- •Праграма спецыяльнага вучэбнага прадмета для 5 – 6 класаў з вывучэннем спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці (фальклорна-тэатральны ўхіл)
- •Тлумачальная запіска
- •5 Клас Першы год навучання Прыкладны тэматычны план
- •Чакаемыя вынікі
- •6 Клас Другі год навучання Прыкладны тэматычны план
- •Чакаемыя вынікі
- •Прапануемая літаратура
НАВУКОВА-МЕТАДЫЧНАЯ УСТАНОВА
“НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНСТЫТУТ АДУКАЦЫІ”
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
“МАСТАЦТВА ВЫЦІНАНКІ”
Праграма спецыяльнага вучэбнага прадмета для 5 – 6 класаў з вывучэннем спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай накіраванасці (фальклорна-тэатральны ўхіл)
Мінск 2007
Аўтар-складальнік: Базыльчык Вольга Станіславаўна
Тлумачальная запіска
Выцінанка – адзін з відаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які адыгрывае значную ролю ў працэссе эстэтычнага і культуразгоднага развіцця вучняў.
Выцінанка – гэта ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай, або каляровай паперы пры дапамозе нажніц ці нажа. Зарадзіўся гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Кітаі, а развіццё атрымаў у сувязі з удасканальваннем папяровай вытворчасці.
Для беларускай выцінанкі характэрны простыя кампазіцыі на аснове геаметрычных, раслінных, зааморфных і рэдка прадметных матываў. Выцінанку шырока выкарыстоўвалі ў побыце. Ёй упрыгожвалі вокны, сцены, паліцы, столь і покуць (“кут”). Кожны год выцінанку абнаўлялі, звычайна да Вялікадня. З развіццём лёгкай прамысловасці выцінанку наогул замяніў тэкстыль. Апошні перыяд росквіту выцінанкі прыпадае на першае дзесяцігоддзе пасля вайны. Потым мастацтва выцінанкі зноў было ў заняпадзе. Зараз можна назіраць аднаўленне гэтага віда беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка набыла сучаснае “гучанне”, але не згубіла і традыцыйныя рысы.
У працэсе правядзення ўрокаў па выцінанцы ў вучняў развіваюцца творчыя здольнасці, фантазія, уяўленне, вобразнае мысленне. Атрыманыя мастацкія веды, сфарміраваныя ўменні эмацыянальна ўспрымаць культурна-мастацкія здабыткі нашага народа з’яўляюцца дзейснымі сродкамі патрыятычнага і духоўнага выхавання вучняў.
У аснову праграмы пакладзена знакавая сімволіка і нацыянальныя традыцыі арнаментальнага мастацтва, беларускія абрады і міфалогія.
Мэта вывучэння прадмета: фарміраванне мастацкай культуры сродкамі традыцыйнай беларускай выцінанкі.
Задачы прадмета:
вывучэнне і асэнсаванне нацыянальных традыцый беларускай выцінанкі;
развіццё здольнасцей эмацыянальна ўспрымаць багацце беларускай культуры;
развіццё мастацка-творчых здольнасцей, фарміраванне практычных уменняў і навыкаў пры рабоце над выцінанкай;
выхаванне патрыятызму, працавітасці, добрасумленнасці.
Асноўныя патрабаванні да метадаў выкладання:
Сувязь з мастацкай культурай, народнымі традыцыямі і паўсядзённым жыццём.
Адзінства выхавання, навучання і творчай дзейнасці вучняў.
Улік узроставых асаблівасцей вучняў, спалучэнне індывідуальных і калектыўных форм работы.
Разнастайнасць відаў работы і матэрыялаў.
Чаргаванне тэарэтычных і практычных урокаў.
Міжпрадметныя сувязі, сувязь з іншымі відамі мастацкай дзейнасці.
Асновай выкладання спецыяльнага вучэбнага прадмета “Мастацтва выцінанкі” з’яўляецца арганічнае адзінства вучэбнага і выхаваўчага працэса: маральнае, духоўнае, эстэтычнае і мастацкае выхаванне павінна абапірацца на сістэматычнае засваенне вучнямі мастацкіх ведаў, практычных уменняў і навыкаў творчай дзейнасці.
Адным з паказчыкаў эфектыўнасці ўрокаў па выцінанцы з’яўляецца захапленне, зацікаўленасць вучняў і жаданне займацца народным мастацтвам. Урокі павінны забяспечваць пазітыўныя эмацыянальныя адносіны навучэнцаў да мастацкай дзейнасці.
Тыднёвая нагрузка – 2 гадзіны для групы 10 чалавек з вучняў 5 – 6 класаў.
Праграма складаецца з 8-мі раздзелаў: “Гісторыя выцінанкі”, “Асаблівасці беларускай выцінанкі”, “Кампазіцыя”, “Рапортная выцінанка”, “Цэнтрычная выцінанка”, “Сіметрычная (люстэркавая) выцінанка”, “Асіметрычная выцінанка”, “Тэматычная праца”, якія вывучаюцца на розных этапах з паступовым ускладненнем.
Урокі па выцінанцы можна будаваць на аснове традыцыйнай структуры (арганізацыйная, тэарэтычная, практычная, заключная часткі) ці правадзіць у нестандартнай форме: урок-выстава, урок-конкурс майстэрства, урок-семінар, урок-экскурсія і інш. На ўроках можна спалучаць індывідуальныя і групавыя формы работы, даваць вучням заданні рознай ступені складанасці. Трэба шырока выкарыстоўваць наглядны матэрыял: узоры работ, фотаздымкі, ілюстрацыі. У раздзеле: “Тэматычная праца”, дзе ўрокі прысвечаны святам і абрадам, для развіцця творчых здольнасцей вучняў лепш выкарыстоўваць схемы работ ці тэхналагічныя карты, а таксама самастойнае вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу.