Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
MandrikI_V_Gistoryya_Belarusi (1).docx
Скачиваний:
10
Добавлен:
27.09.2019
Размер:
6.58 Mб
Скачать

Іван Мандрык

Уёбкавіч

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

(у кантексце сусветнай гісторыі)

Віцебск

2008

УВОДЗІНЫ Ў ДЫСЦЫПЛІНУ “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ”

У свой час расійскі пісьменнік і палітычны дзеяч М.Г.Чарнышэўскі казаў, што можна не ведаць многіх навук і быць адукаваным чалавекам, але нельга быць адукаваным чалавекам, не ведаючы гісторыі. У гэтых словах выразна прасочваецца думка, што ўсе навукі непасрэдна ці ўскосна ўплываюць на светапогляд асобы, і ўсё ж прыярытэт у фарміраванні ідэй і поглядаў чалавека, асабліва моладзі, належыць гуманітарным дысцыплінам і больш за ўсё гісторыі краіны. Як заўважыў румынскі дзеяч нацыянальнага руху Н. Бальчэску: “Гісторыя ёсць першая кніга народа…Народ без гісторыі з’яўляецца проста варварскім людам…”.

Уяўляецца, што на Зямлі ўжо няма нацый і народнасцей без акадэмічных выданняў гісторыі сваіх краін.

Гісторыя народа ў параўнанні з іншымі гуманітарнымі навукамі (якія аналізуюць асобныя грамадскія з’явы) – навука комплексная, інтэгральная, бо яна вывучае ўсю сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсей гісторыі грамадства. Гісторыя кожнага народа мае сваю адметнасць, яна вылучае яго сярод іншых народаў.

Гісторыя ў адрозненне ад іншых навук пазбаўлена магчымасці непасрэдна назіраць падзеі ці ўзнаўляць іх у эксперыменце. Напісаць аб мінулым магчыма толькі з дапамогай захаваўшыхся крыніц. У гэтым выпадку аб’ектыўнасць гістарычнага мінулага, выкладзеная сучаснымі гісторыкамі, залежыць ад сумленнасці і прафесіяналізму аўтараў. Перад імі стаіць найгалоўнейшая задача адысці ад ідэалагічнага ўплыву, разглядаць гістарычныя падзеі адпаведна аб’ектыўным заканамернасцям, ва ўзаемасувязі з гістарычнымі працэсамі іншых краін. Праўдзівае адлюстраванне мінулага – гэта прыярытэтная задача гістарычнай навукі.

Гісторыя выконвае такія найважнейшыя функцыі як пазнавальная, практычная, выхаваўчая. Вывучэнне гісторыі пашырае жыццёвыя гарызонты чалавека, рабіць яго мацнейшым. Увага да гісторыі краіны – прымета прагрэсіўнага развіцця грамадства. Яна звязана з тым, што наша краіна перажывае пераломны момант свайго развіцця. У гісторыі мы хочам убачыць нашу будучыню, шукаем адказ на пытанні: хто мы, на што мы здольныя, што ў нашых дзеяннях, у стратэгіі з'яўляецца выніковым, дастойным далейшага развіцця і ўдасканальвання.

Гісторыя дае бескампрамісны адказ на пытанне: што ўдалося зрабіць нашай краіне, нашаму народу за час свайго існавання. І ад гэтай гістарычнай рэчаіснасці, якой бы яна не была, як бы не характарызавалася, нам не адысці.

Магчыма, як ніколі раней, мы зараз добра разумеем, што гісторыя – гэта частка нас саміх, гэта наша «поле бою», на якім ажыццяўляецца інтэлектуальная бітва для зацвярджэння жыццёва важных для нас каштоўнасцей. Веданне гісторыі аб’ядноўвае людзей, кансалідуе іх супольныя намаганні ва ўмацаванні дзяржавы.

Вывучэнне спадчыны на сучасным этапе спрыяе духоўнаму адраджэнню і выхаванню нацыянальнай самасвядомасці, глыбокаму і дакладнаму ўяўленню тых гістарычных шляхоў, якімі ішоў беларускі народ.

Дадзены курс лекцый скіраваны ў большай меры, чым папярэдні (выданне 2005 г.), на даследаванне асаблівасцей і агульных заканамернасцей гістарычнага развіцця Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый, што дазваляе больш дакладна ацаніць станоўчае і недахопы нашых мінулых часоў. Той, хто будзе вывучаць дадзены курс, пазнае, як ішло гістарычнае развіццё ў сувязі з агульнымі еўрапейскімі заканамернасцямі і адметнымі толькі для беларусаў праявамі. Як адзначаюць нацыянальныя гісторыкі, беларускі народ прайшоў праз усе тыя ж самыя формы дзяржаўнасці (манархія, таталітарызм, дэмакратыя), этапы сацыяльна-эканамічнага развіцця (варварства, аграрнае, індустрыяльнае, постіндустрыяльнае грамадства) і культурнага развіцця (візантыйскі, раманскі стыль, готыка, рэнесанс, барока, класіцызм, эклектыка ці мадэрнізм, постмадэрнізм), што і іншыя народы.

Агульнымі былі і этапы хрысціянскага жыцця: прыняцце Хрысціянства, Рэфармацыя, Контррэфармацыя, свабода веравызнання і атэізм, адраджэнне Хрысціянства.

Плённае ўспрыманне студэнтамі спадчыны ў дачыненні да сусветнай гісторыі дапаможа ацэньваць тыя матэрыяльныя, духоўныя, эканамічныя, ідэйныя элементы мінулага, якія трэба пераймаць, у якіх выпадках страчанае можа быць адноўлена і ад якіх негатыўных момантаў трэба адысці. З засваеннем гістарычных падзей чалавек можа не толькі задаволіць інтарэс, але і ўявіць сабе: а што магчыма ўзяць з мінулага, каб не дапускаць памылак, больш эфектыўна выкарыстоўваць вопыт, набыты людзьмі, раней уступіўшымі ў жыццё.

Як бачна, сённяшні этап у развіцці нашага грамадства ставіць у вышэйшай ступені рэзка і востра жыццёва важныя праблемы развіцця ўсей сукупнасці нашых грамадскіх адносін, жыцця чалавека, месца Беларусі ў сучаснай цывілізацыі, перспектыў развіцця ідэалаў, зацверджаных нашай ідэалогіяй, - праблемы, якія мы прынцыпова не можам вырашаць, не звяртаючыся да гісторыі. Наша сёння нельга адарваць ад нашага мінулага, і ўрокі мінулага нам неабходны для фарміравання будучыні. І не выпадкова па гэтаму кожнае пакаленне асэнсоўвае гісторыю нанава. У гэтым няма нічога надзвычайнага. Гісторыя такая ж невычарпальная, як і прырода. Кожны новы ўзровень у развіцці грамадства пашырае гарызонт, ставіць усё новыя і новыя пытанні перад гісторыкамі і дае ім напрамак пошуку адказаў на іх.

Тыя праблемы, якія разглядаюцца ў гістарычнай навуце, маюць асаблівае значэнне для сістэмы адукацыі нашай краіны і ў многім залежыць ад прафесійнай кампетэнцыі выкладчыкаў гісторыі, што займаюцца развіццём студэнцкай моладзі, якая адлюстроўвае культурны і маральны патэнцыял грамадства ўвогуле.

Такім чынам, адзначым: прадметам гісторыі Беларусі з’яўляецца працэс развіцця чалавека ва ўсей разнастайнасці і ва ўзаемасувязі з іншымі народамі і краінамі, тэхналагічны і эканамічны спосаб вытворчасці на тэрыторыі Беларусі.

Доўгі час у аснову тлумачэння гістарычных падзей быў пакладзены фармацыйны падыход: абгрунтоўвалася заканамерная праз рэвалюцыйны шлях змена грамадска-эканамічных фармацый (першабытна-абшчынная, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, камуністычная). На дадзеным этапе, як лічыць большасць навукоўцаў, павінен мець месца цывілізацыйны падыход да пазнання гісторыі.

У аснове цывілізацыйнага падыходу знаходзіцца развіццё духоўнага свету чалавека праз дасягненні навукі, культуры, асветы, якія матэрыялізуюцца ў сродках працы, эканамічных і сацыяльных адносінах. Цывілізацыйныя этапы ў гісторыі – гэта больш высокая сацыяльна-культурная ступень у адносінах да папярэдніх.

Значны уклад у вывучэнне і напісанне гісторыі Беларусі ўнеслі В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі, В. Шчарбакоў, Л. Абецэдарскі і іншыя навукоўцы.

З мноства надрукаваных на сёння падручнікаў, у якіх гісторыя нашай краіны будуецца на сучасных навуковых распрацоўках, выкладаецца ўзважана, трэба адзначыць падручнік па гісторыі Беларусі пад рэдакцыяй прафесараў Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля, “Нарысы гісторыі Беларусі”, падрыхтаваныя М.П.Касцюком, У.Ф.Ісаенкам, Г.В.Штыхавым, “Гісторыя Беларусі” пад рэдакцыяй В.У. Галубовіча, Ю.М. Бохана. З такіх крыніц студэнт пазнае мінулае з заканамернасцямі паслядоўна прагрэсіўнага развіцця і выпадковасцямі, стваральнай працай народа, узлетамі працоўнай і сацыяльнай творчасці мас і спадамі, дэфармацыямі ідэй і сапраўдных каштоўнасцей грамадства.

Аўтар курса лекцый імкнецца даць рэальную і комплексную карціну гістарычнага развіцця народа, заснаваную на дакументах, гістарычных помніках і крыніцах, на канкрэтнай рэчаіснасці, паказвае мінулае з яго плюсамі і мінусамі, пазітыўнымі і негатыўнымі старонкамі. Самыя цяжкія моманты гістарычнага мінулага беларускага народа аўтар падае ў патрыятычнай інтэрпрэтацыі. Пры разглядзе тэм, якія раскрываюць савецкі час (60-я – 90-я гг. ХХ ст.), выкарыстоўваюцца навуковыя публікацыі, зробленыя аўтарам у даперабудовачныя, пера – і пасляперабудовачныя гады.

Новае выданне падручніка пабудавана, як і тыпавая вучэбная праграма (зацверджана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь 15 красавіка 2008 г.), на наступных пяці раздзелах: Спадчына Старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь; Цывілізацыйная спадчына Новага часу і Беларусь; Савецкая мадэль мадэрнізацыі ў гісторыі Беларусі; Геапалітычнае становішча Беларусі ў сярэдзіне XX ст.; Суверэнная Рэспубліка Беларусь ва ўмовах глабалізацыі сусветных працэсаў.

РАЗДЗЕЛ І. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ СПАДЧЫНА СТАРАЖЫТНАГА СВЕТУ, СЯРЭДНІХ ВЯКОЎ І БЕЛАРУСЬ

Глава 1. Старажытныя цывілізацыі. “Вялікае перасяленне народаў” і Беларусь

Тэма 1. Найстаражытнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі

§1. Станаўленне старажытных цывілізацый (агульныя звесткі)

§2. Рассяленне людзей па тэрыторыі Беларусі

§3. Прыход славян, пераход да больш дакладных форм гаспадарчай дзейнасці

§1. Як мяркуюць вучоныя, перыяд старажытных цывілізацый налічвае каля 10 тыс. гадоў. Ён уключае – неалітычную, раннекласавую і антычную цывілізацыі. Надыходу цывілізацыйнага перыяду папярэднічаў перад цывілізацыйны этап грамадства. Гэты этап у жыцці чалавека быў найбольш працяглы, ён характарызуецца калектыўным характарам вытворчасці і спажывання, што абумоўлена слабасцю асобы перад сіламі прыроды і павольнымі тэмпамі ў развіцці грамадства.

Агульна гістарычная перыядызацыя гісторыі першабытнага грамадства характарызуецца чатырма стадыямі станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак, або праабшчына; ранняя радавая абшчына; позняя радавая абшчына; разлажэнне першабытнага грамадства і пачатак утварэння класаў.

Акрамя агульна гістарычнай, шырока распаўсюджана археалагічная перыядызацыя. Такая перыядызацыя засноўваецца ў адпаведнасці з тым, якія матэрыялы выкарыстоўваліся для вырабу прылад працы (камень, медзь, бронза, жалеза).

Каменны век прынята дзяліць на палеаліт (старажытны каменны век – 3 млн. – 10 тыс. гг. да н.э.); мезаліт (сярэдні каменны век – каля 10-5 тыс. гг. да н.э.); неаліт (новы каменны век – каля 5-3 тыс. гг. да н.э.).

У раннім палеаліце чалавек выдзяляецца з жывёльнага свету ў выніку працы. Менавіта заняткі працоўнай дзейнасцю і лічацца галоўнай рысай, якая адрознівае чалавека ад жывёліны.

Станаўленне чалавека − антрапагенез – працяглы і складаны працэс, які вывучаны не да канца. Аб паходжанні (у тым ліку аб стварэнні) чалавека ў народаў свету існуюць розныя антрапалагічныя і касмаганічныя міфы. Паходжанне чалавека ўяўляецца як яго выдзяленне з ліку іншых чалавекападобных істот, якія паступова набываюць чалавечыя рысы, характэрныя толькі для людзей. Часта ў міфах гаварыцца аб тым, што першых людзей з самых разнастайных матэрыялаў (касцяка жывёлін, з дрэва, з гліны, з зямлі) стварылі багі. У некаторых міфах стварэнне чалавека мысліцца ў два ці больш этапаў: спачатку ўзнікаюць першыя антрапаморфныя істоты-першапродкі, ад іх нараджаюцца людзі. Стварэнне чалавека апісваецца і як аддзяленне людзей адзін ад другога (першапачаткова як бы зросшыхся).

У антрапалагічных міфах аўстралійскага племені аранда гаворыцца, што людзі былі створаны дзвюма істотамі: у адным варыянце – Унгам-бікуламі (дакладна – самаіснуючымі), па другім варыянце – птушкай-мухалоўкай, раздзяліўшай каменным нажом адзіныя згусткі-камкі, што засталіся на дне высахшага першабытнага акіяна і ўяўлялі сабой бясформенныя шары, у якіх толькі ўгадваліся зачаткі частак чалавека. Затым Унгамбікулы ці птушкі-мухалоўкі каменным нажом аддзялілі адзін ад аднаго часткі цела кожнага чалавека і, нарэшце, раздзялілі людзей на фратрыі.

У антрапалагічных міфах існуюць уяўленні аб стварэнні спачатку мужчыны, а потым жанчыны. Жанчына робіцца з іншага, чым мужчына, матэрыялу.

Асобы тып антрапалагічных міфаў уяўляюць такія міфы, дзе гаворка ідзе не аб стварэнні людзей, а аб спосабе, які дае магчымасць людзям, задоўга да таго існуючым (і невядома як узнікшым), выйсці на зямлю, у зямны свет. У такіх міфах расказвалася, што людзі жылі пад зямлёй, але багі зрабілі для іх праходы і вывелі іх з падземнага свету ў зямны.

Вялікую цікавасць уяўляюць міфы татэмістычнага характару, згодна з якімі чалавек ніколі не адрозніваўся ад жывёлін. Першыя з такіх міфаў зыходзяць з таго, што чалавек паходзіць ад малпы. Такія міфы аб паходжанні чалавека ўяўляюць цікавасць як раннія ўзоры навуковых поглядаў. Гэта ранняе тлумачэнне паходжання чалавека эвалюцыйным шляхам. Другі погляд супрацьлеглы: малпы – гэта былыя людзі, якія затым па розных прычынах былі ператвораны ў малпаў.

Найбольш распаўсюджанай і цэласнай на сёння тэорыяй паходжання чалавека з’яўляецца тэорыя эвалюцыі. Яна растлумачвае, што працэс станаўлення чалавека заняў вялікі перыяд (амаль 5 млн. гадоў), у выніку каторага чалавек стаў адрознівацца ад сваіх малпападобных продкаў і займеў сучасныя рысы. Як сцвярджаюць навукоўцы, першымі продкамі чалавека, якія ўступілі на шлях антрапагенезу, былі малпы – аўстралапітэкі. Яны хадзілі ўжо на ніжніх канечнасцях, што вызваліла верхнія і тым самым стварыла ўмовы для працоўнай дзейнасці.

