Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 39. Паўстанне 1794 г. Трэці падзел рэчы паспалітай

  • Прычыны і пачатак паўстання

  • Тадэвуш Касцюшка

  • Асаблівасці паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі

  • Паражэнне паўстання. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Прычыны і пачатак паўстання

Другі падзел Рэчы Паспалітай значна ўскладніў як палітычнае, так і эканамічнае становішча краіны. Парушаны былі эканамічныя сувязі, пустой была дзяржаўная скарбніца. Цяжкім грузам клаліся на плечы насельніцтва кантрыбуцыі, якія павінны былі выплачвацца царскім войскам. Падзел выклікаў абурэнне і рост патрыятычных настрояў шырокіх слаёў насельніцтва. Няздольнасць улад вырашыць жыццёва неабходныя для краіны пытанні станавілася ўсё больш відавочнай. Незадавальненне знешняй і ўнутранай палітыкай, якую праводзілі правячыя колы Рэчы Паспалітай, выказвала не толькі шляхта, але і непрывілеяваныя слаі насельніцтва. Да гэтых настрояў далучаўся пратэст супраць феадальных парадкаў, якія перашкаджалі паступальнаму развіццю краіны. Уздыму нацыянальна-вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай садзейнічала абвастрэнне рэвалюцыйнай барацьбы, якая пад уплывам Французскай буржуазнай рэвалюцыі ахапіла ў той час Заходнюю Еўропу. Бліжэйшыя да Рэчы Паспалітай рэгіёны былі ахоплены рэвалюцыйнымі выступленнямі: у 1793 г. выбухнула паўстанне ткачоў у Сілезіі; на Рэйне разгортвалася барацьба сялян супраць уціску феадалаў; суседняя Венгрыя ўздымалася ў змаганні за незалежнасць ад Аўстрыйскай імперыі. Усе гэтыя акалічнасці адыгралі пэўную ролю ў пачатку паўстання, якое па сваім характары і маштабах было агульнанацыянальным і сумяшчала розныя плыні ў нацыянальна-вызваленчым руху.

Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы паўстання прынялі вядомыя палітычныя і культурныя дзеячы, ваенныя, навукоўцы, святары, прадстаўнікі іншых прафесій і сацыяльных груп. Сярод арганізатараў паўстання акрэсліліся дзве плыні: памяркоўныя, якія не жадалі сацыяльных пераўтварэнняў і баяліся прыцягнуць да паўстання шырокія народныя масы (І. Дзялыньскі, Ф. Алоэ і інш.), і радыкалы, якія імкнуліся вярнуць былыя межы Рэчы Паспалітай, пераўтварыць манархію ў рэспубліку і правесці радыкальныя буржуазныя рэформы (Т. Касцюшка, Я. Ясінскі і інш.).

Гэтыя плыні існавалі як у самой краіне, так і ў эміграцыі, куды пасля другога падзелу выехалі Т. Касцюшка, Г. Калантай, Ф. Дмахоўскі і іншыя дзеячы вызваленчага руху. Няўзгодненасць мэтаў сярод кіраўнікоў паўстання, якая выявілася ўжо на этапе яго падрыхтоўкі, у далейшым стала адной з прычын няўдачы ўзброенага выступлення.

Яшчэ ў час правядзення другога падзелу Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі пачалі стварацца тайныя патрыятычныя арганізацыі, таварыствы, саюзы. За мяжой кіраўнікі эміграцыі рабілі захады для атрымання падтрымкі ад рэвалюцыйнай Францыі. Т. Касцюшка пачаў перагаворы з міністрам замежных спраў і перадаў яму мемарандум, у якім абвяшчаў задачы будучага паўстання. Але ён дарэмна шукаў дапамогі. Разлічваючы, што польскае паўстанне прыцягне да сябе войскі Расіі і Прусіі і гэтым палегчыць становішча Францыі, ні якабінцы, ні жырандысты не імкнуліся рызыкаваць сваімі сіламі і дзейсна падтрымаць Рэч Паспалітую. Падрыхтоўка паўстання ўскладнялася яшчэ той акалічнасцю, што ў выпадку няўдачы выступлення Расія, Аўстрыя і Прусія маглі выкарыстаць яго як падставу для апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Дарэчы, рускі пасол Ігельстром нават планаваў справакаваць невялікія хваляванні ў Варшаве, каб у адказ на іх пачаць ваенныя дзеянні і падзяліць тое, што яшчэ засталося ад Рэчы Паспалітай. Трэцяга падзелу асабліва дамагалася Аўстрыя, якая ў 1793 г. не атрымала ніякіх тэрыторый, а ўзбагачэння за кошт Баварыі ці іншых зямель не адбылося. Цяпер яна імкнулася да рэваншу.

