Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі. Лекцыі.doc
Скачиваний:
139
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.19 Mб
Скачать

4.10 Развіццё культуры Беларусі ў хvіі – хvііі ст. Барока. Асветніцтва

Культурнае жыццё ВКЛ у ХVІІ – ХVІІІ ст. было абумоўлена папярэнім этапам развіцця і знаходзілася ў залежнасці ад далёка неспрыяльных палітычных і сацыльна-эканамічных умоў. Пад уплывам ідэй Адраджэння адбываецца трансфармацыя агульнадзяржаўнага летапісання ў мясцовае. У XVII – XVIII стст. былі створаны “Баркулабаўская хроніка”, “Магілёўская хроніка”, “Віцебскі летапіс” Панцарнага і Аверкі. Узнікаюць творы мемуарнай літаратуры (лісты аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага, дыярыушы ці дзённікі Фёдара Еўлашоўскага, Яна Цадроўскага, Афанасія Філіповіча). Адбываецца нараджэнне камедыйна-сатырычнай плыні ў літаратуры, прадстаўленай такімі творамі як “Прамова Мялешкі” (канец XVI –першая палова XVII ст.), “Ліст да Абуховіча” (1655), “Прамова русіна”.

У літаратуры і мастацтве асноўным з XVII ст. становіцца стыль барока. У гэтым стылі напісаны творы настаўніка Полацкага калегіўма Мацея Сарбеўскага, паэта-панегірыста Даніэля Набароўскага, асветніцкая паэма Фамы Іяўлевіча “Лабірынт, або заблытаныя шляхі Мудрасці” (1625 г.), творы Сімяона Полацкага. Мысліцель і асветнік Сімяон Полацкі (сапраўднае прозвішча – Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629 – 1680) вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, працаваў настаўнікам у брацкай школе. У 1664 г. пераехаў у Маскву, быў настаўнікам царскіх дзяцей, у т.л. будучага імператара Пятра І, для якога надрукваў “Буквар языка славенска”. Выдаў зборнікі вершаў “Псалтыр рыфматворная”, “Вертоград многоцветный”. Па яго ініцыятыве была створана першая ў Маскве вышэйшая адукацыйная ўстанова – Славяна-грэка-лацінская акадэмія.

У XVI – першай палове XVIІ ст. адбываецца будаўніцтва палацава-замкавых комплексаў у стылі рэнесанс (Мір, Нясвіж, Геранёны, Смаляны). У гэты час у гарадах з Магдэбургскім правам узводзяцца ратушы. Адной з самых старажытных на Беларусі была Нясвіжская ратуша, пабудаваная ў канцы XVI ст. Яскравымі прыкладамі культавага дойлідства былі Нясвіжскі фарны касцёл (першы помнік, які пабудаваны ў стылі барока па праекце італьянскага архітэктара Джавані Бернардоні), Троіцкі касцёл у в. Чарнаўчыцы, Успенская царква і Петрапаўлаўскі касцёл у в. Новы Свержань, фарны касцёл у Гродна, кальвінскія зборы ў Смаргоні, Асташына, Кухцічах. Праваслаўныя храмы афармляліся на аснове старажытнарускіх традыцый з захаваннем візантыйскіх архітэктурных формаў, а каталіцкія – ў заходнееўрапейскім гатычным стылі.

У першай палове XVIІ ст. ў выяўленчым мастацтве, нараўне з маляваннем абразоў і фэсак, характэрным становіцца так званы сармацкі (рыцарскі) партрэт. Да ліку такіх партрэтаў належыць партрэт Ю. Радзівіла, якога празвалі “літоўскім Геркулесам” за вялікі рост і фізічную сілу. Цікавым з’яўляецца мемарыяльны партрэт жонак магната Януша Радзівіла – Катажыны і Марыі, створаны ў 1646 г. віленскім мастаком І. Шрэтэрам. У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб кафлі.

