Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
экзамен по історіі.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
22.12.2018
Размер:
148.99 Кб
Скачать

5. Паганства на землях Беларусі.

Для абазначэння старадаўніх вераванняў і культаў, што існавалі да пашырэння так званых "вышэйшых" рэлігій (хрысціянства, іслам, будызм), у багаслоўі і гістарычнай літаратуры прыняты тэрмін язычніцтва, альбо паганства. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова "языцы", што азначае народы, чужаземцы. Слова "паганства" ўтворана ад лацінскага слова "паганус" у значэнні селянін і таксама язычнік. Справа ў тым, што хрысціянства ў Рымскай імперыі, распаўсюджвалася спачатку ў гарадах. Вёска і яе жыхары (сяляне-паганцы) яшчэ доўга заставаліся язычнікамі.

Першымі формамі паганскіх вераванняў былі фетышызм, анімізм, татэмізм, магія і інш. Анімізм (паходзіць ад лацінскага слова anima ў значэнні дух, душа) - сістэма ўяўленняў і вераванняў аб духах і душы як вызначальных пачатках свету і чалавечага жыцця. Анімістычныя вобразы (душы, духі, дэманы, чэрці і інш.) узніклі як увасабленне незразумелых стыхій, што пагражалі чалавеку; з'яў і працэсаў, непасрэдна звязаных з яго існаваннем. Пры гэтым духі надзяляліся чалавечымі рысамі і якасцямі.

Абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, звязаныя з верай у звышнатуральныя здольнасці чалавека ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы, называюцца магіяй, або чарадзействам. У аснове магіі ляжала ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з'яву. Магія была белай, што заклікала да бога, і чорнай, што звярталася да "нячыстай" сілы. Найбольш пашырана была магія лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гаспадарчая, любоўная, шкоданосная і інш. Рэшткі магічных вераванняў існуюць і ў наш час.

Культ неадушаўлёных прадметаў - фетышаў, якія, паводле ўяўленняў вернікаў, надзелены звышнатуральнымі ўласцівасцямі, называецца фетышызмам. Амулеты ў выглядзе мядзведжых іклаў з прасвідраванымі дзеля падвешвання адтулінамі знойдзены, напрыклад, у Ваўкавыску ў культурным пласце Х ст.

Пад татэмамі звычайна разумеюць комплекс вераванняў і абрадаў, звязаных з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей і татэмам - пэўным відам жывёл, раслін, радзей - з'яў прыроды ці неадушаўлёнымі прадметамі. Татэма паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі яму шкоды. Дзеля задобрывання татэма-жывёлы выконвалі спецыяльныя магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Зямлю, ваду і неба балты і славяне засялілі багамі і духамі і кожнага надзялілі сваімі функцыямі - кожны "адказваў" за нейкае асяроддзе ці сферу жыцця. У лесе жыў лесавік, у балоце - лешы, у полі - палявік, у вадзе - русалкі, у хаце - дамавік і г. д.

Славяне ўяўлялі сваіх багоў у выглядзе людзей з чалавечымі звычаямі і паводзінамі. Яны маглі быць добрымі і злымі, прыносіць людзям карысць або шкоду. Каб богі былі міласцівымі да людзей, іх стараліся задобрыць, наладжвалі ў іх гонар розныя ўшанаванні: пакланяліся ім, прыносілі ахвяры, часцей у выглядзе пачастункаў, ежы. Язычнікі выраблялі з дрэва, каменю, косці, гліны вялікія і маленькія фігуркі багоў, якіх называлі ідаламі ("каменнымі бабамі").

