Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Выяўленчае мастацтва

Глыбокія якасныя змены адбыліся ў другой палове XVII – першай палове XVIII ст. у беларускім выяўленчым мастацтве. Манументальны жывапіс і скульптура ў гэты час былі яшчэ пераважна падпарадкаваны царкве. Для афармлення каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных храмаў прыцягваліся лепшыя айчынныя і зарубежныя майстры. У XVII ст. у Беларусі працавалі мастакі: Войтак Ганскі, Ян Латэцкі, Фердынанд, Іаган Шрэтар, Сцяпан Гарнастайскі, Андрэй з Вільні, манахі Рыгор, Арцемій і Федзька з Віцебска і яго акругі, Гілярый Хаецкі, Вікенцій, Самуіл Врановіч, Казімір з Гарадзеншчыны і інш.

У сярэдзіне XVII ст. вялікая колькасць беларускіх рамеснікаў, друкароў, мастакоў, разьбяроў былі пераселены ў Маскву. Іх дзейнасць і творчасць пакінула прыкметны след у культурным жыцці і мастацтве Рускай дзяржавы. У канцы XVII ст. тут працавалі мастакі – выхадцы з Беларусі: Станіслаў Лапуцкі, Іван Міроўскі, Кіпрыян Умбраноўскі, Васіль Пазнанскі і інш.

У сярэдзіне XVII ст. на тэрыторыі Беларусі ўзмацняецца тэрытарыяльная дыферэнцыяцыя мастацтва, выразна вылучаюцца мясцовыя жывапісныя школы: магілёўская, віцебская, гарадзенская, палеская.

Найбольш цікавымі помнікамі манументальнага жывапісу таго перыяду з'яўляюцца роспісы драўлянай Троіцкай царквы Маркава манастыра ў Віцебску (іх бачыў і высока ацаніў вялікі рускі мастак Рэпін), Мікалаеўскай царквы ў Магілёве, касцёла св. Пятра і Паўла ў в. Ражанка (цяпер Шчучынскі раён на Гарадзеншчыне), фрэскі кармеліцкага манастыра ў Мсціславе, езуіцкіх касцёлаў у Гародні, Менску, Нясвіжы, кармеліцкага касцёла ў Магілёве, касцёла св. Андрэя ў Слоніме. У XVIII ст. адбылося канчатковае афармленне стылю беларускага іканапісу. Ён характарызаваўся ўзмацненнем народных уплываў і рэалістычнымі тэндэнцыямі. Назіраецца імкненне некаторых мастакоў да разрыву з царкоўным канонам, які рэгламентаваў іканапіс.

Значную, але супярэчлівую ролю ў распрацоўцы беларускага стылю іканапісу адыгрывала уніяцкая царква. Уніяцкае мастацтва аказвала відавочны ўплыў як на свецкае, так і на сакральнае мастацтва іншых канфесій. Разам з тым цесны кантакт з каталіцкім мастацтвам узбагаціў беларускі іканапіс у тэматычных адносінах.

Для уніяцкіх іканапісцаў характэрна цікавасць да паказу рэальнага чалавека. Твары на абразах – жывыя, індывідуалізаваныя, чалавечыя постаці – больш дынамічныя і натуральныя, чым на праваслаўных і каталіцкіх іконах. Персанажы часцей за ўсё браліся з рэчаіснасці – яны нярэдка нагадваюць беларускіх сялян і гараджан. У трактоўку рэлігійных сюжэтаў часам уносіліся жанравыя матывы: некаторыя малюнкі, прысвечаныя біблейскім падзеям, нагадваюць сцэнкі з народнага жыцця.

Да першых твораў беларускага іканапісу адносяцца творы (група абразоў) з Бяздзежскай царквы, "Распяцце" са Століна, "Сашэсце ў пекла" з Дзісны, "Матка Божая абарона" з Астравецкага раёна, "Сашэсце святога духа" з Зелава, "Цуд Юрыя аб змеі" з Чарнаўчыц, "Замілаванне" са Здзітава і інш.

Далейшае развіццё атрымаў жанр партрэта. Ён па-ранейшаму займаў вядучае месца ў свецкім жывапісе. Хутка раслі радавыя галерэі, якія з'яўляліся своеасаблівымі зборамі партрэтнага мастацтва. У XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі было зафіксавана шмат такіх збораў.

