Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Хрысціянства. Мастацкая культура

Значны ўплыў на развіццё сярэднявечнага беларускага грамадства, яго светаўспрыманне і духоўную культуру зрабіла прыняцце на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў канцы Х ст. хрысціянства. Гэта адбілася на жыцці і знешнім выглядзе гарадоў, пахавальным абрадзе і культавых прадметах. Адной з праяў хрысціянізацыі з’явілася адкрыццё і будаўніцтва ў гарадах цэркваў і манастыроў, у першую чаргу мураваных.. Названыя змены добра фіксуюцца ў археалагічным матэрыяле.

Першым каменным храмам на тэрыторыі Усходняй Еўропы была Дзесяцінная царква ў Кіеве. Яна пабудавана ў канцы Х ст. з дапамогай візантыйскіх дойлідаў. На Беларусі найбольш старажытным каменна-цагляным будынкам быў Сафійскі сабор у Полацку, узведзены ў сярэдзіне ХІ ст. неўзабаве пасля пабудовы Сафійскіх сабораў у Кіеве і Ноўгарадзе. Дакладная дата яго пабудовы не вядома, аднак ў 60-х гг. ХІ ст. Сафія Полацкая ўжо існавала, бо аб ёй упамінаецца ў "Слове аб палку Ігаравым" у сувязі з дзейнасцю полацкага князя Усеслава Брачыславіча (Чарадзея).

Зараз цяжка ўявіць першапачатковы выгляд Сафійскага сабора, бо храм шмат разоў перабудоўваўся. У 1710 г. сабор быў разбураны у выніку выбуха і на яго месцы ў сярэдзіне ХVІІІ ст. пабудавалі храм у зусім іншым стылі. У працэсе археалагічных работ, праведзеных унутры і вакол сабора, з’явілася магчымасць аднавіць выгляд Сафійскага сабора. Будаўнікі ўяўлялі сабе полацкую царкву як спрошчаны варыянт кіеўскай Сафіі. Полацкая Сафія па структуры плана вельмі блізкая да Сафіі ноўгародскай: тут тры апсіды, унутраныя аркады не трайныя, а двайныя, адна галерэя. У той жа час полацкі храм прыкметна адрозніваўся ад кіеўскага і ноўгарадскага наяўнасцю ва ўсходняй частцы дадатковага члянення - так званай вімы.

Агульныя памеры полацкай Сафіі (без галерэі) з поўначы на поўдзень - 26,2 м, а з захаду на ўсход (без апсід) - 25,5 м. Велічыня падкупальнага квадрата - 5,75 х 5,65. Тэхніка муроўка такая ж , як і ў іншых храмах: з плінфы на вапнавым растворы ружовага колеру ад дамешкі цамянкі (дробна тоўчанай цэглы). Таўшчыня швоў раствору прыблізна роўная таўшчыні цаглін, на фасадах можна бачыць швы раствору, роўныя амаль трайной таўшчыні цэглы. Гэта сваеасаблівая муроўка “са схаваным радам”, пры якой на фасад выходзяць плінфы не ўсіх радоў, а праз рад, тады як прамежкавыя рады адступаюць ад плоскасці сцяны і прыкрыты звонку растворам. Такая тэхніка звязана з канструкцыяй цаглянай сцяны, паколькі блізкая па форме да квадрата цэгла забяспечвала добрую перавязку сцен. Тэхніка “са схаваным радам” стала сваеасаблівым дэкаратыўным прыёмам афармлення фасадаў помнікаў полацкай архітэктурнай школы.

У інтэр’еры храма былі прасторныя балконы - хоры, прызначаныя для князя і яго світы. Як у кіеўскім і ноўгарадскім Сафійскіх саборах, хоры абапіраліся на аркады, пакідаючы ў цэнтры храма, пад галоўным купалам, крыжападобную ў плане ярка асветленую прастору. Уваход на хоры ў збудаваннях гэтага часу заўсёды рабілі ў спецыяльнай лесвічнай вежы: у полацкай Сафіі такая вежа знаходзілася, відавочна, у паўночна-заходнім чляненні галерэі. Храм унутры быў размаляваны. Мазаічнага ўбрання ў адрозненне ад кіеўскай Сафіі полацкі храм, відаць, не меў.