Археолагі і гісторыкі лічаць, што тэрыторыя Беларусі засяляецца старажытнымі людзьмі значна пазней, чым паўднёвая частка свету. Старажытныя сляды з’яўлення чалавека тут адносяцца да сярэдняга палеаліту - 100 – 40 тысячагоддзяў да нашай эры. Хутчэй за ўсё старажытныя людзі пранікалі сюды па далінах прарэк з дняпроўскага Надпарожжа, басейна Дзясны або Закарпацця. Тады і паяўляецца першабытны чалавек, аб чым сведчаць знаходкі асобных прылад працы з крэмнію паблізу вёсак Клеявічы Касцюковіцкага і Абідавічы Быхаўскага раёнаў. Знойдзеныя прылады адносяць да позняй пары сярэдняга палеаліту, які супадае з рэзкім пахаладаннем (ці буйным аледзяненнем). Чалавек на тэрыторыі Беларусі мог з’явіцца раней, але ледніковыя наступы прымушалі яго адысці на поўдзень і сціралі яго сляды тут. Многія жывёліны, што прывыклі да цяпла, выміралі ці адыходзілі на поўдзень. Але ж у жыцці людзей да гэтага часу побач з біялагічнымі фактарамі дзейнічалі ўжо і сацыяльныя. У канцы ранняга палеаліту людзі будуюць прымітыўнае жыллё, магчыма, маюць вопратку са скур. Архантрапы ўжо выкарыстоўвалі ў гатовым выглядзе агонь (ад лясных пажараў, вулканічных выкідаў, маланак) і падтрымлівалі яго. Неандэртальцы, верагодна, ужо навучыліся здабываць агонь. Гэта было вялікай заваёвай чалавецтва, важным крокам на шляху вылучэння чалавека з прыроды. Агонь даў людзям абарону ад холаду, ад драпежнікаў, зменшыў іх залежнасць ад кліматычных умоў. З’явіўся ачаг – сімвал чалавечага жылля. Людзі атрымалі магчымасць выкарыстоўваць смажаную ежу. Без агню чалавек не змог бы стварыць ні кераміку, ні металургію.

Перыяд першабытнага чалавечага статка з’явіўся пераходным этапам ад прадчалавечага статка да фарміравання чалавечага грамадства − радавога ладу.

Калектыўныя намаганні ў гатаванні ежы, сумесная абарона ад драпежных жывёлін на стадным этапе ўмацавалі ўнутраныя сувязі паміж членамі статка. Стадны спосаб жыцця прывёў да назапашвання і замацавання вытворчага і грамадскага вопыту, паступовага выкаранення жывёльнага эгаізму, зацвярджэння статка-калектывісцкіх форм паводзін.

Усё гэта садзейнічала з’яўленню чалавека сучаснага выгляду – Homo sapiens – краманьёнец. Яго ўзнікненне адносіцца да позняга палеаліту (40-35 тыс. гадоў да нашай эры). На гэтым этапе першабытны статак змяніўся радавой абшчынай – узнікае радавы лад. Пры радавым ладзе існуе агульная маёмасць на асноўныя сродкі вытворчасці. Прадукты палявання, рыбалоўства, збіральніцтва размяркоўваюцца пароўну. З’яўляюцца правадыры-старэйшыны, чый аўтарытэт засноўваецца не на прымушэнні, а на традыцыі, павазе да вопыту і ўмеласці.

Людзі позняга палеаліту значна ўдасканалілі тэхніку вырабу каменных прылад: яны сталі больш разнастайнымі і мініяцюрнымі. Паяўляецца кідальнае кап’ё і папярэднік лука − коп’екідалка, што намнога павысіла эфектыўнасць палявання.

На гэтым этапе чалавек навучыўся рыбалоўству. На стаянках гэтай пары навукоўцы неаднаразова знаходзілі гарпуны і рэшткі рыбы. Распаўсюджваюцца вырабы з косці, у тым ліку іголкі, што сведчыць аб паяўленні шытай вопраткі. Будуюцца зямлянкі, пабудовы шалашнага тыпу, непадалёку ад якіх узводзіліся гаспадарчыя ямы для захавання запасаў ежы.

На тэрыторыі Беларусі ў гэты час склаліся суровыя кліматычныя ўмовы. Па гэтаму насельніцтва, як і ў раннім палеаліце, было даволі рэдкім. Навукоўцы знайшлі ўсяго 2 стаянкі позняга палеаліту: каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна і каля вёскі Юравічы ў Калінкавіцкім.

У гэты час Паўночныя раёны Беларусі займаў ляднік, які толькі каля 15 тысяч гадоў таму стаў паступова адступаць, клімат пачаў цяплець. Стаянкі, аб якіх мы зараз ведаем, пацвярджаюць: у познім палеаліце чалавек навучыўся прыстасоўвацца да прыроды не толькі біялагічна, але і сацыяльна, абараняцца ад холаду пры дапамозе жылля і вопраткі. Гэтыя дасягненні дазволілі людзям пашыраць межы жылой часткі зямлі.

Позні палеаліт – час узнікнення мастацтва. Мастацтва, несумненна, звязана з першабытнымі рэлігійна-магічнымі ўяўленнямі, з жаданнем уміласцівіць сілы прыроды: часта сустракаюцца адбіткі (відарыс) копій праколу жывёлін: чалавек, верагодна, меў надзею такім шляхам дабіцца поспеху на паляванні.

У познім палеаліце ўжо існуе рэлігія – яскрава праглядваецца паграбальны абрад. У магілу часам клалі некаторыя рэчы, якімі нябожчык карыстаўся пры жыцці.

Такім чынам, у канцы палеаліту чалавек навучыўся не толькі здабываць агонь і есці несырую ежу, вырабляць складаныя каменныя і касцяныя прылады, шыць вопратку, будаваць жыллё, паляваць і лавіць рыбу, але і жыць грамадскім ладам з грамадскай свядомасцю і яе найбольш важнымі формамі: мастацтвам і рэлігіяй. Аднак чалавек яшчэ не меў многіх элементарных прылад, неабходных яму. Частку з іх, што значна павысіла прадукцыйнасць яго дзейнасці, ён вынайшаў пазней, на стадыі мезаліту.

§2. У перыяд мезаліту ляднік пачаў адступаць да Поўначы, клімат стаў цяплець, тундравы ландшафт паступова змяняцца лясамі. Густая сетка рэк і азёр у Беларусі садзейнічала паяўленню новых відаў жывёлін: высакародных аленяў, ласёў, зуброў, дзікоў, мядзведзяў і іншых.

У такіх умовах на тэрыторыі Беларусі ідзе шырокае рассяленне людзей. У сучасны момант вядома больш за 100 мезалітычных стаянак. З мезалітам звязана засяленне ўсёй тэрыторыі Беларусі.

У мезаліце чалавек пачаў прымяняць лук і стрэлы, што рэзка павысіла прадукцыйнасць палявання, зрабіў першыя крокі ў накірунку жывёлагадоўлі (пачалося прыручэнне, а магчыма, і адамашніванне жывёлін). Адбылася змена тэхнікі вырабаў каменных прылад працы: шырокае распаўсюджванне атрымалі мікраліты – наканечнікі для стрэл, лазо – укладышы.

У эпоху неаліту на тэрыторыі Беларусі ўсталёўваецца цёплы і вільготны клімат, распаўсюджваюцца змешаныя лясы. Прысвойваючая эканоміка і першабытныя адносіны дасягнулі свайго росквіту. Пачаўся пераход да вытворчай гаспадаркі. Менавіта тады зарадзіліся жывёлагадоўля і земляробства, хоць паляванне і збіральніцтва ўсё яшчэ заставаліся асноўнымі крыніцамі існавання чалавека. Узнікненне вытворчай гаспадаркі – есць адна з падстаў для таго, каб гаварыць аб якасна новым этапе ў жыцці чалавека.

У неаліце адбываецца яшчэ шэраг значных змен. Мяняецца асартымент каменных прылад. Так, тапор, які паявіўся ў мезаліце, становіцца зараз асноўнай прыладай працы. Ён дазволіў асвойваць лясныя прасторы, будаваць шалашы і хаціны. Побач з асвоенай тэхнікай вырабу прылад паяўляюцца якасна новыя прыёмы: пілаванне, свідраванне.

Паявіліся і прынцыпова новыя матэрыялы. Асвоены выраб керамікі (праўда, яшчэ ляпной, без ганчарнага кола). Абпаленая гліна – першы штучны матэрыял, не атрыманы ў гатовым выглядзе, а створаны чалавекам. Гліняны посуд даў магчымасць гатаваць вадкую ежу і берагчы яе запасы.

Кераміка – галоўны набытак матэрыяльнай культуры неаліту. Але разам з ёй з’явіўся яшчэ адзін штучны матэрыял – тканіна. Чалавек вынайшаў ткацтва, пабудаваў лодку, пачаў судаходства. Асобае гаспадарчае значэнне набыла рыбная лоўля, паляванне, апрацоўка дрэва, косці, крэмнію. Распаўсюджванне (пашырэнне) рыбалоўства прывяло да з’яўлення параўнальна буйных паселішчаў (вёскі да 50-60 двароў). Аднак, як і раней, пераважалі невялічкія паселішчы. Неаліт – час узнікнення зачаткаў навук – астраноміі, арыфметыкі, біялогіі, медыцыны, аграноміі.

У канцы неаліту і ў пачатку бронзы (3 – 2 тыс. г. да н.э.) дэмаграфічны выбух, які адбыўся на прасторах Еўропы, прывёў да вялікага перамяшчэння насельніцтва. Перыяд з ІV да VІІ стагоддзя ўвайшоў у гісторыю Еўропы як эпоха Вялікага перасялення народаў, ён названы так таму, што на гэтыя чатыры стагоддзі прыходзіцца пік міграцыйных працэсаў. Міграцыя захоплівае практычна ўвесь кантынент і радыкальна змяняе яго этнічны, культурны і палітычны воблік. Гэта эпоха гібелі антычнай цывілізацыі і нараджэння феадалізму.

Узмацненне маёмаснай і сацыяльнай няроўнасці падштурхоўвае варварскія плямёны да захопу новых зямель. Адбыўся таксама ціск ідучых з Усхода сцяпных качэўнікаў. Аднак найбольш агульнай прычынай, якая выклікала адначасовае перамяшчэнне вялікай рознапляменнай масы людзей, па ўсёй відавочнасці, была рэзкая змена клімату. Пахаладанне пачынаецца прыблізна з ІІ стагоддзя і дасягае максімуму да V стагоддзя.

Яшчэ да IV стагоддзя на Рымскую імперыю нахлынулі з Усходу і Поўначы агрэсіўныя народы готы і блізкія ім вандалы, затым варагі і датчане, а таксама мангалоідныя плямёны гунаў, авараў, венграў і балгар.

У 166 г. германскія плямёны (квадаў, маркаманаў, лангабардаў) пераадольваюць абарончыя сістэмы мяжы Рымскай імперыі, фарсіруюць Дунай і пасля некалькіх бітваў даходзяць да порта Аквілея на Андрыятычным узбярэжжы.

У 406 г. вандалы, свевы і аланы пераходзяць Рэйн і рассяляюцца па Галіі. У 476 г. быў змешчан апошні імператар Заходняй Рымскай імперыі. На пачатак VI ст. на месцы Рымскай імперыі былі ўтвораны варварскія германскія дзяржавы: Таледа (вестготаў) – сучасная Іспанія, каралеўства Франкаў і бургундцаў – сучасная Францыя, каралеўства вандалаў, якое ўключала астравы Корсіка, Сардынія, а таксама Карфаген, каралеўства остготаў – сучасныя Італія, часткова Югаславія і Грэцыя. Тэрыторыю сучаснай Вялікабрытаніі захапілі англы і саксы з Даніі і скоты з Ірландыі.

У сярэдневякоўі прайшла новая хваля перасяленцаў (татара-манголы, крыжакі, паломнікі на Усходнюю і Цэнтральную Еўропу, на блізкі Усход і Візантыйскую імперыю). Перасяленцы з цягам часу асіміляваліся з карэнным насельніцтвам.

На этнічна стракатую тэрыторыю Беларусі прыйшлі індаеўрапейцы. Тэрыторыю Беларусі засялілі плямёны жывёлаводаў-вандраўнікоў – плямёны індаеўрапейскай моўнай групы. Паводле найбольш верагоднага меркавання, індаеўрапейцы першапачаткова жылі ў Малой Азіі побач з Іранам. Адсюль яны рассяліліся на Поўнач. Па гэтым пытанні ёсць іншыя думкі. Індаеўрапейцы мелі ўжо даволі развітую вытворчую гаспадарку і патрыярхальны лад. Займаліся ў асноўным жывёлагадоўляй. Разам з тым індаеўрапейцы ўмелі араць зямлю, сеяць і жаць, мелі для гэтага адпаведныя прылады працы. Ім давялося вынайсці кола і шырока распаўсюдзіць гэтае вялікае адкрыццё чалавека.

Пранікненне індаеўрапейцаў у межы Беларусі і ўзаемадзеянне іх з мясцовым насельніцтвам прывяло да выдзялення тут балтыйскіх плямёнаў, ці, як іх называюць у навуцы, балтаў. Гэтыя плямёны насілі назву літва, зямігола, латыгола, яцвягі.

Прыкладна ў гэты ж час чалавецтва вядзе асваенне металу. Пераход да яго быў доўгім, складаным і неадначасовым. Асваенне металу стала магчымым толькі на ніве ўжо ўзнікшай вытворчай гаспадаркі, пры наяўнасці хоць бы невялікіх (мінімальных) лішкаў прадуктаў харчавання, каб частку часу прысвяціць вырабу металічных прылад.

Менавіта таму старажытная кавальная справа і металургія зарадзіліся ў першую чаргу ў паўднёвых рэгіёнах, дзе, дзякуючы добрым прыродным умовам, раней развілося земляробства.

Першым металам, выкарыстаным чалавекам у III-II тысячагоддзях да н.э., была медзь. Спачатку з яе выраблялі прылады працы і ўпрыгажэнні метадам халоднай коўкі. Але гэта яшчэ не штучныя сплавы, асваенне якіх было справай будучага.

Эпоху, калі ўжо прымяняюцца металічныя прылады, але яшчэ не з’явілася металургія сплаваў, прынята называць энеалітам, медна-каменным векам. У яго назве падкрэслена, што ў гэтым перыядзе вырабы з металу не толькі не выцеснілі каменных прылад, але нават былі рэдкімі ў параўнанні з імі. З гэтага часу пачынаецца раннекласавая цывілізацыя.

Паяўленне медных прылад актывізавала абмен паміж плямёнамі. На тэрыторыі цяперашняй Беларусі выкарыстоўвалі прылады, якія завозіліся з Каўказа і Прыкарпацця. Праўда, ёсць падставы казаць і аб мясцовай вытворчасці вырабаў з бронзы.

На рубяжы III-II тыс. да н.э. тэрыторыю Беларусі паступова зясялаюць жывёлаводча-земляробчыя плямёны сярэднедняпроўскай культуры. Яны займаюць зручныя для жывёлагадоўлі і земляробства даліны рэк, абмінаючы стаянкі паляўнічых і рыбаловаў. У выніку складвалася асаблівая форма грамадскага падзелу працы. Паміж плямёнамі вёўся абмен прадуктамі. Гаспадарчыя і этнічныя сувязі садзейнічалі збліжэнню, а затым і зліццю гэтых двух вялікіх плямёнаў, стварэнню моцнай земляробча-жывёлагадоўчай гаспадаркі. Усё гэта прывяло да значнага развіцця прадукцыйных сіл і садзейнічала хуткаму ўзрастанню колькасці насельніцтва.

