Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

25660-1

.pdf
Скачиваний:
23
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.65 Mб
Скачать

Яму спадабалася і гэта, усё разам,— і строгая дзелавітасць, і цнатлівая збянтэжанасць; палічыў, што крайнасці гэтыя — у адным радзе, яны вынік амаль шокавай ашаломленасці. Яму нават стала шкада дзяўчыны: зваліць на яе белую галоўку такую лавіну!

Ён узяў яе руку і, як у дваранскіх раманах, цырымонна і сур'- ёзна пацалаваў.

Праводзіць яе чамусьці не хацелася. Развітаўся з нявестай каля тралейбуса. Эльвіры гэта, мабыць, падабалася: пакуль спускаліся па лесвіцы, пакуль ішлі да супынку, яна была ўсё яшчэ ашаломленая, нават адказвала неўпапад, а ўскочыла ў тралейбус і можа тады толькі ўсвядоміла сваё шчасце, расцвіла ад усмешкі: замінаючы іншым пасажырам, махала яму рукой, ажно пакуль тралейбус не пайшоў.

Алесь адзін забрыў у «Каменную кветку», упершыню, мабыць, без кампаніі, без сяброў выпіў пляшку шампанскага, гарэлкі не любіў і піў яе рэдка. Седзячы ў сумнай адзіноце і гледзячы, як на падсвечаным крузе танцуюць модна непадстрыжаныя юнакі і дзяўчаты ў джынсах, ён не думаў пра Эльвіру, ён думаў пра Таню, чокаўся з пляшкай і піў за Таніна шчасце.

Раніцою ў яго балела галава, а ў душы, як пісалі ў старых раманах, было пуста і холадна, больш пэўна — было нейкае туманнае, так і не асэнсаванае за ўвесь той дзень, адчуванне, што ён зрабіў нешта не так, такое адчуванне бывае, калі мімаволі ўліпаеш у падазроную гісторыю. Аднак Алесь заўсёды трымаў сваё слова, гэтаму яго вучыў яшчэ бацька, стары лічыў, што палавіна бед, беспарадкаў, безгаспадарчасці паходзіць ад таго, што людзі не выконваюць сваіх абяцанняў, не трымаюць слова, якое даюць.

Дом сапраўды быў багаты і дагледжаны, адчувалася, што жывуць у ім людзі, якія не шкадуюць уласнай працы, чужымі рукамі такой уладжанасці і чысціні не зробіш. Праўда, абстаўлены, начынены ён быў па законах абыватальскага побыту: мэбля грувасткая, рознастылёвая, і замнога яе, у буфетах, за шклом, зноў-такі больш, чым трэба для спажывання, сервізаў, шкла, крышталю. Але гэта Алеся не збянтэжыла: побыт кожнага асяроддзя мае свае адметныя рысы, і зусім не абавязкова, што такое вось накапленне рэчаў робіць людзей абываталямі; у наш час у гэтых людзей ёсць другое жыццё — у працоўных калектывах. Акрамя таго, набыццё рэчаў стала прыкметай часу, яно ахапіла ўсе пласты, нават сялянства. Ступа, кросны, таўкач засталіся толькі ў музеях.

Заспакоіла яго, што побач з крышталём — нямала кніг, цэлая шафа, і нядрэнных, небезгустоўных.

Мансарду, пра якую Алесь некалі марыў, яму ў той дзень не паказалі, ды ён і не думаў цяпер пра яе. У той дзень яго цікавілі людзі, з якімі ён мусіў парадніцца.

Маці Эльвіры, поўная жанчына, з астматычнай задышкай і хворымі нагамі, адчыніла яму брамку (ваўкадаў пагражальна гырчаў, зачынены ў будцы), сказала прывітальныя словы, заікаючыся. Тады ён з невясёлым гумарам падумаў, што першы сюрпрыз — цешча-заіка. Але пазней выявілася, што заікалася старая ад хвалявання. Больш прыемным для яго адкрыццём чамусьці было тое, што бацькі Эльвірыны старэйшыя, чым ён думаў, хоць і ведаў, што ў яе два старэйшыя браты, жанатыя ўжо, жывуць самастойна, адзін тут, у Мінску, другі — на Урале.