Звонку полацкі Сафійскі сабор уяўляў складанае шматкупальнае збудаванне з пірамідальнай кампазіцыяй завяршэнняў. У летапісным “Спісе рускіх гарадоў” канца ХІV ст. сказана, што сабор меў сем купалаў. Магчыма, акрамя асноўных пяці ў саборы было яшчэ два купалы над заходнімі вугламі чляненняў. Безумоўна, узводзілі полацкі Сафійскі сабор майстры, звязаныя з будаўніцтвам Сафіі ноўгарадскай і кіеўскай. Яны не поўнасцю паўтарылі выбраны раней тып храма, а ўнеслі ў яго даволі істотныя змены, якія дыктаваліся ўмовамі заказа, мясцовымі асаблівасцямі, наяўнасцю пэўных будаўнічых матэрыялаў. У выніку збудаванне атрымала шэраг спецыфічных і непаўторных рыс. Арыгінальнасць полацкай Сафіі ў своеасаблівасці пабудовы.

Пасля ўзвядзення Сафійскага сабора манументальнае будаўніцтва на Беларусі часова прыпынілася. Неабходныя ўмовы для далейшага манументальнага будаўніцтва склаліся напачатку ХІІ ст. З гэтага перыяду пачала фарміравацца сваеасаблівая полацкая архітэктурная школа, якая выйшла за межы Полацка. На сённяшні час у Полацку вядома 9 храмаў ХІІ - ХІІІ ст., па адным - ў Віцебску, Мінску, Навагрудку.

У 1125 г. полацкая князёўна Прадслава (у манастве Ефрасіння) у двух км ад горада, у маёнтку Сяльцо, што на правым беразе р.Палоты, заснавала жаночы манастыр і паміж 1128 - 1156 (па другіх меркаваннях паміж 1152 – 1161 гг.) узвела у ім Спаса-Прэабражэнскую саборную царкву. Дойлід Іаан за 30 тыдняў на месцы драўлянай царквы пабудаваў дасканалы па прыгажосці мураваны храм. Царква - шасціслупавы трохнефавы храм з буйной паўцыркульнай апсідай, невялікі, памерамі 8 х 12 м. Ён выцягнуты па лініі захад - усход і налічвае шэсць падкупальных слупоў. Цэнтральны неф завершаны масіўнай паўкруглай апсідай, вельмі вузкія бакавыя нефы - паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У выніку даследавання кубічнага пастамента, на якім трымаюцца барабан і купал храма, устаноўлена, што грані пастамента аздоблены трохлопасцевымі какошнікамі кілепадобнай формы, выкананымі з бітай плінфы на растворы. Для мацавання какошнікаў быў узведзены спецыяльны каркас з пастаўленых на рабро цаглін. Над вугламі пастамента прасочаны дыяганальныя какошнікі такой жа формы. Дзякуючы гэтым аздабленням быдынак храма нагадваў шмат’ярусную вежу. З заходняй часткі царквы на аркадзе размешчаны хоры, па баках якіх створаны невялікія келлі з купальнымі скляпеністымі перакрыццямі на ветразях, адна з якіх належала самой Ефрасінні. Падлога храма была выкладзена паліванымі керамічнымі пліткамі. Сцены і слупы размаляваны фрэскамі.

Успрыняты з хрысціянскай верай звычай пахавання нябожчыка ў склепе ("раке") абумовіў узвядзенне храмаў-пахавальняў. Пры раскопках полацкіх храмаў ХІІ ст. знойдзены шматлікія рэшткі грабніц і саркафагаў. Царква Нараджэння Хрыстова - храм-пахавальня полацкіх епіскапаў- датавана археолагамі пачаткам ХІІ ст. Яна ўзведзена побач са Спаскай царквой. Выяўленая археолагамі царква была чатырохслуповай трохнефавай крыжова-купальнай базілікай з трыма паўкруглымі апсідамі. Партал галоўнага ўваходу быў аздоблены тонкімі паўкалонамі. Фасады мелі традыцыйную для полацкай школы дойлідства паласатую паліхромную муроўку з цэглы-плінфы. Інтэр’ер традыцыйна ўпрыгожвалі фрэскавы роспіс і мазаічным пано.

