Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
А.I.Котаў. Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлi...doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
08.11.2019
Размер:
1.85 Mб
Скачать

Лiтаратура

Бiч М.В. Аб нацыянальнай канцэпцыi гiсторыi i гiстарычнай адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь//Бел. гiст. часопiс. 1993. №1. С.15-24.

Блок М. Апология истории. М., 1986 (Введение).

Вернадский В.И. Научная мысль как планетное явление. М., 1998 (Предисловие).

Данилевский Н.Я. Россия и Запад. М., 1991 (Введение).

Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. Ч. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. (Пад рэд. Я.К.Новiка, Г.С.Марцуля). – Мн: Вышэйшая школа, 2003. (Уводзiны, с.7-16).

Грицкевич В.П., Каун С.Б., Ходин Н.С. Теория и история источниковедения. Мн., 2000.

История Европы (Под ред. В.С.Кошелева) Мн.,-М., 1996 (Предисловие).

Котов А.И. Страны мира и Беларусь. Мн., 1999 (Введение).

Семенникова Л.И. Россия в мировом сообществе цивилизаций Брянск, 2000 (Введение).

Цивилизация. Вып. 1. М., 1992 (Введение).

Черняк Е.Б. Цивилография. Наука и цивилизация. М., 1996.

Яковец Ю.В. История цивилизаций. М., 1997 (Введение, с.4-13).

Ясперс К. Смысл и назначение истории. М., 1994 (Введение).

Тэма ІІ. СТАРАЖЫТНЫЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ,

Індаеўрапейцы і паходжанне славян

План:

  1. Узнікненне першых цывілізацый. Усходні і заходні (антычны) тыпы цывілізацыйнага развіцця.

  2. Міграцыя і перасяленне народаў у старажытнасці. Індаеўрапейцы – новыя пасяленцы Паўднёвай і Заходняй Еўропы.

  3. “Славянізацыя” Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Праблема этнагенеза славян у сусветнай гістарыяграфіі.

Метадычныя парады

1. Узнікненне першых цывілізацый. Усходні і заходні (антычны) тыпы цывілізацыйнага развіцця. Гісторыя славян, да супольнасці якіх адносяцца беларусы, уходзіць сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць. Для таго, каб зразумець сутнасць, прычыны і значэнне першых, старажытных цывілізацый патрэбна адзначыць, што ім (старажытным цывілізацыям) папярэднічаў вельмі працяглы перыяд першабытнага грамадства. Калі прадставіць увесь гістарычны шлях развіцця чалавецтва па часу як суткі, то на тры наступныя фармацыі (рабаўладальніцкую, феадальную, капіталістычную) прыйдзецца толькі чатыры хвіліны.

Першабытнаабшчынны лад бярэ свой адлік з адасаблення чалавека ад жывёльнага света. Адбылося гэта, як мяркуюць вучоныя, спачатку ў Афрыцы і Азіі (прыкладна 3 млн. год таму назад), а затым людзі праніклі ў Сяродземнамор’е, на Каўказ, поўдзень Украіны. Пачатак жа засялення тэрыторыі Беларусі адносіцца да часу старажытнага каменнага века альбо палеаліта (100 – 35 тыс. гадоў да н.э.). У пачатку верхняга палеаліту, калі з большай часткі тэрыторыі Еўропы, Азіі і Паўночнай Афрыкі адступілі ледавікі, палепшыліся ўмовы жыцця, сфарміраваўся на працягу 2 млн. гадоў сучаснага тыпу чалавек – чалавек разумны (Homo Sapiens, па археалагічнай класіфікацыі – краманьёнец).

Навука і рэлігія па-свойму трактуюць паходжанне чалавека. Несумненна адно: з’яўленне і развіццё чалавека разумнага ёсць вынік біялагічнай і сацыяльнай эвалюцыі, галоўным здабыткам якой з’явіўся такі магутны інструмент пазнання як чалавечы мозг. Хаця любы жывы арганізм мае свае органы адчування і здольны адаптавацца да навакольнага асяродзя, аднак толькі чалавек валодае здольнасцю перапрацоўваць успрыймаемую інфармацыю і пераўтвараць нава-кольны свет.

