Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Швед. Губернскі Гродна

.pdf
Скачиваний:
25
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
1.86 Mб
Скачать

Слава пераможаным!

Дажджлівым суботнім вечарам 14 сакавіка 1863 г. на гродзенскай чыгуначнай станцыі адбылася падзея, перадгісторыя якой пачалася значна раней. У 1862 г. гродзенскі губернатар даносіў віленскаму генералгубернатару У.І.Назімаву: «Стаўлю сабе ў абавязак данесці да асабістага Вашага разумення, што кіраванне чыгункаю, якое складаецца выключна з асоб польскага паходжання і пераважна з эмігрантаў, у сапраўднасці стварае непарыўны ланцуг тайных і дакладных зносін, якім не могуць супрацьстаяць ніякія намаганні мясцовага грамадзянскага начальства, бо гэтыя асобы, не падпадаючыя ні пад які кантроль, служаць стараннымі агентамі справе польскіх намаганняў, і спыненне гэтай шкоды можа быць забяспечана не інакш, як выбарам людзей, на адданасць і добрасумленнасць якіх можна было б з упэўненасцю пакласціся».

Гродзенскі губернатар не памыляўся, бо амаль тое ж самае пісаў у сваім артыкуле-ўспаміне С.Славуцінскі, які з 1866 г. працаваў на Гродзеншчыне: «У ліку інжынераў і розных арганізатараў Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі было вельмі шмат французскіх падданых з палякаў-эмігрантаў пасля паўстання 1830-1831 гг. або з іх нашчадкаў, менавіта яны будавалі гэтую дарогу ў прымяненні да новага мяцежнага прадпрыемства. Пра гэтае расказваў мне цалкам даставерны сведка тагачасных гродзенскіх падзей, і што так было ў сапраўднасці, на тое, між іншым, намякае раптоўны ад’езд з Гродна начальніка мясцовай чыгуначнай станцыі з цягніком людзей, якія сабраліся да паўстання...».

У лютым 1863 г. ваяводскі рэвалюцыйны камітэт Гродзенскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі (створанай у 1861 г. В.- К.Каліноўскім і В.Урублеўскім) звярнуўся да усіх сваіх падраздзяленняў з заклікам паскорыць фарміраванне паўстанцкіх атрадаў. Вышэйназваны факт

91

пра начальніка станцыі і быў адказам на гэты заклік. Ваенна-следчай камісіі ўдалося высветліць, што праект выезду гродзенскіх паўстанцаў узнік сярод гімназістаў, якія пражывалі ў інтэрнаце Прушынскага, у так званых «агульных кватэрах» (цяпер вуліца Кірава). Па паказаннях гімназіста А. Кашубы і шляхціца Ю.Гамулецкага, ініцыятарам праекта быў служачы прыказа грамадскай апекі Г.Зуброўскі. У інтэрнаце адбываліся сустрэчы, на якіх абмяркоўваліся падзеі паўстання. Ільдэфонс Клюкоўскі, удзельнік такіх размоў, адзначыў, што большасць гімназістаў падтрымала вучня 7 класа Аляксандра Букрабу, які выказаўся за хуткі выхад « у поле».

Мал. 11. Гродзенская мужчынская гімназія

Сярод гімназістаў праводзіў агітацыю іх любімы настаўнік (прафесар) польскай мовы Станіслаў Максіміліянавіч Навакоўскі. Па паказаннях Я.Жука, ён гаварыў яму «быць у любы час гатовым», а 14 сакавіка, сустрэўшы яго на вуліцы, даў запіску, у якой было сказана, каб ён разам з Ю.Кудзінскім з’явіўся ў палове восьмага на чыгунку каля вакзала для «вядомай мэты». Я.Жук быў старшым па агульнай кватэры і перадаў запіску сваім сябрам.