“Аповесць мінулых гадоў” паведамляе аб перазахаванні ў 1007 г. князёў Ізяслава Уладзіміравіча і яго сына Усяслава “в святую Богородіцю”, што можа сведчыць аб наяўнасці ў старажытным горадзе Багародзіцкай царквы-пахавальні. Яшчэ раней царква ўпамінаецца пад 1001 г. у Цвярскім летапісе. Наяўнасць Багародзіцкага манастыра непадалёку ад Ефрасіннеўскага адзначаецца і ў выданнях 1780 г.

Па археалагічных раскопках вядома яшчэ некалькі храмаў Верхняга і Ніжняга замкаў Полацка ХІІ ст. У пачатку гэтага стагоддзя ў Задвінскай частцы горада на р.Бельчыцы полацкім князем Барысам Усяславічам была заснавана ўмацаваная рэзідэнцыя з палатамі, шэрагам цэркваў і храмам-пахавальняй. Рэзідэнцыю акружалі мураваныя сцены з абарончымі вежамі. Пазней на тэрыторыі замка ствараецца Барысаглебскі мужчынскі манастыр. Чатыры храмы Бельчыцкага манастыра - вялікі безназоўны, Барысаглебскі, Пятніцкі, і храм-трыконх, - характарызваліся кампазіцыйнай разнастайнасцю.

Вялікі безназоўны сабор Бельчыцкага манастыра быў збудаваны ў старажытнаўсходнеславянскай архітэктурнай традыцыі і будаўнічай тэхніцы. Магчыма храм меў назву “Успенне Прасвятой Багародзіцы”. Яго будаўніцтва датуецца 20-30-мі гг. ХІІ ст. Гэта быў вялізны шасціслупавы трохапсідны храм з трыма прытворамі. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскавым роспісам і керамічнай падлогай. На тэрыторыі манстыра была яшчэ адна царква - трохапсідны аднапрэстольны храм у гонар св. Барыса і Глеба. Як і Спаская, гэта “халодная” царква таксама мела кампактную ступеньчатую кампазіцыйную пабудову. Верагодна, будаўніком Барысаглебскай царквы быў той жа майстар Іаан, які пабудаваў потым і Спаскі сабор.

Невялікая аднапрэстольная аднанефавая мураваная Пятніцкая царква-пахавальня Бельчыцкага манастыра ўяўляла свбой бясслупавы храм з прамавугольнай апсідай, расчыненай шырокім арачным прасветам у скляпеністую залу. Асноўны аб’ём быў завершаны барабанам з купалам, плоскасныя фасады расчленены на два ярусы арачнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны лапаткамі. Даследчыкі адносяць будаўніцтва храма на сярэдзіну ХІІ ст. Пад царквой знаходзіўся склеп-пахавальня. Паказальна, што фрэскавым роспісам быў пакрыты не толькі інтэр’ер, але і элементы фасада.

Менш даследаваны археолагамі чацвёрты храм-трыконх Бельчыцкага манастыра, які меў крыжовую форму плана. Яго ўсходняя сцяна вылучалася трыма паўкруглымі апсідамі.

Помнікі полацкай архітэктурнай школы вядомы і ў іншых гарадах Беларусі. Царква Звеставання (Дабравешчання) ў Віцебску была пабудавана ў першай палове ХІІ ст. (знішчана ў 1961 г.). Гэта трохнефавы шасціслуповы храм з адной поўкруглай апсідай і дзвума паўкруглымі нішамі ў тоўшчы ўсходняй сцяны Шырыня храма 11,1 м, даўжыня 21 м. Адметнай асаблівасцю храма з’яўляецца раўнамернасць яго чляненняў: сярэдні неф падзелены на чатыры квадратныя ячэйкі. У заходняй сцяне размешчана лесвіца на хоры. У адрозненне ад полацкіх пабудоў, якія ўзводзіліся з плінфы ў тэхніцы муроўкі “са схаваным радам”, віцебская царква збудавана з плінфы і каменю. Абчасаныя каменныя блокі тут пакладзены ў адзін-два рады, затым ідуць два-тры рады плінфы, а потым зноў рады камянёў. З невялічкіх абчэсаных камянёў складалася і падлога.

