Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Контрольная работа.docx
Скачиваний:
12
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
54.91 Кб
Скачать

2. Літаратура і мастацтва ў вкл. Кнігадрукаванне

Літаратура – гэта ўсё пісьменства, сукупнасць пісьмовых і друкаваных тэкстаў, у якіх зафіксаваны вопыт працоўна-практычнага, навукова-тэарэтычнага і эстэтычнага асваення рэчаіснасці чалавекам.

Развіццю пісьменства і літаратуры ў XIII-XV ст. садзейнічалі палітычнае аб’яднанне беларускіх зямель у ВКЛ, у якім беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У гэты перыяд актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады твораў зарубежнай літаратуры на беларускую мову. У 1-й палове XV ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне, у якім творча выкарыстаны старажытна-рускія літаратурныя традыцыі. Першыя беларуска-літаратурныя летапісныя помнікі (“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” і Беларуска-літоўскі летапіс 1446) адлюстравалі ролю літаратурна-беларускай дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам беларускай гістарычнай прозы. Важныя культурна-гістарычныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, зараджэнне рэнесансавага гуманізму, пашырэнне сувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі развіццю беларускай літаратуры ў XVI ст. У эпоху Адраджэння высокай дасканаласці дасягнула беларуская літаратурная мова, створаны выдатныя помнікі прававой думкі беларускіх і літоўскіх народаў, з’явіліся новыя віды і жанры, склалася плеяда таленавітых літаратараў, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі літаратуры. Этапнае значенне ў гісторыі беларускай літаратуры мела шматгранная творчая дзейнасць асветніка-гуманіста, першадрукара, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Ён быў заснавальнікам новага, гуманістычнага тыпу перакладу ва Усходняй Еўропе, аўтарам змястоўных і дасканалых прадмоў. Першую рэнесансавую паэму аб роднай зямлі “Песня пра зубра” склаў на лацінскай мове М. Гусоўскі. У перыяд позняга Адраджэння беларуская літаратура развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэлігійнага вальнадумства. Публіцыст і перакладчык С. Будны выдаў у Нясвіжы “Катэхізіс” (1562) – першую друкаваную кнігу на тэрыторыі Беларусі; абаронца роднага слова В. Цяпінскі першы пераклаў Евангелле на беларускую мову. Найбольш значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л. Сапега. Сярод тагачасных паэтаў вылучаўся А. Рымша, які пісаў свае творы на беларускай і польскай мовах. Важнае значэнне мелі пераклады на беларускую мову выдатных твораў сусветнай літаратуры: кніг Бібліі, гістарычных аповесцей і рыцарскіх раманаў (пра Аляксандра Македонскага, Траянскую вайну, Атылу, Трыстана), зборнікаў навел і іншых[7, с.375].

Беларускае мастацтва XIV-XVI стст. развівалася ва ўмовах узмацнення Вялікага Княства Літоўскага[4, с.129]. Яно вызначалася шэрагам адметных рыс. Па-першае, яно па-ранейшаму мела пераважна рэлігійны характар, але колькасць твораў, арыентаваных на свецкае грамадства, увесь час павялічвалася. Па-другое, узмацненне цэнтральнай улады спрыяла ўзрастанню ролі вялікакняскага двара як у палітычна-гаспадарчым, так і ў культурным жыцці краіны. Пры гэтым фундатарская дзейнасць вялікага князя ў пэўнай ступені кампенсавала яе нізкі ўзровень развіцця ў асяроддзі магнатаў і шляхты, дзе адпаведныя традыцыі яшчэ толькі пачалі фарміравацца. Па-трэцяе, дамінаванне "заходняга вектара" ў знешняй палітыцы ВКЛ прывяло да таго, што візантыйскія культурныя традыцыі пачалі паступова выцясняцца з шырокага ўжытку заходнееўрапейскімі мастацкімі стылявымі напрамкамі.

У выніку гэтага айчыннаму мастацтву ХIV-ХV ст. быў ужо ўласцівы сінтэз розных культурных традыцый. Сярод іх, таксама як і ў архітэктуры, на беларускіх землях у азначаны перыяд найбольшы ўплыў мелі візантыйскі, раманскі і гатычны стылі.

Для першага з іх — візантыйскага — было характэрна выкарыстанне здабыткаў антычнасці з апорай на жывапіс і амаль поўным ігнараваннем аб'ёмнай скульптуры.

