Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

25660-1

.pdf
Скачиваний:
23
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.65 Mб
Скачать

Іван, зразумеўшы, каму пазваніў дырэктар, успомніў сваю размову з пракурорам і скептычна ўсміхнуўся. Калі ж Астаповіч пачаў моўчкі і, здаецца, зацікаўлена слухаць, што гаворыць пракурор, гучна сказаў:

Не трэба ета, Цімафеевіч,— і праз пэўны час паўтарыў:— Попусту ета,— і падняўся, намерваючыся выйсці, але дырэктар жэстам загадаў яму чакаць. Калі ён скончыў размову, за штось падзякаваўшы Міхалеўскаму, Іван зноў сказаў:— Не пракурорава ета дзела.

А чыё?

Маё. Тут, Хведар Цімафеевіч, толькі адзін пракурор і адзін суддзя — мая памяць. Каго яна асудзіць?.. Можа я сам сябе асуджу. Што забыўся на сваіх...

Такія думкі выкінь з галавы! — па-бацькоўску строга сказаў Астаповіч. Выйшаў з-за стала, сілком пасадзіў Івана на ранейшае месца. Сам сеў напроціў, як сядзеў са старым Капытком.

Памыляешся ты, што гэта толькі твая справа! Гэта, знаеш, паклёп на людзей. Думаеш, людзі яму даравалі? І гэта для яго можа самы страшны суд.

Каму машыну здаць?

Пракурор чытае яго справу. Судовую.

Няхай чытае.

Не падабаешся ты мне.

Вы за мяне не бойцеся, Цімафеевіч. У мяне — дзеці...

Во, гэта іншая размова. Майстэрню прымеш?

Іван хвіліну падумаў.

Загадчыкам — мне трэба будзе садзіцца за руль. Рознае там. Абкатка... Паездкі па запчасці. Дайце слесарам парабіць. Каб цэлы дзень у яме, пад машынай, з ключом...

Хочаш здаць сёння?

Сягонні.

Здай пакуль што Шчэрбу.

Рабіў Іван апантана. Праўда, не ў яме сядзеў. Падняўся высока, пад самы крук крана — збіраў камбайн пасля рамонту. Але не проста збіраў — правяраў кожную дэталь: яму на гэтым камбайне рабіць. Інжынера Капыловіча, які выконваў абавязкі загадчыка майстэрні, заганяў да поту: прымусіў некаторыя дэталі замяніць нанова, хоць той лічыў машыну адрамантаванай.

Капыловіч не стаў спрачацца з такім аўтарытэтам, як Батрак. Здзівіўся хіба, чаму раптам лепшы шафёр пайшоў у слесары. Спытаў трохі ўедліва:

— Няўжо і вы, Іван Карнеевіч, накалоліся на Драмаку?

Іванава з'яўленне ў майстэрні здзівіла шмат каго, падзея гэтая была галоўнай навінай дня. Але што да Капыловіча, то той моцна ўзрадаваўся, што атрымаў не слесара, а вопытнага механіка: Батрак ведае машыны так, як ён, малады механік, будзе ведаць не скора яшчэ. Пры такім слесару няма патрэбы яму, інжынеру, сачыць за разборкай ці зборкай кожнага вузла, можна заняцца сваімі справамі. А ў яго, маладога, халасцяка, хапала спраў апроч майстэрні. Прыемна спалучаць гэтыя справы з выкананнем службовых абавязкаў — машыны былі ўсюды, у кожным аддзяленні, на складах, на фермах. Але там жа былі і маладыя апаратчыцы.

Капыловіч ускочыў на свой новы матацыкл, якім яшчэ не нацешыўся, і, нарабіўшы ляскату на ўвесь машынны двор, пагнаў у «трэцяе аддзяленне»; сказаў, што ў трэцяе, а паехаў у другі бок, з чаго рамонтнікі пасмяяліся: «Не навучыўся інжынер манеўраваць».

