Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lektsyya_ARFAEPIYa.docx
Скачиваний:
15
Добавлен:
21.11.2019
Размер:
39.75 Кб
Скачать

2. Фарміраванне беларускага літаратурнага вымаўлення

У канцы 19 ст. пачала фарміравацца беларуская літаратурная мова. Але на той час яна не мела дасканалага правапісу, не былі распрацаваны і ўзаконены і арфаэпічныя нормы, якія складваюцца пазней за арфаграфічныя. Сучасная беларуская літаратурная мова развівалася на базе народных гаворак, г.зн. што ў людзей, якія карысталіся беларускай мовай, ужо назіраліся агульныя рысы, абумоўленыя артыкуляцыйнай базай: цвѐрдае вымаўленне шыпячых [ж], [ш], [ž], [ч], а таксама [р] (жыццѐ, шыр, джала, час, мора), наяўнасць фрыкатыўнага [h] (галава, горад), [ў] (лаўка, траўка), аканне (мора – марскі, крэпасць – крапасны), дзеканне і цеканне (дзень, цьма), мяккасць зубных перад наступнымі мяккімі зычнымі ([с']мех, пе[с']ня), падоўжанае вымаўленне зычных (калоссе, далонню, граззю, паданне, вяселле) і інш.

20-ыя гады 20 ст. спрыялі развіццю беларускай літаратурнай мовы, пашырылася сфера яе выкарыстання, у тым ліку і культурна-асветная. У 1920 г. у Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр, а ў 1926 г. у Віцебску – другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Павялічылася колькасць сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў (амаль 90% навучальных устаноў працавалі на беларускай мове). Гэты час характарызаваўся працай беларускіх выдавецтваў у Вільні, Санкт-Пецярбургу, Мінску; з’явіліся беларускамоўныя газеты “Наша доля”, “Наша ніва”. На беларускай мове пісаліся мастацкія тэксты, публіцыстычныя творы, выдаваліся навуковыя тэрміналагічныя зборнікі. Усѐ гэта садзейнічала стабілізацыі норм беларускай мовы, у тым ліку і арфаэпічных. У 20-ыя гады працягваюць карыстацца першай беларускай граматыкай Б.Тарашкевіча, якая была надрукавана ў 1918 г.

У канцы 20 – пачатку 30-х гадоў 20 ст. пачаліся масавыя рэпрэсіі, у выніку якіх многія навукоўцы былі рэпрэсіраваны і знішчаны. У грамадска-палітычным, культурным жыцці пачалі панаваць новыя тэндэнцыі.

У 1933 г. быў падрыхтаваны праект правапісу, якім афіцыйна карысталіся да сярэдзіны 50-х гадоў. У 1957 г. быў зацверджаны новы праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу. Нормы вымаўлення змяняліся разам з развіццѐм мовы. Так, да 1933 г. на іншамоўныя словы не пашыралася аканне, дзеканне, цеканне: профэсор, монолѐг, прафэсыя, да 1957 г. у інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах не перадавалася аканне: совет, комсамол, піонер. Упарадкаванне арфаграфічных правіл спрыяла станаўленню норм вымаўлення (большасць арфаграфічных правіл заснавана на фанетычным прынцыпе).

Такім чынам, беларускае літаратурнае вымаўленне набыло кадыфікаваны характар к канцу 30-х гадоў 20 ст. Арфаэпічныя нормы працягваюць развівацца і ўдасканальвацца разам са зменамі ў беларускім правапісе, грамадстве, а таксама ўплывам дыялектных асаблівасцей.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны паступова пачалі вывучацца нормы вуснага беларускага маўлення. Але да 1960-х гадоў у беларускім мовазнаўстве аб’ектам даследавання ў першую чаргу з’яўлялася пісьмовая форма мовы. У 1970-ыя гады былі сфармуляваны агульныя, найбольш тыповыя правілы выразнага чытання, а таксама акрэслівалася тэхніка вуснага маўлення. Гэтай праблематыцы прысвечаны кнігі А.Каляды “Выразнае чытанне” (Мн., 1970) і “Выразнае чытанне сатырычных вершаў, баек і драматычных твораў” (Мн., 1973), Ф.М. Янкоўскага “Беларускае літаратурнае вымаўленне” (Мн., 1976), у пазнейшыя часы аналагічныя тэмы закраналі А.Каляда і А.Шагідзевіч у працы “Сцэнічная мова” (Мн., 1993), А.Я. Міхневіч у артыкуле “З назіранняў над сучасным тэатральным вымаўленнем”, змешчаным у кнізе “Беларуская і руская мова ў Беларусі: Праблемы функцыянавання і ўзаемадзеяння” (Мн., 1997) і інш. Галоўная задача названых прац – разгляд таго, як можна ўвасобіць літаратурныя творы ў мастацка-арганізаваным вусным маўленні, перадаць эмацыянальна насычаную думку літаратурнага тэксту сродкамі вуснай мовы.

Адной з крыніц папаўнення звестак аб беларускай арфаэпіі з’яўляюцца працы А.І. Падлужнага, Л.Ц. Выгоннай, В.М. Чэкмана, М.В. Бірылы і іншых беларускіх даследчыкаў. Вуснае беларускае літаратурнае маўленне падрабязна даследуецца ў працах Л.Ц. Выгоннай “Інтанацыя. Націск. Арфаэпія” (Мн., 1991); М.В. Бірылы “Да пытання аб фарміраванні і важнейшых нормах беларускага літаратурнага вымаўлення”, змешчаная ў часопісе “Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук”. 1958. № 3; “Фанетыцы беларускай літаратурнай мовы” / Пад рэд. А.І. Падлужнага (Мн., 1989); “Фанетыцы слова ў беларускай мове” / Пад рэд. А.І. Падлужнага (Мн., 1983) і інш. У “Слоўніку беларускай мовы (цяжкасці правапісу, вымаўлення, акцэнтуацыі, словазмянення)” змешчаны словы, пры выкарыстанні якіх узнікаюць цяжкасці ў напісанні, вымаўленні, пастаноўцы націску (аўтары Л.А. Ламека і Ул.Б. Ламека, Мн., 2000). Цяжкасці ў вымаўленні слоў фіксуюцца ў “Кароткім слоўніку беларускай мовы” Г.У. Арашонкавай, В.П.Лемцюговай (Мн., 1994), у “Слоўніку цяжкасцяў беларускай мовы” Б.А.Плотнікава і В.П. Трайкоўскай (Мн., 2004).

Паколькі роля вуснага слова ўзрастае, вуснае маўленне з’яўляецца сродкам уздзеяння на пачуцці і свядомасць людзей, то з упэўненасцю можна сказаць, што авалоданне арфаэпічнымі нормамі разглядаецца як асноўны кампанент павышэння агульнай культуры чалавека.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]