Улічваў асобныя традыцыі антычнай культуры і раманскі стыль. У ім панавала рэлігійная тэматыка, але з падачы каталіцкай царквы галоўнай мэтай тагачасных жывапісцаў было жаданне адлюстраваць менавіта магутнасць і веліч Бога. Другой адметнасцю раманскага стылю ў мастацтве сталі шматлікія адступленні ад рэальных прапорцый (празмерна вялікія галовы, маленькія ногі і рукі), што было выклікана жаданнем падкрэсліць асобны жэст і вылучыць і індывідуальныя рысы персанажаў.

Працягам падобных творчых пошукаў стала выпрацоўка гатычнага стылю, які ў мастацтве праявіўся ў паглыбленні і ўскладненні сінтэзу розных яго кірункаў. Нягледзячы на тое, што рэлігійная тэматыка з прызнаннем панавання ў свеце вышэйшых ірацыянальных сіл па-ранейшаму пераважа- ла, колькасць сюжэтаў істотным чынам пашырылася, а на першае месца выйшла скульптура, якая стала асноўным элементам аздаблення фасадаў і ал- тароў каталіцкіх храмаў.

Што ж да Беларусі, то пранікненне сюды заходнееўрапейскіх стыляў пачалося яшчэ ў ХІІ-ХIIІ ст. У айчынным фрэскавым жывапісе раманскія традыцыі праявіліся ў роспісах Пятніцкай царквы Бельчыцкага манастыра пад Полацкам. У фрэсцы "Стрэчанне" ўсе фігуры былі размешчаны на адной лініі, над якой уздымалася толькі галава юнага Хрыста, што падкрэслівала значнасць менавіта гэтага персанажа. У фрэсцы "Раскрыжаванне" таксама прасочваюцца раманскія рысы - фігуры Маці Боскай і апостала Іаана, размешчаныя па адзін бок крыжа, былі значна паменшаны і быццам аддалены ад гледача. Акцэнт тут рабіўся на крыжы, у параўнанні з якім нават цела Хрыста здавалася зменшаным. Драматызм моманту падкрэсліваўся на- пісаным у вельмі экспрэсіўнай манеры тварам Хрыста. Такім чынам, хоць візантыйскі канон жывапісу і дамінаваў у Беларусі, але раманская тэндэнцыя манументалізацыі вобразаў таксама прысутнічала. Мелі раманскія рысы і фрэскі Полацкага храма-пахавальні, які ўваходзіў у комплекс Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Можна меркаваць, што роспісы гэтага храма вызначаліся насычанай афарбоўкай і выразнымі лініямі контураў. Асаблівая ўвага ўдзялялася тварам святых, што павінна было сведчыць пра эмацыянальнае напружанне вобразаў.

На жаль, аб далейшай эвалюцыі айчыннага фрэскавага жывапісу зараз можна меркаваць толькі тэарэтычна. З прычыны шматлікіх войнаў ды рабаванняў айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама даволі рэгулярнай перабудовы большасці мясцовых храмаў у Беларусі не захавалася аніводнага прыкладу гатычных фрэсак, хоць пра іх існаванне вядома з дакументальных крыніц (палацы ў Гародні, Полацку, касцёл у Ішкалдзі). Разам з тым творы беларускіх мастакоў (у дакументах называліся "русінамі") ацалелі ў замках і храмах Полынчы, дзе яны з'явіліся пасля Крэўскай уніі і былі вядомы пад назвай "грэчаскага сценапісу" (Гнезна, Люблін, Вісліца, Кракаў і Сандамір). У цэлым для іх характэрны падкрэсленая манументальнасць вобразаў, вытанчаны каларыт, суразмернасць прапорцый, выразнасць малюнка і інш.

Пад уплывам заходнееўрапейскага мастацтва зарадзіўся ў Беларусі і свецкі фрэскавы партрэт. Адметнымі рысамі яго сталі "застылыя", амаль безжыццёвыя твары персанажаў, што практычна цалкам адпавядала іканапіснай традыцыі. У якасці прыкладаў можна прывесці фрэскі з выявамі Ягайлы ў Любліне і Вітаўта ў Троках пачатку XV ст. Вядома, што і ў Віцебску на сцяне Міхайлаўскай царквы таксама меўся партрэт Альгерда з жонкай Ульянай, але ён, на жаль, да нашага часу не захаваўся. Пад Мсціславам яшчэ ў XIX ст. у царкве Ануфрыеўскага манастыра захоўваліся партрэты тутэйшых фундатараў - князя Юрыя Мсціслаўскага (1395-1458) і яго жонкі Соф'і.

