтва і інш. Адзначым, што сродкаў на гэтыя мэты не хапала.

Урад Сталыпіна выдаў шэраг пастаноў аб льготах пры перасяленні сялян у тым ліку і з Беларусі на свободныя землі імперыі. Само ж перасяленне было арганізавана слаба. За 1904–1914 гг. з пяці беларускіх губерняў выехала больш за 356 тыс. чалавек, з якіх звыш 36 тыс. (10,9%) вярнуліся. Палітыка перасялення паскарала працэс сацыяльнага расслаення сялян.

Сялянскім пазямельным банкам за 10 гадоў у пяці губернях было прададзена з выдзяленнем ссуды за наяўны разлік звыш 250 тыс. дзесяцін зямлі на суму 20,5 млн. руб. Галоўнымі прадаўцамі зямлі былі памешчыкі, якія не змаглі прыстасавацца да рыначнай гаспадаркі, а пакупнікамі зямлі былі ў першую чаргу заможныя сяляне.

Сталыпінская рэформа прадугледжвала таксама адмену цялесных пакаранняў сялян, свабоду выбару імі месца пастаяннага пражывання і інш.

Правядзенне рэформы на тэрыторыі Беларусі за адносна кароткі тэрмін выявіла станоўчыя зрухі ў аграрным сектары. Скарацілася доля памешчыцкага землеўладання да 47% агульнай зямельнай плошчы. Сялянскія гаспадаркі сталі працаваць па законах рынку. Ураджайнасць за 1906–1913 гг. узрасла на 16,4%. Па ўраджайнасці жыта Гродзенская губерня займала першае месца ў Расіі. За 1900–1913 гг. чысты вываз з Беларусі малочных прадуктаў вырас на 20,8%, мяса – на 193,6%, льновалакна – на 18%. Ішоў працэс сацыяльнага расслаення вёскі. На пачатак 1914 г. беднае сялянства складала не менш 68% двароў, сярэдняе – 20%, заможнае – 12%. Сталыпінская аграрная рэформа была спынена Часовым урадам у 1917 г.

Такім чынам, сталыпінская аграрная рэформа спрыяла распаду сялянскай абшчыны, надзелу сялян абшчыннай зямлёй у прыватную маёмасць, паляпшэнню структуры сялянскай гаспадаркі, яе матэрыяльнага дабрабыту, ліквідацыі “перанаселенасці беларускай вёскі”, пашырэнню праслойкі заможных гаспадароў і росту вясковага пралетарыяту. Рэформа засталася незавершанай і не змагла карэнным чынам змяніць паўфеадальны характар беларускай вёскі і паставіць яе на заходнееўрапейскі ўзровень, што стала адной з прычын да-лейшых эксперыментаў у аграрнай сферы.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Канцэнтрацыя вытворчасці – працэс засяроджвання сродкаў вытворчасці ў руках буйнейшых гаспадароў – работадаўцаў.

Манаполія – аб’яднанне прыватных і акцыянерных прадпрыемстваў, якія панавалі ў вытворчасці і збыце прадукцыі.

Акцыянернае прадпрыемства – прадпрыемства, заснаванае на паях асобных уласнікаў, якія даюць ім права на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства.

Хутар – абасобленая сялянская гаспадарка разам з сядзібай уласніка.

Адруб – абасоблены зямельны ўчастак, выдзелены ў чыю-небудзь уласнасць.

Храналогія падзей

3 лістапада 1905 г. – заканадаўчыя акты аб адмене выкупных плацяжоў з сялян з 1 студзеня 1906 г. напалову, а з 1 студзеня 1907 г. – поўнасцю.

9 лістапада 1906 г. – указ “Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага землеўладання і землекарыстання” – пачатак сталыпінскай аграрнай рэформы.

14 чэрвеня 1910 г. – закон “Аб змяненні і дапаўненні некаторых пастаноў аб сялянскім землеўладанні”.

1862–1911 гг. – гады жыцця Пятра Аркадзьевіча Сталыпіна – расійскага дзяржаўнага дзеяча.

1912 г. – законы аб страхаванні рабочых.

28 чэрвеня 1917 г. – пастанова Часовага ўрада аб спыненні сталыпінскай аграрнай рэформы.

Пытанні для самаправеркі

1. Вызначце асноўныя рысы прамысловага развіцця Беларусі ў пачатку ХХ ст.

2. Якія характэрныя асаблівасці развіцця беларускіх гарадоў у пачатку ХХ ст.?

3. Растлумачце мэты, задачы і вынікі сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі.

9.Да пачатку ХХ ст. у адрозненне ад краін Заходняй Еўропы ў Расійскай імперыі генезіс і фарміраванне буржуазнага грамадства ішлі эвалюцыйным, рэфарматарскім шляхам. Аднак нарастаўшыя супярэчнасці паміж адносна хуткім ростам капіталізму і застаўшыміся перажыткамі феадалізму стварылі аб’ектыўныя перадумовы для рэвалюцыйнай барацьбы. Першая расійская рэвалюцыя павінна была расчысціць шлях для развіцця найбольш прагрэсіўнага тыпу капіталізму, дэмакратызацыі ўсёй грамадска-палітычнай сферы. Рэвалюцыя накіра-вана на звяржэнне самадзяржаўя, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, устанаўленне дэмакратычнай рэспублікі, павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных мас.

Рэвалюцыя 1905–1907 гг. была буржуазнай паводле свайго характару, дэмакратычнай па рухаючых сілах – у ёй прынялі ўдзел самыя шырокія пласты працоўных мас – пралетарыят адыгрываў найбольш актыўную, кіруючую ролю.