З першага знаёмства спадабаўся Эльвірын бацька, Антон Антонавіч у супрацьлегласць жонцы, высокі, хударлявы, сівы, інтэлігентна апрануты — у чорную тройку, пад гальштукам, трохі старамодным. Спадабаўся сваёй стрыманасцю, памяркоўнасцю, спакоем: ён, безумоўна, не пачаў заікацца ад хвалявання. Сустрэў Алеся, як знаёмага, ніякіх пытанняў з анкеты, спытаў толькі, хто ў іх галоўны рэдактар, і паведаміў, што ён быў знаёмы з ранейшым рэдактарам. Дзе ён? На пенсіі? Прафесар універсітэта?! З разумным чалавекам, значыцца, ён меў знаёмства. Алесь не лічыў былога рэдактара і цяперашняга прафесара журналісцкім геніем, але, каб зрабіць прыемнае будучаму цесцю, пацвердзіў, што той мае вялікі розум і талент. Далей Антон Антонавіч загаварыў пра палітыку — пахваліў прэзідэнта Францыі за рэалістычнасць і асудзіў Картэра за хістанні і непаслядоўнасць у справе скарачэння стратэгічных узбраенняў. Факты і ацэнкі падзей стары бязбоязна блытаў, відно было, што чэрпаў ён іх і са свайго каляровага тэлевізара, і ад тых абыватальскіх балбатуноў, якія карыстаюцца інфармацыяй розных «галасоў». Але папраўляць Алесь не адважыўся, лічыў, што гэта нетактоўна. Ды і што можна патрабаваць ад бухгалтара халадзільніка? Добра, што яго цікавіць шмат што іншае, акрамя дэбету і крэдыту.

Стол быў ужо накрыты. Закусь на ім стаяла адменная — слінкі цяклі. Але чакалі сваіх — сына з нявесткай. Тыя затрымліваліся, і маці нервавалася, хоць ужо не заікалася.

Алесь, ідучы сюды, баяўся, што на агледзіны збяруць процьму народу — сваякі, суседзі, супрацоўнікі бацькавы, Эльвірыны. Такое вузкае кола — толькі свае — хораша ўзбадзёрыла, амаль узрадавала.

Сын — Вячаслаў Антонавіч, Слава, быў нізкарослы, падобны на маці, схільны да паўнаты, і нейкі бясколерны, непрыкметны, залішне ціхі — за ўвесь вечар ці сказаў дзесятак слоў. Эльвіра расказвала пра

яго як пра здольнага аўтамеханіка. Чырвоненькі носік-гузічак, круглыя вочкі, якія загарэліся, калі ўбачылі стол, і тое, як насцярожана за сталом пазіралі на яго маці і жонка, калі ён браў чарку, выдалі паклонніка Бахуса. Але за сталом Слава ўтрымаўся ў норме, чым парадаваў маці.

Бацька яўна ігнараваў сына, амаль дэманстратыўна — ніводнага слова да яго і яго слоў не чуў, прапускаў міма вушэй, чым засмучаў маці і сястру. Але затое стары лічыўся з нявесткай, нават — заўважыў Алесь — пабойваўся яе.

Ала Іванаўна — маладзіца прывабная, у меру раздабрэлая ў свае трыццаць пяць гадоў, шумная і смелая. Рабіла яна ў гарвыканкоме, ва ўпраўленні пасажырскага транспарту; пачала з таго, што вельмі ўедліва і дасціпна разнесла «парадачкі на транспарце», ды заадно і многія іншыя недахопы гарадской гаспадаркі; ведала яна ўсіх гарадскіх кіраўнікоў і шмат каму «перамыла косці» ў той вечар.

