Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

4. У рытме пяцігодак

За гады першай пяцігодкі (1928/29 – 1932/33 гг.) на развіццё прамысловасці горада было накіравана 38 млн руб. Галоўным аб’ектам, які быў уведзены ў строй у гэтыя гады, стала фабрыка штучнага шоўку (цяпер завод штучнага валакна імя В.Куйбышава). 1.5.1929 г. 200 дэлегатаў акруговага з’езда саветаў разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый заклалі першы камень у фундамент фабрыкі. Будаўніцтва ішло ўдарнымі тэмпамі. Навізна справы натхняла людзей. Былі і цяжкасці, звязаныя з недахопам цэглы, цэменту, вопытных спецыялістаў. Пафас камуністычнай працы і энтузіязму лунаў над будаўнічай пляцоўкай. Рабочыя адмаўляліся ад выхадных, працавалі па 10–12 гадзін у суткі. Дапамагалі будоўлі пасланцы Віцебска, Гомеля, іншых гарадоў і сёл рэспублікі. Начальнік будаўніцтва В.Вараб’ёў, галоўны інжынер Е.Магілёўцаў, рабочыя Вінаградаў, Зак, Богун, Сацін, Шавялёў, Ткачоў і іншыя працавалі творча, з выдумкай, вялі за сабою другіх. 7.11.1930 г. адбыўся ўрачысты пуск фабрыкі. Многія будаўнікі засталіся працаваць на фабрыцы, 700 з іх аб’ядналіся ў дзяржразліковыя брыгады. Да канца 1932 г. на фабрыцы працавала 1942 рабочыя, за год імі было выпушчана прадукцыі на 31,2 млн. руб.

За гады 1-й пяцігодкі колькасць прадпрыемстваў Магілёва павялічылася з 21 да 38. Сярод буйных прадпрыемстваў адзначаліся трубаліцейны завод імя А.Мяснікова, які асвоіў выпуск чыгунных водаправодных труб дыяметрам 100–300 мм, швейная фабрыка імя Валадарскага. На базе дробных гарбарных арцелей вырас гарбарны завод імя Сталіна. Расшырыліся магутнасці, павысілася механізацыя вытворчых працэсаў практычна на ўсіх прадпрыемствах горада.

Як адзначае даследчык А.Косцераў, за гады 1-й пяцігодкі Магілёў стаў адным з буйных прамысловых цэнтраў рэспублікі. Насельніцтва горада вырасла амаль удвая, у асноўным за кошт вяскоўцаў, што прыехалі ў горад на будаўніцтва прадпрыемстваў, а пасля засталіся працаваць на іх. Гэта патрабавала значнага будаўніцтва аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы. Але сродкі на гэтыя мэты адпускаліся мізэрныя. За пяць гадоў у горадзе было здадзена ў эксплуатацыю толькі 20 тыс. м2 жылля, пабудаваны дзіцячыя яслі на шаўковай фабрыцы, рэканструяваны будынак цэнтральнай амбулаторыі, зроблены капітальны рамонт бальніцы, крыху расшырана пральня.

Каб забяспечыць выкананне высокіх паказчыкаў вытворчасці, планаў партыі, прадпрыемствам патрэбна было ўсё больш і больш рабочых рук. У аснове ж працы заставаліся цяжкія фізічныя затраты. Невыкананне тых або іншых заданняў аб’яўлялася падкопамі правых апазіцыянераў і іншых “ворагаў народа”, якія быццам толькі і думалі, як нашкодзіць і сарваць планы партыі. Барацьба са шкодніцтвам, безумоўна, праводзілася пры “шырокай падтрымцы” насельніцтва. Гэтай барацьбой улады імкнуліся апраўдваць свае пралікі і недахопы, прыкрыць сваю нікчэмнасць.

Палітыку калектывізацыі вёскі магілёўцы падтрымалі таксама. Гараджане аб’яўлялі паходы “За ўраджай”, ствараліся ўдарныя брыгады для выезду ў падшэфныя вёскі на дапамогу ў рамонце тэхнікі, зборы попелу, вялі ідэалагічную работу. У ходзе ўборачнай кампаніі 1930 г. гараджане адпрацавалі ў калгасах акругі каля 700 тыс. чалавека-дзён, сфарміравалі і накіравалі ў вёскі 250 брыгад.

У 1934 г. ўсе прадпрыемствы горада былі ахоплены сацыялістычным спаборніцтвам. 15 лістапада кіраўніцтва горада рапартавала ўраду аб датэрміновым выкананні прамфінплана. Да канца года было выпушчана прадукцыі звыш задання на 7 млн руб. Галоўнай будоўляй 2-й пяцігодкі стаў аўтарамонтны завод. 9.7.1935 г. ён быў уведзены ў дзеянне на 4 месяцы раней устаноўленага тэрміну. Узначаліў завод былы камандзір Дняпроўскай ваеннай флатыліі А.Панамароў. У 1937 г. ўступіў у строй косцеперапрацоўчы (клеявы) завод, які пачаў выпускаць клей, касцявую муку і азотныя ўгнаенні. На кандытарскай фабрыцы, трубаліцейным і металаапрацоўчым заводах быў асвоены выпуск новых відаў прадукцыі, у т.л. электраматораў, ліставога жалеза. Павялічыўся асартымент тавараў народнага ўжытку на буйных прадпрыемствах. Гарбарны завод наладзіў выпуск тавараў каляровай галантарэі, швейная фабрыка імя Валадарскага асвоіла вытворчасць коўдраў, дзіцячага адзення, галаўных убораў, мэблевая – тумбачак, вешалак, аўтарамонтны завод – бытавых інструментаў, вучэбных дапаможнікаў, трубаліцейны – жаровень, бітонаў, вёдзер і інш.

