Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыялы па бел м для завочнікаўДокумент Micro...doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
17.09.2019
Размер:
259.58 Кб
Скачать

4. Беларуская мова часоў Вялікага княства Літоўскага

Вялікае княства Літоўскае сфарміравалася ў ХІІІ ст. як канфедэратыўная дзяржава, у склад якой увайшлі плямёны ўсходніх славян, літоўцаў, палякаў; акрамя таго, там пражывала шмат татараў і яўрэяў. Таму ў гэтай дзяржаве існавала некалькі моў і некалькі канфесій (усходнеславянскія славяне працягвалі карыстацца сваімі дыялектамі, у рэлігійнай сферы ў залежнасці ад тыпу веравызнання католікі ўжывалі латынь, праваслаўныя – царкоўнаславянскую мову, татары вызнавалі мусульманства, яўрэі – іудаізм).

За часы існавання Вялікага княства Літоўскага склалася беларуская народнасць на аснове кансалідацыі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Элементы іх жывой мовы сталі інтэнсіўна пранікаць у пісьмовыя тэксты, і з такога сінтэзу ўжо ў XIV ст. сфарміравалася беларуская літаратурная мова (яе называюць яшчэ старабеларускай). На гэтай мове напісаны ўсе важныя пісьмовыя дакументы перыяду існавання ВКЛ і Рэчы Паспалітай, яна выконвала функцыю дзяржаўнай мовы, г.зн. была ўзведзена на міжнародны ўзровень. Вялікая літаратура, створаная на гэтай мове, з’яўляецца нацыянальным скарбам беларускага народа і важнейшым ідэнтыфікатарам нашай нацыі. На жаль, у выніку гістарычных падзей, катаклізмаў і войн на Беларусі амаль не захавалася арыгіналаў помнікаў пісьменнасці таго часу. Гэтыя арыгінальныя творы захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Кракаве, Познані, Кіеве, Львове, Парыжы, Вільнюсе і інш. гарадах свету.

Па даўняй традыцыі, якая ўжо дзесяцігоддзямі ўсталявалася ў беларускай філалогіі, усе помнікі старабеларускай пісьменнасці падзяляюцца па трох жанравых разнавіднасцях на: дзелавыя помнікі (граматы, акты, судовыя статуты); помнікі свецка-мастацкага характару (беларускія летапісы, мемуарная літаратура, палітычная сатыра, перакладныя рыцарскія раманы і аповесці, хронікі, хранографы, лінгвістычная літаратура); помнікі рэлігійнага зместу (Біблія, творы рэлігійна-павучальнага і палемічнага характару, жыціі і інш.). (Інфармацыю пра найбольш значныя помнікі і аўтараў неабходна выбраць з адпаведнага параграфа 1-ай часткі дапаможніка)

У выніку Люблінскай уніі (1569г.) утварылася Рэч Паспалітая, у якой палітычная ўлада належала кароне Польскай. Пачынаецца апалячванне і акаталічванне беларусаў. Старабеларуская пісьмова-літаратурная мова паступова выцясняецца з грамадскага ўжытку. У 1696г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб пераводзе справаводства на польскую мову і фактычна забараніў беларускую. Старабеларуская пісьмовая мова прыходзіць у поўны заняпад. Захоўваецца толькі вусная народна-дыялектная гаворка, на якой ствараецца багаты фальклор.

5. Новая беларуская літаратурная мова

У канцы XVIII ст. беларускі народ апынуўся ў новых палітычных, культурны і эканамічных умовах. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай гэтая дзяржава была раздзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Этнічна беларускія землі амаль цалкам увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Са знікненнем дзяржавы перастала існаваць патрэба ў існаванні дзяржаўнай мовы, таму старабеларуская літаратурная мова скончыла свой шлях развіцця і на яе месца прыйшла новая беларускай літаратурная мова, мова вядомых і знакамітых прадстаўнікоў беларускай літаратуры, культуры, публіцыстыкі ХІХ—ХХ стст.