Паражэнне царызму ў руска-японскай вайне (1904–1905 гг.) паскорыла нарастанне рэвалюцыйных падзей. Расстрэл 9 студзеня 1905 г. мірнай дэманстрацыі ў Пецярбургу стаў пачаткам першай рускай рэвалюцыі. Рэвалюцыйныя выступленні ў Пецярбургу, Маскве, іншых фабрычна-завадскіх цэнтраў Расіі гучным рэхам адклікаліся ў Беларусі. Так, 11–15 студзеня 1905 г. забастоўкі салідарнасці ахапілі каля 30 беларускіх гарадоў і мястэчак: Мінск, Магілёў, Гомель, Гродна і інш. У студзені 1905 г. у Беларусі баставала 34 тыс. чалавек. Рабочы рух змыкаўся з сялянскім. У студзені – красавіку 1905 г. адбыліся 53 сялянскія выступленні.

Ініцыятарамі рэвалюцыйных дзеянняў працоўных былі партыі дэмакратычнага напрамку: РСДРП, эсэры, Бунд, ППС, БСГ. Адсутнаць адзінства, вопыту барацьбы негатыўна адбіваліся і на тактыцы іх дзеянняў. БСГ узаемадзейнічала з эсэрамі, іншымі партыямі дэмакратычнага напрамку з мэтай ідэйнай кансалідацыі беларускага руху.

Вясной і летам 1905 г. рабочыя Беларусі падтрымалі расійскі пралетарыят. У красавіку – чэрвені палітычным рухам было ахоплена 56 гарадоў і мястэчак. Улетку і ўвосень 1905 г. на Беларусі зарэгістравана 380 выступленняў сялян у 32 паветах з 35.

У сувязі з паўстаннем на браняносцы “Пацёмкін” пачаліся хваляванні асобных часцей Магілёўскага, Гродзенскага і Брэст-Літоўскага гарнізонаў, Бабруйскага дысцыплінарнага батальёна.

Цар 6 жніўня 1905 г. падпісаў маніфест аб скліканні думы (Булыгінскай). Бальшавікі праводзілі тактыку адкрытага байкоту думы. Рэвалюцыйны ўздым змёў думу.

Рэвалюцыя паступова набірала сілу і ў кастрычніку дасягнула новага напалу, калі пачалася ўсеагульная палітычная стачка. Так, у кастрычніку рознымі формамі палітычнай барацьбы былі ахоплены 24 гарады і 29 мястэчак Беларусі, у дэманстрацыях і забастоўках удзельнічала 153 тыс. чалавек.

Ва ўмовах усеагульнай палітычнай стачкі 17 кастрычніка 1905 г. цар падпісаў маніфест, якім абвяшчаў недатыкальнасць асобы, свабоду слова, сходаў саюзаў і г.д. У маніфесце змяшчалася абяцанне склікаць Дзяржаўную думу з заканадаўчымі правамі і дапусціць да ўдзелу ў яе рабоце працоўных. З’яўленне маніфеста суправаджалася хваляй чарнасоценных пагромаў, якія натхняліся царскай адміністрацыяй. Разгарнуўся працэс стварэння некалькіх партый кансерватыўнага і ліберальнага адценняў (“Саюз рускага народа”, кадэтаў, акцябрыстаў і інш.), а потым прайшлі выбары ў І Дзяржаўную думу.

РСДРП з недаверам аднеслася да маніфеста 17 кастрычніка. Па яе ініцыятыве прайшлі мітынгі пратэстаў. У Мінску 18 кастрычніка 1905 г. губернатар Курлоў загадаў адкрыць агонь па ўдзельніках мітынгу на плошчы Віленскага вакзала (цяпер Прывакзальная плошча). У выніку больш за 80 чалавек былі забіты, некалькі соцен паранены. Крывавыя сутычкі адбыліся ў Смаргоні, Віцебску, Полацку.

У ходзе кастрычніцкай палітычнай стачкі ў Расіі ўзніклі новыя масавыя палітычныя арганізацыі – Саветы рабочых дэпутатаў. На Беларусі – стачачныя камітэты і кааліцыйныя саветы ў Мінску, Віцебску, Мазыры, Баранавічах, Ваўкавыску, Лунінцы, Пінску і Гомелі. У лістападзе 1905 г. зарэгістравана 174 сялянскіх хваляванняў, у снежні – 286.

У адказ на снежаньскае ўзброенае паўстанне ў Маскве 8 снежня 1905 г. забаставалі чыгуначнікі Мінска, Гомеля, Пінска, Лунінца, Баранавіч. Снежаньская палітычная стачка праходзіла больш арганізавана, але хутка карная экспедыцыя генерала Арлова падавіла выступленні. Пасля снежаньскіх падзей 1905 г. рэвалюцыя пайшла на спад. Улады ўзялі палітычную сітуацыю пад кантроль.

Ва ўмовах рэвалюцыйнага спаду “левы бок” пачаў распадацца У студзені 1906 г. БСГ правяла ў Мінску свой другі з’езд, на якім былі прыняты новая праграма і статут. Задачамі партыі з’яўляліся звяржэнне царызму, аўтаномія Беларусі з мясцовым сеймам у Вільні, 8-гадзінны працоўны дзень, перадача ўсёй зямлі ў грамадскую маёмасць.

Апошняй сумеснай акцыяй “левага боку” стаў байкот І Дзяржаўнай думы вясной 1906 г., прапанаваны бальшавікамі. Байкот падтрымалі на Беларусі эсэры, БСГ, Бунд і іншыя сацыял-дэмакратычныя яўрэйскія партыі. Тактыка байкоту не прынесла поспеху.