На працягу XVII – XVIII ст. у беларускім партрэтным мастацтве склалася некалькі тыпаў партрэта, якія існавалі амаль да першых дзесяцігоддзяў XIX ст. Гэта парадны, рэпрэзентатыўны партрэт, дзе мадэль адлюстроўвалася ва ўвесь рост, радзей пакаленна ці пагрудна, з багатым антуражам. Парадны партрэт захаваў для нашчадкаў існаваўшую ў тыя часы іерархічную лесвіцу, на вышэйшай ступені якой знаходзіліся каранаваныя асобы, на ніжэйшай – прадстаўнікі шляхты. Прамежкавае становішча займалі магнаты.

У партрэтнай спадчыне гэтага часу можна выдзеліць тып рыцарскага партрэта. Ён атрымаў шырокае распаўсюджванне ў другой палове XVII ст., калі асабліва расквітнела тэорыя "сарматызму", якая сцвярджала паходжанне польскай шляхты ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў, у адрозненне ад іншых саслоўяў, нібыта паходзіўшых з пакораных мясцовых плямёнаў. Ваяўнічая напышлівасць, пачуццё выключнасці – галоўная рыса герояў гэтых партрэтаў. Шырокае распаўсюджванне атрымаў так званы трунны ці пахавальны партрэт – абавязковы атрыбут пахавальнага рытуалу. Ён пісаўся на метале алеем. Узорам для мастака служыў прыжыццёвы партрэт нябожчыка. Такога роду твораў мала захавалася на тэрыторыі Беларусі, таму асаблівую каштоўнасць мае партрэт Аляксандра Пацея.

Карціна развіцця партрэтнага мастацтва была неаднастайнай і супярэчлівай. Пры двары каралёў Рэчы Паспалітай працавалі еўрапейскія майстры, якія мелі добрую мастацкую адукацыю. Некаторыя магнаты мелі магчымасць запрасіць да сябе тую ці іншую знакамітасць. Але ў сядзібах, фальварках, магнацкіх рэзідэнцыях знайшлі сабе прытулак мясцовыя мастакі. Яны былі менш падрыхтаваныя прафесійна, але лепш ведалі сваё асяроддзе, яго норавы, звычаі. Палотны еўрапейскіх мастакоў з'яўляліся своеасаблівай школай для гэтых людзей.

Лепшыя майстры пэндзаля не толькі дасягалі знешняга падабенства ў выяве канкрэтнай асобы, але і ўмелі даць ёй даволі глыбокую псіхалагічную характарыстыку (партрэты Аляксандра Астрожскага, Януша Вішнявецкага, Януша Радзівіла, Кіпрыяна Жахоўскага, Януша Карыбута Вішнявецкага, Лізаветы Радзівіл, Ігнація Завішы, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Міхала Казіміра Агінскага і інш.). Аднак у цэнтры ўвагі большасці мастакоў быў не чалавек з яго непаўторным душэўным складам, а нейкі ідэал, які склаўся ў дваранска-шляхецкім асяроддзі. Акцэнт робіцца не на твары героя, а на яго адзенні, антуражы, дэталях, якія гавораць аб саслоўнай прыналежнасці, месцы на сацыяльнай лесвіцы.

У другой палове XVII – XVIII ст. адзначаецца ўзмацненне рэалістычных тэндэнцый у скульптуры, што праяўляецца ва ўзбагачэнні сродкаў мастацкай выразнасці, у трактоўцы вобразаў, якія надзяляюцца індывідуальнымі, амаль партрэтнымі рысамі.

У распаўсюджванні скульптуры барока галоўная роля належыць асноўнаму яе заказчыку – каталіцкай царкве, яе шматлікім ордэнам. Пабудаваныя імі касцёлы былі багата ўпрыгожаны творамі жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і скульптурай. Менавіта скульптуры належала галоўная роля ў арганізацыі інтэр'ера. На жаль, да нашага часу інтэр'еры многіх храмаў не захаваліся.

Унікальнымі помнікамі барока з'яўляюцца скульптурны ансамбль касцёла аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці, алтары францысканскага касцёла ў Пінску, шэраг скульптур з касцёла архангела Міхаіла ў Навагародку, Троіцкага касцёла ў г.п. Шарашова на Берасцейшчыне.

У беларускай скульптуры канца XVII – пачатку XVIII ст. прыкметна ўзмацняецца ўплыў народных густаў. Яна нясе адбітак мясцовых асаблівасцяў і звязана з праяўленнем "нізавога" барока. Прыклад таму – скульптурны ансамбль галоўнага алтара касцёла ў в. Камаі на Віцебшчыне, створаны ў 1726 г.