Ваенна-следчай камісіі не ўдалося даведацца пра самае важнае – пра галоўнага арганізатара праекта. Па разрозненых дадзеных нам удалося ўстанавіць сувязь удзельнікаў падзей з кіраўніцтвам гродзенскай

92

рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі: ваяводаю Эразмам Заблоцкім, улада якога распаўсюджвалася на Гродзенскі, Слонімскі, Ваўкавыскі, Сакольскі і Беластоцкі паветы, злучаныя праз Гродна чыгункаю; вайсковым начальнікам Гродна Цэлесцінам Цэханоўскім. Згодна з рапартам гродзенскага паліцмайстра падпалкоўніка Змеева чыноўнік канцылярыі дваранскай апекі К.Самулінскі разам з Ст.Шантырам і Радавіцкім пераправіліся з-за Нёмана ў ноч з 12 на 13 сакавіка, а перад вечарам 14 сакавіка Самулінскі гуляў па бульвару з начальнікам чыгуначнай станцыі Лявонам Кульчыцкім і бухгалтарам будаўнічай камісіі Эразмам Заблоцкім. Удзельнік выправы Аўгусцін Шэршановіч (Шэршаневіч) перад тым, як ісці на станцыю, з васьмі гадзін вечара да дзевяці быў у знаёмага доктара Ц.Цэханоўскага, у якога потым начаваў.

Хочацца звярнуць увагу яшчэ на аднаго ўдзельніка падзей – Вільгельма Грабоўскага. Ён працаваў пісьмаводам у наглядальніка Друзкеніцкіх мінеральных вод і быў прыкамандзіраваны ў яго камітэт у Гродне. Арыштаваны ён быў на кватэры нам вядомага Зуброўскага. Грабоўскі мог быць сувязным ад атрада Людвіка Нарбута, да якога і была зроблена спроба выправы з Гродна. Уладзіслаў Карбоўскі, аўтар кнігі «Людвік Нарбут», піша, што ў Парэччы чакаў гродзенскую групу брат камандзіра Баляслаў. Гродзенская ўлада баялася, што адтуль яны зробяць напад на горад (пра гэта сведчыў адзін з арыштаваных). Жандарскаму паручніку Геру ўдалося ўстанавіць, што ў Парэччы пад выглядам імянін наглядальніка чыгункі Юліяна Краскоўскага напярэдадні 14 сакавіка адбылася агульная нарада, на якой гаспадар першым падтрымаў Л.Кульчыцкага.

А цяпер падрабязна пра тое, як разгортваліся падзеі 14 сакавіка, калі гродзенскія паўстанцы на чале з начальнікам чыгуначнай станцыі Гродна Лявонам Францавічам Кульчыцкім паспрабавалі выехаць з горада на цягніку. Было тры месцы збору: на чыгуначнай станцыі каля вагонаў, у Брыгіцкага маста, у арцельным доме вёскі Капліца. Асноўныя падзеі, відаць, разгарнуліся на станцыі. З васьмі гадзін тут у павеце пачалі збірацца ўдзельнікі выправы. Ім раздалі зброю (ружжа, пісталеты, кінжалы, сякеры, косы) і павялі да крытых таварных вагонаў і платформаў. У гэты час Кульчыцкі быў у камандзіра 6-ай роты Калужскага палка штабс-капітана Макарава і, калі той

93

аддаў загад аб вывадзе вонкавых вартавых, дык сказаў яму, што яшчэ рана і можна зрабіць гэта пазней, перад прыходам экстраннага цягніка з Сафійскім батальёнам. Сам хутка выйшаў да вагонаў і з іншымі ўдзельнікамі накіраваўся да лакаматыва, які стаяў у гатоўнасці, як дзяжурная машына.

Мал. 12. Н. Орда. Гродна. Чыгуначны вакзал, агульны выгляд 1867 года

Каля 10 гадзін вечара патруль, пасланы з Гродзенскай станцыі ў напрамку чыгуначнага маста, паведаміў Макарава пра тое, што каля лакаматыва знаходзяцца невядомыя асобы, якія на пытанне «Хто яны?» адказалі, што яны рабочыя і рыхтуюцца ехаць за дровамі. Незвычайныя ў начны час перасоўванні машын і вагонаў, данясенні патруля выклікалі падазронасць Макарава, і ён вырашыў, пакінуўшы з прапаршчыку Пушко варту для аховы тэлеграфа і будынка станцыі, праверыць, што робіцца каля лакаматыва.