Работа Івана радавала — не з'яўляліся тыя думкі, што за рулём, не было ім месца ў галаве, занятай машынай. Таму не хацелася яму адрывацца нават на кароткія перакуры. Напарнік, малады слесар, які толькі мінулай вясной скончыў вучылішча «Сельгастэхнікі», хлопец не з сарамлівых і не з баязлівых, з інжынерам сварыўся, а перад Іванам як самлеў: пабаяўся нават нагадаць пра абед. Слесар другой пары, Дзям'ян Сернікаў, таксама былы шафёр, пазбаўлены за аварыю правоў, крыкнуў:

Батрак! Мы тут жывём па-гарадскому, па-заводскаму. Па гудку. Не тое што вы, бадзягі. Пайшлі абедаць. А то боршч перапрэе.

Іван нехаця спусціўся з мастка камбайна. Не паспеў выцерці вехаццю рукі, як зазваніў тэлефон. Яго напарнік Коля працягнуў яму трубку.

Вас, дзядзька Іван. Ліяна.

Звычайная справа, што яму званіла дыспетчар. Іван любіў яе ласкавы, заўсёды як бы перапрашальны галасок, любіў пажартаваць з ёй. Але тое, што дыспетчар, ведаючы, што ён здаў машыну, звоніць яму чамусьці спалохана.

Голас у Ліяны быў незвычайны, перарывісты, сумны:

— Іван Карнеевіч, разбіўся Шчэрба.

Ліяна вінавата тлумачыла, што яна не можа знайсці нікога з кіраўніцтва, але Іван спытаў адно:

Дзе?

Ля Кусяёў дзесьці. Адтуль пазванілі.

Іван апусціў трубку, сказаў слесарам, якія адчулі, што перадалі нешта незвычайнае, і глядзелі на яго:

Разбіўся Хведзька,— і да Колі, які прыязджаў на працу з суседняй вёскі на матацыкле:— Дай матацыкл!

Да Кусяёў было кіламетраў восем. Іван, забыўшыся на паліто, у адным камбінезоне, вылецеў на шашу і ўжо праскочыў чайную, сельмаг, ды раптам развярнуўся, на шалёнай хуткасці, палохаючы вучняў, якія вярталіся са школы, падляцеў да ўрачэбнага пункта, ускочыў туды.

У пакоі ўрача сядзела Тася ў белым халаце, у белай шапачцы, пісала нейкую сваю медыцынскую справаздачу. Убачыла мужа ў такім выглядзе, мурзатага, у камбінезоне — збялела ад спалоху.

Ваня! Што з табой?

Збірайся! Бяда!

Якая? Дзе?

Хведзька разбіўся.

Яна не стала распытваць, паспешліва сабрала неабходнае для першай дапамогі. Але Івану здалося, што робіць Тася гэта з недаравальным спакоем і павольнасцю, хоць у сапраўднасці яна збіралася з прафесійнай акуратнасцю, каб нічога не забыцца для ўратавання жыцця. Іван узлаваўся, упершыню яго абурыў жончын спакой. Крыкнуў:

— Ды скарэй ты! Рукі ў цябе памлелі, ці шчо?

Але роблены спакой яе ўміг разляцеўся, калі, апранутая ў футра, яна ўбачыла, што Іван збіраецца ехаць на матацыкле ў адным камбінезоне.

Дзе тваё паліто? Дзе твая машына? Заедзем дадому — апраніся! Запаленне хочаш схапіць?

Тася! — не сказаў — прастагнаў ён так, што яна адразу сцялася, зніякавела, быццам зрабіла ці сказала нешта непрыстойнае, і моўчкі ўзабралася на задняе сядзенне; трымаючы на правай руцэ сакваяж, абхапіла мужа рукамі, прыціснулася — хоць спіну яму грэць футрам.

Іван выціскаў з матацыкла ўсю яго магутнасць. Свістаў ля вушэй вецер, балюча біў у твар сцюдзёнасцю. Страшна ляцелі, здавалася, лоб у лоб, стрэчныя машыны. Але страшней было, калі Іван абганяў грузавікі: праходзіў упрыцірку ля борта. У Таісы Міхайлаўны замірала сэрца. Яна заплюшчвала вочы. Малілася богу, у якога не верыла. Яна заўсёды баялася матацыклаў і рашуча запярэчыла, калі гадоў колькі назад, тады яшчэ не дараслі да мары пра машыну, Іван хацеў купіць матацыкл. Жонка шафёра, яна верыла ў чатыры колы і не верыла ў два.