Найбольш яскравым прыкладам развіцця тэатра на Беларусі стала распаўсюджанне народнага лялечнага тэатра – батлейкі. Батлейка ўяўляла сабой скрыню з дошак у выглядзе хаткі ці царквы, усярэдзіне якой паказваліся лялькі-персанажы. Пры езуіцкіх калегіумах дзейнічалі школьныя тэатры.

У разглядаемы час развівалася пераважна царкоўная музыка. У XVII ст. распаўсюдзіліся мясцовыя варыянты песень: слуцкі, супрасльскі, магілёўскі і інш. Брацкімі хорамі выконваліся шматгалосыя спевы па партыях. У касцёлах гучалі арганы. Выдатным помнікам музычнай культуры з’яўляецца “Полацкі сшытак”, складзены з твораў, запісаных ў XVIІ стст. круглымі італьянскімі нотамі, якія ляглі ў аснову сучаснай нотнай граматы.

Гістарычныя ўмовы развіцця культуры Беларусі былі ўскладнены ў сярэдзіне XVIІ-XVIІІ стст. шматлікімі войнамі. У выніку у другой палове XVIІ ст. беларускае насельніцтва, галоўным чынам майстры-рамеснікі, прымусова перасялялася ў Расійскую дзяржаву. Вялікая колькасць беларусаў апынулася ў Маскве, дзе пасялілася ў Мяшчанскай слабадзе. Майстры з Беларусі на чале са шклоўскім разьбяром Клімам Міхайлавым стварылі сапраўдны шэдэўр XVIІ ст. – пяціярусны, разьбяны, пазалочаны іканастас у Смаленскім саборы маскоўскага Новадзявочага манастыра. Беларускія майстры таксама ўпрыгожвалі аб’ёмнай пазалочанай разьбой палац цара Аляксея Міхайлавіча ў сяле Каломенскім пад Масквой.

Сярод вядомых вучоных другой паловы XVII – пачатку XVIII стст. трэба назваць Казіміра Семяновіча – аўтара кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” (выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме). Ён першым у свеце стварыў праект шматступенчатай ракеты і лічыцца папярэднікам К. Цыялкоўскага. Славутага картографам XVII ст. быў Тамаш Макоўскі. Ён падрыхтаваў лепшую карту ВКЛ, якая выдавалася ў Амстэрдаме ў 1603 і 1613 гг. Юзаф Наронскі выдаў кнігу Геаметрыя, або трактаванне і майстэрства ўсялякага вымярэння”. Аляксей Дубовіч выдаў “Каляндар праўдзівай царквы” (1644 г.). Гэта цікавы агляд па гісторыі сусветнай астраноміі і каляндарных сістэм. Па даручэнні Пятра І выданнем кніг у Амстэрдаме на рубяжы XVII – XVIII ст. займаўся Ілля Капіевіч. Ён выдаў першы дапаможнік па матэматыцы на рускай мове “Краткое и полезное руковедение во арифметику” (1699).

Першым беларускім філосафам-атэістам называюць Казіміра Лышчынскага. Яго за трактат “Аб неіснаванні Бога” (1687 г.) спалілі на вогнішчы ў Варшаве. Значныя дасягненні былі зроблены ў галіне навукова-прававой думкі ВКЛ: прафесар Віленскага універсітэта Аляксандр Алізароўскі напісаў кнігі “Аб палітычнай супольнасці людзей” (1651), “Палітычныя пытанні”. Станіслаў Шчука ў крытычным трактаце “Зацьменне Польшчы” (1709), прапаноўваў правесці рэформу палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай.

У другой палове XVIІІ ст. на тэрыторыю Беларусі з Заходняй Еўропы пачынаюць пранікаць ідэі Асветніцтва, якія абвяшчалі прыярытэт асветы, навукі, розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Грамадскім ідэалам становіцца адукаваны чалавек. Асветніцтва павінна было ліквідаваць застарэлы феадальны лад і адкрыць шлях да ўтварэння новага – буржуазнага ладу.