На змену рэвалюцыйным выступленням працоўных мас ішоў працэс станаўлення расійскага парламентарызму. Выбары ў Думу часта праходзілі пры значных парушэннях заканадаўчых актаў. Ня-гледзячы на ўсе выбарчыя абмежаванні, склад Думы не задавальняў самадзяржаўе. Цар разагнаў дзве першыя Думы. Першая праіснавала 72 дні (1906 г.), другая – 102 дні (1907 г.). У іх складзе ад беларускіх губерняў былі прадстаўнікі правых сіл, прычым у ІІ Думе пераважалі дзве шавіністычна-клерыкальныя групоўкі – руская праваакцябрысц-кая і польская аўтанамісцкая, якія адмаўлялі існаванне беларускага этнасу і яго нацыянальных інтарэсаў.

3 чэрвеня 1907 г. быў апублікаваны маніфест аб роспуску ІІ Думы і змяненні выбарчай сістэмы. Трэба мець на ўвазе тое, што паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. новы закон не мог дзейнічаць без ухвалення яго Думай. Таму маніфест 3 чэрвеня 1907 г. ацэньваецца як дзяржаўны пераварот, які азнаменаваў паражэнне першай расійскай рэвалюцыі.

Расійская рэвалюцыя 1905–1907 гг. не змагла вырашыць свае асноўныя мэты і задачы. Тым не менш, рэвалюцыйныя падзеі забяспечылі існаванне свабоды слова, саюзаў, сходаў, дзейнічала Дзяржаўная дума, трыбуна якой выкарыстоўвалася рознымі палітычнымі сіламі для прапаганды сваіх поглядаў. Была павышана заработная плата рабочым, скарочаны працоўны дзень, палепшаны ўмовы працы, адменены выкупныя плацяжы, пачалася сталыпінская аграрная рэформа, разбурана вера ў царазаступніка ў асяроддзі працоўных мас. Рэвалюцыя садзейнічала росту ідэйнай сталасці дэмакратычнага лагера, набыццю палітычнага вопыту партыямі і рухамі.

Рэвалюцыя аказала глыбокі ўплыў на ўсе сферы жыцця Расійскай імперыі. Фактычна пачаўся працэс пераўтварэння самадзяржаўя ў канстытуцыйную манархію, рух да парламентарызму. Падаўленне рэвалюцыі, паслярэвалюцыйная рэакцыя і Першая сусветная вайна замарудзілі і прыпынілі гэты працэс, што з’яўлялася асноўнай прычынай для новых рэвалюцыйных падзей.

Палітыка царскага ўрада ў адносінах да Беларусі заставалася ранейшай і была накіравана на ўмацаванне тут манархічных парадкаў, беларускі народ разглядаўся як адна з частак рускага народа, а тэрыторыя Беларусі як частка адзінай вялікай Русі, адмаўлялася права беларускага народа на самастойнае развіццё. Гэта стварала перадумовы глыбокіх змяненняў у беларускім нацыянальным руху.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Парламентарызм – сістэма дзяржаўнай улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызначэнні прыярытэтаў ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканадаўчага органа.

Канстытуцыйная манархія – дзяржаўны лад, пры якім улада манарха (цара) абмежавана канстытуцыяй (парламентам).

Трэцьчэрвеньская манархія – улада, якая ўстанавілася пасля роспуску 3 чэрвеня 1907 г. ІІ Дзяржаўнай думы і змен выбарчых законаў, якія дазвалялі царызму праводзіць палітыку банапартызму, лавіруючы паміж памешчыкамі і буржуазіяй.

Храналогія падзей

1905–1907 гг. – першая расійская рэвалюцыя.

9 студзеня 1905 г. – “крывавая нядзеля”, расстрэл мірнай дэманстрацыі ў Пецярбургу, пачатак рэвалюцыі.

11–15 студзеня 1905 г. – забастоўкі салідарнасці ў Мінску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Смаргоні.

6 жніўня 1905 г. – маніфест аб скліканні думы (булыгінскай).

17 кастрычніка 1905 г. – маніфест аб палітычных свабодах і скліканні Дзяржаўнай думы.

18 кастрычніка 1905 г. – Курлаўскі расстрэл на вакзальнай плошчы ў Мінску.

27 красавіка – 8 ліпеня 1906 г. – І Дзяржаўная дума.

20 лютага – 2 чэрвеня 1907 г. – ІІ Дзяржаўная дума.

1 лістапада 1907 г. – 9 чэрвеня 1912 г. – ІІІ Дзяржаўная дума.

15 лістапада 1912 г. – 6 (19) кастрычніка 1917 г. – IV Дзяржаўная дума.

3 чэрвеня 1907 г. – маніфест аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы, канец першай расійскай рэвалюцыі.

Пытанні для самаправеркі

1. Вызначце мэты, задачы і дзеючыя сілы першай расійскай рэвалюцыі 1905–1907 гг.

2. Чаму аграрнае пытанне было галоўным у рэвалюцыі 1905–1907 гг.?

3. Якія партыі і чаму перамаглі на выбарах у І і ІІ Дзяржаўныя думы на Беларусі?

4. Якія змены адбыліся ў Расійскай імперыі ў выніку першай рэвалюцыі?

10.Першая сусветная вайна (1914–1918) – вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя і Балгарыя) і Антантай (Расія, Велікабрытанія, Францыя) – усяго 34 краіны. У вайне ўдзельнічала 38 дзяржаў з насельніцтвам больш 1,5 млрд. чалавек. Вайна была выклікана ростам супярэчнасцей за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне іншых народаў.