Рэшткі мураванай царквы знойдзены таксама пры раскопках Мінска. Даследаванні паказалі, што яна не была дабудавана - закладзены толькі падмурак. Аднак і падмурак дае магчымасць меркаваць аб схеме плана гэтага храма. Царква планавалася квадратнай, чатырохслуповай, з трыма апсідамі, якія мелі ў плане трохлопасны абрыс. Сцены з абчасаных валуноў на вапнавай рошчыне былі зроблены на вышыню больш за 1 м. Унутры на сценах захаваліся ўчасткі, абліцаваныя вапняковымі пліткамі (памерамі 29.5 х 20 х 9.5 см і 19 х 14,5 х 3.5 см), якія былі пакладзены падобна цаглянай муроўцы. Падобная дэталь у манументальнай архітэктуры Кіеўскай Русі больш недзе не сустракаецца.Час будаўніцтва дакладна не вызначаны. Найбольш верагодна, што царква будавалася ў канцы ХІ - першай чвэрці ХІІ ст.

Рэшткі старажытнай царквы былі знойдзены ў Навагрудку пад існуючай зараз Барысаглебскай царквой (помнік архітэктуры ХVІ - ХVІІ ст.). У выніку археалагічных раскопак былі выяўлены фрагменты старажытных сцен, складзеных з абчасанага порыстага вапняка з радамі плінфы. Тэхніка кладкі нагадвае кладку царквы Дабравешчання ў Віцебску. З трох бакоў да чатырослуповага храма з трыма апсідамі прылягала галерэя. Галерэя ў адрозненне ад самой царквы зроблена ў тыповай полацкай тэхніцы муроўкі - з плінфы “са схаваным радам”. У храме знойдзены рэшткі фрэсак і падлогі з паліваных керамічных плітак. М.К.Каргер, які даследаваў помнік, датуе яго сярэдзіной або другой паловай ХІІ ст.

Сярод манументальных збудаванняў старажытных полацкіх дойлідаў у найбольш захаваным стане знаходзіцца толькі адзін помнік - Спаскі сабор Ефрасіннеўскага манастыра. Усе іншыя вядомы па матэрыялах археалагічных раскопак. Зразумела, што колькасць вядомых зараз помнікаў архітэктуры значна меншая колькасці збудаванняў, узведзенных на Полацкай зямлі ў ХІІ ст. І ўсё ж, на падставе матэрыялаў археалагічнага вывучэння помнікаў, праведзенага ў апошнія гады, у агульных рысах магчыма асвятліць рпацэс ўтварэння і развіцця полацкай архітэктурнай школы. Базай для яе фарміравання паслужылі візантыйска-кіеўскія архітэктурныя традыцыі. Аднак вельмі хутка, відаць, ужо ў 20-30-я гады ХІІ ст. у Полацку з’віліся ўласныя кадры дойлідаў, і развіццё архітэктуры пайшло па іншаму, чым у Кіеве, шляху. Полацкія дойліды значна перапрацавалі распаўсюджаныя ў той час архітэктурныя традыціі. Тлумачыцца гэта перш за ўсё самім становішчам Полацкага княства, яго вялікай палітычнай і эканамічнай самастойнасцю. У Полацку рана ўзнікла свая княская дынастыя, прадстаўнікі якой былі не толькі ў значнай меры незалежнымі, але часта і варожа настроенымі да Кіева. У такіх умовах адыход ад кіескіх архітэктурных традыцый мог быць нават прыхільна сустрэты заказчыкамі. Не звязаныя цяжарам “абавязковых” традыцый, полацкія дойліды маглі распрацоўваць новыя архітэктурныя прыёмы больш свабодна, чым гэта рабілі дойліды ў некаторых іншых месцах. Меншая залежнасць ад кіеўскіх традыцый і ўласныя сувязі з Візантыяй пры наяўнасці ўласных вопытных будаўнічых кадраў стварылі спрыяльныя ўмовы для фарміравання полацкай архітэктурнай школы. Яскравы росквіт полацкай архітэктурнай школы і наяўнасць спрактыкаваных дойлідаў дазволіла істотна ўплываць на архітэктуру суседніх зямель. У полацкім стылі пабудавана царква Пятра і Паўла на Сінічнай гары ў Ноўгарадзе. У Смаленску ў канцы 80-х гадоў ХІІ ст. пад кіраўніцтвам полацкага дойліда пабудавана царква архангела Міхаіла, якая амаль цалкам паўтарыла план царквы на дзядзінцы ў Полацку.