У ВКЛ Асветніцтва мела свае асаблівасці:

1) праваднікамі ідэй была не буржуазія, а шляхта;

2) паколькі Рэч Паспалітая знаходзілася ў становішчы глыбокага ўнутры- і знешнепалітычнага крызісу, у руху Асветніцтва вядучую ролю адыгрывалі так званыя “актыўныя рэфарматары”, якія выступалі з ідэямі рэфармавання і адраджэння дзяржавы (Антоній Тызенгаўз, Іяхім Храптовіч);

3) у літаратуры і мастацтве развіваліся розныя напрамкі ад барока і класіцызму да ракако і сентыменталізму, але вядучыя пазіцыі пачаў заваёўваць класіцызм.

У часы Асветніцтва на Беларусі пашыраюцца ідэі французскіх філосафаў-фізіякратаў. Фізіякраты – французскія буржуазныя эканамісты, якія прызнавалі зямлю і земляробства адзінай крыніцай багацця, а сельскагаспадарчую працу – адзінай вытворчай працай. Ідэі фізіякратаў развівалі Міхаіл Карповіч, Геранім Страйноўскі, Іяхім Храптовіч. Адам Нарушэвіч, Тадэвуш Млоцкі у сваіх творах выступалі прыхільнікамі канцэпцыі натуральнага права, якое дадзена Богам, замацавана грамадскай дамовай з уладай і павінна ахопліваць і аб’ядноўваць усё насельніцтва. Пры гэтым яны выступалі за манархічны лад з моцнай цэнтральнай уладай. Філасофскія працы стваралі Казімір Нарбут, Бенядзікт Дабшэвіч, Саламон Майман, Анёл Доўгірд. Праваслаўны дзеяч Георгій Каніскі (1717 – 1795) меў глыбока рэлігійныя перакананні, аднак паважліва ставіўся да поглядаў Каперніка і Галілея. Г. Каніскі крытыкаваў усяўладдзе магнатаў у Рэчы Паспалітай. У 1757 г. ён заснаваў Магілёўскую духоўную семінарыю.

Значны ўклад у развіццё беларускай навукі ўнёс Марцін Пачобут-Адляніцкі (1728 – 1810) – рэктар Галоўнай школы ВКЛ, вучоны-прыродазнавец, які вывучаў планету Меркурый, адкрыў невядомае сузор’е, вызначыў каардынаты шматлікіх населеных пунктаў на Беларусі.

Славутыя традыцыі кнігадрукавання працягваліся ў XVIII ст., на працягу якога колькасць друкарняў павялічылася да 11. У 1776 г. выйшла ў свет першая газета на тэрыторыі Беларусі – “Газета Гродзенска” (на польскай мове).

Школьная справа ў XVIІ – пачатку XVIІІ стст. усё яшчэ заставалася ў руках каталіцкай і уніяцкай царквы. Школьная адукацыя была двступна пераважна шляхецкім дзецям. Выкладанне вялося на лацінскай і польскай мовах. Прадметам навучання былі “сем вольных навук” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Цэнтрам адукацыі і навукі па-ранейшаму заставалася Віленская Акадэмія, якая мела статус універсітэта. З 1781 г. Акадэмія называлася Галоўнай школай ВКЛ. Высокі ўзровень адукацыі забяспечвалі езуіцкія калегіумы.