Узнікненню сучаснага чалавека садзейнічалі таксама перамены ў будове яго цела (прамахаджэнне), выкарыстанне прылад працы і агню, фарміраванне такіх нормаў сацыяльнага жыцця, як парная сям’я, радавая абшчына, полаўзроставы падзел працы. Адно з важнейшых дасягненняў дагістарычнага перыяда – гэта з’яўленне мовы. Менавіта ”радыкальнае адрозненне ад узаемаразумення жывёлін цераз спантаннае выражэнне сваіх адчуванняў складае ўласцівую толькі чалавеку здольнасць выражаць усведамляемы ў мове і перадаваемы ёю сэнс прадметнага света, які служыць аб’ектам мыслення і мовы” (Ясперс К. Смысл и назначение истории. М., 1994. С.67). Аднак на працягу палеаліта формы прысваення вынікаў працы яшчэ толькі складваліся. Сацыяльная структура грамадства была прымітыўнай.

Наступная эпоха – сярэднекаменны век, альбо мезаліт (10 – 8 тыс. год да н.э.) адносіцца да пераходнага перыяду. У гэты час змяніліся кліматычныя ўмовы, раслінны і жывельны свет.

Першабытныя абшчыны былі вымушаны асвойваць новыя прылады працы (лук, страла, човен, керамічны посуд), пераходзіць к штучнаму ўзнаўленню асноўных прадуктаў харчавання (асваенне ячменя, пшаніцы, іншых злакаў, адамашленне козаў, авечак, аслоў, а пазней і буйнай рагатай жывёлы).

Абшчыны, асвайваючыя земляробства і жывёлагадоўлю, адрозніваліся павелічэннем колькасці відаў гаспадарчай дзейнасці, узмацненнем маёмаснай няроўнасці. Усё гэта патрабавала больш складаных, дыферэнцыраваных правіл рэгуліравання ўнутрыабшчынных і ў цэлым эканамічных адносін. Такім чынам, у нетрах грамадства эпохі мезаліта зараджалася неалітычная (ад грэч., neo – новы, lithos – камень) рэвалюцыя.

Неалітычная рэвалюцыя, галоўным зместам якой стаў пераход ад прысвайваючых форм гаспадарання (збіральніцтва і паляванне) да вытвараючых (земляробства і жывёлагадоўля), прывяла да ўзнікнення першай цывілізацыі – неалітычнай.

Першыя ачагі цывілізацыі ўзніклі на Старажытным Усходзе – спачатку ў Пярэдняй Азіі і на Блізкім Усходзе (7 – 6 тыс. год да н.э.), у далінах Ніла, Інда, Еўфрата (5 – 4 тыс. год да н.э.). Потым цывілізацыя распаўсюдзілася ў далінах Янцзы, Цэнтральнай, Паўночнай і Усходняй Еўропы.

Пераход да новых формаў гаспадарання садзейнічаў кардынальным зменам у прадукцыйных сілах, культуры, вобразе жыцця і духоўнай сферы. Істотна павышала прадукцыйнасць працы вылучэнне земляробства і жывёлагадоўлі ў асобныя віды гаспадаркі. Гэта быў першы буйны грамадскі падзел працы.

Затым наступіў другі падзел працы – вылучэнне рамясла (вынаходніцтва керамічнага посуду, асваенне сахі і плуга, вытворчасць верацяна і ткацкага станка, апрацоўка скур і пашыў адзення з тканей, скур і інш.). Узнікненне (замест радавой) тэрытарыяльнай абшчыны, вялікіх пастаянных паселішчаў, а затым і гарадоў прывяло к трэцяму падзелу працы –­­ вылучэнне будаўніцтва як асобага віда дзейнасці. Ускладненне структуры грамадства абумовіла чацвёрты буйны падзел працы – вылучэнне правадыроў, жрацоў, воінаў.

