Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Книга-1.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
27.86 Mб
Скачать

Матэрыял сабраны падчас рэспубліканскай акцыі

навучэнцкай моладзі “ Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”

вучнямі ўстановы адукацыі“Каўпенскі дзіцячы

сад – базавая школа” аддзела адукацыі Лоеўскага

райвыканкама Гомельскай вобласці

Каўпень – вёска каля лебядзінага возера

Каўпень

2008

Аўтар - укладальнік:

М. І. Анісавец - гісторык

Рэдакцыйная калегія:

Т.М.Ефіменка - дырэктар установы адукацыі“Каўпенскі дзіцячы

сад – базавая школа”(адказны рэдактар).

Г.В.Пякарская – філолаг.

Каўпень – вёска каля лебядзінага возера: гісторыка-дакументальная хроніка жыцця вёскі /Укладанне, сістэматызацыя М.І. Анісавец.

Кніга напісана па матэрыялах сабраных падчас рэспубліканскай акцыі

навучэнцкай моладзі “ Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”( 2007-2008 гг.) вучнямі ўстановы адукацыі“Каўпенскі дзіцячы сад – базавая школа” аддзела адукацыі Лоеўскага райвыканкама Гомельскай вобласці. У ёй прадстаўлены нарысы з гісторыі вёскі і школы, успаміны яе жыхароў аб Вялікай Айчыннай вайне і спісы загінуўшых, спіс рэпрэсіраваных, вясковы фальклор, дыялектычны і тапанімічны слоўнічкі, даўнія вясковыя мянушкі, апісанне турыстычнага маршрута па вёсках і памятных мясцінах Каўпенскага сельскага Савета.

Дадзенае выданне будзе цікавым і карысным для школьнікаў і настаўнікаў, краязнаўцаў, прафесійных гісторыкаў і ўсіх шанавальнікаў беларускай культурна-гістарычнай спадчыны.

Светлай памяці Харко Ганны Іванаўны настаўніцы з 1985 і дырэктара Каўпенскай базавай школы з 2004 па 2007 гады прысвячаецца

Каўпень – вёска каля лебядзінага возера

У цэнтральнай частцы Лоеўскага раёна, на адлегласці 7 кіламетраў ад райцэнтра, размешчана вёска з выразнай і цікавай, але зусім не зразумелай сучаснікам назвай – Каўпень. Ад чыгуначнай станцыі Рэчыца яна размешчана на адлегласці 58, а ад Гомеля – 95 кіламетраў. Калі ўзнікла гэтая вёска і чаму так названа ? Якая яе гісторыя ? Гэтыя пытанні заўсёды цікавіліі мясцовых жыхарў і краязнаўцаў.

Па выяўленых пісьмовых крыніцах гісторыя Каўпені прасочваецца на працягу апошніх 250-300 гадоў. Але, безумоўна, вытокі ўзнікнення гэтай вёскі вядуць значна глыбей. Аб гэтым сведчыць гарадзішча балотнага тыпу, размешчанае ў трох кіламетрах на паўднёвы захад ад вёскі ва ўрочышчы Рудавец на невялікім пагорку сярод балот. Гэтае гарадзішча плошчай 2887,5 м2 мае прамавугольную форму. Яно ўмацавана валам вышынёй 3 метры і шырынёй да 18 метраў. Культурны пласт на гарадзішчы складае больш за 0,4 метра. У розныя часы яго даследавалі беларускія археолагі Ю.В. Кухарэнка, Л.Д.Побаль, М.І.Лашанкоў. Тут знойдзена кераміка мілаградскай і зарубінецкай культур, якая датуецца ІІІ стагоддзем да нашай эры - ІІІ стагоддзем нашай эры.

Гарадзішча Рудавец. Фотаздымак Юсубава Арцёма.

Акрамя гарадзішчаа, у 2 кіламетрах на поўдзень ад Каўпені, на беразе асушанага зараз Вялікага возера, яшчэ ў 1890 годзе былі выяўлены і даследаваны беларускім вучоным В.З.Завітневічам 18 апошніх напаўразбураных курганаў. Пахавальны абрад ажыццяўляўся тут спосабам трупапалажэння галавой на захад. Пры даследаванні курганоў былі знойдзены дробныя пацеркі, бранзалеты, спражкі, паясныя кольцы, крэсіва, нажы, наканечнік кап’я, гаршкі культуры Кіеўскай Русі Х-ХІІ стагоддзяў.

Аб гісторыі ўзнікнення і паходжанні назвы вёскі Каўпень вядомы легенды і паданні, сабраныя і запісаныя былым настаўнікам А.Р.Усцянком і вучнямі Каўпенскай школы.

Легенда сведчыць, што ў старажытныя часы на месцы Каўпені быў лясны гушчар, праз які праходзіла дарога, што вяла з паўночных гарадоў да Кіева. Па гэтай дарозе ехаў некалі былінны герой Ілля Мурамец ў стольны град Кіеў. Тут ён і сустрэўся з Салаўём-разбойнікам. Адбылася страшэнная бітва паміж двума волатамі-веліканамі. На месцы бітвы ўтварылася вялікая паляна, на якой застаўся толькі пень ад дуба. Пазней прыйшлі на гэта месца людзі. Яно ім спадабалася. Яны забілі ў зямлю першы кол і пачалі будаваць тут жытло. Узнікла вёска, якую назвалі “Колпень”, паколькі першымі рэчамі на паляне былі кол і пень.

Другое паданне сведчыць, што земля гэтая некалі належала братам графам Гендрыкам, маёнтак якіх быў у Лоеве. Для аховы сваіх лясных багаццяў браты прыдбалі чалавека з Украіны, з вёскі, якая называлася Каўпень. У гэтага лесніка было чатыры сыны. Спачатку сярод лесу ўзнікла хаціна лесніка, а потым, калі сыны пажаніліся, утварыўся хутар Каўпень, які стаў паступова расці і ператварыўся ў вёску.

Так тлумачаць паходжанне назвы вёскі Каўпень легенды і паданні. А вось вядомы даследчык Гомельшчыны А.Ф.Рогалеў лічыць, што сама назва вёскі ўтварылася ад назвы нейкага воднага аб’екта, магчыма, невялікай рэчкі Каўпені. Ён сведчыць, што ў басейнах рэк Дняпро, Сож, Ака нярэдка сустракаюцца такія рачныя назвы як Калпата, Калпіта, Калпітка, Калпна. А ва ўсходне-славянскай мове ёсць словы: “колаб”, “колабн”, “колбы” - у значэнні “пагоркі ў прыбярэжнай частцы поймы ракі”. Назва Каўпень магла азначаць наступнае: ”узвышша, пагорак, каля якога цячэ рэчка.” У падтрымку гэтых версій сведчыць і тое, што ў ваколіцах Каўпені некалі на самай справе брала пачатак высахшая зараз безымянная рачулка-ручай, якая цякла праз суседнюю вёску Крупейкі і ўпадала ў Дняпро.

А.Ф.Рогалеў выказаў і яшчэ адну цікавую версію паходжання назвы вёскі. У адпаведнасці з ёй назва вёскі магла быць звязана са стараславянскім словам “кълпъ” – лебедзь. Улічваючы, што яшчэ ў недалёкім мінулым вёска Каўпень размяшчалася на беразе асушанага зараз Малога возера, насельнікамі якога былі шматлікія лебедзі, назву Каўпень, хутчэй за ўсё, можна лічыць як вытворную ад “кылпень“ - “лебядзінае возера “.

Некалі мясцовы краявед І.Р.Ермакоў, які пэўны час працаваў настаўнікам гісторыі Каўпенскай школы, выказваў думку, што назва Каўпень магла паходзіць і ад назвы птушкі –колпіцы, аднаго з відаў цапляў. Але гэтая вёрсія ўяўляецца малаверагоднай, бо вядома, што колпіцы не водзяцца ў нашых мясцінах.

200- гадовая сасна на вясковых могілках, напэўна, магла б шмат паведаць аб мінулым вёскі. Зараз нават дакрануцца да яе – дакрануцца да гісторыі, да вечнасці. Фотаздымак Юсубава Арцёма.

У пісьмовых крыніцах Каўпень вядома з ХYІІ стагоддзя. У 1795 годзе ў ёй было 35 двароў, каля 400 жыхароў. Адносілася яна да маёнтка Лоеў у Лоеўскай воласці Рэчыцкім павеце, Мінскай губерні, які знаодзіўся ва ўласнасці графа Юзафа Юдзіцкага. Жыхары вёскі былі прыпісаны да прыходу Свята- Мікольскай царквы, што дзейнічала ў Лоеве. У 1816 годзе ў Каўпені налічвалася 32 дымы, 109 жыхароў мужчынскага полу. У 1850 годзе было ўжо 44 гаспадаркі і пражывала 302 жыхары.

У 1862 годзе ў Каўпенскае сельскае таварыства ўваходзілі 50 сялян-гаспадароў, 4 –агароднікі, 148 мужчын. Яно налічвала 838 гектараў зямлі, з іх –29 гектараў пад сядзібамі.

У маі 1863 года была складзена Устаўная грамата, а ў красавіку 1870 года Выкупны акт, згодна з якім сяляне вёскі Каўпень памешчыц С.Лашч і І.Нарушэвіч (народжаныя Юдзіцкія), прыпісаныя да маёнтка Лоеў, у колькасці 148 душ мужчынскага полу, 66 гаспадарак ( з іх 16 агароднікаў) павінны былі выкупіцца ад прыгоннай залежнасці і атрымаць ў карыстанне 1330 гектараў зямлі. Выкупная сума склала 12 232 рублі 87,5 капеек. Акрамя гэтага сялянам было дадзена права пасвіць жывёлу на сервітутных землях ва ўрочышчах Карма, Крукаў, Тулічкі, Ліпаў стан, Журлівіца і іншых месцах.

Але ўжо ў верасні 1870 года сялянская абшчына вёскі Каўпень падала скаргу ў Рэчыцкі міравы з’езд на памешчыц Лашч і Нарушэвіч. Скардзіліся яны на тое, што памешчыцы завысілі кошт выкупной зямлі, адабралі добрыя ворыўныя землі і луг “Каўпенскі рог” за Дняпром насупраць Лоева, а сялянам аддалі ўрочышча Рудавец і горшыя землі. Вядома таксама, што ў 1872 годзе Каўпенская сельская абшчына валодала 1080 гектарамі зямлі.

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Каўпень было 113 гаспадарак, 766 жыхароў, дзейнічалі царкоўная школа граматы, хлебазапасны магазін. У канцы ХІХ стагоддзя лоеўскі памешчык Станіслаў Лашч пабудаваў каля Каўпені ва ўрочышчы Росаха прыгожы ўтульны дом і пасяліўся там. Жыў два гады. Ёсць звесткі, што ён нават ажаніўся на сялянцы. Але госці аднойчы пасмяяліся з пана Лашча, што жыве той сярод жаб. Пакінуў ганарысты пан вёску і дом перавёз у Лоеў.

Талака на сенажаці ва ўрочышчы Каўпенскі рог. 1904 г.

У 1904 годзе Станіслаў Лашч пабудаваў ва ўрочышчы Шапарня каля Каўпені цагляны завод, які вырабляў да сарака тысяч цаглін ў месяц. У 1909 годзе ў Каўпені налічвалася 163 гаспадаркі, 1019 жыхароў. У гэтым жа годзе Каўпенская сельская абшчына набыла пры дапамозе Сялянскага пазямельнага банка ў памешчыкаў Станіслава, Івана (Аляксандра) і Генрыха Эдмундавічаў Лашчоў, Уладзіславы і Ядзвігі Мольскіх (народжаныя Лашч) 1346 гектараў зямлі з маёнтка Лоеў. Але сяляне не змаглі своечасова разлічыцца за зямлю, і яна перайшла ва ўладанне банка.

Падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы многія сялянскія сем’і пачалі перасяляцца на хутары, і вакол Каўпені хутка ўтварылася каля дзесятка хутароў.

У 1917 годзе ў вёсцы Каўпень налічвалася 157 двароў і 957 жыхароў ( з іх 110 знаходзіліся ў войску).

Савецкая ўлада ў Каўпені ўсталявалася ў лістападзе 1917 года. З сакавіка 1918 года па 6 снежня 1918 года вёска была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, а ў маі-ліпені 1920 годзе – польскімі войскамі.

У 1923 годзе ў Каўпені быў створан Сялянскі камітэт грамадзянскай узаемадапамогі. Старшыней яго быў Купрэенка Аляксандр, сакратаром – Анісавец Кузьма, членам камітэта – Рабус Іван. У гэтым годзе ў вёсцы налічвалася 165 двароў, 947 жыхароў, сялянам належала 402 гектары ворнай зямлі і 314 гектараў сенажацяў.

З 1924 года пачаў працаваць пункт ліквідацыі непісьменнасці, які ў 1926 годзе наведвалі 30 чалавек. У 1925 годзе быў адчынены чырвоны куток.

Паводле перапісу 1926 года ў вёсцы існавалі 193 гаспадаркі, 981 жыхар, кузня, 2 ветраныя млыны, 17 дробных шавецкіх майстэрняў, крупарушка, воўначоска, сталярны і дрэваапрацоўчы промыслы. Пераважалі прозвішчы Анісавец і Краўчанка. Працавала школа 1-ай ступені, разлічаная на 4 гады навучання.

У снежні 1926 года вёска Каўпень стала цэнтрам сельсавета, але роўна праз год яна была ўключана ў склад Крупейскага сельсавета Лоеўскага раёна.

Калектывізацыя ў Каўпені распачалася ў 1930 годзе. Быў створан калгас “Перамога-2”, у якім налічвалася 26 гаспадарак. Першымі калгаснікамі сталі сем’і беднякоў: Федосенка А.А, Анісавец І.Я. і іншых. Старшынёй калгаса быў абраны Тарасенка Сцяпан, у канцы 1930 года яго замяніў дваццаціпяцітысячнік з Гомеля Аўрам Глагоўскі. З 1934 года старшынёй працаваў Карп Пінчук. Калектывізацыя суправаджалася рэпрэсіямі да сялян: 29 жыхароў вёскі былі абвешчаны кулакамі, пазбаўлены маёмасці і высланы за межы Беларусі. Сярод рэпрэсіраваных сем’і Анікеенкі Мікіты, Анісаўца Гаўрылы, Анісаўца Сяргея Дзмітрыевіча, Анісаўца Сяргея Піліпавіча, Краўчанкі Акіма і іншыя

У 1935 годзе калгасу “Перамога-2” была перададзена торфаарцель “Трудавік”, у сувязі з чым ён атрымаў назву прамкалгас “Перамога-2”.На вачатку Вялікай Айчыннай вайны вёска налічвала 134 двары і 469 жыхароў.

У жніўні 1941 года вёска Каўпень была акупіравана нямецка- фашысцкімі захопнікамі. Падчас вайны былі растраляны 22 мірныя жыхары вёскі, 75 - загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 23 кастрычніка 1943 года вёска была вызвалена воінамі 193 дывізіі 65 арміі генерала Батава П.І. Падчас жорстіх баёў вёска некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У ходзе баявых дзеянняў, у ліку іншых воінаў, загінулі і два Героі Савецкага Саюза Бруханаў А.І. і Мясаедаў Г.П. , пахаваныя ў брацкай магіле вёскі Крупейкі.

У лістападзе 1943 года быў адноўлены калгас “Перамога-2”. Пасля вайны ў вёсцы захавалася толькі 13 хат, пагэтаму вёску прыйшлося адбудоўваць занава.

У чэрвені 1950 года вёска Каўпень была ўключана ў склад калгаса імя Сталіна з цэнтрам у вёсцы Крупейкі.

З ліпені 1954 года вёска Каўпень патрапіла ў склад Казярожскага сельсавета, а з 1 верасня гэтага года Каўпенская пачатковая школа была рэарганізавана ў сямігодку, дырэктарам школы быў прызначаны Савін Н.А.

У 1955 годзе вёскі Каўпень і Пустая Града ўтварылі калгас імя Хрушчова, які праз год атрымаў назву “Савецкая Беларусь”.

У 1959 годзе Каўпень разам з суседнімі вёскамі Казярогі і Пустая Града былі аб’яднаны ў калгас імя Дзяржынскага. Цэнтрам калгаса стала вёска Казярогі.

У жніўні 1961 года старшынёй калгаса імя Дзяржынскага стаў Варонін П.М., які на працягу дваццаці гадоў быў кіраўніком гэтай гаспадаркі.

Старшыны калгаса » Дружба» на працягу 1960-пачатку 1980 гадоў Варонін Пётр Міхайлавіч

У маі 1963 года калгас імя Дзяржынскага быў пераіменаваны ў калгас “Дружба”, а вёска Каўпень стала цэнтрам гаспадаркі. 25 лютага 1975 года адбыўся пераход Каўпенскай школы ў новы цагляны будынак, пабудаваны за сродкі калгаса “Дружба” ў цэнтры вёскі. У 1988 годзе Казярожскі сельскі савет быў пераіменаваны ў Каўпенскі сельскі савет. З верасня 1994 года калгас узначаліў Харко Васіль Пятровіч.

Па перапісу 1999 года у вёсцы Каўпень налічвалася 189 гаспадарак, 509 жыхароў, з іх 237 мужчын і 272 жанчыны. У Каўпені рамяшчаліся будынкі адміністрацыі калгаса “Дружба” і выканкама сельсавета, базавай школы і дзіцячага сада, фельшарска-акушэрскага пункта, сельскага дома культуры і бібліятэкі.Тут было аддзяленне сувязі, магазін і сталовая.

З 2003 года калгас “Дружба” стаў Сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Каўпень-Агра”. У 2005 годзе у Каўпені распачалося будаўніцтва аграгарадка, у ходзе якога адбылося добраўпарадкаванне вёскі і будаўніцтва новых дамоў для маладых сем’яў.

З паўдня і захаду Каўпень мяжуе з лесам. Планіровачна яна складаецца з прамалінейнай шыротнай вуліцы, якая зараз носіць назву Чырвонаармейская. З цэнтра гэтай вуліцы на Поўнач адыходзіць вуліца Г-падобгай канфігурацыі, якая раней называлася Новай, а зараз носіць імя Леніна. Вуліцу Леніна перасякае невялікая Першамайская вуліца, забудаваная пераважна новымі будынкамі, на якой размешчаны і ўсе адміністрацыйныя установы. Забудова вёскі двухбаковая, напалову цагляная, сядзібнага тыпу.

Каўпенскай школе 140 гадоў

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што ўжо ў 1867 годзе ў вёсцы Каўпень існавала аддзяленне Лоеўскага народнага вучылішча, у якім вучылася 10 хлопчыкаў. Настаўнікам тады працаваў Мамонт Шумігай.

Таксама вядома, што першая школа граматы ў вёсцы Каўпень была адкрыта ў 1885 годзе ў доме сялянкі Бондар Еўдакіі Паўлаўны, якая была ў ёй і першай настаўніцай.

У 1891 годзе ў вёсцы каля могілак быў пабудаваны будынак царкоўна-прыходскай школы. Школу будавалi мясцовыя жыхары: Бондар Васiль Фёдаравiч, Бондар Яўдакiм Паўлавiч i iншыя. Вучоба ў ёй ажыццяўлялася толькi ў зiмовы час. Звычайна заняткi распачыналiся пасля выпадзення першага снегу i заканчвалiся ранняй вясной. Навучанне не было абавязковым. Бацькi выпраўлялi вучыцца сваих дзяцей па жаданню i толькi калi мелi сродкi плацiць за навучанне. Пагэтаму з усёй вёскі вучылася толькi каля 20 чалавек.

Першымі вучнямі школы былі Краўчанка Мікалай Пракопавіч, Краўчанка Фёдар Іванавіч, Бондар Аляксей Еўдакімавіч, Даўгалычанка Ульяна, Нікіценка Мікалай Карнеевіч. Падручнiкам звычайна служыў буквар i евангелле, пiсалi на грыфельнай дошцы.

Галоўным вучэбным прадметам быў Закон Божы, вучылi таксама чытанню, пiсьму, арыфметыцы. Кантроль за вучэбным працэсам ажыццяўляў святар Свята-Мiкалаеўскай царквы, да якой была прыпiсана Каўпень. Святар час ад часу наведваўся ў школу i ў першую чаргу цiкавiўся веданнем вучнямi на памяць малiтваў.

Настаўнікамі у школе працавалі мясцовыя жыхары: спачатку Краўчанка Іван Фёдаравіч, затым Свірыдзенка Яўхім. Пазней у школе працавалi прыезжыя настаўнiкi. Звычайна жылi яны на кватэрах сялян.

Школа на пачатку ХХ стагоддзя.

Вядома, што ў 1924 годзе ў вёсцы Каўпень пачаў працаваць пункт ліквідацыі непісьменнасці для дарослых, яго ў 1926 годзе наведвалі 30 чалавек.

У 1925 годзе быў адчынены чырвоны куток, дзе можна было чытаць, адпачываць, займацца мастацкай самадзейнасцю.

Паводле перапісу насельнiцтва 1926 года ў вёсцы Каупень працавала школа 1-ай ступені разлічаная на 4 гады навучання. У школе ў снежні 1927 налічвалася 67 вучняў, 2 настаўнікі, бібліятэка, у якой было 135 падручнікаў і 31 кніжка. Загадчыцай школы працавала Яўланiя Андрэеўна Лялеўская, заняткі вяліся ў дзве змены. Школу наведвалі дзеці з вёсак Каўпень і Астравы, а таксама хутара Дубраўка. Я.А.Лялеўская была родам з Баранавiчаў i працавала у Каўпенскай школе звыш 12 гадоў.

У 1932 годзе на ўсходняй ускраіне вёскі быў пабудаваны новы драўляны будынак пачатковай школы, у якім былі тры кватэры для настаўнікаў. Будынак школы моцна пацярпеў падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Засталiся толькi пасечаныя асколкамi снарадаў кватэры настаўнiкаў, якiя пасля вайны былi прыстасаваны пад школу. Пачатковая Каўпенская школа зноў распачала сваю працу восенню 1943 года, адразу пасля вызвалення Лоеўшчыны ад фашыс-цкiх захопнiкаў. З цягам часу будынак школы рамантаваўся i дабудоўваўся.

Адноўлены пасля Вялiкай Айчыннай вайны буынак Каўпенскай школы

У 1952-53 навучальным годзе ў трохкамплектнай школе працавалi: загадчык Савiн Мiкалай Акiмавiч, былы франтавiк, настаўнiкi Трасцян (Кавалёва) Васа Трафiмаўна i Буднiк Лiдзiя Мiкiтаўна. Але з 1 кастрычнiка 1953 года школа была пераўтворана ў двухкамплектную, у якой настаўнiчалi Савiн М.А. (загадчык школы) i Трасцян В.Т.

Дырэктар школы ў пасляваенны перыяд Савін Мікалай Акімавіч

З 1 верасня 1954 года Каўпенская пачатковая школа была рэарганізавана ў сямігодку. Адкрылi пяты клас, дырэктарам школы быў прызначаны Савін Мікалай Акімавіч. Акрамя яго працавалi настаўнiкi:Трасцян В.Т. (навучала 1 i 3 класы пачатковай школы i выкладала нямецкую мову ў 5 класе) i Рогаў В. П. (працаваў пiянерважатым).