Беларуская нацыянальная мова пачала стварацца ў вельмі неспрыяльных умовах. Пасля паўстанняў 1833 і 1863 гг. царскі ўрад вырашыў зрабіць усё, каб словы беларускі, беларус, Беларусь назаўсёды выкрэсліліся з нацыянальнай свядомасці нашых продкаў. У 1840 г. Мікалай І уводзіць на тэрыторыі Беларусі рускую мову ў якасці мовы справаводства, навучання, рэлігійнага набажэнства. У тым жа годзе афіцыйным царскім указам забаронена ўвогуле ўжываць назву Беларусь. Пачалася актыўная русіфікацыя беларускіх земляў. І рускія, і польскія лінгвісты разглядалі беларускую мову як дыялект або польскай, або рускай моў. У такіх умовах узніклі ананімныя вершаваныя беларускія творы, якія існавалі ў рукапіснай і вуснай формах і набылі шырокую папулярнасць сярод беларусаў. Аўтарства ананімных сатырычных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» прыпісваецца зараз адпаведна В.Равінскаму і К.Вераніцыну. У першай палове ХІХ ст. на беларускай мове пісалі свае творы Я.Баршчэўскі, Я.Чачот (гл. Дадатак), В.Дунін-Марцінкевіч, У.Сыракомля.

Цікава, што ў асноўным гэтыя аўтары для перадачы сваіх твораў на пісьме карысталіся лацінскім алфавітам, і добра адлюстравалі фанетычныя рысы беларускіх гаворак: цеканне, дзеканне, аканне, яканне, таму нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы пачалі складвацца ўжо тады на старонках першых літаратурных твораў новай пары. У першай палове ХІХ ст. былі напісаны граматыкі беларускай мовы П.Шпілеўскім і К.Нядзведскім, але па палітычных матывах афіцыйныя ўлады не дазволілі іх надрукаваць.

Традыцыі творчай інтэлігенцыі пачатку ХІХ ст. падхапіў славуты беларускі філосаф, паэт, публіцыст Ф.Багушэвіч, якога лічаць прамоўцам і прапагандыстам беларускай мовы і беларускай нацыі. Яго прадмовы да зборнікаў вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) змяшчаюць гарачыя заклікі ў абарону беларускай мовы, культуры і самабытнасці беларусаў.

Новая беларуская літаратурная мова працягвала ўдасканальвацца пад пяром такіх славутых мастакоў слова, як А.Гурыновіч, Я.Лучына, А.Ельскі, Ш.Ядвігін, і інш. Гэтыя літаратары пачалі ўводзіць ва ўжытак кірылічны шрыфт. Найбольшага росквіту дасягнула беларуская літаратурная мова ў пачатку ХХ ст., звязана гэта ў першую чаргу з дзейнасцю першай беларускай газеты «Наша Ніва» (гл. Дадатак), а перыяд гэты, такі важны для гісторыі беларускай мовы, літаратуры, культуры, так і называецца – «нашаніўскі» перыяд.

Пасля рэвалюцыі 1905 г. царскім законам «Аб свабодзе друку» (1906 г.) быў дадзены дазвол на друкаванне газет на некаторых нацыянальных мовах, якія гучалі ў шматэтнічнай краіне пад назвай Расійская імперыя. На Беларусі адразу пачало выдавацца некалькі газет – «Наша доля», «Наша Ніва», «Bielarus». Менавіта на старонках гэтых выданняў пачала фіксавацца жывая беларуская мова і выпрацоўвацца прынцыпы літаратурнай мовы.

Газета «Наша Ніва» выдавалася ў Вільні ад 10 лістапада 1906 да 7 жніўня 1915 года дзвюма графічнымі сістэмамі – лацініцай і кірыліцай. Газета адразу стала надзвычай папулярнай. Яе выпісвалі цэлымі вёскамі (адзін экзэмпляр на ўсіх жыхароў). Фінансавую падтрымку газеты ажыццяўлялі браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Магдалена Радзівіл, Зыгмунт Нагродскі і інш. Для беларусаў гэта выданне служыла асноўнай культурна-асветніцкай крыніцай, сімвалам нацыі.

Ад самага пачатку аўтары і выдаўцы імкнуліся абудзіць свядомасць беларусаў, вярнуць ім духоўныя, гуманістычныя ідэалы, узняць прэстыж роднай мовы. Менавіта на старонках гэтай газеты беларуская мова ўзнялася да ўзроўню літаратурнай, выпрацаваліся асноўныя прынцыпы перадачы на пісьме яе фанетыка-марфалагічных і лексічных асаблівасцей.