Архітэктурная школа, якая склалася ў ХІІ ст. у Гродзенскім княстве, вылучаецца сярод іншых яркай самабытнасцю і арыгінальнасцю. З помнікаў гродзенскай архітэктурнай школы на сённяшні час вядомы рэшткі чатырох храмаў (Барысаглебская, Прачысценская, Ніжняя цэрквы ў Гродна, недабудаваная царква ў Ваўкавыску), княскага палаца і абарончай сцяны на дзядзінцы Гродна (Стары Замак).

Характэрнай рысай гродзенскіх храмаў ХІІ ст. з’яўляецца сваеасаблівасць іх кампазіцыйнай пабудовы. Менавіта арыгінальныя рысы кампазіцыі, у першую чаргу, далі падставы для вылучэння гродзенскага дойлідства ў самастойную архітэктурную школу. Блізкіх аналагаў гродзенскім помнікам няма ні ва ўсходнеславянскіх, ні ў суседніх польскіх і літоўскіх землях. Усе гродзенскія храмы невялікія па памерах, маюць па шэсць слупоў, тры нефы і тры апсіды, пры гэтым бакавыя апсіды, як правіла, звонку не вылучвюцца. Да кампазіцыйных асаблівасцяў гродзенскай архітэктурнай школы адносяцца: 1) скос вугллоў сцен і слупоў пад вуглом 45 градусаў; 2) упрыгожанне фасадаў ўстаўкамі з маёлікавых плітак і шліфаваных камянёў; 3) смяшчэнне падкупальнага квадрата на захад; 4) размяшчэнне увахода на хоры ў паўднёва-заходнім вуглу; 5) звонку выступае толькі цэнтральная апсіда (выключэнне - Барысаглебская царква); 6) выкарыстанне вялікай колькасці галаснікоў для паляпшэння акустычных якасцяў памяшкання; 7) шахматны арнамент падлогі мае дыяганальны накірунак у адносінах да восей храма.

Руіны Ніжняй царквы былі выяўлены ў працэсе археалагічных раскопак на Старым Замку яшчэ ў перадваенны час (1931 - 37 гг.). Яе рэшткі знаходзіліся пад больш позняй царквой і таму ў навуковай літаратуры за імі замацаваліся тэрміны “Ніжняя” і “Верхняя”. Ад Ніжняй царквы часткова захаваліся фрагменты сцен (месцамі вышынёй да 3,5 м) і падкупальных слупоў, элементы дэкаратыўнага ўпрыгожання. Сцены храма (16,8 х 11,6 м без апсіды) выкладзены з адносна тонкай плінфы на вапнавым растворы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі з выкарыстаннем вялікіх камянёў. У верхнія часткі сцен і скляпенняў умураваны збаны-галаснікі (іх гаралавіны павернуты да інтэр’ера), што рабіла лягчэйшымі сцены і адначасова паляпшала акустыку. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрцаванымі рознакаляровымі камянямі і маёлікавымі квадратнымі пліткамі. Сцены унутры не мелі размалёўкі. Галоўнае ўпрыгожанне інтэр’ера - маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагородка.

Для падлогі выкарыстоўваліся пліткі 17 відаў рознага фармату і 3 колераў (жоўтая, зялёная і карычневая). Падлога мела пераважна шахматны малюнак, месцамі ўзводзіўся ўзор у выглядзе хваста ластаўкі з жоўтых і карычневых плітак. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі: пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.