У 1955-1956 навучальным годзе ў школе працавалi Савiн М.А., Аксёнава Н.I., Стракач В.I, Пабылоўская М.М., Трасцян В.Т., Кузьмiна А.I. У наступным навучальным годзе прыйшлi працаваць настаўнiцы Данiшэўская Бранiслава Iзраiлеўна, Маторная Таццяна Трафiмаўна, Белая Валянцiна Аляксееўна.

З 1 верасня 1962 года Каўпенская сямігодка была рэарганізавана ў васьмігадовую школу. Дырэктарам застаўся Савiн М.А., завучам працавала Кузьмiна А.I., пiянерважатай - Канцавая Н.А, настаўнiкамi - Рогаў В.П., Данiшэўская Б.I., Склема В.У., Жаўнова В.Е., Стракач В.I., Буднiк Л.М., Жыгман В.Ц., Трасцян В.Т. Вясной 1963 года адбыўся першы выпуск Каўпенскай васьмiгодкi. Першымi выпускнiкамi школы сталi Анiсавец Васiль, Бондар Яўдакiя, Прымак Вiктар, Трасцян Васiль, Трасцян Мiхаiл, Рабус Уладзiмiр, Сiнiла Яўдакiя, Фядосенка Мiкалай i Шамро Надзея.

У вераснi 1963 года дырэктарам школы быў прызначаны Усцянок Аляксей Рыгоравіч. У 1964 годзе настаунiцкi калектыў Каўпенскай школы налiчвау 12 чалавек: Усцянок А.Р., Данiшэўская Б.I, Склема В.У., Кузьмiна А.I., Канцавая Н.А, Жаўнова В.А., Атрошчанка П.П., Стракач В.I., Буднiк Л. М., Жыгман В.Ц., Трасцян В.Т., Асадчая Е.I. Школу наведвалi 102 вучнi. Заняткi ажыццяўлялiся ў дзве змены.

Каўпенскi дзiцячы сад-базавая школа. 2007 год. Фотаздымак Юсубава Арцёма.

25 лютага 1975 года адбыўся пераход школы ў новы цаглыны будынак, пабудаваны будаўнiчай арганiзацыяй МПМК -54 за сродкі калгаса “Дружба” ў цэнтры вёскі Каўпень. У гэты дзень зранку вучнi школы на ўрачыстай лiнейцы развiталiся са старай школай. Словы падзякi створанай рукамi добрых людзей старой школе выказаў былы дырэктар школы Усцянок А.Р. Усiм сумна было пакiдаць абжытую старэнькую школу. На класных дошках i на сцяне школы вучнi, развiтваючыся, з любоую напiсалi: « Бывай, любімая школа!», - i пад гукi пiянерскага горна i барабана, праз усю вёску рушылi да новай школы.

Старшыня калгаса «Дружба» Варонiн Пётр Михайлавiч пасля прамовы i добрых пажаданняў пад воплескi прысутных жыхароў вёскi Каўпень перадаў сiмвалiчны ключ ад новай школы дырэктару Пiнчуку Сяргею Мiхайлавiчу. Адчынiлiся дзверы i новае памяшканне школы напоўнiлася вясёлымi дзiцячымi галасамi. Так пачаўся новы перыяд гiсторыi Каўпенскай школы.

1974-1975 навучальны год быў паспяховым для школы. У ёй навучалася 76 вучняў. Настаўнiкамi працавалi Пiнчук С.М., Усцянок А.Р., Буднiк Л.М., Мачук В.I., Жаўнова В.Е., Жыгман В.Ц., Радзiвонаў Н.Г., Смалоўская Е.П., Стракач В.I., Арцёмчык В.К., Чача В.К., Краўчанка А.М. Тэхработнiкамi былi Бондар В.Ф., Краўчанка А.М., Трасцян Т.М., сантэхнiкам Усцянок В.А. Школа закончыла навучальны год без другагоднiкаў. З 1 студзеня 1976 года школа перайшла на кабiнетную сiстэму навучання.

З 1989 года адбыўся пераход школы на 9-цi гадовае базавае навучанне. У сувязi з закрыццём Мохаўскай сярэдняй школы, вучнi вёскi Казярогi пачалi наведваць Каўпенскую базавую школу.

У 1998-1999 навучальным годзе ў Каўпенскай базавай школе навучалася 103 вучнi, з іх 75 - з вёскi Каўпень i 28 вучняў з вёскi Казярогi. Працаваў педагагiчны калектыў у складзе: Прымак Б.А.- дырэктар школы, Канапелька Л.У.- завуч, настаўнiкi старэйшых класаў - Анiсавец Н.Я., Анiсавец М.I., Лёгкая С.М., Масленка Т.А., Нiкiценка Д.Д., Пякарская Г.В., Харко А.I., Шандрак С.А.; - настаўнiкi пачатковых класаў - Жураўская З.К., Казека Т.У., Максiменка М.Д., Суржык М.В. Тэхперсанал школы складалi Краўчанка А.Д., Краўчанка Т.М., Сушчанок К. С., Анiсавец Н.I.

З 2002 года функцыянуе Каўпенская базавая школа-сад. З 1 верасня 2007 года Каўпенская базавая школа-сад у сувязi з рэформай школы пярайшла на 10-цi гадовае навучанне.

Па стану на 1 студзеня 2008 года ў школе навучаюцца 64 вучнi з вёсак Каўпень i Казярогi, дзiцячы сад наведваюць 21 дзіця.

Дырэктар школы з 2004 па 2007 гады Харко Ганна Іванаўна

У Каўпенскай базавай школе-садзе працуюць 17 настаўнiкаў i 2 выхавацелi, з iх 2 - настаўнiкі маюць пвышэйшую катэгорыю, 10 - першую, 3 - другую катэгорыю. Настаўнiкi i выхавацелi маюць багаты вопыт педагагiчнай работы, iмi распрацаваны каштоўны метадычны матэрыял па выкладаемых курсах.

Нягледзечы на слабую матэрыяльна-тэхнiчную базу школы яе вучнi неаднаразова станавiлiся прызёрамi раённых i абласной прадметных алiмпiяд. На працягу апошнiх гадоў школа трывала ўваходзiць у лiк прызёраў круглагадовай спартакiяды вучнёўскай моладзi раёна. Выпускнiкi школы паспяхова працавалi i працуюць у сельскай гаспадарцы, прамысловасцi, адукацыi, культуры i iншых галiнах народнай гаспадаркi Беларусi. Школа ганарыцца сваiмi былымi вучнямi Анiсаўцом Дзмiтрыем Максiмавiчам, Анiсавец Галiнай Васiльеўнай, Анiсавец Таццянай Вiктараўнай, Нiкiценка Вольгай Мiхайлаўнай, Прымаком Барысам Аляксеевiчам, Трасцян Аляксандрам Iванавiчам i многiмi многiмi iншымi.

Гонарам школы з’яўляюцца сённяшнiя яе вучнi Анісавец Марыя, Каранчук Крысцiна, Трасцян Ганна, Шыпiлаў Арцём i iншыя.

Жыхары вёскі Каўпень рэпрэсіраваныя ў гады калектывізацыі

Анікеенка Мікіта Ільіч, нарадзіўся ў 1865 годзе ў вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як кулак. Высланы за межы рэспублікі.

Анікеенка Мікалай Мікітавіч, нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як сын кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анікеенка Аляксей Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1923 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як унук кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анікеенка Еўдакія, нарадзілася ў 1894 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як нявестка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анікеенка Марыя Мікалаеўна, нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як унучка кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анікеенка Таццяна Мікалаеўна, нарадзілася ў вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як унучка кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анікеенка Фядосій Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1917 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як унук кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анікеенка Фёдар Сямёнавіч, высланы за межы рэспублікі

Анісавец Гаўрыла Мікітавіч, нарадзіўся ў 1879 годзе у вёсцы Каўпень. Раскулачаны ў 1932 годзе і высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Домна, нарадзлася ў 1879 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як жонка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Аляксей Гаўрылавіч, нарадзіўся ў 1904 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як сын кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Праскоўя, нарадзлася ў 1907 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як нявестка кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Ганна Аляксееўна, нарадзлася ў 1928 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як унучка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Кацярына Алексеўна, нарадзлася ў 1925 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як унучка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Ісак Піліпавіч, нарадзіўся ў 1900 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як брат кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Марына, нарадзілася ў 1900 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як жонка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Матрона, нарадзілася ў 1861 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як маці кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Сяргей Піліпавіч, нарадзіўся ў 1890 годзе у вёсцы Каўпень. Раскулачаны і высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Іван Сяргеевіч, нарадзіўся ў 1924 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як сын кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Праскоўя Сяргееўна, нарадзлася ў 1926 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як дачка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Анісавец Дзмітрый Сяргеевіч, нарадзіўся ў 1928 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як сын кулака. Высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Сяргей Дзмітрыевіч, нарадзіўся ў 1898 годзе ў вёсцы Каўпень. Раскулачаны ў 1932 годзе і высланы за межы рэспублікі.

Анісавец Праскоўя, нарадзлася ў 1907 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як нявестка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Бандарэнка Мікіта Еўдакімавіч, Нарадзіўся ў 1898 годзе ў вёсцы Каўпень. Раскулачаны ў 1932 годзе і высланы за межы рэспублікі.

Краўчанка Акім Карнеевіч, нарадзіўся ў 1865 годзе у вёсцы Каўпень. Раскулачаны і высланы за межы рэспублікі.

Краўчанка Харытон Акімавіч, нарадзіўся ў 1905 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіраваны як сын кулака ў 1932 годзе. Высланы за межы рэспублікі.

Краўчанка Ніна Харытонаўна, нарадзлася ў 1929 годзе у вёсцы Каўпень. Рэпрэсіравана як унучка кулака. Выслана за межы рэспублікі.

Трасцян Іван Емельянавіч

Сініла Конан Пятровіч, 1903-1937 гг. На могілках вёскі Каўпень маецца надмагільны знак (ненатоф).

Вялікую Айчынную вайну ўспамінаюць жыхары вёскі Каўпень…

З кожным днём няўмольны час усё далей і далей аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны. Практычна за восемдзесят ужо ўсім актыўным удзельнікам гэтай вайны, тым, хто каваў Вялікую Перамогу над фашызмам. З кагорты пераможцаў у вёсцы Каўпень ў жывых застаўся толькі Краўчанка Мікіта Яўхімавіч.

З кожным годам усё менш і менш застаецца і тых людзей, хто проста выжыў у часы фашысцкай акупацыі. Зараз усім ім таксама ўжо больш за 60 гадоў.

Шмат часу прайшло з той пары. Многае сцерлася з памяці гэтых людзей, але захаваліся асобныя эпізоды іх жыцця ў тую вайну. Эпізоды, якія яскрава адбіліся ў іх памяці. Між тым, сёння ўяўляецца надзвычай важным для цяперашніх і будучых нашых пакаленняў данесці памяць аб вайне такой, якой яна была і адбілася ў памяці нашых землякоў, удзельнікаў тых трагічных падзей. Запісаць успаміны аб Вялікай Айчыннай вайне, каб захаваць памяць аб нашых простых і адначасова вялікіх продках, якія змагаліся і аддалі жыцці ў барацьбе з фашызмам Запісаць успаміны тых, хто выжыў у тую вайну і дажыў да нашых дзён, каб з мазаікі ўспамінаў кожнага чалавека, перажыўшага ваеннае ліхалецце, склалаўся сапраўдны малюнак жыцця і змагання нашых людзей на вайне ў канкрэтнай мясцовасці. Запісаць, каб зразумець трагічнасць тых падзей для кожнага чалавека, каб ніколі не дапусціць трагедыі новай вайны на парог сваёй Бацькаўшчыны.

З гэтай мэтай і распачаты запіс успамінаў жыхароў вёскі Каўпень аб трагічных днях фашысцкай акупацыі, якая доўжылася з 27 жніўня 1941 года па 20 кастрычніка 1943 года.

