Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі. Лекцыі.doc
Скачиваний:
139
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.19 Mб
Скачать

4.4 Утварэнне Рэчы Паспалітай. Барацьба вкл за захаванне незалежнасці

Пасля смерці Жыгімонта Старога гаспадаром ВКЛ і Польшчы стаў яго сын Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548 – 1572 гг.). Важнейшым мерапрыемствам вялікага князя з’явілася падпісанне Віленскага прывілея 1563 г., у якім праваслаўная і каталіцкая шляхта былі канчаткова ўраўняны ў правах. Віленскі прывілей меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, бо дыскрымінацыйныя нормы Гарадзельскага прывілея фактычна не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілеяў 1434 і 1447 гг.). Прывілей 1563 г. быў выдадзены з мэтай палітычнай кансалідацыі шляхты ВКЛ пасля няўдач у Лівонскай вайне.

Разам з тым пры Жыгімонце Аўгусце стала адкрытым супрацьстаянне магнатаў з аднаго боку і шляхты – з другога. Справа ў тым, што на соймах да голасу шматлікай шляхты ніхто не прыслухоўваўся. Усё вырашалі магнаты. Асабліва яскрава супрацьстаянне магнатаў і шляхты выявілася ў час сойма, які сабраўся ў 1562 г. пад Віцебскам. На ім шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбай “учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіраць і права аднолькавае ўжываць”. Гэты зварот Жыгімонт Аўгуст не змог задаволіць, аднак вярхоўная ўлада, каб прыцягнуць на свой бок шляхту, правяла адміністрацыйна-тэрытарыяльную і судовую рэформы 1565 – 1566 гг. Быў уведзены адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на ўзор польскага (створаны новыя ваяводствы і паветы), утвараліся павятовыя соймікі, якія вырашалі мясцовыя пытанні, і павятовыя суды, дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта.

У гэты ж час ВКЛ аказалася ўцягнута ў чарговы маштабны канфлікт з Масквою. Да сярэдзіны XVI ст. Лівонскі ордэн апынуўся ў абставінах сур’ёзнага палітычнага крызісу. Гэта праявілася ў першую чаргу ў ваенным аслабленні дзяржавы. Крызіснае становішча Лівоніі выкарысталі суседнія краіны – Маскоўская дзяржава і Вялікае княства Літоўскае. Зацікаўленасць у падпарадкаванні Лівоніі вынікала са стратэгічна-абарончых меркаванняў і гандлёва-эканамічных інтарэсаў краін. У 1558 г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам, спадзяючыся “прарубіць” выхад у Балтыйскае мора. У 1559 г. магістр ордэна Готгард Кетлер звярнуўся за дапамогай да вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста. Паміж ордэнам і княствам быў заключаны саюз і ордэн перайшоў пад патранат ВКЛ. Але захаваць у час вайны сваю тэрыторыю ордэн не здолеў. Частку зямель захапіла Данія, частку – Швецыя, а Курляндыя і Земгалія, стаўшы наследным герцагствам, апынуліся ў залежнасці ад ВКЛ. У выніку ў 1561 г. Лівонскі ордэн спыніў сваё існаванне.

Пасля далучэння Курляндыі і Земгаліі да ВКЛ маскоўскі цар Іван IV Грозны перанёс ваенныя дзеянні на землі ВКЛ. У лютым 1563 г. была ўзята самая магутная крэпасць – Полацк. Пратрымаліся палачане 16 дзён. Можа, час аблогі яшчэ б працягваўся, каб не памылкі ваяводы Станіслава Давойны. Ён, убачыўшы размяшчэнне маскоўскай артылерыі прама пад пасадскімі сценамі, распарадзіўся запаліць і пакінуць добра ўмацаваны пасад горада. Маскоўскія ратнікі ўварваліся ў пасадскую частку і завязалі бой з палачанамі. Простыя жыхары, якія знаходзіліся тут, убачыўшы такі паварот падзей, вырашылі не ісці ў Верхні замак, а падацца ў маскоўскі лагер. Там апынуліся ад 11 да 20 тысяч палачан. Дзеянні С. Давойны выклікалі крытыку з боку мясцовых баяр. Далешы суцэльны абстрэл замка маскоўскім войскам прывёў да капітуляцыі Полацка.