Важнейшай асаблівасцю язычніцтва з'яўляецца шматбожжа. Вядома, што ў дагаворах Русі з Візантыяй славяне прысягалі Перуном і Вялесам. Адным з галоўных багоў быў Пярун, бог грому і маланкі, дажджу, апякун вайсковай справы і княскай дружыны. Ад яго залежаў плён сялянскай працы, таму Пярун ушаноўваўся і як земляробчы бог. Ён быў падобны на старажытнагрэчаскага Зеўса, старажытнарымскага Юпіцера, балцкага Пяркунаса. І дагэтуль маланку ў Беларусі называюць перуном. Лічылася, што бог Пярун трымае ў руках каменныя жорны і, грукаючы адным каменем аб другі, выклікае гром і маланку. Старажытныя каменныя сякеры, якія нярэдка выпадкова знаходзілі, называлі перуновымі стрэламі, лічылася, што парашок, нацёрты з іх, дапамагае ад розных хваробаў.

У пэўнай меры праціўнікам Перуна ўяўляўся Вялес (Валос), бог жывёлагадоўлі і багацця, уладар замагільнага свету, апякун абрадавай паэзіі і паганскіх святароў-валхвоў. Да культу Вялеса мелі дачыненне і легендарныя асілкі-волаты. Археалагічныя і фальклорныя матэрыялы даюць падставы лічыць, што на тэрыторыі Беларусі Вялес быў галоўным богам. У многіх мясцінах захаваліся прысвечаныя яму велізарныя камяні (пазней іх называлі камянямі-краўцамі, чортавымі камянямі і г.д.). Вялес меў дачыненне і да ўшанавання вытокаў рэк, найбольш цесна з яго культам звязаны р.Вілія (Вялля) і заснаваны на ёй крывічамі горад Вільня.

Богам вясновай урадлівасці і плоднасці, а таксама нябесным вершнікам лічыўся Ярыла, які «сумяшчаў» функцыі аграрную і вайсковую. Ёсць падставы лічыць, што Ярыла ўяўляўся ці сынам, ці адной з іпастасяў Перуна. Богам сонца быў Сотвар, які ў розных мясцовасцях мог насіць і іншыя імёны. Багіняй дабрабыту і ўрадлівасці, апякункай сямейнага жыцця ў нашых продкаў была Цёця, якую ўяўлялі мажной высокай жанчынай з жытнім вянком на галаве, з хлебам і іншымі пладамі ўраджаю ў руках. Багіняй вясны, дзявочай прыгажосці і кахання была Лёля (Ляля), яе ўяўлялі ў выглядзе маладой прывабнай дзяўчыны. З культам Лёлі звязаны распаўсюджаны на Палессі назоў бусла - «лялека» (згодна з народным павер'ем, бусел прыносіць дзяцей). Богам агню і апекуном кавальства быў Жыжаль, богам зімы, марозу і холаду - Зюзя. Нязгасны святы агонь называўся Зніч (адсюль слова «знічка»). Ранішні і вечаровы заранкі ўвасаблялі адпаведна сёстры Дзянніца і Вечарніца (Вячорка). Са старажытнай міфалогіі вядомы таксама вобраз далёкага першапродка беларусаў - Боя (Бая) з вернымі сабакамі Стаўры і Гаўры.

У язычніцкі пантэон славян таксама уваходзілі багі: Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонечнага святла), Стрыбог (бог вятроў), і інш.

Месца, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры, называлася капішчам, або свяцілішчам. Яны размяшчаліся на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Звычайна капішча ўяўляла сабой пляцоўку круглай формы, у цэнтры якой стаяў ідал - вобразнае адлюстраванне бога. Па краях пляцоўка была акрэслена ровам, камянямі або ямамі. Найчасцей капішчы прысвячаліся галоўнаму богу - Пяруну. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера знаходзілася капішча Пяруна. Рэшткі свяцілішча X ст. адкрыты каля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы.

У народзе курганы часцей называюць капцамі або валатоўкамі. Часам іх памылкова лічаць татарскімі або французскімі ці шведскімі магіламі. Шмат якія паданні гавораць, што ў курганах схаваныя скарбы, але гэта не адпавядае сапраўднасці. Кургановых могільнікаў у Беларусі захавалася блізу 6 тысяч. Яны - неацэнныя помнікі археалогіі і яшчэ хаваюць у сабе шмат загадак сівой мінуўшчыны.