Анісавец Ефрасіння Фёдараўна

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, шмат чалавек пайшло змагацца супраць фашыстаў. Наступіў неспакойны час. Нашу вёску занялі фашысты. Затым фронт адышоў на ўсход.

У пачатку жніўня 1943 года Каўпень бамбілі савецкія самалёты. Фашысты літаральна азвярэлі, пачалі зганяць у адну хату ўсіх жыхароў, з намерам спаліць жывых людзей. Адна жанчына ўпала нямецкаму афіцэру ў ногі і пачала прасіць, каб ён не губіў людзей. У гэты час пачаўся абстрэл з “кацюш” і немцы пабеглі хавацца. Наша вёска амаль уся згарэла. Немцы рухаліся па вёсцы і падпальвалі застаўшыяся хаты.

Усе людзі пайшлі ў гарадзішча ва ўрочышчы Ліпаў стан. Але немцы знайшлі людзей у Ліпавым стане і захапілі Анісавец Галіну Мікалаеўну, Бондар Дзмітрыя Міхайлавіча, Трасцян Аксінню Міхайлаўну, Асадчую Ганну Якаўлеўну, Краўчанка Кацярыну Іванаўну, Краўчанка Пятра Сцяпанавіча, каб вывезці ў Германію. Многія людзі ўцеклі і схаваліся сярод балота ў гарадзішчы Рудавец, дзе пачалі капаць зямлянкі. Немцы адступалі з Каўпені на вёску Астравы і заўважылі ў Рудаўцы людзей. Яны іх абстралялі, некаторых забілі, а 12 чалавек паранілі. Людзі пабеглі ўцякаць у лес.

Хутка падышла разведка Чырвонай Арміі, ўсе мы вельмі ўзрадаваліся і дзяліліся з нашымі воінамі апошнім кавалкам хлеба і бульбінай. Разведчыкі пайшлі далей, а у нас на душы была вялізная радасць і вера ў нашу перамогу. Хутка прыйшла і наша армія. Нам сказалі, каб мы перайшлі ў Глінішча. Калі нашы далей пагналі немцаў, мы пачалі будаваць у вёсцы сабе зямлянкі.

Анісавец Іван Яфімавіч

Калі пачалася вайна мне споўнілася толькі 12 гадоў. Зараз нават немагчыма перадаць наколькі цяжка нам было жыць пад фашысцкай акупацыяй. Жыццё ў зямлянках, голад, холад, не хапала солі, заядалі блохі і вошы. Памятаю, радаваўся кожнаму кавалачку хлеба, кожнай бульбіне, калі іх можна было паесці.

Адзін эпізод з гэтай вайны падчас вызвалення нашай вёскі ад фашыстаў мне асабліва ўрэзаўся ў памяць.

Памятаю, што пасля таго, як нашы войскі вызвалілі ўжо Лоеў і суседнюю вёску Крупейкі, рота нашых салдат выйшла не заўважанымі па канаве з Крупеек на захаднюю ўскраіну вёскі Каўпень у тыл немцам. Адтуль яны з крыкамі “Ура!” распачалі наступленне па вёсцы у напрамку Лоева. Немцы спачатку запанікавалі, што патрапілі ў акружэнне, але ўбачыўшы, што савецкіх воінаў мала, развярнулі кулямёты і адкрылі шалёны агонь па нашых байцах. Атака захлынулася. Памятаю, што адзін наш воін тады не разгубіўся. Ён ускочыў у печ згарэлага дома Арцёма Краўчанкі і забарыкадзіраваўся там.

Доўга не даваў спакою ён немцам, бо як толькі хто з іх у адзіночку выходзіў з укрыцця, ён трапна страляў з вінтоўкі на паражэнне. Ёсць сведчанні, што так забіў наш баец больш дзесятка фашыстаў, а немцы так і не змаглі зразумець, адкуль вядзецца па іх агонь. Калі ж праз дзень новая хваля атакуючых савецкіх салдат прымусіла фашыстаў пакідаць Каўпень, наш воін выбраўся з печы і пайшоў з наступаючымі войскамі. Напэўна гэты воін недзе загінуў, бо пасля вайны ні разу ён не прыязжаў у Каўпень і прозвішча яго засталося нам невядомым.

Яшчэ памятаю, як я і некалькі сем’яў з Каўпені знаходзіліся ў гарадзішчы ва ўрочышчы Ліпаў стан. Тады на нас наляцеў фашысцкі самалёт. Мы сталі хавацца, хто куды. Я проста лёг на зямлю. Фашыст даў чаргу з кулямёта і паляцеў далей. Я адчуў, як штосьці хлопнула справа і злева ад мяне. Калі ўзняўся на ногі, то ўбачыў, што з двух невялікіх адтулін у зямлі віецца дымок. Можна лічыць, што мне пашанцавала, бо кулі прайшлі літаральна ў некалькіх сантыметрах ад мяне.

Анісавец Кацярына Якаўлеўна

Нарадзілася я ў вёсцы Каўпень 2 красавіка 1931 года. У нашай сям'і я была старэйшая. Акрамя мяне былі яшчэ брат і сястра. Якраз перад вайной нашага бацьку забралі на вайсковыя зборы на 45 дзён. Падчас гэтых збораў і распачалася вайна, з якой бацька не вярнуўся. Мы засталіся ў вёсцы з мамай. Мучыліся падчас акупацыі, вельмі мучыліся. У маці на руках трое дзяцей. Часта не было чаго есці. Каб неяк нас пракарміць, маці хадзіла ў Лоеў да свайго брата, дзе калі-нікалі ўдавалася прадаць тканыя рушнікі і іншыя хатнія рэчы і купіць нейкую ежу. Аднойчы мама з нейкім мужчынам ішла з Лоева назад у нашу вёску, немцы супынілі іх, маму адпусцілі, а мужчыну забілі. Ноччу ідуць праз вёску партызаны, просяць даць нешта паесць, днём паліцаі цягнуць усё сабе. У вайну давялося каб выжысць, давялося паспрабаваць, і параны верас,і гнілую мёрзлую бульбу - гулікі. Сваю карову мы завялі і схавалі ва ўрочышчы "Рудавец", але нехта з нашых украў яе.