У 20-я гг. ХХ ст. беларуская мова і культура перажывалі небывалы ўздым. Маладой дзяржаве тэрмінова стала патрэбнай выпрацаваная адзіная літаратурная мова тытульнай нацыі – беларускага народа. Распрацоўка норм беларускай мовы належыць такім буйным навукоўцам і культурным дзеячам, як Б.Тарашкевіч (гл. Дадатак), Я.Лёсік (гл. Дадатак), С.Некрашэвіч (гл. Дадатак), А.Багдановіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч. Беларускі правапіс таго часу быў пабудаваны згодна з «Граматыкай беларускае мовы» Браніслава Тарашкевіча (1892—1941). Ён спалучыў у сваёй працы фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання ўласнабеларускіх слоў. Фанетычны прынцып напісання заключаўся ў адлюстраванні на пісьме акання, дзекання, цекання, асімілятыўнай мяккасці свісцячых зычных (сьнег, зьвер, насеньне). Згодна марфалагічнаму прынцыпу пісаліся аглушальныя звонкія зычныя на канцы слоў (сад, рог). Найбольшую цяжкасць выклікала перадача запазычанняў, слоў, якія прыйшлі ў беларускую мову з розных замежных моў. Б.Тарашкевіч прапанаваў пісаць добра засвоеныя запазычанні як і звычайныя беларускія словы (літара, аратар), а не адаптаваную іншамоўную лексіку трэба было пісаць у адпаведнасці з правіламі той мовы, з якой яны прыйшлі (Лёндон, монолёг, Голяндыя, лёжа). Згодна гэтай граматыцы былі напісаны ўсе падручнікі для школ, складаліся шматлікія слоўнікі. У 20-я гг. выходзіла шмат перыядычных выданняў, якія таксама карысталіся дадзенымі правіламі.

Нацыянальна-культурнае адраджэнне паставіла важныя задачы навуковага вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, распрацоўку праблем лексікі, тэрміналогіі, гісторыі беларускай мовы, складанне і выданне падручнікаў, вучэбных праграм. Таму ўзнікла патрэба ў адкрыцці адпаведнай навуковай установы. 30 студзеня 1922 г.быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які потым пераўтварыўся ў Беларускую Акадэмію Навук. Сярод першых правадзейных членаў гэтай установы былі Я.Колас, Я.Купала, Я.Лёсік. С.Некрашэвіч, Я.Карскі (гл. Дадатак), М.Грамыка, М.Азбукін, М.Піятуховіч, М.Доўнар-Запольскі, Б.Эпімах-Шыпіла і інш.

20-я гг. ХХ ст. – час, калі ў беларускую літаратуру прыйшло шмат знакамітых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў. У іх былі розныя здольнасці, густы і творчыя схільнасці, розныя палітычныя погляды. Частка з іх прадстаўляла новую літаратурную плынь «бурапены». Для яе былі характэрны рэвалюцыйны рамантызм, сацыялістычная скіраванасць. Вясной 1923 г. стаў выходзіць літратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс «Маладняк», а ўжо ў лістападзе творчыя сілы аб’ядналіся вакол гэтага выдання ў аднайменную літаратурную суполку і сталі называць сябе «маладнякоўцамі» (А.Александровіч, А.Бабарэка, А.Вольны, А.Дудар, Я.Пушча, М.Чарот і інш.). У Маскве быў створаны філіял гэтага аб’яднання, які ўзначальваў У.Дубоўка. У 1926 г. утвараецца новая арганізацыя – «Узвышша» (К.Чорны, К.Крапіва, З.Бядуля і інш.), у 1927 – «Пробліск» і «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна».