Пачаўшаеся сацыяльнае расслаенне раней аднароднай абшчыны пацягнула за сабой змены ў эканамічных адносінах (замацаванне абшчыннай уласнасці, унутры- і міжабшчыны абмен прадуктамі працы) і адначасова азначала фарміраванне прасцейшых элементаў сацыяльна-палітычнага ўладкавання грамадства. Сур’ёзныя змены адбываліся і ў духоўнай сферы: узрастаў узровень пазнання навакольнага свету, складвалася сістэма вераванняў і міфаў (гл. падрабязней: Тайлор Э. Первобытная культура. Лондон, 1871, альбо любое выданне; Токорев С.А. Мифы народов мира. М., 1987).

Такія асноўныя наступствы неалітычнай рэвалюцыі, у выніку якой узнікла неалітычная цывілізацыя.

Неалітычная цывілізацыя ў сваім развіцці прайшла некалькі стадый:

- ранні неаліт (7 – 6 тыс. гг. да н.э.);

- сярэдні неаліт (5 – пач. 4 тыс. гг. да н.э.);

- з 4 тыс. гг. да н.э. пачаўся пераход к энеаліту.

У перыяд энеаліту пераважным матэрыялам стаў метал – медзь, золата, а затым бронза (сплаў медзі і волава). Але паколькі радовішчы медзі, золата і волава сустракаліся рэдка, грамадства было пастаўлена перад неабходнасцю асвойваць новыя матэрыялы і тэхналогіі, пераходзіць к прыватнай уласнасці, што вяло да ўзнікнення класаў, дзяржавы і права.

Пасля таго, як неалітычная цывілізацыя вычарпала свой патэнцыял, у гісторыі чалавецтва пачаўся пераход к новаму цывілізацыйнаму цыклу – раннекласавай альбо раннерабаўладальніцкай цывілізацыі на Усходзе і антычнай на Захадзе. Такім чынам сфарміравалася два тыпы цывілізацый – усходні і заходні.

У чым заключаюцца іх сутнасць, асаблівасці і значэнне? Калі сутнасцю неалітычнай цывілізацыі быў пераход ад прысвайваючай да вытвараючай гаспадаркі, то для раннерабаўладальніцкай на Усходзе, ды і антычнай на Захадзе вызначальным стаў пераход ад абшчыннай да прыватнай уласнасці. Узнікненне яе мае вялізарнае значэнне:

- стымулявала павышэнне эфектыўнасці вытворчасці;

- падштурхнула да пошуку ўсеагульнага эквівалента тавараў (грашовага абарачэння);

- абумовіла фарміраванне класаў і спецыяльнага апарата ўпраўлення (дзяржавы).

У грамадстве вылучыліся групы людзей, якія выконвалі функцыі дзяржавы і падтрымлівалі нормы права – цары, фараоны, прыдворныя, ваеначальнікі, суддзі, паліцэйскія і г.д. Акрамя знешніх функцый (абароны, нападзення) дзяржава ажыцяўляла і эканамічныя функцыі (абарона ўласнасці, арганізацыя будаўніцтва ірэгацыйных сістэм, храмаў, пірамід, палацаў і г.д.). Рост насельніцтва, развіццё рамёстваў, разгортванне будаўніцтва прывялі к так званай “гарадской рэвалюцыі” (стварэнне сеткі гарадоў у цэнтрах лакальных цывілізацый).

У канцы 4 – пачатку 3 тысячагоддзя да н.э. склалася некалькі эпіцэнтраў старажытнай цывілізацыі бронзавага века – Егіпет (у даліне Ніла), Шумер і Месапатамія (між р. Тыгр і Еўфрат), некалькі пазней – Старажытная Індыя (у даліне р. Інд) і Старажытны Кітай (у даліне р. Хуанхэ). З’явай сусветна-гістарычнага значэння гэтай эпохі стаў пад’ём у духоўнай сферы – развіццё мастацтва і архітэктуры, вынаходніцтва і асваенне пісьменнасці (так званая другая пасля асваення мовы – інфармацыйная рэвалюцыя).

