Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Даклад на тэму.docx
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.08.2019
Размер:
330.12 Кб
Скачать

10 Сакавіка 2011г. Сыйшоў з жыцця заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі пісьменнік і перакладчык

Янка Сіпакоў.

Літаратурную сустрэчу ўрачыста адкрылі вядучыя – загадчык аддзела абслугоўвання бібліятэкі Фядосава Алена Іванаўна і бібліятэкар Віткоўская Валянціна Канстанцінаўна. Яны падкрэслілі, што імя Янкі Сіпакова больш за пяцьдзесят год упрыгожвае пісьменніцкі алімп Беларусі і адзначылі высокія тытулы пісьменніка. Перш за ўсё гэта – шырока вядомы паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, гісторык і краязнаўца.

Янка Сіпакоў – аўтар 55 кніг, разнастайных па літаратурнаму жанру. Сярод іх: кнігі нарысаў, аповесцей і апавяданняў, эсэ, кнігі паэзіі, а таксама зборнікі гумарэсак. Многія паэтычныя зборнікі перакладзены на іншыя мовы. Ён – лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, Заслужаны дзеяч культуры краіны, член Саюза пісьменнікаў і член Саюза журналістаў Беларусі. Далёка не кожная нацыянальная літаратура можа пахваліцца талентам падобнага ўзроўню.

Паэзія Янкі Сіпакова вельмі лёгкая, празрыстая, жывая, хутка запамінальная. Вершы прасякнуты высокім грамадзянскім пачуццём, тонкім лірызмам, душэўнай цеплынёй. Кожны радок яго твора мае патрэбную інтанацыю, эмацыянальны колер, пранікнёнасць і ў выніку — чапляе за душу.

асноўныя тэмы пісьменніцкай творчасці Янкі Сіпакова – родны кут, Радзіма, яе некранутая прыгажосць, гісторыя, лёсы людзей. Часта сюжэты твораў пабудаваны на дакументальных, біяграфічных і гістарычных фактах. Чытаючы яго творы, нібы пераносішся ў тыя мясціны, а гэта часта Аршаншчына, родныя Зубрэвічы, тыя абставіны, пра якія распавядае творца і перажываеш разам з ім боль і радасць, пакуты і шчасце.

У мастацкую прозу Янка Сіпакоў ўвайшоў аповесцямі “Крыло цішыні”, “Усе мы з хат”, аб’яднаныя пасля нарысам “Даверлівая зямля”. Творы дакументальна-біяграфічныя. Аўтар прысвяціў сваю кнігу пасляваеннай беларускай вёсцы. Праз аднаго з яе жыхароў – хлапчука Яся, сірату, вучня 6 класа, паштальёна, вядзе размову пра сябе, пра час, пра жыццё. У гэтым творы таксама ўзгадваецца родная вёска.

— Вёска Зубрэвічы — гэта выдатнае месца ў Беларусі і прыкметнае месца ў маім жыцці,— дакладна зазначыў на сустрэчы Янка Сіпакоў. – Тут я нарадзіўся, вырас, тут яшчэ падчас вучобы адбылася першая спроба пяра. Свой першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў “Аршанскай газеце”. Зубрэвіцкая тэма, матывы аршанскага краю гучаць у маёй творчасці амаль заўсёды. Я час ад часу пакідаю сталіцу, каб прыехаць сюды, сустрэцца са сваякамі і знаёмымі. Шмат твораў, напісаных ў час наведвання родных, прыгожых куткоў, складаюць маю паэтычную скарбонку. Можна з упэўненасцю сказаць, што зямля аршанская і сёння дае мне для творчасці спрыяльныя ўмовы.

Янка Сіпакоў – абаяльны, інтэлегентны, мудры, лёгкі у стасунках чалавек, проста зачараваў залу з першых хвілін. Сустрэча з пісьменнікам была прасякнута гумарам, шчырымі вершамі, цікавымі высновамі і меркаваннямі, успамінамі і цікавымі гісторыямі з жыцця. Іван Данілавіч пазнаёміў прысутных з ранняй і больш сталай творчасцю, распавядаў пра свае новыя кнігі і пра сваё жыццё.