Спачатку Алесю падабаліся некаторыя Аліны выказванні, акрамя хіба таго, што яна сказала пра яго. Але пазней, у той жа вечар, Ала пачала раздражняць: залішне часта крытыка яе пераходзіла ў мяшчанскае крытыканства. Алесь не вытрымаў і спытаў: у сябе, ва ўпраўленні, на сходах, нарадах яна гаворыць гэта?

Ала паглядзела на яго, як на блазнюка, і адказала: «За каго ты мяне лічыш, пісар?»

Пры знаёмстве яна бесцырымонна агледзела яго, павярнула, як манекен, абняла, адарвала ад падлогі — як паважыла, заключыла: «Добрага, ты, Варка, мужа сабе адхапіла. Але адкарміць яго трэба. А то маслы тырчаць. Мазалі табе натрэ»,— і зарагатала. Алесь убачыў, як успыхнула ад збянтэжанасці і абурэння Эльвіра, зрабіўся спалоханым твар у маці, але відно было, што яны баяліся нявесткі, яе языка.

Алесь любіў і разумеў жарты, цаніў у людзях дасціпнасць, але ад такога жарту яму зрабілася горача. «Адхапіла мужа». Чаму адразу мужа? Гэта запаўзло ў мозг і на працягу вечара варушылася там нечым слізкім і брыдкім, нагадвала, што яго сапраўды прымаюць не як жаніха, а як мужа. Усё ўжо, выходзіць, вырашана без яго, даволі яму было зрабіць сваю нечаканую рамантычную прапанову. Вось табе, Джэк Лондан!

Сапраўды, за доўгай вячэрай, дзе многа пілі і яшчэ больш елі, нічога не гаварылі аб яго жаніцьбе ці Вірыным (Ала ўпарта называла яе Варкай, даючы зразумець, што па метрыках яна Варвара) замустве. Акрамя хіба аднаго. Антон Антонавіч спытаў:

«Ну, а жыллёвае пытанне як вы думаеце вырашаць?»

Алесь быў захоплены знянацку, але разгубіўся не столькі ад нечаканасці, колькі ад таго, што нават Ала змоўкла, а ў Лізаветы Пятроўны зноў у вачах застыў спалох.

Антон Антонавіч, мабыць, убачыў разгубленасць жонкі, дачкі і змякчыў жорсткасць пытання лагоднай згодай:

«Канечне, пакуль што будзеце жыць у Вірыным пакоі». Алесь адказаў:

«Спадзяюся, кватэру мне дадуць у рэдакцыі». «Калі?» — настойліва дапытваўся будучы цесць.

«Думаю, што, сямейнага, мяне перасунуць у больш рэальную чаргу. Халасцякоў трымаюць у канцы спіса».

«У такім разе табе не трэба ў нас прапісвацца. Каб ты не меў ніякай плошчы».

Ашаломлены Забаўскі, далікатны па прыродзе, адчуў сябе ў нейкім да дурноты недарэчным становішчы. Выходзіць, яго сапраўды ажанілі ўжо і распараджаюцца, як уласнасцю,— дзе пасяліць, дзе пасадзіць, паставіць. Самае недарэчнае ва ўсім гэтым было тое, што ўсё з-за той жа інтэлігенцкай далікатнасці ў яго не хапіла духу неяк запярэчыць. Магчыма, ён запярэчыў бы, каб не бачыў, як цяжка (бляднела, чырванела, сінела) перажывае гэтую размову Эльвіра, ды і маці яе таксама.

Выручыла ўсіх Ала, сказала бухгалтару смела, амаль злосна: «Дайце вы чалавеку спярша апомніцца ад шчасця, а потым ужо

будзеце вучыць, як жыць. Ды ты, Саша, вучыся ў мяне жыць, а не ў іх,— і наступіла пад сталом яму на нагу.— Чаму старыя могуць навучыць?»

Антон Антонавіч трохі пакрыўдзіўся:

«Што б вы рабілі без старых? — Але, ці то баючыся Алы, ці то сапраўды перакананы ў сваёй нейтральнасці, сказаў: — Я, нявестачка, нікога не вучу, ты гэта знаеш. Старых законаў не навязваю. Захацеў Вячаслаў ажаніцца з табою — калі ласка. Захацела Эльвіра замуж — слова не сказаў, толькі папрасіў паказаць жаніха. Ніхто на калені перада мной не станавіўся, бацькоўскага благаславення не прасіў».