Усталяванне сталінскага таталітарнага рэжыму ў 30-я гг. негатыўна адбілася на станаўленні і развіцці беларускай культуры, літаратуры і мовы. У 1933 г. была зроблена рэформа беларускага правапісу, згодна якой быў спрошчаны фанетычны прынцып перадачы асаблівасцей беларускага вымаўлення, сістэма скланення назоўнікаў стала вельмі набліжанай да рускай мовы (зніклі формы тыпу у палёх, у садох) і г.д. Але самы моцны ўдар быў нанесены беларускай інтэлігенцыі і маладым творчым сілам. На Беларусі пачалася кампанія супраць «нацыянал-дэмакратаў» («нацдэмаў»), такі ярлык замацавалі амаль за ўсімі маладымі літаратарамі, вядомымі навукоўцамі, дзеячамі культуры. Многіх саслалі ў паўночныя і ўсходнія раёны Рассіі (У.Дубоўку, А.Пальчэўскага), многія былі арыштаваны (Я.Лёсік, М.Хведаровіч), многіх расстралялі. За адзін дзень, напрыклад, у Мінску было расстраляна сем літаратараў: А.Дудар, М.Зарэцкі, П.Галавач, А.Вольны, В.Каваль, В.Сташэўскі, В.Маракоў, І.Харык. Збіраліся матэрыялы для арышту Я.Коласа і Я.Купалы. У 1938 г. выходзіць пастанава СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Партыйны апарат, справаводства, адукацыя, навука і часткова культурная сфера грамадства пачынаюць карыстацца рускай мовай.

У складаных умовах беларуская мова і беларуская культура працягвалі развівацца і ў пасляваенныя гады. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, наша літаратура папоўнілася такімі імёнамі, як У.Караткевіч, І.Мележ, І.Шамякін, Я.Брыль, Н.Гілевіч, В.Быкаў, У.Арлоў і інш. У часы хрушчоўскай адлігі былі вернуты забытыя імёны рэпрэсаваных літаратараў (У.Дубоўкі, Я.Пушчы, С.Грахоўскага, А.Звонака, М.Хведаровіча). На высокую ступень узнялася беларуская драматургія (У.Галубок, К.Крапіва, А.Маўзон, А.Макаёнак, А.Петрашкевіч, А.Дудараў і інш.).

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. сітуацыя ў краіне кардынальна змянілася, што не магло не адбіцца на статусе беларускай мовы і беларускай культуры. У выніку распаду былога СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай (1990 г., Закон аб мовах) і пачала шырока выкарыстоўвацца ў афіцыйнай, прававой, адукацыйнай, навуковай сферах жыцця грамадства. Актыўна вывучаліся не толькі хрэстаматыйныя беларускія аўтары, з нябыту падняліся раней забароненыя імёны. Пэўная зацікаўленая частка грамадства вырашыла карыстацца не правапісам, які быў рэфармаваны ў 1933 і 1957 гг., а варыянтам беларускай літаратурнай мовы 20-х гг., г.зн. «тарашкевіцай».

У 1995 г. адбыўся рэферэндум, паводле якога ў краіне законна аб’яўлена беларуска-рускае двухмоўе. Беларуская мова зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі. На сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная, наша мова ўключана ЮНЭСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якія імкнуцца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.

Беларускае слова можна пачуць і за мяжой. У такіх краінах, як ЗША, Канада і інш., створаны беларускія дыяспары з нашчадкаў эмігрантаў, якія таксама цікавяцца сваімі каранямі, імкнуцца вывучыць бацькоўскую мову, каб адчуць сябе членамі вялікай сям’і беларусаў. За мяжой стваралі і ствараюць свае творы Н.Арсеннева, А.Барскі, М.Сяднёў, А.Салавей, М.Гайдук і інш.

Для напісання канспекту тэксту “Новая беларуская літаратурная мова” выкарыстайце наступныя пытанні як план

1). У якіх умовах пачала складвацца новая (нацыянальная) беларуская літаратурная мова? 2).З творчасцю якіх пісьменнікаў звязана фарміраванне беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ ст.? 3) Якую ролю ў гісторыі новай беларускай літаратурнай мовы адыграла газета “Наша ніва”? 4). Як працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХст. адбіўся на стане беларускай мовы? 5). Як складваўся лёс беларускай літаратурнай мовы ў 30-ягг. ХХст.? У 50-80-я гг.? 6. Як паўплываў на стан беларускай мовы “Закон аб мовах” 1990г.? 7). Якія наступствы для лёсу беларускай мовы мае майскі рэферэндум 1995г.?