Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
21
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРАКТЫКА:

МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ I ПРАГРАМА-АПЫТАЛЬНІК

ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК

для студэнтаў I курса фiлалагічнага факультэта спецыяльнасцей:

1-21 05 01 «Беларуская філалогія»

1-21 05 02 «Руская філалогія»

1-21 05 04 «Славянская філалогія»

МІНСК

БДУ

2009

УДК

ББК

К

Рэкамендавана Вучоным саветам філалагічнага факультэта 25 лістапада 2008 г., пратакол № 2

Р э ц э н з е н т ы:

доктар філалагічных навук, прафесар А. У .Марозаў;

кандыдат філалагічных навук, дацэнт В. А. Вараб’ёва

Кавалёва, Р. М.

К Фальклорная практыка: метадычныя рэкамендацыі і праграма-апытальнік для студэнтаў І курса філал. фак. па спец. 1-21 05 01 «Беларуская філалогія», 1-21 05 02 «Руская філалогія», 1-21 05 04 «Славянская філалогія» / Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка, Т. А. Марозава; выд. 2, дапоўн. – Мінск : БДУ, 2009. – …с.

ISBN

У дапаможніку прадстаўлены метады збірання фальклорных матэрыялаў, патрабаванні да іх запісу і правілы афармлення твораў для захавання ў архівах. Студэнтам прапануецца праграма-апытальнік, мэта якой – вызначыць кірунак работы практыкантаў па збіранні фальклору, аблегчыць працэс зносін з выканаўцамі і зафіксаваць асаблівасці функцыяніравання фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу ў розных рэгіёнах.

Адрасавана студэнтам-філолагам I курса дзённай і завочнай формаў навучання, кіраўнікам груп па правядзенні фальклорнай практыкі, настаўнікам сярэдніх школ, работнікам культурных устаноў.

ISBN

УДК

ББК

Слова да практыкантаў

Збор фальклору – пачэсная праца, працяг традыцый славутых збіральнікаў і даследчыкаў фальклору – З. Даленгі-Хадакоўскага, І. Насовіча, П. Шэйна, Е. Раманава, М. Федароўскага, Д. Булгакоўскага, У. Дабравольскага, Р. Шырмы, Г. Цітовіча і інш. Яны з вялікай цікавасцю і павагай ставіліся да беларускіх сялян, носьбітаў адметнага каларытнага слова, якія ва ўсёй чысціні і прыгажосці захавалі гэты каштоўны скарб.

Памятайце, што ацэнку вашай працы дае не выкладчык, а ўдзячныя сучаснікі і нашчадкі. З вашых запісаў яны даведаюцца пра духоўныя скарбы беларускага народа. Ваша справаздача знойдзе сваё пастаяннае месца ў фальклорным архіве Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Гэта патрабуе ад практыкантаў асаблівай сумленнасці і стараннасці: вы адказваеце сваім добрым імем за кожнае слова, якое пры вашай дапамозе можа ўвайсці ў навуковы ўжытак. Дакладныя запісы будуць спрыяць умацаванню аўтарытэту фальклорнага архіва БДУ.

Вы будзеце працаваць самастойна. Побач не будзе кіраўніка, але нашы парады і апытальнік дапамогуць вам найлепшым чынам зрабiць пачэсную справу – сабраць і сістэматызаваць творы беларускага (рускага, украінскага, польскага) фальклору.

З апытальнікам вы здолееце збіраць фальклор уcюды – у вёсцы і ў горадзе, у мястэчку і на хутары, у цягніках і дамах адпачынку, у Беларусі і па-за яе межамі.

Перш-наперш падрыхтуйцеcя да практыкі. Купіце сшытак для дзённіка-справаздачы, паперу для чарнавых запісаў, цвёрдую паперу для картак, дыскету для камп’ютэрнай апрацоўкі матэрыялаў. Выкарыстоўвайце для запісу фальклорных адзінак магнітафон (касетны ці дыскавы), дыктафон альбо відэакамеру (аналагавую ці лічбавую).