У канцы 2 – пачатку 1 тысячагоддзя да н.э. пачынаецца пераходны перыяд да антычнай цывілізацыі. У гэты час адбываецца ўпадак раней магутнейшых дзяржаў, зараджэнне новых ачагоў лакальных цывілізацый, перамяшчэнне сусветнага прагрэса ў паўночнае Сяродземнамор’е. Менавіта тут і фарміраваўся новы тып цывілізацый – заходні. Ён узнік на берагах Сяродземнага мора, а найвышэйшага развіцця дасягнуў у Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме – грамадствах, якія называюць антычным светам, таму заходні тып цывілізацыі ў старажытнасці прынята іменаваць антычнай цывілізацыяй. Храналагічныя рамкі гэтай цывілізацыі ахопліваюць больш 12 стагоддзяў (VIII ст. да н.э. – сяр. V ст. н.э).

Узнікшыя на еўрапейскім кантыненце антычныя цывілізацыі ў адрозненне ад усходніх з’яўляюцца другаснымі (Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000. С.5). Яны фарміраваліся не на пустым месцы, не непасрэдна з першабытнасці, а ўвабралі (“усмакталі”) ў сябе дасягненні Пярэдняй Азіі, Блізкага Усхода, Егіпта, а таксама вопыт іншых раннекласавых лакальных цывілізацый, такіх як мінойская (крытская), ахейская (мікенская). Аднак другаснасць працэса эвалюцыі не выключае ні этнічнай арыгінальнасці, ні культурнай непаўторнасці антычнай цывілізацыі, значэння яе спадчыны для ўсяго света, у тым ліку і для Беларусі (Равяка К.А. Антычная спадчына на Беларусі. Мн.,1998).

У гісторыі антычнай цывілізацыі вылучаюць некалькі лакальных цывілізацый:

- грэчаская (перыяд росквіту – Старажытныя Афіны V – IV стст. да н.э.);

- рымская (дасягнуўшая росквіту ў ІІ ст. да н.э. – І ст. н.э.);

- эліністычны перыяд (IV – III стст. да н.э., калі эпіцэнтр культуры пера- мясціўся ў Александрыю);

- у якасці самастойных (са сваімі эпіцэтрамі культуры) вылучаюцца таксама цывілізацыі Індыі і Кітая.

У чым жа заключаюцца істотныя адрозненні заходняга тыпа цывілізацыі ад усходняга і асноўныя дасягненні антычнай цывілізацыі?

Па-першае, у антычнасці ў адрозненне ад усходняй цывілізацыі пытанне аб узаемадзеянні асобы і грамадства вырашалася на карысць асобы: асоба і яе правы прызнаваліся пярвічнымі, а калектыў і грамадства – другаснымі. Менавіта ў антычным грамадстве (пачынаючы з Афін, у V ст. да н.э.) склалася само паняцце “свабоды” (“элевтрия”). І хаця ў антычнай цывілізацыі, як і ў усходняй, пануючае становішча займала рэлігія – міфалагічнае светаўспрыман- не, аднак у ім меліся істотныя асаблівасці. Антычнае светаўспрыманне было касмалагічным. Касмалагізм (уяўленні аб светабудове) антычнай культуры насіў антрапалагічны характар, гэта значыць чалавек разглядаўся як цэнтр Сусвету і канчатковая мэта ўсёй светабудовы. Такі падыход спрыяў развіццю духоўнай сферы, пад’ёму навукі (філасофіі, астраноміі, матэматыкі, медыцыны і г.д.), а таксама вызначаў адносіны людзей да паўсядзённага жыцця. Рацыяналізм, імкненне да зямных радасцей, актыўная пазіцыя да навакольнага свету – характэрныя каштоўнасці антычнай цывілізацыі.

Па-другое, у антычную цывілізацыю з’явіўся першы ў гісторыі ўзор народаўладдзя – дэмакратыя. Гэта быў такі лад грамадска-палітычных адносін, які адпавядаў патрабаванням супольніцтва свабодных людзей. Разумеецца, яна насіла ў той час абмежаваны характар: гэта была дэмакратыя для выбраных, яна не распаўсюджвалася на рабоў, чужаземцаў, жанчын, моладзь. Тым не менш, асноўныя прынцыпы палітычнага ўладкавання, выпрацаваныя ў перыяд росквіта грэчаскіх полісаў і замацаваныя нормамі рымскага права, можна знайсці і ў сучасных дэмакратычных дзяржавах, у тым ліку Рэспублікі Беларусь.