Паляванне, рыбалоўства, жывёлагадоўля, земляробства ўсё больш патрабуюць прымянення працы мужчын, што прыводзіць да ўзвышэння іх грамадскай ролі. Пры заключэнні шлюбу жанчыны павінны былі пераходзіць у род мужчыны. Лік сваяцтва пачаў весціся па бацькоўскай лініі. Гэта прыводзіць да разлажэння радавой супольнасці.

Прымяненне прылад з бронзы (сплаву медзі з волавам) прывяло (на Усходзе) да ўтварэння класавага грамадства і дзяржавы.

Доўгі час гісторыкі лічылі Егіпет самай старажытнай дзяржавай. Але пасля археалагічных раскопак у даліне рэк Цігра і Еўфрата выяснілася: гісторыя пачынаецца ў Шумерах. Шумеры раней егіпцян навучыліся праводзіць ваду на палі, асушваць балоты, вырошчваць пшаніцу, лен, гарох, вінаград, апальваць гліняную цэглу, будаваць дамы, храмы. Шумеры першымі прыдумалі як запісваць словы і думкі. Кожны горад у шумерах быў асобным царствам. Прыкладна ў той жа час у шумераў і егіпцян узнікаюць буйныя пастаянныя паселішчы тыпу гарадоў, манументальныя грамадскія пабудовы, гандлёвы абмен, мастацтва, пісьменнасць, паяўляюцца іншыя прыкметы цывілізацый першага этапа.

Характэрнай рысай другога этапа станаўлення старажытных цывілізацый стаў пераход да вытворчасці жалеза. У другім тысячагоддзі да н.э. жалезныя прылады працы ўжываюць плямёны паўночна-ўсходняй Малой Азіі, у Сірыі, Закаўказзі, шэрагу рэгіёнаў Еўропы. Пазней прылады жалеза сталі пераважаць у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, многіх частках Еўропы, Іране, Егіпце, Кітае. У першым тысячагоддзі да н.э. характэрнай з’явай стала стварэнне дзяржаў імперый. Моцныя імперыі гэтага часу – Асірыйская, Персіцкая, Рымская – характарызаваліся працягласцю тэрыторыі, неаднароднасцю эканомікі, геаграфічных умоў, этнічнага складу і культурных традыцый насельніцтва.

Блізкай па культуры і сацыяльна-палітычнаму ладу да Асірыі і Вавілона была тыпічная старажытная ўсходняя дзяржава Урарту (9-6 да н.э.). Асноўную частку насельніцтва гэтай краіны складалі свабодныя абшчыннікі-землепашцы. Яны вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса, гарох і іншыя культуры. Зямлю аралі жалезнымі плугамі на валах. У урартаў было шмат мясной жывёлы – авец, коз, свіней. Урарты былі добрымі садаводамі: у іх раслі яблыні, грушы, вішня, персікі, на бахчах спелі кавуны. Побач са свабоднымі абшчыннікамі значную праслойку складалі дзяржаўныя царскія рабы. Менавіта яны будавалі каналы і вадасховішчы, займаліся рамесніцтвам, будавалі з меснага камню (базальта і туфа) дамы.

У Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, працягвалася панаванне першабытнага грамадства. Тут з’яўленне бронзавых прылад працы садзейнічала разлажэнню раней склаўшыхся грамадскіх адносін, але не значыла імгненнага переходу да класавага грамадства.

Жалезныя прылады працы ў Беларусь пранікаюць на рубяжы нашай эры (прыкладна ў VІІ стагоддзі да нашай эры). Існаванне і распаўсюджанне тут жалеза навукоўцы звязваюць з плямёнамі Зарубінецкай культуры. Гэтыя плямёны рассяляліся ў Польшчы, на сярэднім і верхнім Дняпры. Характэрная рыса Зарубінецкай культуры − наяўнасць мноства гліняных прасліц. Частка з іх арнаментавана канцэнтрычнымі калясніцамі, ямамі, заштрыхаванымі геаметрычнымі фігурамі – ромбамі, трохвугольнікамі, косымі колцамі.

Вынаходніцтва спосабу атрымання жалеза і яго прымянення для розных патрэб з’яўляецца адным з найбольшых дасягненняў чалавецтва. Жалеза атрымлівалі з балотных, азёрных і лугавых руд сырадутным спосабам ў невялікіх печах – домніцах. Паўсямеснае распаўсюджванне руд і нескладаная тэхналогія абумовілі асваенне плямёнамі металургіі жалеза. На Беларусі для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася ў асноўным балотная руда. Амаль на кожным паселішчы археолагі знаходзяць сляды мясцовай апрацоўкі металу. Асноўныя прылады працы – долаты, сярпы – вырабляліся з жалеза.

Жалеза зрабіла магчымым паляводства на больш буйных плошчах, расчыстку пад раллю шырокіх лясных абшараў, яно дало чалавеку прылады такой цвёрдасці, якой не мог валодаць ні адзін камень, ні адзін з іншых да гэтага прымяняемых матэрыялаў.

Выкарыстанне жалеза ў гаспадарцы павысіла прадукцыйнасць працы, прывяло да росту прыбавачнага прадукту, паскорыла распад першабытнаабшчынных адносін.

У такіх умовах радавыя паселішчы перасталі быць абавязковымі ўмовамі нармальнага функцыянавання гаспадаркі. Узніклі пасёлкі, якія складаліся з сямей, не належаўшых да аднаго роду. На змену радавой абшчыне прыйшла суседская, ці тэрытарыяльная, абшчына з новымі сувязямі, якая базіравалася на сумесным валоданні асноўнымі сродкамі вытворчасці.

Новыя адносіны адкрылі шлях да хуткага ўзрастання эканамічнай і сацыяльнай няроўнасці. Радавая знаць захоплівала і замацоўвала за сабой лепшыя землі, сканцэнтравала (ці засяродзіла) ў сваіх руках найбольш важныя грамадскія пасты.

Да сярэдзіны І-га тысячагоддзя н.э. паступова складваецца лад ваеннай дэмакратыі, які з’яўляецца вышэйшай і апошняй палітычнай формай першабытнага грамадства.

§3. На рубяжы VI – VII стст. нашай эры наглядаецца масавы прыход славян на тэрыторыю Беларусі. Пісьмовых звестак пра рассяленне славян амаль не захавалася. Аб іх прарадзіме існуюць розныя погляды: Прычарнамор’е, Паўночнае Прыкарпацце, Закаўказзе, Паўночны Іран. Антычныя аўтары ўпамінаюць славян пад імёнамі венедаў, антаў, склавінаў. Яны называюць іх незлічонымі плямёнамі, вялікім народам. У VІ – VІІ стст. славяне засяляюць паўднёвую Беларусь, а з VІІІ – даволі хутка займаюць астатнюю яе тэрыторыю. Змешваючыся з мясцовым балцкім насельніцтвам, славяне стварылі некалькі буйных усходнеславянскіх племянных груповак, вядомых пад назвай дрыгавічы, радзімічы і крывічы.

З прыходам славян сталі хутчэй распаўсюджвацца жалезныя прылады працы. Яны зрабілі магчымай апрацоўку значных зямельных плошчаў, пераход да больш эфектыўнага ворыўнага земляробства. З гэтым пераходам звязаны карэнныя змены ў гісторыі сельскай гаспадаркі. Земляробства стала галоўным відам гаспадарчай дзейнасці, а чалавек урэшце атрымаў пастаянную крыніцу ежы – хлеб, які і на сённяшні дзень застаецца асноўным відам харчавання, галоўнай меркай дабрабыту і багацця краіны і яе народа.

У цеснай сувязі з земляробствам знаходзілася другая галіна − жывёлагадоўля. Людзі разводзілі буйную рагатую жывёлу, свіней, коней, свойскую птушку. Жывёлагадоўля давала чалавеку малако, мяса, скуру, арганічныя ўгнаенні. З цягам часу ўсё большае значэнне набывалі галіны хатняй вытворчасці: прадзенне, ткацтва, выраб посуду. Замест зернацёрак пачынаюць прымяняцца (з VII ст.) ручныя жорны.

Жыхары Беларусі па-ранейшаму займаліся паляваннем, якое, аднак, ужо стала дапаможным заняткам. Мёд атрымлівалі шляхам бортніцтва: гэта быў не просты збор дароў дзікіх пчол, як раней, а і дагляд дуплаў (“борцей”), і нават стварэнне іх. Не менш важным было і рыбалоўства.

У выніку росту прадукцыйных сіл, асабліва ў земляробстве і жывёлагадоўлі, і шырокага распаўсюджвання жалезных прылад працы з’явілася магчымасць назапашваць унутры роду больш матэрыяльных каштоўнасцей – збожжа, прадуктаў палявання, жалезных прылад працы, зброі і г.д. Багацці паступова пераходзілі з калектыўнай уласнасці ва ўласнасць асобных сем’яў, а затым і асобных людзей, прадстаўнікоў родаплемянных вярхоў. Узнікае маёмасная няроўнасць, з’яўляюцца багатыя і бедныя сем’і.

Відавочна, што і ў славянскіх плямёнаў на змену бацькоўскаму роду, радавой абшчыне прыйшла сельская абшчына – “мір”, “верв”. У ёй спалучалася абшчыннае валоданне зямлёй з індывідуальным вядзеннем гаспадаркі. Індывідуальная вытворчасць з’явілася зыходным пунктам узнікнення і развіцця класавага грамадства, а сельская абшчына ў ім была толькі перажыткам першабытнаабшчыннага ладу.

Летапісец паведамляе, што ў VI – ІХ стст. на тэрыторыі Беларусі ўтвараюцца племянныя саюзы-княствы, на чале якіх стаялі князі-правадыры. У ліку першых ён называе Полацкае і Тураўскае. Праўда, гэта яшчэ не тыя княствы ў больш познім, феадальным сэнсе слова, але гэта першыя палітычныя ўтварэнні крывічоў-палачан і дрыгавічоў.

У другой палове І тысячагоддзя н.э., дзякуючы няўхільнаму развіццю прадукцыйных сіл, распаўсюджванню жалезных прылад працы, развіццю ворыўнага земляробства, зараджэнню рамесніцкай вытворчасці, на тэрыторыі Беларусі ішоў працэс разлажэння першабытна-абшчыннага ладу, зроблены пераход ад многаўкладнага грамадства непасрэдна да феадалізму, мінуючы рабаўладальніцкую сацыяльна-эканамічную фармацыю.

Асновай для гэтага з’яўляецца панаванне натуральнай земляробчай гаспадаркі, эканамічнага і палітычнага ўзвышэння радавой знаці. Прамым вынікам гэтых працэсаў становіцца ўзнікненне новых форм палітычнай арганізацыі - княжанняў. Летапісы сведчаць, што напярэдадні стварэння Кіеўскай Русі на тэрыторыі рассялення ўсходніх славян меліся княжанні ў дрыгавічоў і палачан. Зразумела, што гэта не княствы больш позняга, феадальнага зместу. Тады князямі называліся племянныя правадыры. Але само з’яўленне князёў-правадыроў ужо азначае пераход да адносін, якія можна называць ваеннай дэмакратыяй.

Такім чынам, пачаткам чалавечай цывілізацыі з’яўляецца час узнікнення чалавека сучаснага віду (homo sapiens). Этнічная гісторыя Беларусі бярэ пачатак з часу засялення яе тэрыторыі чалавекам. Гэта даіндаеўрапейскі перыяд гісторыі Беларусі. Вызначыць этнічную прыналежнасць насельніцтва, яго культуру, мову ў гэты час немагчыма.

Этнічны склад насельніцтва на тэрыторыі Беларусі поўнасцю змяніўся ў эпоху ранняга металу. У ІІІ – ІІ тысячагоддзі да н.э. тут рассяліліся індаеўрапейскія плямёны. Змяшэнне гэтых плямён са старажытным неалітычным насельніцтвам прывяло да ўзнікнення новага этнасу – балтаў. Пачаўся новы, індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі этап.

Славянскі этап у этнічнай гісторыі на нашай тэрыторыі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго характэрная рыса – шырокае рассяленне славян, асіміляцыя мясцовага даславянскага насельніцтва і фарміраванне першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей – дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў. Змяшэнне, зрошчванне гэтых і іншых славянскіх супольнасцей прывяло да ўзнікнення новага, агульнаславянскага старажытнага этнічнага аб’яднання з агульнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”.

Інтэнсіўныя этнічныя ўзаемадзеянні паміж насельніцтвам папрыпяцкай і падзвінска-дняпроўскай зон і асобнымі групамі няўсходне-славянскага насельніцтва на тэрыторыі паміж Прыпяццю на Поўдні і Заходняй Дзвіной на Поўначы, Нёманам на Захадзе і Дняпром на Усходзе сфарміравалі новую этнічную тэрыторыю, якая атрымала назву “Белая Русь”.

Пытанні і заданні: 1. Калі на беларускіх землях з’явіліся першыя людзі? У якіх месцах сучаснай Беларусі выяўлены іх паселішчы? 2. Назавіце асноўныя сацыяльна-гістарычныя перыяды станаўлення першабытных цывілізацый на тэрыторыі Беларусі. 3. Вызначце час, калі адбылося засяленне Беларусі індаеўрапейскімі плямёнамі. 4. Назавіце галоўныя нажыткі чалавека перыяду мезаліта і неаліта. 5. Як называецца эпоха, у якой прымяняюцца металічныя прылады працы, але яшчэ не з’явілася металургія сплаваў? 6. Якія буйныя аб’яднанні славянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі Вы ведаеце? 7. Пералічыце віды гаспадарчай дзейнасці ўсходніх славян.

Глава 2. Станаўленне раннекласавага грамадства. Укараненне хрысціянскай цывілізацыі ў Еўропе і на Беларусі (V – першая палова XIII ст.)

Тэма 1. Узнікненне раннефеадальных дзяржаў – славянскіх княстваў, укараненне хрысціянства на Беларусі

§1. Перыядызацыя і асноўныя рысы сярэднявечча. Утварэнне Кіеўскай Русі, раннефеадальных княстваў на Беларусі

§2. Паходжанне хрысціянства, яго ўкараненне ў старажытнарускай дзяржаве

§3. Стан культурнага жыцця на беларускіх землях

§1. Тэрмін “сярэднія вякі” выкарыстоўваецца ў гісторыі для абазначэння перыяду ад V (падзенне Заходняй Рымскай імперыі) да XV ст. (пачатак Вялікіх геаграфічных адкрыццяў). Умоўна, увесь гэты час магчыма падзяліць на ранняе (V-X ст.ст.), высокае (XI-XIII ст.ст.) і позняе (XIV- XV ст.ст.) сярэднявечча.

У адрозніванне ад таго, што аснову антычнай цывілізацыі складалі старажытныя Егіпет, Грэцыя і Рым, у перыяд ранняга сярэднявечча ідзе пашырэнне тэрыторыі, на якой складваецца заходне-еўрапейская цывілізацыя. Яна ахоплівае ўсю Еўропу.

Найбольш важныя рысы, што ўласцівы сярэднявеччу, гэта: перавага аграрнага сектара над гандлёвым і прамысловым; панаванне натуральнай гаспадаркі, слабае развіццё таварна-грашовых адносін, нязначная роля гарадоў; моцная роля царквы і высокая ступень рэлігіёзнасці людзей; своеасаблівы статус сялян (яны з’яўляліся не ўласнікамі, а толькі трымальнікамі зямлі); панаванне буйной феадальнай уласнасці на зямлю; пачатак фарміравання нацыянальных дзяржаў, у тым ліку ў выглядзе манархіі.

У сацыяльна-эканамічнай сферы найбольш важным працэсам гэтага часу з’яўляецца ўсталяванне ўладазалежных адносін і фарміраванне асноўных класаў – феадалаў і сялян.