Трохі раней пададзены цягніком свісток прыцягнуў увагу машыніста Вінтара, які знаходзіўся ўнутры станцыі. Ён каля лакаматыва быў акружаны трыма невядомымі, два з якіх былі ўзброены кінжаламі, а адзін – пісталетам. Апошні быў прыстаўлены да лба Вінтара, ад якога пад пагрозаю смерці патрабавалі везці туды, куды будзе загадана. Не маючы магчымасці супрацьстаяць, машыніст выканаў загад, але паспеў крыкнуць свайму памочніку Якімовічу: «Вагон!». Той добра зразумеў, што ад яго патрабавалі, і

пад покрывам змроку адчапіў лакаматыў ад

вагонаў. Калі гэта было

94

 

зроблена, Вінтар даў ход аднаму лакаматыву (па іншай версіі, гэта зрабіў Кульчыцкі), а сам паспеў выскачыць з яго.

Перад самым рухам машыны да вагонаў падышоў качагар, які ўбачыў, што ў іх знаходзяцца нейкія людзі, а іншыя рыхтуюцца таксама сесці ў вагоны. Ён пайшоў данесці пра гэтае ротнаму камандзіру Макараву. Але той, відаць, ужо выбег з каравулам з будынка станцыі да вагонаў, пачаў крычаць: «Хто тут, што за людзі?», але ў адказ пачуліся стрэлы, і ён быў паранены ў левае плячо. Затым паўстанцы зрабілі залп з усёй зброі і пачалі адыходзіць. Расійскія салдаты адказалі стрэламі, і два паўстанцы былі паранены: чыноўнік канцылярыі дваранскай апекі Казімір Самулінскі і чыноўнік канцылярыі дваранскага дэпутацкага сходу Казімір Талочка (у дакументах следства часта блыталі гэтых двух людзей). Два паўстанца былі затрыманы адразу на месцы здарэння: шляхціц Юзэф Гамулецкі і салдацкі сын Вікенці Жукоўскі.

Сабраныя на станцыі пачалі разбягацца. Цёмная ноч перашкаджала праследаваць іх, але і паўстанцы не маглі дабрацца да дому і хаваліся ў агародах, ровах, блізкіх дварах, на кватэрах знаёмых, якія жылі недалёка ад станцыі. Увесь горад быў акружаны расійскімі войскамі, па вуліцах да світання ездзілі раз’езды з двух кавалерыйскіх эскадронаў. На платформах былі знойдзены 16 ружжаў і пісталетаў, косы, шаблі, 1 пуд 30 фунтаў пораху, свінец і вопратка. Пазней Гродзенская следчая камісія складзе «Вопіс зброі і рэчаў, адабраных ад мяцежнікаў у горадзе Гродне з 2 на 3-е сакавіка 1863 года і перададзеных: зброя – у гродзенскі батальён, а рэчы – у Калужскі пяхотны полк». У гэтым спісе я налічыў 35 адзінак зброі (6 аднаствольных ружжаў, 5 аднаствольных ствалоў, 3 пісталеты, 2 штыкі, 2 шаблі, 2 касы на шасце, 7 сякер і іншае), 51 адзінку рэчаў (сярод іх адзначым 15 геаграфічных картаў, 5 картаў лясоў Гродзенскай губерні, «кашолка з медыкаментамі, вагамі, лыжачкаю і пакетамі для парашкоў, з якіх на адным напісана па польску «Apteka Adamowicza», якая прымацавана да кашолкі»). У спісе была пазначана розная вопратка: шубы, шынэлі, буркі, цёплыя і звычайныя паліто, а таксама 6 скруткаў паперы. Як бачым, гродзенскія паўстанцы сур’ёзна рыхтаваліся да партызанскіх дзеянняў.

