Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ігар БАБКОЎ лекцыи.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
25.11.2019
Размер:
523.26 Кб
Скачать

2. Беларуская філязофія, беларускае мысьленьне і філязофія Беларусі

З азначанай вышэй пэрспэктывы мы маем магчымасьць разглядаць гісторыю ўласна філязофіі Беларусі. У дадзеным выпадку яна разумеецца як пэўная гістарычна канкрэтная інстытуалізаваная форма эўрапейскага мысьленьня, з гістарычна паўсталай традыцыйнай прадметнасьцю, акрэсьленымі мэханізмамі трансляцыі і г.д. І, адпаведна, складаецца гэтая гісторыя зь некалькіх пэрыядаў.

Перадгісторыі 10—15 стст, калі разам з бізантыйскай традыцыяй да нас прыходзіць само слова “філязофія”, ідэя філязофіі, але без мясцовага інстытуцыйнага ўвасабленьня. Гэтая новая традыцыя цягам трох стагодзьдзяў зьяўляецца бесперапыннай і ўтварае ў выніку Віленскую школу філязофіі.

Але ў сярэдзіне 19 ст. гэтая традыцыя абрываецца.

Да канца 20-х гг. 20 ст. мы можам гаварыць пра філязафічную культуру, але не пра філязофскую традыцыю. А ад канца 20-х пачынаецца беларуская савецкая філязофія, якая анічога ня ведае пра папярэднюю традыцыю і ўсьведамляе сябе як пачынальніцу "філязофскай культуры" на гэтых тэрыторыях. Ідэя “чыстага аркуша” знаходзіцца ў адпаведнасьці з савецкім гістарычным мітам, паводле якога сапраўдная беларуская гісторыя пачынаецца ад 1917 г. Беларуская савецкая філязофія канчаткова інстытуалізуецца пасьля Другой сусьветнай вайны, калі засноўваецца адзьдзяленьне філязофіі БДУ, а Інстытут філязофіі Акадэміі навук стаецца паўнавартаснай акадэмічнай інстытуцыяй.

І хаця менавіта ў межах беларускай савецкай філязофіі распачынаюцца гісторыка-філязофскія дасьледаваньні і фармуецца дысцыпліна “Гісторыя філязофіі Беларусі”, структура разрыву з традыцыяй захоўваецца.

Бо калі разглядаць беларускую савецкую (і постсавецкую) філязофію як цэлае, дык яна шукае сваю генэалёгію ў большай ступені ў Салаўёва, Пушкіна, Ламаносава і пратапопа Авакума, чым у Абдзіраловіча, Міцкевіча, Доўгірда, Сьнядэцкага, Нарбута, Скарульскага і шматлікіх іншых прадстаўнікоў прафэсыйнай філязофіі.

3. Лякальнасьць, аўтахтоннасьць, пэрыфэрыйнасьць

На першы пагляд беларуская філязофская традыцыя выступае як пэрыфэрыйная. Пэрыфэрыйная ў двух сэнсах. Па-першае, у параўнаньні з эталоннай зьмястоўнасьцю цэнтральнага філязофскага канону. Гэта значыць залежная ад тых альбо іншых сфармуляваных адказаў на філязофскія запытаньні. І тады мы займаемся тым, што шукаем залежнасьці ды ўплывы, маркіруючы пэўным чынам тутэйшыя тэксты ў іхнай суаднесенасьці з цэнтральным канонам. Напрыклад: Ян Сьнядэцкі — прыхільнік шатлядзкай школы філязофіі, філязофіі здаровага розуму. А Ёзэф Галухоўскі — пасьлядоўнік Шэлінга.

Па-другое, гісторыя філязофіі Беларусі выглядае на пэрыфэрыйную зыходзячы з унутраных, дысцыплінарных крытэрыяў філязафічнасьці філязофскага тэксту. І хаця кожная эпоха мае свае ўласныя крытэры філязафічнасьці, заўсёды знаходзіцца пэўная колькасьць тэкстаў, якія, хаця й дэкляруюць сябе як філязофскія, але не адпавядаюць цалкам гэтым крытэрам. У некаторых традыцыях гэтыя каляфілязофскія тэксты пераважаюць, і гісторыя філязофіі Беларусі тут не выключэньне. У гэтым сэнсе мы маем толькі дзьве цалкам прафэсыйна-філязофскія традыцыі: Віленскую філязофскую школу і гэтак званую “беларускую савецкую філязофію”.

Разам з тым мы будзем разрозьніваць пэрыфэрыйнасьць традыцыі, правінцыйнайсьць і яе аўтаркічнасьць, то бок яе самадастатковасьць. Правінцыйная традыцыя імкнецца быць заўсёды ў курсе апошніх адказаў, але ніколі ня ставіць самі пытаньні. Аўтаркічная традыцыя фармулюе лякальнае кола пытаньняў і спрабуе ўнівэрсалізаваць лякальную праблематыку.

Зрэшты, ва ўсім гэтым нас ня мусіць пужаць само слова "пэрыфэрыйнасьць". Яно ані ў якім разе не зьвязана з комплексам непаўнавартасьці. У пэўным сэнсе цэнтральнымі, па вялікім рахунку, у філязофіі выступаюць толькі пытаньні. Адказы ж, хаця менавіта зь іх і фармуецца гісторыка-філязофскі канон, заўсёды пэрыфэрыйныя. Да таго ж, сёньня ўвогуле ўсе традыцыі так альбо інакш выступаюць як пэрыфэрыйныя. Замест канструяваньня ўнівэрсальнага канону гісторыя філязофіі перапісваецца як сукупнасьць лякальных, пэрыфэрыйных традыцыяў інкарнаванага мысьленьня.