Па-трэцяе, у адрозненне ад усходніх грамадстваў, дзе гаспадарка базіравалася на паліўным земляробстве, якое патрабавала цэнтралізаванага кіраўніцтва, антычнае грамадства мела іншую аснову – вытворчасць зернавых і іншых культур без штучнага арашэння. Таму ў антычнай цывілізацыі на першы план вылучыліся прыватнаўласніцкія адносіны і вытворчасць, арыентаваная на рынак. У антычную эпоху ўпершыню ў гісторыі склалася эканоміка (тэрмін уведзены Арыстоцелем) як шматгаліновая гаспадарка, у значнай ступені арыентаваная на рынак і спалучаўшая ў сябе :

- дробную вытворчасць незалежных сялян і рамеснікаў;

- паўзалежных калонаў (арандатараў);

- буйныя латыфундыі і эргастэрыі (майстэрні ў горнай справе, вытворчасці металічных і тэкстыльных вырабаў, зброі і г.д.).

Па-чацвертае, у антычнасці чалавек дасягнуў дзівосных вяршынь у сферы культуры і мастацтва. У адрозненні ад мастацтва Месапатаміі альбо Старажытнага Егіпта, “падаўляўшага” чалавека сваей веліччу, ухваляўшага багоў, фараонаў і цароў, антычнае мастацтва “ўзвышае” чалавека, радуе яго дасканаласцю і разнастайнасцю фарбаў, формаў. Важнейшае месца ў культурнай спадчыне старажытнага свету, якая захавалася да нашых дзен, займала скульптура. Палацы, храмы і грамадскія забудовы упрыгожваліся фрэскамі, мазаікамі. Радапачынальнікам жывапісу як віда мастацтва прызнаюць Апаладора із Афін (V ст. да н.э.), якому належыць адкрыцце светлаценяў, прымяненне паўтонаў. Сапраўднымі шэдэврамі сусветнай культуры сталі скульптуры Фідзія, статуі Мірона, Праксіцеля, партрэты Александра Македонскага, выкананыя Лісіпам. Вядучым накірункам літаратуры з V ст. да н.э. становіцца драматургія. “Бацькам трагедыі” называюць афіняніна Эсхіла, якому належыць да 90 драматургічных твораў. Сафокл пакінуў 123 творы. Яго трагедыя “Цар Эдзіп” да сенняшняга дня не сыходзіць з памосткаў сцэн, так жа як і сатырычныя драмы Арыстафана (“Лісістрата”, “Птушкі”, “Жанчыны ў народным сходзе” і інш.). У ліку літаратурных помнікаў раннерымскай імперыі выдзяляюцца знакамітая паэма Вяргілія “Энеіда”, любоўныя элегіі Авідзія, вершы Гарацыя, творы першага рымскага празаіка Марка Порцыя Катона і інш.

Такім чынам, у перыяд неалітычнай цывілізацыі (эпоха неаліта) сфарміраваўся сучасны чалавек (Homo Sapiens) і завяршыўся пераход ад прысвайваючай да вырабляючай гаспадаркі. У перыяд старажытнай цывілізацыі ўсходняга тыпу (бронзавы век) ўзнікла шматукладная гаспадарка, разнастайныя формы ўласнасці, класы, дзяржава і права. У перыяд антычнай цывілізацыі (жалезны век) дасягнуты: росквіт чалавечай асобы, пад’ём навукі, мастацтва, міфалогіі; узнікненне сусветных рэлігій; склалася дэмакратыя; зарадзілася арыентаваная на рынак шматукладная эканоміка. У антычную эпоху ўпершыню ўзніклі і сусветныя імперыі. Унутры іх развіваўся гандаль, ствараліся цэнтры рамясла і гандлю, якія сталі прадвеснікам вольных гарадоў сярэдневякоўя.