Можа ўпершыню яна, смелая, рызыкоўная, так спалохалася хуткасці. А яшчэ баялася, што Іван прастудзіцца. Яна не паспела надзець пальчаткі, і яе голыя рукі, скрыжаваныя на мужавых грудзях, адразу заледзянелі. Таіса Міхайлаўна з болем думала, што так жа заледзянелі Іванавы грудзі, бо пад камбінезонам не было нават пінжака — адна фланелевая сарочка. Яна сваімі далонямі засланяла яго грудзі ад ветру. Дакарала: «Ах, які дурань! Ах, які дурань! Як малы»,— але яму не сказала больш ніводнага слова, баялася не толькі паварушыцца — уздыхнуць мацней, каб нічым, ні на адно імгненне не адцягнуць яго ўвагу ад дарогі, ад руля.

З-за страху і клопатаў пра мужа не паспела нават падумаць пра Хведара Шчэрбу. Толькі калі здалёк, можа за два кіламетры, убачыла на шашы скапленне машын, падумала пра аварыю і што ў аварыю трапіў Хведзька, вясёлы сябра іх сям'і, з кім яна нярэдка сварылася і аднак жа любіла яго за шчырасць, праўдзівасць, весялосць, бесклапотнасць — нічога яму не хацелася, акрамя чаркі гарэлкі,— ні адзення, ні машыны, ні мэблі. Што з ім? Ранены? А калі? Таіса Міхайлаўна пахаладзела ад гэтай думкі, і ёй зрабілася сорамна за свой эгаізм, яна зразумела Івана, і сама захвалявалася.

Матацыкл праскочыў паміж машынамі, што стаялі з двух бакоў на ўзбочынах, туды, дзе над вольхамі ўздымаўся густы чорны дым.

Іван рэзка затармазіў, саскочыў з сядзення. Тася не адразу разняла рукі на яго грудзях, так і саскочыла разам з мужам, вельмі недарэчна ў такой сітуацыі абнімаючы яго. Але не таму яна не разняла рук, што яны моцна замерзлі, адзервянелі,— ад здзіўлення, неўразумення, утрапення, што ўдарылі ў сэрца новым, незнаёмым, страхам: гарэла... Іванава машына. З шашы яе занесла ў кювет; скрышыўшы нетрывалы яшчэ лёд, машына праскочыла неглыбокі кювет і радыятарам зламала маладыя алешыны. Гарэлі матор, кабіна, кузаў. Некалькі шафёраў, чэрпаючы вёдрамі ваду, спрабавалі заліць агонь. Але ад вады языкі полымя як бы выскоквалі з абвугленай, ужо згарэлай кабіны на паверхню, так бывае, калі вадой тушаць бензін ці керасін.

Нямала іншых шафёраў і пасажыраў — спыніліся два аўтобусы

— стаялі на шашы і давалі парады, кожны выдаваў сябе за вялікага знаўцу, як тушыць машыны.

Збоку пад алешынамі ляжалі два адкормленыя бычкі, адзін мёртвы, другі жывы — ён імкнуўся ўстаць і не мог, канвульсіўна біў нагамі па мёрзлай зямлі, па вольхах і жаласліва рыкаў, як прасіў у людзей дапамогі.

Старэчы жаночы голас гэтак жа жаласліва прасіў:

— Хлопчыкі, прыкаліце вы гэтага бычка. Няхай не мучаецца.

Таіса Міхайлаўна з жудасцю падумала: «Няўжо Хведзька ў кабі-

не?»

Іван, адарваўшыся ад яе, быў ужо там, каля машыны, прайшоўшы ў чаравіках па вадзе. Але Тася гэтага не заўважыла, не аб яго прастудзе яна думала цяпер. Вядома, калі Хведзька ў кабіне, то Іван кінецца туды. Яна са страхам і з надзеяй сачыла за мужам. З надзеяй

— што не можа Хведар быць там: столькі прайшло часу! І столькі людзей навокал! Не маглі яны дапусціць, каб чалавек згарэў.

Тут яе паклікалі — убачылі сумку з чырвоным крыжам.

— Доктар! Доктар! Сюды! Тут ён, вадзіцель!

Клікалі з другога боку шашы, куды яны, пад'ехаўшы, не паглядзелі нават, там стаялі машыны.