Так, гэта была адзіная размова па сутпасці справы, больш да яе не вярталіся. Але ў Алеся не знікала брыдкае адчуванне, што яго «захамуталі», як называў жаніцьбу адзін з яго старэйшых калег.

Эльвіра, праводзячы яго, адразу ж за брамкай раздражнёна сказала:

«Няхай стары жмінда не мыліцца — галіцца не будзе. Нікуды я са свайго дома не пайду. Што яму, месца мала? Такія харомы! Хопіць, што ён Славу выкурыў у кааператыўную трушчобу. Але Ала затое

выцягнула з яго на два такія дамы, яна свайго не ўпусціць. Бачыў, як бацька яе баіцца? З ім толькі так трэба!»

Алеся ўпершыню, можа, за вечар развесяліў гэты нечакана выяўлены канфлікт паміж бацькам і дачкой. Ён не меў ніякага жадання ўмешвацца ў такі канфлікт, усялякія мары аб мансардзе канулі, як камень у ваду. Ды і ўвогуле пад канец вячэры ён вырашыў даць сабе час падумаць, паглядзець да таго, як «надзець на сябе хамут». Таму меў намер развітацца з нявестай, як учора ў рэдакцыі, па-дваранску пацалаваць руку. Але Эльвіра раптам абвіла рукамі яго шыю, пачала горача цалаваць: задыхаючыся, шаптала:

«Сашачка, мілы, даражэнькі... ненаглядны мой. Як я люблю цябе, каб ты ведаў! Як люблю! Недарэмна ў мяне адразу затрапятала сэрца, як ты ўвайшоў першы раз. Як хто шаптануў: во ён, абраннік твой, тваё шчасце. Я буду любіць цябе да смерці. Я пайду за табой на край свету».

«А з бацькавага дома ісці не хочаш»,— хацеў быў сказаць, але не сказаў усё праз тую ж сваю далікатнасць, ды і праз нешта іншае. Дзявочы парыў, безумоўна, шчыры, і проста яе такая блізасць, цеплыня вуснаў на яго астылых ад марозу шчоках уміг растапілі той тонкі лядок, якім было зацягнулася возерца яго шчырага намеру, першага пачуцця да будучай жонкі. «Не з Антонам жа Антонавічам, чорт вазьмі, мне жыць!» — падумаў ён, адчуваючы, як ток жадання яе блізасці працінае яго. Пачаў цалаваць яе гэтак жа горача.

Спачатку ўсё было добра, так добра, што ён маральна расслабіўся. Эльвіра, безумоўна, шчыра кахала і хораша па-жаночы, панароднаму клапацілася аб мужу. Упершыню пасля таго, як вылецеў з- пад матчынага крыла, ён, дагледжаны, накормлены, прылашчаны, вызваліўся ад клопатаў, якія забіралі нямала дарагога часу і, было, нават прыніжалі. У яго быў свой кут — невялікі, але ўтульны, цёплы пакой з атрыбутамі побыту самых розных сацыяльных пластоў і часоў: высокі ложак з гарой падушак, пярын, а побач — сучасная паліца, запоўненая найбагацейшым скарбам — кнігамі, набор мармуровых слонікаў — для шчасця і тут жа, на серванце , — транзістар. У дадатак ён атрымаў яшчэ і мансарду. Праўда, мансарда не такая, пра якую марыў, яна не абагравалася, але ён купіў электракамін і наладзіў там месца актыўнага адпачынку — сталярную, дзе сам майстраваў паліцы, палічкі, замест старых шпалераў абшываў сцены дэкаратыўнай рэйкай, каб да вясны зрабіць мансарду такой, якую сніў, якую бачыў на дачы славутага драматурга.