На змену Заходняй Рымскай імперыі прыйшлі каралеўствы остготаў, вестготаў і найбольш буйная – франкаў. Асабліва моцныя пазіцыі ў свеце каралеўства франкаў мела ў час праўлення Карла Вялікага, які быў каранаваны імператарам. Пасля яго смерці ў 843 г. адбыўся распад імперыі, з утварэннем трох будучых буйных дзяржаў Еўропы – Францыі, Германіі і Італіі.

Працэс станаўлення сярэднявечных інстытутаў адбываўся і на Усходзе. Пасля раздзелу Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю ў канцы IV ст. у склад апошняй увайшлі Балканскі паўвостраў, Малая Азія, Паўночная Месапатамія, частка Арменіі і грузінскіх зямель, Сірыя, Палесціна, Егіпет, Кірэнаіка, Кіпр, Крыт, Радос і іншыя астравы Усходняга міжземнамор’я, а таксама, Паўднёвае ўзбярэжжа Крыма. Тэрыторыі, якія увайшлі у гэту дзяржаву, са сталіцай у Канстанцінопалі, атрымалі назву Візантыйскай імперыі. У Візантыі існавала цэнтралізаванае дзяржаўнае кіраванне. Заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада належыла імператару. Да XII стагоддзя ў Візантыі завяршылася фарміраванне асноўных інстытутаў феадалізму: сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей. З другой паловы IX стагоддзя пачаўся пад’ем Візантыйскіх гарадоў.

Знешняя палітыка Візантыі у другой палове IX-XI стагоддзя характарызуецца няспыннымі войнамі, у тым ліку і з Кіеўскай Руссю.

У ІХ ст. складваецца Старажытнаруская дзяржава (раннефеадальная манархія) з цэнтрам у Кіеве. Як адзначаюць навукоўцы, Кіеўская Русь IX-XI стст. была адной з буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў з розным узроўнем развіцця ўваходзячых у яе зямель, а парой і разбалансіраваным централізаваным кіраўніцтвам. Сваёй найвышэйшай магутнасці Кіеўская Русь дасягнула пры Яраславе Мудрым (каля 978-1054). Пры яго княжанні ў Кіеве ўзведзен 13-купальны Сафійскі сабор. З імем Яраслава звязваюць складанне “Рускай праўды”. Пасля яго смерці паміж яго сынамі ўзніклі супярэчнасці: кожны з іх імкнуўся стаць князем у Кіеве ці атрымаць поўную самастойнасць ад Кіева. Улада кіеўскага князя была вярхоўнай. Ад яго імя заключаліся дагаворы Русі з іншымі краінамі. Разам з князем у кіраўніцтве тэрыторыяй удзельнічалі старэйшыя дружыннікі і мясцовая земляробчая знаць. Яны ўваходзілі ў савет (баярская дума), перыядычна збіраліся на з’езды. Дарослае мужчынскае насельніцтва збіралася на сход – веча, дзе прымаліся важнейшыя для тэрыторыі рашэнні (абмяркоўвалася заканадаўства, пытанні вайны і згоды, фінансавыя і зямельныя рэсурсы).

Існавала ў Кіеўскай Русі ўсеагульнае ўзбройванне народа. Менавіта народнае апалчэнне часта вырашала вынікі вайны. У інтарэсах кіеўскіх князёў было падначаліць сабе Прыдняпроўе, Падзвінне, таму што па Дняпру і Заходняй Дзвіне ішоў галоўны гандлёвы шлях – “з варагаў у грэкі”.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі фарміруюцца і ўмацоўваюцца раннефеадальныя княствы (Полацкае, Тураўскае, Навагрудскае і інш.). У асобныя перыяды Полацкае княства, як і іншыя, мела адносную ад Кіева самастойнасць. Аднак, нягледзячы на гэта, усе княствы Кіеўскай Русі ўспрымаліся як адзіная Русь.

Вырашальную ролю ва ўзнікненні дзяржаў-княстваў на тэрыторыі Беларусі мелі такія фактары, як падзел працы, узнікненне гарадоў, арганізацыя грамадскага жыцця ў межах узнікаючых эканамічных рэгіёнаў, неабходнасць падтрымання згоды ў адносінах між людзьмі, ахова тэрыторыі ад знешніх ворагаў.

Шляхі фарміравання дзяржаўнасці, як бачна, знаходзяцца ў залежнасці ад развіцця прадукцыйных сіл. Дзяржава рэгулюе грамадскае жыццё, арганізоўвае дзейнасць людзей, абараняе іх інтарэсы ад знешніх ворагаў.

Першыя ўпамінанні пра палітычнае жыццё ў Полацку дае “Повесть временных лет”. Тут сказана, што князь Рурык пасля таго, як да яго перайшла ўся ўлада ў Ноўгарадзе, “стал раздавать мужам своим города – тому Полоцк, этому – Ростов, другому – Белоозеро”.

З гэтага факта мы можам зрабіць цэлы шэраг высноў. Па-першае, у ІХ стагоддзі Полацк – буйнейшы палітычны і эканамічны цэнтр аднаго з княстваў; па-другое, беларускія княствы ў гэты час хаця і былі аўтаномнымі, але знаходзіліся пад уплывам Ноўгарада; па-трэцяе, беларускія плямёны ў гэты перыяд добраахвотна ці гвалтоўна ўключаліся ў склад сфарміраванай Старажытнарускай дзяржавы, сталіцай якой у 882 годзе стаў Кіеў.

Крывічы трапілі ў склад Кіеўскай дзяржавы пры Алегу. Алег валодаў Смаленскам і Полацкам. Дружыны гэтых гарадоў удзельнічалі ў паходзе Алега на Царград.

Радзімічы канчаткова ўвайшлі ў склад Кіеўскай дзяржавы пры Уладзіміру. Дрыгавічы былі падпарадкаваны Кіеву, відаць, раней, таму што яшчэ князь кіеўскі Ігар браў даніну з драўлян, у барацьбе з імі ён і загінуў. Пры Уладзіміру ў Тураве на княжанні знаходзіцца яго старэйшы сын Святаполк, што таксама сведчыць пра вялікае значэнне гэтага горада ў складзе Кіеўскай дзяржавы.

Полацкае княства − самае магутнае і самае значнае княства на тэрыторыі Беларусі ў VIII − ХІ стст. Пражываюць тут крывічы (г.зн. славяне, якія на апошнім этапе выцяснення, асіміляцыі балтаў прынялі і ўвасобілі іх рысы, частку іх культуры, пры пераважаючай ролі славянскай культуры).

Полацкая “зямля”, “воласць” бярэ назву ад горада Полацка (Полтэска, Полатэска), які размешчаны на рацэ Палаце. На думку археолагаў, заснаваны Полацк у ІІІ − ІV стст. н.э.

У часы княжання Прадславы (945 − ?), Рагвалода (970 − 980) Полацкае княства – моцная феадальная дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі: суверэнная ўлада князя і народнага веча, дзяржаўная адміністрацыя, сталіца, войска, грашовая сістэма, дзяржаўнае падаткаабкладанне, мясцовае кіраванне.

Улічваючы геапалітычныя намаганні Полацка па супрацьстаянні Кіеву і экспансіі ў бок Балтыйскага мора, падначаленне шэрага прыбалтыйскіх плямёнаў, інтарэсы ў Замор’і, у Візантыі, у Ноўгарадзе, Полацкую дзяржаву з гэтага часу можна адносіць да класічнай феадальнай імперыі.

Узвышэнне Полацкай дзяржавы растлумачвае нам і такі драматычны эпізод гісторыі – барацьбу двух магутных князёў-братоў Яраполка кіеўскага і Уладзіміра наўгародскага за руку дачкі Рагвалода Рагнеды: на чыім баку Полацк, у таго і перавагі.

Свайго апагея барацьба паміж Полацкам, Кіевам і Ноўгарадам дасягнула ў перыяд княжання Усяслава (1044−1101 гг.), пра якога складалася мноства легенд і паданняў.

Людзі таго часу былі ўпэўнены ў чарадзействе гэтага князя. “Усяслаў князь людзям суды судзіў, князям гарады парадкаваў, а ўначы сам ваўком рыскаў: з Кіева ён дасягаў да Тмутаракані да першых пеўняў, ваўком перацінаючы шлях вялікаму сонцу – Хорсу”.

Тураўскае княства займала тэрыторыю паўднёвай Беларусі ў басейне ракі Прыпяць з цэнтрам (палітычным) у Тураве. Тэрыторыя Тураўскага княства адпавядае рассяленню дрыгавічоў. Упершыню Тураў у летапісе ўпамінаецца пад 980 г. Назву горада летапісец звязвае з імем князя Тура.

С ам палітычны цэнтр выгадна размяшчаецца на водным Прыпяцка-Бугскім гандлёвым шляху з Кіева ў Польшчу. Тут урадлівая глеба, добра развітое рамяство. Уладзімір Манамах з 1113 г. па 1125 г. трымаў Тураў у залежнасці ад Кіева, на які меў свае прэтэнзіі мінскі князь Глеб.

У сярэдзіне ХІІ ст. Тураўская зямля пераходзіла з рук у рукі суздальскіх і валынскіх князёў. У 50-я гады ХІІ ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання і Кіева. Тут, як і паўсюдна, назіралася феадальная раздробленасць. Утварыліся Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае княствы, якія трапілі ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Ужо ў гэты час у Полацку і ў Тураве актыўна дзейнічала Веча, або народныя сходкі, на якія збіраліся ўсе вольныя грамадзяне для абмеркавання важных спраў. Веча ў Полацку збіралася ў двух месцах – або каля Святой Сафіі, або каля Святой Багародзіцы Старой – гэта значыць на плошчах дзвюх найбольш шанаваных цэркваў.

Веча збіраў князь, часам яно збіралася і без яго. На вечы абавязкова прысутнічаў епіскап. Значэнне веча заключалася ў тым, што тут вырашаліся пытанні перадачы ўлады, яно выбірала князя, заключала з ім дагавор.

Веча мелася ў кожным з полацкіх прыгарадаў. Але ў тым выпадку, калі справа датычылася ўсёй зямлі-княства, пастанова веча галоўнага горада мела вырашальнае значэнне.

Упамінанне ў летапісе пра варагаў паслужыла асновай таго, што ў ХVІІІ – ХІХ стст. гісторыкі пры разглядзе пытання аб стварэнні Старажытнарускай дзяржавы прытрымліваліся так званай нарманскай тэорыі. Тут гаворыцца, што першапачаткова варагі бралі даніну з наўгародцаў, затым былі выгнаны, аднак паміж плямёнамі, ці – гарадамі, пачаліся міжусобіцы, “и ваявати почаша сами на ся”. Пасля гэтага славені, крывічы, чудзь, мера звярнуліся да варагаў: “... Земля наша велика и обильна, а наряда (т.е. порядка) в ней нет. Да пойдите княжить и володать нами”. Варагі згадзіліся.

Палеміка з нарманізмам абвастралася ў сувязі з тым, што ў гітлераўскай Германіі яе выкарыстоўвалі для доказу непаўнацэннасці славянаў і прыналежнасці германцаў да “расы гаспод”. На самой справе ўзровень развіцця варагаў быў прыкладна аднолькавы з абарыгенамі.

Сінхроннасць развіцця варагаў і абарыгенаў і дазволіла варагам актыўна ўключыцца ў працэс будовы феадальных адносін на Русі.

§2. Культурнае і духоўнае жыццё нашых продкаў цесна звязана са старадаўнімі вераваннямі і культамі. Амаль да завяршэння Х ст. на Беларусі панавала язычніцтва (ад царкоўнаславянскага “язытцы” – народы, чужаземцы). Язычніцтва – надзвычай шматгранная і разгалінаваная рэлігія. Яна ўключае ў сябе розныя ўяўленні, ідэалагічныя напластаванні розных гістарычных эпох. Каб не парушаць згоду з навакольным светам, людзі пакланяліся Дажбогу, Стрыбогу, Сімарглу, Макошу, Вялесу, Перуну. Вярхоўным богам лічыўся Пярун. Маланка азначала гнеў Перуна. Каб уміласцівіць прыродныя з’явы, людзі ішлі нават на чалавечыя ахвярапрынашэнні.

У 988 – 989 гг. рэлігійны стан старажытнарускага грамадства зазнаў істотныя змены. З Візантыі ў Кіеўскую Русь прыйшло хрысціянства. У кіруючым стане пытанне аб прыняцці новай рэлігіі, лепей прыстасаванай да дзяржаўнага аб’яднання і класавага грамадства, пастаянна стаяла на парадку дня.

Хрысціянства нарадзілася ў Палесціне ў Рымскай імперыі сярод нізоў насельніцтва ў яўрэйскім асяроддзі. Людзі збіраліся для чытання евангелляў і тайнай вячэры.

У евангеллях апісвалася жыццё Ісуса Хрыста і выкладаліся асноўныя палажэнні хрысціянства. Як бачна, хрысціянскай царквой называліся сходы веруючых. У кожнай царкве ўсе былі роўныя і называлі адзін аднаго братамі і сёстрамі. Веруючыя выбіралі епіскапаў, якія назіралі за парадкам.

Паводле евангелля, вучэнне Хрыста было звернута да бедных і пакутуючых. “Прыйдзіце да мяне, усе пакутуючыя, і я супакою вас”, - гаварыў ён. Хрыстос адвяргаў панаванне моцных і ўладу чалавека над чалавекам і казаў: “Але паміж вамі няхай не будзе так”.

Улады лічылі хрысціян апазіцыяй. Хрысціян ссылалі і здзекваліся з іх. Таму першыя хрысціяне стараліся трымацца ў баку ад рымскага жыцця з імператарам, войскам. Але ўладам ад гэтага ніякай карысці не было. Барацьба з хрысціянствам не прыносіла поспеху. Тады імператары (рымскія) дабіліся згоды з хрысціянскай царквой. Хрысціянства зрабілася афіцыйнай рэлігіяй у Рымскай імперыі.

Паступова і ў самім хрысціянскім руху адбываюцца перамены: епіскапы сталі карыстацца ўладай і называцца патрыярхамі; утварылася царкоўная іерархія; вышэйшае духавенства стала збірацца на саборы (з’езды) (325 г. – І усяленскі сабор); тых, хто не падпарадкоўваўся, абвяшчалі ерэтыкамі.

Выпрацаваны (у 381 г.) “сімвал веры” ёсць кароткае выкладанне асноўных палажэнняў хрысціянскай царквы, уключаючы дагмат аб трыадзінстве Бога (Бог-айцец, Бог-сын, Бог-святы дух).

Епіскапы як прадстаўнікі царкоўнай адміністрацыі сталі падтрымліваць свецкае кіраўніцтва і ўсе рымскія парадкі. Рымскія імператары ўступілі ў пагадненне з хрысціянскай царквой, і хрысціянства стала пануючай рэлігіяй у Рымскай імперыі.

Да сярэдзіны ХІ ст. “хрысціянская” царква была адзінай. Але ў Заходняй Еўропе яна падпарадкоўвалася Рымскаму папе, у Візантыі галавой царквы лічыўся Канстанцінопальскі патрыярх. Ад Візантыі хрысціянскую веру прынялі народы Усходняй Еўропы. Але Рымскі папа жадаў падпарадкаваць сабе ўсіх. З-за панавання над хрысціянскай царквой і атрымання даходаў (што давала царква) паміж папам і патрыярхам ішла вострая барацьба. У 1054 г. адбыўся падзел хрысціянскай царквы. Папа і патрыярх праклялі адзін аднаго. З таго часу заходняя царква стала называцца каталіцкай (сусветнай), а ўсходняя – праваслаўнай (правільнай веры). Пасля расколу цэрквы сталі цалкам самастойнымі.

Аднымі з першых хрысціянства прынялі ў Італіі, Грэцыі (І – ІІ стагоддзі н.ч.), франкі – пры заваяванні Галіі ў канцы V ст. У славянскіх краінах Балгарыі, Сербіі, Маравіі, Чэхіі яно распаўсюдзілася пазней – у ІХ ст., Польшчы – Х ст. (966 г.).