Немцы прымушалі нас капаць акопы на Дняпры ў вёсцы Крупейкі. Аднойчы мяне і іншых дзяўчат з нашай вёскі забралі, каб гнаць у Германію, але нам ўдалося ўцекці і схавацца ў Бараноўскім лесе. Сядзелі некалькі дзён у лазе. У канцы вайны нашу хату спалілі. Немцы ўбілі ў хаце дзеда і ён згарэў разам з хатай. Давялося жыць у адной хаце 4-ом сям'ям. Рабілі таксама зямлянкі і хаваліся ў іх. Перад вызваленнем хаваліся ў Рудаўцы ў гарадку.

Жадаю вам каб жылі добра і не бачылі вайны.

Запісала Трасцян Іра

Анісавец Марыя Якаўлеўна

Нарадзілася я 5 сакавіка 1929 года ў Каўпені. Да вайны, хаця яшчэ была падлеткам, ужо працавала ў калгасе. Вайна пачалася для нас нечакана, у той час я была дома. Аб'явілі, што пачалася вайна, пабралі на фронт мужчын. Прыйшлі немцы, у лесе з'явіліся партызаны. Немцы і паліцаі ездзілі і шукалі партызан. Забівалі людзей за сувязь з партызанамі. Мы хаваліся ад немцаў і ўначы і ўдзень. Немцы выганялі нас з хат і мы хаваліся ў лесе. Усякія былі і немцы і нашы. Больш лютавалі паліцаі. Аднойчы да нас прыйшоў паліцай і пачаў скідаць з гарышча арбузы, але немец выйшаў з хаты і сказаў нічога не чапаць. Паліцай падпарадкаваўся і пайшоў. Калі ў суседняй хаце стаялі немцы, на кухні ў іх працавала украінка. Памятаю, маёй маці яна сказала: " Калі ірады будуць адступаць, я вам скажу. А вы ідзіце ў лес." Калі яна маю маму папярэдзіла, мы выбраліся ў лес. Елі ўсё што патрапіцца. Вельмі гаравалі. Хаты былі спалены, пагэтаму жылі ў зямлянках. Пасля вайны ўсё адбудоўвалі занава.

Жадаю, каб больш такога гора на нашай зямлі ніколі не было.

Запісала Трасцян Аня

Анісавец Міхаіл Васільевіч

У канцы жнiўня Каупень першы раз бамбiлi. Адна бомба ўпала ў цэнтры вёскi, там дзе жыў Коваль Фама. Хаты па правы бок цэнтральнай вулiцы Каўпенi выгаралi амаль поўнасцю, а праз вулiцу агонь не перакiнуўся. Наша хата была з левага боку i ўцалела. Нам было крыху лепей, бо многiм пагарэльцам ужо на пачатку вайны давялося будавць зямлянкi. Яшчэ памятаю як мы з сябрам Ладзiкам летам 1942 года пасвiлi кароў за Каўпенню i да нас выйшла партызанка босая з карабiнам за плячыма. Была вiдаць не з мясцовых, бо папрасiла правесцi яе да Пустой Грады. Я застаўся пасвiць кароў, а Ладзiк правёў яе да Асiнавай калоды i вярнуўся назад.

Калi Каўпень вызваляла Чырвоная Армiя, мы хавалiся ў гарадку на Рудаўцы. Вёска тройчы пераходзiла з рук у рукi. Калi мы вярнулiся дадому, ад большасцi хат дымiлiся адны галавешкi, засталося можа хат 13 не больш.

Памятаю, як ужо пасля вызвалення нашы павесiлi ў цэнтры вёскi двух немцаў, якiя палiлi хаты ў суседняй вёсцы Астравы. I яшчэ такi эпiзод урэзауся ў памяць. Паля вызвалення вёскi ў калодзежах не было вады, такi быў яе вялiкi расход, а нашым вада была неабходна для медсанбата. Я здагадаўся дзе можна знайсцi ваду i сказаў аб гэты. Мы з маладзенькiм салдатам паехалi “козлiкам” у суседнюю вёску Крупейкi, дзе ў калодзежы ў яру набралi ваду ў некалькi ёмiстасцей i прымчалi назад у Каўпень. Я быў вельмi рады, што ўпершыню праехаў на машыне i дапамог чырвонаармейцам. A па ўсёй вёсцы пайшла пагалоска: “Маладзец Мiша Кебкаў, напаiў нашых вадой.”

Анісавец Наталля Васільеўна

Вайна была вельмі цяжкая для ўсіх жыхароў нашай вёскі. Не хапала ежы, нават хлеба, людзі часта паміралі ад балезняў, голада і холада. Немцы рабавалі насельніцтва, забівалі людзей. Забіралі ў Германію ў рабства маладых дзяўчат і хлопцаў. Прымушалі нашых людзей здаваць кроў для параненых нямецкіх салдат.

У нашых лясах пачалі з’яўляцца партызаны, яны прыносілі нам лістоўкі і расказвалі аб падзеях на фронце. Калі аднойчы ноччу партызаны падрэзалі некалькі слупоў з тэлефоннай лініі каля суседняй вёскі Сінск, то немцы спалілі ўсю гэтую вёску, а людзей адправілі ў Германію. Наша вёска падчас баёў таксама практычна ўся была спалена. Усе людзі жылі ў зямлянках.

Ужо пасля адступлення немцаў, для таго, каб хоць нешта паесць, даводзілася збіраць на полі перамёрзшую бульбу, варыць і есці. Памятаецца, што была тая бульба тады надзвычай салодкая і смачная.

Пасля вайны ў вёску з фронта вярнуліся толькі некаторыя нашы аднавяскоўцы, многія загінулі або прапалі без звестак. Людзі, у каго засталася карова, на карове, а большасць на сабе, прывозілі з лесу паленні і будавалі жыллё. Вось такая была страшная і цяжкая вайна.