Нарадзіўся Янка Сіпакоў (Іван Данілавіч Сіпакоў) у сялянскай сям’і. Вельмі рана страціў бацькоў – у час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі іх закатавалі фашысты. Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам, каб дапамагчы сваёй цётачцы, Аляксандры Іванаўне, якая стала для траіх сірот другой маці. Пасля дзесяцігодкі некаторы час быў літаратурным супрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. У 1960 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У.І. Леніна, дзе вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта. Доўгі час працаваў у часопісе “Вожык”, затым загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, пасля быў запрошаны на пасаду адказнага сакратара часопіса “Маладосць”.

З 60-х гадоў вершы Янкі Сіпакова з’яўляюцца на старонках раённых і рэспубліканскіх газет, часопісаў — “Бярозка”, “Маладосць”, “Беларусь” і іншых. У насычаныя і цікавыя гады студэнцтва паэт не здрадзіў сваёй любімай справе – служэнню паэзіі. У 1960 годзе быў выдадзены яго першы зборнік паэзіі “Сонечны дождж”, у 1965 — выйшаў у свет другі паэтычны зборнік пад назвай “Лірычны вырай”. Далей кнігі “пасыпаліся” з-пад пяра пісьменніка, як зоркі з неба.

Вельмі станоўчыя водгукі атрымала кніга “Зялёны лісток на планеце Зямля”. У кнізе трыццаць эсэ. Яны складаюць своеасаблівы партрэт Беларусі. Пісьменнік таленавіта піша пра нашу зямлю, пра нашых людзей, нашу гісторыю, нашы святы, пра хараство і багацце нашага краю.

Раман у апавяданнях “Зубрэвіцкая сага” – адзін з апошніх літаратурных твораў пісьменніка. Гэта кніга, быццам гістарычнае рэха мінулых вякоў аршанскіх мясцін, што пастукала ў нашу рэальнасць. Аўтар дакранаецца да таго таямнічага і нязведанага, што захоўваюць у сабе родныя Зубрэвічы, мінуўшчына Радзімы, апавядае пра асоб, якія стваралі нашу гісторыю ў эпоху Сярэднявечча.

У адным з апавяданняў расказваецца пра князя Дзмітрыя Зубрэвіцкага, якога ўсе ведалі як Мітку Сякіру. У творы апісваецца каханне паміж Міткай і Хрысцінай, нараджэнне іх дзіцяці, апісваецца хрышчэнне Ягайлы і яго братоў, барацьба паміж каралём Жыгімонтам і князем Свідрыгайлам.

Літаратурная сустрэча праходзіла на фоне кніжнай выставы твораў пісьменніка, якую падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі. Незадоўга да сустрэчы Іван Данілавіч зрабіў шчодры падарунак жыхарам горада: падараваў не толькі свае таленавітыя кнігі, але і сваю бібліятэку. “Пераехала” пакуль толькі адна частка — больш за тысячу экземпляраў. Кнігі рознай тэматыкі: мастацкія, галіновыя, гістарычныя, навуковыя, мемуары, часопісы… Ёсць вельмі каштоўныя выданні, да прыкладу, каляндар (1925 г.), “Беларускі арнамент” (1953 г.), Янка Купала “Шляхам жыцця” (1956 г.) і іншыя. Адметна і тое, што 523 кнігі – маюць аўтографы вядомых пісьменнікаў, знакамітых людзей, з якімі сустракаўся Іван Данілавіч на жыццёвых шляхах і сябраваў. Гэта: Іван Шамякін, Максім Лужанін, Уладзіслава Луцэвіч, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін і шмат іншых. Падарунак у свой фонд з гонарам прыняла цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна.

