Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭДУАРД КОРЗУН - легенды_краю.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
07.08.2019
Размер:
23.64 Кб
Скачать

ЭДУАРД КОРЗУН

ЛЕГЕНДЫ ГАЛЬШАНСКАГА КРАЮ

“Гальшаны – бойкае мястэчка”, – так пісаў аб сваёй роднай мясціне вядомы ў Заходняй Беларусі 30-х гадоў пісьменнік Вінцук Адважны. Вядомасць сваю мястэчка не страціла і сёння. Штодзень амаль круглы год наведваюць Гальшаны шматлікія турысты. Яны любуюцца местачковай забудовай, наведваюць мясцовыя помнікі сярэднявечча – замак, касцёл і кляштар, слухаюць легенды аб гарадзішчы, аповеды аб гальшанскіх прывідах. Шмат легенд захоўваецца ў мясцовых жыхароў, перадаюцца яны з пакалення ў пакаленне.

Сабраць, апрацаваць і данесці іх у поўнай меры да чытача, аматара даўніны, – і была задача аўтара. Легенды запісаны ад старажылаў, знойдзены ў літаратуры XIX – пачатку XX стагоддзяў, сабраны сябрамі літаратурна-краязнаўчага гуртка ў 70-х гадах. Мова ўсіх легендаў захавана, каб перадаць каларыт мясцовай гаворкі.

І. ЛЕГЕНДА АБ ЗАСНАВАННІ ГАЛЬШАН

Князь Нарымунт даў свайму брату Гольшу абшар зямлі ад р.Вілія да рэчышча балоцістага Карабель. Князь Гольша часта ездзіў сюды ў пушчу на паляванне. Яму спадабаліся палі, лясы, рэкі, напоўненыя рознай жыўнасцю. Аднойчы ў час палявання ён убачыў прыгожую высокую гару. Месца гэтае яму спадабалася, і ён перанёс сваё жыллё з ранейшага месца, а на гэтай гары вырашыў пабудаваць замак над ракою Карабель, назваўшы гэтае паселішча ў свой гонар Гальшанамі, а сам стаў называцца князем Гальшанскім.

Вучоныя лічаць, што адбылося гэта каля 1280 г. Рэчка Карабель – гэта цяперашні ручай у Гальшанах.

ІІ. ПРА МАРЫЛЮ І ГАРАДЗІШЧА

Гэта было даўно. У ваколіцах Гальшан быў калісьці горад, а на месцы гарадзішча стаяў вялікі прыгожы замак. У замку жыла дзяўчына, якую звалі Марыля. Бацькі ў яе не было – ён памёр, калі Марыля была малая. Маці Марылі была багатая: мела шмат зямлі, лясы, статкі.

Так здарылася, штот Марыля пакахала вясковага хлопца Антося. Бацькі Антося былі бедныя. Калі маці Марылі даведалася, што дачка кахае бедняка, яна вельмі раззлавалася: “Не будзе гэтага!” – злосна сказала яна і забараніла Марылі сустракацца з Антосем. Марыля плакала, прасіла ў маці дазвол павянчацца, але маці стаяла на сваім. Аднак маладыя рашылі зрабіць па-свойму. У адзін з дзён яны паехалі вянчацца тайком. Нехта сказаў пра гэта маці, тая не магла змірыцца, што яе дачка стане жонкай бедняка, і пры вялікім натоўпе грамадзян, ускінуўшы рукі ўгору, закрычала: “Няхай яны праваляцца разам з гэтым горадам!” І тут адбылося цуда. Стала цёмна, нешта загуло, страсянулася зямля – і ўвесь горад разам з яго жыхарамі праваліўся пад зямлю. На тым месцы пасля з’явілася гара, якая ў нас завецца Гарадзішчам, а вакол на невялікай адлегласці ад гэтай гары раскінуліся ўзгоркі, якія калісьці нібыта былі дамамі горада.

ІІІ. ЛЕГЕНДА АБ ГАРАДЗІШЧЫ І СКАРБЕ

Здарылася гэта ў 50-х гадах XIX стагоддзя ў Гальшанах. Селянін Людвік Гарадзецкі выехаў на досвітку араць сваю палоску каля гарадзішча. Араў ён, араў, ды стаміўся конь і ён сам. Сеў адпачыць на мяжу. А сонца ўжо паднялося, стала саграваць. Задрамаў Людвік і ў сне ўбачыў прыгожую жанчыну, якая звала яго да сябе, абяцаючы вялікія багацці. Ён прачнуўся і пайшоў за жанчынай. Прайшоў лагчыну, наблізіўся да гары. Сярод кустоў раптам убачыў вялікую адтуліну. Ступіў ўніз і апынуўся ў касцёле. Жанчына вяла яго за сабой. У кутку стаяў куфэрак са скарбамі. Чаго там не было! Жанчына сказала, што можа ўзяць адтуль колькі хоча і ісці, але не аглядацца. Пашкадаваў Людвік, што няма якога-небудзь мяшка ці вялікіх кішэняў. Стаў сыпаць за рубашку, падпярэзаную вяровачкай. Набраў столькі, колькі магло там змясціцца, колькі мог падняць. Стаў выходзіць праз адчыніўшыяся перад ім дзверы. Рады быў, хваляваўся. Ды, на табе, выходзячы наверх, зачапіўся. Дзверы і прыхлопнуліся, зашчаміўшы палу яго адзення. Людвік ад нечаканасці аглянуўся. І тут жа пачуў за дзвярыма голас жанчыны: “Пагубіў ты мяне!” Узятыя багацці раптам за рубашкай ператварыліся ў каменьчыкі. Заплакаў Людвік, што не здзейснілася яго мара аб багацці.