Рэшткі Прачысценскай царквы выяўлены на тэрыторыі архітэктурнага комплекса ХVІІІ ст. - манастыра базыліянак. У ХІІ - ХІІІ стст. гэту тэрыторыю займаў гандлёва-рамесны пасад. Прачысценская царква - 6-слуповы 3-нефавы храм памерамі 20 х 12,7 м. Сцены таўшчынёй 1 - 1,1 м былі складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады аздабляліся лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога была выкладзена маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колераў разнастайных форм. Па сваім малюнку маёлікавая падлога царквы мае блізкае падабенства з падлогай Ніжняй царквы.

Адзіны помнік гродзенскай архітэктурнай школы, які захаваўся да нашых дзён не ў руінах (хаця і больш чым напалову разбураны) -Барысаглебская (Каложская) царква. Яна была пабудавана ў др. палове ХІІ ст. на высокім правым беразе Нёмана, на тэрыторыі былога Каложскага пасада. Царква часткова разбурана ў 1853 г. у выніку апоўзня. У 1889 г. частка царквы яшчэ раз абвалілася ў Нёман. У 1910, 1935, 1970, 1985-87 гг. былі праведзены кансервацыйна-рамонтныя работы па захаванню рэшткаў помніка. На сённяшні час ад Барысаглебскай царквы захаваліся паўночная і частка заходняй сцяны, тры апсіды і два заходніх падкупальных слупы. Даўжыня храма 21,5 м, шырыня 13,5 м. Таўшчыня сцен складае каля 1,2 м. Круглыя слупы храма - рэдкая з’ява ў старажытнабеларускім дойлідстве. На значнай вышыні, ля асновы скляпенняў, гэтыя слупы мелі звычайную крыжовую ў плане форму, а заходнія два слупы, некалькі большага дыяметра, магчыма, былі круглымі толькі на невялікую вышыню. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Выкарыстоўвалася таксама лякальная цэгла: са скругленым вуглом, з паўкруглым шырокім бокам, падобная да трапецыі. На тарцах некаторых цаглін сустракаюцца знакі. У верхняй частцы сцен і ў скляпенні таксама ўмураваны галаснікі. Сцены храма інкруставаны вялікімі каляровымі камянямі з шліфаванай знешняй паверхняй і паліванымі рознакаляровымі керамічнымі пліткамі. У ніжняй часткі сцен умураваны вялікія камяні, а верхнія аздоблены меншымі камянямі і складзенымі з квадратных і фігурных плітак крыжамі разнастайнай формы. У выніку фасады царквы мелі вельмі яркі і ўрачысты выгляд.

Да гродзенскай архітэктурнай школы належыць і царква ў Ваўкавыску, рэшткі якой выяўлены пры археалагічных раскопках. Даследаванні паказалі, што будаўніцтва яе не было завершана: пасля закладкі падмурка (у сярэдзіне ХІІ ст.) будаўнічыя работы спініліся. Тэрыторыя, раскапаная вакол царквы, ўяўляе старажытную будаўнічыю пляцоўку. Тут знойдзены штабелі нявыкарыстанай плінфы, яма для падрыхтоўкі вапны, вялікія камяні з шліфаванай паверхняй, прызначаныя для аздаблення сцен. Мяркуючы па фармату цэглы і наяўнасці дэкаратыўных камянёў, ваўкавыская царква павінна была мець шмат агульных рыс з Ніжняй царквой у Гродна. Меркавалася ўзвесці шасціслуповы храм са сунутым да захаду падкупальным квадратам і адной вялікай паўкруглай апсідай. Ваўкавыская царква большая па памерах за гродзенскую дзякуючы павялічанаму падкупальнаму квадрату. Шырыня ўсходняга і заходняга чляненняў гэтых храмаў аднолькавая. У адрозненне ад гродзенскай у ваўкавыскай царкве лесвіца на хоры размешчана ў спецыяльнай вежы, якая прылягае да паўднёва-заходняга вугла храма, а слупы ў плане не квадратныя, а крыжовыя.