Пасля захопу Полацка пагроза навісла над Вільняй. Пачаліся мірныя перагаворы з Масквой, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст не мог змірыцца са стратай Полаччыны. У выніку ў студзені 1564 г. ваенныя дзеянні ўзнавіліся. Аднак, поспех быў ужо не на баку Івана Грознага. У 1564 г. пад Чашнікамі на рацэ Ула гетман Мікалай Радзівіл разбіў удвая большы 24-тысячны корпус П.Шуйскага, а затым здолеў дабіцца перамогі над другой рускай арміяй пад Оршай. Пасля гэтага пачалася пазіцыйная вайна. Маскоўскі цар пабудаваў на беларускіх землях крэпасці Туроўлю, Сокал, Красны, Каз’яны, Улу, Сураж. Катастрафічнае становішча ў Лівонскай вайне вымушала ВКЛ да больш цеснага саюзу з Польшчай.

Існавалі і іншыя перадумовы для збліжэння Польшчы і ВКЛ. Сістэма палітычнага кіравання ў ВКЛ складвалася пад уплывам польскага ўзору дзяржаўнага ладу. Так, польскі сенат па сваіх функцыях адпавядаў літоўскай паны-радзе, а шляхецкі сойм быў важнейшым органам дзяржаўнага кіраўніцтва ў абедзвюх дзяржавах. Да таго ж ВКЛ і Польшча часам мелі аднаго гаспадара (Ягайла, Казімір, Аляксандр, Жыгімонт І Стары, Жыгімонт ІІ Аўгуст). У ВКЛ склаўся пэўны пласт насельніцтва, які падтрымліваў унію. Гэта была дробная шляхта, якая хацела атрымаць залатыя шляхецкія вольнасці. Да саюза імкнуліся польскія магнаты, якія жадалі атрымаць у Літве новыя землі і пасады.

Уніі жадаў і сам кароль і вялікі князь, які не меў сыноў і жадаў захаваць саюз польшчы і ВКЛ пасля сваёй смерці. Люблінскі сойм, які павінен быў аформіць саюз ВКЛ і Польшчы, пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся шэсць драматычных месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы. Ніхто не саступаў. Больш таго, калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны пакінулі сойм. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Польская шляхта дабілася ад Жыгімонта ІІ Аўгуста выдання злачынных ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага украінскіх зямель: Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Тэрыторыя ВКЛ звузілася да тэрыторыі Беларусі і Літвы. Гэта поўнасцю супярэчыла Прывілею Аляксандра 1492 г. і Статуту 1588 г., таму існавалі ўсе падставы для пазбаўлення Жыгімонта Аўгуста ўлады, але ВКЛ не магла весці вайну адначасова з Масквой і Польшчай, таму вымушана была саступіць. Ліцвінская дэлегацыя вярнулася ў Люблін і прыняла ўмовы палякаў. У такім выпадку палітыку Польшчы адносна Княства напярэдадні заключэння уніі можна лічыць экспансіянісцкай і вялікадзяржаўніцкай.

1 ліпеня 1569 г. акт Люблінскай уніі паміж Польшчай і ВКЛ быў падпісаны. Ён абвяшчаў, што “каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае складаюць адно нераздзельнае цэлае, адну агульную Рэч Паспалітую”. Узначальваў дзяржаву кароль, які адначасова з’яўляўся і вялікім князем літоўскім. Абранне і каранацыя манарха павінны былі адбывацца ў Польшчы. Асобныя соймы ВКЛ і Польшчы скасоўваліся. Агульныя соймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Унія абвясціла правядзенне адзінай знешняй палітыкі, дазвол палякам набываць землі і пасады ў Літве, а ліцвінам у Польшчы. Грошы ў дзвюх дзяржавах прызнаваліся раўнацэннымі і аднолькавымі, прадугледжвалася уніфікацыя заканадаўства (законы ВКЛ, накіраваныя супраць Польшчы, скасоўваліся і наадварот). У адпаведнасці з умовамі Люблінскай уніі ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай захавала шырокую аўтаномію. Захоўваліся адміністрацыйны апарат, тытул і пячатка, заканадаўства, войска, судовая і фінансавая сістэмы. Дзяржаўнай мовай Княства заставалася старабеларуская. Як бачна, адпаведна акту Люблінскай уніі Польшча і ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай займалі роўнае прававое становішча. Новы дзяржаўна-прававы саюз паміж ВКЛ і Польшчай можна разглядаць як персанальна-парламентарную унію.

Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (апошняга з Ягелонаў) і нядоўгага праўлення француза Генрыха Валуа (1573 – 1574 гг.) каралём Рэчы Паспалітай быў абраны трансільванскі князь Стэфан Баторый (1576 – 1586 гг.). У 1579 г. кароль сабраў 40-тысячнае войска і рушыў на вызваленне Полацка. Рускія войскі 20 дзён стрымлівалі атакі польска-ліцвінскага бока, аднак вымушаны былі адступіць. У 1580 г. ліцвінскае войска замацавала свае поспехі і адваявала ўсе захопленыя Масквой падчас Лівонскай вайны землі, а таксама Вялікія Лукі. Жаўнераў, якія найбольш вызначыліся ў бітвах, кароль адорваў шляхецтвам. Адным з такіх герояў быў Перавал, які распачаў славуты род Пржывальскіх. У 1581 г. Стэфан Баторый планаваў захапіць Пскоў, але горад (буйнейшая каменная крэпасць у рэгіёне) вытрымаў доўгую асаду. У 1582 г. паміж ваюючымі бакамі было заключана Ям-Запольскае перамір’е. Масква адмовілася ад Лівоніі на карысць Рэчы Паспалітай, а таксама перадала Літве Веліж. Стэфан Баторый у сваю чаргу вярнуў Івану Грознаму Вялікія Лукі. Як і для ўсяго ВКЛ, так і ў прыватнасці для Беларусі, што пацярпела больш за іншыя землі, завяршэнне Лівонскай вайны стала важнай гістарычнай падзеяй.

Дзяржаўна-прававыя сувязі паміж Польшчай і ВКЛ пасля 1569 г. будаваліся не ў поўнай меры на падставе акта Люблінскай уніі. Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае адпаведна гэтаму дакументу павінны былі займаць роўнае прававое становішча. На самой справе польскія кіруючыя колы адводзілі Княству ролю правінцыі. З моманта ўтварэння Рэчы Паспалітай палякі зрабілі шэраг парушэнняў і прынізілі ліцвінскі бок. Па-першае, трэць зямель ВКЛ напярэдадні ўтварэння Рэчы Паспалітай у адпаведнасці з актамі Жыгімонта Аўгуста была супрацьпраўна далучана да Польшчы. У адпаведнасці з заканадаўствам ВКЛ князь не прызнаваўся ўласнікам дзяржавы і не меў права памяншаць яе тэрыторыю. Па-другое, вялікакняжацкі сойм юрыдычна перастаў існаваць, а на вальным сойме Рэчы Паспалітай са 180 дэпутатаў толькі 46 былі з ВКЛ. Па-трэцяе, палітычная дыскрымінацыя дапаўнялася эканамічнай. Дазвол польскай шляхце атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах Княства стварыў небяспечнага канкурэнта для мясцовай знаці.