Так, Германія імкнулася стаць “Вялікай Германіяй”, Англія жадала стварыць яшчэ больш “Вялікую Брытанію”. У Расіі былі свае інтарэсы ў Турцыі, Персіі, Галіцыі. Яна імкнулася авалодаць пралівамі Басфор і Дарданелы, захапіць Канстанцінопаль (Стамбул). Галоўныя імперыялістычныя дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць працоўныя масы метраполій ад рэвалюцыйнага руху, а каланіяльныя народы – ад нацыянальна-вызваленчага руху. Кожная з кааліцый разлічвала на маланкавую вайну і хуткую перамогу. Кіраўніцтва ІІ Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і тым самым адмовілася ад ранейшых антываенных рэзалюцый аб інтэрнацыянальнай салідарнасці працоўных.

Расійскі ўрад, абсалютная большасць палітычных партый пераконвалі людзей у неабходнасці вайны супраць варвараў-немцаў у абарону братоў-славян. Усе маёмасныя класы горада і вёскі Беларусі заявілі аб сваёй падтрымцы палітыкі царызму. У Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах былі праведзены “патрыятычныя сходы”.

Толькі бальшавікі на чале з Леніным вызначылі сваю палітычную лінію, накіраваную на ператварэнне імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. Для гэтага яны выступалі за адмаўленне грамадзянскага міру і ваенных крэдытаў, за выхад сацыялістаў з буржуазных міністэрстваў, стварэнне нелегальных партыйных арганізацый, за падтрымку братання на фронце салдат ваюючых армій, падтрымку рэвалюцыйных выступленняў працоўных, за паражэнне “сваіх” урадаў у імперыялістычнай вайне.

Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Яна працягвалася 4 гады, 4 месяцы і 10 дзён і дорага абышлася чалавецтву. Было забіта, паранена і скалечана 30 млн. чалавек. Пры гэтым Расія страціла 5 млн., Беларусь – 1,2 млн. чалавек.

Першы перыяд ваеннай кампаніі 1914 г. на ўсходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў адзначаны двума наступленнямі рускіх войскаў: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 г. і Галіцкай бітвай 1914 г. У ходзе наступлення на Усходнюю Прусію руская армія пасля першых поспехаў пацярпела цяжкае паражэнне і адступіла. На працягу месяца рускія войскі разбілі аўстра-венгерскую армію, занялі Львоў і блакіравалі крэпасць Перамышль.

У жніўні 1915 г. пачалося германскае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск, і немцы здзейснілі свянцянскі прарыў, захапілі г. Вілейку. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Каля палавіны тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй.

У пачатку вайны беларускія губерні былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся сходы, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. Працоўныя Беларусі праявілі незадаволенасць такім становішчам, што выклікала жорсткія рэпрэсіі з боку ўрада, які імкнуўся ачысціць прыфрантавую паласу ад рэвалюцыйных элементаў.

З лета 1915 г. значная частка тэрыторыі Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў. У сувязі з наступленнем германскіх войскаў больш за 1320 тыс. чалавек рушыла ў радах бежанцаў на ўсход. Яны ператвараліся ў масу жабракоў, галодных і бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання. Тысячы людзей гінулі ў дарозе ад розных эпідэмій. Былі разбураны многія прадпрыемствы, спалены сотні вёсак. На захопленай германскімі войскамі заходняй тэрыторыі Беларусі быў уведзены жорсткі акупацыйны рэжым. Жыхары ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў павінны былі плаціць падушны падатак. Падаткам абкладаліся бальніцы, рынкі, відовішчныя ўстановы і г.д. Сяляне здавалі немцам зерне, скуры, воўну, масла і інш. Акупанты чынілі расправы і гвалт. Тысячы мірных грамадзян вывозілі на работу ў Германію.

Цяжкае становішча было ва ўсходняй частцы Беларусі. У 1913–1917 гг. колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а колькасць рабочых – з 37,7 тыс. да 25,1 тыс. Доля прадукцыі для цывільнага насельніцтва ў 1917 г. складала 15–16% даваеннага ўзроўню. За гады вайны адбыліся карэнныя змены галіновай структуры прамысловасці Беларусі. Прамысловыя прадпрыемствы выконвалі ваенныя заказы, выраблялі боепрыпасы, транспартныя сродкі і іншы вайсковы рыштунак. На ўсіх прадпрыемствах, што абслугоўвалі фронт, працавала вялікая колькасць рабочых, мабілізаваных з Расіі. Яны былі пастаўлены пад кантроль ваенных ведамстваў. Ра-бочы дзень не рэгламентаваўся. У пачатку 1917 г. жанчыны, падлеткі і дзеці складалі 58,4% усіх фабрычных рабочых Беларусі.

Сельская гаспадарка ўсходняй Беларусі апынулася ў выключна цяжкім становішчы. Больш паловы працаздольных мужчын былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. У многіх гаспадарках усе работы выконвалі жанчыны, старыя і дзеці. Прымусова пасылалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы на абарончыя работы: капанне акопаў, рамонт дарог, будаванне мастоў і інш. Адбываліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання, фуражу. За гады вайны плошча пасеваў жыта скарацілася на 18,7%, пшаніцы – на 22,1%, бульбы – на 34,2%. Пагалоўе жывёлы зменшылася на 21,5%.

Заняпад сельскай гаспадаркі выклікаў рост дарагоўлі і зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 8 разоў у параўнанні з 1913 г. Аднак масавасці рабочы і сялянскі рух не набыў.