Паўстанне было першапачаткова прызначана на восень 1793 г. Але да гэтага часу не ўсё яшчэ было падрыхтавана. Паўстанцы меркавалі захапіць Кракаў і адцягнуць туды расійскія войскі, якія былі раскватараваны на тэрыторыі краіны. Пасля гэтага адначасова ў Варшаве, Любліне і Вільні павінны былі ўзняцца паўстанні.

Дзеянні тайных таварыстваў па падрыхтоўцы выступленняў не засталіся незаўважанымі рускім паслом у Рэчы Паспалітай Ігельстромам, які паводзіў сябе тут як паўнамоцны ўладар. Памеры гэтай дзейнасці насцярожылі яго, бо гаворка была ўжо не аб невялікім хваляванні, а аб усенародным паўстанні. Пад націскам Ігельстрома былі праведзены арышты, паскорана расфарміраванне войска Рэчы Паспалітай, якое праводзілася згодна з рашэннямі Гарадзенскага сойма. Частка войскаў на чале з А. Мадалінскім не падпарадкавалася загадам расійскага пасла і рушыла з Мазовіі, дзе яна стаяла на кватэрах, у бок Кракава. У адказ на гэтую акцыю Ігельстром пачаў сцягваць рускія войскі вакол Варшавы, а частку іх накіраваў наўздагон Мадалінскаму. Такім чынам, Кракаў аказаўся свабодным ад царскай арміі і быў у кароткі тэрмін заняты атрадам Касцюшкі, які ў той час перайшоў ужо мяжу Рэчы Паспалітай. Уваход Т. Касцюшкі ў былую сталіцу Польшчы выклікаў выбух патрыятычнага энтузіязму жыхароў горада. 24 сакавіка 1794 г. на кракаўскім рынку быў абвешчаны Акт паўстання грамадзян, жыхароў Кракаўскага ваяводства. У гэтым акце выкрываліся сапраўдныя матывы і памкненні дзяржаў-суседзяў: "Няма такой хлусні, прытворства і падману, якімі не зганьбілі б сябе гэтыя два ўрады, – гаварылася ў дакуменце аб урадах Расіі і Прусіі. – Пад выдуманымі прычынамі, хлуслівымі і бессэнсоўнымі, карыстацца якімі пасуе адным толькі тыранам, дагаджаючы на самай справе толькі сваёй ненажэрнай сквапнасці і жаданню распаўсюдзіць панаванне тыраніі на суседнія народы... "

Згодна з Актам паўстання ўтваралася Вышэйшая нацыянальная рада, якая брала на сябе кіраўніцтва паўстаннем. На месцах органамі паўстання станавіліся ваяводскія камісіі кіравання, якія ў сваю чаргу стваралі дазорныя ўпраўленні, каторым даручалася веданне 1000–1200 сялянскімі гаспадаркамі. Створаны былі новыя органы юстыцыі – рэвалюцыйныя суды, у функцыі якіх уваходзіў разгляд дзеянняў, накіраваных супраць паўстання.

Разам з абвяшчэннем Акта паўстання Тадэвуш Касцюшка прынёс на Кракаўскім рынку прысягу на вернасць народу. Фактычна з гэтага часу Касцюшка стаў паўнамоцным кіраўніком паўстання з правамі дыктатара.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]