2. Міграцыя і перасяленне народаў у старажытнасці. Індаеўрапейцы – новыя пасяленцы Паўднёвай і Заходняй Еўропы. Фарміраванне эйкумены і ўзаемадзеянне першых старажытных цывілізацый звязаны з такой аб’ектыўнай заканамернай з’явай, як перамяшчэнне людзей і народаў альбо міграцыя (ад лац. migro – перасяляю). Першая масавая міграцыя альбо ”вялікае перасяленне народаў” адбылася яшчэ ў перыяд бронзавага века (каля 3 тыс. г. да н.э.). Пачатак яе быў зроблены фіна-угорскімі плямёнамі (сёння гэта фіны, венгры, эстонцы, ханты і інш.). Гэтыя плямёны, зрушыўшы ад узбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна і з-за Урала ва ўсходнюю Еўропу, прайшлі да Балтыкі, засялі-лі Фінляндыю, не прамінулі і тэрыторыі Беларусі, па крайняй меры яе паўноч-най часткі.

Яшчэ больш магутную хвалю першага “вялікага перасялення народаў” склалі індаеўрапейцы.

Гэтая вялікая супольнасць народаў, якія складаюць адну з найбуйнейшых моўных сямей і ўключаюць індаарыйскую альбо індыйскую, іранскую, армянскую, грэчаскую, італьянскую, раманскую, германскую, балцкую, славянскую і іншыя моўныя групы. Індаеўрапейцы рассяліліся на вялізарных прасторах ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе і ад Прычарнамор’я на поўдні да Скандынавіі на поўначы.

У IV – VI стст. н.э. адбылося другое “вялікае перасяленне народаў” – этнічнае перамяшчэнне германцаў, славян, сармацкіх і іншых “варварскіх” плямёнаў на тэрыторыю Рымскай імперыі. Непасрэдным штуршком да другога перасялення з’явіліся перамяшчэнні гунаў. Злажыўшыся ў Прыўраллі з цюркамоўных хунну і мясцовых уграў і сарматаў, гуны ў IV ст. прадпрынялі спусташальныя паходы ў многія краіны – Усходнюю Рымскую імперыю, Галію, Паўночную Італію.

Рашаючую ж ролю ў другім “вялікім перасяленні народаў” (IV – VI стст.) адыгралі германцы. Гэта старажытныя народы індаеўрапейскай групы, якія к І ст. н.э. займалі тэрыторыю між Паўночным і Балтыйскім марамі, Рэйнам, Віслай, Дунаем і на поўдні Скандынавіі. Жылі яны радавым ладам, у стадыі яго разлажэння. У IV ст. яны захапілі большую частку Рымскай імперыі, утварыўшы шэраг новых дзяржаў-каралеўств (вестготаў, вандалаў, остготаў, бургундцаў, франкаў, лангабардаў). У наступным, V ст. готы (410 г.), вандалы (435 г.) небеспаспяхова штурмавалі “вечны горад” Рым, а ў 476 г. кіраўнік аднаго з “варварскіх” плямён скіраў Адаакр нізлажыў апошняга рымскага імператара Ромула Аўгустула.

Услед за германцамі ў сярэдняй Еўропе сваё месца занялі балты (група індаеўрапейскіх плямён і народаў, якія размаўлялі на балцкіх мовах – літоўцы, латышы, прусы, ятвягі і інш.) і славян (найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, якія размаўляюць на славянскіх мовах). Германцы, балты і славяне – самыя блізкія народы па мове (адна індаеўрапейская моўная сям’я), прарадзіме (верагодней усяго – Пярэдняя Азія), гаспадарчай дзейнасці (пераход да жывёла- гадоўлі і земляробства) і грамадска-палітычных адносінах (разлажэнне рода- племяннога ладу і зараджэнне дзяржаўнасці). Шматвяковае ўзаемадзеянне гэтых плямён (германцаў, балтаў і славян) налажыла адбітак на гісторыю Паўночна-Усходняй і Усходняй Еўропы.