Эвалюцыяніравала ў азначаны перыяд і тэхніка стварэння абразоў. Асобна вылучаўся тут палеска-валынскі іканапіс. Найбольш ранні з ацалелых абразоў - "Маці Божая Дарагабужская" (мяжа ХІІІ-ХІV ст.). У пінскай Варварынскай царкве дагэтуль захоўваецца абраз "Маці Адзігітрыя Божая Іерусалімская", які датуецца XV ст. У цэлым гэты выдатны твор іканапісу насычаны ўнутранай гармоніяй, духоўным адзінствам, а яго кампазіцыйнае рашэнне адметнае сваёй велічнасцю, што характэрна для кананічнай візантыйскай манеры рэлігійнага жывапісу.

Разам з тым, згодна з апісаннямі, пранікалі ў айчынны іканапіс і га- тычныя традыцыі, якія праяўляліся ў нервовай, ломкай лініі, якой ма- дэліраваліся рысы твару і рук, імклівым, кінутым у бок позірку, вытанчаным сілуэце і ў выразным рытме складак адзення.

З працягам летапісання і перапісвання кніг далейшае развіццё ў Бе- ларусі атрымала гравюра, у якой візантыйскія традыцыі таксама цесна перапляліся з раманска-гатычнымі. Адметнасцю яе ў тыя часы стала значнае пашырэнне побач з выявамі людзей так званага звярынага стылю. У апошнім, дарэчы, акрамя рэальна існуючых жывёл ды птушак прысутнічалі і фантастычныя істоты з народных казак і паданняў (кітаврас, птушка-сірын).

Найвыдатнейшым тагачасным дакументальным помнікам з'яўляецца Радзівілаўскі летапіс, які, верагодна, быў створаны ў Смаленску ў 1485-1495 гг. Сам яго тэкст мае традыцыйны змест ("Аповесць мінулых гадоў" і апісанне падзей у Паўночна-Усходняй Русі за 1112-1206 гг.).

На жаль, тагачасныя скульптуры, якія ўпрыгожвалі храмы і княжацкія палацы, вырабляліся пераважна з дрэва і ў большасці не дайшлі да нашых дзён. Сярод ацалелых вылучаецца выява Хрыста з кампазіцыі "Распяцце" канца XIV ст. з в. Галубічы Глыбоцкага раёна. У 1470-1480-я гг. былі выкананы скульптурныя выявы архангела Міхаіла (в. Шарашова, Пружанскі раён) і архангела Рафаіла з Товіям (в. Ялава, Пружанскі раён), а ў пачатку XVI ст. вобразы Марыі Магдаліны і Іаана Багаслова (в. Мсцібава, Ваўкавыскі раён). Перавага готыкі тут праявілася ў экспрэсіўнай напружанасці поз перса- нажаў, выцягнутасці прапорцый іх целаў, быццам бы "накрухмаленых" складках адзення і інш. Цікавым мастацкім помнікам з'яўляецца і "Святы Гжэгаж" (Полацк, канец XV - пачатак XVI ст.). Цалкам рэалістычны вобраз ужо сталага чалавека ў вольнай позе (сядзіць у крэсле) сведчыць пра значныя змены, што адбыліся ў тагачаснай скульптуры.

Распавядаючы пра тагачаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, трэба адзначыць далейшае развіццё тэхналогіі і прыёмаў, звязаных з вы- рабам айчыннымі разьбярамі абразкоў. Унікальным мастацкім помнікам таго часу з'яўляецца славуты абраз "Маці Боская Жыровіцкая". Паводле падання ён вядомы з 1470 г. і ўяўляе сабою адносна невялікі авал з яшмы, на якім змешчана рэльефная выява Маці Божай з маленькім Хрыстом у правай руцэ. Згодна з паданнем, гэты абраз знайшлі ў лесе пастушкі, і ў далейшым ён стаў лічыцца цудатворным (шмат разоў узнаўляўся іканапісцамі).

