Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Эканоміка беларусі х - хііі стст. Па археалагічных матэрыялах. Сельская гаспадарка і промыслы

У дарэвалюцыйнай гістарычнай літаратуры пераважала думка, што ва ўсходніх славян была прымітыўная форма гаспадаркі і што яны былі эканамічна адсталымі (В.В.Ключэўскі, М.А.Ражкоў і інш.). Прычым гісторыкі меркавалі, што ў славян былі слаба развіты не толькі жывёлагадоўля і земляробства, але і рамяство. Аднак, дзякуючы даследванням вучоных-археолагаў, у тым ліку і беларускіх, даказана памылковасць падобных поглядаў. Археалагічныя даследванні пацвярджаюць, што задоўга да ўтварэння дзяржаў ва Усходняй Еўропе падсечная земляробства было шырока распаўсюджана ў лясной зоне Ўсходне-Еўрапейскай раўніны, і што ворнае земляробства на тэрыторыі Беларусі ўзнікла з падсечнага.

Да канца І тыс.н.э. гаспадарка ўсходніх славян стала больш складанай і шматгаліновай, а ўзровень вядзення яе - дастаткова высокім. Асновай гаспадаркі было земляробства. На мяжы І і ІІ тыс.н.э. падсека пачала паступовы выцясняцца, але паколькі старавораўныя глебы былі малаўрадлівыя і патрабавалі ўгнаення, яна яшчэ доўгі час была неабходнай сістэмай земляробства.

Гісторыю земляробства можна раскрыць на падставе вывучэння сельскагаспадарчых прыладаў, а таксама зерняў культурных раслін. Вышэй ужо адзначалася, што ўласна на сельскіх помніках (селішчах) знаходкі матэрыялаў па земляробству не шматлікія. Асноўная большасць рэчаў паходзіць з раскопак беларускіх гарадоў. І гэта не дзіўна. У раннефеадальны перыяд гарадскія жыхары разам з рамяством і гандлям займаліся земляробствам, якое адыгрывала немалаважную ролю ў эканамічным жыцці горада. Гараджане прыменялі тую ж агратэхніку, што і на вёсцы, вырошчвалі тыя ж культуры. Частка культурных раслін, знойдзеных пры раскопках гарадоў, магла быць завезена з суседняй сельскай мясцовасці, а некаторыя земляробсчыя прылады выраблены гарадскімі майствамі для збыту на сельскім рынку. Таму знаходкі з гарадоў даюць магчымасць больш поўна вывучыць сельскагаспадарчыя прылады, спосабы апрацоўкі зямлі, сістэму земляробства і культуры, якія вырошчвалі на раннефеадальных землях Беларусі.

Самымі распаўсюджанымі прыладамі апрацоўкі глебы былі шматзубыя і двухзубыя сохі. Сашнікі ад трохзубых сох знойдзены ў Мінску, Оршы, Навагрудку, Ваўкавыску, Пінску, Брэсце. Яны, як і ўсе сашнікі шматзубных сох, мелі сіметрычную форму, невялікія памеры (20-25 см) і ўстанаўліваліся пад невялікім наклонам ці амаль вертыкальна да паверхні глебы. Сашнікі ад двухзубных сох былі адкапаныя ў Полацку, Гродне, на Строчыцкім гарадзішчы. Яны звычайна маюць асімітрычную форму і вялікія памеры (28 см). Дэталі старажытнага плуга - лемяха і чарэслы знойдзены на Беларусі толькі на Хотамельскім селішчы. Лемех і чарэслы - часткі драўлянага плуга, які ў гэты час прымяняўся на тэрыторыі Ўкраіны. Знойдзеныя часткі плуга на поўдні Беларусі - уплыў паўднёвых зямель. Саха для лясной зоны была зручнейшая і ўжывалася на Беларусі амаль да ХІХ ст.

Для ўборкі ўраджаю выкарыстоўвалі сярпы. Старажытныя сярпы, нягледзячы на разнавіднасці, па памерах і формах дастаткова дасканалыя і набліжаюцца да сярпоў, якімі карысталіся да ХХ ст. Часта падчас раскопак знаходзяць сярпы з драўлянымі ручкамі, якія добра захаваліся ў вільготным пласце (Давыд-Гарадок, Брэст). На многіх помніках (Полацк, Брэст, Гродна, Мінск і інш.) знойдзены косы-гарбушы. У ХІ-ХІІІ стст. яны атрымалі шырокае распаўсюджанне.