3. “Славянізацыя” Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Праблема этнагенеза славян у сусветнай гістарыяграфіі. Хто такія славяне? Дзе іх радзіма? Калі пачынаецца славянскі этап гісторыі Беларусі? Гэта вельмі складаныя пытанні. Адзінага пункту гледжання на час узнікнення славян, пачатковыя этапы іх гісторыі няма. Таму да сёняшняга дня не заціхаюць наву-ковыя дыскусіі, выказваюцца розныя пункты гледжання. Мноства канцэпцый звязана з недастатковасцю пісьмовых крыніц альбо адсутнасцю першакрыніц. Розныя пункты гледжання на этнагенез славян выказваюць і прадстаўнікі дапаможных гістарычных дысцыплін.

Для вырашэння праблемы славянскага этнагаенеза патрэбны сінтэз розных навук: антрапалогіі, археалогіі, этнаграфіі, параўнальнага гістарычнага мовазнаўства і інш. Гісторыя старажытных славян вывучаецца намі ў значнай ступені паводле археалагічных, этнаграфічных дадзеных і звестак старажытнагрэчаскіх, рымскіх і готскіх гісторыкаў (Герадот, Тацыт, Пталамей і інш.), сярэдневяковых летапісаў (падрабязней гл.: Свод древних письменных известий о славянах. Т.1. (I-VI вв.). 2-е изд. – М., 1994; Рассадзін С.Я. Землі амаль невядомыя: будучая Беларусь паводле аніычных манускрыптаў. – Мн, 1996).

Найбольш раннія гістарычныя звесткі пра славян, вядомых тады пад іменем “венеды”, “склавіны”, “склавены” датуюцца 1–2 ст. н.э. Само паняцце “славяне” паходзіць ад “слова” (гэта значыць “славяне – тыя, хто разумее слова, мову” у адрозненне ад суседзей – “нямых” – немцаў і іншых).

Паводле лінгвістычных дадзеных, тапанімікі і гідранімікі, старажытныя славяне займалі тэрыторыю Цэнральнай і Усходняй Еўропы, ад Эльбы і Одара на захадзе, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на ўсходзе. А вось пытанне адкуль яны прыйшлі сюды, гэта значыць, дзе знаходзіцца найстаражытнейшая “прарадзіма” славян, застаецца дыскусійным. Найбольш абаснаванай канцэпцыяй з’яўляецца тая, якая сцвярджае: прарадзіма славян – гэта тэрыторыя паміж Эльбай, Віслай і Нёманам.

У выніку “другога вялікага перасялення народаў” (другая палова першага стагоддзя) славяне падзяліліся на тры вялікія групы: паўднёвую, усходнюю і заходняю:

- тая частка славян, якая са сваёй прарадзімы пачала масавае перамяшчэнне на поўдзень і ў VII – VIII стст. засяліла Балканы, у працэсе асіміляцыі смуглатварага фракійскага і ілірыйскага насельніцтва, ўтварыла самастойную галіну славян, якія называюцца паўднёвымі славянамі. Сёння гэта – балгары, сербы, чарнагорцы, харваты, славенцы, баснійцы-мусульмане, македонцы;

- другая частка славян, якая засталася на сваёй прарадзіме, склала групу заходніх славян. Сёння гэта – палякі, чэхі, славакі, лужычане;

- трэцяя частка славян, якая са сваёй прарадзімы пачала масавы рух на ўсход, дайшла да Дняпра, ў VI – VII стст. на тэрыторыі сучаснай Валыні ўтварыла групу ўсходніх славян. Патрэбна адзначыць, што на гэтай тэрыторыі ўсходнія славяне знаходзіліся да VIII – IX стст., а потым засялілі вялікія прасторы Усходняй Еўропы да Дона, Акі і вярхоўяў Волгі. Сёння гэта – рускія, украінцы, беларусы.