Усё гэта выклікала ў шырокага кола шляхты незалежніцкія антыпольскія памкненні. Яны праяўляліся ў рэзкім непрыняцці пераважнай большасцю шляхты, як буйной, так і дробнай, асобных палажэнняў уніі і наогул палітыкі каралёў Рэчы Паспалітай, рэзідэнцыяй якіх у другой палове XVI ст. быў Кракаў. Апазіцыйныя настроі і ўчынкі знаходзілі сваё праяўленне як у словах, так і ў справах пануючага саслоўя ВКЛ. У лісце аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага да трокскага кашталяна Астафія Валовіча, які быў напісаны ўсяго праз 5 гадоў пасля уніі, гаварылася: “Не дай бог ляху быць каралём, выража Літву і тым больш Русь”. Яшчэ больш рэзка супраць прапольскай палітыкі Жыгімонта Аўгуста выказаўся аўтар сатырычнага твора “Прамова Мялешкі”, што датуецца 1589 г.: “Прэч Жыгімонта караля! Таго і да людзей няма чаго прылічаць, бо Падляшша і Валынь нашыя згубіў, ляхам патураючы”.

Антыпольскія словы не разыходзіліся са справамі ліцвінскіх палітыкаў. Насуперак Люблінскай уніі на працягу 70-80-гг. XVI ст. у ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. Прычым у час бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай 1574 – 1576 гг. на сойме ў Вільні разглядалася пытанне аб выбары караля. Больш таго, ліцвіны прапаноўвалі свае кандыдатуры – маскоўскага цара Івана Грознага ці яго сына Фёдара. Але ў гэтым іх не падтрымалі палякі. Тым не менш, Стэфан Баторый атрымаў карону ВКЛ асобна на сойме ў Вільні. Пры яго падтрымцы ў 1581 г. была створана асобная вышэйшая судовая інстанцыя для Вялікага княства – Галоўны трыбунал.

Самым важкім здабыткам у барацьбе за дзяржаўную самастойнасць нашай дзяржавы было прыняцце ў 1588 г. трэцяга Статута ВКЛ. Згодна з ім скасоўваліся многія пастановы Люблінскай уніі. Найбольш паказальным з’яўлялася тое, што ў Статуце сама унія наогул не ўзгадваецца. Паводле зместу гэтага заканадаўчага помніка, ВКЛ з’яўлялася дзяржавай не толькі з асобным заканадаўствам, але і ўласнай тэрыторыяй, апаратам улады, войскам і фінансамі. Палякам як чужынцам было забаронена набываць землі і атрымоўваць пасады ў ВКЛ. Гэты закон не быў парушаны нават падчас барацьбы паміж каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587 – 1632 гг.) і канцлерам ВКЛ Львом Сапегам за пасаду віленскага біскупа. Справа ў тым, што Жыгімонт ІІІ прызначыў на гэтую пасаду паляка Бернарда Мацяеўскага, а канцлер да каралеўскага ўказа не прыціснуў вялікакняжацкую пячатку. У рэшце ў 1600 г. пасада была аддадзена ліцвіну Бенядзікту Войне.

Пасля такіх выступленняў польскі бок вымушаны быў ісці на ўступкі ліцвінам. З 1655 г. польскім воінскім часцям было забаронена без дазволу перасякаць мяжу ВКЛ, а з 1673 г. кожны трэці сойм пачаў збірацца ў Гародні. У 1696 г. шляхта ВКЛ цалкам ураўноўвалася з польскай у адносінах узмацнення кантроля над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Як бачна, інкарпараваць ВКЛ у склад Польшчы не ўдалося. Княства заставалася паўнапраўнай адзінкай федэрацыі.

Разам з тым у межах Рэчы Паспалітай паступова адбываліся працэсы паланізацыі ліцвінскай шляхты. Праз далучэнне да “залатых вольнасцей” фарміравалася своеасаблівая супольнасць – “народ шляхецкі” (у процівагу бяспраўнаму “люду простаму”). Шляхта Рэчы Паспалітай аб’ядноўвалася адзінымі правамі і прывілеямі, у значнай ступені адзінай рэлігіяй (каталіцкай), а таксама польскай мовай. У 1696 г. пастановай сойма ўсё афіцыйнае справаводства ў дзяржаве было пераведзена на польскую мову. Між тым, поўнага этнічнага атаясамлення беларуска-літоўскай шляхты з польскай ніколі не існавала. Ліцвінская самасвядомасць ва ўсе часы прысутнічала ў шляхецкім асяроддзі.