Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
История Беларуси -2.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
08.06.2020
Размер:
498.18 Кб
Скачать

8. Беларускі этнас ва ўмовах складвання і развіцця рынкавых адносін у XIX – пачатку хх ст. Фарміраванне беларускай нацыі.

Рэформа 1861 г., вызваліўшы сялян ад прыгоннай залежнасці, стварыла ўмовы для капіталістычнай перабудовы памешчыцкай і сялянскай гаспадарак з арыентацыяй на рынак. Рабочая сіла стала таварам, пашырыліся магчымасці яе міграцыі.

У канцы XIX ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Асновай утварэння тэрытарыяльнай супольнасці нацыі з’яўляецца наладжванне і развіццё гаспадарчых сувязей, якія пераадольваюць эканамічную замкнёнасць асобных раёнаў і сцягваюць іх у адно кампактнае цэлае. Этнічная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы 5 заходніх губерняў Расійскай імперыі. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні; Лідскі, Ашмянскі і паўднёвую частку Свянцянскага павета ў Віленскай губерні; Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай губерні; Брэсцкі, Ваўкавыскі, Пружанскі і Слонімскі паветы Гродзенскай губерні. Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных адносінах у параўнанні з іншымі раёнамі. Тут пражывала амаль палова пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія гаворкі склалі дыялектную аснову беларускай літаратурнай мовы. Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся, якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш замаруджана, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў. Паводле перапісу 1897 г., на тэрыторыі 5 заходніх губерняў пражывала 5 млн 408 тыс. беларусаў, 3,1 млн рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Польскае і літоўскае насельніцтва канцэнтравалася ў асноўным у заходніх паветах Гродзенскай і Віленскай губерняў, рускае і латышскае – у паўночных паветах Віцебскай губерні, украінскае – у Кобрынскім і Брэсцкім паветах Гродзенскай губерні. Яўрэйскае насельніцтва пражывала на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у гарадах і мястэчках. Сярод гараджан 5 заходніх губерняў яўрэі складалі 53,5 %, а ва ўсім насельніцтве – 13,8 %.

У другой палове ХІХ – пачатку XX ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак. На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з XVIII ст. фактычна стала мёртвай. Таму ў новых гістарычных абставінах крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’явілася вусная паэтычная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала бытавая лексіка, слаба была прадстаўлена вытворчая, юрыдычная, адміністрацыйна-канцылярская тэрміналогія. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы.

3 другой паловы XIX ст. усё больш актыўна ўжываюцца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 г., беларускую мову роднай лічыла 74 % насельніцтва Беларусі. Этнонім “беларусы” паступова выцясняў лакальныя тэрміны тыпу “літвіны”, “чарнарусы”. Аднак ён не меў яшчэ агульнаэтнічнага зместу. Існавалі рэгіянальныя назвы (палешукі), канфесіянізмы (рускія і палякі). Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу. Працы І.І. Насовіча, М.А. Дзмітрыева, Ю.Ф. Крачкоўскага, А.М. Семянтоўскага, М.Я. Нікіфароўскага, Я.Ф. Карскага, Е.Р. Раманава і іншых аўтараў аб’ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы В. Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаецца як суб’ект гістарычнага працэсу.