На Беларусь хрысціянства прыйшло ў Х стагоддзі пасля хрышчэння кіяўлянаў і наўгародцаў. У Полацку епархія была створана, напэўна, у 992 г., факт пабудовы тут першай царквы ў імя Багародзіцы, якая прыгадваецца летапісам пад 1007 год, і кафедральнага Сафійскага сабора ў 50-я гады ХІ ст. пацвярджае гэта.

Аб стварэнні епархіі ў Тураве вучоныя выказваюць розныя меркаванні: адны называюць 1005 г., другія – 1088 г.

На беларускіх землях духавенства падтрымлівала свецкую ўладу і клапацілася аб уласных выгадах. Царква атрымлівала ад князёў дзесятую частку дзяржаўных даходаў, значныя зямельныя ўладанні.

Прыняцце хрысціянства, у параўнанні з язычніцтвам, было вялікім крокам наперад. Гэта абумоўлена ўмацаваннем сувязей з другімі дзяржавамі, дзе існавала хрысціянская рэлігія. Хрысціянскае духавенства было адукаваным. У манастырах адкрываліся школы, тут працавалі перапісчыкі кніг і мастакі, у гарадах і вёсках з хрысціянскім насельніцтвам сталі будавацца каменныя будынкі (цэрквы). Як бачна, прыняцце хрысціянства садзейнічала ўздыму культуры, пераадоленню перажыткаў племянной адасобленасці, умацаванню больш развітых грамадскіх адносін.

§3. Багатая і шматгранная культура ІХ – ХІІ стст. - адна з перадавых культур свайго часу. Цесныя культурныя сувязі з Паўднёвай Руссю, Візантыяй, Арабскім Усходам, Прыбалтыкай, Скандынавіяй, а таксама Захадам прыводзяць да засваення лепшых сусветных мастацкіх стыляў, да арыгінальнага спалучэння мясцовых, візантыйскіх і раманскіх форм. Творчыя адносіны да сусветнага мастацтва стварылі ўмовы для развіцця самастойных рыс, якія ў больш позні перыяд выявіліся асабліва выразна. Найбольш яскрава яны былі бачны ў культуры Полацкай зямлі, дзе ўжо ў пачатку ХІІ ст. склаліся самабытныя школы дойлідства, жывапісу, пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Культура старажытных беларускіх зямель бярэ свой пачатак ад вуснай народнай творчасці: песень, былін, легенд, прымавак, казак, загадак. Асобае месца ў гэтым радзе належыць былінам. У аснове іх гістарычных сюжэтаў часта ляжаць рэальныя падзеі. Так, незвычайны лёс дачкі полацкага князя Рагвалода стаў сюжэтам для шэрага паданняў і былін.

З прыняццем хрысціянства ў старажытнарускай культуры наступае новы этап – з’яўленне пісьменнасці. Русь пазнаёмілася з культурнымі дасягненнямі развітых краін Еўропы і Усхода. Вакол царквы і манастыроў групаваліся адукаваныя на той час людзі. Так было і на Беларускіх землях. Сталыя зносіны з Візантыяй узбагачалі нашу культуру. На Беларусі перакладаліся грэчаскія кнігі аб стварэнні свету, аб біблейскіх героях, аб рымскіх палкаводцах, жыціі святых.

Да сярэдзіны ХІ ст. разам з перакладнымі кнігамі ў Полацку, Тураве, Навагрудку з’яўляюцца і арыгінальныя творы на новай гутарковай мове, у тым ліку летапісы. Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца вядомае Тураўскае евангелле (ХІ ст.), Рэйнскае евангелле (ХІ ст.), Служэбнік Валаама Худынскага (канец ХІІ – пачатак ХІІІ ст.), Аршанскае евангелле (ХІІІ ст.). Сярод прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду беларускай гісторыі вызначаюцца Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі, Прадслава – Ефрасіння.

Клімент Смаляціч – манах, вучоны – жыў у першай палове ХІІ ст., з 1147 па 1154 г. – метрапаліт кіеўскі. Вывучаючы кнігі святога пісання айцоў царквы, азнаёміўшыся з дзейнасцю антычных аўтараў Платона, Гамера, Арыстоцеля, ён стаў аўтарам шматлікіх кніг, казанняў (пропаведзяў), пасланняў, тлумачэнняў. Пісанне, падрыхтаванае Кліментам смаленскаму святару Фаме, якое дайшло да нашага часу, мае вялікую каштоўнасць. З яго мы даведваемся пра накірунак думак Клімента і яго сучаснікаў: у грамадстве таго часу існавалі думкі як аб тым, што Біблію трэба разумець літаральна, а таксама і такія, што тлумачэнні свяшчэнных кніг магчыма даваць толькі з дапамогай свецкай навукі.

Другі прадстаўнік асветы ХІІ ст., выдатны царкоўны дзеяч – Кірыла Тураўскі – паходзіў з сям’і заможных гараджан. Вучыўся ў Грэцыі, потым стаў манахам-пустэльнікам, займаў епіскапскі стан у Тураве. Казанні і павучэнні асветніка створаны на аснове візантыйскай рыторыкі. За красамоўства яго назвалі Златавустам.

Ефрасіння Полацкая жыла ў ХІІ ст., любіла чытаць кнігі. Прыняўшы манаства, стала працаваць над перапісваннем кніг. Манастыр, у якім яна жыла і працавала, быў месцам асветы і кніжнасці, буйным рэлігійным і культурным цэнтрам. У сталым узросце Ефрасіння Полацкая здзейсніла паломніцтва ў Палесціну і Іерусалім. Памерла ў 1173 г. Святыя мошчы Ефрасінні Полацкай зараз знаходзяцца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.

Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры Х-ХІІІ стст. з’яўляецца манументальная архітэктура. У архітэктуры ў гэты час дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя збудаванні вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы ўжываліся абчэсаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. З ХІ ст. гэтыя рысы ёсць і ў многіх помніках беларускага дойлідства. У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку быў пабудаваны Сафійскі сабор, у ХІІ ст. у Віцебску пабудавана Барысаглебская царква. Затым мураваныя збудаванні паяўляюцца ў Гродна (Барысаглебская (Каложская) царква, царква ў Ваўкавыску, царква ў Тураве (ХІІ ст.).

Такім чынам, фарміраванне феадальных адносін на тэрыторыі ўсходніх славян прывяло да ўзнікнення ў ІХ ст. першай у іх гісторыі Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. У гэты ж перыяд ідзе ўмацаванне раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі. Асаблівае месца сярод іх займае Полацкае і Тураўскае княства.

Вялікае значэнне ў лёсе старажытнай Русі, у тым ліку і яе заходніх зямель, мела прыняцце ў Х ст. хрысціянства. Яно спрыяла ўмацаванню больш развітых грамадскіх адносін, дапамагала пераадолець перажыткі першабытнага ладу, садзейнічала ўздыму культуры, пісьменнасці, умацаванню міжнародных сувязей.

Культура (мова, вера) на заходніх землях Русі мела агульныя рысы з культурай Кіеўскай Русі, а таксама сваю спецыфіку і свае адметныя асаблівасці.

Тэма 2. Развіццё феадальных адносін, барацьба з заваёўнікамі

§1. Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці

§2. Станаўленне і развіццё феадальнай эканомікі

§3. Барацьба з нямецкімі заваёўнікамі і татарскім нашэсцем

§1. У 467 годзе Заходняя Рымская імперыя, аслабленая паўстаннем рабоў і калонаў, распалася пад разбуральнымі ўдарамі варвараў. Рабства, якое замінала далейшаму развіццю гаспадаркі і культуры, пала. Гэтым фактам завяршылася гісторыя старажытнага часу і пачалася гісторыя сярэдніх вякоў. З пачаткам гісторыі сярэдніх вякоў стан чалавечага грамадства быў адносна стабільным. Перамяшчэнні народаў і войны не мянялі агульнай карціны свету. Ні адна з існуючых цывілізацый у цэлым не выйшла за межы сваіх гістарычных тэрыторый. Не была ў гэтым выключэннем і еўрапейская цывілізацыя. Падобна да іншых цывілізацый яна складалася як пэўная гістарычная супольнасць на працягу многіх стагоддзяў, увабрала ў сябе перш за ўсё антычную спадчыну. Уся еўрапейская адукацыя працяглы час будавалася на вывучэнні грэчаскіх і лацінскіх аўтараў.

У выніку няўхільнага развіцця прадукцыйных сіл, распаўсюджвання жалезных прылад працы, пашырэння ворыўнага земляробства, зараджэння рамесніцкай вытворчасці ішоў працэс разлажэння дапрадукцыйнай цывілізацыі і паступовага ўкаранення феадальных тэхналогій.

Продкі беларусаў мінулі класічныя формы рабства, характэрныя для старажытных Грэцыі і Рыма. На беларускіх землях рабства не магло скласціся ў сілу геаграфічных умоў, і таму феадалізм фарміруецца тут, мінуючы рабаўладальніцтва, непасрэдна пасля шматукладнага грамадства.

Феадалізм (ад лац. уладанне) – грамадска-эканамічныя адносіны з вельмі марудным развіццём прадукцыйных сіл. Характэрнымі рысамі гэтага часу было панаванне натуральнай гаспадаркі, надзяленне непасрэднага вытворцы сродкамі вытворчасці і зямлёй з прымацаваннем яго да зямлі, асабістая незалежнасць селяніна ад памешчыка, надзвычай нізкі і руцінны стан тэхнікі.

Эпоха феадалізму ахоплівае працяглы перыяд. Яна праіснавала да буржуазных рэвалюцый у Англіі (ХVІІ ст.) і ў Францыі (ХVІІІ ст.); у Расіі і Беларусі – прыкладна з ІХ ст. да сялянскай рэформы 1861 г., у Закаўказзі – з ІV ст. да 70-х гг. ХІХ ст., у Сярэдняй Азіі – з VІІ−VІІІ стст. да 1917 г. Феадальныя адносіны з тымі ці іншымі асаблівасцямі былі характэрны амаль для ўсіх краін.

На Беларускіх землях яны фарміраваліся і развіваліся на працягу доўгага часу, аднак у пытанні аб генезісе феадалізму на гэтай тэрыторыі пакуль што няма адзінага меркавання. У цэнтры спрэчак аб узнікненні феадалізму стаіць праблема асновы, на якой ўзніклі феадальныя адносіны ва ўсходніх славян. Адны даследчыкі лічаць, што феадальныя адносіны склаліся яшчэ ў нетрах першабытнаабшчыннага ладу. Другія, гаворачы аб узнікненні феадалізму, выдзяляюць паміж першабытным грамадствам і феадальнай эпохай працяглы “пераходны перыяд”.

Асобныя гісторыкі выказваюць думку, што ўзнікненне сельскай абшчыны азначала канец першабытнаабшчынных вытворчых адносін. У аснове ўзнікнення сялянскай абшчыны, як яны ўяўляюць, ляжала індывідуалізацыя грамадскай вытворчасці, якая прывяла да ўзнікнення парцэлярнай гаспадаркі, а яна, у сваю чаргу, з’явілася асновай для ўзнікнення класавых адносін.

Перыяд феадалізму ў гісторыі ўсяго ўсходняга славянства, а значыць, і ў гісторыі Беларусі, налічвае шмат вякоў і можа быць раздзелены на тры асноўныя этапы:

1 – ІХ – першая палова ХVІІ ст. (станаўленне і развіццё феадальных адносін);

2 – другая палова ХVІІ ст. (пачатак разлажэння феадалізму і зараджэння капіталістычных адносін);

3 – першая палова ХІХ ст. (крызіс феадальна-прыгонніцкіх адносін).

Такім чынам, феадальныя адносіны нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі ў ІХ ст. і існавалі да 1861 г. На працягу свайго існавання яны садзейнічалі некатораму росту прадукцыйных сіл, развіццё якіх ішло даволі марудна, таму гаспадарка Беларусі на ўсім працягу гэтых стагоддзяў захавала натуральны характар.

§2. У ІХ−Х стст. эканамічная аснова багацця феадалаў – буйная зямельная ўласнасць на беларускіх землях – толькі яшчэ нараджалася. Побач з ёю існавалі і пераходныя ўклады: патрыярхальны, рабаўладальніцкі, ваеннай дэмакратыі і інш.

Значная частка зямлі належала непасрэдна дзяржаве. Сяляне, якія пражывалі на ёй, эксплуатаваліся вялікім князем і панаваўшай вярхушкай. Асноўнай формай эксплуатацыі была даніна, якая збіралася метадам “палюддзя”. Першапачаткова даніна (футра, мёд, воск і іншыя прадукты) збіралася самім князем з дружынай у час перыядычных аб’ездаў падуладных тэрыторый. Адзінкай аблажэння данінай з’яўляўся жылы будынак – “дым” або “саха”, гэта значыць сялянскі двор з ворыўнай зямлёй.

З канца Х ст., і асабліва ў ХІ ст., у Полацкім, Тураўскім і іншых княствах на тэрыторыі Беларусі ідзе працэс росту колькасці буйных феадалаў і плошчаў іх уладанняў. Крыніцамі фарміравання буйнога феадальнага землеўладання былі:

  1. захоп незанятых, свабодных зямель, якіх было яшчэ шмат;

  2. захоп абшчынных зямель шляхам прамога насілля або на падставе княжацкіх падараванняў.

Акрамя мясцовых князёў буйным землеўладальнікам становіцца баярства, якое складалася з двух слаёў: туземнай знаці ў выглядзе “лепшых”, “старэйшых” людзей і іншых прадстаўнікоў родаплемянной знаці, а таксама вышэйшых чыноў княжацкага двара, якія атрымлівалі зямлю ў кіраванне, падарунак або вотчыну. У канцы Х ст., пасля прыняцця хрысціянства, буйным землеўладальнікам становіцца царква.

Феадальнае землеўладанне ў беларускіх княствах і землях склалася ў форме вотчыны, якая знаходзілася ў поўнай уласнасці феадала, перадавалася па спадчыне, магла быць прададзена, падаравана.

Вотчына – комплекс феадальнай зямельнай уласнасці (зямля, пабудовы, жывы і мёртвы інвентар) і звязаных з ёю правоў на феадальна залежных сялян. Вотчына ўяўляла сабой арганізацыю для прысваення вотчыннікам-феадалам прыбавачнай працы залежных сялян і была асновай панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве. Аснову вотчыны складалі панская гаспадарка і сялянскія трыманні. Для рэалізацыі сваіх правоў у вотчыне яе ўладальнік абапіраўся на ўласны апарат прымусу і цэнтральную ўладу. Эканамічная структура вотчыны характарызавалася тымі ці іншымі суадносінамі домена ўтрыманняў і розным спалучэннем галоўных форм эксплуатацыі сялян у вотчыне (баршчына, прадуктовы і грашовы аброкі).

Першыя звесткі аб княжацкіх вотчынах у Полацкім княстве адносяцца да Х ст. У ХІ − ХІІ стст. ёсць звесткі аб баярскіх і манастырскіх вотчынах. Вотчыны абслугоўваліся працай залежных сялян – смердаў і халопаў. У ХІ − ХІІ стст. феадальныя правы вотчыннікаў замацоўваюцца ў Рускай Праўдзе.

Непазбежным вынікам з’яўлення буйнога землеўладання было ўзмацненне феадальнай залежнасці сялян і паступовае перарастанне даніны ў феадальную рэнту. У ІХ − ХІІ стст. закабаленне смердаў поўнасцю яшчэ не закончылася. Па сваім гаспадарчым і прававым становішчы яны дзяліліся на дзве асноўныя групы: свабодных і залежных ад землеўладальнікаў. Але суадносіны паміж імі хутка мяняліся. Гаспадарка смердаў была няўстойлівай. Смерды ў той час па-ранейшаму былі аб’яднаны ў сельскія абшчыны. У абшчыне яны мелі сваю гаспадарку, зямлю, хату, прылады працы, неабходную працоўную жывёлу. Вялікі памер даніны, ваенныя паходы, частыя набегі суседніх народаў прыводзілі гаспадарку незалежных смердаў да разарэння. Патрэба ў прыладах працы, інвентары, насенні прымушала збяднеўшых смердаў ісці ў кабалу да буйнога землеўладальніка. Такім чынам з асяроддзя незалежных абшчыннікаў вылучалася група радовічаў. Тэрмін “радовіч” узяў пачатак ад слова “рад”, гэта значыць дагавор. Радовіч – гэта свабодны, але збяднелы смерд, які на дагаварных умовах працаваў у гаспадарцы феадала.