На другім баку кювет быў сухі, і за ім раслі старыя дубы. Пад адным з дубоў на грудку ляжаў Хведар Шчэрба. Твар яго быў закрыты мокрым ручніком, дзве клапатлівыя жанчыны стаялі над ім на каленях і стараліся, як умелі, памагчы.

Таіса Міхайлаўна не ўбачыла твару, але ўбачыла згарэлыя валасы на галаве, рукі з крывавымі пухірамі, вялікія прапаліны на штанах, на ватніку, праз дзіркі свяцілася ружовае цела. Тады яна сцяміла, як цяжка чалавек абпаліўся. Здалося, што Хведар мёртвы. Таіса Міхайлаўна разгубілася: што ж рабіць ёй? Душылі спазмы, вырываўся плач, але разумела, што тут, перад людзьмі, яна не мае права заплакаць. Жанчыны глядзяць на яе, чакаюць кваліфікаванай дапамогі. Значыцца, жывы ён. Ды і сам Хведар як бы пачуў яе прысутнасць: задрыжаў увесь і па-здароваму пыхнуў. Абпаленая напратка на ім была ўся мокрая, відаць, тушачы яе, ён увесь акунуўся ў ваду.

Яна ўпала на калені, зняла з яго твару мокры ручнік. Твар быў апухлы, адно вока заплыло... Але другім ён глянуў на яе свядома, пазнаў, і ў воку адбілася радасць, нават знаёмыя гарэзлівыя смяшынкі.

А-а, кума! Здаравэнька була. Улі ты ў маю вантробу чагонебудзь гарачага, а то я зварыўся, а цяпер застываю, як студзень.

Хведзечка, родненькі... Чакай, чакай,— вельмі ўзрадавалася, што Хведар жывы, нават жартуе, і агарнула яе такая пяшчота да яго, што хацелася цалаваць абпалены твар, вочы, распухлыя вусны, сагрэць яго сваім дыханнем.

Яна расшпіляла сумку, але рукі не слухаліся яе, калаціліся, і яна прасіла вінавата і ласкава, як малога:

Зараз, зараз, Хведзечка. Пацярпі хвіліначку.

Цярплю, цярплю, кума.

Збіраючы аптэчку першай дапамогі, яна чамусьці думала пра раненне і не падумала, што чалавек можа абпаліцца. Яна ўзяла ўсё і

забылася на навакаін, а гэта ж першае, што яна павінна зрабіць — навакаінавыя прымочкі.

— Дык дасі ты мне сагрэць душу?

Таіса Міхайлаўна, незадаволеная сабою, падумала, што за дваццаць гадоў працы акушэркай, фельчарам яна так і не ўведала ці можна такому абпаленаму даць глыток спірту. А калі ад гэтага будзе горш? Уяўляючы, як баляць яго абпаліны, яна дрыготкімі рукамі разламала ампулу прамедолу, каб зрабіць укол, абязболіць.

— Разарвіце рукаў,— загадала яна жанчыне.

Хведар Шчэрба, непуцёвы балбатун, мацюжнік, які, здавалася, нікога і нічога не саромеўся, раптам вінавата і сарамліва сказаў:

Тася!.. Маладзічкам етым я не сказаў. А табе... ты доктар...

Пашкуматала мне задніцу... Можа галоўнае адарвалася... кроў там хлешча, чую... Горача ў портках.

Во чалавек! Яшчэ шуткуе! — захоплена сказаў малады, звонкі голас за Тасінай спіной.— Я першы пад'ехаў. На ім усё гарыць... Машына гарыць... А ён бычкоў сцягвае... Яны равуць, упіраюцца, баяцца ў ваду з кузава скакаць, Я акунуў яго самога. Каб не я — згарэў бы ўвесь, да ніткі.

Памажыце павярнуць хворага,— папрасіла Тася маладога шафёра і жанчын, трэба было агледзець раны, пра якія Шчэрба толькі што сказаў.

Тася не бачыла, як падышоў Іван, а Хведар убачыў сябра і ажно памкнуўся падняцца:

Карнеевіч! Не думай. Не я! Узарваўся бак. Мяне выкінула, як катапультай. Паляцеў, што твая ракета! І плюхнуўся на шашу. Слухай, ад чаго ён мог узарвацца? Іван! Во дзіва!