Археалагічныя даследаванні апошніх гадоў дазволілі высветліць як фарміравалася гродзенская архітэктурная школа і яе ўплыў на кіеўскую архітэктуру. Як лічыць П.А.Рапапорт, валынскі князь Яраслаў Ізяслававіч ў 1174 г. прывёз у Луцк групу кіеўскіх майстроў, якія пабудавалі царкву. Затым майстры перайшлі ў Тураў, дзе таксама ўзвялі храм, а аддтуль - у Гродна. Да кіеўскіх майстроў, якія прыйшлі сюды з Валыні, далучыліся і полацкія майстры, перш за ўсё па вырабу плінфы. Такім чынам будаўнічая артэль у Гродна склалася ўжо на месцы з некалькіх груп прыезжых будаўнікоў і мясцовых рамеснікаў. Пачатак манументальнага дойлідства можна аднесці прыкладна да 1180 г. Будаўніцтва працягвалася тут нядоўга - усяго прыкладна 12-15 год. Але і за гэты кароткі тэрмін былі створаны помнікі, якія сведчаць аб фарміраванні арыгінальнай архітэктурнай школы. Рапапорт П.А. лічыць, што дойлід канца ХІІ ст. Пётр Міланег, які пабудаваў шэраг помнікаў у Оўручы, Белгарадзе, Чарнігаве і Кіеве, выйшаў з гродзенскай архітэктурнай школы.

На тэрыторыі Беларусі вядома яшчэ адно збудаванне - царква ў Тураве, якая належыць хутчэй за ўсё да кіеўскай архітэктурнай школы. Рэшткі яе, выяўленыя пры раскопках на тураўскім гарадзішчы, даюць падставу меркаваць, што гэта быў даволі ёмкі шасціслуповы трохапсідны храм, заходняя частка якога вылучана папярочнай сценкай у самастойны нартэкс. Храм меў хоры, куды вяла лесвіца, размешчаная ў паўночна-заходнім вуглу збудавання і абмежаваная тонкай сценкай у форме чвэрці акружнасці ў плане. Сцены былі падзелены лапаткамі ў адпаведнасці з размяшчэннем слупоў. У інтэр’еры храма лапаткі мелі профіль з адным простым уступам, на вонкавых сценах - з больш складаным двухступенчатым профілем, дзе крайні ўступ меў акругленыя краі. Царква збудавана зплінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі на растворы з дамешкай цамянкі. Падлога была пакрыта паліванымі керамічнымі пліткамі. Фрэскавага роспісу царква не мела. Архітэктурныя формы і будаўнічая тэхніка дазваляюць датаваць гэты помнік сярэдзінай або другой паловай ХІІ ст.

На сённяшні дзень апроч царквы ў Тураве на тэрыторыі старажытнай Туроўскай зямлі невядомы іншыя помнікі манументальнага дойлідства ХІ -- ХІІІ ст. Аднак, падчас недаўніх даследванняў у Пінску былі знойдзены кавалкі плінфы і каляровыя маёлікавыя пліткі падлогі. Гэта сведчыць аб наяўнасці тут ў ХІ - ХІІІ ст. манументальнага збудавання, верагодна, царквы.

З распаўсюджаннем хрысціянства з’яўляюцца новыя творы ўжытковага мастацтва, якія адлюстроўваюць хрысціянскі культ. Пад час раскопак сярэднявечных помнікаў Беларусі нярэдка сустракаюцца крыжы-энкалпіёны (двухстворкавы нагрудны крыж-складзень, выкананы ў тэхніцы ліцця). Звычайна на вонкавым баку ў сяродкрыжжы - рэльефная альбо схематычная выява Хрыста, на адваротным - Маці Боскай з дзіцём, на канцах крыжа - рэльефныя ці графічныя выявы святых, часта маюць надпісы. Энкалпіёны выкарстыўваліся ў еўрапейскіх краінах на працягу Х - XV стст. На тэрыторыі Беларусі падобныя крыжы-складзені ХІ - ХІІІ стст. выяілены пры раскопках у Полацку, Мінску, Друцку, Тураве, Мсціслаўлі, Віцебску, Магілёве, Гродне, на замчышчы каля в. Дрысвяты, на гарадзішчах Маскавічы (Браслаўскі р-н) і Лоск (Валожынскі р-н), у кургане каля в.Курганне (Жлобінскі р-н).