У XVIII ст. у Беларусі ствараецца шэраг цікавых скульптурных алтароў, якія становяцца больш багатымі і жывапіснымі, павялічваюцца ў памерах, уражваюць гледача. Для стварэння вялікіх алтароў і алтарных комплексаў, якія з'яўляюцца сінтэтычным відам манументальнай, дэкаратыўнай і архітэктурнай пластыкі, жывапісу, дэкаратыўнай разьбы, прыцягваюцца мастакі і майстры розных прафесій: архітэктары, скулыггары, сталяры, разьбяры або лепшчыкі, мастакі-жывапісцы. Выдатнымі помнікамі такога роду з'яўляецца алтар Пінскага францысканскага касцёла.

Мастацкія густы часоў барока садзейнічалі развіццю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для ўпрыгожання магнацкіх палацаў і храмаў патрэбны былі вытанчаныя і дарагія рэчы, каб здзіўляць публіку вонкавым бляскам. Такія рэчы спачатку прывозіліся з-за мяжы, а потым сталі вырабляцца на ўласных мануфактурах. Рукамі беларускіх прыгонных майстроў там рабіліся сапраўдныя шэдэўры мастацтва, якія высока цаніліся ў Рэчы Паспалітай і на еўрапейскім рынку. Асаблівую цікавасць маюць для нас унікальныя шкляныя вырабы з Урэчча. Сусветную славу здабылі "літыя" слуцкія паясы, якія ткаліся з шаўковых, сярэбраных і залатых нітак на слуцкай і нясвіжскай мануфактурах Радзівілаў пад кіраўніцтвам вопытнага майстра Яна Маджарскага і яго памочнікаў. Паясы ўпрыгожваліся беларускім геаметрычным і раслінным арнаментам. Шырокім попытам карысталіся фаянс са Свержані, дываны і габелены з майстэрняў у Карэлічах і Гародні, абрусы і сурвэты з мануфактуры Сапегаў у Ружанах. Мастацкай выразнасцю вызначалася тагачасная разьба па дрэву (упрыгажэнне алтароў, іканастасы). Майстэрства беларускіх разьбяроў высока цанілася сярод суседніх народаў. Рукамі выхадцаў з Беларусі былі ўпрыгожаны многія саборы, манастыры і палацы Масквы і Падмаскоўя. У Расіі шырока распаўсюдзіліся аб'ёмная "беларуская рэзь" і беларускі спосаб вырабу рэльефнай керамікі.

Асноўная літаратура

1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII ст.) / Ю.Бохан, ВГолубеў, У.Емельянчык і інш.; Рэдкал.: М.Касцюк (гал. рэд.) і інш. – Мн., 2004.

2. Асвета і педагагічная думка Беларусі. – Мн., 1985.

3. Бирало, А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII – середине XVIII в. / А.А.Бирало. – Мн., 1971.

4. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. – Мн., 1988. – Т.2.

5. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. – Мн., 1998.

6. Кавальчык, Е. Дойлідская школа ў Вялікім княстве Літоўскім (XVIXVIII ст.) / Е.Кавальчык // Спадчына. – 2001. – №5/6.

7. Лазука, Б.А. Гісторыя мастацтваў / Б.А.Лазука. – Мн., 2003.

8. Лявонава, А.К. Старажытная беларуская скульптура / А.К.Лявонава. – Мн., 1991.

9. Мальдзіс, А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова XVII – ХVIIІ ст.). – Мн., 1980.

10. Парашкоў, С.А. Гісторыя культуры Беларусі / С.А.Парашкоў. – Мн., 2003.

11. Пілецкі, В. Падабенства і адрозненні ў школьнай адукацыі Беларусі і Францыі падчас Французскай рэвалюцыі / В.Пілецкі // Бел. гіст. часопіс. – 2001. – №2.

12. Прокошина, Е.С. Казимир Лыщинский / Е.С.Прокошина, В.Ф.Шалькевич. – Мн., 1986..

13. Селицкий, С. Просвещение и педагогическая мысль во второй половине XVII – XVIII в. / С.В.Селицкий, Э.К.Дорошевич // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX – начала XX в. – Мн., 1996.

14. Сыны і пасынкі Беларусі / Уклад. С.В. Барыс. – Мн., 1996.

15. Церашчатава, В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI – XVIII стст. / В.В.Церашчатава. – Мн., 1985.

16. Барока ў беларускай культуры і мастацтве (Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі; навук. рэд. В.Ф.Шматаў. – Мн., 2001.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]