Тады да Тасі не дайшоў сэнс Хведаравых слоў. Уся яе ўвага была скіравана на дапамогу яму. Калі Шчэрбу павярнулі і яна агаліла яго са спіны, то з жахам убачыла, што ногі, ягадзіцы і паясніца ў чалавека — крывавае месіва. Цяжкае раненне і апёк. А ён усё жартуе, хрыпіць, уткнуўшыся абпаленым тварам у расталы снег, у прэлае дубовае лісце:

Кума! Пяць грамаў спірту, зараза, шкадуеш?

Хведзечка, пацярпі.

Пацярпі! Я табе не Ісус Хрыстос.

З раненнямі прыходзілася мець справу часцей, чым з апёкам, і ў Таісы Міхайлаўны з'явіліся ўпэўненасць, спрыт, лоўкасць: для апрацоўкі раны, для перавязкі ўсё мелася.

Але Шчэрба, які хвіліну назад жартаваў, раптам страціў прытомнасць. Шок. Таіса Міхайлаўна зноў адчула сваю бездапаможнасць.

— Ці вызвалі скорую?

З тых, што памагалі ёй, ніхто пэўна не ведаў. Яна клікала Івана, але ён быў недзе там, ля машыны.

На яе шчасце, праз колькі хвілін, трывожна сігналячы, падляцела «хуткая дапамога». Пажылы ўрач, без паліто, у бялюткім халаце, глянуў на раненага, нявесела свіснуў, зрабіў свой укол, супрацьшокавы, і, не даўшы скончыць складаную перавязку, каротка загадаў санітарам:

— У машыну!

Тася засталася пад дубамі адна, непатрэбная цяпер нікому, з новым страхам, падобным на той, які яна перажыла аднойчы: некалі трохгадовы Карней захварэў на адзёр і яго, маленькага, з высокай тэмпературай, забралі ў інфекцыйную бальніцу, а яе не пусцілі туды.

Падышла машына ДАІ, з яе праз моцны рупар камандаваў сам Драмака:

Увага! Увага! Таварышы вадзіцелі! Увесь транспарт, акрамя транспарту саўгаса «Добрынскі», прашу рухацца сваімі маршрутамі. Ачысціць шашу! Ачысціць шашу! Не рабіце затору!

Загудзелі маторы. Засігналілі аўтобусы, склікаючы пасажыраў, якія разбрыліся па лесе. Загад аўтаінспектара выконвалі акуратна і неадкладна, і праз колькі хвілін шаша апусцела. Цяпер на ёй стаяла толькі жоўтая машына ДАІ, з сінім ліхтаром угары, які круціўся і пасылаў сігналы, ды чырвоная пажарная машына, іх, саўгасная. Хадзілі свае людзі — Кузя, Забаўскі, пажарнік Сяргей Хамякоў.

Таіса Міхайлаўна пайшла да іх. У кювеце ўсё яшчэ біў нагамі і ўжо знясілена, хрыпла мыкаў ранены бычок, так ніхто яго і не прыкалоў, нягледзячы на просьбы жанчын.

Цяпер крыкнуў Хамякоў:

Прыстраліце бычка! Капітан! У цябе пісталет.

Драмака аглядаў згарэлую машыну, якая ўсё яшчэ курэла, ахутаная дымам і парай. Аглядаў пільна, як прафесар хворага. Пачуўшы Хамякова, адарваўся ад машыны, дастаў з кабуры пісталет.

Тася заплюшчыла вочы. Нямала яна бачыла смерцяў, але смерці гэтага бычка ёй чамусьці не хацелася бачыць. Ды замест стрэлу яна пачула голас Хамякова і плюханне вады:

— Ваякі, такую вашу!.. Слюнцяі! Бычка не можаце забіць! Хамякоў перайшоў кювет, вырваў у разгубленага начальніка ДАІ

з рук пісталет і стрэліў бычку ў вуха. Той тузануўся і адразу ж выцягнуўся, спруцянеў.

Убачыўшы, што акушэрка намерваецца пераходзіць кювет у сваіх нізкіх ботах, асілак Кузя падхапіў яе адной рукой, як малую, і перанёс на той бок да машыны.