З VI ст. славяне на тэрыторыі Беларусі пачалі спальваць нябожчыкаў і хаваць у курганах. Курганы - гэта земляныя насыпы над старажытнымі магіламі, звычайна круглыя ў плане, пярэчнікам пасярэдзіне 5-15 метраў, вышынёю 1-2 метры. Сустракаюцца пераважна скапленнямі. У Беларусі яны з'явіліся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да Нараджэння Хрыстова і былі вядомыя пераважна на Падняпроўі і Палессі. Паводле язычніцкіх вераванняў агонь быў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Яму і аддавалі цела нябожчыка разам з некаторымі рэчамі, якімі ён карыстаўся пры жыцці: жаночымі ўпрыгожаннямі, гліняным посудам, прыладамі працы. Лічылася, што яны спатрэбяцца яму ў замагільным жыцці. Спаленыя рэшткі чалавека змяшчалі ў гліняную пасудзіну - урну. Яе ставілі там, дзе потым узводзілі насып. Пры насыпанні кургана ўчынялася трызна - развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні ці спаборніцтва. У другой палове 1-га тысячагоддзя і на пачатку 2-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым пад кургановымі насыпамі хавала нябожчыкаў усё славянска-балцкае насельніцтва Беларусі. З умацаваннем хрысціянства звычай насыпання курганоў сярод гараджан знікае ў ХІ стагоддзі, у сельскай мясцовасці - у ХІІІ-ХІV стагоддзях.

Летапіс сведчыць, што яшчэ ў ХIV ст. вялікага князя літоўскага Гедыміна пасля смерці спалілі разам з яго слугамі і палоннымі крыжакамі.

Памёршага любога ўзросту па традыцыі адносілі да ліку "дзядоў", продкаў. У старажытнага насельніцтва Беларусі доўгі час захоўваўся сямейна-родавы культ шанавання продкаў, звязаны з пахавальнымі звычаямі. Некалькі разоў у год адзначаліся памінальныя святы - Дзяды (восенню) і Радаўніца (вясной). Да іх старанна рыхтаваліся - чысцілі і мылі жыллё, рыхтавалі абрадавую ежу. Перажыткам культу продкаў была вера ў дамавіка - нябачнага заступніка сям'і.

Святы і абрады здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У гэтых святах прасочваюцца напластаванні розных эпох - ад самых архаічных да новага часу. Каляндарная абраднасць ва ўсходніх славян мела аграрна-магічны характар, таму што асноўнай яе функцыяй было забеспячэнне дабрабыту сялянскай сям'і, які залежаў у першую чаргу ад ураджаю.

Залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей, строга рэгламентаваныя часам. Адпаведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы, вакол якіх групаваліся іншыя. У сваю чаргу асноўныя святы прыблізна накладваліся на астранамічныя перыяды, якія былі звязаны з сонцастаяннем ці раўнадзенствам. Увесь земляробчы каляндар трымаўся на цыклах: зімой - Каляды, летам - Купалле, восенню - Дзяды, Пакровы.

Такім чынам, паганства - гэта вынік жыццёвай дзейнасці і светапогляду людзей, адлюстраванне іх патрэб. Увядзенне хрысціянства не скасавала цалкам язычніцкіх уяўленняў і культуры. Хрысціянская царква вымушана была дапасоўваць свае святы і абрады да язычніцкага святочнага календара. Напрыклад, сляды культу Перуна захаваліся ў некаторых павер'ях і праклёнах ("Каб цябе Пярун трэснуў"). Многае з таго, што ў язычніцкія часы насіла культавы характар, захоўваецца і сёння як мастацкая з'ява.

Літаратура:

150 пытанняў і адказаў

http://geraldika.by/myproject/kniga/glava1.htm