IV. Легенда аб кляштары ў гальшанах

Будавалі ў Гальшанах кляштар. Перад пачаткам работ месца асвяцілі святары, а праз некалькі дзён над падмуркам паволі стала расці сцяна. Але, прыйшоўшы аднойчы раніцай на будоўлю, працаўнікі ўбачылі замест сцяны кучу цаглін. Сабраліся людзі, лаяўся кіраўнік будоўлі, што работнікі дапусцілі такі промах. Занава праверылі раствор, уважліва лажылі цэглу і камяні. Але што гэта? Назаўтра зноў сцяна абвалілася. Рашылі дабавіць больш яек у раствор, замянілі адказных за кладку сцяны цесляроў, але нічога не памагло – раніцай сцяна зноў абвалілася. І тады нехта прамовіў: трэба прынесці ахвяру. Вырашылі, што першая жонка, якая прынясе на будоўлю абед свайму гаспадару, будзе замуравана ў сцяну. Пачуўшы гэта, захваляваўся малады цясляр, стаў маліць Бога, каб толькі не яго прыгожая жонка прынесла абед першай. Але Бог, відаць, сапраўды патрабаваў ахвяру. Першай прыйшла менавіта яна. І маладая кабета была замуравана ў сцяну... З таго часу сцяна не абвальвалася, кляштар быў пабудаваны.

V. Легенда аб гальшанскім замку

У замку жыла багатая, злосная і сквапная пані. Прымушала яна сваіх сялян прасці лён, а плаціць за працу не жадала, пры першай магчымасці заўсёды ашуквала або абяцала толькі. І вырашылі сяляне пакараць сквапную пані. Знайшлі яны ў суседняй вёсачцы старую вядзьмярку, папрасілі ў яе парады. А ў выніку ўсяго гэтага, сяляне праклялі сваю пані. І стала сама пані прасці лён. Прадзе раніцай, прадзе днём, прадзе вечарам, прадзе ноччу. Закончыўся лён, пачала прасці воўну. І калі хто ні гляне, парабкі ці слугі, пані ўсё прадзе. Усе сталі баяцца пані. Занепакоіўся сын, занепакоіўся гаспадар замка, усе сваякі. Прывозілі лекараў, чарадзеяў, але нічога не памагала. Пачула гэтую бяду дзяўчына з суседняга маёнтка, вырашыла яна вылечыць пані. Нанялася яна служанкай у замак. Даручылі ёй прыбіраць пакоі. Калі дайшла чарга да пакоя пані і служанка адкрыла дзверы, то ўбачыла пані за прасніцай, а вакол ляжалі ніткі. Доўга гаварыла служанка з пані, чытала малітвы. Нарэшце вярнулася памяць да пані. Сказала яна дзяўчыне: “Ідзі, вазьмі спіс парабкаў, каторым мне патрэбна заплаціць грошы. Грошы і спіс ляжаць ў куфры. Грошы раздай абавязкова парабкам”. Калі зрабіла ўсё гэта дзяўчына, калі апошні парабак атрымаў грошы, старая пані перастала прасці. Абрадаваны сын пані ўзяў у жонкі служанку, а паны з таго часу не ашуквалі сялян.

VI. Легенда пра марыліна гора

Збіралася Марыля выйсці замуж, але раптам захварэў жаніх і праз некалькі дзён памёр. Плакала дзяўчына дзень і ноч, маліла Бога, каб у сне ўбачыць свайго каханага. Вось людзі ёй парадзілі спячы хлеб на тыльным баку лапаты. Марыля спякла хлеб і лягла спаць. Апоўначы да Марылі прыязджае жаніх і гаворыць: “Бяры з сабой хлеб, шкаплеры і ружанец”. Марыля сабралася, яны выйшлі ў двор, дзе стаяла трое вараных коней ў залатой вупражы. Марыля з жаніхом селі ў залатую карэту і паехалі па дарозе, высланай белымі ручнікамі. Вось яны пад’ехалі да вялікай брамы. Брама адчынілася, і яны ўехалі ў вялікі сад. Жаніх Марылі і кажа: “Кідай хлеб, там ты не будзеш есці”. Марыля кінула. Тады ён кажа: “Кідай шкаплеры, там ты не будзеш чытаць”. Марыля кінула. Тады ён кажа: “Кідай ружанец, там ты не будзеш маліцца”. Марыля кінула.

І вось яны пад’ехалі да вялікага палаца. Марыля думала, што гэта касцёл і сышла на зямлю, каб ісці вянчацца. Але раптам зямля расступілася – і яны праваліліся пад яе.