- •Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей
- •Мова і соцыум.
- •Сацыялінгвістыка
- •Функцыі мовы ў грамадстве.
- •Адрозненне беларускай і рускай моў
- •Беларуская мова ў Кіеўскай Русі
- •Роля беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім
- •Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы
- •Галіновыя тэрміналагічныя сістэмы
- •Узаемасувязь тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі.
- •Асаблівасці тэрмінаутварэння
Мова і соцыум.
Мова — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Дзеля таго каб існаваць, людзі павінны дамовіцца паміж сабою пра супольныя справы, размеркаванне абавязкаў, пра вызначэнне агульных планаў і г. д. Ажыццяўленне падобнага тыпу патрэб і дасягаецца пры дапамозе мовы. Мова ўзнікае з настойлівай патрэбы грамадства і ў грамадстве, гэта — сацыяльная з’ява.
Для таго каб служыць сродкам зносін, мова павінна выказваць усё, што мы ведаем пра навакольны свет, грамадства і яго развіццё, пра сябе і нават пра саму мову. Таму ў моўных сродках замацоўваецца каласальная праца чалавецтва ў пазнанні свету.
Так, у слове “пяць” замацавана і здольнасць чалавека лічыць прадметы і падзеі, і здольнасць адцягваць паняцце лічбы ад канкрэтных прадметаў, якія падлічваюцца (пяць чалавек, пяць вагонаў), і здольнасць ажыццяўляць з гэтымі адцягненымі лічбамі пэўныя аперацыі, напрыклад, складанне ці ўзвядзенне ў ступень і г. д. Пазнанне свету працягвалася тысячагоддзі, і замацаванне ў мове вынікаў гэтай працы азначала ўкараненне адпаведных ведаў у свядомасць, быт. Таму мова не проста сродак зносін, але і помнік велізарнай духоўнай працы мінулых пакаленняў.
Грамадскае прызначэнне мовы рэалізуецца і раскрываецца праз яе сацыяльныя функцыі. Сучаснае грамадства дазваляе чалавеку і нават прымушае яго ўключацца ў вялікую колькасці відаў зносін. Яны патрабуюць адпаведнай колькасці моў. Не абмяжоўваюцца адной мовай і зносіны ўнутрынацыянальныя.
Унутраная складанасць зносін у сучасным грамадстве адлюстроўваецца, у прыватнасці, у шматзначным ужыванні слова мова: мова родная і чужая, літаратураная і дыялектная, нацыянальная і міжнацыянальная, паэтычная і машынная, мова пісьменніка і мова вуліцы, музыкі і жывапісу, навукі і канцылярыі і г. д.
Патрэбныя чалавеку мовы — не простая сукупнасць разнастайных сродкаў зносін, а пэўная сістэма моў розных тыпаў. На кожным грамадска-гістарычным этапе яна адлюстроўвае развітасць унутраных і знешніх сувязей сям’і, нацыі, народа, краіны і накіроўвае асобу, памагае ёй авалодаць духоўнымі багаццямі грамадства, яго культурай. Спроба аб’ектыўна акрэсліць грамадскі ідэал развітай у моўных адносінах асобы вядзе да вылучэння наступных відаў канкрэтных моўных патрэб, цесна звязаных з кантэкстам сучаснай культуры грамадства.
Па-першае, гэта патрэба ў чалавечай мове як сродку пераўтварэння біялагічнай істоты чалавека ў істоту сацыяльную. Мова маці, мова сям’і, мова першаснага асяроддзя, незалежна ад яе этнічнай або сацыяльнай адметнасці ўвасабляюць другую сігнальную сістэму і даюць магчымасць дзіцяці стаць асобай, далучыцца да роду чалавечага. Патрэба гэта самая жыццёвая з усіх відаў чалавечых патрэб. З ёю ў вялікай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы.
Па-другое, патрэба ў этнамове, мове роднай, нацыянальнай, у форме якой толькі і можа рэалізавацца і існаваць чалавечая мова.
Па-трэцяе, патрэба ў мове (або мовах) міжнацыянальных зносін у шматнацыянальным грамадстве ці арганізацыях.
Па-чацвёртае, патрэба ў сацыяльных дыялектах, што існуюць у межах нацыянальных моў. Гэта прафесійныя мовы, мовы навукі, спецыфічныя “падмовы” культуры (фальклор, узроставыя і прафесійныя жаргоны і г. д.).
Па-пятае, патрэба ў разнастайных замежных мовах. Веданне замежных моў пашырае кругагляд асобы, запяспечвае разнастайныя інтэрнацыяльныя зносіны, азнаямленне з вопытам іншых народаў і дасягненнямі іх культуры.
Па-шостае, патрэба ў фармалізаваных мовах, што забяспечваюць чалавеку доступ да ЭВМ, складанай сучаснай тэхнікі, а значыць, і да актыўнага, свядомага, прадуктыўнага выкарыстання самай разнастайнай інфармацыі ў сферах сучаснай вытворчасці, навуковых даследаванняў, навучання і адукацыі, кіраўніцкай дзейнасці, прагназавання сацыяльных падзей.
Па-сёмае, патрэба ў так званых другасных мадэлюючых сістэмах — мовах музыкі, кіно, жывапісу, архітэктуры і іншых мастацтваў, г. зн. Разнастайных вынайдзеных людзьмі знакавых сістэмах, прызначэнне якіх — забяспечыць удзел асобы ў духоўна-культурным развіцці грамадства, яго маральнай і мастацкай эвалюцыі.
Нарэшце, існуе і грамадская патрэба ў агульналінгвістычнай адукаванасці. Веданне тэарэтычных асноў мовазнаўства (як і асноў фізікі, біялогіі і г. д.) — адзін з фактараў выпрацоўкі навуковага светапогляду.
Аддаючы належнае ўсім відам моўнай адукацыі і моўнага выхавання чалавека, усёй мнагаграннасці моўных патрэб грамадства і асобы, трэба асабліва вылучыць як адну з найбольш значных патрэбу ў этнамове. З першых дзён свайго жыцця індывідуум пачынае авалодваць грамадска-гістарычным вопытам чалавецтва ў той канкрэтнай форме, якую забяспечвае яму першая — родная — мова. Паўнацэннае валоданне роднай мовай — гэта не што іншае, як валоданне сацыяльнымі, інтэлектуальнымі, маральнымі, эстэтычнымі і іншымі каштоўнасцямі.
Родная мова засвойваецца ва ўсіх асноўных формах яе бытавання (літаратурная мова і яе функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці) і звязаных з імі жанрах вуснага і пісьмовага маўлення на роднай, нацыянальнай мове. Авалоданне нацыянальнай мовай — неабходная перадумова сацыялізацыі асобы, фарміравання яе самасвядомасці, далейшага ўваходжання ў шматнацыянальны свет, у шматмоўную сістэму міжнароднай камунікацыі.