Неабходна таксама асобна спыніцца на працы пінскага майстра Ананія (канец XV - пачатак XVI ст.). У драўляным абразку "Прамудрасць ствары сабе храм" ён у круглых медальёнах рознай велічыні паказаў славутыя Саламонавы прытчы. Да таго ж, выкарыстоўваючы рознавысокі аб'ёмны рэльеф, Ананій змясціў побач з імі выявы Маці Боскай, св. Сафіі, Іаана Дамаскіна, анёлаў, шэрага простых людзей у малітоўных позах, а таксама контуры велічнага храма [3, с.583-587].

Калыскай усходнеславянскага і беларускага кнігадрукавання стала Прага, а потым Вільня. Станаўленне кнігадрукавання на беларускіх землях у іх сучасных межах адбываецца з сярэдзіны XVI ст. і звязана з уздымам рэфармацыйнага руху ў Вялікім княстве Літоўскім.

Першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарня была створана ў Бярэсці. Яна дзейнічала ў 1550 – 1570-я гады пад апекай канцлера Вялікага княства Літоўскага, віленскага ваяводы і берасцейскага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага і выпусціла больш за 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах рознага зместу [1, с.447].

Беларускім першадрукаром быў асветнік і гуманіст Францыск Скарына (каля 1490 - каля 1551).

У 1521 г. у Празе ён выдаў на тагачаснай літаратурнай беларускай мове 23 біблейскія кнігі Старога запавету, якія, як вядома, з'яўляюцца неацэнным помнікам сусветнай культуры. Гэта неацэнны ўнёсак Ф. Скарыны ў развіццё беларускай культуры. Ён не толькі выдаў кнігі Бібліі і творы, якія да гэтага не былі вядомыя беларускаму і заходнееўрапейскаму чытачу, але і пракаментаваў іх, зрабіў больш даступнымі для ўсіх пластоў насельніцтва.

У Вільню ён арганізаваў першую на беларускай зямлі і ва ўсёй усходняй Еўропе друкарню і выдаў дзве кнігі: у 1522 г. - "Малую падарожную кніжыцу", у 1525 г. - "Апостал".

Вялікі прыклад Ф. Скарыны быў падтрыманы іншымі дзеячамі, якія разумелі вялікае гістарычнае і нацыянальна-культурнае значэнне кнігадрукавання для Беларусі. У 50-60-е гады XVI ст. друкарні былі заснаваны ў Брэсце, Нясвіжы, Заблудаве, Вільні, Полацку, Менску, Магілёве, Любчы, Слуцку, Пінску, Супраслі, Іўе і інш.

Гуманістычна-асветніцкія ідэі Скарыны дапаўнялі і развівалі такія дзеячы беларускай культуры гэтага часу, як Мікалай Гусоўскі (каля 1470-1533), які праславіўся сваім творам "Песня пра зубра".

Буйным унёскам у культуру Беларусі з'явілася дзейнасць Сымона Будного (каля 1530-1593). Ён упершыню выдаў надрукаваныя на беларускай мове навучальныя і палемічныя творы "Катэхізіс" (1562), "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам" (1562), "Пра свецкую ўладу" (1583), "Новы Запавет" (1574). Сацыяльныя і палітычныя погляды С. Будного падтрымліваў і развіваў Васіль Цяпінскі (год нараджэння невядомы - памёр каля 1599). Ён выдаў на царкоўнаславянскім і беларускім мовах Евангелле [6, с.128-129].

Вядучую ролю ў беларускім кнігадрукаванні канца XVI — першай паловы XVII ст. адыгралі брацкія друкарні, якія выкарыстоўвалі пераважна кірылаўскія шрыфты, уласцівыя старажытнарускай, а пазней беларускай, рускай і ўкраінскай пісьменнасці, друкавалі кнігі на зразумелай народным масам мове. Нягледзячы на ўзрастаючую паланізацыю мясцовых феадалаў і часткі мяшчанства, у беларускім грамадстве адчуваўся першарадны ўплыў брацкіх кніг.

Станаўленне брацкага кнігадрукавання звязана з фарміраваннем і развіццём брацтваў — спецыфічных нацыянальна-рэлігійных арганізацый беларускага і ўкраінскага праваслаўнага гарадскога насельніцтва.

Троіцкае (пазней Святадухаўскае) брацтва ў Вільні, якое арганізацыйна аформілася ў 1584 г., стварыла ўласную друкарню. У сярэдзіне 1590-х гадоў віленскае брацтва ўзначаліў актыўны праціўнік уніі, дзеяч беларускай і ўкраінскай асветы, пісьменнік-палеміст Стэфан Зізаній. Пад яго кіраўніцтвам брацкая друкарня ў 1595—1596 гг. выпусціла не менш як 11 выданняў (больш за 2200 аркушаў). Да гэтага часу толькі Пражская друкарня Скарыны набліжалася да такой інтэнсіўнасці выдавецкай дзейнасці. На працягу некалькіх гадоў пасля Берасцейскай уніі 1596 г. брацкая друкарня ў Вільні амаль не працавала. А за выданне ў 1608—1610 гг. некалькіх антыуніяцкіх палемічных трактатаў на польскай мове (гэта былі ананімныя выданні М. Сматрыцкага) друкарня была закрыта, а яе вядучыя дзеячы, у тым ліку пісьменнік і прапаведнік Лявонцій Карповіч, арыштаваны.

У гэтых умовах брацтвам была заснавана друкарня ў мястэчку Еўе, каля Вільні (г. Вевіс Літоўскай Рэспублікі). За час свайго існавання (1611-1652) яна выпусціла больш за 25 кірылаўскіх выданняў, у тым ліку знакамітую "Граматыку" М.Сматрыцкага. Друкарня Святадухаўскага брацтва ў Вільні-Еўі была буйнейшай у гісторыі брацкага кнігадрукавання. З канца XVI ст. Вільня стала буйнейшым цэнтрам усходнеславянскага кнігадрукавання.

У выніку ўзмацнення сацыяльна-палітычнага і нацыянальна- рэлігійнага прыгнёту, палітыкі абмежавання брацкага кнігадрукавання, якая праводзілася ўрадам Рэчы Паспалітай у саюзе з каталіцкай царквой, у другой чвэрці XVII ст. назіраецца перамяшчэнне галоўных цэнтраў кірылаўскага кнігадрукавання з заходніх абласцей Вялікага княства Літоўскага ва ўсходнія — у Магілёў і Куцейна.

Адным з асноўных цэнтраў кірылаўскага друкавання ў XVII ст. была друкарня пры Куцеінскім манастыры пад Оршай, заснаваная Спірыдонам Собалем у 1630-х гадах. Яна дзейнічала да сярэдзіны 1650-х гадоў, калі друкары пераехалі ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, а яе абсталяванне было перавезена ў Маскву.

У сярэдзіне XVII ст. у сувязі з працяглымі войнамі, разарэннем брацтваў, значным пагаршэннем грамадска-палітычных умоў спынілася дзейнасць амаль усіх брацкіх друкарняў. У канцы XVII— XVIII стст. працягвала выпускаць кнігі толькі Магілёўская багаяўленская друкарня. Большую частку яе прадукцыі складалі літургічныя выданні на царкоўнаславянскай мове.

Асноўным цэнтрам лаціна-польскага друку ў Вялікім княстве Літоўскім стала друкарня Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1586 г. яна належала Радзівілам). Аснову яе прадукцыі складалі тэалагічныя, рэлігійна-палемічныя выданні, у якіх выразна праяўляліся контррэфармацыйныя, паланізатарскія тэндэнцыі. Але паколькі друкарня належала навучальнай установе, яна выпускала таксама слоўнікі, падручнікі, навуковую літараіуру.

Такім чынам, з канца XVI ст. царкоўнае, брацкае, прыватна- прадпрымальніцкае кнігадрукаванне стала пастаянным фактарам культурнага, грамадска-палітычнага, царкоўна-рэлігійнага жыцця Вялікага княства Літоўскага, Беларусі. У другой палове XVI — першай палове XVII ст. тут фарміруецца даволі шырокі кніжны рынак, расце попыт на друкаваную прадукцыю. Па падліках А.Анушкіна, друкарні Вялікага княства Літоўскага толькі ў XVI ст. выпусцілі больш за 320 выданняў на польскай, лацінскай, царкоў- наславянскай, беларускай, літоўскай і іншых мовах. Падлічана так- сама, што з 1601 па 1654 гг. у Беларусі надрукавана каля 100 назваў кірылаўскіх кніг [1, с.450-452].