З сярэдзіны XVIІІ ст. пачаліся змены ў сістэме школьнай адукацыі. У 1773 г. была створана Адукацыйная камісія (установа накшталт Міністэрства адукацыі). Цяпер школа стала больш даступнай для ўсіх саслоўяў, характар адукацыі стаў свецкім. Увага надавалася не завучванню на памяць, а развіццю разумовых здольнасцей. Выкладанне вялося на польскай мове замест латыні. Школы падзяляліся на ўзроўні: парафіяльныя (ніжэйшая школа), падакруговыя і акруговыя (няпоўная сярэдняя і сярэдняя школы). Напрыканцы XVIІІ ст. дзейнічала 200 пачатковых і 20 школ сярэдняй ступені. Таксама ў ВКЛ адбывалася станаўленне прафесійнай адукацыі. У Гродна працавала медыцынская школа, заснаваная французскім вучоным Жанам Жыліберам. Пры ёй былі створаны анатамічны кабінет, аптэка, батанічны сад. Ж. Жылібер, знаходзячыся на Беларусі выдаў працу “Літоўская флора”. Таксама ў Гродна і Паставах па ініцыятыве Антонія Тызенгаўза былі арганізаваны медыцынская, акушэрская, фінансавая, чарцёжная і рысавальная школы. У 30-я гг. XVIII ст. на Беларусі з’явіліся піярскія школы. Гэтыя школы належалі каталіцкаму ордэну піяраў, аднак яны былі даволі прагрэсіўнымі для свайго часу: тут вывучаліся матэматыка, прыродазнаўства і гуманітарныя навукі.

Пераважная большасць замкаў гэтага часу будавалася ў стылі барока па праектах Яна Глаўбіца, Джузепе Сака, Карла Спампані. На змену барока ў канцы XVIII ст. прыйшоў класіцызм. У гэтым стылі будаваліся і перабудоўваліся палацава-паркавыя ансамблі ў Гомелі, Валожыне, Ружанах, Слоніме, Дзярэчыне. У гэты час пашыраецца палацава-паркавая архітэктура, звязаная з будаўніцтвам у магнацкіх рэзідэнцыях паркаў са шматлікімі вадаёмамі, каналамі, каменнымі гротамі. Своеасаблівым натуральным будаўнічым матэрыялам сталі дрэвы і расліны.

Уніяцкія храмы ў XVIIІ ст. будаваліся ў стылі віленскага барока. Так, у гэтым стылі паводле праекта Яна Глаўбіца перабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, а таксама пабудаваны цэрквы ў Быцені, Жыровічах, Оршы. Касцёлы будаваліся ў стылі барока, а праваслаўныя храмы захоўвалі рысы візантыйскага дойлідства. Прыкладамі віленскага барока ў Віцебску з’яўляецца ратуша, Васкрасенская (рынкавая) царква і Свята-Ўспенскі сабор.

Самай яркай з’явай беларускай культуры другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Найбольшую вядомасць набылі тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Тызенгаузаў у Гародні, Агінскага ў Слоніме, Сапегаў у Ружанах, Тышкевічаў у Свіслачы. Самым буйным тэатрам Беларусі быў Нясвіжскі, пры ім дзейнічалі балетная, музычная і тэатральная школы. Еўрапейскую славу меў Слонімскі тэатр Міхаіла Казіміра Агінскага (маёнтак Агінскага называлі “Сядзібай Музаў”). У тэатрах ставіліся п’есы замежных аўтараў (Мальера, Вальтэра і інш.). Для Нясвіжскага прыгоннага тэатра п’есы пісала Францішка Уршуля Радзівіл. Многія выхаванцы прыгонных тэатраў праслаўлялі сцэны Варшавы і Пецярбурга.

У XVIIІ ст. музыка выйшла на першы план сярод мастацтваў. Сярод кампазітараў, якія працавалі на Беларусі, набылі вядомасць Міхал Клеафас Агінскі (напісаў паланез “Развітанне з Радзімай”), Ян Давыд Голанд, Мацей Радзівіл. Найбольш папулярным музычным жанрам была опера з камічным сюжэтам. Так, ініцыятарам стварэння оперы “Агатка” быў віленскі ваявода Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку (з гэтымі словамі ён звяртаўся да суразмоўцаў).

У жывапісе ў XVIII ст. папулярным заставаўся партрэтны жанр. Пры двары каралёў Рэчы Паспалітай працавалі прафесійныя еўрапейскія майстры. Да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва належаць вырабы мануфактур – Урэцкай шкляной, Слуцкай шаўковых паясоў, Карэліцкай ткацкай.

Такім чынам, у XVI – XVIІІ стст. створаныя нашымі землякамі шэдэўры папоўнілі залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры.