Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции по палеографии.DOC
Скачиваний:
12
Добавлен:
14.08.2019
Размер:
561.66 Кб
Скачать

А. І. Груша Беларуская кірылічная палеаграфія Задачы, прадмет і метад палеаграфіі як спецыяльнай гістарычнай навукі

Палеаграфія – наука, якая вывучае знешнія прыкметы рукапісных помнікаў (напісанне літар, матэрыял і прылады для пісьма, вадзяныя знакі, пераплёт, мастацкае аздабленне і г. д.) у гістарычным развіцці. Тэрмін “палеаграфія” паходзіць ад двух грэчаскіх слоў: “палайас” (“παλαιός”) – стары, старажытны і “графа” (“γραφω”) – пішу. Вывучэнне знешніх прыкмет рукапісу дае магчымасць вызначыць час і месца яго стварэння. У гэтым заключаецца асноўная задача палеаграфіі. Знешнія прыкметы змяшчаюць таксама матэрыял для вызначэння аўтарства рукапісаў, гісторыі іх стварэння, устанаўлення іх аўтэнтычнасці, выяўленне падробак і г. д.

Агульнай палеаграфіі не існуе. У залежнасці ад алфавітаў і мовы, на якой напісаны рукапісы, палеаграфія падзяляецца на грэчаскую, лацінскую, арабскую, кітайскую, індыйскую, армянскую, грузінскую і інш. Старажытныя славянскія рукапісы вывучае глаголіцкая (па назве алфавіта “глаголіца”), кірыліцкая (ад назвы “кірыліца”) і лацінская палеаграфіі. У залежнасці ад мовы і асаблівасцяў культурнага развіцця, славянская палеаграфія падзяляецца на беларускую, украінскую, рускую, сербскую, балгарскую і заходнеславянскую.

Большасць старабеларускіх рукапісаў XI – XVII стст. напісаны кірыліцай. Таму наша ўвага будзе сканцэнтравана на вывучэнні выключна кірылічных помнікаў.

Метад палеаграфіі заключаецца ў даследаванні знешніх прыкмет рукапісаў, месца і час узнікнення якіх вядомы (па пастаўленай храналагічнай і тапалагічнай датах ці дзякуючы згадцы вядомых гістарычных падзей і асоб у запісы пісара рукапісу ці ў самім тэксце) і супастаўленні вынікаў даследавання са знешнімі прыкметамі рукапісаў, якія не маюць прамых і ўскосных дат.

У пэўнай ступені палеограф вывучае змест помніка і асаблівасці яго мовы. Вывучыць асаблівасці мовы рукапісу неабходна, у прыватнасці, пры ўстанаўленні месца стварэння рукапісу. Толькі сукупнасць даных аб знешніх прыкметах рукапісу можа даць адносна поўную характарыстыку рукапісу.

Паколькі змены ў знешніх прыкметах рукапісаў адбываліся марудна, палеографу даводзіцца датаваць рукапісы даволі вялікімі адрэзкамі часу (ад 10 год да аднаго ці двух стагоддзяў) і вызначаць месца напісання даволі шырока – краінай ці часткай краіны, якая цягацела да пэўнага культурнага цэнтра.

Палеаграфія даследуе напісанні, якія зроблены якім-небудзь фарбавальным рэчывам. Яе прадметам з’яўляецца вывучэнне рукапісных помнікаў пісьменнасці як такой, г. зн. такіх, прызначэнне якіх павінна было служыць сродкам перадачы чалавечай думкі, але не прадметаў матэрыяльнай культуры, якія маюць якія-небудзь напісанні. Надпісы на бытавых прадметах, вышыўкі тэкстаў на прадметах з тканіны, напісанні літарных і лічбавых знакаў на помніках архітэктуры, скульптуры, жывапісу, таксама на манетах, пячатках, камнях не ўваходзяць у прадмет палеаграфіі. Аднак па прычыне недастаковасці пісьмовых крыніц найстаражытнейшага перыяду (да XIII ст.) беларуская палеаграфія, таксама як і руская, выкарыстоўвае даныя вывучэння і гэтых напісанняў.

Палеаграфія даследуе старажытныя помнікі, па крайней меры, тыя, якія маюць прыкметы старажытнасці. Да палеаграфіі не адносіцца правядзенне экспертызы сучаснага для эксперта почырка, хаця ў метадзе даследавання эксперта і палеографа ёсць пэўная агульнасць.