Як і калі абдылося засяленне славянамі беларускіх зямель? Нагадаем, што да VI – VII стст. на большай частцы сучаснай Беларусі пераважала балцкае насельніцтва, а славяне жылі суцэльным масівам у басейне Прыпяці. У VIII – IX стст. адбылося масавае рассяленне славян у балцкім арэале на тэрыторыі Беларусі. У выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VIII – IX стст. узніклі новыя этнічныя славянскія супольнасці:

- дрыгавічы (яны жылі паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, гэта значыць займалі большую частку Паўднёвай і значную частку Сярэдняй Беларусі);

- радзімічы (займалі землі паміж Дняпром і Дзясной, асноўны арэал рассялення – басейн ракі Сож);

- крывічы (жылі ў вярхоўях рэк Заходняй Дзвіны, Дняпра і Ловаці, гэта значыць займалі поўнач Беларусі і суседнія раёны Падзвіння і Падняпроўя – Пскоўшчыну і Смаленшчыну).

Патрэбна адзначыць, што дрыгавічы, радзімічы і крывічы з’яўляліся тэрытарыяльнымі культурна-этнічнымі супольнасцямі: яны не сфарміраваліся ў народнасці; уяўлялі сабой не плямёны, а протанароднасці (”народцы”) і адначасова пачатковыя дзяржаўныя ўтварэнні (“протадзяржавы”).

Адным з самых складаных з’яўляецца пытанне: як і калі з славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? У навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Няма адзінага погляду і на пытанне аб продках беларусаў. Ёсць шмат канцэпцый аб этнагенезе беларусаў:

- польская канцэпцыя (творцы якой – Л.Галембоўскі, А.Рыпінскі і іншыя лічылі беларусаў часткай польскага этнасу);

- вялікаруская (аўтары канцэпцыі – А.Сабалеўскі, І.Сразнеўскі, М.Каяловіч і іншыя сцвярджалі, што Беларусь з’яўляецца часткай вялікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялектам рускай мовы);

- крывіцкая ( прыхільнікі якой – М.Пагодзін, В.Ластоўскі і іншыя лічылі продкамі беларусаў толькі крывічоў);

- крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая (аўтары якой – Я.Карскі, У Пічэта і іншыя лічылі продкамі беларусаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў);

- старажытнаруская (прыхільнікі якой – С.Токараў, М.Ціхаміраў, Б.Рыбакоў, Я.Карнейчык і многія іншыя вучоныя прытрымліваюцца ідэі аб агуль- ных продках рускіх, украінцаў і беларусаў, іх агульнай этнічнай прыналежнасці);

- балцкая (аўтар якой В.Сядоў абасноўваў, што роль субстрата (падасновы) беларусаў адыгралі балты);

- фінская (аўтар якой І.Ласкоў лічыў, што продкамі беларусаў маглі быць фіны) і інш.

У пачатку 90-х гг. новую канцэпцыю ўзнікнення Беларусі і этнагенезу беларусаў распрацаваў гісторык-выкладчык БДУ Міхась Піліпенка. Ён абаснаваў, што ў фарміраванні беларускага этнасу мелі месца і эвалюцыя, і дыфузія, удзел у этнагенезе беларусаў асобных груп балцкага, цюрскага і іншых этнасаў. М.Піліпенка лічыць, што сучасная Беларусь уваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай Русі: паўднёвую (“палескую”) і паўночную (“беларускую”). Утварэнне тэрыторыі Беларусі ёсць вынік кансалідацыі ў познім сярэдневякоўі двух груп агульнаўсходнеславянскай супольнасці: паўночнай часткі яе “палескага” (Папрыпяцкага) субэтнаса і паўднёвай часткі “беларускага” (Падзвінска-Дняпроўскага) субэтнаса (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белорусии: новая концепция. Мн., 1991).

Такім чынам, славянскі этап у этнічнай гісторыі Беларусі бярэ свой пачатак у раннім Сярэдневякоўі. Яго характэрная рыса – шырокае рассяленне славян, асіміляцыя мясцовага даславянскага (балцкага) насельніцтва і фарміраванне першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей – дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў. Змяшэнне гэтых і іншых славянскіх супольнасцей прывяло да новай агульнаўсходнеславянскай старажытнай этнічнай суполь- насці з агульнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”.