Цешча, праўда, усё яшчэ была як спалоханая нечым, усё яшчэ гаварыла яму «вы», але карміла дачку і зяця смачна і сытна; сялянскі

сын, нядаўні студэнт, ён ніколі яшчэ ў жыцці так не харчаваўся. Праўда, менавіта за снеданнем — яны выходзілі з дому з Эльвірай разам і значна пазней за старога — Алесь часам халадзеў ад думкі: як бы такое жыццё не засмактала яго!

Адчуванне, што ён улез можа ў невялікае, але гразкаватае балотца, з'явілася спакваля, месяцы за тры сямейнага шчасця. З чаго яно вынікала? Усяго і ўспомніць нельга. Гэта — як кроплі са страхі. Яны падобныя адна на адну і самі па сабе не толькі не шкодныя, але прыемныя, звонкія, а з іх накопліваецца брудная лужына, якая не дае трымаць чысціню ў хаце, больш таго, калі лужыну не адвесці, яна можа падмыць падмурак, нарабіць шкоды. Так і тут. Кропля — слова, кропля — учынак, кропля — назіранне, роздум... адна за адной...

Сама Эльвіра... Цяпер ён разумее: яна ахвяра свайго асяроддзя ва ўсім — ад інтымнага жыцця да грамадскай сутнасці яе.

У ложку яна была прагная. Спачатку такая страсць цешыла. Пасля гэтая апантанасць здалася нездаровай, не так ён уяўляў адносіны мужа і жонкі; у адносінах сваіх бацькі і маці ён увесь час бачыў нейкую кранальную цнатлівасць, сарамлівасць. Эльвіра не саромелася не толькі маці, але і бацькі. Насцярожыла яе павышаная цікавасць да сексуальных праблем увогуле, пазней ён зразумеў: гэта — ад Алы, у якой не было іншай гаворкі, як на гэтую тэму, і якая спрабавала нават яго правакацыйна спакусіць. Ён, па сваёй наіўнасці і шчырасці, каб цалкам раскрыцца і цалкам даверыцца, прызнаўся ў сваіх выпадковых сувязях. І пра сваё каханне да Тані расказаў. Эльвіра да непрыемнасці падрабязна распытвала пра гэтыя сувязі, але, здаецца, даравала. А вось што датычыць Тані, то не паверыла, што паміж імі нічога не было, як ён ні пераконваў, ні кляўся. Пасля самых прыемных хвілін блізасці яна магла спытаць, як яму было з Таняй. Гэта было абразліва, брыдка, нясцерпна. Ён пачаў адказваць злосна і ўедліва, ад чаго падазронасць яе яшчэ больш расла. Яна раўнавала яго да Тані, потым пачала раўнаваць да дзяўчат і жанчын, з якімі ён сустракаўся на працы. Яна шпіёніла за ім, перачытвала пісьмы, дзённікі, аповесці і... раўнавала нават да гераінь па абсурднай логіцы: усе жанчыны, пра якіх ён піша хораша,— яго каханкі. У той аповесці, з-за якой яны пазнаёміліся, ён напісаў вобраз даяркі — разумнай, абаяльнай жанчыны. Эльвіра і да яе прыраўнавала, хоць жанчына была гадоў на дваццаць старэйшая за яго.

Часам ён кіпеў ад гэтага глупства. Але да шумнага скандалу не даводзіў, лічыў, што сталасць, разважлівасць, спакой не прыходзяць адразу самі па сабе; для таго, каб усё ўляглося, прыцерлася, каб адбылася псіхалагічная сумяшчальнасць, пра якую цяпер так многа

пішуць, і дзяўчына, якая жыла ў бацькоўскім кубельцы, стала самастойнай жанчынай, жонкай, гаспадыняй з высокім пачуццём адказнасці за сям'ю,— для гэтага патрэбен пэўны час, для Эльвіры можа якраз немалы. Яго калегі, жанатыя не першы год, таксама скардзіліся на рэўнасць жонак, і некаторыя моцна баяліся гэтай рэўнасці. Пра таго ж Багацьку расказвалі анекдоты, смяяліся, што прыдзірлівы, злосны на рабоце ён ад таго, што дома, перад жонкай, сядзіць, як мыш пад венікам.

