Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ігар БАБКОЎ лекцыи.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
25.11.2019
Размер:
523.26 Кб
Скачать

4. Канструяваньне канону

Тэза пра шматмоўнасьць, поліэтнічнасьць і транскультурнасьць беларускай культурнай традыцыі ўжо даўна не зьяўляецца новай для беларускай гуманістыкі. Але праблема, якім чынам і на якіх прынцыпах улучаць у беларускі культурны наратыў іншамоўныя, іншаэтнічныя, а ў новаэўрапейскія часы і іншакультурныя фрагмэнты традыцыі, застаецца нявырашанай ані тэарэтычна, ані практычна. Дэ факта лінейная вэрсыя беларускай культурнай гісторыі (зарыентаваная пераважна на моўны ды этнакультурны крытэры) сыстэматычна парушаецца з 60-х гг. нашага стагодзьдзя, калі аб’ектамі разгляду беларускіх філёзафаў і літаратуразнаўцаў сталіся лацінамоўныя і польскамоўныя тэксты. Прыводзяцца сур’ёзныя аргумэнты што да ўлучэньня ў корпус традыцыі расейскамоўных тэкстаў другой паловы 19 — пачатку 20 ст. Ясна, што пры гэтым традыцыйная вэрсыя беларускай культурнай гісторыі як гісторыі росквітаў, заняпадаў і адраджэньняў мусіць быць дапоўненая іншымі праграмамі.

Крытэры адбору. Здаецца, найбольш просты крытэр — тэрытарыяльны. Усе тэксты, якія паўсталі на тэрыторыі Беларусі, усе аўтары, якія тут тварылі, і складаюць традыцыю. Але ёсьць пэўныя праблемы. Па-першае, сучасная нацыянальная тэрыторыя зь яе межамі і Менскам як культурнай сталіцай, паўстала толькі ў першай траціне 20 ст., а ў поўным аб’ёме і ўвогуле пасьля Другой сусьветнай вайны. Толькі ад гэтага часу мы можам гаварыць пра супадзеньне этнічных, дзяржаўных і ўласна культурных межаў. Раней жа культурныя межы Беларусі (прынамсі, на поўнач і поўдзень) былі адкрытыя: гэта значыць, што протабеларуская культурная прастора ўваходзіла як складовая частка ў больш шырокія, макрарэгіянальныя культурныя альянсы, цэнтры, сталіцы, якія знаходзіліся (альбо маглі знаходзіцца) па-за тэрыторыяй сучаснай Беларусі, але інтэлектуальная прадукцыя ў якіх тварылася (і спажывалася) пры істотным удзеле беларусаў. Так, недзе ад 16 да першай паловы 20 ст. бясспрэчнай рэгіянальнай культурнай сталіцай для тагачасных беларусаў і літоўцаў была Вільня зь Віленскай езуіцкай акадэміяй і шматлікімі асяродкамі, а супольным для беларусаў і ўкраінцаў цэнтрам праваслаўнай культуры — Кіеў зь іншай акадэміяй, — Кіева-Магілянскай. Бясспрэчна, усе адпаведныя тэксты ёсьць фактам і беларускай культурнай традыцыі таксама. Пасьля ж інкарпарацыі Вялікага княства ў Расейскую імпэрыю (недзе ад пачатку 19 ст.) акрамя Вільні і Кіева, на ролю гэткага ж мульцікультурнага, камсапалітычнага цэнтра пачынае прэтэндаваць Пэтэрбург, у якім утвараюцца досыць вялікія "дыяспары".

З гэтага цалкам ясна, што крытэрам адбору аніяк ня можа быць крытэр адзінай мовы. Знаходзячыся ў цывілізацыйным разломе, мы фіксуем 6 літаратурных моваў: старабеларускую, стараславянскую, лаціну, польскую, расейскую і беларускую. Прычым 5 зь іх былі мовамі рэгіянальнымі, мовамі міжкультурнай камунікацыі і, адпаведна, культурная прадукцыя ў гэтых мовах мела таксама рэгіянальны характар і ня можа быць атаясамлена напоўніцу з нацыянальнай. Акрамя гэтага існавалі шматлікія пераходныя, "макаранічныя" альбо крэалізаваныя вэрсыі, што паўставалі на сутыкненьні тых альбо іншых рэгіянальных моваў: так, у творах і перакладах Скарыны мы бачым пэўную крэалізацыю стараславяншчыны, насычэньне яе старабеларускім лексычным альбо сынтаксычным матэрыялам.

Этнічнае паходжаньне творцы таксама не выпадае лічыць дастатковым крытэрам, які штосьці дазваляе прасьвятліць. Самаразуменьне творцы, самадэфініцыя часам прыводзяць нас да разнастайных хімэрычных ідэнтычнасьцяў, такіх, напрыклад, як сармацкая, ліцьвінская, крыўская, вялікалітоўская й г.д. Калі Дунін-Марцінкевіч, напрыклад паведамляе нам, што ён "узрос сярод ліцьвінаў", але "палюбіў беларусінаў", гэта значыць усяго толькі, што ён у свой час пераехаў з заходняй часткі Мінскага рэгіёна ва ўсходнюю.

Як бачым, пералічаныя крытэры дастатковыя, але не неабходныя. Гэта значыць, што кожны зь іх можа выступаць як дастатковая ўмова ўлучэньня таго альбо іншага тэксту ў гісторыю філязофіі Беларусі, але кожны паасобку можа й адсутнічаць.

С.Санько ў артыкуле "Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю. Прэзумпцыя аўтахтоннасьці і дэканструкцыя традыцыі" паспрабаваў прапанаваць вышэйзгаданыя прынцыпы (аўтахтоннасьці і дэканструкцыі традыцыі) як падставовыя ў аналізе і інтэрпрэтацыі традыцыйнай культуры. Мы лічым, што пэўным чынам мадыфікаваныя, гэтыя прынцыпы могуць выступаць як базавыя ў дачыненьні да ўсёй беларускай транскультурнай традыцыі (і нават для аналізу якой-колечы гетэрагеннай культурнай спадчыны).

Прынцып аўтахтоннасьці ён фармулюе такім чынам: "...Гэты прынцып патрабуе, каб усялякая зьява культуры перадусім разглядалася як мясцовая з паходжаньня, як паўсталая ў выніку паступовага эвалюцыйнага развою самой мясцовай культуры, калі адваротнае не даведзена, альбо ня можа быць даведзена". І далей: "...Прынцып прэзумпцыі аўтахтоннасьці абавязкова павінен дапаўняцца іншым прынцыпам, які я называю прынцыпам "дэканструкцыі традыцыі". Патрэбнае новае перараскладаньне ўсяе нашае традыцыйнае спадчыны на яе складовыя элемэнты з акцэнтаваньнем увагі на маргіналізаваных і рэпрэсаваных яе элемэнтах (у прыватнасьці, балцкім і дахрысьціянскім) і надаваньні ім права голасу".

Прынцып аўтахтоннасьці зыходзіць з таго, што ўсялякі культурны эпіфэномэн (асабліва ў шматкультурным асяродзьдзі) перадусім мусіць быць лякалізаваны і зьвязаны зь іншымі зьявамі гэтага ж лёкусу. У дачыненьні, напрыклад, да польскамоўных тэкстаў 18 і 19 стагодзьдзяў гэта ня значыць адмаўленьне альбо "заціраньне" факту іхнай "польскасьці". Але значыць прыняцьцё факту тагачаснай "польскасьці" як аўтахтоннага эпіфэномэну, зьмест і форма якога падлягае крытычнай дэканструкцыі.

Уласна кажучы, працэдура крытычнай дэканструкцыі: мы мусім, не пагаджаючыся з тоеснасьцю, шукаць і знаходзіць моманты рознасьці, моманты, у якіх тэкст, падзея ці ідэнтычнасьць розьняцца з саміх сябе.