Ваенныя паражэнні царскай арміі ў 1915 г., няўдачы ў 1916 г., велізарныя людскія і матэрыяльныя страты выклікалі незадаволенасць салдат. Усяго на Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 салдацкія хваляванні. Так, 22 кастрычніка 1916 г. на размеркавальным пункце ў Гомелі адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў, якое было жорстка падаўлена. Але спыніць разлажэнне арміі было ўжо немагчыма. Яна паступова станавілася небаяздольнай і ўсё больш рэвалюцыяні-завалася.

Першая сусветная вайна значна паўплывала на беларускі нацыянальны рух. Многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі эвакуіраваліся ў Цэнтральную Расію. Газета “Наша ніва” была закрыта. На неакупіраванай частцы Беларусі нацыянальны рух быў спынены ва ўмовах ваеннага становішча. На захопленых беларускіх землях браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй адраджэння незалежнасці Літвы і Заходняй часткі Беларусі ў дзяржаўнай форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. Гэтаму садзейнічала заява канцлера Германіі Бейтман-Гольвеча аб тым, што вызваленыя ад Расіі землі ніколі не вернуцца назад пад маскоўскае іга.

У сувязі з гэтым беларускія дзеячы дамовіліся з кіраўніцтвам літоўскіх і яўрэйскіх суполак аб усталяванні ў будучай дзяржаве канфедыратыўнага ладу. Дамоўленасць была замацавана ў снежні 1915 г. “Універсалам”. У ім гаварылася, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія суполкі пачалі ўтварэнне канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы, якая забяспечыць усім нацыям роўныя правы. У гэтую дзяржаву павінны былі ўвайсці землі, акупіраваныя нямецкімі войскамі. Аднак утварыць такую канфедэра-цыю не дазволіла палітыка германскага ўрада. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол.

У пачатку 1916 г. германскі фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе аб школах у акупіраваным краі абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Стала выходзіць газета “Гоман”. У Вільні дзейнічалі “Беларускі камітэт дапамогі пацярпеўшым ад вайны”, “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыс-тва”, “Беларускі вучыцельскі саюз” і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт (БНК), які ўзна-чальваў А. Луцкевіч. БНК прыняў удзел у рабоце канферэнцыі народаў Расіі, якая адбылася ў Стакгольме (Швецыя) у красавіку 1916 г., і ў міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя), на якіх беларуская дэлегацыя выказвалася за свабоду развіваць свае інтэлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы, за жаданне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. У канцы 1916 г. БНК зрабіў некалькі захадаў, каб дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні Літоўска-Беларускай дзяржавы. Літоўцы адмовіліся ад перагавораў.

У Расіі з другой паловы 1915 г. галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху сталі Петраград, Масква, Мінск, Калуга і іншыя гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”, якія заклікалі ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення “беларускага нацыянальнага ідэалу”, узнімалі вострыя сацыяльныя праблемы і г.д. У снежні 1916 г. “Дзянніца” перастала выходзіць, у пачатку 1917 г. выданне “Светач” было спынена. Далейшае развіццё беларускага нацыянальнага руху стала магчымым толькі ў выніку перамогі Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі.

Такім чынам, Першая сусветная вайна абвастрыла ўсе супярэчнасці ў Расійскай імперыі, прывяла да вострага палітычнага і эканамічнага крызісу. Рэвалюцыя ў краіне стала непазбежнай.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Інтэрнацыянал ІІ – міжнароднае аб’яднанне сацыялістычных і рабочых партый у 1889–1914 гг.

Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага – орган вышэйшага вайсковага кіравання і месца знаходжання галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Расіі, у пачатку вайны знаходзілася ў Баранавічах, з 8 жніўня 1915 г. – у Магілёве. Вярхоўнымі галоўнакамандуючымі былі вялікі князь Мікалай Мікалаевіч (1914–23.08.1915), Мікалай ІІ (23.08.1915–02.03.1917 гг.).

Рэквізіцыя – прымусовае адчужэнне, або часовая канфіскацыя органамі дзяржаўнай улады маёмасці, якая належыць асобным грамадзянам ці грамадскім арганізацыям.

Акупацыйны рэжым – парадкі, устаноўленыя ваеннымі захопнікамі.

Бежанцы – людзі, якія пакінулі месца свайго жыхарства з прычыны вайны.

Ваенна-палявы суд – суд, які існуе, дзейнічае ва ўмовах ваеннага часу.

Заходні фронт 1915–1918 гг. – аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рускай арміі ў Першую сусветную вайну, працягласцю каля 500 км.

Дэзерцірства – самавольныя ўцёкі з ваеннай службы, або ўхіленне ад прызыву ў армію.

Братанне – спыненне ваенных дзеянняў, праява ўзаемных братніх пачуццяў, салідарнасці.

Храналогія падзей

1914–1918 гг. – Першая сусветная вайна.

Верасень 1915 г. – руская армія пакінула Вільню, Гродна, Брэст і іншыя гарады Беларусі.

Кастрычнік 1915 г. – фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск.

22 кастрычніка 1916 г. – паўстанне салдат, казакоў і матросаў у Гомелі.

1915 г. – закрыта “Наша ніва”. “Універсал” – дамоўленасць беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх суполак аб пачатку стварэння канфедэрацыі; створаны Беларускі народны камітэт (БНК).

Пачатак 1916 г. – фельдмаршал Гіндэнбург абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай, дазволіў адкрываць беларускія школы.

Кастрычнік 1916 г. – дазвол Міністэрства ўнутраных спраў Расіі на выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”.

Пытанні для самаправеркі

1. Вызначце прычыны і характар Першай сусветнай вайны.