Іван, задымлены, мурзаты, з мантажнай лапаткай у руках, імкнуўся падняць пагнуты, скручаны, абгарэлы капот.

Драмака спытаў у яго:

Дык што ж, па-твойму, Іван Карнеевіч, здарылася?

Шчэрба сказаў, што бензабак узарваўся на хаду. На дарозе. Яго выкінула... а так згарэў бы чалавек. Бачыце, як згарэла кабіна?

Тады толькі да Таісы Міхайлаўны дайшоў сэнс таго, што адбылося. Яе скаланула ўсю, ударыла так, што пачало ліхаманіць. Не зважаючы на людзей, яна кінулася да мужа, адпіхнула яго ад машыны, быццам у ёй усё яшчэ таілася смяртэльная небяспека, потым схапіла за плечы, пачала трэсці.

Гэта ён! Ён! Ён! Ён хацеў забіць цябе! Ванечка! Ён хацеў забіць цябе!

Разгублены, спалоханы, Іван адарваў ад сябе жончыны рукі, але, убачыўшы, як яе ліхаманку, абняў, прыціснуў галаву да свайго прапахлага бензінам, мазутам і дымам камбінезона.

Успакойся. Што з табой, Тася? Успакойся, прашу. Пра што ты

кажаш!

Але сам толькі цяпер, пасля яе слоў, падумаў пра Шышку, у галаву ўдарыла млосная гарачыня. А потым стала горача ў жываце, пад сэрцам. Тася, як самлелая, павісла ў яго на руках, цяжкая-цяжкая. Відаць, усе прысутныя таксама ўпершыню падумалі, што гэта не звычайная аварыя, не ад таго, што Шчэрба, магчыма, учора перапіў,

зпахмелля заехаў у кювет, ударыўся ў вольхі, і машына загарэлася. Павел Драмака вярнуўся да сваёй «канарэйкі». Выклікаў па ра-

цыі абласную ДАІ, прасіў тэрмінова накіраваць экспертаў па аварыях, крыміналістаў.

Так, магчыма, дыверсія! — пачулі яго голас.

Дыверсія? У нас? — здзівіўся Кузя; аграном, чалавек малады, далёкі ад мінулага добрынцаў, магчыма, адзін не зразумеў Тасіных слоў і не здолеў звязаць падзеі ў адзін вузел.— Мы і слова такое забыліся.

Я табе растлумачу яго,— сказаў Забаўскі, сур'ёзна, панура.

Дзякую,— Кузя жартаўліва пакланіўся.

Ды ўсім іншым было не да жартаў.

24

Яны сядзелі за сталом, адно перад адным, і Таіса Міхайлаўна не зводзіла з мужа спалоханых, засмучаных, але і радасна закаханых вачэй. Так можа яна не глядзела ніколі. Так напэўна глядзелі жонкі на мужоў, якія вярталіся з вайны, з фронту. І гэтак жа асцерагаліся адразу гаварыць пра тое, што перажылі — ён там, пад агнём, перад штодзённай смерцю, а яна тут, у вялікай душэўнай трывозе. Каб не спалохаць радасці. І каб сваім шчасцем не абразіць памяць тых, хто загінуў.

Так і яны. Іван ажно разгубіўся ад такіх жончыных вачэй, адчуваў нейкую дзіўную няёмкасць. Быў ён па-дзіцячы бездапаможны, смяртэльна знясілены, а таму паслухмяны, сцішаны. Можа там, ля спаленай машыны, калі Тася закалацілася, закрычала пра Шышку, ён праявіў апошнюю волю, супакойваючы яе. А пасля ўжо ва ўсім падпарадкаваўся ёй. Адчуўшы, што яго ліхаманіць, яна даволі сярдзіта крыкнула сваім, добрынцам:

— Дайце яму надзець што! Ён жа ў адным камбінезоне. Забаўскі скінуў сваю куртку на штучным футры і накінуў Івану

на плечы, а Хамякоў з мацюкамі, не саромеючыся яе, жанчыны, пагнаў іх абаіх у кабіну сваёй пажарнай машыны.