Але дабрацца да партызан удалося нямногім. Як было сказана вышэй, вагоны былі адчэплены ад лакаматыва, і кіраўнік выправы Кульчыцкі

95

застаўся без сваіх паўстанцаў. Разам з ім было 7 ці 8 чалавек. Яму ўдалося завалодаць грашыма з касы станцыі. На 20 вярсце ад Гродна Кульчыцкі і яго таварышы пакінулі лакаматыў у цэласці. Па словах гісторыка Ю.Ядкоўскага, Кульчыцкі дайшоў да партызанскага атрада (невядома, ці Л.Нарбута), у адным з баёў быў паранены і трапіў у палон. Архіўныя матэрыялы Мураўёўскага музея гавораць пра смерць Кульчыцкага ад ран.

У снежні 1863 г. быў пасаджаны ў Гродзенскі турэмны замак (былы езуіцкі кляштар) Актавіян Лапінскі. Шаснаццацігадовы былы вучань Гродзенскай гімназіі таксама ўдзельнічаў у сакавіцкай выправе, але тады быў вызвалены з-пад арышту. Напрыканцы красавіка, як ён паказаў на следстве, прачытаў у адной з газет («Сын Отечества» або «Виленский вестник») аб існаванні паўстанцкага атрада ў Аўгустоўскай губерні Каралеўства Польскага. Праз Нёман дабраўся, дзякуючы сустрэчы са знаёмым, да атрада Андрушковіча, пасля бою пад Кадышом тры месяцы партызаніў у атрадзе Ваўра (Канстанціна Раматоўскага). Пачуўшы пра амністыю для тых, хто добраахвотна пакіне паўстанцкія атрады, Лапінскі пайшоў да ваеннага начальніка Сапоцкіна, які адправіў яго ў Гродна. Следчая камісія прызнала Лапінскага «положительно вредным для края» і вырашыла выслаць з месца жыхарства.

Хто яшчэ з гродзенскіх паўстанцаў дабраўся да партызанскіх атрадаў, пакуль невядома, але далейшыя архіўныя пошукі, спадзяюся, дадуць нам новыя матэрыялы. Усіх жа ўдзельнікаў няўдалай выправы з Гродзенскай станцыі налічваецца прыкладна 100 чалавек. Мне ўдалося па розных крыніцах знайсці прозвішчы 71 чалавека, якіх прыцягнулі да следства па справе 14 сакавіка. Сярод іх 25 гімназістаў з Гродзенскай губернскай (былой дамініканскай) гімназіі; 13 чыноўнікаў - з губернскага праўлення (2 чалавекі), канцылярыі гродзенскага губернатара (1 чал.), палаты дзяржаўных маёмасцяў (3 чал.), грамадзянскай і крымінальнай судовых палат, прыказа грамадскай апекі, канцылярый дваранскага дэпутацкага сходу і дваранскай апекі, казённай палаты і камітэта друзкеніцкіх мінеральных вод (ва ўсіх пералічаных па 1 чалавеку); 9 рабочых і служачых чыгункі; 1 аптэкар і 6 аптэкарскіх вучняў з аптэк Кандратовіча, Несцяровіча і Адамовіча; 4 служачыя друкарні

96

гродзенскага губернскага праўлення; студэнт Пецярбургскага універсітэта Г.Даланскі; 12 іншых.

Загадам гродзенскага губернатара генерал-маёра І.У.Галера для расследавання падзеі 14 сакавіка пры Гродзенскім батальёне ўнутранай аховы была створана 16 сакавіка ваенна-следчая камісія. 12 мая яна рапартавала губернатару аб завяршэнні следства. 9 чалавек былі вызвалены ад суда пад нагляд гродзенскай паліцыі: Ю.Пушкарэвіч, Ст.Шантыр, Ст.Развадоўскі, Ян Эйслер, У.Пачобут, Любамір і Лявон Ястржэмбскія, Ст. Куроўскі, Ян Ажэ. Астатнія арыштаваныя былі падзелены на 4 катэгорыі. Да другой аднесены К.Самулінскі і К.Талочка – абодва былі пазбаўлены праў стану і прыгавораны да 3 гадоў катаржных прац. Да трэцяй катэгорыі аднесены Г.Зуброўскі і Г.Далянскі - пазбаўлены праў стану і сасланы на жыхарства ў аддаленыя губерні: першы – у Пермскую, другі – у Табольскую.