2. Якую ролю ў гісторыі Беларусі адыграла Першая сусветная вайна?

3. Пералічыце асноўныя здабыткі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў ваенны час.

11.Па меры безвыніковага зацягвання Першай сусветнай вайны, наступаючай эканамічнай разрухі ў Расійскай імперыі выспявалі ўмовы для новай рэвалюцыі. Яна была выклікана рэзкім абвастрэннем сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гаспадарчую разруху. Асноўнай рухаючай сілай рэвалюцыі сталі буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.

Пачатак рэвалюцыі паклалі масавыя забастоўкі, мітынгі і дэманстрацыі рабочых 23 лютага 1917 г. у Петраградзе. 25 лютага забастоўка стала ўсеагульнай, а 26 лютага пачалося ўзброенае паўстанне. 27 лютага на бок паўстаўшых перайшло больш за 60 тыс. салдат, якія разам з рабочымі аб’ядналіся ў баявыя дружыны. Гэтыя дружыны 27 лютага захапілі Галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычнах зняволеных. Рэвалюцыя ў Петраградзе перамагла. У ходзе рэвалюцыі 27 лютага быў створаны новы орган улады – Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў: большасць у ім складалі меншавікі і эсэры. У ноч на 28 лютага з дэпутатаў IV Дзяржаўнай думы быў утвораны Часовы камітэт Дзяржаўнай думы, які накіраваў да цара ў Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага сваіх прадстаўнікоў. У выніку перагавораў цар Мікалай ІІ адрокся 2 сакавіка ад трона. 2 сакавіка пленум Петраградскага Савета ўхваліў рашэнне аб прадастаўленні Галоўнаму Камітэту Дзяржаўнай думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень быў утвораны Часовы ўрад на чале з князем Г.Я. Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Такім чынам, у краіне ўтварылася двоеўладдзе. На працягу сакавіка 1917 г. рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі.

Першыя паведамленні аб рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28 лютага. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4 сакавіка ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя, якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. Міліцыю ўзначальваў М.В. Фрунзе. 4 сакавіка ў Мінску і Гомелі створаны першыя Саветы. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, у тым ліку 11 Саветаў рабочых, 11 салдацкіх дэпутатаў, 14 аб’яднаных Саветаў і 1 Савет сялянскіх дэпутатаў. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў быў з адзіным выканаўчым камітэтам на чале з меншавіком Б. Позернам і яго намеснікам бальшавіком У. Любімавым.

Саветы асноўную задачу бачылі ў арганізацыі рабочых і сялян, у абароне іх эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў. Саветы на Беларусі прызнавалі кіруючую ролю Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а таксама Часовы ўрад і яго органы на месцах. Саветы фактычна падпарадкоўваліся органам Часовага ўрада.

У беларускіх губернях ствараліся органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4 сакавіка абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі камітэт парадку. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губернскай земскай управы Б. Самойленку мінскім губернскім камісарам, гарадскога галаву Б. Хржантоўскага – мінскім гарадскім камісарам. У Віленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях былі зацверджаны губернскія камісары, у паветах прызначаны павятовыя камісары.

Да канца сакавіка 1917 г. дзейнічалі прафсаюзы рабочых і служачых амаль ва ўсіх галінах прамысловасці. Яны патрабавалі скарачэння рабочага дня, павелічэння заработнай платы, паляпшэння эканамічнага становішча працоўных.

Беларускае сялянства станоўча аднеслася да перамогі Лютаўскай рэвалюцыі. 20 красавіка ў Мінску адкрыўся з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і свабодных ад нямецкай акупацыі Віленскай губерняў. Канчатковае вырашэнне аграрнага пытання з’езд, які стаяў на эсэраўскіх пазіцыях, адклаў да склікання Устаноўчага сходу. За эсэрамі пайшлі з’езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Працягвалася дэмакратызацыя войска. На Заходнім фронце пачалі стварацца салдацкія камітэты. У выніку абвастрыліся ўзаемаадносіны паміж салдатамі і афіцэрамі, што прывяло да ўтварэння двоеўладдзя і паскарэння разлажэння войска. 7–17 красавіка 1917 г. адбыўся І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту. Ён прызнаў неабходным працягваць вайну з мэтай абароны рэвалюцыі і падтрымліваў палітыку Часовага ўрада.

Лютаўская рэвалюцыя не спыніла разбурэння народнай гаспадаркі Беларусі. Аб’ём вытворчасці за гады вайны склаў каля 30% даваеннага ўзроўню. Колькасць рабочага класа ў 1917 г. зменшылася да 270 тыс., 100 тыс. рабочых былі мабілізаваны ў армію. Сельская гаспадарка прыходзіла да запусцення.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Двоеўладдзе – адначасовае існаванне дзвюх улад (у адной краіне, горадзе).

Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў – органы дзяржаўнай улады, якія складаліся з выбарных або прызначаных асоб і мелі кіраўнічае значэнне ў жыцці дзяржавы.

Часовы ўрад Расіі – цэнтральны орган дзяржаўнай улады пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі да склікання Устаноўчага сходу.

Устаноўчы сход Расіі – сход прадстаўнікоў насельніцтва краіны, скліканне якога рыхтаваў Часовы ўрад для вырашэння далейшага лёсавызначальнага развіцця дзяржавы і грамадства.

Храналогія падзей

23 лютага 1917 г. – пачатак рэвалюцыі ў Петраградзе.

27 лютага 1917 г. – створаны Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэутатаў.

2 сакавіка 1917 г. – адрачэнне Мікалая ІІ ад трону.

4 сакавіка 1917 г. – утвораны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

12.Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ажывілася дзейнасць агульнарасійскіх партый – кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, бальшавікоў; таксама ўзмацніўся беларускі нацыянальны рух. У маі 1917 г. аформілася Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС), праграму якой падтрымлівала Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Яны абаранялі асновы буржуазнага ладу, выступалі за прыватную ўласнасць, аўтаномію Беларусі ў межах расійскай дзяржавы.

Вясной 1917 г. узнавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Акрамя Беларусі, яе арганізацыі дзейнічалі ў Петраградзе, Маскве, Кеве, Адэсе, Калузе і іншых гарадах. Да сярэдзіны 1917 г. БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых. 7 красавіка 1917 г. на канферэнцыі БСГ прыняла рэзалюцыю аб падтрымцы Часовага ўрада, выступіла за вырашэнне аграрнага пытання "Краявым сеймам аўтаномнай Беларусі", прапанавала рыхтавацца да Устаноўчага схода, вяла агітацыю за федэратыўную рэспубліку і аўтаномію Беларусі. Блізка да БСГ стаяла Беларуская народная грамада (БНГ).

Па ініцыятыве БНПС 25 сакавіка 1917 г. быў скліканы з’езд “беларускіх дзеячоў”, мэтай якога стала аб’яднанне ўсіх нацыянальных сіл і накіраванне іх у рэчышча барацьбы за “нацыянальны ідэал”. На з’езде быў абраны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), старшынёй якога стаў Р. Скірмунт. Была прынята рэзалюцыя ў падтрымку Часова-га ўрада.

8–12 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся другі з’езд беларускіх партый і арганізацый. На з’ездзе замест скасаванага БНК была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, з кастрычніка 1917 г. яна стала называцца Вялікай беларускай радай – адзіным кіруючым органам усяго беларускага нацыянальнага руху. Асноўнымі праграмнымі патрабаваннямі Рады з’яўляліся прызнанне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, развіццё нацыянальнай культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска. На з’ездзе разгарнулася вострая барацьба паміж БСГ і БНПС. У выканкам ЦРБА былі выбраны толькі прадстаўнікі фракцыі БСГ, у сувязі з чым БНПС адклікала сваіх прадстаўнікоў са з’езда. Прыход жа БСГ да кіраўніцтва ЦРБА абвастрыў супярэчнасці ў гэтай партыі. У верасні 1917 г. з БСГ выйшла некалькі раённых арганізацый. Па ініцыятыве А. Чарвякова ў Петраградзе была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП), якая прыняла бальшавіцкі накірунак.

15 кастрычніка 1917 г. на сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый прадстаўнікі левага крыла БСГ у знак пратэсту супраць палітыкі правых сіл адмовілася ад удзелу ў сесіі. БСГ раскалолася на дзве часткі. Левую плынь, якая аб’ядноўвала Петраградскую, Маскоўскую і Бабруйскую арганізацыі, узначальваў Петраградскі камітэт БСГ.

На трэцім з’ездзе БСГ, які праходзіў у Мінску 14–25 кастрычніка, меркавалася перагледзець партыйную праграму і тактыку, а фактычна адбыўся распад партыі.

Вялікая беларуская рада прыкладала значныя намаганні па стварэнню нацыянальнага войска. У кастрычніку ў Мінску быў праведзены з’езд салдатаў-беларусаў Заходняга фронту, затым у Віцебску – Паўночна-заходняга, у Кіеве – Паўднёва-заходняга, а ў Адэсе – Румынскага франтоў. На з’ездзе ў Мінску была створана Цэнтральная беларуская вайсковая рада і выбраны яе выканкам; на які была ўскладзена задача па фарміраванню беларускіх вайсковых частак. Але выканаць яе не паспелі.

Перамога Лютаўскай рэвалюцыі ператварыла Расію ў самую дэмакратычную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала народным масам магчымасць шырока карыстацца палітычнымі правамі. 1 верасня 1917 г. Расійская імперыя была абвешчана Расійскай рэспублікай. Разам з тым да ўлады ў Саветах і Часовым урадзе прыйшлі палітычныя сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую палітычную барацьбу. Разам з прамаруджваннем у вырашэнні надзённых задач (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сялянскага малазямелля, скасаванне нацыянальнага прыгнёту, пераадольванне найбольш небяспечных праяў ваеннай разрухі) прывяло да паступовага пераходу сімпатый найбольш арганізаваных і рашуча настроеных удзельнікаў Лютаўскай рэвалюцыі (рабочых, салдат, матросаў) на бок бальшавікоў, якія падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 г.

Такім чынам, напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыўся раскол у беларускім нацыянальным руху. Правыя былі задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі і прасілі ў Часовага ўрада аўтаноміі для Беларусі. Левыя патрабавалі ажыццяўлення ў краіне радыкальных пераўтварэнняў, за што выступалі бальшавікі.

Храналогія падзей

25 сакавіка 1917 г. – з’езд “беларускіх дзеячоў”. Утвораны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК).

8–12 ліпеня 1917 г. – ІІ з’езд беларускіх партый і арганізацый. Замест БНК створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, з 28 кастрычніка – Вялікая беларуская рада.

14–25 кастрычніка 1917 г. – ІІІ з’езд Беларускай сацыялістыч-най грамады, фактычны распад партыі.

Пытанні для самаправеркі

1. Пералічыце асноўныя напрамкі і змест беларускага нацыя-нальнага руху пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі.