— Я не набыў вялікіх скарбаў, ні золата, ні дыяментаў, але у мяне ёсць адна каштоўнасць – кнігі. Кнігі — мае сябры. Я збіраў іх усё жыццё і, як адзначаюць знаўцы, гэта, бадай, самая лепшая бібліятэка ў Мінску,— паведаміў Іван Данілавіч.— Я падараваў сваіх сяброў вам, каб у іх з’явілася многа сяброў-чытачоў. Гэтыя кнігі дастойны быць у гарадской бібліятэцы і хачу, каб яны былі менавіта ў Оршы.

Прынята вырашэнне, што ў адноўленай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна будзе адведзена асобная зала, якая будзе так і называцца – “бібліятэка Янкі Сіпакова”.

З віншаваннямі ў сувязі з юбілеем і словамі ўдзячнасці да Янкі Сіпакова звярнуліся: дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Оршы Жвікава Святлана Іванаўна, загадчык аддзела камплектавання і апрацоўкі кніг Цвяткова Галіна Міхайлаўна, першапачынальніца стварэння “бібліятэкі” Самарукава Ганна Іванаўна.

На адметную падзею завіталі былыя вучні Зубрэвіцкай сярэдняй школы, аднакласнікі Івана

Данілавіча – Юзафатаў Фёдар Паўлавіч і Мухін Генадзь Рыгоравіч. Прагучала шмат успамінаў пра дзяцінства, пра школьныя гады, пра першы пасляваенны клас, які налічваў 39 вучняў. Было адзначана, што “Янка добра вучыўся, лепш за ўсіх пісаў сачыненні, удзельнічаў у выпуску сценгазет і пісаў трапныя вершы для сяброў, а яшчэ – добра маляваў”. Мастацкія здольнасці “вучня” падцвердзіліся, калі Іван Данілавіч прадставіў свае школьныя, вельмі неблагія, малюнкі, паабяцаўшы ў будучым зрабіць выставу.

Падчас сустрэчы з нагоды свята шмат цёплых, шчырых слоў павагі было выказана Янку Сіпакову як пісьменніку, земляку, добраму таварышу і роднаму чалавеку. Яго павіншавалі: сябры – калегі-літаратары Саковіч Павел Паўлавіч і Прыгодзіч Зіновій Кірылавіч, ад імя аршанцаў – Сіднякова Валянціна Міхайлаўна, загадчык Аршанскага музея У. С. Караткевіча Юркевіч Галіна Андрэеўна і навуковы супрацоўнік Пашковіч Вольга Міхайлаўна, пляменніцы пісьменніка.

Напрыканцы мерапрыемства з 75-гадовым юбілеем Янку Сіпакова павіншавала загадчык аддзела культуры гарвыканкама Святлова Ганна Аляксандраўна. Яна падзякавала пісьменніка за цудоўны падарунак, які папоўніў і ўзбагаціў бібліятэчны фонд города.

– Гэта не толькі падарунак, але і музейны экспанат,— зазначыла Ганна Аляксандраўна. – Чытачы, маладое пакаленне аршанцаў будуць заходзіць у “бібліятэку Янкі Сіпакова”, карыстацца кнігамі, а бібліятэкары будуць расказваць пра ваша жыццё і творчасць.

Нягледзячы на сталы ўзрост, апошняя кропка, як заўважыў пісьменнік, у творчасці не пастаўлена. Янка Сіпакоў мае шмат творчых планаў, арыгінальных ідэй, мяркуе напісаць некалькі новых кніг. Вядучыя пажадалі юбіляру выдатнага здароў’я, творчага настрою і поспехаў.

Прыгожую музычную афарбоўку сустрэчы стварала настаўніца дзіцячай школы мастацтваў № 3 Алена Новікава. Уласныя вершы прачытала вучаніца школы паэзіі “Лотас” Святлана Галуза.

На сустрэчы прысутнічалі сябры літаратурнага аб’яднання “Дняпроўскія галасы”, маладыя паэты, бібліятэкары, навучэнцы Аршанскага педагагічнага каледжа і іншыя.