Акрамя радовічаў, існавалі і такія групы залежнага насельніцтва Беларусі, як халопы, закупы і ўдачы. Халопы былі несвабодныя і знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадала. Закупамі называлі тых сялян, якія не мелі магчымасці весці гаспадарку на абшчынным надзеле і сяліліся на зямлі феадала, атрымлівалі ад яго пазыку (“купу”) і павінны былі працаваць да выплаты доўгу. Многія не маглі вярнуць пазыку і рабіліся неаплатнымі даўжнікамі. Удачамі называліся людзі, якія часова працавалі ў феадала, але не мелі на яго зямлі асабістай гаспадаркі. За работу ўдачы атрымлівалі міласць (хлеб і прыдатак).

Такім чынам, з’яўленне радовічаў, халопаў, закупаў і ўдачаў на Беларусі, з аднаго боку, сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны і, з другога, – аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках пануючага класа феадалаў.

Асноўнай формай эксплуатацыі рабочай сілы ў феадальнай вотчыне ў Х − ХІІ стст. была адработачная рэнта. Смерды, якія трапілі ў феадальную залежнасць, апрацоўвалі панскую зямлю і выконвалі іншыя работы ў выглядзе баршчыны. Памеры баршчынных павіннасцей не былі цвёрда ўстаноўленымі і вызначаліся звычаямі.

Галоўнай ячэйкай эканомікі Беларусі была дробная гаспадарка селяніна, якая засноўвалася на прымітыўнай ручной тэхніцы. Паколькі грамадскае раздзяленне працы было развіта вельмі слаба, панавала натуральная гаспадарка.

Сяляне вялі сваю гаспадарку на землях, якія належалі сельскай абшчыне. Ворныя землі былі ў карыстанні асобных двароў. У сумесным карыстанні заставаліся сенажаці, пашы, лясы і вадаёмы.

Асноўныя земляробчыя прылады – драўлянае рала, саха, матыка, рыдлёўка, каса-гарбуша, серп, барана, граблі, цэп, драўляная ступа і інш. Сеялі ўручную, баранавалі драўлянай бараной. Зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі, веялі пры дапамозе драўляных рыдлёвак і рэшатаў і захоўвалі яго ў свірнах. Для памолу зерня выкарыстоўвалі круглыя каменныя жорны з пясчанікавых парод.

Археалагічныя матэрыялы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, даюць уяўленне як аб саставе культурных раслін, так і аб сістэмах земляробства. У ІХ − ХІІ стст. было распаўсюджана ворыўнае земляробства з ужываннем папарнай сістэмы ў выглядзе двухполля або нават трохполля. Раскопкі сведчаць аб тым, што найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі жыта і пшаніца. Значнае месца займаў ячмень, меншае – авёс, проса, грэчка, бабовыя, гарох, віка, лён, каноплі.

Цікавыя звесткі аб стане земляробства ў заходняй частцы Беларусі далі раскопкі старога замка ў Гродне. У ХІ − ХІІ стст. жыта было тут пераважна азімай культурай і, бясспрэчна, культывавалася ўжо даўно. Відаць, як і ў Мінскай зямлі, у гэты час складвалася папарная сістэма земляробства. Аднак гэта адносіцца да густа заселеных раёнаў на даўно асвоеных палях, якія прылягалі да паселішчаў, у той час як удалечыні ад вёсак існавала лясная аблога.

Некалькі іншым быў стан земляробства на поўдні Беларусі. Тут побач з урадлівымі глебамі, на якіх таксама ўкаранялася папарная сістэма земляробства, былі вялікія забалочаныя прасторы і густыя лясы. Таму ў некаторых месцах Прыпяцкага Палесся аж да ХІХ ст. земляробства вялося ў форме лясной аблогі і ляды. На гэтай эканамічнай аснове захоўвалася архаічная сям’я – палескае “дворышча”.

Як сельскае, так і гарадское насельніцтва Беларусі займалася агародніцтвам. Акрамя бабовых шырока былі распаўсюджаны капуста, рэпа, агуркі, буракі, рэдзька, морква і цыбуля. Пры рабоце на агародах ужываліся саха, матыка з жалезнай рабочай часткай і драўляная рыдлёўка з жалезнай акоўкай, так званым рыльцам. Іх адлюстраванне мы знаходзім у старажытнарускіх мініяцюрах, а жалезныя наканечнікі матык і акоўкі рыдлёвак – пры археалагічных раскопках.

Насельніцтва Беларусі добра ведала і садоўніцтва. Як пісьмовыя помнікі, так і археалагічныя матэрыялы зафіксавалі развядзенне яблынь, груш, вішань, сліў і інш. Костачкі вішні выяўлены пры археалагічных раскопках у Мінску, Полацку, а ў Гродне – вішні і слівы. У ІХ − ХІІ стст. у ежу ўжываліся розныя расліны, вядомыя і цяпер.

Адной з галін сельскай гаспадаркі старажытнай Беларусі з’яўлялася жывёлагадоўля. Археалагічныя крыніцы сведчаць, што ў раннефеадальны перыяд на тэрыторыі Беларусі акрамя буйной рагатай жывёлы разводзілі авечак, коз, свіней і коней. Аднак жывёлагадоўля ў гаспадарчым жыцці заходнярускіх плямён не адыгрывала рашаючую ролю. Тлумачыцца гэта тым, што ў густых лясах мала было добрых пашаў, а значыць, не было ўмоў для развядзення жывёлы ў вялікай колькасці. Пад пашы звычайна выкарыстоўваліся закінутыя кавалкі зямлі. І ва ўмовах панавання падсечнай сістэмы земляробства жывёлагадоўля была вельмі слаба звязана з паляводствам.

Дадатковым прыбыткам у гаспадарцы служылі паляванне і рыбалоўства, чаму, бясспрэчна, спрыялі геаграфічныя ўмовы. У лясах вадзілася шмат розных звяроў, а рэкі і азёры былі багатыя на рыбу. Нашы продкі палявалі на высакароднага аленя, зубра, дзіка, мядзведзя, лісіц, вавёрак, куніц, баброў і г.д. З цягам часу паляванне ўсё больш ператваралася ў промысел пушнога звера.

Побач з паляваннем і рыбалоўствам шырокае развіццё атрымала бортніцтва, або лясное пчалярства. Мёд і воск былі прадметамі не толькі ўнутранага спажывання, але і вывазу ў іншыя краіны.

Значную ролю адыгрывала перапрацоўка сельскагаспадарчых прадуктаў. З насення льну і канопляў здабывалі алей, са злакавых рабілі муку і крупы. Тэхніка перапрацоўкі сыравіны была прымітыўнай. Напрыклад, зерне для атрымання проса таўклі драўлянымі таўкачамі ў вялікіх ступах. Такія таўкачы знойдзены ў Полацку. Алей выціскалі простымі прэсамі.

Развіццё прадукцыйных сіл у Беларусі было звязана з працэсам аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У нашых далёкіх продкаў вельмі рана з’явіліся розныя промыслы і рамёствы.

Хатнія промыслы былі цесна звязаны з земляробствам, якое з’яўлялася галоўным заняткам славян на тэрыторыі Беларусі. З ільну, канапель і воўны рыхтавалі пражу, ткалі палатно і сукно. З дрэва і гліны рабілі посуд. Ганчарнае кола пачало прымяняцца ў старажытнабеларускіх землях ўжо з ІХ − Х стст.

Апрацоўка розных скур і пашыў вопраткі мелі таксама характар хатняга промыслу.

Паказчыкам зруху ў прадукцыйных сілах беларускіх княстваў і зямель у ХІ − ХІІ стст. з’явілася далейшае развіццё рамяства, цэнтрам якога станавіліся гарады – Полацк, Тураў, Мінск, Віцебск і інш. У ХІІ ст. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 33 населеныя пункты, якія можна назваць гарадамі. Старажытнабеларускі горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзядзінца (горада) і рамесна-гандлёвага пасада, дзе знаходзіўся рынак. Горад быў звязаны з бліжэйшай сялянскай акругай, прадуктамі якой ён жыў і насельніцтва якой забяспечваў рамеснымі вырабамі. У той жа час і частка гарадскога насельніцтва захоўвала сувязь з земляробствам. Гарады былі цэнтрамі ўнутранага гандлю. Паміж гарадамі вёўся і знешні гандаль. Тут існавала грашовае (праўда, пакуль заблытанае і стракатае) абарачэнне. Ужо ў ІХ ст. распаўсюджваюцца металічныя грошы, яны выцеснілі грошы-жывёлу і грошы-футра. Самай буйной і галоўнай грашовай адзінкай таго часу была грыўна, якая ўпершыню ўпамінаецца ў 882 г. Грыўны таго часу былі сярэбранымі і да ХІІ ст. з’яўляліся як вагавай, так і грашовай адзінкай. Насельніцтва Беларусі карысталася таксама манетамі іншаземнай чаканкі. Еўрапейскія манеты з’явіліся на Беларусі ў ХІ ст. і чаканіліся амаль выключна ў Нямеччыне. Але развіццё гарадоў, гандлю, грашовага абарачэння не мяняла агульнага натуральнага характару гаспадаркі, таварная вытворчасць яшчэ толькі нараджалася.

У старажытнабеларускіх гарадах да ХІІ ст. налічвалася больш за 60 рамесных спецыялістаў. Раней за ўсё ў якасці самастойнай галіны вытворчасці вылучалася апрацоўка жалеза. У гарадах у галіне апрацоўкі жалеза з’явілася не менш за 16 прафесій. Аб тэхнічным узроўні металургічнай вытворчасці сведчыць прымяненне рамеснікамі зваркі, ліцця, наваркі і загартоўкі сталі.

У ХІ − ХІІ стст. беларускія рамеснікі выраблялі больш за 100 відаў жалезных вырабаў. Іх прадукцыя спрыяла развіццю таварных адносін паміж горадам і вёскай. У рамесных майстэрнях вырабляліся прылады працы (косы, сярпы, сякеры, малаткі), зброя (мячы, лукі), прадметы быту і ўпрыгажэнні.

У ІХ − Х стст. з хатніх промыслаў вылучаецца ювелірная справа. З высакародных (галоўным чынам серабра) і каляровых металаў рамеснікі рабілі перш за ўсё жаночыя ўпрыгажэнні – грыўні, розныя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі і інш. Майстрам-ювелірам былі знаёмыя розныя тэхнічныя прыёмы іх вырабу: адліўка, гравіроўка і чаканка. Аб тым, што мастацкая творчасць рамеснікаў Беларусі дасягнула высокага для таго часу ўзроўню, сведчыць крыж, зроблены ў 1161 г. для адной з полацкіх цэркваў мясцовым майстрам Лазарам Богшам. Гэты крыж быў абкладзены залатымі пласцінкамі з жэмчугам і самацветамі. Асаблівую мастацкую каштоўнасць мелі эмалевыя ўпрыгажэнні крыжа (арнамент і мініяцюрныя фігуры людзей). Ён быў згублены ў часы Вялікай Айчыннай вайны, і лёс яго невядомы.

Далейшае развіццё на Беларусі атрымалі такія віды рамёстваў, як ганчарнае, гарбарнае, апрацоўка каменя і дрэва, разьба па косці, прадзенне, ткацтва і інш. Рукамі рамеснікаў былі пабудаваны выдатныя архітэктурныя збудаванні: Сафійскі сабор (сярэдзіна ХІ ст.), Спаса-Ефрасіннеўская царква (сярэдзіна ХІІ ст.) у Полацку, Каложская царква ў Гродне (сярэдзіна ХІІ ст.) і інш.

Будынкі цэркваў у старажытнасці выкарыстоўваліся не толькі для рэлігійных мэт, але і для правядзення сходаў насельніцтва. Феадалы і багатыя купцы захоўвалі ў цэрквах свае каштоўнасці і дакументы. Царкоўныя падвалы часам выкарыстоўваліся купцамі як склады для каштоўных тавараў.

Свае прадукты рамеснікі ў большасці выпадкаў не выраблялі для рынку, а папярэдне забяспечвалі сябе заказам з боку пакупніка. Гэта тлумачыцца слабым развіццём у Полацкім і Тураўскім княствах таварна-грашовых адносін, поўным панаваннем натуральнай гаспадаркі. Унутраны рынак быў яшчэ вузкім, і рамеснік не мог быць упэўнены, што яго прадукцыя заўсёды будзе рэалізавана. Заказ аплачваўся натурай, неабходнымі рамесніку прадуктамі, радзей грашыма.

§3. З канца ХІ ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступала арганізатарам крыжовых паходаў.

Адбылося так, што і беларускім княствам прыйшлося адбівацца ад крыжацкай агрэсіі (крыжакі – нямецкія рыцары, бязлітасныя і жорсткія заваёўнікі). У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі. Іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Першым у 1119 г. быў створаны Ордэн тампліераў, другім – Ордэн шпітальераў, янітаў. У канцы ХІІ ст. стварыўся трэці ордэн – Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію.

Захапіўшы вусце Заходняй Дзвіны, нямецкія феадалы заснавалі там крэпасць Рыгу (1201 г.), а затым у 1202 годзе стварылі духоўны рыцарскі Ордэн мечаносцаў і пачалі пераносіць ваенныя дзеянні ў Прыбалтыку і Русь для заваявання гэтых зямель. Пасля чаго сталі ўзводзіць іншыя гарады, насяляючы іх нямецкім жыхарствам.

Пачынаецца нашэсце Тэўтонскага ордэна, якое пагражае не толькі разбурэннем славянскіх і балцкіх гарадоў і вёсак, фізічным знішчэннем народаў, але і духоўным упадкам, анямечваннем этнічных груп, што насялялі Усходнюю Еўропу. Таму барацьба з тэўтонамі стала барацьбой за выжыванне славянства, і на пярэднім краі гэтай барацьбы стаялі беларускія землі, беларускі народ, які закрыў сабою іншыя ўсходне-славянскія землі ад крыжацкай навалы.

Палачане першымі ўступілі ў адкрытую барацьбу супраць агрэсіі нямецкіх рыцараў. У ніжнім цячэнні Дзвіны знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке, якімі кіравалі васалы полацкага князя. Рыцары наблізіліся да горада Кукенойса. Тут княжыў Вячка, які паходзіў з дынастыі полацкіх князёў. З невялікай дружынай ён доўга і мужна адбіваўся ад захопнікаў; у 1208 г. мусіў спаліць Кукенойскі замак. Ён усё жыццё змагаўся з крыжакамі і загінуў у жорсткім баі ў 1224 г. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі другі старажытны фарпост Полацкага княства – горад Герцыке.

Полацк умацоўваў палітычныя сувязі з наўгародскай зямлёй. Полацкія дружыны прымалі ўдзел у бітвах супраць шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240) і Чудскім возеры (1242). У бітве на Няве адвагай вызначыўся Якаў-палачанін, які служыў пры двары Аляксандра Неўскага. У жорсткай рукапашнай схватцы ён, узброены толькі мячом, напаў на цэлы “полк” шведаў і адзін вытрымаў бой супраць атрада рыцараў.

У гісторыі захавалася таксама імя гарадзенскага ваяводы Давыда, сына князя Доўманта. У 1314 г. Давыд Гарадзенскі са сваёй дружынай разбіў крыжакоў, што напалі на Наваградак, а ў 1319 г. узначаліў пераможны паход гарадзенцаў на Прусію. Пскавічы паслалі к Давыду за дапамогай, і той выратаваў горад ад крыжакоў. Наступны ўдар Ордэну Давыд нанёс у Мазовіі ў 1324 г., а праз два гады арганізаваў паход на Брандэнбург, у час якога быў па-здрадніцку (ударам нажа ў спіну) забіты наёмным польскім рыцарам. Воіны-гарадзенцы прынеслі цела свайго ваяводы дамоў на шчытах і пахавалі на беразе Нёмана каля старажытнай Каложы.