Каменныя абразкі, якія насілі на грудзях, часам у мяшэчках, адносіліся да рэчаў, што асабліва шанаваліся. Выдатныя творы каменнай дробнай пластыкі выяўлены ў Полацку (абразок - ральефныя выявы цара Канстанціна і царыцы Алены) у пласце ХІІІ ст.; на тэрыторыі вакольнага горада старажытнага Пінска (абразок з выявай Спаса Эмануіла); на замчышчы ў Мінску (двухбаковы абразок з выявамі Маці Боскай Халкапратыйскай і апостала Пятра і абразок Міколы і архідыякана Стэфана). Рэдкай знаходкай лічыцца касцяная пласцінка ад трыпціха ХІІ ст. з Ваўкавыска. На яе ліцавым баку выразаны тры пагрудныя выявы святых, размешчаных па вертыкалі. Чатыры невялікіх свінцовых абразка - ўстаўкі ад напрастольнага крыжа выяўлены ў Тураве. Яны зроблены метадам ліцця з далейшай чаканкай. Буйнымі штрыхамі выразна пададзены рысы твару, адзенне і іншыя дэталі чалавечых фігур. Трэба адзначыць, што пры невялікай колькасці ўзораў дробнай пластыкі ХІ - ХІІІ стст., што дайшлі да нас, не заўсёды ёсць магчымасць высветліць, дзе яны зроблены. Даследчыкі лічаць, што большасць знойдзеных абразкоў маглі быць зроблены мясцовымі рамеснікамі па візантыйскіх узорах.

Хрысціянская ідэалогія паступова запанавала і ў пахавальнай абраднасці на тэрыторыі сярэднявечнай Беларусі. З канца Х - пачатку ХІ стст. назіраецца пераход ад традыцыйнага язычніцкага трупаспалення да трупапалажэння ў курганных насыпах. Паступова змяншаецца вялічынні кургана да звычайнага для нашага часу пахавальнага насыпу. Бескурганны хрысціянскі могільнік ХІ - ХІІІ стст. даследаваны археалагічна Г.Семянчуком каля в. Пашавічы на беразе возера Дрысвяты (Браслаўскі р-н) . Выяўлены 25 пахаванняў па абраду трупапалажэння, якія размешчаны па лініі поўдзень-поўнач па ўсходнім краі паўвострава адным і дзвума шэрагамі. Пяць шкілетаў знаходзіліся ў драўляных трунах памерамі 2,10 м х 0,6 м; 1,85 м х 0,65 м; 1,90 м х 0,5 м; 1,80 м х 0,5 м, ад якіх захаваліся выразныя контуры ды жалезныя цвікі. Чатырнаццаць шкілетаў знаходзіліся ў пахавальных ямах памерамі 1,95-2,20 х 0,6-1 м.

Большая частка выяўленых пахаванняў была з упрагожваннямі (пярсцёнкі і скроневыя кольцы, бранзалеты і спражкі, шкляныя і каменныя пацеркі) і побытавымі рэчамі (ганчарныя гаршкі, касцяныя грабеньчыкі, крэсівы, ключ, вастрыі з рухомым кальцом). Пры параўнанні пахаванняў з Пашавіч з пахаваннямі ў суседніх Літве і Латвіі, ці некаторых курганах каля Опсы, Уклі, Бельмонтаў і іншых месцах на паўночным захадзе Беларусі, кідаецца ў вочы сціпласць ды прастата першых, а таксама адносная большасць у іх звычайных бытавых рэчаў. Гэта можа сведчыць аб іншых светаўяўленнях ці іншым узроўні культуры людзей, якія пакінулі нам могільнік на беразе возера Дрысвяты.

У гарадах мемарыяльнымі месцамі робяцца храмы і каляхрамавая тэрыторыя. Князёў і знатных людзей пачынаюць хаваць у каменных грабніцах (пахаванні полацкіх епіскапаў каля Спаскай царквы ў Полацку) і саркафагах (знойдзены ў Тураве). У Мінску ў першай палове ХІІІ ст. на месцы недабудаванай царквы ўтварыўся гарадскі хрысціянскі некропаль. Выяўлена 21 пахаванне ў трунах скрынкавага тыпу з вялікіх хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Касцякі ляжалі галавою на захад са скрыжаванымі на грудзях рукамі без пахавальнага інветару. Захаваліся часткова рэшткі ваўнянага адзення і скуранога абутку.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]