У 1938 г. ў горадзе дзейнічалі 53 прадпрыемствы саюзнага, рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання, дзе працавала 14109 чалавек. Паколькі ў аснове развіцця прамысловасці ляжалі па-ранейшаму экстэнсіўныя метады, расла і колькасць занятых у прамысловасці: у параўнанні з 1928 г. яна вырасла ў 4 разы. У горадзе было ліквідавана яўнае беспрацоўе. Сталі расці фонды сацыяльнага страхавання, заработная плата. Але давалася ўсё гэта цяжкай і напружанай працай. Для павышэння яе прадукцыйнасці шырока выкарыстоўваліся ідэалагічныя метады і працоўны энтузіязм: сацыялістычнае спаборніцтва, ударніцтва, стаханаўскі рух і інш. Як адзначае А.Косцераў, ударніцтвам і стаханаўскім рухам былі ахоплены многія прадпрыемствы. У пачатку 1936 г. было 1590 стаханаўцаў, ці 21% ад усіх працуючых. Праз год гэта лічба складала ўжо 39,8%, а ў першы год 3-й пяцігодкі за права звацца стаханаўцамі змагалася 89,3% рабочых. Вядома, што было тут шмат паказухі, казёншчыны і фармалізму, аднак былі і прыклады працоўнай кемлівасці, рацыяналізатарства і нават гераізму. Прадзільшчык шаўковай фабрыкі Камароў перайшоў на абслугоўванне трох машын і выконваў нормы выпрацоўкі на 200–215%. Матальшчыцы фабрыкі Новікава, Шумская, Шувалава за змену намотвалі па 900 і больш бабін шоўку замест 700 па норме. Прыклады ўзорнай працы паказвалі наватары Майсей Сярэбраны і Аляксей Наважонаў. Многія рабочыя, якія асвоілі тэхніку і тэхналагічныя працэсы вытворчасці, былі назначаны кіраўнікамі на адказныя ўчасткі работы. На трубаліцейным заводзе, напрыклад, начальнікамі змен сталі стаханаўцы А.Батурын, Ц.Драздоў, Р.Германовіч, майстрамі змен А.Бачкоў, П.Вішнякоў, узначаліла брыгаду М.Чуйко. У паравозным дэпо сваёй працай вызначыўся машыніст А.Грушніцкі, ён узначаліў стаханаўскі рух, за высокія паказчыкі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. На аўтарамонтным заводзе працавала 7 ударных маладзёжных брыгад. Маладыя рабочыя Нязнанскі, Рыбакоў, Кубанаў, Фёдараў выконвалі нормы выпрацоўкі на 250–300%, інжынер Бутэнка ў асабісты час падрыхтаваў каля 100 шафёраў-аматараў.

Вялікія планы па развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы намячаліся на 3-ю пяцігодку. Па ініцыятыве прафсаюзаў былі перагледжаны ўстарэлыя нормы выпрацоўкі, зменены расцэнкі, прыняты меры па павышэнні тэхнічных ведаў рабочых і служачых. Практычна на ўсіх фабрыках і заводах працавалі вытворча-тэхнічныя гурткі, цэхавыя школы па навучанні і здачы тэхмінімуму, былі створаны ўмовы для завочнага навучання ў тэхнікумах і інстытутах. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам значна ўзрасла прадукцыйнасць працы.

У тыя гады ўсе мерапрыемствы праводзіліся з вялікім уздымам і ідэалагічным пафасам. Часьцяком яны былі звычайнай “паказухай”. На сходах працоўныя абмяркоўвалі праект новай Канстытуцыі СССР, уносілі свае заўвагі і прапановы, якія ў пранцыпе нічога не значылі. 39 магілёўцаў былі ўдастоены ўрадавых узнагарод у сувязі з 20-годдзем утварэння БССР.

За перыяд з 1926 г. да 1941 г. падвоілася насельніцтва горада, яно складала больш за 100 тыс. чалавек. Гэта патрабавала значных укладанняў у інфраструктуру горада. За 12 км ад цэнтра па Віцебскай шашы вырас рабочы пасёлак аўтарамонтнага завода. Побач з жылымі дамамі размясціліся магазіны, школы, дзіцячыя сады і яслі, палац культуры. Вуліцы і плошчы горада зведалі перапланіроўку, узводзіліся масты і пераходы праз яры і рэкі, ствараліся новыя архітэктурныя ансамблі, прычым у пэўных выпадках адначасова знішчаліся помнікі архітэктуры мінулага (будынкі калегіума езуітаў, Іосіфаўскі сабор і Пакроўская царква). Такім чынам, многія з гэтых мерапрыемстваў праводзіліся бяздумна і безадказна.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]