Пасля Забаўскі неаднойчы думаў, што ў іншых умовах — каб яны жылі адны, каб не было штодзённага ўплыву бацькоў, Алы, суседак, сябровак маленства — з Эльвіры, бадай, можна было б выхаваць чалавека і жонку, не горшую за іншых жонак. Яна была бязвольная — мяккая, як гліна, і лёгка ляпілася, але для такога матэрыялу трэба адзін скульптар, а не некалькі розных. А тут скульптараў хапала...

Самадзейных. Перад імі быў зусім іншы вобраз — што ляпіць, і свая метода — як ляпіць.

Цесць Антон Антонавіч спачатку забаўляў Алеся сваёй уяўнай глыбакадумнасцю, усёведаннем — пра ўсё ў яго былі свае думкі, пра з'явы бытавыя — часам па-народнаму трапныя, але часцей ён бязбожна блытаў імёны, факты і тлумачэнні многім падзеям, гістарычным і сучасным, даваў, мякка кажучы, базарныя. Пераканаць яго было немагчыма, нават у тым выпадку, калі ён малоў яўную лухту, калі, напрыклад, зусім няправільна вымаўляў замежныя прозвішчы, і Алесь паказваў яму надрукаваны тэкст. Антон Антонавіч не ўніжаўся да таго, каб спрачацца з такім блазнюком, як яго зяць, ён проста ігнараваў усе разумныя доказы, ды і самога пачаў ігнараваць: маўляў, напляваць мне, што ты скончыў універсітэт і робіш у газеце, усё роўна я ведаю больш за цябе, і не дарос ты, каб даказваць нешта мне, вучыць мяне. Гэта, відаць, спалохала Эльвіру, бо аднойчы яна пачала прасіць мужа:

«Саша, не спрачайся ты з ім. Знаеш, які ён? Ён жыцця табе не дасць».

Але, урэшце, на блытаніну і самаўпэўненасць старога бухгалтара можна было б не звяртаць увагі, каб той спакваля не рабіў спробы прышчапіць яму сваю «філасофію» — тую, супраць якой ён, Забаўскі, змагаўся з маладой палымянасцю, усёй сваёй журналісцкай і пісьменніцкай творчасцю, і лічыў, што павінен змагацца ўсім жыццём.

Было так. З'явіўся ў газеце яго нарыс з працягам, у двух нумарах. Антон Антонавіч пасля вячэры, седзячы на мяккай канапе, паміж дрымотай прагледзеў нарыс, не прачытаў — толькі прагледзеў,

разы два звяртаючыся да папярэдняга нумара, як бы падлічваючы літары ці шукаючы памылку.

Алесь, выглядваючы са свайго пакоя, з гумарам назіраў, як цесць «чытае». Хацелася пачуць яго думку. Пачуў.

«Ну і якую суму ганарару адхопіш?» «Рублёў сто».

Антон Антонавіч задумаўся, пасля заключыў: «Дурныя грошы вам плацяць».

«Чаму дурныя?» Не адказаў. А пасля таго, як яны прагледзелі праграму «Час» і

абмеркавалі візіт у нашу краіну прэзідэнта Малі і бухгалтар у сваіх вучоных разважаннях зблытаў Малі з Самалі, на што Алесь, трымаючы абяцанне, якое даў Эльвіры, не звярнуў увагі, Антон Антонавіч спытаў:

«Часцей пісаць можна такія стацейкі?» «Пісаць можна, але друкаваць... Мала месца ў газеце».

«Калі з галавой, то напісанае можна заўжды надрукаваць». Алеся развесяліла такое веданне цесцем іх прафесіі, магчыма-

сцей друку, і ён, парушаючы запавет свайго жыцця ў гэтым доме, з захаванай іроніяй спытаў:

«Якім чынам?» «Ганарары ўсе любяць».