16 чалавек, большасць з іх гімназісты, былі прыгавораны да службы радавымі ў Сібірскіх вайсковых частках: Ст.Ражбіцкі, А.Кашуба, Ю.Кашуба, Ю.Кудзінскі, Я.Гартунг, Ю.Гамулецкі, Ян Жук, А.Ржансніцкі, К.Ізбіцкі, Ст.Крэйбіх, А.Шэршэневіч, А.Пржыбылка, Е.Краскоўскі (усе пералічаныя не пазбаўляліся праў стану); А.Сямашка, А.Багатырэвіч, А.Букраба (гэтыя 3 чалавекі захавалі правы стану). Маёмасць усіх названых вышэй падсудных канфіскоўвалася ў казну, а калі маёмасці ў іх не было, дык сяквестр накладваўся на маёмасць бацькоў, з якой тая частка, якая павінна была адысці да іх па спадчыне, канфіскоўвалася ў казну.

Падзеі 14 сакавіка занепакоілі дырэкцыю Гродзенскай гімназіі. Па просьбе дырэктара Шэвелева ў дзень святога Казіміра ў калідорах гімназіі неслі службу 10 падафіцэраў на чале з афіцэрам. У палове красавіка з гімназіі адлічылі без права паступлення ў іншыя вучэбныя ўстановы 119 чалавек. 11 чэрвеня М.М.Мураўёў загадаў дазваляць гімназістам канікулы толькі пад абавязацельствы бацькоў. Восенню забаранілі ўжываць польскую мову ў гімназіі, нават маліцца прымушалі па-руску. У кастрычніку 1863 г. звольнілі з працы інспектара Ст.Наркевіча, а праз паўгода – апошніх прафесараўпалякаў: Гедройца (выкладчыка матэматыкі), Белаўскага (лацінскай мовы), Ю.Карэйву, Гінтаўта, В.Вайновіча і Мройскага.

97

Вось так журботна скончылася справа 14 сакавіка. Калі Вы праходзіце каля будынка новага вакзала, звярніце ўвагу на мемарыяльную шыльду, прысвечаную падзее 1863 г., і пакланіцеся нашым мужным продкам, якія пакінулі нам у спадчыну ідэю незалежнасці:

Ажэ Ян Эльяшэвіч, вучань Гродзенскай гімназіі.

Антушэвіч Юзаф Адамавіч, вучань 5 класа Гродзенскай гімназіі. Арцішэвіч Вікенці, аптэкарскі вучань.

Арцымовіч Вінцэнт Тамашэвіч, адстаўны вайсковец. Багатырэвіч Антоні Францішкавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Бараноўскі Міхаіл Юзафавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Баршчыцкі Уладзімір Уладзіслававіч, аптэкарскі вучань. Баяроўскі Юліян, калежскі сакратар грамадзянскай палаты. Бергель Марцін Янавіч, шляхціц.

Блашынскі Станіслаў Кантаравіч, друкар друкарні губернскага праўлення.

Букраба Аляксандр Валер’евіч, вучань 7 класа Гродзенскай гімназіі. Быстры Юзаф Ксавер’евіч, вучань Гродзенскай гімназіі.

Валінскі Генрык, вучань Гродзенскай гімназіі. Верашчынскі Антоні.

Высоцкі Юзаф Міхайлавіч, служачы канцылярыі гродзенскага губернатара.

Высоцкі Міхаіл, канцылярскі служачы палаты дзяржаўных маёмасцяў. Галконд Антоні Янавіч, чыноўнік палаты дзяржаўных маёмасцяў. Гартунг Януары Андрэевіч, вучань 5 класа Гродзенскай гімназіі. Гамулецкі Юзаф Віктаравіч, былы вучань Гродзенскай гімназіі. Грабавецкі Вільгельм, служачы ўпраўлення Друзкеніцкіх вод.

Далянскі Генрык Мацэевіч, студэнт Пецярбургскага універсітэта, кандыдат па юрыдычнаму факультэту.

Дзмітрыеў Андрэй, аптэкарскі вучань. Жмайловіч Ян, шляхціц Кобрынскага павета. Жук Ян Юзафавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Жукоўскі Вікенці, салдацкі сын.