На месцы правядзення практыкі звярніцеся да мясцовых улад, настаўнікаў, работнікаў культурных устаноў. Праз іх паспрабуйце высветліць, хто ў вёсцы ці ў горадзе вядомы як добры спявак, казачнік, наогул, мудры, засведчаны чалавек. Скарыстайце таксама дапамогу вашых родзічаў, сяброў, знаёмых, удакладніце месца, дзе можна паспяхова зрабіць запіс фальклорных матэрыялаў.

Памятайце: ва ўсіх абставінах вельмі важна карыстацца паслугамі аўтарытэтных людзей, паважаных дарадчыкаў. З імі лягчэй працаваць, Мы ўпэўнены, што яны шчыра сустрэнуць вас і добра зразумеюць ваш клопат. Жадаем поспехаў!

Крытэрыі ацэнкі справаздачы студэнта па фальклорнай практыцы

Склад справаздачы

Па заканчэнні фальклорнай практыкі студэнт-першакурснік павінен прадставіць кіраўніку сабраныя і сістэматызаваныя фальклорныя матэрыялы, складзеныя ў кардонную папку з завязкамі (памер папкі – аркуш паперы фармату А4). У папцы павінны быць у наяўнасці:

1) тытульны ліст на вокладцы папкі;

2) змест па жанрах з указаннем колькасці адзінак кожнага жанру на адваротным баку вокладкі папкі;

3) дзённік фальклорнай практыкі па днях практыкі з тэкстамі твораў (набраны на камп’ютары дзённік раздрукоўваецца);

4) карткі з запісанымі фальклорнымі адзінкамі (пры адсутнасці электроннага варыянта);

5) картка тапаграфічнага каталога, картка збіральніка і картка інфарманта (па ўзоры, пры адсутнасці электроннага варыянта);

6) аўдыё- ці відэакасета з вопісам твораў і афармленнем вокладкі па ўзоры (пажадана);

7) дыскета (або дыск) з афармленнем справаздачы на камп’ютэры (пажадана);

8) чарнавыя запісы (пры адсутнасці аўдыё- ці відэакасеты);

9) рэестравая ведамасць уліку запісаных матэрыялаў (па ўзоры).

Крытэрыі выстаўлення адзнак

Сярэдняя адзнака – 6 балаў – выстаўляецца за выкананне справаздачнага мінімуму: запіс 50 фальклорных адзінак, змешчаных у дзённіку і на картках, 24 старонкі дзённіка, чарнавыя запісы. Пры наяўнасці адзначанага мінімуму справаздача прымаецца да праверкі. У адваротным выпадку практыка лічыцца неадпрацаванай і адзнака не выстаўляецца.

Студэнт можа павысіць адзнаку за кошт выканання наступных умоў:

  • + 1 бал – наяўнасць матэрыялаў па адной з тэм праграмы-апытальніка;

  • + 1 бал – наяўнасць аўдыёзапісаў або відэаматэрыялаў;

  • + 1 бал – высокая якасць запісаў, правільнае вызначэнне жанраў;

  • + 1 бал – з густам аформленая справаздача;

  • + 1 бал – перавышэнне мінімуму на 50 %;

  • + 1 бал – практычны ўдзел у фальклорным фэсце з прэзентацыяй аўтэнтычных матэрыялаў;

  • + 1 бал – удзел у працы круглага стала «Беларускі фальклор у кантэксце і часе нацыянальнай культуры».

На зніжэнне адзнакі ўплываюць наступныя крытэрыі:

  • – 1 бал – несвоечасовая здача матэрыялаў практыкі;

  • – 1 бал – памылкі пры вызначэнні фальклорных відаў і жанраў;

  • – 1 бал – нізкая якасць запісаў;

  • – 1 бал – нізкая якасць афармлення справаздачы і картак.

Практыка не залічваецца, калі кіраўнік выявіць хоць адзін факт фальсіфікацыі матэрыялаў (перапісвання з анталогій і зборнікаў фальклорных матэрыялаў, перазапіс твораў з аўдыёкасеты сябра і г. д.).