Дома Тася паставіла мужу банькі — для прафілактыкі, дала аспірын, напаіла ліпавым чаем з гарэлкай, прымусіла надзець цёплую бялізну і ажно два світэры. Здавалася, не было ў яе большага клопату, як усцерагчы яго ад прастуды, ад запалення лёгкіх. Але ён разумеў, што такая актыўная дзейнасць, калі яны засталіся сам-насам (Карнея дома не было), ёй патрэбна для душэўнай разрадкі — абы не сядзець без справы і гаварыць не пра тое, галоўнае, што балела і хвалявала, а пра старонняе, другараднае, бытавое: які чай выпіць лепш, ліпавы ці малінавы? Што дадаць у яго — спірт ці гарэлку? Што ён, Іван, хацеў бы з'есці? І яму было так лягчэй — ад гэтай жончынай дзейнасці, ад яе клопатаў; ён не адмаўляўся, не адбіваўся, наадварот, стараўся падтрымаць гаворку пра чай, пра маліну, пра спірт, што выдаецца за рэктыфікат, а пахне сырцом, сказаў, што яму захацелася салёных рыжыкаў, хоць у сапраўднасці яму нічога не хацелася,— сказаў, каб была для Тасі яшчэ адна работа — злазіць у пограб, набраць рыжыкаў.

Праўда, і ў машыне, і ў першыя хвіліны дома Тася яшчэ колькі разоў паўтарыла: «Гэта ён! Ён! Яго зладзейства!»

Іван нават трохі ўзлаваўся, сказаў:

— Пакуль не даказана — няма чаго пра ета гаварыць! Што папустому крычаць?

Але супакоілі Тасю не гэтыя словы. Калі ставіла банькі, ён, уткнуўшыся тварам у падушку, глуха пачаў расказваць, цяжка дыхаючы, усё роўна што нёс вялікі цяжар:

Ты знаеш, я ўранні выйшаў на гарод — і мяне як у грудзі піхнула. Чую: не магу садзіцца за руль. Бывае ж так. Замест машыннага двара пайшоў у кантору да Астаповіча. А выйшла, бачыш, што? Як падставіў я Хведзьку...

Тады Тася зразумела, як Іван пакутуе ад гэтай думкі. І апусцілася на калені, прыціснулася вуснамі да яго голага локця.

Ванечка, не думай пра гэта. Не думай. Гэта нейкая вышэйшая сіла цябе спыніла. Хіба можна, каб аднаму столькі гора? Каб ён і нас асіраціў. Мне хочацца паверыць у бога...

Выдумаеш!

Пасля Тася старалася гаварыць аб усім — аб справах, аб людзях, аб дзецях, аб Забаўскім, што раніцой ён прыходзіў на ўрачэбны пункт, бытта хацеў палячыць зуб, але зубнога ўрача сёння не было, і яны гаварылі пра Валю... Па выразу Іванавага твару ўбачыла, што загаварыла не пра тое, не да месца. Асеклася. Часам яны непрыкметна падступалі зноў да таго, чым жылі, пра што думалі,— і тут жа асцярожна адступалі, адыходзілі.

Так было, пакуль Тася ратавала яго ад прастуды, шукала лекі, гатавала і падавала на стол абед. А селі за стол — і змоўклі, не ведалі, пра што гаварыць. Можа, праз тое, што Тася так дзіўна, так незвычайна разглядвала мужа.

Іван вінавата і сарамліва папрасіў:

Не глядзі ты на мяне так, Тася!

А ты еш, ты еш. Ты нічога не ясі, таму я гляджу. Выпі яшчэ чарку. Табе трэба сагрэцца. Ты як малы — дадумаўся, у адным камбінезоне. Хаця б пінжак накінуў.

Да таго хіба было? Толькі перадаў машыну, і тут звоніць Ліяна: Шчэрба разбіўся... Бывае ж так. Глыбокіх ран хоць няма?

Раны можа не страшныя. Абпалена многа, Ваня. Апёк страшней.

Яго бензінам абпырскала.

Люба паехала ў бальніцу на дырэктаравай машыне.

Кажуць, для перасадкі трэба скура тых, хто гарэў... Каржоў таварышу ўсё аддасць. Франтавік!

Пайду праведаю Любіных дзяцей.

Схадзі,— ён разумеў, што Тасі трэба ўсё яшчэ нешта рабіць, што дома яна не ведае, чым заняцца пасля таго, як дагледзела яго.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]