Кроў ударыла Алесю ў галаву. На што ён намякае? На хаўрус з рэдактарам? Што ж гэта такое? Куды ён трапіў? І ён, забыўшыся на ўсе абяцанні, зарокі, адказаў:

«Паважаны Антон Антонавіч, у нас іншыя норавы, чым у вашым халадзільніку».

Узлаваўся стары. А злосны ён рабіўся спакойна-ўедлівы і, як ні дзіўна, нават дасціпны.

«Па-мойму, ты, пісар, нядрэнна прыгрэўся ў маім халадзільніку». Абразіла гэта Алеся. Праўда, ён стрымаўся, каб не сказаць цесцю слоў, пасля якіх наўрад ці можна было б ім заставацца пад адным дахам,— пашкадаваў Эльвіру. Ён сказаў у той вечар, што ім трэба шукаць кватэру і жыць самастойна, што ён не мае намеру ні ля каго прыгравацца. Яна заўпарцілася, як ніколі дагэтуль: нікуды са свайго дома не пойдзе, гэта яе дом, яна мае права на частку яго. Ён гарачыўся, даказваў, што гэта абсурдна — па-мяшчанску трымацца ў наш час за дом, які, дарэчы, хутка будзе знесены, бо вакол ідзе новая забудова. У запале ён сказаў, што набытак у іх доме — не па заробку бухгалтара. Яна расплакалася: няўжо ён думае, што бацька злодзей? Ён трыццаць гадоў гне спіну, вопытны бухгалтар, яго ў міністэрства

запрашаюць рабіць гадавыя справаздачы, у іншыя арганізацыі, за гэта плацяць, прэміі выдаюць, брат працаваў, маці гарод урабляла, і сама яна, Эльвіра, пасля школы, дзе навучылася машынапісу, па начах сляпіла вочы, перадрукоўваючы рукапісы такіх аўтараў, як ён.

Ці то Эльвіра сказала маці пра яго падазрэнні наконт іх прыбыткаў, ці, можа, Антон Антонавіч слухаў пад дзвярамі, але ўжо на другі дзень Алесь адчуў цесцеву варожасць. Аднак выявіў яе бухгалтар не адразу.

Праз нейкі час Алесь вярнуўся дадому позна, гадзіны ў дзве ночы — адсвяткаваў выхад сваёй першай кнігі. Эльвіра сустрэла яго сіняя ад рэўнасці і злосці: дзе быў? Ці не да баб цягаўся? Ён навучыўся яе супакойваць — ласкамі, пацалункамі, доказамі нерастрачанай мужчынскай сілы. Але тут яго ўзлавала, што жонка не хацела слухаць ніякіх тлумачэнняў, а сігнальны экземпляр кнігі — найбольшая радасць для маладога аўтара і пераканаўчы доказ яго затрымкі

— зняважліва шыбанула ў кут. Моцна гэта яго абразіла. Толькі што ён ляцеў на таксі, як на крылах, падагрэты віном, віншаваннямі сяброў, спадзяваўся, што Эльвіра дапоўніць яго радасць,— і раптам такая сустрэча. Упершыню ён не стрымаўся і кінуў ёй жорсткія словы. Павышаным голасам прыгразіў, што, калі яна будзе такой, ён тут жа пойдзе з «гэтага мяшчанскага кубла». Крык яго і пагрозы адразу астудзілі і супакоілі Эльвіру. Калі яны памірыліся, яму стала сорамна, што ён так сарваўся. Суцешыла думка, што старыя не маглі чуць яго ўспышкі: з надыходам вясны, цеплыні яны з Эльвірай перабраліся ў абсталяваную ім мансарду, якая цяпер адпавядала яго колішняй мары. Але ён памыліўся. Усё Антон Антонавіч чуў: падняўся, пэўна, па лесвіцы следам за ім і падслухоўваў пад дзвярамі.

Гэтае шпіёнства ўразіла больш, чым словы бухгалтара.