З усходу на рускія землі абрынуліся татара-мангольскія полчышчы. У 1223 г. на рацэ Калцы сышліся на першую бітву татара-манголы і аб’яднаныя сілы рускіх і полаўцаў. Але тут па прычыне сваёй раздробленасці і здрады полаўцаў Русь пацярпела паражэнне. Татара-манголы, не маючы сіл, не рызыкнулі ісці на Кіеў і пайшлі на Усход.

У 1236 г. яны разграмілі Балгарскую дзяржаву на Волзе, пачалі заваяванне Русі, захоп зямель Усходняй Еўропы. У 1240 г. захапілі Кіеў, напалі на Галіцка-валынскае княства, рушылі на Польшчу, Венгрыю, Чэхію, дасягнулі Адрыятыкі.

Жыхары беларускіх зямель у адрозненне ад іншых усходнеславянскіх зямель не зведалі ў цэлым пакут мангола-татарскага нашэсця і нашэсця іншых качавых народаў.

У летапісах адзначаецца разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г. і абкладанне данінай некаторых гарадоў Паўднёвай Беларусі. У некаторых крыніцах маюцца звесткі аб бітвах з татара-манголамі ў нізіне ракі Прыпяць, пад Мазыром, аб іх набегах на заходнярускія землі ў 1258, 1275, 1277, 1288, 1315, 1325, 1388 гадах. Але пытанне аб тым, наколькі гэтыя звесткі праўдзівыя, ці чаму татара-манголы абмінулі яе тэрыторыю, застаецца адкрытым.

Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі на змену першабытным грамадска-эканамічным адносінам паступова прыходзіць феадалізм. Феадалізм характарызуецца панаваннем дробнай натуральнай гаспадаркі, нізкай прадукцыйнасцю працы, прымацаваннем непасрэднага вытворцы да зямлі. У гістарычным разуменні перыяд феадальных адносін і тэхналогій займае даволі вялікі адрэзак. На тэрыторыі Беларусі – ад ІХ ст. да 1861 года.

Замацаванне крыжакоў у канцы ХІІ ст. каля вытокаў Заходняй Дзвіны, а затым і іх ваенная экспансія, стварылі небяспеку для Полацкай зямлі. Мужнасць палачан, іх палітычны і ваенны саюз з наўгародскім насельніцтвам і іншымі рэгіёнамі старажытнай Русі дазволілі прыпыніць нашэсце крыжакоў на Усход.

Пытанні і заданні: 1. У які час адбыўся пераход славянскіх плямён ад першабытнаабшчыннай эпохі да феадальнай? 2. Якія буйныя феадальныя княствы існавалі на тэрыторыі Беларусі ў ІХ - ХІІІ стст. 3. У сувязі з якімі падзеямі ўпершыню згадваюцца ў летапісах старэйшыя гарады нашай Бацькаўшчыны? Назавіце гады іх узнікнення. 4. Да якога часу сярод насельніцтва Беларусі панавала язычніцтва? Назавіце прычыны ўвядзення хрысціянства. 5. Чаму князь і феадалы падтрымлівалі хрысціянскую (праваслаўную) царкву? 6. Назавіце першых знакамітых асоб беларускай гісторыі і іх асноўныя заняткі, вядомыя помнікі старажытнарускага дойлідства на тэрыторыі Беларусі. 7. Як, калі і якім чынам адбыўся распад Кіеўскай Русі? 8. Адзначце асноўныя этапы перыяду феадалізму на беларускіх землях. 9. Назавіце крыніцы фарміравання буйнога феадальнага землеўладання, а таксама асноўныя групы залежнага ад феадалаў насельніцтва. 10. Чаму каталіцкая царква падтрымлівала агрэсію нямецкіх феадалаў? Ахарактарызуйце найбольш вядомыя ваенныя дзеянні беларускага народа ў барацьбе з іншаземнымі захопнікамі.

Глава 3. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (другая чвэрць ХІІІ – першая палова ХVІ ст.): ад сярэднявечча да новага часу

Тэма 1. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага

§1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага

§2. Унія Літоўска-Беларускай дзяржавы з Польшчаю (1386 г.). Барацьба з Тэўтонскім ордэнам

§3. Арганізацыя дзяржаўнага кіравання

§ 1. Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага ў сучаснай навуцы з’яўляецца дыскусійным пытаннем. Традыцыйна ў гістарычных працах і падручніках сцвярджалася, што ў часы аслаблення Русі і заваявання яе большай часткі мангола-татарамі, ва ўмовах барацьбы з крыжацкай агрэсіяй літоўскі князь Міндоўг змог аб’яднаць літоўскія землі, стварыць моцную дзяржаву і далучыць да яе шляхам заваёў ці дагавораў беларускія землі.

Процілеглую канцэпцыю абгрунтаваў даследчык старажытнай Беларусі М.І. Ермаловіч. На падставе летапісных крыніц М. Ермаловіч даказвае, што ніякай заваёвы Літвой беларускіх зямель не было. Не Літва заваявала Навагрудак, а, насупраць, Навагрудак падпарадкаваў сабе суседнюю Літву. У Навагрудку склалася ядро Вялікага княства Літоўскага, пасля чаго адсюль заваёўваюцца іншыя літоўскія, балцкія землі – Нальшчаны, Дзяволтва, падпарадкоўваюцца Полацк і іншыя мясцовасці.

Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае складваецца перш за ўсё як беларуская дзяржава, Літва па сутнасці – правінцыя Беларусі. У 1323 г. сталіца пераходзіць у Вільню. Аднак перамена сталіцы не азначае перамены характару дзяржавы. Вялікае княства Літоўскае было поліэтнічнай дзяржавай, але перш за ўсё – беларускай, дзе пануе беларуская мова, беларуская культура, беларуская юрыспрудэнцыя.

У дыскусіі па праблемах утварэння Вялікага княства Літоўскага апошняя кропка яшчэ не пастаўлена. Навукоўцы Беларусі, Літвы, іншых краін імкнуцца прыйсці да згоды ў гэтым пытанні. Так, удзельнікі круглага стала, які адбыўся ў Мінску ў 1992 г. па тэме “Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім”, адзначалі, што ў першай палове ХІІІ ст. у верхнім Панямонні ўзнікла Беларуска-Літоўская дзяржава з цэнтрам у Новагародку, якая стала ядром магутнай еўрапейскай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Да сярэдзіны ХV ст. дзяржава афіцыйна называлася Вялікім княствам Літоўскім і Рускім, а пазней – Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых зямель.

У Вялікім княстве назва “Літва” тады адносілася да тэрыторыі верхняга і сярэдняга Панямоння, а пад “Руссю” разумелася верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічна-літоўскія землі (Жмудзь) былі канчаткова далучаны да Вялікага княства ў першай палове ХV ст. У склад Вялікага княства Літоўскага з другой паловы ХІV ст. да канца 60-х гг. ХVІ ст. уваходзіла частка ўкраінскіх зямель (Валынь, Падолле, Кіеўшчына). Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага княства, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі пераемнікамі гэтай дзяржавы. Было вырашана вызначыць супольнае дзяржаўнае ўтварэнне як Беларуска-Літоўскую, або, што раўназначна, Літоўска-Беларускую дзяржаву, улічваючы пры гэтым важкі ўклад, які ўносіў і ўкраінскі народ у яе палітычнае і культурнае развіццё.

Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага быў Новагародак. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, у ХІІ – ХІІІ стст. Новагародская зямля дасягнула значнага эканамічнага і культурнага развіцця, а сам Новагародак стаў багатым горадам і моцнай крэпасцю. Землі вакол яго былі даволі ўрадлівымі і давалі добрыя ўраджаі. У самім горадзе вядучай галіной рамяства была апрацоўка каляровых і каштоўных металаў. Ювеліры станавіліся заможнымі гараджанамі. Развіваліся і іншыя рамёствы: ганчарнае, кастарэзнае, выплаўка і апрацоўка жалеза. Горад меў шырокія знешнія сувязі, вёў гандаль з Полацкам, паўднёварускімі гарадамі, Прыбалтыкай, Польшчай, Візантыяй, Блізкім Усходам.

На падставе высокага развіцця земляробства, рамёстваў і гандлю багацелі мясцовыя феадалы. Новагародская зямля мела даволі развітыя феадальныя адносіны, значную маёмасную дыферэнцыяцыю, перажывала эканамічны ўздым. Яе князі і феадалы былі зацікаўлены ў пашырэнні тэрыторыі княства. У гэтыя ж часы па шэрагу прычын страчвае сваё былое значэнне гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі” і слабеюць тыя моцныя гарады і княствы, якія на ім разбагацелі і ўмацаваліся. Дзяржаваўтваральная ініцыятыва на беларускіх землях стала пераходзіць ад Полацка да Новагародка. Паступова вакол апошняга пачынае фарміравацца новая дзяржава – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Ролю Новагародчыны ў гістарычным працэсе стварэння новай дзяржавы вызначала і тое, што ў перыяд нашэсця на ўсходніх славян манголаў і крыжакоў беларускае Панямонне было адносна бяспечнай тэрыторыяй. Дарэчы, тут ратаваліся ад заваёўнікаў і шматлікія бежанцы, што ўзмацняла прадукцыйныя сілы Новагародскай зямлі.

Першым вялікім князем літоўскім быў Міндоўг. Сам гэты факт пярэчыць тэорыі літоўскага заваявання беларускіх зямель. Да паловы ХІІІ ст. Літва і наогул балты яшчэ не былі палітычна аб’яднаныя, яны карысталіся племяннымі назвамі: прусы, яцвягі, голядзь, жмудзь, аўкштота і інш. Іх тэрыторыі былі слаба заселены, насельніцтва займалася ў асноўным паляваннем, жывёлагадоўляй, зрэдку прымітыўным земляробствам. Да ХІV ст. балты заставаліся язычнікамі. Беларусь, безумоўна, была на больш высокім узроўні эканамічнага і палітычнага развіцця: мела высокі ўзровень ворыўнага земляробства і рамяства, насельніцтва было хрысціянскім, мела пісьменнасць.

Усё гэта рабіла невыпадковым утварэнне сталіцы новай дзяржавы ў славянскім Новагародку. М.Ермаловіч лічыць, што Міндоўг быў запрошаны ў 1246 г. у Новагародак на княжанне ў якасці ваеннага наёмніка, каб заваяваць Літву і далучыць яе да Новагародскага княства (у свой час Рурык быў запрошаны ў Кіеў, Рагвалод – у Полацк (дарэчы, абодва скандынавы)). Невыпадкова, згадвае Ермаловіч, у летапісе кажацца: “Міндоўг зане Літву”, а не “Міндоўг зане Новагародак”. У Новагародку Міндоўг прыняў праваслаўе, што таксама можа быць сведчаннем намеру Міндоўга стаць князем праваслаўнай дзяржавы.

Характэрна, што Полацкая і Віцебская землі ў 60-я гг. ХІІІ ст. мірна далучаюцца да Вялікага княства Літоўскага, захоўваюць у яго межах значную аўтаномію. У той жа час літоўскія феадалы супраціўляюцца ўтварэнню Вялікага княства, Міндоўг і яго сын Войшалк вынішчаюць іх значную частку.

Літоўскія князі Лютавар, Віцень, Гедымін далучылі да дзяржавы Турава-Пінскае і Чарнігаўскае княствы. Менавіта пры Гедыміне (княжыў у 1316–1341 гг.) завяршылася аб’яднанне тэрыторыі Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Славяне ў гэтай дзяржаве складалі ¾ насельніцтва (а пазней і 90 %), на беларускай мове вялося дзяржаўнае справаводства, іх рэлігія – праваслаўе – стала афіцыйнай.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што пасля заняпаду Кіеўскай Русі на тэрыторыі ўсходняга славянства пачынае фарміравацца Беларуска-Літоўская дзяржава, якая адыграла рашаючую ролю ў фарміраванні беларусаў. У той час, як мангола-татарскае нашэсце замарудзіла працэс палітычнага аб’яднання ўсходнярускіх і паўднёварускіх (украінскіх) зямель, падарвала іх прадукцыйныя сілы, беларускія землі гэтага пазбеглі. Іх прадукцыйныя сілы ў выніку прытоку новага насельніцтва, якое ратавалася ад захопнікаў, яшчэ больш узраслі, аб’яднанне паскорылася пад пагрозай нашэсця татараў і крыжакоў. Такім чынам, фарміраванне тэрыторыі Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці пайшлі хутчэй, чым у іншых усходнеславянскіх землях. Культурныя цэнтры на Беларусі не былі разбураны, на іх развіццё аказалі ўплыў балцкая культура і культура Заходняй Еўропы, што спрыяла дасягненню ёю высокага ўзроўню.

Сын Гедыміна Вялікі князь Альгерд (княжыў у 1341–1377 гг.) значна пашырыў уладанні княства. У 1362 г. у бітве на Сініх Водах Альгерд перамог татар і вызваліў ад іх улады ўкраінскія землі, далучыўшы да Вялікага княства. Гэта бітва была больш выніковая, чым вядомая Кулікоўская ў 1380 г., пасля якой улада Арды працягвалася над усходне-славянскімі землямі яшчэ 100 гадоў. Да Вялікага княства Літоўскага былі далучаны Кіеўшчына, Валынь, Падолле.

Альгерд усё ж правёў тры паходы на Маскву і пашырыў свае ўладанні да Мажайска і Каломны. Дзяржава Альгерда на поўначы даходзіла да Балтыйскага мора, на поўдні – да Чорнага, на захадзе займала частку тэрыторыі сучаснай Польшчы, на ўсходзе даходзіла амаль да Масквы, межавала з Ардой. Балцкія (сучасныя літоўскія) тэрыторыі складалі ў гэтай дзяржаве толькі 1/12 частку, а насельніцтва – прыкладна 10 %.

На ўсходзе ў гэты час узвышацца Маскоўскае княства, пачынаецца працяглае саперніцтва паміж Руссю Літоўскай і Руссю Маскоўскай за лідэрства ў збіранні ўсходнеславянскіх зямель, якое праз чатыры стагоддзі барацьбы завяршылася іх далучэннем да Расійскай імперыі.

§2. Рост агрэсіўнасці Тэўтонскага Ордэна (крыжацкай дзяржавы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора) супраць Польшчы і Літвы, нарастанне пагрозы з боку Масквы прымусілі сына Альгерда Ягайлу заключыць Крэўскую унію з Польшчай. На з’ездзе ў Ваўкавыску ў 1386 г. былі ўхваляваны наступныя ўмовы злучэння Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы.

Кароль і вялікі князь у злучаных дзяржавах павінен быць адзін. Спачатку гэтай асобай з’яўляецца Ягайла, потым – просты патомак яго і Ядвігі. Надворныя зносіны ў справах, якія датычацца абедзвюх дзяржаў, а таксама абарона тэрыторыі, робяцца супольна. Хатняе кіраванне ў кожнай дзяржаве асобнае: асобныя войскі, асобны скарб і асобныя ўрады. Ягайла і яго 4 браты абавязаны былі прыняць каталіцтва і шырыць яго паміж літвінамі. Беларускаму насельніцтву пакінута была свабода належаць да ўсходнехрысціянскай веры. Так адбылася І унія.