13.Пачатак веку – 24 кастрычніка 1917 г. – адзін з адметных перыядаў у развіцці беларускай нацыі і яе культуры. Кардынальныя рэвалюцыйныя падзеі з чаргаваннем у іх уздымаў і спадаў і войны ўнеслі тым не менш важны ўклад у культурны працэс. Так, у 1900–1905 гг. выйшлі з друку на беларускай мове “Вязанка” Я. Лучыны, “Калядная пісанка на 1904 год” і інш. У 1906 г. у пецярбургскім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” былі выпушчаны “Беларускі лемантар, або першая навука чытання” і “Першае чытанне для дзетак-беларусаў”. У 1908–1914 гг. на кніжны рынак паступілі беларускія выданні 77 назваў агульным тыражом звыш 226 тыс. экзэмпляраў.

Рэвалюцыя 1905–1907 гг. выклікала ажыўленне перыядычнага друку. 1 верасня 1906 г. у Вільні выйшаў першы нумар штотыднёвай газеты на беларускай мове “Наша доля”. Пяць з шасці нумароў газеты былі канфіскаваны, на шостым нумары яе выданне спынена.

3 лістапада 1906 г. у Вільні пачала выходзіць газета “Наша ніва” – цэнтр легальнага нацыянальна-культурнага руху. У склад рэдакцыі ўвайшлі былыя члены ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады І. Луцэвіч, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, А. Уласаў (рэдактар), Я. Купала (рэдактар); з 1914 г. газета выходзіла штотыднёва. Была разлічана пераважна на вясковага чытача і нацыянальную інтэлігенцыю. Газета абараняла адраджэнскія ідэалы, правы і свабоды беларускага працоўнага народа. Пры рэдакцыі газеты стварыўся Беларускі нацыянальны музей. Газета выдавала штогадовы “Каляндар “Нашай нівы”, альма-нахі: “Зборнік “Нашай нівы”, “Каляндарную пісанку 1913 год” і інш. Дзесяцігоддзе “Нашай нівы” называюць “нашаніўскім перыядам” у гісторыі беларускага нацыянальнага руху. З “Нашай нівай” звязана станаўленне і далучэнне да вызваленчай барацьбы Я. Купалы, Я. Коласа, Э. Пашкевіч (Цётка), М. Багдановіча, А. Гаруна, М. Гарэцкага, З. Бядулі, Ц. Гартнага і іншых.

Адбыліся новыя змены ў сістэме школьнага навучання. Замест царкоўнапрыхадскіх школ адкрываліся народныя вучылішчы; гарадскія вучылішчы ператвораны ў чатырохкласныя агульнаадукацыйныя школы павышанага тыпу. Колькасць сярэдніх навучальных устаноў павялічылася да 88. Атрымала далейшае развіццё прафесіянальная адукацыя. У 1911 г. у пачатковых школах вучыліся толькі 18,4% дзяцей школьнага ўзросту.

Праблема падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў вырашалася шляхам адкрыцця новых настаўніцкіх семінарый і інстытутаў. У 1910 г. быў адкрыты настаўніцкі інстытут у Віцебску, у 1913 г. – У Магілёве, у 1914 г. – у Мінску.

Набіралі моц навуковыя даследаванні гісторыі Беларусі, побыту і культуры яе насельніцтва. У 1910–1914 гг. выдаваліся “Записки Северо-Западного отдела русского географического общества” (4 кнігі). У 1910 г. выдадзены М.К Любаўскім. “Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна”, Я.Ф. Арлоўскім “Гродзенская даўніна” (ч.1) і інш. У 1902 г. у Магілёве створаны таварыства па вывучэнню беларускага краю і Гісторыка-этнаграфічны музей. У 1908 г. у Мінску быў арганізаваны царкоўны гістарычны камітэт. У 1909 г. створана Віцебская архіўная камісія. У 1912 г. заснавана Таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Галоўная заслуга ў гэтым належыць Я.Ф. Карскаму (1861–1931), які ў 1903–1922 гг. вынікі сваёй працы апублікаваў у кнігах “Беларусы”.

Станаўленне нацыянальнага прафесійнага тэатра звязана з творчай дзейнасцю І. Буйніцкага, спачатку ў фальварку Палевачы (цяпер Глыбоцкі р.). У 1910–1913 гг. ствараецца прафесійны тэатр у Вільні, у 1917 г. у Мінску створана Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (рэжысёры Ф. Ждановіч і У. Галубок).

Пэўную ролю ў развіцці прафесійнай музыкі адыграў Л. Рагоў-скі. Значнымі постацямі ў беларускім выяўленчым мастацтве з’яўляюцца А. Гараўскі, Н. Сільвановіч, Ю. Пэн, Я. Кругер, Ф. Рушчыц, В. Бялыніцкі-Біруля. У беларускім дойлідстве ўжываліся рознастылёвыя формы: неаготыка, неабарока, неакласіцызм, псеўдавізантыйскі і псеўдарускі стылі. Найбольш значнымі пабудовамі таго перыяду можна лічыць мемарыяльны комплекс у вёсцы Лясная, створаны ў гонар двухсотгоддзя перамогі рускіх войскаў над шведамі, Чырвоны касцёл (касцёл Сымона і Алёны) у Мінску.

Такія асноўныя накірункі развіцця беларускай культуры ў пачатку ХХ ст.

Храналогія падзей

1906 г. – газета “Наша доля”.

1906–1915 гг. – газета “Наша ніва”.

1908 г. – чырвоны касцёл (касцёл Сымона і Алёны).

1910 г. – адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут.

1914 г. – адкрыты Мінскі настаўніцкі інстытут.

Пытанні для самаправеркі

1. Пералічыце асноўныя накірункі і дасягненні ў развіцці беларускай культуры ў пачатку ХХ ст.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]