Размова адбылася на другі дзень, як звычайна, за вячэрай. Антон Антонавіч доўга моршчыў лоб, соп, як апоены конь, прычапіўся да жонкі: зашмат наразае хлеба, і скібкі тоўстыя, многа застаецца, няма чаго курэй карміць белым хлебам.

Алесь зразумеў сэнс прыдзіркі — прэамбула да размовы іншай; па спалоханых вачах цешчы і жонкі бачыў, што здагадка яго правільная. Адчуваў, што пасля таго, што скажа зараз яму цесць, наўрад ці застанецца ён у гэтым доме, і ўнутрана сцяўся, загадаў сабе адно: не сарвацца, расстацца інтэлігентна. Каб разрадзіць атмасферу за сталом, паспрабаваў жартаваць. Але Антон Антонавіч перапыніў яго дзіцячы анекдот пытаннем у лоб:

«І колькі ты прамачыў учора?» «Харошае ў вас слова, Антон Антонавіч,— «прамачыў»! Ёмкае».

«Ты мне зубы не загаворвай».

«Прамачыў» ён многа, бо за сталом сабралася чалавек дванаццаць і шыкавалі па-гусарску: каньяк, шампанскае. Але дух пратэсту супраць такога допыту падбіў на тое, каб суму падвоіць.

«Трыста рублёў».

«Колькі? — у бухгалтара зрабіліся круглыя вочы і, здаецца, ажно заняло дыханне. Ён перапытаў у жонкі і дачкі, быццам не паверыў сваім вушам: — Чулі?»

Яны маўчалі. Алесю чамусьці зрабілася смешна, і ён сцёр з вуснаў усмешку далоняй. Цесць і гэта ўгледзеў:

«Пагу-у-л-я-я-ў! Бачыце? Ажно сягоння аблізваецца. А табе, дачка, колькі ён выдаў са сваіх ганарараў?»

«Тата!» — папрасіла Эльвіра.

«Што вас так хвалююць мае ганарары?» — спытаў Алесь.

«Твае?» — прашыпеў цесць.— Ты мне аддай шэсцьдзесят рублёў за электрычнасць, якую ты спаліў, грэючыся ля каміна... У маім халадзільніку. У мяне за тры гады столькі не нагарала!»

Алесь падумаў з дзіўным спакоем: «Выдаў мешчанін усю сваю сутнасць. Што ж, хвала шчырасці!»

«Я вам аддам. За ўсё».

«Тата!» — бадай панічна крыкнула Эльвіра.

«Антон, Антон,— ушчувала мужа Лізавета Пятроўна,— Во разышоўся, дурны!»

Але той сапраўды ўжо разышоўся.

«Іграеш, сукін сын, інтэлігента, а з жонкай гаворыш, як хам! Што яна, ногі твае павінна цалаваць за тое, што ты цэлую ноч п'янствуеш з курвамі?!!»

Алесь адчуў, што ўсё ў ім напялася і можа вось-вось лопнуць; ён курчыўся, як ад болю, у жываце і праўда забалела, як з'еў патрушчанае шкло.

«Дарагі твой зяцёк,— накінуўся Антон Антонавіч на жонку,— цесця казнакрадам лічыць. Чула? Жыве ў маім доме, п'е, есць маё і за тое, што ў нас на стале бывае кілбаса, а ў тваёй шафе — лішняя ануча, лічыць што я залажу ў халадзільнік. Дык я табе скажу, гаспадзін парцейны пісар... залажу, залажу я ў халадзільнік!.. Кілбаса, што ў цябе на талерцы, адтуль, і ты яе жарэш, уплятаеш за дзве шчакі. Напішы на мяне фельетон! Ганарар палучыш!»

Каб усё ж не сарвацца, Алесь моўчкі і асцярожна, як хворы, падняўся і пайшоў за дзверы, у калідор, адкуль лесвіца вяла ў мансарду.

Унізе ўзняўся вэрхал. Відаць, абураны такім ягоным учынкам, Антон Антонавіч загрымеў на ўвесь дом. Яму глуха пярэчылі Эльвіра і

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]