Юрыдычна Літоўска-Беларускія землі паводле уніі 1386 г. на вечныя часы прылучыліся да Кароны Польскай. Прыпынялася незалежнае існаванне Вялікага княства Літоўскага, і яно рабілася адным з Польшчай палітычным дзяржаўным арганізмам. Але на самой справе жыццё Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля уніі мала чым змянілася. Самастойнасць Беларуска-Літоўскай дзяржавы фактычна засталася. Нягледзячы на ўмовы уніі, Літва і Беларусь маюць сваіх асобных гаспадароў. Напрыклад, з 1392 г. па 1430 г. вялікім князем літоўскім быў абраны Вітаўт. Ён кіраваў асобна ад Ягайлы, без яго згоды не мог быць абраны і польскі кароль. І ў далейшыя часы Літва і Беларусь маюць сваіх князёў. І хоць акты па забеспячэнні уніі пішуцца даволі часта, але, як бачна, яны не мелі моцы ў жыцці.

Саюз Польшчы і Літвы дазволіў нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму Ордэну.

Да гэтага на працягу многіх стагоддзяў германскія плямёны імкнуліся на Усход, выціскаючы з асвоеных месцаў заходніх балцкіх славян, у тым ліку палякаў і літвінаў. І гэта нараджае пратэст у апошніх. Некалькі разоў Полацкае княства і Літоўская дзяржава паасобку дамагаліся перамог над крыжакамі.

У часы праўлення Альгерда і Кейстута барацьба з крыжакамі ішла без перапынку. Да другой паловы ХІV ст. Тэўтонскі Ордэн дасягнуў найбольшай моцы і разам з Лівонскім уяўляў вельмі сур’ёзную пагрозу Вялікаму княству Літоўскаму. Яскравы прыклад: з 1340 г. па 1410 г. крыжаносцы зрабілі прыкладна 100 ваенных паходаў на Літву. У асобныя перыяды князі Вялікага княства Літоўскага выкарыстоўвалі сілу крыжакоў для дасягнення асабістых інтарэсаў. Так рабілі, напрыклад, той жа Кейстут і Ягайла, калі дамагаліся вялікакняжацкай пасады. Немцы замест вялікіх паходаў здзяйснялі дробныя, але затое частыя паходы на землі Вялікага княства Літоўскага. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны былі літвіны быць пад страхам, чакаць неспадзяванага ворага.

15 ліпеня 1410 г. на вузкім полі каля вёскі Грунвальд сышліся на бітву аб’яднаныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства з крыжацкім войскам. Гэтая бітва ўвайшла ў гісторыю як вялікая. Вялікая таму, што ніводная з бітваў сярэднявечча не збірала такой колькасці воінаў – некалькі дзесяткаў тысяч, і таму, што яна прадвызначыла далейшае развіццё многіх еўрапейскіх народаў і стала фіналам страшнага, больш чым двухсотгадовага супрацьстаяння дзвюх магутных сіл – славян і крыжацкіх заваёўнікаў. У бітве ўдзельнічалі беларускія, польскія, балцка-літоўскія, украінскія, рускія, чэшскія атрады і татарская конніца.

На Грунвальдскім полі войскі ВКЛ складаліся з 40 харугваў (харугва – баявы атрад, у якім налічвалася ад 60 да 600 коп’яў), сярод якіх значыліся Гарадзенская, Лідская, Полацкая, Віцебская, Наваградская, Берасцейская, Пінская, палкі Аршанскі, Слуцкі, Магілёўскі, воіны з Нясвіжа, Кобрына і іншых месцаў. Кожны беларускі горад, мястэчка выправілі на гэту бітву сваіх прадстаўнікоў.

Як бачна, у польска-вялікакняскім войску пераважалі славяне (палякі, беларусы, украінцы, чэхі ў саюзе з літоўцамі). Сілы бакоў былі прыкладна роўныя. Пачаўся бой атакай конніцы ВКЛ, якая панесла значныя страты, трапіўшы ў “воўчыя ямы”, накапаныя крыжакамі. Потым сышліся ў бітве левы фланг саюзнага войска, які займалі харугвы Вялікага княства, і жалезная рыцарская лавіна. “Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і дзіды накіроўваліся ў твары ворагаў... Стаяў страшны грукат, людзі біліся, коні давілі людзей”. Сеча з пераменным поспехам цягнулася шэсць гадзін. У магістра ордэна Ульрых фон Юнгінгена ў падмацаванні знаходзілася яшчэ 16 харугваў (прыкладна трэць крыжацкага войска), і калі ён адчуў, што сілы саюзнікаў канчаюцца, стаў на чале свайго войска і пайшоў на разгром праціўніка. Але пралічыўся, бо польскі кароль Ягайла і вялікі князь ВКЛ Вітаўт мелі некранутыя рэзервы. У гэтай апошняй, рашаючай сутычцы, войска ордэна было раздаўлена. Удар для тэўтонаў быў настолькі ашаламляльны, што землі ўсходніх славян пасля гэтага пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі. Перамога ў бітве ліквідавала небяспеку крыжацкай агрэсіі з боку Тэўтонскага Ордэна, павысіла аўтарытэт ВКЛ і Польшчы ў Заходняй Еўропе.

Пры Вітаўце Вялікім (княжыў у 1392–1430 гг.) Вялікае княства Літоўскае і Рускае дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці. У 1395 г. да яго было далучана ўсё Смаленскае княства, устаноўлены пратэктарат над Разанскай, Наўгародскай, Пскоўскай землямі, умацаваны і пашыраны паўднёвыя межы да Чорнага мора.

Дзяржава ўмацоўвалася шляхам не толькі яе пашырэння, але і ўнутранай перабудовы. У ХV − ХVІ стст. праводзілася палітыка адхілення ад улады мясцовых рад і ўвядзення ваяводстваў і намесніцтваў (Віленскае, Троцкае, Полацкае, Віцебскае, Смаленскае, Менскае, Новагародскае, Мсціслаўскае, Падольскае, Берасцейскае, Валынскае, Браслаўскае, Кіеўскае), што ўмацоўвала цэнтральную ўладу. Ваявод і намеснікаў прызначаў Вялікі князь (часам з мясцовых князёў), яму яны былі і падначалены. У Вялікім княстве паступова развіваліся класічныя еўрапейскія інстытуты дзяржаўнай улады, складалася своеасаблівая форма саслоўна-прадстаўнічай манархіі і шляхецкая дэмакратыя. Заканадаўства было акумулявана ў трох Статутах Вялікага княства (1529, 1566, 1588 гг.), якія абагульнілі тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе карысталіся рымскім правам, выкладзеным на незразумелай для многіх лацінскай мове, тэксты Статутаў былі выкладзены на беларускай, якая была дзяржаўнай у Вялікім княстве.

Перамога над крыжакамі спрыяла развіццю гандлёвых і культурных сувязей з Еўропай праз Балтыйскае мора, развіццю агульнаеўрапейскіх традыцый у эканоміцы, праве, культуры і г.д. (магдэбургскае права, цэхі, кнігадрукаванне, нормы канстытуцыйнага права). Разам з тым у Вялікім княстве былі створаны значныя культурныя каштоўнасці, якія ўзбагацілі духоўную агульнаеўрапейскую і сусветную спадчыну. Ва ўмовах духоўнага і палітычнага ўзаемадзеяння адбывалася станаўленне самабытных беларускай, літоўскай, украінскай і польскай культур.

Рэлігійныя адносіны ў Вялікім княстве былі даволі складаныя. Пачынаючы з прывілея Ягайлы 1387 г., асобыя правы (спадчыннае валоданне зямлёй, права займаць дзяржаўныя пасады і інш.) атрымалі феадалы-каталікі, што павінна было прымусіць праваслаўных пераходзіць у каталіцтва. Аднак у выніку барацьбы, нават узброенай, праваслаўныя феадалы атрымліваюць тыя ж эканамічныя правы, што і каталікі, хоць на практыцы іх усё ж абмяжоўвалі.

У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. рэзка абвастрыліся адносіны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, якая канчаткова вызваляецца ад татараў і таксама прэтэндуе на збіранне славянскіх зямель. У 1462 г. Вялікі князь Маскоўскі Іван ІІІ ажаніўся з дачкой апошняга візантыйскага імператара і назваў сябе царом, пераемнікам Візантыі, узяў яе герб – двухгаловага арла – і абвясціў, што праваслаўныя землі павінны перайсці пад маскоўскую ўладу.

У ваенных дзеяннях з Расіяй, якія то сціхалі, то аднаўляліся на працягу ХVІ ст., княства цярпела паражэнні, страчвала землі, яго гаспадарка разбуралася, а людзі знішчаліся. Усё гэта, і асабліва вынікі Лівонскай вайны (1558–1582 гг.), у якую было ўцягнута Вялікае княства, прымусіла яго пайсці на больш цесны саюз з Польшчай.

Як бачым, станаўленне беларускага этнасу адбывалася ў багатых гістарычнымі падзеямі ўмовах. Працэс складання дзяржаўнасці продкаў беларусаў як больш высокі ўзровень арганізацыі жыцця спрыяў далейшаму развіццю эканомікі, пэўным чынам стабілізаваў унутраныя супярэчнасці, памяншаў небяспеку знешніх нападаў. Гэтым і тлумачыцца высокі па тых часах узровень эканомікі і культуры на беларускіх землях у часы Вялікага княства Літоўскага. Геаграфічнае становішча беларускага народа ў цэнтры, “на скрыжаванні Еўропы”, спрыяла яго развіццю ў рэчышчы сусветнага эканамічнага, палітычнага і культурнага працэсу, зрабіла адным з найбольш развітых у Еўропе.

§3. У дзяржаўным кіраўніцтве склалася такая іерархія: на самым версе – Вялікі князь, літоўска-беларускі гаспадар. Ён выбіраўся шляхтай Літвы і Беларусі (нягледзячы на унію, Польшча не мае ўплыву на гэтыя выбары). Найгалоўнейшымі абавязкамі князя былі: абарона цэласці тэрыторыі дзяржавы, ён стаяў на чале ўзброеных сіл, ад яго імя выдаваліся заканадаўчыя акты і ўтвараўся суд, ён ведаў дыпламатычнымі зносінамі з суседзямі, абвяшчаў вайну і згоду, назначаў на пасады, раздаваў і кіраваў дзяржаўнымі маёнткамі, ён мог даць гарадам прывілею (магдэбургскае права).

На пачатку ўтварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы і да канца ХІV ст. пры князю была дума. Яна мела дарадчае значэнне. З канца ХІV ст. дума ператварылася ў раду – гаспадарчую раду паноў. Члены гаспадарчай рады назначаліся князем. З цягам часу ўстанавіўся пастаянны склад рады: у яе сталі ўваходзіць вышэйшыя цэнтральныя ўраднікі, ваяводы і старасты. У гэты ж час сярод паноў рады знаходзім ужо і праваслаўных. Паступова значэнне і моц рады расце. Яна выконвае не толькі дарадчыя функцыі, але і робіцца дзяржаўнай установай, якая ўжо юрыдычна абмяжоўвала ўладу князя.

З самага пачатку ХV ст. побач з радаю пачынае дзейнічаць Вальны (агульны) Сейм. У сярэдзіне ХVІ ст. Вальны Сейм становіцца вышэйшым заканадаўчым і кантралюючым органам у дзяржаве. Ён выбіраў Вялікага князя, прымаў законы, устанаўліваў падаткі, ведаў фінансамі, вырашаў пытанні вайны і міру. Спачатку Сейм складаўся з усіх паноў і шляхцічаў пагалоўна. Цяжкасць збору прывяла да прадстаўнічай формы: перад Вальным Сеймам збіраліся павятовыя сеймікі, якія выбіралі па 2 прадстаўнікі ад кожнага павета.

Была ў Вялікім княстве Літоўскім цэнтральная адміністацыя, на чале яе стаяла 3 ураднікі. Першы называўся канцлерам, ён трымаў дзяржаўную пячатку і загадваў цэнтральнай дзяржаўнай канцылярыяй. Другі называўся гетманам. Ён камандаваў войскам. Трэці – загадчык дзяржаўнага скарбу. Усе трое падпарадкоўваліся непасрэдна ўладзе князя.

Да сярэдзіны ХVІ ст. у асноўным склалася палітыка-адміністрацыйная сістэма Вялікага княства Літоўскага. Удзельныя княствы былі ліквідаваны. Рэформа 1564–1566 гг. замацавала падзел Вялікага княства Літоўскага на 13 ваяводстваў, 8 з якіх былі цалкам беларускія.

Дзяржаўны лад Вялікага княства Літоўскага можна вызначыць як манархічную рэспубліку, дзе ўладу манарха абмяжоўваў так званы парламент. Мясцовае кіраванне было разнастайным. Да канца ХІV ст. існавалі буйныя абласныя княжанні, ліквідаваныя пазней Вітаўтам. Аднак і тады ў асобных гарадах улада была ў руках Веча.

Большасць удзельных княстваў ператвораны ў намесніцтвы з павятовымі і валаснымі органамі кіравання. На чале ўлады ў ваяводствах стаяў ваявода – ён вырашаў усе пытанні кіраўніцтва сваёй тэрыторыяй. Яго намеснік – кашталян – камандаваў войскам. Быў тут і падваявода. Ён вёў справы ў ваяводскай канцылярыі. Гараднічы – адказваў за рамонт і ўмацаванне ваяводскага замка. Ключнік – наглядаў за зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. На чале павета стаяў стараста, у горадзе – войт, бурмістр і гарадская рада.

Вясковая адміністрацыя была прадстаўлена цівунамі, сотнікамі, прыставамі, старцамі. На ўсе значныя пасады прызначэнне рабіў Вялікі князь разам з панамі – радаю. Аднак у Полацкай і Віцебскай землях Вялікі князь, узведзены на ваяводства, павінен быў улічваць думкі і настроі мясцовай знаці, “даваць ваяводу па іх волі”.

Вышэйшай судовай інстанцыяй у дзяржаве з’яўляўся вялікакняжацкі суд, з 1531 – Галоўны трыбунал Вялікага княства Літоўскага. На месцах – ваяводскі суд – займаўся справамі дзяржаўных злачынцаў, якія належалі да шляхецкага саслоўя; вотчынны суд разглядаў справы сялян. У паветах утвораны земскі, градскі (замкавы), падкаморскі суды. Земскі разглядаў справы князёў, шляхты, баяр. Градскі (замкавы) – лічыўся ўсесаслоўным. Ён вырашаў гарадскія крымінальныя справы. Падкаморскі суд займаўся вырашэннем спрэчак землеўласнікаў.

Адзінага заканадаўства ў Вялікім княстве Літоўскім доўгі час не было. Першым сістэматызаваным зборнікам законаў феадальнага права з’явіўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., які меў у далейшым другую (1566) і трэцюю (1588) рэдакцыі.

Такім чынам, утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага пачынаецца з другой чвэрці ХІІІ ст. і працягваецца да трэцяй чвэрці ХІV ст. Аб’яднанне літоўскіх і заходнярускіх зямель тлумачыцца сукупнасцю ўнутраных і знешніх фактараў.

Аб’яднанне праходзіла рознымі шляхамі, у тым ліку і шляхам захопу, але ён не быў галоўным. Асноўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі знешнепалітычныя, геаграфічныя і часавыя фактары. Вялікае княства Літоўскае – поліэтнічная дзяржава, дзе славяне займалі дамінуючае становішча. Таму гэтую дзяржаву больш правільна называць Руска-Літоўскай.

У ХІV – ХVІ стст. рост агрэсіўнасці Тэўтонскага ордэна, умацаванне Рускай дзяржавы, іншыя міжнародныя і ўнутраныя абставіны вымусілі Вялікае княства Літоўскае пайсці на заключэнне Крэўскай уніі, да больш цеснага дзяржаўнага аб’яднання з Польшчай.

Ад пачатку стварэння і на працягу ХІV ст. Вялікае княства Літоўскае ўяўляла сабой кангламерат паасобных зямель і ўладанняў, якія былі аб’яднаны толькі тым, што падпарадкоўваліся вярхоўнай уладзе вялікага князя літоўскага. У далейшым тут складваецца сістэма палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацнення сувязяў паміж рознымі тэрыторыямі. Палітычны рэжым Вялікага княства Літоўскага паступова прымаў абрысы парламенцкай манархіі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]