Малолі драўлянымі цэпамі. Цэпавішча знойдзенае ў Полацку ў пласце ХІІІ ст. мела даўжыню 1,2 м. На канцы цэпавішча была выемка круглай формы, дзе мацавалася біла. Безумоўна, акрамя цэпаў, ужываліся і іншыя, больш простыя спосабы малацьбы. Абмалочанае зерня потым ачышчалі ад дамешкаў з дапамогай драўляных рыдлёвак: правеівалі на вятру. Размол зерня праводзіўся каменнымі жорнамі, якія выраблялі з граніта, пясчаніка, вапняка і нават сланца. Каменныя жорны знойдзены ў Лукомлі, Гродне, Мінску, Барысаве. Для атрымання крупы выкарыстоўваліся драўляныя ступы двух тыпаў. Першы - гэта звычайная драўляная ступа з пястом. У Полацку ў пласце ХІІІ ст. знойдзены два двуручныя дубовыя пясты даўжынёй 80 см. Другі тып - больш складаная нажная ступа. Сваю назву яна атрымала таму, што ў рух прыводзілася нагамі чалавека. У Мінску былі знойдзеныя дзве нажныя ступы. Адна з іх захавалася амаль цалкам. У Брэсце раскапана вельмі цікавая нажная драўляная ступа. Аснова ступы выраблена з масіўнай драўлянай калоды даўжынёй 1,6 м і шырынёй 0,52 м. Верхняя гарызантальная пляцоўка ступы добра апрацаваная і мае па краі борцік. На адлегласці 30 см ад краю ёсць паглыбленне для засыпкі зерня. Яно мае канічную форму глыбінёй 22 см. На другім краі ёсць прамавугольная скразная вырубка для рычага, які мацаваўся на кароткай восі. У рычагу над паглыбленнем для зерня замацоўваўся пест. Ён прыводзіўся ў рух чалавекам, які стаяў на рычагу і перамяшчаў цэнтр цяжкасці з нагі на ногу.

У ІХ - ХІІІ стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі вырошчваліся ўсе вядомыя цяпер земляробчыя культуры. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з’яўляліся жыта, проса, пшаніца, ячмень, лён. Зёрна гэтых культур знойдзены ў Гродне, Браславе, Мінску, Тураве, Полацку, Ваўкавыску. У Гродне і Браславе знойдзена зерня грачыхі. Безумоўна, насельніцтва займалася садаводствам і агародніцтвам. Аб гэтым сведчаць знаходкі бабоў у Мінску, сямян агуркоў у Полацку, костак вішні і слівы ў Мінску, Полацку, Гродне.

Важнай галіной сельскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Узровень развіцця жывёлагадоўлі, удзельны вес палявання ў гаспадарцы пацвярджаецца асцеалагічнымі матэрыяламі. Яны дазваляюць вызначыць суадносіны асобных відаў свойскай жывёлы ў статку, зрабіць заключэнне аб занятках насельніцтва паляваннем.

Аналіз матэрыялаў 25 сярэднявечных археалагічных помнікаў паказаў, што толькі на двух з іх (Гродна і Ваўкавыск) косці дзікіх жывёл пераважаюць над свойскімі. Па асобных відах свойскай жывёлы першае месца займаюць косці буйной рагатай жывёлы, другое - свіней, далей - косці каня, і на апошнім месцы - дробнай рагатай жывёлы.

Значнае месца ў эканоміцы займала паляванне. У Гродне і Ваўкавыску паляванне было вядучым промыслам. На астатніх помніках - ад 30 да 90% мяса давалі капытныя паляўнічыя віды жывёл. Жыхары даследаваных помнікаў палявалі на 6 відаў капытных (зубр, тур, лось, алень высакародны, касуля, кабан дзікі), 7 відаў драпежнікаў (мядзведзь, воўк, лісіца, барсук, куніца, выдра, рысь), 2 віда грызуноў (бобр, заяц). Акрамя косных рэшткаў аб занятках паляваннем сведчаць спецыфічныя знаходкі зброі паляўнічага. У Навагрудку знойдзены спецыяльныя касцяныя наканечнікі стрэлаў, коп’яў, дроцікаў, а таксама даволі вялікая колькасць (19 штук) аднашыпных і двушыпных гарпуноў памерамі ад 6 да 14 см, якія датуюцца мяжой ХІ - ХІІ стст. Гарпуны - знаходкі рэдкія. У адной з жылых пабудоў знойдзена 8 гарпуноў. Хутчэй за ўсё, гэта пабудова належала чалавеку, які паляваў на буйнога звера за дапамогай гарпуна.

Разам з паляваннем значнае месца ў гаспадарцы паселішчаў займала рыбалоўства. Аб гэтым сведчаць занходкі касцей рыб, рыб’ей чашуі, гліняных грузілаў для сяцей, паплаўкоў з берасты, качадыкаў для пляцення сяцей, жалезных астрог, рыбалоўных кручкоў, блёсен і гарпуноў. Яны распаўсюджаны ў вялікай колькасці і паўсюль.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]