Зуброўскі Гіпаліт Аляксандравіч, памешчык Гродзенскага павета.

98

Ізбіцкі Баляслаў Якубавіч, служачы губернскага праўлення. Ізбіцкі Клеменс Якубавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Карчэўскі Ян Ксавер’евіч, вучань 4 класа Гродзенскай гімназіі.

Карны Канстанты Мацэевіч, вучань 7 класа Гродзенскай гімназіі. Кашуба Адольф Юльянавіч, вучань 5 класа Гродзенскай гімназіі. Кашуба Юзаф Юльянавіч, вучань Гродзенскай гімназіі.

Казімерскі Ян Мацэевіч, бухгалтар палаты дзяржаўных маёмасцяў. Краскоўскі Юліян Адольфавіч, шляхціц, наглядальнік на чыгунцы. Краскоўскі Ежы Адольфавіч, шляхціц, служачы на чыгуначным вакзале. Крэйбіх Станіслаў Казіміравіч, вучань Гродзенскай гімназіі.

Крэвел Казімір Янавіч, селянін.

Кудзінскі Юзаф Янавіч, вучань 6 класа Гродзенскай гімназіі.

Кульчыцкі Леон Францавіч, наглядальнік (па іншых дадзеных начальнік) гродзенскай станцыі Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

Куроўскі Станіслаў Адамавіч, аптэкарскі вучань аптэкі Дзічкоўскага. Квяткоўскі Антоні Антоніевіч, вучань Гродзенскай гімназіі.

Лапінскі Актавіян Стэфанавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Мазуркевіч Ігнаці Карлавіч, мешчанін.

Мілкевіч, вучань Гродзенскай гімназіі.

Навакоўскі Станіслаў Максімільянавіч, настаўнік польскай мовы ў Гродзенскай гімназіі.

Немчыноўскі (Немчыновіч) Вечыслаў (Венцэслаў), вучань 7 класа Гродзенскай гімназіі.

Пржыбылка Адам Андрэевіч, шляхціц, тэлеграфіст на чыгуначнай станцыі Гродна.

Пушкарэвіч Юліян Мікалаевіч, шавец.

Плаўскі Эміль (Емельян) Францішкавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Пачобут Уладзіслаў Юзафавіч, памешчык Ваўкавыскага павета. Рагоўскі, вучань Гродзенскай гімназіі.

Развадоўскі Станіслаў Юзафавіч, аптэкарскі вучань. Ражбіцкі Станіслаў Нарбертавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Ржонсніцкі Антон, былы вучань Свенцянскай гімназіі.

Ружко Тэадор Фрыдрыхавіч, вартаўнік чыгуначнай ст. Гродна.

99

Самулінскі Казімір Ігнацьевіч, служачы дваранскай апекі. Сямашка Антоні Стэфанавіч (Сцяпанавіч), прыватны настаўнік. Сямашка Юзаф.

Талочка Казімір Тамашэвіч, служачы канцылярыі дваранскага сходу. Філістовіч Ян, рабочы чыгункі.

Хамічэўскі Сільверст Вікенцьевіч, канцылярскі служачы губернскага праўлення.

Чачот Эдвард Ксавер’евіч, служачы казённай палаты. Чачот Людвіг Ксавер’евіч, служачы крымінальнай палаты. Шантыр Станіслаў, шляхціц Гродзенскага павета.

Шмідт Адольф, гродзенскі аптэкар, арандатар аптэкі Адамовіча. Шмігіра, вучань Гродзенскай гімназіі.

Шыдлоўскі Адольф Андрэевіч, служачы губернскага праўлення. Шэршэневіч Аўгусцін Янавіч, вучань Гродзенскай гімназіі. Эйсляр Юзаф, аптэкарскі вучань.

Янкоўскі Караль Станіслававіч, друкар друкарні губернскага праўлення. Ястржэмскі Любамір Юзафавіч, шляхціц, служачы чыгункі.

Ястржэмскі Леон Юзафавіч, шляхціц, служачы чыгункі.

100